|
|
№
1(47)/2009
Галерэя
Год святога Паўла
Інтэрв’ю
Ad Fontes
Пераклады
Magisterium
ВЕРА & CULTURA
Роздум
Паэзія
Мастацтва
Нашы святыні
In memoriam
Ніл ГІЛЕВІЧ
СЛОВА ПРА НЕЗВЫЧАЙНУЮ ЛІРА-ЭПІЧНУЮ ПАЭМУ НІНЫ МАЦЯШ «ГАРНУСЯ!», ЯКУЮ ЯНА ПІСАЛА АМАЛЬ ТРЫЦЦАЦЬ ПЯЦЬ ГАДОЎ Вачыма візітатара
|
ГАТОВЫ НА СМЕРЦЬ ЗА ІМЯ ПАНА ЕЗУСА
Трэцяе падарожжа апостала Паўла
Трэцяе місійнае падарожжа выпала на 54–58 гады, яго маршрут часткова супадаў з папярэднімі. Мэта падарожжа заключалася ва ўмацаванні хрысціянскіх супольнасцяў. Павел выйшаў з Антыёхіі Сірыйскай і працягнуў падарожжа па сушы праз Тарс, Дэрбэ, Лістру, Іконію, Антыёхію Пісідыйскую ў Эфес, дзе шмат жыхароў ужо прымала яго вучэнне, знішчаючы язычніцкіх бажкоў і іх сімвалы. У Эфесе ў той час асаблівым культам карысталася Артэміда (багіня дзетанараджэння). У Дзеях Апосталаў згадваецца пра нейкага Дзімітрыя, які пераследаваў Паўла за яго евангелізацыйную дзейнасць, што пагражала яму стратаю працы, бо ён рабіў статуі і фігуры Артэміды. Хутчэй за ўсё, падчас побыту ў Эфесе Павел напісаў Пасланні да Філіпянаў, Філімона, Галатаў і Першы Ліст да Карынцянаў. У гэтым апошнім ён звяртае ўвагу на амаральныя паводзіны ў карынцкай супольнасці, якую павучае словамі: «Паўсюль чуецца, што сярод вас пануе распуста, прычым такая распуста, якой няма нават сярод язычнікаў... Але вы пакрыўдзіліся і зусім не патрабавалі, каб той, хто робіць гэты ўчынак, быў выдалены з вашага асяроддзя. Адсутны целам, але прысутны духам і як быццам прысутны, я ў імя нашага Пана Езуса ўжо асудзіў таго, хто ўчыніў гэта» (1 Кар 5, 1–3). У Другім Пасланні ён перасцерагае: «Баюся, каб, прыйшоўшы, не знайсці мне вас не такімі, як хачу, і каб вам не знайсці мяне, якім не хочаце: каб не (знайсці ў вас) спрэчак, зайздрасці, гневу, сварак, абмаўленняў, нагавораў, пыхі, бязладдзя, каб, як ізноў прыйду, не панізіў мяне Бог мой у вас, ды каб не аплаківаў я многіх, якія саграшылі раней і не пакаяліся і ў нячыстасці, і ў блудзе, і ў распусце, якую рабілі» (пар. 2 Кар 12, 20–21). З Эфеса Апостал народаў накіраваўся ў Македонію і Грэцыю. Павел хацеў дабрацца да Сірыі, але па прычыне змовы — габрэі хацелі яго забіць — мусіў вярнуцца. У падарожжы ў Малую Азію, якое праходзіла праз Македонію, а потым водным шляхам у Эфес, з ім былі Сапатэр, Арыстарх, Секунд, Гай з Дэрбэ, Цімафей, Ціхік, Трафім і Лука. У Траадзе Павел яшчэ ўваскрасіў Яўціха — хлопца, які, змораны сном, зваліўся з трэцяга паверха, калі слухаў яго доўгую прамову (пар. Дз 20, 1–13). Пад канец трэцяга падарожжа Павел напісаў Пасланне да Рымлянаў. Ён запрасіў у Мілет старэйшых з Эфеса і ў развітальнай прамове расказаў пра свой пераслед і цярпенні, прадказваючы ім, што яны яго больш не ўбачаць. «І вось цяпер, звязаны Духам, іду я ў Ерузалем, не ведаючы, што там сустрэне мяне, адно толькі Дух Святы сведчыць па месцах, кажучы, што чакаюць мяне путы і няшчасце. А я ні пра што не дбаю і не даражу маім жыццём, каб толькі ў радасці закончыць шлях мой і служэнне, што ўзяў ад Пана Езуса, даючы сведчанне Евангеллю Божае ласкі. І цяпер вось ведаю, што не ўгледзіце больш аблічча майго вы ўсе, сярод каго я хадзіў, абвяшчаючы Валадарства Божае» (пар. Дз 20, 22–25). Гэтыя словы выклікалі ва ўсіх смутак, хоць і былі своеасаблівым запаветам. «Пражыўшы гэтыя дні, мы выйшлі ў дарогу, і ўсе праводзілі нас з жонкамі і дзецьмі ажно за горад. На беразе, укленчыўшы, памаліліся. І, развітаўшыся адно з адным, мы ўзышлі на карабель, а яны вярнуліся дамоў» (пар. Дз 21, 5–6). Хрысціяне спрабавалі адгаварыць Паўла ад падарожжа ў Ерузалем. Аднак ён адказаў: «Што вы робіце? Чаму плачаце і разрываеце мне сэрца? Я ж не толькі гатовы стаць вязнем, але і памерці ў Ерузалеме за імя Пана Езуса» (пар. Дз 21, 13). Потым ён даплыў да Тыра праз Родас, а адтуль праз Цэзарыю да Ерузалема, закончыўшы там сваё трэцяе і апошняе місійнае падарожжа. Не здзейсніліся яго мары, Павел не змог дабрацца да Рыма — сталіцы імперыі. У сваім Пасланні да Рымлянаў ён сказаў пра гэта: «Бог, якому служу, сведка мне... што ўсцяж узгадваю пра вас, заўсёды просячы ў малітвах маіх, каб калі-небудзь давялося мне прыйсці да вас паводле Божае волі. Бо я вельмі жадаю вас убачыць, каб даць вам духоўны дар дзеля ўмацавання вашага, каб узаемна ўмацаваць супольнасць вераю — вашаю і маёю. Не хачу, браты, пакінуць вас у няведанні, што я шмат разоў меў намер прыйсці да вас... каб сабраць нейкі плён таксама сярод вас, як і сярод іншых народаў» (пар. Рым 1, 9–14). У хуткім часе ён прыбыў у Рым, але ўжо зусім пры драматычных абставінах.
Паводле часопіса «Źródło»,
№ 52, 2008. Падрыхтавалі Ганна Серэхан і Іна Ламака.
Гл. таксама:
|
|
|