Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(47)/2009
Галерэя
Год святога Паўла
Інтэрв’ю

VATICANUM II НА РОДНАЙ МОВЕ
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Пераклады
Magisterium
ВЕРА & CULTURA

ВЕЛІЧ І КВОЛАСЦЬ СУМЛЕННЯ
Роздум

«ПІЯРЫЗАЦЫЯ» ЦІ ЕВАНГЕЛІЗАЦЫЯ?
Паэзія
Мастацтва

УСПОМНІМ ПРА ЗАБЫТАЕ
Нашы святыні
In memoriam

КАРАЛЕВА БОЛЮ І ВЕРША

АПОШНІ ЛІСТ

«ЁСЦЬ ТОЛЬКІ ШЛЯХ…»
Вачыма візітатара

Майстар Кастэльсардо.
Святы Павел.

ЖЫЦЦЁ І ДЗЕЙНАСЦЬ
СВЯТОГА ПАЎЛА

7–10 гады пасля Н. Х.* — Саўл (пазней — св. Павел) нарадзіўся ў партовым горадзе Тарс — сталіцы Кілікіі, рымскай правінцыі (цяпер паўднёва-ўсходняя Турцыя). Пасля атрымання шматступеннай юдаістычнай адукацыі стаў фарысеем і заўзятым пераследнікам хрысціянаў.
 

34 год — Саўл адправіўся ў Дамаск, каб знішчаць там супольнасці вучняў Езуса Хрыста, прымяняючы рэпрэсіі. Аднак ён не рэалізаваў гэтай задумы, таму што па дарозе ў Дамаск сустрэў Пана, які гаварыў з ім. Пасля гэтага Саўл правёў тры дні ў цішыні і змроку веры. Ён навярнуўся да Бога і быў ахрышчаны. Затым на тры гады выехаў у Арабію, дзе ў пустыні пазнаваў вучэнне Езуса. Пасля вяртання ў Дамаск пачаў абвяшчаць Божае слова, але з-за пагрозы рэпрэсій уцёк з горада і накіраваўся ў Ерузалем.
 

37 год — Саўл наведаў Ерузалем, дзе прабыў некалькі тыдняў, пазнаёміўся з Пятром і іншымі Апосталамі. У сувязі з чарговаю хваляю пераследаванняў ён разам з групаю хрысціянаў пакінуў Ерузалем і накіраваўся ў Кесарыю, пасля на караблі — у Антыёхію Сірыйскую. Адтуль пешшу вярнуўся ў родны горад Тарс, дзе правёў чатыры гады.
 

46 год — у Антыёхіі разам з Барнабам і яго сваяком Янам Маркам Павел распачаў сваё першае місійнае падарожжа, адправіўшыся на Кіпр, а пасля — на ўзбярэжжа Малой Азіі і праз горы Таўрус — у Антыёхію Пісідыйскую. Затым місіянеры накіраваліся ў Іконію, Лістру і Дэрбэ. У порце Аталіі селі на карабель, які ішоў да Антыёхіі Сірыйскай, дзе праз год завяршылі сваё першае місійнае падарожжа. Падчас яго місіянеры заснавалі шмат хрысціянскіх супольнасцяў, але не раз ледзьве пазбягалі смерці.
 

Густаў Дарэ.
Святы Павел у сінагозе.
47 год — св. Павел удзельнічаў у Апостальскім Саборы ў Ерузалеме разам са св. Пятром і Апосталамі, вырашаючы спрэчку паміж хрысціянамі-габрэямі і хрысціянамі, якія раней былі язычнікамі.
 

50–52 гады — св. Павел здзейсніў другое місійнае падарожжа. Ён зноў вырушыў з Антыёхіі Сірыйскай, але на гэты раз па сушы праз Тарс, Дэрбэ, Іконію і Антыёхію Пісідыйскую. Пасля праз Фрыгію і Лідзію дасягнуў Траады над Эгейскім морам, адкуль на караблі выплыў у Саматракію і Неапаль, затым — у г. Філіпы ў Македоніі і такім чынам дабраўся да Еўропы. У дарозе да місіянераў далучыўся Цімафей. У Філіпах яны былі збітыя розгамі і арыштаваныя на адзін дзень. Адтуль Апостал народаў рушыў у Тэсалонікі і Бярэі. У Афінах ён сказаў сваю знакамітую вялікую прамову, затым адправіўся ў Карынт, Эфес, Ерузалем, пасля чаго вярнуўся ў Антыёхію Сірыйскую. Падчас гэтага падарожжа св. Павел заснаваў шмат супольнасцяў і напісаў частку сваіх пасланняў.
 

54–58 гады — св. Павел здзейсніў трэцяе місійнае падарожжа. Ён вырушыў з Антыёхіі Сірыйскай і па сушы праз Тарс, Дэрбэ, Лістру, Іконію, Антыёхію Пісідыйскую накіраваўся ў Эфес, шматлікія жыхары якога прынялі вучэнне, што абвяшчаў св. Павел, і пачалі нішчыць язычніцкіх бажкоў, а таксама ўсё, звязанае з імі. З Эфеса Апостал народаў рушыў у Македонію і Грэцыю. Ён хацеў дабрацца да Сірыі, але ў выніку змовы — юдэі намерваліся забіць яго — быў вымушаны вяртацца. На караблі ён даплыў да Эфеса. У дарозе св. Павел пісаў чарговыя пасланні, а ў Мілеце сказаў развітальную прамову, бо ўжо чакаў сваёй смерці. Пасля праз Радос ён даплыў да Тыра, а адтуль праз Цэзарэю трапіў у Ерузалем, завяршыўшы сваё трэцяе і апошняе місійнае падарожжа.
 

58–60 гады — св. Павел быў на два гады зняволены юдэямі ў Цэзарэі. На працягу гэтага часу ён не раз знаходзіўся у смяротнай небяспецы, таму што юдэі спрабавалі забіць яго.
 

60 год — св. Павел прыбыў у Рым, дзе быў зняволены пад хатнім арыштам. Па дарозе яго карабель разбіўся ля ўзбярэжжа Мальты, дзе Павел знаходзіўся тры месяцы. Пасля вызвалення ў наступныя гады падарожнічаў па Іспаніі, Эфесе, быў на Крыце і ў Македоніі, абвяшчаючы Божае слова.
 

66 або 67 год — у час кіравання імператара Нерона, пасля спалення Рыма, у якім былі абвінавачаны хрысціяне, Паўла арыштавалі і асудзілі на смерць праз адсячэнне галавы. За дату яго смерці Касцёл прыняў 29 чэрвеня.
 

IV стагоддзе — у рымскай святыні за мурамі быў знойдзены надпіс «Pavlo Apostolo Mart», зроблены на магіле св. Паўла. Пасля на гэтым месцы была ўзведзена Базыліка св. Паўла за Мурамі.
 

* * *
25 студзеня — Каталіцкі Касцёл адзначае свята навяртання ў хрысціянства святога апостала Паўла.

29 чэрвеня — урачыстаць святых апосталаў Пятра і Паўла.

 

НАЙБОЛЬШ ВЯДОМЫЯ ЦЫТАТЫ
З ПАСЛАННЯЎ СВЯТОГА ПАЎЛА

«Жаданне ёсць ува мне, але зрабіць добрае не знаходжу як. Бо добрае, якое хачу, не раблю, а благое, якое не хачу, раблю. Калі ж раблю не тое, што хачу, ужо не я раблю гэта, але грэх, што жыве ўва мне» (Рым 7, 18–19).

«Мы ўратаваныя праз надзею» (Рым 8, 24).

«Калі Бог за нас, хто ж супраць нас?» (Рым 8, 31).

«Перамяняйцеся праз абнаўленне розуму вашага» (Рым 12, 2).

«Усё мне можна, але не ўсё карысна; усё мне можна, але я не дазволю хоць чаму-небудзь валодаць мною» (пар. 1 Кар 6, 12).

«Калі некаму здаецца, што ён стаіць, няхай глядзіць, каб не ўпасці» (1 Кар 10, 12).

«Cмутак, які паходзіць ад Бога, ператварае навяртанне ў збаўленне» (пар. 2 Кар 7, 10).

«Моц удасканальваецца ў слабасці» (2 Кар 12, 9).

«Няхай кожны аналізуе ўласныя ўчынкі, тады будзе мець пахвалу не толькі ў сябе, а ў іншага» (пар. Гал 6, 4).

«Пакуль маем час, будзем рабіць дабро ўсім» (пар. Гал 6, 10).

«Разам з усім вазьміце шчыт веры, якім зможаце пагасіць усе распаленыя стрэлы злога» (Эф 6, 16).

«Я ўмею быць і ў прыніжэнні, умею быць і ў дастатку; я прывучыўся да ўсяго» (Флп 4, 12).

«Усё магу ў тым, хто ўзмацняе мяне» (Флп 4, 13).

«Усё правярайце, трымайцеся добрага» (1 Тэс 5, 18).

«За ўсё дзякуйце» (1 Тэс 5, 21).

«Для чыстых усё чыста, а для апаганеных і няверных няма нічога чыстага» (пар. Ціт 1, 15).

«А дзе памножыўся грэх, там яшчэ больш памножылася ласка» (пар. Рым 5, 20).

«Хто сее скупа, той скупа і пажне, а хто сее шчодра, той шчодра і пажне» (2 Кар 9, 6).

«Не дазволь злу перамагчы цябе, але зло перамагай дабром» (Рым 12, 21).

«Я ўжо праліваюся, як ахвяра, і настаў час майго адыходу. У добрай барацьбе я змагаўся, бег скончыў, веру захаваў» (2 Цім 4, 6–7).

 


    * Многія даты з жыцця св. Паўла цяжка вызначыць з-за недахопу крыніцаў, таму падаюцца прыблізныя гады.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY