Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(59)/2012
Дакументы Апостальскай Сталіцы
Пасланне Святога Айца Бэнэдыкта XVI на Сусветны дзень міру
ВЫХАВАННЕ МОЛАДЗІ ДЛЯ СПРАВЯДЛІВАСЦІ І МІРУ
На кніжнай паліцы
Пераклады
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Вера & Socium

ВЫХОДЗЬМА СА СВАІХ МАГІЛАЎ!
Галерэя
На шляху веры

ШТО Ў ПАДМУРКУ?
Постаці

КС. АДАМ СТАНКЕВІЧ
Хрысціянская думка

ЗАНЯПАД ГЛАБАЛЬНАЙ ВЁСКІ
Спадчына
У святле Бібліі
На кніжнай паліцы

ЗБУДАВАЦЬ СВОЙ КАЎЧЭГ
Паэзія

ВЕРШЫ
Проза
In memoriam
Пра вечнае...

ЛІСТЫ А. АРХІМ. АНДРЭЯ ЦІКОТЫ
З САВЕЦКІХ ЛАГЕРАЎ
ПРЫМУСОВАЙ ПРАЦЫ Ў СІБІРЫ

№ 1

[Чукша], 12.III.[19]50.

Дарагая Лізавета [Варонька, сястра эўхарыстка з Друі]!

Шлю табе і ўсім нашым родным [айцам марыянам і сёстрам эўхарысткам з Друі] ды знаёмым прывітанне з далёкай Сібіры. Віншую ўсіх вас з надыходзячым святам Вялікадня ды жадаю вам духоўнага і матэрыяльнага дабрабыту.

Не ведаю, хто з вас жыве і дзе знаходзіцца. Першы свой ліст высылаю на Пруднікі. Спадзяюся, што вам яго перададуць. З нецярпеннем буду чакаць ад вас вестак. Напішыце, хто жывы з братоў і сясцёр [айцоў марыянаў і сясцёр эўхарыстак] і дзе знаходзіцца. Прайшло ўжо больш за 12 гадоў з таго часу, калі я быў дома [у Друі]. Але кожны дзень пра вас згадваю і не забуду да самай смерці.

З папярэдняга месца нашага побыту [Харбіну ў Маньчжурыі] перавезлі нас 27.ХІІ.48 года ў горад Чыту. А ў месяцы лістападзе 1949-га, пасля разгляду справы, накіравалі ў працоўны лагер. Як і ў Чыце, так і цяпер тут, у лагеры, начальства адносіцца да нас вельмі добра. Умовы для жыцця не настолькі цяжкія, як магло здавацца напачатку. Толькі з харчаваннем праблемы — яго недастаткова. З гэтай прычыны шмат хто атрымоўвае пасылкі і падтрымку з дому. Зрэшты, усё залежыць ад мясцовых умоваў, а таксама ад характару і прадуктыўнасці працы. Я, у прыватнасці, да сённяшняга часу лагернага жыцця, можна сказаць, не ведаю і нідзе яшчэ пакуль не працаваў, бо з месяца студзеня 1950 года знаходжуся ў бальніцы з прычыны парока сэрца (міякардыт) і частковай аслабленасці арганізма (дыстрафія і пачаткі цынгі). Здароўе маё паступова паляпшаецца. Клопат і адносіны ўрачоў добрыя.

У ежы тут, на жаль, вельмі мала тлушчаў, але я дзякую Богу і за тое, што атрымоўваю. Пустэльнікі і таго не мелі, але адчувалі сябе выдатна. Духоўна я адчуваю сябе добра, ды і фізічна таксама нядрэнна.

Калі ў вас будзе магчымасць, прышліце, калі ласка, хоць 300 ці 400 грамаў разынак ды сухароў з сапраўднай пшанічнай мукі1. Гэта патрэбна для майго здароўя. Іншых рэчаў не прашу, бо не ведаю, у якіх умовах Вы жывеце самі. Напішыце, дзе цяпер Гай Бальбіноўскі [кс. Язэп Гайлевіч з Бальбінава].

Яшчэ раз шлю вам найлепшыя пажаданні і прашу перадаць маё прывітанне для родных і знаёмых, а таксама, калі жывыя, Юліі, Феліцыі, Станіславу і Язэпу Бабар[ыкам] і іншым.

Прывітанне вам перадаюць Язэп Германовіч і Тамаш Падзява2. Станіслаў Баговіч [брат марыянін, якога не арыштавалі ў Харбіне] застаўся на месцы.

 

Шчыра любячы і адданы вам у Хрысце Андрэй Цікота.

 

[P.S.] Лісты пісаць трэба па-руску.


  1. Архім. А. Цікота меў намер у лагеры таемна цэлебраваць св. Імшу: з разынак планаваў зрабіць віно, а з сухароў — камуніканты.
  2. Беларускія айцы марыяне, якія разам з архім. А. Цікотам былі арыштаваны ў Харбіне.

 

№ 2

[Чукша], 14.VII.[19]50.

Дарагая сястра Апалонія [Пяткун, маці настаяцельніца сясцёр эўхарыстак у Друі]!

Абодва твае лісты ад 21 і 22.ІV. атрымаў 3 ліпеня і ад шчырага сэрца за гэтыя лісты, клопат і малітвы за мяне вельмі ўдзячны.

Перачытваючы лісты, я ў думках бачыў усіх маіх знаёмых і родных і вельмі рады, што пасля доўгіх гадоў пра мяне не забыліся. Не забываў і не забуду і я вас усіх — вы ў маіх думках і ў маіх малітвах.

Я рады, што вы не пакінулі бацькаўшчыны3 і што актыўна і дзейна працуеце для агульнага дабра сваіх братоў. Табе хачу парадзіць: не бойся сваёй пасады і сваіх абавязкаў4. Выконвай іх стойка, з верай у дапамогу Бога. За памерлых буду маліцца.

Першую пасылку я атрымаў ад Франца Рачыцкага з Пруднікаў, 2-ю — ад Стэфаніі Пупін таксама з Пруднікаў, 3-ю ад Станіславы Рачыцкай з Бабарыкаў з прывітаннем ад калгас. імя Фрунзе. Пасылкі прыйшлі цэлымі. Першыя дзве — 30.ІV.[1950], а трэцяя — на пачатку ліпеня, ужо на новае месца майго побыту. За ўсе пасылкі і ўсё тое, што ў іх паклалі добрыя, клапатлівыя рукі, пасылаю ўсім глыбокую ўдзячнасць, асабліва тым, хто іх рыхтаваў і высылаў.

Хацеў бы ўсім асобна напісаць, але на год магу высылаць толькі два лісты, а гэты ліст якраз і ёсць другім у гэтым годзе. Таму прашу перадаць ад мяне шчырую ўдзячнасць усім маім дабрадзеям.

Карыстаючыся Вашай дабрынёй і дэкларацыяй, што будзеце падтрымоўваць маё здароўе, прашу менш-больш рэгуляваць пасылкі па адной ці дзве на месяц. Але калі яны абцяжарваюць вас ці іншых людзей, настойліва прашу не высылаць іх зусім ці высылаць толькі зрэдку.

Адзін з першых лістоў а. архім. А. Цікоты з савецкага лагеру пад Тайшэтам
да сясцёр эўхарыстак у Друі (Чунка, Іркуцкая вобласць, 12 сакавіка 1950 г.).

З адзежы, калі ласка, прышліце: цёплыя, вязаныя з шэрсці рукавіцы без пальцаў; калі магчыма, абшытыя скурай шарсцяныя шкарпэткі, ручнік і пару насовак. Адносна прадуктаў — усё, што прыслалі, было вельмі карысным: і смачныя сухары, і сырнікі, і лапша (макароны). Але мне асабліва патрэбныя сухары і цукар, які важны для падтрымкі сэрца, а таксама цыбуля і больш за ўсё часнок. У 3-й пасылцы былі грошы — 25 рублёў. Грошы, безумоўна, не пашкодзяць, але іх прашу больш не прысылаць. Калі будуць грошы, то за іх лепш купіце цукар і табаку. Не трывожцеся, што я прашу прыслаць табаку. Сам я не куру і спадзяюся, што ніколі не буду курыць. Але іншыя кураць. І таму да кожнага, хто атрымоўвае пасылку, курцы прыходзяць і просяць закурыць. Ім вельмі цяжка, калі ў іх няма табакі. Калі ў вас будзе магчымасць, дасылайце па пару пачак. А калі магчыма, то больш сярэдняй махоркі і самасаду (толькі дробна пасекчы), тры-чатыры пачкі папяросаў «Спорт» ці штосьці падобнае. Сухароў з чыстай пшанічнай мукі мне хопіць да верасня. Прашу пра іх не забываць і прыслаць на верасень ягады таксама. Яны вельмі карысныя для майго здароўя5.

Я не быў спаралізаваным, але ўжо дзесяць гадоў пакутую ад тромбафлебіту (закупоркиі венаў) на левай назе. Гэта нярэдка бывае прычынай высокай тэмпературы і моцнага парока сэрца. Адсюль у мяне ацёкі ног і твару. Але духам я адчуваю сябе добра і ніколі яшчэ не сумаваў і асабліва ні чым не пераймаўся. З Язэпам [Германовічам] і Тамашам [Падзявам] мы жылі разам да 19.І.50. Спадзяюся, што яны і самі напішуць.

Перадайце прывітанні ўсім: Баляславу [Зайцу, ксяндзу], Станіславу [Багуцкаму ?], Язэпу Скур’яту [брату марыяніну], усім вашым у Друі ды іншых месцах і ўсім дабрадзеям. Помню пра ўсіх і малюся за ўсіх.

 

Ваш у Хрысце душою і сэрцам А. Цікота.

 

[P.S.] Пішыце і надалей. Вашыя лісты нам перадаюць. Адрас: Иркутская обл., Алзамайский р-н, п.от. Чукша, п/я 215/1-040.


  1. Частка сясцёр эўхарыстак з Друі засталася ў Беларусі і не выехала ў Польшчу.
  2. Сястра Апалонія Пяткун была прызначана настаяцельніцай сясцёр эўхарыстак, якія засталіся ў Друі.
  3. У лагеры а. Цікота, па ўсім відаць, пэрыядычна цэлебраваў св. Імшу, што падтрымоўвала на духу і яго самога, і вязняў.

 

№ 3

[Чукша], 4.Х.[19]50 г.

Дарагая Апалонія!

29.VIII. я атрымаў твой ліст ад 12.V.; 11.IX. прыйшла пасылка з Друі ад імя Масло [сястра эўхарыстка Аляксандра Масло], выслан[ая] 28.VIII.; 26.IX — твой ліст ад 25.VIII. За лісты і за пасылку, якая прыйшла ў поўнай захаванасці, выказваю вам глыбокую ўдзячнасць і прашу Усемагутнага ўзнагародзіць вас за мяне.

Лісты твае адначасна засмуцілі мяне і парадавалі. Засмуцілі ўчынкі Л., Ю. і Бал.6, смерць Агнежкі Кач[аноўскай], выпадак з Фэлем [асоба не ўстаноўлена] і іншыя вашыя цяжкасці. Але мужнасць і надзея, з якімі вы ўсё гэта пераносіце, глыбока мяне радуюць.

Калі я чытаў імёны і прозвішчы ўсіх маіх старых знаёмых, мне здавалася, што я па-ранейшаму сярод вас і што маладое пакаленне, якога я ўжо не ведаю, будзе не менш актыўна-дзейным і разам з вамі прынясе немалую карысць Бацькаўшчыне і нашым людзям прыкладам сваёй працалюбівасці, шчырасці і вернасці пры выкананні сваіх абавязкаў.

29.VIII. я атрымаў ліст з Бабарыкаў, які напісала Станіслава Л. [асоба не ўстаноўлена] 16.V. Яны пішуць, што таго самага дня выслалі пасылку і пытаюцца, што мне асабліва патрэбна з прадуктаў ці адзежы і абяцаюць сваю дапамогу. Адну іх пасылку я атрымаў 4.VI. і думаю, што гэта якраз тая, пра якую яны пішуць і пра якую я напісаў 14.VII. Другой пасылкі я ад іх не атрымоўваў. Прашу перадаць ім маю глыбокую ўдзячнасць і растлумачыць ім, чаму я не пішу да іх асобна. А яшчэ скажы, што я разам з імі і радуюся, і смуткую, малюся за памерлых, асабліва за тых, пра смерць якіх даведаўся з ліста. Прашу благаслаўлення для тых, хто жыве, і радуюся іх дружнай працы ў іх калгасе [парафіі]. Растлумачце ім, калі ласка, таксама і адносна пасылак. У нашых умовах жыцця і макароны, і сухары, і кашы прыдадуцца. Але, як я вам ужо пісаў, тлушчы, цукар і часнок патрэбныя насамаперш, чым што-кольвек з іншых прадуктаў. Грошы таксама не змарнуюцца. І тыя 25 руб., таксама як і вашыя 10 руб., я выкарыстаў належным чынам. Але за грошы лепшы купіць і прыслаць цукар. Нядрэнна, калі ў вас будзе магчымасць набыць і прыслаць кандэнсаванае ці сухое, у парашку, малако, крыху вітамінаў, а для маіх сужыцеляў трохі папяросаў і табакі, гэтак, як Вы зрабілі ў апошняй пасылцы. Яшчэ раз хачу падкрэсліць — занадта сябе не абцяжарвайце і прысылайце што-кольвек толькі калі будзе магчымасць. Адзежа тут даецца, і я таксама пакуль маю нядрэнную.

Але аб адным мушу вас асабліва папрасіць. У мяне вельмі кепска з зубамі. Сваіх засталося няшмат, а ўстаўныя (пратэзы) — зламаліся. Зубны ўрач абяцаў зрабіць новыя пратэзы, але для гэтага трэба за свой кошт набыць адпаведныя матэрыялы. Патрэбныя наступныя рэчы: 1) пластмаса для базісаў з’ёмных пратэзаў; 2) адна каробка зубатэхнічнага воску; 3) 10 сталёвых гільзаў для каронак; 4) адна порцыя цэменту. Тут купіць усё гэта немагчыма. Баюся, што і ў Друі будзе таксама няпроста ўсё гэта набыць. Але думаю, што ў Браславе ўсе гэтыя матэрыялы можна будзе знайсці. Спадзяюся, што ў гэтым дапаможа вам Леў[ша, доктар], якому перадайце ад мяне прывітанне і скажыце, што я пра яго і сутаварышаў яго пастаянна памятаю і жадаю ім поспехаў у жыцці і працы. Справа гэтая досыць пільная, бо мяне могуць перавесці ў іншае месца, дзе можа не быць зубнога ўрача. Матэрыялы найлепш высылайце ў агульнай пасылцы разам з іншымі прадуктамі. Урач мне сказаў, што ўсё гэта будзе каштаваць да 50 руб., але я баюся, каб не было значна даражэй. Пазначце кошт кожнага матэрыялу. Ён мне будзе патрэбны для арыентацыі.

Вы мне прыслалі вітамін А. Вялікі дзякуй. Але мне больш патрэбны вітамін С або сумесь ВС. Калі ў вас будзе магчымасць яго прыслаць, то звярніце ўвагу на ўпакоўку. Ён (вітамін) часам бывае ў каробачках з пластмасы або цэлулоіда з завінчанай крышкай. Мне прыдалася б маленькая каробачка накшталт пудраніцы. Але пудраніца не падыйдзе. Ні шкляных, ні каробачак з жэсці мы тут не трымаем.

У наступнай пасылцы не забудзьце, калі ласка, пра сшыткі, канверты (4-5), паштовую марку і аловак. Калі зможаце, даведайцеся і напішыце мне адрас маіх сваякоў [айцоў марыянаў] летувісаў з Вільнюса (Вільня). Думаю, што яны жывуць у нашым доме на былой Зыгмунтоўскай (на Наберажнай) каля мосту. На жаль, я забыў нумар дому, не ведаю, як называецца цяпер вуліца і хто з іх там жыве. Спадзяюся, што Ст. [Багуцкі] зможа вам даць адказы на гэтыя пытанні.

27.IX. я атрымаў ліст ад пляменніцы Ал[ьжбэты] Падзявы ад 23.VII. Мне складана даць ёй і вам якую-кольвек параду, бо я яе не ведаю блізка. Калі бачыў яе, яна тады была яшчэ малечай. Са зместу ліста адчуваю, што яе жаданні выглядаюць шчырымі і, магчыма, варта было б іх задаволіць. Найлепш яе ведаюць тыя, хто з ёй жыве і яе добра ведае. Яны павінны паступіць паводле свайго сумлення. Перадайце ёй, што за яе малюся асабліва і раю кожнае рашэнне прыняць спакойна, падпарадкоўваючыся найвышэйшай волі. Важна дасягнуць мэты, да якой можна імкнуцца і ісці рознымі шляхамі. Пройдзены жыццёвы шлях не павінен успрымацца ці лічыцца страчаным, а хутчэй служыць кірункам для будучага жыцця.

Фотаздымкаў і марак, якія яна дасылала, у лісце не было. Магчыма, выпалі. Маркі трэба прысылаць у пасылках.

Бабарыкі пытаюцца пра адрас Тамаша [Падзявы]. Ён мне невядомы. Я з ім сустракаўся ў снежні мінулага года.

Цяпер знаходжуся ў бальніцы, дзе мне зрабілі аперацыю карбункула.

Аперацыя была няцяжкая і нястрашная. Рана зажывае нармальна. Сілы, дзякуючы вашай дапамозе і клопату ўрачоў, вяртаюцца і падмацоўваюцца. Фізічна сябе адчуваю някепска, а духова — добра.

Перадайце маё прывітанне Станіславу [Багуцкаму ?], Іосіфу [Скур’яту], Баляславу [ксяндзу Баляславу Зайцу], Бабарыкам і іншым маім дабрадзеям, але асабліва ўсім вашым і маім родным [сёстрам эўхарысткам і айцам марыянам].

Для ўсіх прашу благаслаўлення Усемагутнага і шлю маё благаслаўленне.

 

Шчыра адданы вам Андрэй.

 

[P.S.] Сёння, 4.Х.50., прыйшла ў поўнай захаванасці пасылка з Браслава ад імя Юдыты Шкляневіч. Мяркую, што яна была выслана з вашай ініцыятывы. Перадаю вам і тым, хто прыслаў пасылку, глыбокую ўдзячнасць. А. Ц.


  1. Маецца на ўвазе арышт кс. Люцыяна Паўліка і кс. Юзафа Францкевіча, а таксама патрэба кс. Баляслава Зайца хавацца ад савецкіх уладаў.

 

№ 4

[Чукша], 5.1. [19]51.

Дарагая с. Апалонія!

Не ведаю, як табе і ўсім маім дабрадзеям аддзячыць за вашыя клопаты пра мяне недастойнага. Пасля майго апошняга ліста ад паловы кастрычніка я атрымаў ад вас ужо чатыры новыя пасылкі: 28.Х. — ад імя Пабыцькі Ганны, у якой акрамя прадуктаў былі дзве пары добрых шарсцяных рукавіцаў і пара такіх жа шкарпэтак; 17.ХI. — ад імя Пупін Казіміры, у якой была пара добрых рукавіцаў і ручнік; 20.ХII — таксама ад імя Пупін Казіміры, у якой быў матэрыял для зубных пратэзаў і твой ліст ад 30.ХI.; і нарэшце 4.I. 51 — ад імя Віршуты Ядвігі [сястры эўхарысткі Яніны Віршуты], у якой акрамя сала і цукру, часнаку і папяросаў быў прысланы цэмент для зубоў. Усе чатыры пасылкі прыйшлі цэлымі.

Шчыра і глыбока ўдзячны табе, усім тваім і маім знаёмым ды іншым дабрадзеям за ўсё, што ў пасылках ад вас атрымоўваю. Дзякуючы вашым пасылкам маё здароўе і сілы значна ўмацаваліся. Матэрыял, які прыслалі для зубоў, калі апошнія будуць зроблены, спадзяюся, таксама паслужыць умацаванню майго здароўя. Асабліва я вам удзячны за ягады, якія мне вельмі дапамагаюць. Я карыстаюся імі амаль штодзённа, але вельмі ашчадна7. І мяркую, што іх хопіць да канца сакавіка.

Апошні здымак
а. архім. А. Цікоты з ГУЛАГу
(Чыта, 1948/49 ?).

Прысланы аплатак вельмі мяне ўзрадаваў. Я дзяліўся ім з іншымі 24.ХII і яшчэ буду дзяліцца 6.I. з тымі, хто святкуе па старым стылі, з якімі і я святкую, хоць маліўся і святкаваў разам з вамі. Таксама глыбока мяне кранула ваша памяць пра мяне 30.ХI. [дзень св. Андрэя — імяніны архім. А. Цікоты]. Я вельмі вам удзячны за ўсе вашыя пажаданні, малітвы і клопаты, прынесеныя Усемагутнаму ў дачыненні да мяне недастойнага.

За ўсе вашыя клопаты пра мяне магу толькі штодзённа маліцца за вас жывых і за ўсіх вашых блізкіх памерлых. Мае найлепшыя пажаданні для вас, асабліва на гэты Новы год, хачу несці Усемагутнаму, што і раблю. Вельмі прашу цябе пры першай магчымасці перадаць гэтую маю ўдзячнасць усім маім дабрадзеям.

Стан маёй нагі, на жаль, не паляпшаецца. У мінулым 1950 годзе шэсць разоў паўтараўся тромбафлебіт (запаленне венаў) і тэмпература сягала іншы раз пад 40о. Дзякуючы медыкаментам тэмпература цела хутка ападала, але мясцовае запаленне доўжылася цэлымі тыднямі. Хвароба гэтая не такая ўжо і цяжкая. Асабліва, калі ляжыш, болю бадай што і не адчуваеш. Але ўся небяспека схаваная ў тым, што тромб можа дайсці да сэрца і тады настае імгненная смерць. Але ж да такога зыходу ўсе мы павінны быць гатовыя, бо з тых ці іншых прычынаў ён чакае ўсіх нас. Я думаю пра яго не толькі спакойна, але нават з радасцю, і толькі прашу Усемагутнага, каб гэты зыход быў згодны з Яго воляю. Другая нага таксама ацякае, але непараўнальна менш за хворую. Гэта сведчыць пра слабасць сэрца. Агульны стан здароўя за апошнія чатыры месяцы, дзякуючы вашым клопатам, значна палепшыўся і ўмацаваўся. І калі будзе Божая воля, то з тромбафлебітам і ацёкамі ног можна доўга жыць. Малюся Богу, каб я быў заўсёды гатовы і да аднаго і да другога. У маіх умовах правесці лячэнне, пра якое ты пісала, амаль немагчыма. Хоць вялася размова пра аперацыю і мяне тут лечаць па меры магчымасці, аперацыі, аднак, пакуль што рабіць не збіраюцца.

Прашу ў наступнай пасылцы прыслаць крыху пшанічных сухароў [размова ідзе пра імшальныя камуніканты]. Сухары, якія былі прысланыя 20.ХII., аказаліся занадта цвёрдымі. Дзве першыя партыі былі вельмі добрыя — лёгка ламаліся і таялі ў роце без размочвання. А гэты перасушаны хлеб з апошняй пасылкі, відаць, слаба падняўся, і склалася ўражанне, што ў ім ёсць нейкая здоба (масла?). Важна, каб хлеб быў без усялякіх дамешкаў, здобы і добра падняўся, тады сухары лёгка ламаюцца і таюць без размочвання, што мае істотнае значэнне для здароўя8.

Вельмі вам удзячны за вітаміны і за каробку з пластмасы9. Яна мне, безумоўна, прыдасца. Але каробка патрэбная значна меншых памераў. Калі дзе ўбачыце такую маленькую — прышліце. Зрэшты, гэта не так пільна. Вітаміны можна прысылаць у той упакоўцы, у якой яны прадаюцца, хоць бы нават і ў шкляных бутэлечках. Мы тут не захоўваем пры сабе шклянога і жасцянога посуду, калі ён пусты. Але прысылаць прадукты можна і ў посудзе з жэсці (напрыклад, масла Юдыта прыслала ў жасцяным посудзе, і я атрымаў яго цалкам).

Дарэчы, Варонька Ганна, сястра Альжбэты, прыслала мне ліст ад апошняй.

Прашу ад мяне падзякаваць Альжбэце за гэты ліст, бо адказаць ёй непасрэдна з вядомых прычынаў не магу. З тымі, хто выехаў у Польшчу, мы можам перапісвацца толькі праз вас. Я ўдзячны Ганне за яе дапамогу і добрыя пажаданні.

З прысланых вамі канвертаў і марак засталася толькі адна, якую цяпер, з гэтым лістом да вас, і выкарыстоўваю. Астатнія давялося даць сутаварышам. Не забудзьце, калі ласка, у наступнай пасылцы зноў даслаць пару канвертаў і маркі. Вялікі дзякуй за сшытак і аловак. Ліст гэты пасылаю, карыстаючыся аказіяй. У сваім адказе не трэба пісаць, як вы яго атрымалі10.

Мой адрас пакуль што стары: п/я 215/1-040.

Усім шлю шчырае прывітанне і прашу благаслаўлення Усемагутнага.

 

Ваш усім сэрцам Андрэй.

 

P.S. Не забудзьце ў наступным лісце напісаць, калі ў гэтым 1951 годзе будзе Вялікдзень, як па новым стылі — каталіцкім абрадзе, так і па старым усходнім абрадзе, які святкуем у адзін час з праваслаўнымі.


  1. Падобна, што а. А. Цікота цэлебраваў св. Імшу штодня.
  2. Такім чынам архім. А. Цікота гаварыў, што сухары з дамешкам масла не зможа выкарыстоўваць, бо гэта рабіла б св. Імшу несапраўднай.
  3. Размова ідзе пра каробку, у якой можна было б захоўваць Найсвяцейшы Сакрамэнт.
  4. Па ўсім відаць, што гэты ліст архім. А. Цікота выслаў, абмінаючы лагерную цэнзуру.

 

№ 5

[Чукша], 20.IV. [19]51.

Дарагая сястра Апалонія!

Пасылаю новы адрас для лістоў:

Иркутская обл., Шиткинский р-н, п/о Ново-Чунка, п/я 215/2-040. Цикота Андрей Феликсович.

Для пасылак застаецца ранейшы адрас:

Иркутская обл., Алзамайский р-н, п/о Чукша, п/я 215/1-040. Цикота А. Ф.

Перадай гэтыя адрасы Бабарыкам ды іншым зацікаўленым.

Атрымаў пасылкі[:] 1.III з Бабарыкаў; 4.IV. ад вас і 15.IV. з Ярмолава і лісты твае ад 28.II. і 13.III. і ад Лісоўскай С. А. ад 19.II.

За ўсё глыбокая ўдзячнасць усім. Малюся за ўсіх.

 

Ваш усім сэрцам Андрэй.

 

№ 6

[Нова-Чунка], 1 мая 1951.

Дарагая с. Апалонія!

Пасля майго апошняга ліста я атрымаў: 1.III.51. — пасылку з Бабар[ыкаў] і ліст ад Стэф. Ліс[оўскай]; 4.IV.51 — пасылку ад вас і ў розны час два тваіх лісты ад 28.II. і 13.III, і, нарэшце, 15.IV. — пасылку ад ярмолаўскіх калгаснікаў [парафіянаў] ад імя А. Варонькі. За ўсе пасылкі, велікодныя віншаванні, і асабліва за вашыя клопаты і малітвы, выказваю вам і ўсім маім дабрадзеям глыбокую ўдзячнасць і прашу перадаць яе Бабарыкам і Ярмолаву.

Ты просіш, каб я маліўся за вас. Але ж гэта мой прамы абавязак. Я памятаю пра вас і пра ўсіх маіх друйскіх парафіянаў у часе ўсіх маіх малітваў. І гэтак раблю нязменна яшчэ з часоў майго ад’езду з Друі, а тым больш цяпер, калі вы сталіся маімі дабрадзеямі.

Асабліва памятаў пра вас 10.III. і 25.III. і спадзяюся, што ваш адпачынак прайшоў добра, без асаблівых клопатаў11. Цешуся разам з вамі за вашую моладзь і перакананы, што старэйшыя не будуць апошнімі. Я захоплены вашай самаахвярнасцю, калі чытаю пра Турмонты ці Краславу, саначкі і дарогу да Бальбінава і г.д. Адначасна вельмі непакоюся, што вы сябе крыўдзіце і не беражэце, каб толькі нам дапамагчы. Шчыра ўдзячны вам за ўсё, але трэба быць разважлівымі і не забываць, што вашыя сілы і сродкі абмежаваныя.

Я цешуся, што ты не губляеш унутранага спакою, і ўпэўнены, што калі не будзе каму даць добрую параду, то няхай шлях вам пакажа Той, Хто разумней за ўсіх. Лічу, што ты зрабіла правільна, калі вы 19.III. засталіся дома. Твае маюць рацыю, што цябе затрымалі. Мяне хвалюе лёс траіх тваіх знаёмых [асобы не ўстаноўлены], але маю надзею, што яны зноў жывуць з вамі.

Сухары вельмі добрыя — дзякуй вялікі. Мне іх цяпер хопіць надоўга.

Упакоўка пасылкі таксама была вельмі добрая. Масла не аддае покастам, і цукар не прамок. Шкада толькі, што вам не ўдалося знайсці ягадаў. Калі знойдзеце — прышліце. Тое, што прыслалі замест ягадаў, нядрэннае, але з ім многа валакіты. Перш за ўсё патрэбны дазвол урача. Гэтым разам усё прайшло спакойна. Глюкоза — добрая рэч, але купляць яе спецыяльна няварта. Удзячны за прысланыя каробачкі — яны мне прыдаліся [маецца на ўвазе каробка для захоўвання Гостыі]. Вы распытваеце пра маю працу: працаваў яшчэ мала, ды і праца была па маіх сілах. Я ж — інвалід, а мой тэрмін зняволення такі ж, як І. ці Л.12. Да гэтага моманту я трымаюся нядрэнна, хоць і знаходжуся ў бальніцы. З-за карбункула мне рабілі на спіне аперацыю. Кажуць, што ўрачы баяліся за маё жыццё. Але я перанёс даволі лёгка і аперацыю, і перыяд выздараўлення. Ужо нават дапамагаў працаваць у канцылярыі і чакаў, калі мне зробяць зубныя пратэзы. На жаль, з 17.III. я зноў у ложку. У мяне выявілі востры радыкуліт і ішыяс, як у нас кажуць, — гэта востры боль паясніцы і сцёгнаў. У асабліва цяжкім стане знаходзіўся ад 17.III. да канца сакавіка. Цяпер ужо лягчэй, хоць не вельмі магу яшчэ сядзець і ледзь-ледзь рухаюся. Боль часткова перайшоў у правае плячо.

Чакаю сонейка. Спадзяюся, што яно мяне вылечыць. У нас пакуль яшчэ халаднавата, і таму мне на паветра выходзіць пакуль не дазваляюць.

Не саромейся, што ты яшчэ не навучылася правільна пісаць па-руску.

Ліст твой я добра разбіраю і ўсё разумею. Вельмі чакаю тваіх лістоў.

Я перакананы, што ты атрымала мой апошні кароткі ліст, у якім я даслаў новы свой адрас для лістоў. Для пасылак адрас застаецца ранейшы. Ярмолава і Бабарыкі на пасылках няправільна пішуць нумар паштовай скрынкі: 215/1-022, а трэба пісаць п/я 215/2-040, а ў астатнім для пасылак усё па-старому. Адрас для лістоў: Иркутская область, Шиткинский район, п/от. Ново-Чунка, п/я 215/2-040.

Не забудзьце ў пасылку пакласці яшчэ пару канвертаў і сшытак. Тыя, што вы прыслалі, зноў давялося раздаць тым, хто не меў.

Яшчэ раз удзячны вам за ўсё і прашу для вас Божага благаслаўлення.

 

Ваш усёй душой а. Андрэй

 

P.S. Яшчэ раз прашу перадаць маю ўдзячнасць ўсім, Бабарыкам, Стэф., Лісоўс. і Ярмолаву, А. Вароньку.


  1. Верагодна, архім. А. Цікота меў на ўвазе рэлігійныя справы і дапамогу святарам-вязням, пра якіх Апалонія Пяткун як настаяцельніца сясцёр эўхарыстак пісала з Друі.
  2. Кс. Язэп Францкевіч і кс. Люцыян Паўлік таксама, як і архім. А. Цікота, атрымалі 25 гадоў лагераў.

 

№ 7

[Нова-Чунка], 5 ліпеня [19]51 г.

Дарагая с. Апалонія!

На пачатку чэрвеня я атрымаў твой ліст, які ты пісала ў дарозе і за які я глыбока табе ўдзячны. Шкада, што дзядзька Антон [кс. дэкан Антон Зянкевіч з Глыбокага] так доўга хварэў, але маю надзею, што да гэтага часу ён ужо паправіў сваё здароўе. Пры нагодзе перадай яму ад мяне шчырае прывітанне. Я вельмі хацеў бы ведаць, дзе знаходзяцца Тамаш [Падзява] і Язэп [Германовіч]. Мы між сабою не перапісваемся. Шкада, што пасылкі да іх вярнуліся. Чакайце ад іх новых лістоў. Дзякую за вестку пра нашых родных [айцоў марыянаў і сясцёр эўхарыстак з Друі], якія выехалі ў Варшаву.

Гэта добра, што яны там жывуць і дастаткова някепска працуюць. Але вы вельмі добра зрабілі, што засталіся на Бацькаўшчыне і працуеце сярод сваіх братоў і для сваіх братоў13. Місіі Яна і Веранікі14 вельмі высокія, і Усемагутны дапаможа вам іх выканаць. І будзьце ўпэўнены, што Ён вас ніколі не [пакіне] і будзе вам найлепшым настаўнікам.

Хто драбнее, а хто расце, цяпер сказаць цяжка. Пра гэта не турбуйцеся. Важна, каб добра выканаць той абавязак, які нам дадзены. Тым сёстрам эўхарысткам з Беларусі, што выехалі [ў Польшчу], перадайце маё прывітанне і маё запэўненне, што я пра іх таксама помню і ў сваіх малітвах.

Пра пасылку А. Варонькі я ўжо пісаў. Пасля майго апошняга ліста атрымаў: 30.V.51. — пасылку з Мінейтаў ад Юльяна Пушкеля; 25.VI.51 — адну з Друі ад М[агдалены] Мароз, другую з Бабарыкаў ад Пуніна Казіміра. Усе пасылкі прыйшлі цэлымі. Прыміце ад мяне глыбокую ўдзячнасць і перадайце яе разам са шчырым прывітаннем усім маім дабрадзеям. Яны, напэўна, ведаюць, што мне было б прыемна напісаць ім кожнаму паасобку. Але зрабіць гэта я не магу. Не забудзьце ні Бабарыкаў, ні Мінейтаў, ні Ярмолава, ні іншых.

Я вельмі ўдзячны за ўсё, што вы прыслалі: і за сала, і за каўбасу, а таксама за цукар і здобныя сухарыкі ці пячэнне, але асабліва — за ягады. Цяпер мне іх і сухароў хопіць надоўга, тым больш што цяпер карыстаюся імі досыць рэдка15.

Удзячныя вам і мае сутаварышы, з якімі, разам жывучы, нельга не падзяліцца. І курцы дзякуюць вам за папяросы і табаку.

Дарагая Апалонія, я заўсёды баюся, што вы самі сябе не ашчаджаеце і шмат у чым сабе адмаўляеце, каб толькі нам дапамагчы. Будзьце разважлівымі і не крыўдзіце сябе.

Ты мне прапаноўвала ў адным з лістоў глюкозу. Гэта дае смеласць прасіць вас прыслаць мне хоць зрэдку адну ці дзве баначкі згушчонага малака замест глюкозы. Сала можна прысылаць менш, чым вы прысылаеце. Хоць я ім і так заўсёды карыстаўся асцярожна, але апошнім часам ужываю яшчэ менш. Пасля перанесенай высокай тэмпературы апетыт знік і змяніўся. Мне вельмі карысныя здобраныя сухарыкі, але толькі не вельмі тлустыя.

Хтосьці прыслаў на мой рахунак адзін раз — 400 руб., другі раз — 200 руб. Грошы прыйшлі праз фінансавы аддзел, і наша кантора не магла назваць мне адрасата. Калі ты ведаеш, хто гэта прыслаў, перадай ад мяне сардэчную ўдзячнасць і скажы, што наступным разам лепш няхай прышлюць харчы, хоць бы таго ж згушчонага малака ці банку згушчонай какавы і г. д.

З гэтых грошаў 200 руб. я запісаў на дзяржаўны займ, а іншыя 400 руб. пакуль ляжаць на маім рахунку, і не ведаю, калі змагу пачаць імі карыстацца.

Дарагая Апалонія, пра ўсё (малако, сухарыкі) пішу табе, каб ты ведала пра маё становішча і тое, што можна зрабіць без асаблівых цяжкасцяў, зрабіла.

Скажы пра гэта тым, каму можна. Іншыя няхай таксама пасылаюць, што могуць, бо ўсё спатрэбіцца. Безумоўна, без усяго гэтага можна абысціся і жыць, як жывяце вы ды многія іншыя. Можна таксама жыць, як жылі айцы ў пустыні. Можна жыць з чорным сухаром (свежага хлеба ем вельмі мала) і з вадой, а нам, акрамя хлеба, даюць належную нам ежу... Таму яшчэ раз прашу — не ўскладняйце сабе занадта жыццё.

Нядзелю паўтары таму я перанёс рожу твару ў вельмі цяжкой форме. Тэмпература была высокай на працягу некалькі дзён, і кажуць, што мяне цяжка было пазнаць. Цяпер усё прайшло: хвароба амаль не пакінула следу. Вось толькі апетыт і страўнік яшчэ працуюць не так, як трэба. У агульным плане здароўе маё ў такім стане, пра які я вам пісаў у маім апошнім лісце. Хадзіць пакуль што не магу, сяджу з вялікімі цяжкасцямі. Але калі ляжу, то цяжкасцяў і болю амаль няма. Урачы запэўніваюць, што ўсё будзе добра. Але я маю чамусьці іншае прадчуванне: спадзяюся выключна на Усемагутнага і падуладны Яго волі.

Нешта я занадта многа распісаўся пра розныя харчы і сваё здароўе. Нават сорамна стала, бо разумею, што ў вас і сваіх клопатаў ды праблемаў хапае і без мяне. Хоць ты і пісала ў адным з лістоў, што вы перасталі хварэць, але, думаю, і ў вас без хваробаў не абыходзіцца.

Малюся за вас і за ўсіх парафіянаў ды за маіх дабрадзеяў штодня. Як толькі ўмею, прашу Бога, каб Ён дапамагаў вам ва ўсіх вашых клопатах і праблемах і добрых вашых справах.

 

Ваш усім сэрцам у Хр[ысце] Андрэй.

 

Новы адрас для лістоў і пасылак: Иркутская обл., гор. Тайшет, п/о Ново-Чунка, п/я 215/2-038.

 

P.S. Маё прозвішча заўсёды пішацца праз літару «Ц»: Цікота. Мянейты напісалі «Тикота», і з гэтай прычыны была невялікая валакіта, а іншым разам пасылку наогул могуць вярнуць.


  1. Архім. А. Цікота быў задаволены, што частка сясцёр эўхарыстак засталася на Беларусі і па-ранейшаму вяла місійную працы сярод беларусаў.
  2. Рэлігійную дзейнасць сясцёр эўхарыстак ён прыраўноўвае да апекі св. Яна над Марыяй і да таго, што зрабіла Вераніка, якая выцерла твар Езусу Хрысту.
  3. Архім. А. Цікота такім чынам інфармаваў, што не мае магчымасці так часта, як раней, цэлебраваць св. Імшу.

 

№ 8

[Нова-Чунка, лістапад] 1951.

Дарагая сястра Апалонія!

Пішу каротка. Больш падрабязны ліст спадзяюся напісаць толькі ў студзені будучага года.

Пасля майго апошняга ліста ад 5.VII.51 я атрымаў 4 пасылкі: ад імя Мароз М. Гр. — 5. VIII., другую — 29.VIII. ад імя Кадзішэўскай Юз. Вік. — 22.IX., і ад імя Заракоўскай Тэк. Ал. — ад 27.Х.51.

І прыйшлі яшчэ чатыры твае лісты: ад 8.VIII.; 26.VIII.; 7.IX. і 15.IX. Пасылкі атрымаў цэлымі, ніхто іх не распакоўваў. За ўсе пасылкі і лісты вялікі-вялікі дзякуй. Удзячны табе і ўсім, хто ўдзельнічае і звязаны з высылкай пасылак, а таксама за вашыя клопаты пра Язэпа [Германовіча] і Тамаша [Падзяву]. Няхай благаславіць вас і ўзнагародзіць Усемагутны. Штодня малюся за ўсіх.

Мяне вельмі засмуціла твая хвароба і чуткі пра намеры айчыма16. Дарагая сястрыца, будзь разважлівай і беражы свае сілы. Не для сябе — для іншых. Менш трэба ездзіць. Пра Кемераўскую вобл. і адведванне мяне нават і не думай. Калі б і прыехала, то мяне ўсё роўна б не ўбачыла. А ў Кемераўскай вобл., калі і ўбачыш, то гэта не прынясе той карысці і сатысфакцыі, якія былі б платаю за панесеныя высілкі і расходы. Але найбольш істотнае тое, што такія падарожжы падарвалі б яшчэ больш тваё здароўе і пакінулі б сям’ю [супольнасць сясцёр эўхарыстак у Друі] без маці [настаяцельніцы] на працяглы час.

Непакоюся з тае прычыны, што могуць быць нават непрыемнасці і з боку айчыма. Беражы здароўе, сядзі больш дома і не пакідай сваіх дзетак.

Я вельмі рады, што вашыя адносіны з дочкамі і роднымі, якія выехалі ў іншыя гарады, пасля кароткага непаразумення выкіраваліся на добры шлях17. Зразумела, што тым з дочак, хто выехаў, трэба даць больш самастойнасці, але трэба падтрымоўваць цесныя сувязі і адзінства з маці [настаяцельніцаю]. Мяркую, што ты паступіла правільна, таму што ўсё якраз і закончылася добра. Мяне ўсцешыў ліст малодшых тваіх дачок [сясцёр эўхарыстак], якіх я не бачыў, а таксама ліст с. Віршуты [сястры Ядвігі Віршуты].

Я вельмі ім удзячны. Віршуту я бачыў на Бялянах. Не магу не радавацца, што яны ўсе такія бадзёрыя і смела крочаць па жыцці. Смерць дарагога бр. Антона18 мяне вельмі засмуціла. Але я ўпэўнены, што яму яна прынесла вечны супакой і шчасце. Прызнанне народа — гэта першы доказ яго вялікай духовай дабрыні і самаахвярнасці.

Ты была на Зыгмунтоўскай і не напісала мне, ці жывуць там мае сваякі з Летувы [летувіскія айцы марыяне] і хто жыве? Напішы мне іх дакладны адрас, калі яны жывуць там ці на іншай вуліцы.

Дарагая сястра, у мяне да цябе яшчэ адна просьба. Да гэтага часу зубныя пратэзы для мяне не зрабілі, бо з сакавіка месяца я не мог хадзіць да зубнога. Усе матэрыялы захаваліся, але аказалася, што мне не хапае для пратэзаў зубоў — давялося вырваць зубы, якія ўжо рухаліся. А са старых пратэзаў частка прапала. Калі зможаш, то як мага хутчэй прышлі мне набор зубоў для верхніх і ніжніх пратэзаў = 32 зубы. Зубны ўрач будзе ведаць, якія зубы вырваць.

Мае пазванкі крыху ўмацаваліся. Калі згінаюся, то ўжо баліць менш. Хаджу па палаце і калідоры. А іншы раз выходзім на кароткі час на сонейка. Але ў мяне выявілі яшчэ іншую хваробу — запальную вадзянку ў кішэчніку (полісеразіт). Тэмпература ад яе была невысокая. На шчасце, цяпер і гэта хвароба паступова адступае і мне з кожным днём лягчэй. Апетыт робіцца нармальным. Тлушчы арганізм засвойвае добра. Вось толькі салодкія рэчы прымушаю сябе есці з вялікімі цяжкасцямі. Але доктар мне кажа, што есці іх трэба абавязкова.

Дзякуй вам за ўсё, што прыслалі ў пасылках. Варэнне, хоць і смачнае, на жаль, займае многа месца. Вялікі дзякуй за малако. Але калі яго цяжка набыць, то вельмі прашу — не турбуйцеся. Калі можна лёгка дастаць, то прышліце, хоць зрэдку, кансерваванага таматнага соўсу. Яго кіслотнасць мне якраз падыходзіць.

Усім перасылаю сардэчнае прывітанне.

Перадай прывітанне Ле[ўшы] і Божае благаслаўленне для вас.

 

Ваш усім сэр[цам] Андрэй.

 

P.S. Не забудзьце пра часнок, цыбулю і аловак.


  1. Размова ідзе пра савецкія ўлады і рэпрэсіі.
  2. Меліся на ўвазе сёстры эўхарысткі, якія выехалі на місійную працу ўглыб Савецкага Саюза.
  3. Кс. Антон Зянкевіч з Глыбокага, даўні сябра а. А. Цікоты з часоў сумеснай працы ў Друі.

 

Публікацыя і пераклад з расейскай мовы
Юрася Гарбінскага.

Гл. таксама:
Юрась ГАРБІНСКІ: «ШЛЮ ПРЫВІТАННЕ З ДАЛЁКАЙ СІБІРЫ...» ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY