Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(47)/2009
Галерэя
Год святога Паўла
Інтэрв’ю

VATICANUM II НА РОДНАЙ МОВЕ
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Пераклады
Magisterium
ВЕРА & CULTURA

ВЕЛІЧ І КВОЛАСЦЬ СУМЛЕННЯ
Роздум

«ПІЯРЫЗАЦЫЯ» ЦІ ЕВАНГЕЛІЗАЦЫЯ?
Паэзія
Мастацтва

УСПОМНІМ ПРА ЗАБЫТАЕ
Нашы святыні
In memoriam

КАРАЛЕВА БОЛЮ І ВЕРША

АПОШНІ ЛІСТ

«ЁСЦЬ ТОЛЬКІ ШЛЯХ…»
Вачыма візітатара

Кс. Станіслаў ПАЎЛІНА fDP

ПРАЎДА АБ БОЖЫМ ПРОВІДЗЕ
Ў КАТЭХІЗІСЕ КАТАЛІЦКАГА КАСЦЁЛА

Праўда аб існаванні Божага Провіду з’яўляецца адной з галоўных таямніцаў святой веры. Разважанне на тэму Божага Провіду ў перспектыве трэцяга тысячагоддзя вялося на Міжнародным кангрэсе ў Сан-Паўла (Бразілія), які праводзіўся з 26 па 31 кастрычніка 1999 года.

Пасяджэнні кангрэса распачаліся тады, калі закончылася праца Другога Сінода Біскупаў Еўропы. Біскупы разглядалі сучаснае становішча Еўропы і тэндэнцыі яе развіцця на пераломе другога і трэцяга тысячагоддзяў хрысціянства, каб у святле евангельскіх каштоўнасцяў растлумачыць і вызначыць тое, што павінен унесці ў жыццё людзей і народаў гэтага кантынента Каталіцкі Касцёл.

Удзельнікі кангрэса разважалі над сітуацыяй у свеце, імкнучыся разгледзець яе ў святле веры ў Божы Провід і даць глыбокі адказ на пытанне аб значэнні гэтай веры, бо такое пытанне на пачатку трэцяга тысячагоддзя чалавек задае сабе і Касцёлу. Гэты чалавек быў паранены варварствам дваццатага стагоддзя, выкліканага бязбожнымі ідэалогіямі, якія адкідалі Божыя законы і хрысціянскую мараль; якія абвясцілі смерць Бога і несапраўднасць Яго запаведзяў, а на месца Бога паставілі сваіх бажкоў і заклік да нянавісці.

У цэнтры працы Сінода знаходзіўся Хрыстус як пасланы Айцом у Духу Святым, а ў цэнтры працы кангрэса — Божы Провід, які рупіцца пра свет і кіруе ім.

Народы, змучаныя бядою і смерцю бязвінных людзей, трыумфам зла і падманнымі лозунгамі нечалавечага грамадства «без Бога», адчуваюць, што жыццё без Бога Стварыцеля, без Таго, хто стварыў чалавека на свой вобраз і падабенства, бессэнсоўнае.

*

Вучэнне аб Божым Провідзе падае Катэхізіс Каталіцкага Касцёла (ККК), які быў прыняты 11 кастрычніка 1992 года Апостальскай Сталіцай.

Аўтары артыкулаў, змешчаных у ККК, карысталіся перадусім Святым Пісаннем са Старога і Новага Запаветаў, а таксама працамі Айцоў Першага і Другога Ватыканскага Сабораў, Кангрэгацыі па справах выхавання, Літургіі гадзінаў, працамі св. Аўгустына, св. Тамаша Аквінскага, св. Кацярыны Сіенскай, св. Тамаша Мора, Джуліяны Норвіцкай.

Гэтых крыніцаў аўтарам было дастаткова для сціслай перадачы праўды аб Божым Провідзе. Усе гэтыя працы і вучэнне, якое з іх вынікае, будуць згаданыя ў гэтым артыкуле.

*

Вучэнне аб Божым Провідзе можна знайсці ў розных артыкулах ККК. Галоўнае тлумачэнне гэтай праўды святой веры знаходзіцца ў першай частцы другога раздзела «Вызнаванне хрысціянскай веры» і ў чацвёртым параграфе, прысвечаным Стварыцелю. Акрамя таго, вучэнне аб Божым Провідзе падаецца там, дзе гаворка вядзецца пра чалавека, анёлаў, бачны і нябачны свет і пра тое, што датычыцца праяваў жыцця чалавека і яго канчатковай мэты: сужэнства, чалавечай супольнасці, уласнасці, беднасці, Маці Божай, малітвы, закона і ласкі, Апошняга Суда, збаўлення, вечнага жыцця.

*

У ККК галоўнае тлумачэнне Божага Провіду складаецца з трох частак:

1. Бог ажыццяўляе сваю задуму: Божы Провід;

2. Провід і другасныя прычыны;

3. Провід і спакуса зла (302–314).

Ніжэй падаецца поўны тэкст ККК, пункты 302–314.

1. Бог ажыццяўляе свой план:

Божы Провід

302. Стварэнне мае сваю якасць і дасканаласць, але яно не выйшла з рук Творцы цалкам завершаным. Яно створана ў «стане руху» (in statu viae) да канчатковай дасканаласці, якой яно павінна дасягнуць і для якой яго прызначыў Бог. Мы называем Божым Провідам тыя наказы, праз якія Бог вядзе сваё стварэнне да гэтай дасканаласці:

Усё, што Бог стварыў, Ён захоўвае сваім Провідам і ўсім кіруе, «магутна разыходзіцца ад краю да краю, з дабрынёю распараджаецца ўсім» (Мдр 8, 1), бо «ўсё аголена і адкрыта перад вачамі таго, каму мы адкажам» (пар. Гбр 4, 13), нават тое, што павінна адбыцца ў будучыні паводле вольнага дзеяння стварэнняў1.

303. Сведчанні Святога Пісання на гэту тэму аднагалосныя: клопат Божага Провіду канкрэтны і непасрэдны; ён рупіцца пра ўсё — ад самых дробных справаў да вялікіх падзеяў свету і гісторыі. У Святых Кнігах пераканальна сцвярджаецца абсалютны суверэнітэт Бога ў ходзе падзеяў: «Бог наш у нябёсах, чыніць усё, што захоча» (Пс 115, 3), а пра Хрыста было сказана: «Які адмыкае — і ніхто не замкне, замыкае — і ніхто не адчыніць» (пар. Ап 3, 7). «Шмат задумаў у сэрцы чалавека, але збудзецца толькі задуманае Панам» (Прып 19, 21) [269].

304. Такім чынам, мы бачым, што Дух Святы — галоўны Аўтар Святога Пісання — часта прыпісвае Богу дзеянні, не згадваючы другасныя прычыны. Гэта не спрошчаны «спосаб выказвання», а глыбокі спосаб нагадваць пра першынство Бога і Яго абсалютнае панаванне над гісторыяй і светам2 і такім чынам вучыць давяраць Яму. Малітва Псалтыра — выдатная школа гэтага даверу3.

305. Езус патрабуе, каб мы мелі дзіцячы давер да Провіду Нябеснага Айца, які клапоціцца пра найменшыя патрэбы сваіх дзяцей: «Не клапаціцеся аб жыцці вашым, што есці і што піць... Айцец жа ваш Нябесны ведае, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым. Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці Ягонай, а гэта ўсё дасца вам» (Мц 6, 31–33)4.

2. Провід і другасныя прычыны

306. Бог — гэта незалежны Валадар сваёй задумы. Аднак для яе рэалізацыі Ён карыстаецца саўдзелам стварэння. Гэта не праява слабасці, наадварот, гэта прыкмета велічы і дабрыні Усемагутнага Бога. Бог дае сваім стварэнням не толькі існаванне, але таксама і годнасць самастойна дзейнічаць, быць прычынамі і прынцыпамі адно для аднаго і такім чынам супрацоўнічаць у выкананні Яго плана.

307. Бог дае людзям магчымасць дабравольна ўдзельнічаць у сваім Провідзе, даручаючы ім адказнасць «валодаць» зямлёю і «панаваць» над ёю5. Бог дазваляе людзям быць разумнымі і вольнымі прычынамі, каб дапоўніць справы стварэння ў дасканалай гармоніі дзеля ўласнага дабра і дабра іншых. Людзі, часта несвядомыя супрацоўнікі Божай волі, могуць свядома ўдзельнічаць у Божым плане сваімі дзеяннямі, малітвамі, а таксама цярпеннямі6. Тады яны цалкам становяцца «супрацоўнікамі Божымі» (1 Кар 3, 9; 1 Тэс 3, 2) і Яго Валадарства7.

308. Гэта ісціна, неад’емная ад веры ў Бога Творцу: Бог дзейнічае ва ўсіх дзеяннях сваіх стварэнняў. Ён — першапрычына, якая дзейнічае ў другасных прычынах і праз іх: «Бо гэта Бог ёсць тым, хто чыніць у вас жаданне і дзеянне паводле свайго ўпадабання»8 (Флп 2, 13). Зусім не змяншаючы годнасці стварэння, гэта ісціна ўзвялічвае яго. Стварэнне, выведзенае з небыцця сілаю, мудрасцю і дабрынёю Божаю, нічога не можа дасягнуць, калі будзе аддзеленае ад свайго пачатку, бо «стварэнне без Стварыцеля марнее»; тым больш не можа дасягнуць сваёй канчатковай мэты без дапамогі ласкі10.

3. Провід і спакуса зла

309. Калі Бог, Айцец усемагутны, Створца ўпарадкаванага і добрага свету, клапоціцца пра ўсе свае стварэнні, то чаму існуе зло? На гэта пытанне, такое ж хвалюючае, як і непазбежнае, такое ж балючае, як і таямнічае, немагчыма хутка даць задавальняльны адказ. Адказ на гэтае пытанне дае толькі ўся хрысціянская вера ў цэлым: прыгажосць стварэння, драма граху, цярплівая любоў Бога, які выходзіць насустрач чалавеку праз свой запавет, адкупленчае Уцелаўленне свайго Сына, дар Духа Святога, скліканне Касцёла, сілу сакрамэнтаў і заклік да шчаслівага жыцця, да якога ўсе вольныя стварэнні запрошаныя перш чым прымуць гэты заклік, але могуць таксама — што з’яўляецца вялікаю таямніцаю — загадзя адмовіцца ад яго. Няма такога элемента ў хрысціянскім пасланні, які не быў бы частковым адказам на пытанне пра зло.

310. Чаму Бог не стварыў такога дасканалага свету, каб ніякае зло не магло ў ім існаваць? У сваёй бясконцай сіле Бог заўсёды мог бы стварыць штосьці лепшае11. Аднак у сваёй бясконцай мудрасці і дабрыні Бог хацеў свабодна стварыць свет «у стане руху» да яго канчатковай дасканаласці. Гэта станаўленне дапускае ў Божай задуме з’яўленне адных стварэнняў і знікненне другіх; дапускае існаванне побач з самым дасканалым таго, што менш дасканалае; побач з акультурваннем прыроды — знішчэнні. Таму апроч фізічнага дабра існуе таксама фізічнае зло, якое будзе існаваць так доўга, пакуль стварэнне не дасягне сваёй дасканаласці12/span>.

311. Анёлы і людзі — разумныя і вольныя стварэнні — павінны імкнуцца да свайго канчатковага прызначэння праз вольны выбар, а перадусім праз любоў. Яны могуць збіцца са шляху. І сапраўды, яны ўчынілі грэх. Так маральнае зло ўвайшло ў свет, яно непараўнальна большае за фізічнае зло. Бог ніякім чынам, ні прама, ні ўскосна, не з’яўляецца прычынаю маральнага зла13. Аднак Ён дапускае яго, шануючы свабоду свайго стварэння, і таямнічым чынам умее атрымаць з яго дабро.

«Таму што Бог Усемагутны... добры ў найвышэйшай ступені, ніколі не дазволіў бы існаваць якому-небудзь злу ў сваіх справах, калі б Ён не быў настолькі магутны і добры, каб атрымаць дабро нават з самога зла»14.

312. З цягам часу высвятляецца, што Бог у сваім усемагутным Провідзе можа атрымаць дабро з вынікаў зла, нават маральнага, учыненага Яго стварэннем: «Дык вось, не вы паслалі мяне сюды, — гаворыць Юзаф сваім братам, — а Бог <...> вы задумалі супраць мяне зло, але Бог абярнуў гэта на дабро, каб <...> захаваць жыццё шматлікага народа» (Быц 45, 8; 50, 20)15. З самага вялікага маральнага зла, якое калі-небудзь магло быць учынена, з адрачэння і забойства Божага Сына, учыненага грахамі ўсіх людзей, Бог у паўнаце сваёй ласкі16 атрымаў найбольшае дабро: праслаўленне Хрыста і наша адкупленне. Але зло ад гэтага не становіцца дабром.

313. «Тым, хто любіць Бога ... усё садзейнічае дзеля дабра іхняга» (Рым 8, 28). Сведчанне святых нястомна пацвярджае гэтую праўду: святая Кацярына Сіенская гаворыць «тым, хто абураецца і пратэстуе супраць таго, што з імі здараецца»: «Усё паходзіць з любові, усё накіравана на збаўленне чалавека, і Бог усё робіць толькі дзеля гэтай мэты»17.

Святы Тамаш Мор перад мучаніцкай смерцю суцяшаў сваю дачку: «Нічога не можа здарыцца, калі гэтага не хоча Бог. А ўсё, чаго Ён хоча, якім бы дрэнным яно нам ні здавалася, — найлепшае для нас»18.

Джуліяна Норвіцкая: «І вось я пазнаю праз Божую ласку, што павінна моцна трымацца веры і з не меншым перакананнем верыць, што ўсё будзе добра... Тады ўпэўнішся, што ўсё будзе добра» (Thou shalt see thyself that all manner of thing shall be well)19.

*

Наступныя артыкулы ККК на тэму Божага Провіду знаходзяцца ў цеснай лучнасці з праблематыкаю, якая датычаць чалавека.

314. Мы цвёрда верым, што Бог — Валадар свету і гісторыі. Шляхі Яго Провіду нам часта невядомыя. Толькі ў канцы, калі скончыцца наша частковае пазнанне, калі мы ўбачым Бога «тварам у твар» (1 Кар 13, 12), цалкам пазнаем шляхі, якімі нават праз драмы зла і граху Бог вядзе сваё стварэнне да адпачынку канчатковага сёмага дня20, дзеля якога Ён стварыў неба і зямлю.

Перадусім у ККК сцвярджаецца, што чалавек можа «ўласнымі сіламі дайсці да сапраўднага і пэўнага пазнання адзінага Бога-Асобы, які сваім Провідам клапоціцца пра свет і кіруе ім, а таксама да пазнання натуральнага права, якое Творца ўпісаў у нашыя душы. Аднак ёсць мноства перашкодаў, якія не даюць розуму дзейсна і плённа карыстацца сваімі прыроднымі магчымасцямі. Праўда, якая адносіцца да Бога і стасункаў паміж Богам і людзьмі, ва ўсім пераўзыходзіць парадак рэчаў, падпарадкаваных плану, і калі яна павінна праявіцца ва ўчынках і фармаваць жыццё, то патрабуе ад чалавека самааддачы і самавырачэння. Чалавечы розум нават у пошуку такой праўды сустракаецца з цяжкасцямі, якія ўзнікаюць з-за пачуццяў і ўяўленняў, а таксама дрэнных схільнасцяў, выкліканых першародным грахом. Гэта вядзе да таго, што людзі з лёгкасцю запэўніваюць сябе ў памылковасці ці хаця б у сумніўнасці таго, што ім не хочацца лічыць праўдаю» (Pius XII, enc. Humani generis: DS 3875)21.

Бог, закладаючы прыроджаныя пазнавальныя здольнасці чалавека і перашкоды ў іх выкарыстанні, заклікае чалавека, мужчыну і жанчыну, удзельнічаць у Божым Провідзе ў адносінах да іншых стварэнняў. З гэтага паходзіць адказнасць чалавека за свет, даручаны яму Богам22. Адказна рэалізуючы сваё пакліканне, чалавек павінны дзейнічаць як слуга Божага Провіду23.

Чалавек, прымаючы і абвяшчаючы правы, якія нармуюць грамадскае жыццё, удзельнічае ў Провідзе Бога жывога, Стварыцеля і Адкупіцеля ўсіх24, а «валоданне пэўнымі дабротамі робіць яго кіраўніком, пастаўленым Провідам для таго, каб гэтыя даброты прыносілі плады і іншыя людзі, перш за ўсё бліжнія, атрымлівалі ад іх карысць»25. Такім чынам, рэалізуючы сваё пакліканне, мы «даручаем сябе Провіду Нябеснага Айца, вызваляемся ад хвалявання за заўтрашні дзень» (пар. Мц 6, 25–34)26 і ажыўляем гэты сыноўні давер, які ўзаемадзейнічае з Провідам нашага Айца (пар. Мц 6, 25–34)27. Гэта «сапраўдны хрысціянскі падыход. Ён заключаецца ў даверы да Провіду ў тым, што датычыць будучыні, і адмаўленні ад усялякай нездаровай цікаўнасці з гэтае прычыны»28. Будучыню сваю і свету неабходна прадстаўляць Богу на малітве, верачы, што «хрысціянская малітва — гэта супрацоўніцтва з Божым Провідам, з Яго планам любові да людзей»29.

У адказным удзеле ў Божым Провідзе адносна іншых стварэнняў чалавек сустракаецца з сілаю сатаны. Дзеянне сатаны дапушчана Божым Провідам, які з сілаю і адначасова з лагоднасцю кіруе гісторыяй чалавека і свету. Дапушчэнне Богам дзеянняў сатаны — гэта вялікая таямніца, але «мы ведаем таксама, што тым, хто любіць Бога, — пакліканым па Яго пастанове — усё садзейнічае дзеля дабра іхняга» (Рым 8, 28)30.

«Толькі на Апошнім Судзе мы пазнаем канчатковы сэнс справы стварэння і эканоміі збаўлення (Божага плану), а таксама зразумеем цудоўныя шляхі, якімі Божы Провід вёў усё да канчатковай мэты»31.

 


  1. Другі Ватыканскі Сабор: DS 3003.
  2. Пар. Іс 10, 5–15; 45, 5–7; Дрг 32, 39; Сір 11, 14.
  3. Пар. Пс 22; 32; 35; 103; 138 і інш.
  4. Пар. Мц 10, 29–31.
  5. Пар. Быц l, 26–28.
  6. Пар. Клс 1,24.
  7. Пар. Клс 4, 11.
  8. Пар. l Кар 12,6.
  9. Другі Ватыканскі Сабор, Gaudium et spes, 36.
  10. Пар. Мц 19, 26; Ян 15, 5; Флп 4, 13.
  11. Пар. св. Тамаш Аквінскі, Summa theologiae, I, 25, 6.
  12. Пар. св. Тамаш Аквінскі, Summa contra gentiles, III, 71.
  13. Пар. св. Аўгустын, De libro arbitrio, 1, 1, 1: PL 32, 1221–1223; св. Тамаш Аквінскі, Summa theologiae, I–11, 79, 1.
  14. Св. Аўгустын, Erchiridion de fede, spe et caritate, 11, 3.
  15. Пар. Тоб 2, 12–18 Wlg.
  16. Пар. Рым 5, 20.
  17. Св. Кацярына Сіенская, Dialoghi, IV, 138.
  18. Св. Тамаш Мор, List do Alice Alington Margaret Roper; пар. Liturgia Godzin, III, Godzina czytaс z 22 czrewca.
  19. Джуліяна Норвіцкая, Objawienia miіoњci Boїej, 32.
  20. Пар. Быц 2, 2
  21. KKK 37.
  22. Пар. KKK 373.
  23. Пар. KKK 1884.
  24. Пар. KKK 1951.
  25. KKK 2404.
  26. KKK 2547.
  27. Пар. KKK 2830.
  28. KKK 2115.
  29. KKK 2738.
  30. KKK 395.
  31. KKK 1040.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY