|
|
№
1(47)/2009
Галерэя
Год святога Паўла
Інтэрв’ю
Ad Fontes
Пераклады
Magisterium
ВЕРА & CULTURA
Роздум
Паэзія
Мастацтва
Нашы святыні
In memoriam
Ніл ГІЛЕВІЧ
СЛОВА ПРА НЕЗВЫЧАЙНУЮ ЛІРА-ЭПІЧНУЮ ПАЭМУ НІНЫ МАЦЯШ «ГАРНУСЯ!», ЯКУЮ ЯНА ПІСАЛА АМАЛЬ ТРЫЦЦАЦЬ ПЯЦЬ ГАДОЎ Вачыма візітатара
|
Паэтка Ніна Мацяш памерла «лёгкай» смерцю, памерла ў сне…Бог дараваў ёй «лёгкую» смерць за яе пакутнае жыццё. Калі можна назваць лёгкім самае адказнае канчатковае дзейства, якім бывае смерць… Але не было пры Нініным паміранні сведкаў, Ніна памірала адна ў сваёй кватэры, дзе адна жыла. Хацелася б, усё ж, каб пры апошнім развітанні з жыццём быў побач нехта блізкі… Перад гэтым Ніна пабывала на сустрэчы ў Белаазёрскім ліцэі: любімая справа яе жыцця — размаўляць з моладдзю. Побач былі сябры — паэты Міхась Скобла і Васіль Жуковіч, якія прыехалі з Мінска. Гэта быў яе выбар — патраціць апошнія жыццёвыя сілы менавіта так — аддаць іх людзям, моладзі. Ніна падрыхтавалася да смерці. Напісала тэстамэнт. Усе дробязі, усе прадметы свайго пакутнага цялеснага прабывання і шчаслівай творчасці паэткі расклала з дапамогай сябровак і зрабіла фондавы вопіс на кампутары. Ніна Мацяш свядома сама стварыла свой уласны музей-кватэру: жыцця, творчасці і шчаслівых адлётаў у Святлыні…У Белаазёрску няма ніякага музея. Адштурхнуцца ад зямнога ёй было не так і цяжка…Яна жыццё правяла ў палётным стане маленькага птаха — паміж зямлёй і небам…На руках у сяброў, у калясцы…
Памятаецца з апошніх тэлефонных размоў: — Алё-ё-ёў, Данусенька! Вітаю цябе, сястрыца… — Данусенька, я ўжо пайду. І ты мяне не адгаворвай. Я не буду чапляцца за жыццё і мучыць людзей, якія каля мяне. Чуеш, як я размаўляю? Прападае голас. Перастаюць слухацца рукі — не дацягнуцца да ракавіны…Цяжка трымаць галаву. Невыносна баліць усё цела ўвесь час. Наймацней баліць сэрца…Я ўжо і так болей жыву, чым мае сёстры Аня і Марыя. Ты не злуй, сястрыца, што я табе гэта кажу. — Не хочаш яшчэ раз патурбаваць Алёшу Хартоніка, каб памасажыраваў? — Не. Алёша масажыраваў яе цела па шэсць гадзінаў штодзённа. Не хацеў браць платы. Спачатку яна спынялася ў мяне, Алёша жыў па-суседстве ў Гародні. Пасля спынялася ў гатэлі Гроднаэнерга, які ёй рэзервавала Бярозаўская ДРЭС, пасля Алёша ездзіў у Белаазёрск…
Размова між намі была спакойнай — яна тэлефанавала мне на мае народзіны. Я падумала, што гэта будзе адбывацца паволі, што яшчэ ўбачымся — мяне запрашае дырэктар Бярозаўскай школы, якую скончыла ў сваім часе Ніна, на сустрэчу. Тады і заеду да Ніны. Каб паразмаўляць аб прыемным, я спытала ў Ніны, ці марыла яна ў дзяцінстве аб шчасці. — Не, нам гэта было забаронена. Мама сказала, што нашу хваробу звальваць некаму на плечы нельга, калі б нехта гэтага нават вельмі хацеў. Мы крыж нашага роду мусім несці самі… — Але ж ты тады хадзіла. У школе не было хлопчыка, які б табе падабаўся? — Быў у восьмым класе Сашка, такі светлы, чысты хлопчык. На фотцы, якую зрабілі ў канцы года, ён стаў каля мяне… — І які яго лёс? — Не ведаю. Думаю — добры. Ён прыходзіў у школу з вёскі за кіламетраў сем… Не мроячы пра шчасце, Ніна Мацяш стварыла прыгожыя вершы пра каханне — ад таемных салодкіх прадчуванняў да вялікай поўні асалоды душы і яго светла-сумнага прамінання. Гэта, бадай, галоўнае ў яе філасофска-ўзнёслай лірыцы…
Пра чалавечую долю ў асяроддзі сяброў і сусвету, складзеную на ахвярнік нацыянальнай культуры, пра высокі дух адзіноты… Пра глыбіні родавага карэння, якімі моцны дух… «на гэтай пакрываўленай Зямлі»… Стварыла эпічныя маналогі нацыянальных герояў… Напісала кнігі вершаў, драматургіі і прозы дзецям… Пераклала на беларускую мову вершы Віславы Шымборскай, паэму Ліны Кастэнкі «Маруся Чурай», творы Антуана дэ Сэнт Экзюперы…І шмат іншых аўтараў. Прыдумвала музыку і прыгожа спявала свае і маміны песні. Прыдумала новы від у мастацтве — пёркаграфіку — і ёю ўпрыгожвала ўласныя выданні. Пляла макрамэ. Гадавала кактусы. Займалася мастацкай вышыўкай. Яе пахавалі ў вышыванцы, зробленай сваімі рукамі. Перапісвалася з класікамі і пачаткоўцамі. Кіруючы Берасцейскім аддзяленнем Саюза пісьменнікаў, склала анталагічны альманах «Жырандоля», які выйшаў у 2008 годзе. Незадоўга да смерці выступала ў Берасці, на шасцідзесяцігоддзі светлай памяці паэткі Жэні Янішчыц у Пінску, у Бярозаўскай школе і шмат дзе яшчэ. Яна была смелай паэткай — ладзіла ў сталіцы творчыя вечарыны, на якія збірала тлумы моладзі і заплаканых жанчын. На пісьменніцкіх з’ездах яна цярпліва выседжвала ў сваёй калясцы ад пачатку да канца. Каля яе збіраліся сяброўкі і сябры, каб ад яе ўзяць спакою і цярплівасці…І ўвечары збіраліся ў яе пакоі ў гатэлі, каб усё абмеркаваць. Трыванне яе было гераічным. Ёй гэта было патрэбна. Пры жыцці яна патрабавала ад сяброў, каб не напаміналі чытачам, што яна жыве ў калясцы, а хіба яна не сцвердзіла моц духу і цела сваёю дзейнасцю? Бог пасяліў яе ў адказным месцы Беларускага Палесся сярод буслоў і азёр — Белага і Чорнага — і даў ёй чорна-белую долю, яна дарам ад Святога Духа стварыла нашчадкам на навучанне жыццё — з яснотаў. Яе сёстры ўжо хварэлі, калі яна вучылася ў інстытуце замежных моваў і адчула, што пачалі балець ногі. Шукала ратунку. Хацела паехаць за мяжу, дзе лячылі і гэткую хваробу. У ЦК камсамола ёй сказалі: «Па надзею за мяжу не пускаем». Памятаю, як яна ранкам займалася фізічнымі практыкаваннямі ў спецыяльна абсталяваным ложку. Хадзіла па кватэры, трымаючыся за парэнчы. Хадзіла па пакоі, трымаючыся за палачку. Пасля трымалі сяброўкі і вадзілі па пакоі. Пасля давялося адмовіцца і ад усялякіх практыкаванняў. Казала: — Калі б мне Бог даў пахадзіць хоць паўгода, а пасля памерці, — я згадзілася б. Прызнавалася: — У сне я хаджу і нават лётаю, як птах… Яе сёстрам пашанцавала: з імі даўжэй была мама, а ў мамы найболей сілаў і найцяплейшае сэрца… Іх ранічкай мама апранала, мыла, карміла, садзіла на спецыяльныя крэслы — яны займаліся шыццём. Самі прыгожыя, прыгожа ўмелі пашыць людзям, з шыцця зараблялі сабе на хлеб і лекі. У роднай вёсцы Ніўкі, што побач з Белаазёрскам, іх домік стаіць аддалены ад вулкі, там у глыбокім раўку працякае вадзіца. Навокал дрэвы, кветкі… Казачнае месца. Мама памерла, сястра Люба загінула ў аварыі. Тата пахаваў Аню і Марыю… Тады памёр сам. Галена доўгі час жыла па-за Беларусяй, пасля распаду Саюза пераехала ў родную хату. Іх засталося трое — брат і дзве сястры… Мусіць, найбліжэй да Нінінага сэрца яе духоўная сястра Галя Скарына… Крыху змянілася яе жыццё ў лепшы бок, калі яна атрымала кватэру, пабудаваную спецыяльна для яе — з шырокім калідорам, без дзвярэй, са спецыяльным выездам для каляскі. У гэты ж час стараннямі сяброў з Германіі яна атрымала каляску, якую не трэба было каціць рукамі. Пляменніца Алеся любіла пракаціцца, пачапіўшыся ззаду… Яшчэ калі яна жыла ў першай маленькай кватэры, недалёка ад якой шумеў штучны вадаспад, выкладала замежную мову ў СПТВ, навучэнцы перад лекцыямі прыходзілі па яе і адвозілі на калясцы на заняткі, ужо тады ў Белаазёрск да яе на спатканні прыязджала моладзь з усёй Беларусі. «Каб набрацца добрай энергіі», моладзь Гародні ездзіла да яе шмат разоў. Казалі: — Паразмаўляўшы з ёю, выходзіш, нібы нанава нарадзіўшыся. Яна дзялілася духам і словам. Мастацкае слова давала ёй крылы. Каб ніколі не ўпасці духам, яна моцна трымалася за роднае слова, як за самую надзейную браню. У Белым возеры яна плавала на спінцы, нібы шустрая рыбка. Засведчыла яна сваімі цярпеннямі высокую сілу духу. «У слабасці хворых я заўсёды заўважаў сілу міласэрнасці, якая ўсё больш праяўлялася. Хворыя як бы «правакуюць» міласэрнасць. Праз сваю малітву і ахвяру яны не толькі выпрошваюць міласэрнасць, але ўтвараюць «прастору міласэрнасці», ці, дакладней, «адкрываюць прастору» для міласэрнасці. Сваёю хваробаю і цярпеннем яны заклікаюць да ўчынкаў міласэрнасці і даюць магчымасць іх здзяйсняць», — пісаў Ян Павел ІІ у кнізе «Устаньце, хадзем!» Так было каля Ніны Мацяш. Каля Ніны Мацяш чыніліся добрыя справы, з ёю лічыліся, станавіліся людскімі людзі ўлады, чыноўнікі. Перш за ўсё яна адносілася да іх з усёй павагай, як да людзей, якім цяжка працаваць, бо трэба прымаць рашэнні. Мы будзем маліцца за яе да Бога, і будзем маліцца да яе, каб папрасіла нам натхнення, а Беларусі — дабрыні…Яна дзеля гэтага жыла.
Калыханка Ніне Мацяш
|
|
|