|
|
№
1(47)/2009
Галерэя
Год святога Паўла
Інтэрв’ю
Ad Fontes
Пераклады
Magisterium
ВЕРА & CULTURA
Роздум
Паэзія
Мастацтва
Нашы святыні
In memoriam
Ніл ГІЛЕВІЧ
СЛОВА ПРА НЕЗВЫЧАЙНУЮ ЛІРА-ЭПІЧНУЮ ПАЭМУ НІНЫ МАЦЯШ «ГАРНУСЯ!», ЯКУЮ ЯНА ПІСАЛА АМАЛЬ ТРЫЦЦАЦЬ ПЯЦЬ ГАДОЎ Вачыма візітатара
|
Рэч у тым, што ў выдавецтве «Pro Christo» была падрыхтавана да друку невялікая кніга вершаў польскай паэткі Віславы Шымборскай «Двукроп’е» ў Нініным перакладзе. Ніна паспела прачытаць вёрстку, былі ўзгодненыя з ёю ўсе рэдактарскія і карэктарскія заўвагі і праўкі. Заставалася толькі атрымаць дазвол на выданне кнігі ад самой шаноўнай аўтаркі, кантакт з якою аказаўся не такі лёгкі і хуткі. Ніну гэта хвалявала не менш за нас, і яна пісала: «Крыстыначка, ці маеш ужо дазвол ад Шымборскай на выданьне „Двукроп’я“? У гэтай справе прапанавала свае паслугі Наталля Герасюк з Гайнаўкі. Зьвяжыцеся зь ёю па э-майлу <...>. Учора ў Бярозе і ў Белаазёрску ў каледжы зладзіліся дзьве файныя сустрэчы М. Скоблы, В. Жуковіча, А. Камоцкага з навучэнцамі. Далучылі і мяне. Зьмерзла, але не шкадую. Дабівае дзікая бяссоньніца, а на таблеткі пераходзіць ня хочацца. Віншую з Калядамі і Новым годам Цябе, Алега, Ірыну і ўсіх супрацоўнікаў. Дай вам Бог здароўя і ўсемагчымага спрыяньня! Цалую. Ніна».
Ёсць у гэтай кнізе і непазбежна балючыя пытанні да нябеснага Айца пра сэнс і сутнасць цярпення, якія па сваім драматызме ўзвышаюцца да дыялогу біблейскага Ёва з Богам: «Дзеля чаго Ты, Божа, // з неба звёў мяне ў бездарожжа?», але й яны ўраўнаважваюцца мудраю згодаю на гэтае невыноснае трыванне, бо «сіл даецца роўна столькі, // колькі трэба, каб стрываць пакуту». І Ніна трывала. Як жа мужна, як годна яна несла свой крыж! Несумненна, яна была адною з тых нямногіх, не толькі пакліканых, але й выбраных, з кім Хрыстус захацеў падзяліцца сваім Крыжам. Думаю, Ніна гэта ўсведамляла і разумела. І верш «Чуйнар» — найлепшае таму сведчанне. «Чуйнар» (Нініна слоўка, яе наватвор) — гэта анёл, які тлумачыць паэтцы сутнасць яе зямнога лёсу:
Памятаю, як клапацілася Ніна пра вокладку кнігі «Богава дрэва», як ёй хацелася, каб была там выява менавіта гэтай расліны — Богава дрэва, якая ў нас, на Лідчыне, называецца Божае дрэўца, а на Нінінай Бярозаўшчыне — больш стрымана і высока — Богава дрэва, ды скрозь маецца на ўвазе ўсяго толькі звыклая разнавіднасць высокага палыну, які па ўсёй Беларусі расце аднолькава церпкі і горкі... На жаль, мы тады не паспелі з’ездзіць некуды за горад, каб яго сфатаграфаваць, і ў сваіх фотаархівах нічога падобнага не мелі, а таму прапанавалі паэтцы некалькі іншых ілюстрацый на выбар. Яна выбрала выяву магутнага дрэва — дубу, з лістотаю, падпалена-кранутаю ўжо восенню, з параненымі маланкаю сукамі, якія ўсё адно ўпарта цягнуцца ў неба. Пад такою вокладкаю і былі сабраныя Нініны мудрыя і светлыя вершы. У адным з іх яна прароча папярэджвала: «Бойся спазніцца са словам харошым // тонка прадзецца жыццёвая ніць». Сама Ніна, здаецца, ніколі не пазнілася ні са «словам харошым», ні з учынкам кранальным. Як ёй гэта ўдавалася, Бог адзін ведае. Гэтак, як удалося паспець са свайго Белаазёрска адной з першых павіншаваць хоць бы й мяне з юбілеем. Ніколі не забуду, як у той сакавіцкі дзень, а 9-й раніцы, патэлефанаваў мне незнаёмы чалавек (аказаўся кіроўцам маршруткі Белаазёрск-Мінск) і сказаў, што прывёз падарунак-віншаванне ад Ніны Мацяш... І цяпер як сведчанне яе прыязнай сяброўскай увагі стаіць у маім пакоі перад вачыма яе адмысловая мастацкая праца — пёркаграфіка: на шарым полі суравога палатна, над разгайданым ветрам кусточкам узняліся, разляцеліся ці то кветкі, ці то вясёлыя матылькі. І, здаецца, толькі строгая драўляная рамка абмежавала-стрымала іх ад вольнага лёту ў паднябессе... А колькі ж у Ніны было і такіх прынагодных юбіляраў, і проста сяброў-адрасатаў не толькі па ўсёй Беларусі, але і далёка за яе межамі! «Да яе горнуцца творчыя людзі, бо вакол яе — жывая прастора сусветнай культуры, — натхнёна пісаў пра Ніну яшчэ зусім нядаўна, мінулаю восенню, у сваім таленавітым артыкуле „Праз магічны крышталь слязы“ яе малодшы калега і сябра Міхась Скобла. — Ёй пішуць паэты з усёй Берасцейшчыны — яна рэдагуе адзіны ў рэгіёне літаратурны альманах „Жырандоля“. Яе ведаюць у Кракаве, у Парыжы і Берліне: з гэтых культурных сталіцаў Еўропы ў Белаазёрск пошта прыносіць бандэролі з кнігамі — для перакладу». І як жа добра, што гэты артыкул быў надрукаваны ў «Нашай веры», бо была пасля яго Нініна светлая, удзячная радасць, якою яна дзялілася, якую не аднойчы выказвала і ў лісце, і ў тэлефонных размовах... Цяпер усім нам засталася Нініна высокая паэзія, яе таленавітыя пераклады і яе светлая душа, яе няскораны дух, бо «калі чалавек у зямлю сыходзіць, вылушчваецца з яго зерне духу», зерне, якое будзе даваць усё новыя ўсходы і ўсё новы шчодры плён.
|
|
|