|
|
|
№
1(59)/2012
Дакументы Апостальскай Сталіцы
Пасланне Святога Айца Бэнэдыкта XVI на Сусветны дзень міру
ВЫХАВАННЕ МОЛАДЗІ ДЛЯ СПРАВЯДЛІВАСЦІ І МІРУ На кніжнай паліцы
БЭНЭДЫКТ XVI. СВЯТЛО СВЕТУ: ПАПА, КАСЦЁЛ І ЗНАКІ ЧАСУ
Размова з Петэрам Зэевальдам Пераклады
Ad Fontes
Вера & Socium
Галерэя
На шляху веры
Постаці
Хрысціянская думка
Спадчына
У святле Бібліі
На кніжнай паліцы
Паэзія
Проза
In memoriam
Пра вечнае...
|
ЛІСТЫ ДА КС. АДАМА СТАНКЕВІЧА
Ад айца Андрэя Цікоты Рым, 19.ХІ.1933 г. Даражэнькі! Думаю, што Ты на мае ўвагі ўжо не чакаеш, бо вельмі я з імі спазніўся. Бачыш, мае ногі моцныя і «stante pede» доўга цягнулася, бо меў многа другіх пільных спраў. Калі, аднак, ваша цярплівасць яшчэ мацнейшая, і вы яшчэ чакаеце, то будзьце ласкавы звярнуць увагу і на мае папраўкі. Некаторыя з іх няважныя, але некаторыя маюць галоўнае значэнне, асабліва гдзе ходзіць аб праўныя рэчы, і так: у §65, дзе мова аб навуцы, трэба дадаць слова «цалком» ці якоясь другое, каб было ясна, што вучыцца саўсім не забаронена, толькі каб гэта ўсё было рэчай галоўнай; у §76 — ходзіць аб тое, каб не абцяжаць абавязкамі (напрыклад, даўгамі) сваёй маёмасці, ані сябе; у §77 слова «ўласнасць» выкінуць, бо яно нязгодна з канонамі і Канстытуцыяй. Навіцыянт не можа сваёй маёмасці нікому аддаць на ўласнасць, а тым больш закону, а толькі [стварыць] адміністрацыю і карыстанне; выкінуць то ж слова «а самому», бо ўводзіць няяснасць, а ўставіць «і», і далей не «распараджацца», а «распарадзіцца» — адзін раз. Першага аркуша я яшчэ не перагледзеў, але да «erratou» яшчэ паспею даць адказ. Даражэнькі, хоць гэта зацягне справу, але будзь добры прысылаць і далей да перагледжання, бо некаторых рэчаў прапусціць не можна. Было б надта добра, каб да Каляд усё ўдалося надрукаваць, бо ў палавіне студня выязджаю ў Амерыку, і тады ўжо перасыланне будзе немагчымае, ды ў Амерыку хацеў бы ўзяць з сабой ужо гатовую, бо там ёсць украінцы, і ім бы наша Канстытуцыя, пераложаная на беларускую мову, прыдалася. З гэтага, што я перагледзеў, бачу, што Юзюк перавёў крыху засвабодна і задалёка ад тэксту лацінскага, але гдзе гэта сэнсу не змяняе, дык такой бяды; — сцісла перавесці нялёгка. Напішы часам, што ў вас чуваць? Як жывецца ў новай хаце? Тое, што ў мяне дзеіцца, цябе, пэўна ж, не цікавіць. Раджу, пішу, хаджу з візытамі да рожных вялікіх рыбаў — ды ізноў пішу, а за сваёй старонухай туга часам бярэ, хоць я і не надта ж тужлівы. Прывет усім знаёмым і Полацкай — Ваш Андрэй. P.S. Успомніце часам мяне ў малітвах.
Ад айца Андрэя Цікоты Рым, 15.ХІ. 1936 г. Вельмі паважаны ксёндз-рэдактар Адам Станкевіч у Вільні! Дарагі! Вельмі мне цяжка даваць на Тваё пісьмо з 2.ХІ.[1936] негатыўны адказ, але інакш зрабіць не магу. Патрэба каталіцкай акцыі ясная і зразумелая, але я яшчэ ясней віджу, што кс. Я.Г.1 не можыць быць ані яе старшынёй, ані духоўным асыстэнтам, на каторага найчасцей спадае ўся праца. Маю жаль да вас, а найбольш да цябе, што, не лічачыся ані са здароўем Я.Г., ані з нашым палажэннем, уцёгваеце яго ў грамадзянскую работу і ў дэлегацыі. 1-е. Ты не відзеў тых пасвядчэнняў аб здароўю Я.Г., каторыя далі яму харбінскія лекары. Ты не бачыў, якім ён з Харбіну вярнуўся, і цяпер не знаеш добра, у якім стане ёсць яго здароўе. Дай Божа, каб ён змог споўніць абавязак супэрыёра і прэфэкта ў маленькім віленскім доме, выспавядаць пару асоб, ды памаленьку скончыць пачатыя пісанні. На пастаянную грамадзянскую работу, на сталага асыстэнта якойсь арганізацыі, ды яшчэ пры яго тэмпэрамэнце, яму, напэўна, сіл не хваціць. У яго ж пастаянныя болі галавы, бяссонніца, ён жа мусіць сабіраць усю сілу волі, каб паўстрымаць свае нэрвы ў малейшай макулінцы, каторая яму не адпавядае. Я маю выкіды сумлення, што не мог даць яму на год прынамсі свабоды ад усялякіх заняткаў і абавязкаў, а вы яго ўцягваеце ў грамадзянскую работу ў віленскіх абставінах… Не дзіўлюся, што Я.Г. часцічна даўся ўцягнуць у гэту справу, бо ж гэта яго марэння — яго міласць, але вы, выкарыстоўваючы яго наклоннасць і жарлівасць, не бачыце, як яго здароўе дабіваеце. 2-е. Абавязкі супэрыёра Дому і прэфэкта законных клерыкаў пры адзіным ксяндзу ў Доме ёсць такія, што і здаровы чалавек не можа на сябе браць абавязкаў хоць бы і невялікай, але пастаяннай грамадзянскай работы. 3-е. Вы то ж не бярыцё пад увагу нашага палажэння, асабліва ў Доме Віленскім. Малая рэч, найсвяцейшая сама ў сабе, робленая не ў сваім часе, можыць сапсуць работу многа свяцейшую, робленую ад фундамэнтаў і аблічаную на далёкую прышласць дзеля хвалы Божай і карысці душ людзкіх. На акцыю каталіцкую даўно ўжо пара, але Я.Г. у яе ўцягаваць не можна! Sapienti sat!2 Даражэнькі, каб я мог хоць 20 зл.[отых] штомесяц пасылаць сваім у Вільню ці ў Друю на цукар ці кніжкі, быў бы вельмі рад, а Ты ад мяне хочыш 100 зл.[отых] у месяц на Х.[рысціянскую] Думку. Бог мацнейшы ад слабых яшчэ <...> Ён вам напэўна паможа! Шчыра адданы ў Хрысце Твой Андрэй.
Ад Міхася Машары Таболы, 8.Х.1936 г. Вельмі, Вельмі Паважаны Ойча Адаме! Учора атрымаў ад Вас кніжку «Teorja Literatury» — шчыра дзякую! Здаецца, у ёй знайду шмат новага і цікавага для сябе. Пачынаю пакрыху яе грызьці і знаходжу, што аснаўны закон больш-менш мне ўжо вядомы, але затое яснасць і шырокасць вывучання тэорыі формы і тэхнікі мяне захоплівае і дзеля гэтага цешуся, што пабагацее мой кругазор у гэтай галіне. Вось ужо другі тыдзень жыву дома. Пакуль што маю абсалютны спакой. Думаю, што ліст Буйніцкага зрабіў сваё… Але затое меў аж дзьве візыты пана Добжанскага (таго з Kur. Poran.). Думаю, што ён «легавы», але высокай маркі. Гэтым разам не было жадных прапазык, ані вершаваных, ані супрацоўніцтва. Заязджаў «па дарозе». Вельмі бедаваў і разводзіўся над маім жабрацкім жыццём, а калі забачыў, як я капаю бульбу і цягаю мяшкі, дык перапалохаўся і, развітываючыся, казаў, што такі стан рэчаў не можа трываць далей; кінуў абяцанку, што ён мне дастане «добрую пасаду». Але буду спадзявацца, што гэты пан больш не прыедзе. Апошняя яго візыта была ізноў у прысутнасці Пачопкі (які прывозіў мне дровы), і мы яго нялюдзка выкпілі. Адтрымаў пачтоўку ад Буйніцкага, які паведамляе, што мая справа адносна працы для мяне ў Вільні зусім на добрым шляху, і ёсць 70% за тое, што яе атрымаю ў шпіталю. Не вельмі мне хочыцца прымаць гэту ласку, тым больш, што Буйніцкі тут толькі пасярэднікам. Вырашае справу п. Добачэўскі, але другога выйсця не маю, бо запраўды я заходжу ў нейкі сляпы тупік, як з боку матэрыяльнага, так і духовага. Пісаць пакуль што нічога не пішу. Заняты працай фізічнай і неяк, па пабыце ў Вас, не магу адшукаць запраўднага самога сябе. Да ўсяго яшчэ стаіць такая слякаць і дажджы, што на душы цёмна і цяжка. Але пашто Вас заражаць сумуючым настроем васенняй слякаці! Дзеля таго бывайце здаровы і вясёлы! Жонка і дачка дзякуюць за цукеркі і іншае, засылаючы разам са мной шчыры прывет. З глыбокім паважаннем. Ваш Міхась.
Айцу Адаму — Міхась.
Публікацыя
Гл. таксама:
|
|
|
|