|
|
№
1(47)/2009
Галерэя
Год святога Паўла
Інтэрв’ю
Ad Fontes
Пераклады
Magisterium
ВЕРА & CULTURA
Роздум
Паэзія
Мастацтва
Нашы святыні
In memoriam
Ніл ГІЛЕВІЧ
СЛОВА ПРА НЕЗВЫЧАЙНУЮ ЛІРА-ЭПІЧНУЮ ПАЭМУ НІНЫ МАЦЯШ «ГАРНУСЯ!», ЯКУЮ ЯНА ПІСАЛА АМАЛЬ ТРЫЦЦАЦЬ ПЯЦЬ ГАДОЎ Вачыма візітатара
|
КВЕТАЧКІ СВЯТОГА ФРАНЦІШКА
У імя Пана нашага ўкрыжаванага Езуса Хрыста і Яго Маці Панны Марыі ў гэтай кнізе выкладзеныя некаторыя справы Пана, цуды і прыклады добрапрыстойнасці слаўнага нябогі Хрыстовага месэра святога Францішка ды іншых яго святых паплечнікаў.
Пачатак у №3(41) 2007
Частка ХХIV Святы Францішак, штурханы імпэтам да веры Хрыстовай і жаданнем пакутніцтва, паехаў аднойчы за мора з дванаццаццю сваімі найсвяцейшымі паплечнікамі, каб пайсці проста да бабілонскага султана. І трапіў там у адно паселішча сарацынаў, якіх неабходна было асцерагацца, бо ніводзін хрысціянін, што туды трапляў, не мог выйсці іначай як мёртвым; але Бог пажадаў, каб браты не памерлі, але былі схопленыя, пабітыя і звязаныя пастаўлены перад султанам. І стоячы перад ім, святы Францішак, навучаны Святым Духам, так выдатна па-боску прапаведаваў аб веры Хрыстовай, кажучы, што за яе ён нават гатовы пайсці ў агонь. Таму султан пачаў адчуваць вялікую да яго пашану, як дзеля адданасці сваёй веры, што бачыў у ім, так і з-за пагарды да свету, бо ніводнага падарунку ад султана ён не прыняў, хоць быў вельмі бедным; але найбольш з-за прагі пакутніцтва, што бачыў у ім. І з гэтага моманту і надалей султан ахвотна яго слухаў і папрасіў святога Францішка вяртацца да яго як мага часцей, дазволіўшы яму і яго таварышам свабодна прапаведаваць у любым месцы, якое ім спадабаецца. І даў ім ахоўную паперу, дзякуючы якой ніхто не мог іх пакрыўдзіць. Атрымаўшы такі дазвол, святы Францішак выправіў сваіх любімых паплечнікаў па двое ў розныя бакі уладанняў сарацынаў спавядаць веру Хрыстову; а сам з адным з іх выбраў паселішча, дасягнуўшы якога, зайшоў у адзін прытулак, каб адпачыць. І там была жанчына вельмі прыгожая целам, але агідная душою, і гэтая праклятая жанчына стала спакушаць святога Францішка. Адказаў ёй тады святы Францішак: «Я згодны, хадзем у ложак», а яна цягнула яго ў пакой. Гаварыў святы Францішак: «Хадзі сюды, я пакладу цябе ў найцудоўнейшы ложак». І пацягнуў яе да вялікага полымя, якое было ў гэтым доме; і ў захопленасці духу распрануўся зусім і скочыў побач з тым полымем у самы дым, і яе таксама запрасіў распрануцца і прыйсці легчы ў гэты мяккі цудоўны ложак. І быў там святы Францішак доўгі час з вясёлым тварам, не гарэў і не апякаўся, а жанчына спалохалася гэтага цуду і была кранутая ў самае сэрца так, што не толькі пакаялася ў сваім граху і ў сваіх благіх намерах, але і найлепшым чынам перажыла навяртанне ў веру Хрыстову і стала вельмі святой, і дзякуючы ёй шмат людзей уратавалася ў гэтай вёсцы.
Зрабіўшы гэта, святы Францішак вярнуўся з ганаровай калегіяй усіх сваіх святых паплечнікаў; і праз некалькі гадоў святы Францішак праз смерць цялесную аддаў душу Богу. Вось султан захварэў і ў чаканні абяцанага святым Францішкам вымусіў варту знаходзіцца на пэўнай адлегласці, загадаўшы, калі з’явяцца два браты, апранутыя, як святы Францішак, каб адразу ж іх прывялі да яго. У гэты ж момант з’явіўся святы Францішак двум братам і загадаў ім, каб, не марудзячы, ішлі да султана і далі яму выратаванне, як ён яму абяцаў. Гэтыя браты адразу ж рушылі з месца, і, калі перайшлі мора, то вартавыя адразу павялі іх да султана. І, пабачыўшы іх, султан адчуў вялікую радасць і сказаў: «Цяпер я сапраўды ведаю, што Бог мне паслаў рабоў сваіх дзеля майго выратавання, згодна з тым, што мне расказаў Францішак дзякуючы Божаму адкрыццю». Атрымаўшы такім чынам пацвярджэнне веры Хрыстовай і святое хрышчэнне ад згаданых братоў, нанава народжаны ў Хрысце, памёр ад сваёй хваробы, а душа яго ўратавалася дзякуючы заслугам і дзейнасці святога Францішка. Слава Хрысту благаслаўлёнаму. Амэн.
Сапраўдны паслядоўнік Хрыста месэр святы Францішак, жывучы сваім бедным жыццём, усімі намаганнямі імкнуўся наследаваць свайго дасканалага настаўніка Хрыста; і адбывалася так, нібы гэта была справа Рук Божых, што таму, каму святы Францішак лячыў цела, Бог адначасова лячыў душу, так, як напісана пра Хрыста. Таму святы Францішак не толькі сам ахвотна дапамагаў струплівым, але, акрамя таго, загадваў і братам свайго ордэну, калі яны ішлі або заставаліся ў свеце, дапамагаць струплівым дзеля любові да Хрыста, які захацеў стаць для нас струплівым. Аднойчы, непадалёк ад таго кляштара, дзе жыў тады святы Францішак, браты дапамагалі ў больніцы для струплівых і нямоглых; і быў там адзін струплівы настолькі нецярплівы, невыносны і нахабны, што кожны з братоў быў упэўнены, і так яно і было насамрэч, што ў яго пасяліўся дэман, бо зневажаў ён непрыстойна словамі і біццём кожнага, хто дапамагаў яму, і, што яшчэ горш, ганебным чынам няславіў Хрыста благаслаўлёнага і Яго Найсвяцейшую Маці Панну Марыю, так што ўрэшце не знайшлося нікога, хто б хацеў яму дапамагаць. І хоць браты вырашылі навучыцца цярпліва трываць яго нахабствы і крыўды, каб узгадаваць у сабе цноту цярплівасці, ты не менш, знявагу Хрыста і Панны Марыі іх розум не мог вытрываць, скончылася тым, што ўсе вырашылі кінуць гэтага струплівага, але не хацелі рабіць гэтага, пакуль не раскажуць па парадку святому Францішку, які жыў непадалёк ад таго месца. Даведаўшыся, што з імі здарылася, святы Францішак пайшоў да таго струплівага нахабніка; і калі прыйшоў да яго, то павітаўся з ім, кажучы: «Хай Бог дае табе спакой, дарагі брат мой». Адказаў струплівы з папрокам: «І які гэта спакой я магу мець ад Бога, калі Ён забраў у мяне і спакой, і дабро, а мяне самога зрабіў гнілым і смярдзючым?» Святы Францішак сказаў: «Сын мой, май цярплівасць, бо нямогласці цела даюцца нам на гэтым свеце Богам дзеля выратавання душы, аднак яны робяцца вялікім гонарам тады, калі іх цярпліва трываюць». Адказаў нямоглы: «Як я магу цярпліва трываць няспынную пакуту, што мяне мучае і ўдзень, і ўночы? І не толькі ад нямогласці я пакутую, але яшчэ больш ад братоў, якіх ты накіраваў слугаваць мне, а яны не слугуюць мне так, як трэба». Тады святы Францішак, ведаючы па ўказанні Божым, што гэты струплівы мае злосны дух, пайшоў і пачаў маліцца, і пабожна прасіў за яго Бога. Пасля малітвы ён вярнуўся да струплівага і кажа так: «Сын мой, я сам хачу слугаваць табе, таму што ты нікім не задаволены». «Я згодны, — сказаў струплівы, — але што такога ты можаш зрабіць, адрознага ад іншых?» Адказаў святы Францішак: «Я зраблю ўсё, што ты захочаш». Сказаў струплівы: «Я хачу, каб ты памыў мяне ўсяго, бо ад мяне так моцна смярдзіць, што я сам не магу трываць». Тады святы Францішак спачатку нагрэў ваду, настоеную на духмяных зёлках, потым распрануў струплівага і пачаў яго мыць уласнымі рукамі, а другі брат паліваў яго вадою. І Божым цудам там, дзе святы Францішак дакранаўся ўласнымі рукамі, знікалі струпы і цела рабілася зусім здаровым. І як толькі пачало вылечвацца цела, адразу ж пачала вылечвацца і душа; і калі струплівы пабачыў, як вылечваецца яго цела, то адчуў вялікую роспач і шкадаванне аб сваіх грахах, і горка пачаў плакаць; і ў той час, як цела ачышчалася ад струпоў ад мыцця вадою, душа ў сярэдзіне цела ачышчалася ад граху пакаяннем і слязьмі. А калі цалкам вылечыліся і цела ягонае, і душа, пакорліва пакаяўся ён у грахах і сказаў, плачучы, моцным голасам: «Гора мне, бо я заслугоўваю пекла з-за нахабстваў і крыўдаў, якімі я крыўдзіў братоў, і з-за нецярплівасці і брыдкаслоўя, што я меў супраць Бога». І так на працягу пятнаццаці дзён ён працягваў горка плакаць і прасіць міласці ў Бога, ва ўсім спавядаючыся святару. А святы Францішак, калі ўбачыў такі яскравы цуд, што Бог здзейсніў яго рукамі, падзякаваў Богу і пайшоў прэч, адыходзячы ад той вёскі як мага далей, бо хацеў з-за сціпласці сваёй пазбегнуць усялякай свецкай славы, таму што ва ўсіх сваіх дзеяннях ён толькі для Бога гонару і славы шукаў, а не для сябе самога. Па волі Божай, згаданы струплівы, які вылечыўся душою і целам, пасля пятнаццаці дзён пакаяння захварэў на іншую хваробу; і, прыняўшы святыя сакрамэнты, у святасці памёр. Душа яго, выпраўляючыся ў рай, узнікла ў паветры перад святым Францішкам, які маліўся ў лесе, і сказала яму: «Ці пазнаеш мяне?» «Ты хто?» — спытаўся святы Францішак. А ён: «Я той струплівы, якога Хрыстус благаслаўлёны вылечыў дзякуючы тваім заслугам, а сёння выправіўся да вечнага жыцця, і за гэта я дзякую табе і Богу. Хай будзе благаслаўлёная душа твая і словы твае, і дзеі твае; бо дзякуючы табе шмат душаў уратуецца ў свеце. І ведай, што не бывае такога дня ў свеце, калі б святыя анёлы і іншыя святыя не дзякавалі Богу за святыя плады, якія ты і ордэн твой узрошчваеце ў розных частках свету; а цяпер суцешся, падзякуй Богу і заставайся з Яго благаслаўленнем». Сказаў ён гэтыя словы і падняўся на неба, а святы Францішак застаўся ў вялікім суцяшэнні. Слава Хрысту. Амэн.
Пераклад з італьянскай мовы
Аксаны Данільчык
|
|
|