![]() ![]() |
![]()
|
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
|||||||
№
1(47)/2009
![]() Галерэя
Год святога Паўла
Інтэрв’ю
Ad Fontes
Пераклады
Magisterium
ВЕРА & CULTURA
Роздум
Паэзія
Мастацтва
Нашы святыні
In memoriam
Ніл ГІЛЕВІЧ
СЛОВА ПРА НЕЗВЫЧАЙНУЮ ЛІРА-ЭПІЧНУЮ ПАЭМУ НІНЫ МАЦЯШ «ГАРНУСЯ!», ЯКУЮ ЯНА ПІСАЛА АМАЛЬ ТРЫЦЦАЦЬ ПЯЦЬ ГАДОЎ Вачыма візітатара
|
«ЁН ЗАНЯСЕ ІМЯ МАЁ НАРОДАМ...»
Практычна нічога не вядома пра бацькоўскі дом Саўла, пра атмасферу, у якой ён вырас, таму што сам ён не пакінуў ніякіх звестак пра гэта. Дакладна тое, што бацька Саўла быў артадаксальным габрэем. Маючы рымскае грамадзянства, ён і яго жонка, безумоўна, не былі беднымі плебеямі. Бацька Саўла займаўся вырабам палаткаў, і сын дапамагаў яму ў гэтым. Верагодней за ўсё, што з пяцігадовага ўзросту Саўла пачалі навучаць біблійным навукам, а з дзесяці гадоў ён ужо ўдзельнічаў у дыскусіях на рэлігійныя тэмы. Пятнаццацігадовым хлопчыкам Саўл выехаў у Ерузалем, каб прайсці традыцыйныя этапы юдаістычнай адукацыі. Яго настаўнікам стаў «ліберальны» рабін Гамаліэль, які, верагодна, прыхільна ставіўся да хрысціянства (яго праціўнікам быў рабін Гілель, аўтар выслоўя «Не рабі іншаму таго, што і табе было б няміла»). Навучаючыся пад кіраўніцтвам Гамаліэля, Саўл стаў габрэйскім настаўнікам і цалкам прысвяціў сябе служэнню юдаізму. Яшчэ падлеткам ён прысутнічаў пры мучаніцкай смерці св. Стэфана, забітага камянямі. Пра гэта апавядаецца ў Дзеях Апосталаў: «Я ж сказаў: Пане, яны ведаюць, што гэта я кідаў у астрог ды біў па сінагогах тых, хто верыў у Цябе, а як пралівалася кроў Стэфана, сведкі Твайго, дык і я стаяў там, і пахваляў забойства яго, ды сцярог вопратку тых, што яго забівалі» (пар. Дз 22, 19–20). Будучы маладым фарысеем Саўл пагаджаўся з забойствам св. Стэфана. Пра гэта піша таксама св. Лука: «Саўл жа ўхваляў забойства яго» (пар. Дз 8, 1). Больш за тое, ён з вялікаю стараннасцю ўдзельнічаў у пераследаванні хрысціянаў. «Саўл усё яшчэ жыў пагрозамі і забойствамі вучняў Пана. Ён прыйшоў да першасвятара і папрасіў у яго лісты да сінагогаў у Дамаску, каб, калі знойдзе якіх-небудзь прыхільнікаў гэтага шляху, мужчын ці жанчын, мог звязаць іх і прывесці ў Ерузалем» (Дз 9, 1–2).
Такое варожае стаўленне Саўла да хрысціянаў вынікае з таго факту, што ён быў артадаксальным габрэем, які чакаў прыходу Месіі — збаўцы Ізраэля. Зрэшты, менавіта такім было галоўнае заданне фарысея — клапаціцца пра чысціню сваёй рэлігіі. У такой сітуацыі не было месца хрысціянству, якое належала знішчыць, і за гэта Саўл узяўся вельмі старанна. Пасля канчатковага «ачышчэння» Ерузалема ад хрысціянаў Саўл звярнуўся да першасвятара, каб той дазволіў яму выправіцца ў Дамаск, дзе можна было б працягваць гэтую знішчальную і крывавую справу, бо Саўл даведаўся, што менавіта там схавалася шмат паслядоўнікаў Хрыста. Аднак па дарозе ў Дамаск адбыліся незвычайныя здарэнні, якія дакладна апісвае св. Лука ў Дзеях Апосталаў (Дз 22, 6–21). Яны прывялі да поўнага перамянення і навяртання Саўла, які вядомы нам пад імем Павел як Апостал народаў, або трынаццаты Апостал.
У Дамаску Саўл жыў у доме Юды, на вуліцы Простай, якая існуе да цяперашняга часу. Ананію ж Пан з’явіўся яшчэ раней, выбраўшы гэтага вернага вучня за свайго пасрэдніка і загадаўшы яму пайсці да Саўла. Аднак Ананія выказаў свае сумненні адносна вядомага пераследніка хрысціянаў. Тады Пан адказаў яму: «Ідзі, бо гэты чалавек маё выбранае начынне. Ён занясе імя Маё народам, каралям і сынам Ізраэля. Я пакажу яму, колькі ён павінен выцерпець дзеля Майго імя» (Дз 9, 15–18). Пасля гэтых падзеяў — навяртання і хросту — Павел пакінуў Дамаск, на тры гады адправіўшыся ў Арабію, у пустыню, дзе ён пазнаваў вучэнне Езуса. Пасля вяртання ён пачаў аддана абвяшчаць Божае слова. Вестка пра гэта хутка дайшла да габрэйскага старшыні, у выніку чаго кароль Дамаска загадаў арыштаваць Паўла, але вучні выратавалі свайго настаўніка: «узяўшы яго ўначы, спусцілі праз мур у кашы» (пар. Дз 9, 25). Павел вярнуўся ў Ерузалем, дзе сустрэў св. Пятра, але не выклікаў даверу ў хрысціянаў, бо тыя, ведаючы яго мінулае, усё яшчэ баяліся Паўла. Яму даў прытулак Юзаф Барнаба. Ведаючы таямніцу яго навяртання, Барнаба правёў Паўла да Апосталаў і пацвердзіў праўду пра яго сваім аўтарытэтам. Неўзабаве ў сувязі з чарговаю хваляю пераследаванняў Павел з групаю хрысціянаў пакінуў Ерузалем і адправіўся ў Цэзарэю, затым на караблі — у Антыёхію Сірыйскую, адкуль пешшу вярнуўся ў родны Тарс, дзе прабыў некалькі гадоў.
|
![]() |
![]()
|
![]()
|
![]() |