|
|
№
1(47)/2009
Галерэя
Год святога Паўла
Інтэрв’ю
Ad Fontes
Пераклады
Magisterium
ВЕРА & CULTURA
Роздум
Паэзія
Мастацтва
Нашы святыні
In memoriam
Ніл ГІЛЕВІЧ
СЛОВА ПРА НЕЗВЫЧАЙНУЮ ЛІРА-ЭПІЧНУЮ ПАЭМУ НІНЫ МАЦЯШ «ГАРНУСЯ!», ЯКУЮ ЯНА ПІСАЛА АМАЛЬ ТРЫЦЦАЦЬ ПЯЦЬ ГАДОЎ Вачыма візітатара
|
Паэтычны свет Ніны Мацяш, у які дазволена зазірнуць кожнаму, напоўнены ўласнатворным, святадарным святлом, бо паэтка ведала-разумела, спазнала ісціну: І дзеля цябе – сонца свеціць. Патрэба падзяліцца са светам святлом – тое важнае, тое сутнаснае, што вызначала, акрэслівала ўвесь творчы шлях паэткі: Травінка кволая – // І тая не ўзрастае // Дзеля самой сябе. Вельмі не проста выконваць гэтую светазарную місію, калі прыходзіцца збіраць у жменю смутку зёрны, калі журыцца і плачацца, калі цвітуць … цярновыя сады, калі запушчанаму саду не вернуты плён надзеі і харашыня, а людзі спазняюцца з харошым учынкам… Бойся спазніцца са словам харошым… – так прароча-прачула гучыць голас паэткі, сэрца якой да новых ран гатова і якое ўбірае ў сябе ўвесь свет – сусвет людской дабрыні, міласэрнасці, любові. Не спазніся… Як заклік-просьба-заклён гучаць гэтыя словы. У іх – квінтэсенцыя чалавечага існавання, сутнасць духоўнага шляху самой паэткі. Шляху, які вядзе да мэты. Ён і ёсць мэта, якая бясконцая ў спраўджванні, якая аяўнівае немагчымае. Ёсць толькі шлях… – так па-філасофску глыбінна-проста гучыць першы радок верша Ніны Мацяш «Людвіг ван Бетховен». Гучыць як музыка, як акорд-прыступка да ўзыходжання… Да гэтага вобраза шляху-дарогі паэтка звернецца неаднойчы, бо ён пространь, ён бязмежжа для спазнання свету і сябе ў ім. Ён адорвае святлом і смуткам, імгненнямі вечнасці, хараства. На гэтым шляху паэта-вандроўніка стрэне вясёлка, ніколі не пакіне матчына песня, радасна падміргне вока Белага возера, і райскі сад кахання-любові адкрые таямніцу. Шлях любіць крокі людскасці і дабрыні. І шлях імкнецца да Любові. І гэты шлях уваскрэсіць малітву, «Малітву за ўсіх». Дарэчы, малітоўнаю запаветнасцю, ахвярнасцю прасякнута ўсё, што дорага сэрцу паэткі, што красуе ў яе душы і што робіць яе безабароннай: і асвечаны свет кахання з жаваранкамі пяшчоты, і непараўнальная краса роднай зямлі, што Белым возерам глядзіць, // Як вечнасць, // І Чорным возерам глядзіць, // Як памяць…, радасць і святло сяброўства на жыццёвых пранозлівых проймах, неабсяжны свет прыроды, гармоніі, хараства… Чуйная душа паэткі, яе духоўны зрок здольныя адчуць-пачуць і зразумець адзіноту лістка на галіне («Дрыжыць лісток, ды не таму, што зжоўк, // Другое страшыць: што адзін застаўся»), і скаргу дзікай яблыні («Я ў сад хачу!»// У той прасторны сад, // Дзе вішанна, і яблычна, і грушна…»), і самоту восеньскага саду («Стаяць манахамі сады // Ў сутанах вымаклых за плотам…»). Ніна Мацяш – гэта ўвасабленне моцы чалавечага духу. І хоць просіць Божае ласкі, ды ўсё ж ведае і сцвярджае сваю праўду: «Гасподзь схіляецца да ўсіх, // Ды духам ніцых Ён не чуе». Душа паэткі змагаецца за перамогу святла, светласці, святланоснага, бо толькі гэта з’яўляецца шляхам да паратунку, гэта шлях да повязі душы з Сутным.
Пясняркаю дабра і чалавечнасці назваў Ніну Мацяш вядомы даследчык літаратуры Уладзімір Калеснік. Разважаючы пра любоўную лірыку паэткі, своеасаблівую «паэтычную філасофію кахання», у артыкуле «Дар гармоніі» Уладзімір Андрэевіч адзначыў: «Свет жаданай любові з інтымнага свету дваіх можа ператварыцца ў адкрыты свет агульначалавечых даброт, дзе буйнейшыя самацветы Радзіма і Народ». Ніна Мацяш ведала шлях да захавання Радзімы і шлях да паратунку душы свайго народа:
Вогнішчы духу… Яны запальваюцца іскрамі-душамі асобаў мужных, ахвярных, якія ведаюць-разумеюць-імкнуцца:
Духоўны космас паэзіі Ніны Мацяш – неабсяжны. У ім валадараць Любоў, Ахвярнасць, Дабрыня… Тое, што можа дух наш увечніць. Адгукаючыся на святлівае, шчырае Слова Ніны Мацяш, разумееш, што і сапраўды: душа расце крылатая ў руху. Пры вогнішчах духу. А гэта і ёсць Шлях…
|
|
|