|
БАЦЬКА
М. Пархімовічу
Адвечна круцілася з небам ў хаўрусе
няўхільнае часу кола,
спусціўся аднойчы на дол Беларусі
Святы Цудатворац Мікола.
Ўраджаем багатым тады адарыў
жнівень сялянскую ніву,
і густа наўсцяж над зямлёю плыў
пах хлеба і яблык шчымлівы.
Як ведама, смяжыць і ў горле святых —
зайшоў стары ў дом напіцца…
І трэба ж было, каб у той самы міг —
дзіцю даў там Бог нарадзіцца.
Яго на руках святы лёгка ўзняў,
шапнуў ціха нейкія словы,
і ў лоб немаўлятка пацалаваў,
пакінуўшы знак адмысловы.
І раптам малы — ад роду хвіліна! —
ўсміхнуўся шчасліва і светла!..
Мікола ж святы ў сваім руху няспынным,
як прывід, растаў у паветры.
Таго, хто пабыў у святога руках,
вядома ж, назвалі Міколам,
і рос ён на радасць і шчасце бацькам,
хоць быў зусім не анёлам.
З часоў тых шматкроць расцвіталі сады...
Малы той з далёкай вёскі
даўно стаў дарослым, ды меў заўжды
спрыянне святога цёзкі.
Жыццё сваё зладзіў як мае быць —
сям’я, дом і праца ў радасць,
мінулі гады — ён паціху забыў,
хто хросны яго сапраўдны.
Ды вось яму неяк прысніўся сон,
што з неба спусціўся ў госці
Мікола святы... І сказаў быццам ён:
«Прасі чаго хочаш, хроснік!»
Задумаўся тут наш зямляк усур’ёз,
бо звычкі не меў ніколі
ў неба самога прасіць наўпрост
сабе хоць якой патолі.
Такога ў жыцці не чакаў пачуць!..
Ды мовіў годна на дзіва:
«Бадай, аднаго толькі я хачу —
шчасця маёй Радзіме!
Пра гэта марыў і продак мой,
і свой тэстамэнт пакінуў:
“Нашчадкі мае, ахвяруйце сабой
за волю краіны мілай!”»
Здзівіўся святы: «Бач, свядомы які!
Шчасце ж не сеюць з неба!
Яго праз пакуты, нягоды, вякі
самім узрасціць вам трэба!..
Таму, калі станеце ўрэшце вы
народам з уласным тварам,
то й волю зможаце лёгка здабыць,
такую, як продак твой марыў!»
Прамовіўшы, знік наш святы, бы цень..
Хросніка думаць змусіў...
А навакол прачынаўся дзень —
новы для Беларусі!..
17.08.2007 г.
|