Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(59)/2012
Дакументы Апостальскай Сталіцы
Пасланне Святога Айца Бэнэдыкта XVI на Сусветны дзень міру
ВЫХАВАННЕ МОЛАДЗІ ДЛЯ СПРАВЯДЛІВАСЦІ І МІРУ
На кніжнай паліцы
Пераклады
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Вера & Socium

ВЫХОДЗЬМА СА СВАІХ МАГІЛАЎ!
Галерэя
На шляху веры

ШТО Ў ПАДМУРКУ?
Постаці

КС. АДАМ СТАНКЕВІЧ
Хрысціянская думка

ЗАНЯПАД ГЛАБАЛЬНАЙ ВЁСКІ
Спадчына
У святле Бібліі
На кніжнай паліцы

ЗБУДАВАЦЬ СВОЙ КАЎЧЭГ
Паэзія

ВЕРШЫ
Проза
In memoriam
Пра вечнае...

Данута БІЧЭЛЬ

ІВАН ЛАГВІНОВІЧ —
ПАЭТ З ПАЛЕСКАГА
ХУТАРА ЗАПРАПАСЦЬ

Думкі падчас перачытвання пасмяротнай
кнігі вершаў «Элегія палескага матыля»
(Мінск, «Кнігазбор», 2011 год).

Час імчыцца хутка. 29 сакавіка мінуў год, як пайшоў у лепшы свет паэт Іван Лагвіновіч, які пад канец жыцця з пратэстанцтва перайшоў у грэка-каталіцтва. Яго пахавалі побач з роднымі ў вёсцы Малькавічы, дзе жывуць і праваслаўныя, і пратэстанты...

 

Іван Лагвіновіч напісаў пра сябе ў кароткай біяграфіі так: «Нарадзіўся я 16 студзеня 1940 году на хутары Запрапасць, за пяць кіламетраў ад сяла Малькавічы Ганцавіцкага раёна... Скончыўшы сем класаў, працаваў увесну і ўвосень — у лясгасе, улетку — у калгасе, а ўзімку — у леспрамгасе... Семнаццацігадовым юнаком падаўся ў Данбас. У горадзе Снежнае скончыў горнапрамысловае вучылішча і стаў шахцёрам. Пасля службы ў войску абраў месцам жыхарства горад Чысцякова, які пазней пераназвалі на Тарэз... Працаваў на шахце, вучыўся ў вячэрняй школе, на курсах грамадскіх карэспандэнтаў... У 1977 годзе медкамісіяй быў прызнаны інвалідам трэцяе групы з прычыны прафесійнага захворвання...З шахты перайшоў на абагачальную фабрыку рамонтным слесарам. У 1990 годзе выйшаў на пенсію і праз год вярнуўся на Радзіму. Жыў нейкі час у Паставах... У траўні 1992 году пераехаў у Баранавічы... У чэрвені 2003 году быў прыняты ў Саюз беларускіх пісьменнікаў... Збольшага, гэта ўсё...».

 

Мы сустракаліся з Іванам Лагвіновічам на магіле Ларысы Геніюш у Зэльве... Але сесці ва ўтульным месцы і паразмаўляць нам не ўдалося... Толькі памятаю ўважлівы, спакойны пагляд яго вачэй...

Ці можна ягоны лёс параўноўваць з лёсам паэткі-пакутніцы? Ларысу Антонаўну з мужам Янкам вывозілі з Прагі па этапах у Савецкі Саюз, у няволю... Іван Лагвіновіч паехаў з роднай хаты, каб шукаць цяжкую, але грашовую працу ў Данбасе на шахце, якая зрабіла яго інвалідам у 37 гадоў, а ўрэшце звяла ў магілу...

Іван у вершах не шкадуе, што шмат сілы патраціў і шмат часу правёў пад зямлёй... Данбасу і Украіне ён прысвячае ўдзячныя вершы.

Іван вярнуўся, як і выехаў, адзін, каб на Радзіме абдымацца з бярозкай, адчуваць усёй істотай, як апёкі дрэва смыляць на яго скуры. Ва Украіне засталася магіла яго жонкі, засталіся жыць дзеці — сын і дачка... Спыніўся там, дзе яму было зручна, дзе ён адчуваў сябе сярод сваіх, дзе яго вершы любілі чытачы альманахаў «Святліца» і «Жырандоль...»

Маю зборнічак Івана Лагвіновіча «Ляда юдолі» з аўтографам паэта:

Дануце Бічэль — з пажаданнем, каб жылося лягчэй, —

Іван Лагвіновіч, студзень, 2005 год.

 

Не падзякавала яму за кнігу з аўтографам, не адразу яе прачытала. Прывёз мне стос кніжак з Баранавічаў Ян Збажына, найболей было кніжак Алеся Корнева, сярод якіх згубіўся шэры маленькі зборнічак Івана...

Алесь Бакач прыслаў мне кнігу Лагвіновіча «Элегія палескага матыля», якая выйшла пасля смерці паэта.

Леанід Галубовіч укладаў вершы паэта ў абедзвюх гэтых кніжках. У сумныя хвіліны ён бярэ сяброўскую апеку над сціплымі зоркамі правінцыі, яго рука, хоць містычна, трымае паэтаў перад іх апошнім скачком у Ясноты...

...Светлыя хвіліны на досвітку я праводжу з вершамі Івана Лагвіновіча. Пакрэсліла, панастаўляла каля іх «птушачак», клічнікаў... Чыстыя слёзы праліваю над выразнымі, простымі радкамі...

Задача паэзіі не толькі здзіўляць новымі метафарамі, бывае, што яны зусім не патрэбныя. Часам трэба ўмець сказаць наіўнымі словамі прымітыўныя рэчы, каб прывітаць адзіную Краіну, якую любіш, а праз шмат гадоў ціха з ёй развітацца... У шахтах Лагвіновіч выпакутаваў гэтую любоў у сваім сэрцы... Паміж цеплыні і спакою раптам разгараецца ў яго вершах полымя — гэта паэт успамінае нешта такое, без чаго і жыцця няма: «Конік мой лугавы, уяўленню явіся, // з пераспелай травы жніўных дзён адзавіся!»

Калі я плачу, выходзіць, што ён напісаў гэтыя вершы і для мяне...

Адыду пакорна ў іншы свет,
дзе няма пранізлівага болю.
Застанецца кветкаю ў траве
ціхая душа мая з табою.
Днём пагодным будуць з яе піць
сонечны нектар чмялі ды восы.
Прыглядайся, каб не наступіць
ні абутаю нагой, ні босай.

Іван Лагвіновіч не шукаў такіх камбінацый са словаў, каб здзіўляць напавал новай магчымасцю іх значэння. Паэт ведаў, што словы самі па сабе дзівы, прамаўляў іх ціха, цешыўся з іх прыгажосці, з таго, як яны, прашаптаныя вуснамі або толькі вачыма, гучаць гэтак моцна, здзіўляюцца і супакойваюцца самі, калі стаяць побач, як жывыя істоты...

Цешыць мяне тое, што мы жылі ў адзін час з такім добрым паэтам, хочацца называць яго братам... Гляджу зноў на здымак у садку святара Яўгена Маліноўскага: на ім Іван сядзіць у цэнтры каля дзвюх прыгожых жанчынаў, адна з якіх трымае маю кнігу, а другая — гітару. Ён падняў акуляры з вачэй на пасівелую галаву— з яснай, шчырай, людскай усмешкай... Ён добра сябе адчувае ў садку ўніяцкага святара, які быў яго спаведнікам... І я добра сябе адчуваю ў гасцях у прыгожай сям’і грэка-католікаў, у «Святліцы», куды мяне запрасілі Алёша і Алена Белыя...

Каб памаліцца слязьмі аб душы паэта, можна пачытаць яго вершы замест малітвы, калі няма магчымасці схадзіць на яго магілу... І дзеля гэтага выдадзена пасмяротная кніга Івана Лагвіновіча!

На хутары Біскупцы ў гасцях у Дануты Бічэль. 29.08.2009 г.

Паэты мараць пра славу пры жыцці і нават па смерці...

Тыя, што жывуць у правінцыі, мараць, каб іх вершы пачыталі сябры, а яшчэ лепей, каб пачытаць сябру свае вершы і каб ад чытання стала светла на душы ім абодвум... І просьба Івана, каб на яго магілу прыносілі кветкі палыну, была зусім не іранічная і не ад заніжанай самаацэнкі, а самая звычайная чалавечая просьба... Палын — такая ж зёлка на нашай зямлі, як і кожная іншая — як жа не любіць гэтую зёлку! Літаратарам, якія жывуць у сталіцы і хварэюць на «зоркавую хваробу», гэта цяжка зразумець. Ніна Мацяш адзін свой зборнічак так і назвала — «Божае дрэўца», як называюць разнавіднасць палыну ў Ніўках каля Белаазёрску. Іван Лагвіновіч апявае зёлкі і дрэвы, птахаў і матылёў зямлі, па якой ходзіць, нібы яны жывыя істоты, надзеленыя душой, — адчувае іх гэтак жа, як святы Францішак.

Верш «На дворышчы» — гэта верш пра той хутар і тую грушку, што засталася на месцы бацькавай хаты ў Запрапасці. Няма гэтага верша ў кнізе «Элегія палескага матыля», але ёсць у альманаху «Святліца» за 2006 год, які ўкладаў сам Іван Лагвіновіч...

Ён дамоў праз трыццаць гадоў
прыблукаў з далёкіх краёў.
Дзе сяліба колісь была,
адзінока груша цвіла.

Воблачка, бы з коміна дым,
над пячным грудочкам рудым,
над змарнелым полем пустым,
над гайком здзічэлым, густым.

На падворку весняга дня,
кепку зняўшы, грушу абняў.
Млосна пацямнела ўваччу,
калі з кроны голас пачуў:

— Ты ж мяне на свет спарадзіў,
на зямлі бацькоў пасадзіў,
а пакінуў — асіраціў...
Дзе ты гэтак доўга хадзіў?!

Не маю ані залатых гораў, ані «рэкаў, поўных віна...» Не магу ўзнагародзіць ніводнага паэта за яго ўдачу... Зрэдку перачытаю гэты верш Івана Лагвіновіча і паплачу — мае чыстыя слёзы — уся ўзнагарода, якую я магу ахвяраваць паэту. Толькі ўзнагарода гэтая цяпер не яму, а мне — ад яго... Так выходзіць... Ды Іван Лагвіновіч напісаў пра любоў, жыццё і смерць, як умеў і колькі паспеў, не дзеля ўзнагародаў...

Насцярожвае, што вершы ў зборніку «Элегія палескага матыля» — пераважна пра смерць. Ужо ў 1997 годзе ён піша развітальную страфу:

Смерць мая не стане цяжкай стратай.
Роспач вашых сэрцаў не кране.
Я не быў ніколі Герастратам.
Хутка вы забудзеце мяне...

Спрабую распытаць пра Івана ў сяброў, шукаю іх па тэлефоне.

Даюць мне тэлефон Марыны Філімоненкі, якая была пры ім, калі Іван паміраў. Марына апавядала, што ў 1996 годзе ў Баранавічах Івана Лагвіновіча ахрысціў уніяцкі святар айцец Яўген Маліноўскі. Марына з Іванам пазнаёмілася і пасябравала на набажэнствах ва ўніяцкай капліцы. Яна прыехала ў Баранавічы з Наварасійска, ахрышчана была праваслаўнай, а яе сын у Баранавічах ахрысціўся ў касцёле і там знайшоў сваё месца, стаў католікам. Сама ж Марына шмат дапамагала ўніятам: напрыклад, набіраць тэксты на камп’ютары — так стала ўніяткай...

Іван спасцігаў хрысціянскую праўду праз любоў да прыроды. У кнізе «Ляда юдолі» шмат вершаў, пабудаваных на біблейскіх прытчах... Іван просіць прабачэння ў Езуса за сваіх братоў-пратэстантаў, асмельваецца напісаць і такое: «І каля небнага парога // спыніўся сцішана і строга, // бо ў момант той// прысутнасць Бога // адчуў душой...» («На вышыні», 1988).

Роднае слова дапамагала паэту стаць католікам. Уніяцкія вернікі ў часе літургіі шчыра моляцца за Беларусь. У канцы набажэнстваў заўсёды спяваюць песню «Магутны Божа...».

Вершамі Іван маліўся за памерлых сяброў-паэтаў Берасцейшчыны: за Міколу Купрэева, які з нябёсаў стукае кульбай у бубен поўні... Напісаў вершы памяці Міколы Ермаловіча, Васіля Сахарчука, у вянок Ніне Мацяш...

На ўручэнні «Мядовай прэміі» ад Міколы Папекі. 14.01.2010 г.

Такое ўражанне, што ўсе элегічныя вобразы пра зліццё чалавека з медуніцамі і шэрымі камянямі пры дарозе наклікалі яму сястрыцу Смерць... (Успамінаю, як асцерагалі мяне прыяцелькі, каб не дражніла ў вершах гэтай непрадказальнай дамы з касой...) Але, калі паслухаць Марыну, Іван быў аптымістам, любіў жыццё, любіў цяжкую мужчынскую работу, не мучыўся і не думаў пра смерць...

Ён стараўся быць рыцарам у вачах Марыны...

— Не збіраўся ён паміраць і ў жыцці не быў аскетам, — так сказаў пра яго Алёша Белы, — калі выязджалі з сябрамі на літаратурныя спатканні ў іншыя мястэчкі. Іван не вылучаўся панурасцю, зацятасцю ці маруднасцю, весяліўся, як усе, з дзяўчатамі жартаваў...

— Быў сапраўдным беларусам! — сказаў Алесь Бакач...

— Быў паэтам! — кажа Марына — жыў словамі, шукаў незвычайныя словы, вяртаўся да таго ж верша праз два і тры гады, увесь час знаходзіўся ў стане натхнення, быў шчаслівы ў творчасці...

16 студзеня Марына па тэлефоне павіншавала Івана з днём нараджэння. Ён сказаў, што прастудзіўся, хварэе. Перад тым у снежні прайшоў курс тэрапіі ў бальніцы... На гэты раз прастуда не адпускала. 25 студзеня «хуткая дапамога» завезла яго з высокай тэмпературай у чыгуначную бальніцу... знайшлі анкалагічную клетку ў левым лёгкім і метастазы па ўсім целе... З бальніцы яго забрала да сябе пляменніца, але «хуткая дапамога» не згаджалася прыязджаць, каб здымаць уколамі боль, таму лекар прапанаваў яму хоспіс у Новай Мышы. Ён згадзіўся, але пажыў там усяго 6 дзён...

І Мікола Купрэеў паміраў у тым жа хоспісе ў Новай Мышы...

Марына наведвала Івана кожны дзень. Папярэдне ўгаварыла паспавядацца: у нядзелю прыехалі да яго сябры, а з імі — айцец Яўген Маліноўскі, які падрыхтаваў Івана да вечнасці. У аўторак 29 сакавіка Марына была пры ім ад 16-й да 20-й гадзіны вечара, а каля 22-й Івана не стала.

Пахавалі яго ў Малькавічах каля сястры Паўліны, якая пасля смерці маці замяніла яе. Маці Тэклі Міхайлаўне Іван прысвяціў некалькі вершаў. З верша «Ліст да маці» (1961 год) зразумела, што яна ў гэты час яшчэ жыла. З верша, напісанага ў 1986 годзе, зразумела, што маці ўжо не было:

На самотным шляху сярод чыстага поля
нават жаўранка ў небе чамусьці няма...
Нечакана пачуўшы: — Ах, Янка-саколік!
па баках азірнуўся і выгукнуў: — Ма-а-а!

У святарскай практыцы Яўгена Маліноўскага гэта было першае пахаванне актыўнага ўніяцкага верніка, які кожную літургію з веданнем справы чытаў Апостала, таму і маліўся святар над целам Івана з глыбокім хваляваннем.

У тэлефоннай размове матушка Любоў падзялілася са мною думкамі пра паэта, якога яна добра ведала:

— На вялікія святы суполка збіралася пасля Эўхарыстыі на сямейную вячэру. Іван адчуваў сябе сярод нас сапраўды ў сям’і... Чытаў свае вершы на спатканнях вернікаў. Верш «Малітва беларуса» напісаў спецыяльна для ўніятаў... У Іване спалучаліся прастата ў адносінах з людзьмі і глыбокае адчуванне веры, разуменне душы, крыху інакшая, больш моцная, любоў да Радзімы і мовы, і праз гэтую любоў ён паглыбляў сваю духоўнасць... Ён выглядаў крыху інакш, чым іншыя людзі, — больш спакойным, уважлівым, удумлівым. Тое, што ў яго хворыя лёгкія і ён церпіць, відаць было па яго схуднелай постаці. Ён стараўся весці размераны лад жыцця. Іначай цаніў кожную хвіліну... Яго цягнула да зямлі, ён любіў працаваць на лецішчы. І ў чалавека бывае прадчуванне, Іван прадчуваў блізкасць смерці, таму ён і пісаў аб гэтым у вершах...

Айцец Яўген Маліноўскі размаўляў са мною ўвечары, быў стомлены, без эмоцый успамінаў Івана Лагвіновіча: за ўсе гады сумесных спатканняў у капліцы ў святара не адбылося з вернікам ніводнай глыбокай размовы вочы ў вочы. Іван меў экзістэнцыяльны склад асобы, ён быў заглыблены ў сябе самога. Яго сям’я, сяло Малькавічы прапаведуюць пратэстанцтва: яны — баптысты-пяцідзясятнікі. На пахаванні Івана яго старэйшы брат Аляксей сказаў развітальнае слова ў пратэстанцкім духу...

З размовы са святаром вынікае, што ў Івана было замала дыстанцыі, каб вырвацца з беспрасветнага пратэстанцтва і заглыбіцца ў светлае яднанне з вечнасцю... Глыбокае пазнанне веры цяжка пабудаваць на адным чалавеку, але можна... Так лічыць святар Яўген.

Работа і творчасць не могуць стаць поўным сэнсам жыцця. Пошукі яго сэнсу ў Богу будуе фундамент экзістэнцыі, дае палёт для развіцця, засцерагае перад трагедыямі і невылечнай хваробай, дапамагае спакойна развітацца з палявым конікам перад адлётам у Слова.

Аднойчы пасля вяртання ў Беларусь Іван з’ездзіў ва Украіну... Дзяцей ён не паспеў навярнуць да хрысціянства...

Чаму пісаў пра смерць? Пісаў — і ўсё. Няма тут ніякага падтэксту — так мы вырашылі ў размове са святаром Яўгенам Маліноўскім...

У вобразе Івана мы маем паэта, які асмеліўся перайсці ад баптыстаў да грэка-католікаў... Узяў з бацькавага веравызнання чытанне Евангелля, таму ён на ўніяцкіх набажэнствах і чытаў Апостала з веданнем справы... Мусіць, таму, што доўга не жыў у родным сяле, змог адарвацца ад караннёў... І меў смеласць вярнуцца да родных магілаў... Гэта прыгожае сведчанне любові да Радзімы!

У лістападзе 2011 года прыехаў з Украіны Іванаў унук Саша, сын дачкі, каб аформіць спадчыну на кватэру... Ён быў у Баранавічах першы раз, таму яго завезлі на магілу Івана, на магілы продкаў у Малькавічах і пазнаёмілі са сваякамі... Дачка з мужам таксама ўпершыню прыязджала ў Баранавічы на пахаванне бацькі. Сын у Баранавічах не быў...

Ёсць вёска Малькавічы і сяло Малькавічы, дзе стаіць праваслаўная царква. Праваслаўныя з баптыстамі жывуць дружна. Калі нехта памірае і за яго душу моляцца ў царкве, то і баптысты заходзяць памаліцца — так мне сказала адна жыхарка Малькавічаў у тэлефоннай размове.

Алёша Белы даў мне тэлефон журналіста Пятра Гузаеўскага, які працуе ў незалежнай газеце «Ганцавіцкі час». Пятро з сваёй супрацоўніцай Святланай ездзіў у Малькавічы, дзе адбылася прэзентацыя Іванавай кнігі «Элегія палескага матыля» і адкрыццё ў музеі-бібліятэцы экспазіцыі, прысвечанай Івану Лагвіновічу.

Пятро са Святланай знайшлі старэйшага брата Івана — Аляксея Лагвіновіча, які расказаў, што іх дзед Мікалай рос сіратой, працаваў парабкам у пана Патоцкага, працаваў падсобным у каваля. Сваім парабкам пан жаніцца не дазваляў, але калі на вёску напала халера і выкасіла каля дваццаці сем’яў, пан дазволіў ажаніцца, каб раслі маладыя работнікі. З першай жонкай у Мікалая было двое сыноў — Кірыла і Даніла. Жонка памерла маладой. Дзед ажаніўся другі раз з дзяўчынай з вёскі Люсіна, і ў іх нарадзіліся Андрэй і Піліп. Піліп — гэта бацька Івана, ён 1891 года нараджэння. А пасля нарадзіліся яшчэ шасцёра дзяўчат і хлопцаў. Дзед памёр у 1912 годзе...

Піліпа забралі ў войска — трапіў у Вільню. Служачы, ён ажаніўся з дзяўчынай Тэкляй, яна 1895 года нараджэння. У 1914 г. ён трапіў у палон да немцаў, працаваў прымусова на заводзе чорнай металургіі Крупа. Адтуль Піліп і яшчэ двое палонных уцяклі ў Галандыю, за трыццаць кіламетраў ад Прусіі. Дзён пяць-шэсць прасядзелі ціха, а пасля пайшлі ў расейскае консульства і іх пераправілі ў Лондан, дзе яны прабылі 1914 і 1915 гады. З Англіі праз Нарвегію і Фінляндыю іх перавезлі ў Піцер, адкуль Піліп нарэшце вярнуўся дадому...

У Піліпа і Тэклі нарадзілася пяцёра хлопцаў і дзве дзяўчынкі: Ганна (1921 год нараджэння), Аляксей (1924 год), Карпей (1928 год), Аўрам (1930 год), Паўліна (1933 год), Андрэй (1936 год), Іван (1940 год нараджэння)... Яшчэ двое дзяцей памерлі маленькімі. Піліп Лагвіновіч прымаў удзел і ў Другой сусветнай вайне — ваяваў у складзе Першага Беларускага фронту ў Бежыцкай дывізіі, за бітву над Віслай атрымаў медаль «За адвагу». Памёр у 1947 годзе.

Лагвіновічы жылі ў вёсцы Малькавічы ў маленькай хаціне. Хаты ў вёсцы стаялі цесна, а вёска часта гарэла. Але іх хата не згарэла...

У 1937 годзе польскі ўрад пачаў праводзіць хутарызацыю. Сям’і Лагвіновічаў выдзелілі зямлю на хутары Запрапасць. Там пабудавалі большую хату. Аляксей пазней перавёз гэтую хату назад у Малькавічы, у ёй і жыве разам з жонкай.

Брат Аўрам працаваў на чыгунцы... У Малькавічах цягнік робіць два прыпынкі...

Аляксея і Карпея саветы прымусова адправілі ў Данбас. Папрацаваўшы год на шахце, яны ўцяклі дадому, за што іх пасадзілі ў турму. Адсядзеўшы, уладкаваліся на працу ў леспрамгас. Сем гадоў Аляксей качаў бярвёны, цяжка захварэў: атрымаў другую групу інваліднасці, але пасля 25 гадоў яшчэ працаваў апальшчыкам у лазні...

Цяпер у Малькавічах жывуць два браты Лагвіновічы— Аляксей і Андрэй.

Іван у дзяцінстве не любіў працаваць — не было яму дома добрай работы. Ён хаваўся на гарышчы і пісаў вершы... Ён паехаў у Данбас сам...

Такі вось успамін старэйшага брата Аляксея...

Я ведаю, пасмяротна
Радзіма мяне ўзнагародзіць
Ордэнам Залатога
Палескага Матыля...
Лагоднаю летняй парою,
няхай сабе і нядоўга,
будзе ён красавацца
на зялёнай істужцы
самасейкі-расінкі,
што да сонца імкнецца
з капца-надмагілля...

Гэты верш называецца «Суцяшэнне»...

 

Чаму я так захапляюся спакойнымі, ціхімі, малітоўнымі вершамі Івана Лагвіновіча? Таму што ў нашай паэзіі мы, не змаўляючыся, ужывалі памяншальныя формы словаў, хадзілі па тых самых слоўных гушчарах... Я пачынала хадзіць ад дзявоцтва, калі было болей прасторы, не ўсе зёлкі-расінкі былі так здратаваныя. Я адчувала іх безабароннасць... Іван вярнуўся з Данбаса тады, калі нас добра падратавалі стальныя коні савецкай цывілізацыі... Таму ў яго песня атрымалася такой шчымлівай... Ён пісаў пра смерць і хуткае развітанне, думаў пра сваё цялеснае прабыванне на зямлі і пра саму зямлю, пра ўсе гэтыя прасторы, пра ўсё прыгожае, што Бог тут пасеяў і ўзрасціў...

Молячыся ў начной адзіноце простым словам за коніка гнядога і зялёных конікаў, адчуваю, што я тут не адна... Адзін з тых, невідочных, утоеных у вершы, увідочніўся... Адчуваю, што ёсць нехта яшчэ...

Дай Бог, каб іх было шмат, — случакоў, пінчукоў, магілёўцаў, аршанцаў, баранавічанаў, ганцавічанаў... Каб не зарасталі сцяжыны на прасторах роднага слова...

Данута Бічэль, Гародня.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY