|
|
|
№
1(59)/2012
Дакументы Апостальскай Сталіцы
Пасланне Святога Айца Бэнэдыкта XVI на Сусветны дзень міру
ВЫХАВАННЕ МОЛАДЗІ ДЛЯ СПРАВЯДЛІВАСЦІ І МІРУ На кніжнай паліцы
БЭНЭДЫКТ XVI. СВЯТЛО СВЕТУ: ПАПА, КАСЦЁЛ І ЗНАКІ ЧАСУ
Размова з Петэрам Зэевальдам Пераклады
Ad Fontes
Вера & Socium
Галерэя
На шляху веры
Постаці
Хрысціянская думка
Спадчына
У святле Бібліі
На кніжнай паліцы
Паэзія
Проза
In memoriam
Пра вечнае...
|
Міхась СКОБЛА
ЗБУДАВАЦЬ СВОЙ КАЎЧЭГ
Рыгор Барадулін. Anima: паэзія. – Мінск,
Адна з памятных падзеяў 2011 года — у Ерузалеме з’явілася табліца з тэкстам малітвы «Ойча наш» на беларускай мове. Падобных мемарыяльных табліцаў — на многіх мовах — там усталявана больш за тры сотні, цяпер і паломнік з Беларусі можа спыніцца каля сваёй і прачытаць: «Ойча наш, каторы ёсць у небе…». Кожны добры хрысціянін ведае гэтую малітву напамяць, праўда, яе праваслаўны і каталіцкі варыянты адрозніваюцца. І мне неаднойчы даводзілася чуць, як рознаканфесійныя вернікі падчас супольнага набажэнства збіваліся, не патраплялі ва ўнісон, дакорліва паглядаючы адзін на другога.
Рыгор Барадулін стварыў трэці варыянт малітвы «Ойча наш» у сваім таленавітым паэтычным пераказе: «Ойча наш, што ў нябёсах, / хай свяціцца Імя Твае і ў зорах, і ў лёсах. / Хай прыйдзе Валадарства Тваё, як спатоля, / хай Твая ўсеўладарная збудзецца воля / як на небе, гэтак і на зямлі. / Хлеб наш надзённы пашлі, / Жыццядар, сёння нам / i даруй нам нашы даўгі, / як даруем і мы даўжнікам».
У сваёй новай кнізе «Anima», якую летась выдала Рыма-каталіцкая парафія святых Сымона і Алены, Рыгор Барадулін не толькі «Ойча наш» зарыфмаваў. Паэт працягвае свой высокі дыялог з Богам, распачаты яшчэ на старонках кнігі «Ксты» (2005), якая па сваёй спавядальнасці, малітоўнасці, па змесце сваім хрысціянскім не мае сабе роўных у беларускай паэзіі. Біблейскія тэксты тысячы разоў ператлумачаныя, мільёны разоў працытаваныя, хто іх толькі ні выкарыстоўваў у якасці будматэрыялу для ўласных твораў! Здавалася б, немагчыма застацца першапраходцам, ідучы па безліч разоў таптаных сцежках. Аказваецца — магчыма. Калі ты сапраўдны вершапраходзец, то ты – першапраходзец усюды. Што нам і дэманструе Рыгор Барадулін, у кім шчасліва спалучыліся гэтыя дзве якасці.
Паэзія — мастацтва хадзіць па вясёлцы. Пахіснешся — упадзеш, засумняваешся ў цвердзі пад нагамі — упадзеш таксама. А ісці па вясёлцы і весці дыялог з Богам — занятак архіскладаны. У свой час Янка Купала, губляючы веру ў народ, роспачна выкрыкнуў: «Вярні нам Бацькаўшчыну нашу, Божа, / калі ты Цар і неба, і зямлі!». І ад гэтага лёгкасумнеўнага «калі» восілка вясёлкі хіснулася пад паэтам так, што мільёны вачэй ад страху прымружыліся: упадзе — не ўпадзе… Не ўпаў. Ішоў яшчэ доўга. Пакуль не дапамаглі, не падпіхнулі…
Рыгор Барадулін не размаўляе з Богам на мове ўльтыматумаў. Ён таксама ўмее хадзіць па ўскраі (па вясёлцы як ні ступі — скрай), але мяжу адчувае: «Белую аблачынку вішні, / здаецца, выдыхнуў Усявышні», «Ізноў жывыя нада мной, / як думкі Госпада, аблокі», «Зямля — парушынка ў Гасподнім воку». Чытаеш такое і пачынаеш бачыць свет і сусвет у нейкім касмічным маштабе. Як астранаўт, які прыляцеў на Месяц. Ці падабаецца гэта Таму, Хто, па словах паэта, думае аблокамі? Відаць, падабаецца. Нездарма ж кажуць, што паэзія — ад Бога. Калі б не падабалася, атрымаў бы паэт пажыццёвую пячатку на вусны — а гэта для творцы як найвышэйшая мера. З другога боку, знакі звыш нам увесьчасна пасылаюцца, трэба іх толькі бачыць і распазнаваць. Ехалі мы аднойчы з Рыгорам Барадуліным на Вушаччыну — на адкрыццё музея Васіля Быкава ў Бычках. Перад павароткай на Бараўляны Барадулін кажа: «А вось тут Васілёва машына заўсёды ламалася». І толькі ён гэта прамовіў, як мая да гэтай пары безадмоўная «Аўдзі-80» пару разоў чмыхнула і заглухла. І завёў яе толькі выкліканы па тэлефоне рамонтнік, з добрую гадзіну пакорпаўшыся пад капотам. Што гэта было — выпадковасць ці знак?
У Бычкі і Вушачу мы тады ўсё ж даехалі. І загаварылі вушацкія краявіды да мяне вершамі Барадуліна. Адчуванне было — быццам нямое кіно проста пры табе агучылі. І наш настрой таксама падымаўся «на дыбачкі над возерам ля Глыбачкі», дзе ён заўсёды распагоджваўся ў Васіля Быкава. І бачылі мы, як на ўскрайку амаль адзічэлага саду «маладзюткі туман сівеў». І чулі, як на ўсе лады за вокнамі барадулінскай хаты гаманіла брукаванка, пакрытая парэпанымі панцырамі камянёў. Заязджалі мы тады і на стары вушацкі могільнік, дзе паэт так проста і натуральна пацалаваў барэльеф маці на пацямнелым ад часу помніку…
Сваю малую радзіму Барадулін ператварыў у вялікую — у літаратурным вымярэнні. Вушаччына столькі яму дала як паэту, а ён усё ёй вярнуў — як доўгатэрміновую пазыку, з залатымі адсоткамі сваёй паэзіі. І сёння я, чытаючы ў новай кнізе «Ліст Васілю Быкаву ў Нямеччыну» («На бацькоўшчыне ў даўнюю хату заходзь, / вінавата сагніся ў малебным паклоне»), прыгадваю нізкія дзверы быкаўскай хаты, што сапраўды ад кожнага наведніка вымагалі паклону. Прызнацца, я спачатку думаў, што гэта — цяслярскія недаробкі, а тут, як аказалася, цэлая жыццёвая філасофія. Пакланіцца хаце. Пакланіцца маці. Каб потым, набраўшыся ад іх сілы, адчуць сябе іхнім апошнім і бясстрашным заступнікам: «Ірве стаеннік павады, / на волю скача. / Мне адступаць няма куды — / за мной Вушача».
За Барадуліным — не толькі Вушача. Хто абароніць беларускую мову перад навалай чужамоўнага цунамі? Ніякімі дамбамі тут не абгародзішся, ніякімі шчытамі не прыкрыешся. Мову ўратуе толькі шэдэўр, створаны на ёй. Значыць, паэт — самы эфектыўны абаронца мовы. Вобразна кажучы, творчасць Барадуліна — гэта і ёсць той Ноеў каўчэг, у якім мова беларуская выплыве ў будучыню праз усе цунамі.
Рыгор Барадулін афарыстычны — у сваіх ахвярынках (так называюцца ягоныя двух-чатырохрадкоўі). Барадулін па-апостальску мудры — у «Псальмах Давідавых» і «Біблейскіх баладах». Барадулін вынаходлівы і нечаканы — у кожным вершы, а іх у кнізе больш за тры сотні. Часам уражваюць не толькі вершы, але і подпісы пад імі. Так, верш «Як па сухому…» напісаны ў рэанімацыі мінскай лечкамісіі 24 лютага 2007 года, калі жыццё паэта вісела на валаску. Жыццё на валаску вісела, а ён перажываў, што… верш запісаць не паспее. Верш запісаць не паспее — значыць, выратавальны каўчэг для мовы не дабудуе. У свой час Бог падоўжыў век Ною, які пасля сусветнага патопу пражыў яшчэ 350 гадоў. Падоўжыў Бог век і паэту. Каўчэгабудаўнікі мусяць жыць доўга.
Не ведаючы яшчэ і пра гэткую — выратавальніцкую — місію паэта, сёй-той часам зманьвае яго з радзімы, абяцаючы на чужыне залатыя горы. Гадоў пяць таму Рыгор Барадулін атрымаў з адной з каўказскіх рэспублік за пераклады з тамтэйшай паэзіі незвычайны ганарар — папаху, бурку і… сертыфікат на валоданне ладнай дзялянкай зямлі ў адным з аулаў. Шчодры ганарар. Беспрэцэндэнтны ў гісторыі беларускай літаратуры. Магчыма, нехта і паквапіўся б на тую нятанную зямлю. Але — не Барадулін. Бо за ім — Вушача, бо за ім — недабудаваны каўчэг, бо гэта ж ён сам сабе вызначыў звышмэту: «Паэт, ствары сабе Радзіму!». І ён яе створыць, калі ўлягуцца цунамі, а каўчэг ягоны прыткнецца да зямное цвердзі.
«Anima» (у перакладзе з лаціны — душа) — дзясятая па ліку кніга Рыгора Барадуліна, выдадзеная Чырвоным касцёлам. Яго пробашч, ксёндз-магістр Уладзіслаў Завальнюк — сам паэт, аўтар летапіснай паэмы «Так хацеў Бог!», прысвечанай фундатару касцёла Эдварду Вайніловічу. У сваіх казаннях ксёндз — яшчэ і бліскучы прамоўца — часта цытуе вершы Рыгора Барадуліна. І, падаецца, ім у Чырвоным касцёле ўтульна, яны там прыжыліся, як тыя ластаўкі ў стрэсе ці жаўрукі ў паднябессі. «Сонцакрылы жаўранак кахання», — любіць пасмакаваць ксёндз Уладзіслаў выдатны барадулінскі вобраз, які сее святло ў душы вернікаў не раўнуючы як касцёльны абраз. Паслухаеш, і міжволі прыгадаецца польскамоўны выраз cały w skowronkach — увесь у жаўруках. Гэтак палякі называюць нечым нечакана ашчасліўленага чалавека. Ксёндз цытуе Барадуліна шчодра, і неўзабаве відно, што і ён — увесь у жаўруках барадулінскай паэзіі, і ўсе вернікі — у тых жаўруках. У такія хвіліны ў храме — свята. Касцёл выдае кнігі Барадуліна, у касцёлах жа ладзяцца і сустрэчы з паэтам. Аўтару гэтых радкоў давялося быць удзельнікам адной такой сустрэчы — у адноўленым храме святога Лаўрэна ў Вушачы. У светлай святыні не было дзе яблыку ўпасці — на спатканне са сваім паэтам з’ехалася ўся ваколіца, прыехаў з Віцебска і біскуп Уладзіслаў Блін. І як жа духаўздымна гучала з амбоны барадулінскае слова — як своеасаблівая паэтычная казань ясным велікодным днём:
Гучанне вершаў у храме — выпрабаванне для іх, бо намоленая прастора вельмі чуйная да слова гарманічнага, якое гучыць у згодзе і лагодзе са Словам, што было напачатку. Вершы Рыгора Барадуліна такое выпрабаванне вытрымліваюць. Кніга «Anima» можа шмат каму дапамагчы зрабіць крок насустрач Богу — нават з цемры бязвер’я і з прорвы ліхадзейства, куды нас часам кідае жыццё. Нескланяльная «Anima» — як нясхільная душа Паэта, які з году ў год, нястомна і адказна будуе свой беларускі каўчэг — дзеля нашага ж уратавання. Міхась СКОБЛА
|
|
|
|