Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(59)/2012
Дакументы Апостальскай Сталіцы
Пасланне Святога Айца Бэнэдыкта XVI на Сусветны дзень міру
ВЫХАВАННЕ МОЛАДЗІ ДЛЯ СПРАВЯДЛІВАСЦІ І МІРУ
На кніжнай паліцы
Пераклады
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Вера & Socium

ВЫХОДЗЬМА СА СВАІХ МАГІЛАЎ!
Галерэя
На шляху веры

ШТО Ў ПАДМУРКУ?
Постаці

КС. АДАМ СТАНКЕВІЧ
Хрысціянская думка

ЗАНЯПАД ГЛАБАЛЬНАЙ ВЁСКІ
Спадчына
У святле Бібліі
На кніжнай паліцы

ЗБУДАВАЦЬ СВОЙ КАЎЧЭГ
Паэзія

ВЕРШЫ
Проза
In memoriam
Пра вечнае...

Тамаш КЭМПІЙСКІ

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ

Пачатак у №2(40)/2007

Разьдзел Х
Не адступай лёгка ад намеру
прыняцьця сьв. Камуніі

1. Часта трэба табе прыступаць да крыніцы ласкі ды Божае міласэрнасьці, да крыніцы дабраты ды чыстаты, калі імкнешся выправіцца ад нахілаў сваіх грэшных і калі хочаш перамагчы розныя спакусы і запыны злога духа, ды калі хочаш быць больш аглядным і разважным.

Бо вораг ведае той плод і вялікі лек, які хаваецца ў сьв. Камуніі, і дзеля гэтага стараецца розным спосабам і здарэньнем, наколькі магчыма, спыніць ды адвярнуць ад яе верных і пабожных.

2. І дзеля гэтага некаторыя, калі падгатаўляюцца да сьв. Камуніі, спатыкаюць самыя злосныя спакусы ад духа злога.

Бо ж дух злосьці, як напісана ў Ёва, зьяўляецца сярод сыноў Божых, каб заўсёднаю хітрасьцю іх турбаваць або каб напалохаць іх ды расьцярушыць, бо хацеў бы ён паменшыць іхную жарлівасьць або скалытнуць веру, каб зусім пакінулі яны камунікавацца або каб нядбайна прыступалі да сьв. Камуніі.

Ня трэба, аднак, глядзець на ягоныя хітрасьці ды на ўраеньні, хоць бы яны былі няведама як агідныя і страшныя, але ўсю іх абрыдласьць на галаву кінуці трэба ягоную.

Прагані нягодніка гэнага з пагардаю ды абсьмяі яго, але ніколі ня кідай Камуніі сьвятое дзеля таго, што ён цябе турбуе ды нападае на цябе.

3. Часта так жа аддаляе ад сьв. Камуніі надта вялікая захопленасьць у пабожнасьці ды зусім безпатрэбная трывога [за споведзь мінуўшую].

Трымайся тутака радаў разумных людзей ды кінь усялякія трывогі і клапоты, бо яны толькі перапыняюць ласку Божую ды выварачваюць пабожнасьць.

Не адказвайся ад сьв. Камуніі дзеля нейкае несупакойнасьці ды невялікай турботы, а хутчэй ідзі да споведзі ды выбач усім з лёгкім сэрцам крыўды свае.

Калі ж ты некага пакрыўдзіў, прасі яго пакорна, каб выбачыў табе, а Бог хутка даруе.

4. Якая ж карысьць адцягваць доўга споведзь або адкладаць на будучыню сьв. Камунію?

Ачысьці сябе чым хутчэй, выплюнь з сябе борзда атруту, сьпяшайся прыняць лекі, а ўжо будзе лепш, чымся на калі там адкладаць.

Калі адкладаеш сёньня дзеля нейкае прычыны, заўтра, магчыма, зьявіцца яшчэ важнейшая: і гэтак праз доўгі час ня будзеш прымаць сьв. Камуніі ды штораз усё будзе табе цяжэй!

Дык кінь чым хутчэй цяперашнюю цяжкасьць сваю ды страсяні яе з сваіх плеч, бо ж зусім безкарысна даўжэй клапатаць і турбавацца ды дзеля што­дзённых перапынкаў зракацца сьвятасьці Божае.

Надта нават шкодна шмат адкладаць Камунію, бо заўсёды прыводзіць гэта вялікую халоднасьць.

Няшчасьце вялікае, што, аднак, людзі неразумныя і тыя, што дрэнна жывуць, ахвотна адкладаюць споведзь ды хацелі б адсунуць далёка дзень Камуніі, а ўсё дзеля таго, што палохаюцца, каб больш не гля­дзець за сабою.

5. Ох, якая ж гэта малая любоў ды невялічкая пабожнасьць у людзей, якія гэтак ахвотна звальняюць сябе ад Камуніі!

А які шчасьлівы ды Богу мілы, хто гэтак жыве ды такое чыстасьці сьцеражэ дзеля свайго сумленьня, што кожны б дзень мог камунікавацца, калі б толькі пазволілі яму ды была б магчымасьць!

Калі хто, аднак, сьв. Камунію ня прымае дзеля пакорнасьці або дзеля нейкае важнае прычыны — трэба яго пахваліць за гэткую пашану.

Калі, аднак, няхайнасьць завалодае чалавекам, няхай самога сябе падганяе ды няхай робіць што толькі магчыма, а Бог паможа яму, гледзячы на добрую, шчырую волю, на якую Бог асабліва глядзіць.

6. Калі ж, аднак, сапраўдныя нейкія перапыны сустракаюцца або будзе ўсё ж такі шчырая ахвота ды пабожнае імкненьне камунікавацца — тады не прападзе дарма карысьць з сьв. Сакрамэнту.

Бо кожны пабожны можа кожны дзень, кожную хвіліну прыступіць да духовае Камуніі Хрыста з карысьцю і без ніякіх перапынаў.

Аднак кожны верны Хрысту ў пэўныя дні і ўстаноўлены час з вялікаю пашанаю ды любоўю няхай прымае Цела свайго Збаўцы, маючы на думцы больш хвалу ды чэсьць Божую, чымся ўласную пацеху.

Бо калі толькі таёмнасьць Учалавечаньня ды муку Хрыста пабожна разважае ды запальваецца сэрца ягонае любоўю, дык заўсёды і камунікуецца таёмна і корміцца нявідомаю страваю нябеснаю.

7. Калі хто падгатаўляецца ня інакш, як толькі ў вялікае сьвята, або калі гэтак трэба дзеля звычаю — найчасьцей дрэнна падгатовіцца.

Бласлаўлёны той, хто заўсёды ахвяроўваецца Богу, калі толькі адпраўляе Імшу ці камунікуецца.

Адпраўляючы Імшу сьв., не сьпяшы ды і надта не цягні, а трымайся таго добрага абычаю людзей, сярод якіх жывеш.

Не абцяжвай і ня муч ніколі людзей, а ідзі шляхам агульным паводле абычаю і загадаў старшых, ды хутчэй глядзі карысьці іншых, чымся ўласнае пабожнасьці або ўласнай прыемнасьці.

 

Разьдзел ХІ
Надта патрэбна вернай душы
Цела Хрыста ды Сьв. Пісьмо

1. О найсалодшы Пане Езу! Якая ж радасьць ахоплівае душу пабожную, што банкетуе за Тваім сталом, на якім ніякае іншае стравы не падаецца, апроч Цябе аднаго наймілейшага, да якога яна імкнецца над усемі пажаданьнямі сэрца свайго!

О, як мне было б салодка ў прысутнасьці Тваёй сьлёзы любові ліці перад Табою ды абмываць імі з пабожнаю Магдаленаю ногі Твае!

Дзе ж у мяне гэткая пабожнасьць? Дзе гэткае багацьце вялікае сьлёзаў сьвятых?

Праўда, што ў прысутнасьці Тваёй ды сьвятых анёлаў Тваіх трэба было б, каб сэрца маё агнём зіхацела ды з радасьці плакала.

Бо ж маю Цябе сапраўды прысутнага ў Сакрамэнце, хаця і схаванага пад постацямі хлеба і віна.

2. Бо ж вочы мае ня стрывалі б, гледзячы на Цябе ў сапраўднай Божай яснасьці; ды на’т усенькі сьвет не патрапіў бы стрываць бляску хвалы Тваёй Велічы.

Дык вось, гледзячы на нядужасьць маю, хаваешся Ты ў гэным Сакрамэнце.

Сапраўды маю я Таго і чэсьць аддаю Таму, каго анёлы ў небе выхваляюць, але я дагэтуль толькі сілаю веры Яго бачу, яны ж бачаць Яго перад сабою бяз ніякіх засланак.

Трэба мне здаволіцца сьвятлом праўдзівае веры ды жыць паводле яе, пакуль не пакажацца дзень вечнага сьвятла ды не схаваюцца цені таёмнасьцяў.

Калі ж зьявіцца дасканальнае (1 Кар 13, 10), тады пакінем карыстацца Сакрамэнтамі, бо бласлаўлёным у хвале нябеснай сакрамэнтальных лекаў ня трэба.

Бо цешацца яны заўсёды прысутнасьцю Бога, гледзячы воблікам у воблік на славу Ягоную; а ў яснасьці пераінакшаныя ў яснасьць неабхопленае Боскасьці бачаць ды чуюць уцялесненае Божае слова, гэткае, як было яно напачатку ды якім будзе навекі.

3. Думка аб гэных цудоўнасьцях робіць тое, што ўсенька надта нудна мне, на’т і пацеха духовая, бо пакуль ня бачу Пана майго ў славе Ягонай выразна, усё здаецца мне нічогасьцю, што бачу ды чую на гэтым сьвеце.

Ты мне, Божа, сам сьведкаю, што нішто ня здоляе мяне пацешыць, ніякае стварэньне супакоіць, апроч Цябе, мой Божа, якога імкнуся аглядаць я вечна.

Але ж немагчыма гэта, пакуль я ў гэтым сьмяротным жыцьці.

Дзеля гэтага трэба, каб быў я надта цярплівы ды каб падпарадкаваў самога сябе ў кожным сваім жаданьні Табе, Божа.

Бо ж і сьвятыя Твае, што цяперака цешацца ўжо з Табою ў Валадарстве Нябесным, пакуль жылі, чакалі з вераю ды цярплівасьцю вялікаю прыходу хвалы Тваёй. У што яны верылі — я веру; чаго яны чакалі — і я таго чакаю; куды яны трапілі — веру, што і я, карыстаючыся ласкаю Тваёю, калісь траплю.

А пакуль што вераю буду ісьці, гледзячы на пры­клад сьвятых.

Маю яшчэ і кнігі сьвятыя, якія будуць для мяне пацехаю ды люстрам жыцьця; а апроч усяго гэтага ды над усім гэтым Найсьвяцейшае Цела Тваё будзе мне асаблівым лекам ды абаронаю.

4. Бо дзьве рэчы найнеабходнейшыя бачу ў гэтым жыцьці, безь якіх немагчымым яно было б.

Замкнёны ў вязніцы цела майго, прызнаюся, што дзьве рэчы патрэбныя мне: страва і сьвятло.

І вось даў Ты мне нядужаму сьвятое Цела Тваё, каб пасілкавацца душы ды целу, і даў за сьвяцільню нагам маім слова Тваё (Пс 118, 105).

Жыць добра бяз гэных дзвюх справаў ня здолею, бо слова Божае — сьвятло душы маёй, а Сакрамэнт Твой — хлеб жыцьця.

Можна б гэта назваць і сталамі двума, якія пастаў­лены з двох бакоў скарбніцы сьвятога Касьцёла.

Адзін стол — гэта алтар сьвяты, на якім хлеб сьвяты ляжыць, гэта ёсьць — дарагое Цела Хрыста.

Другі стол — гэта закон Божы, у якім навука сьвятая, што вучыць веры сапраўднае ды ўводзіць бясьпечна аж за засланку, аж туды, дзе сьвятасьць над сьвятасьцямі.

Дзякую Табе, Пане Езу, сьвятло яснасьці вечнае, за навуку сьвятога стала, якую паказаў Ты нам праз сваіх слугаў, прарокаў, апосталаў ды ўсіх іншых, якія гэную навуку ведалі.

5. Дзякую Табе, Тварэц ды Збаўца людзей, які, каб паказаць любоў сваю да ўсенькага сьвету, банкет нагатовіў вялікі, на якім ужо не баранчыка, што быў фігурай, а Тваё Найсьвяцейшае Цела ды Кроў даў, каб пасілкавацца, вяселячы ўсіх верных банкетам сьвятым і поячы келіхам збаўленьня, у якім знаходзяцца ўсенькія роскашы райскія, а ўчасьнікамі іх зьяўляюцца анёлы сьвятыя, толькі яны яшчэ вялікшую радасьць бачаць.

6. О які вялікі ды пахвальны ўрад духаўнікоў, якія маюць магчымасьць сьвятымі словамі Пана [ўсяе Велічы] кансэкраваць і бласлаўляць уласнымі вуснамі, трымаць у руках, прымаць дый іншым падаваць!

О якімі ж чыстымі трэба каб былі рукі тыя і той рот, якім сьвятым цела, а сэрца духоўніка трэба каб было нічым не зацярушанае, да якога гэтулькі разоў прыходзіць Той, што стварыў чыстату.

Няхай з вуснаў ягоных нічога ня выходзіць, апроч сьвятога, прыстойнага ды карыснага, бо ж ён гэтак часта прымае Найсьв. Сакрамэнт.

Вочы ягоныя, што заўсёды глядзяць на Хрыстова Цела, — няхай будуць шчырымі ды сарамлівымі.

Рукі чыстыя ды ў неба паднятыя, бо ж гэта яны заўсёды [дакранаюцца да] Стварыцеля неба і зямлі.

Асабліва ж аб духоўніках гаворыцца ў законе: Будзьце сьвятымі, бо Я сьвяты, ваш Пан Бог (Лев 19, 2).

7. Няхай памагае нам ласка Твая, усемагутны Божа, каб тыя, што прынялі сан на сябе духоўніцкі, дастойна ды пабожна служылі Табе з усенькаю чыстатою магчымаю ды добрым сумленьнем.

А калі ня здолеем гэтак ужо жыць, як нам трэба, дай нам, каб прынамсі дастойна плакалі над благацьцямі, якія часта гэтак робім, ды каб у духу пакорнасьці ды з добрымі пастановамі паправы на будучыню з большаю ахвотаю далей Табе служылі.

 

Разьдзел ХІІ
Да сьв. Камуніі дужа старанна
прыгатаўляцца трэба

1. Я той — што чыстасьць люблю ды ўсенькую сьвятасьць даю.

Я сэрца чыстага шукаю, і там месца Майго адпачынку.

Прыгатуй Мне вячэрнік вялікі, засланы, і буду есьці ў цябе Я Пасху з вучнямі Маімі (Мк 14, 15–16). Калі хочаш, каб прыйшоў Я да цябе ды астаўся з табою, выкінь старую кісьлю ды ачысьці памешканьне сэрца твайго.

Прагані ўсенькі сьвет ды плойму грахоў: станься быццам верабей сам адзін на страсе (Пс 101, 8) ды думай аб грахох сваіх сярод гаркаценьняў душы тваёй.

Бо ж заўсёды, калі любіць нехта кагосьці, гонарыць зробіць яму самае лепшае месца ды найпрыгажэйшае, бо ў гэтым усім бачыцца любасьць таго, хто гасьця дарагога прымае.

2. Ведай, што падгатавацца сам па сабе, сваёю за­слугаю, ніколі ня здолееш, калі б на’т цэлымі гадамі ты ўсё імкнуўся да гэтага ды аб чым іншым і думаць не хацеў бы.

Але толькі дзеля Мае дабраты ды ласкі магчыма прыступіцца табе да стала Майго, быццам жабраку, якога клікнулі на банкет багатыра і які ня мае ніякае іншае магчымасьці адудзячыцца яму, як толькі пакорна дзякуючы.

Рабі, што толькі здолееш, ды ўважна рабі, ня толькі дзеля абычаю ці з неабходнасьці, а са страхам, з пашанаю ды з міласьцяй прымай Цела най­мілейшага Пана Бога твайго, які схацеў прысьці да цябе.

Я клікнуў цябе, Я загадаў, каб гэтак было, Я дапоўніў, калі чаго ня хопіць табе: прыходзь ды прымі Мяне.

3. Калі даю табе ласку пабожнасьці — дзякуй Богу свайму ды ня думай, што дастойны ты ласкі гэнае, а што толькі Я зжаліўся над табою.

Калі ж ня маеш ласкі пабожнасьці, а наадварот — халоднасьць чуеш у сабе — маліся тады барджэй, плач ды прасі яшчэ больш і не спыняйся, пакуль хоць крышачку, хоць кропельку дастанеш гэнае збаўленнае ласкі.

Я табе неабходны, а цябе зусім не патрабую.

Гэты ж ня ты прыходзіш асьвяціць мяне, а Я, каб асьвяціць ды лепшым цябе зрабіць.

Ты прыходзіш, каб ад Мяне асьвяціцца ды злучыцца са Мною, каб дастаць новую ласку ды з новаю ахвотаю пачаць спраўляцца.

Не пакідай тады ж гэнае ласкі, а падгатаўляй з найвялікшаю зважнасьцю сэрца сваё, каб прыняць наймілейшага свайго.

4. Трэба, аднак, каб ня толькі перад Камуніяй распальваў ты ў сабе агонь пабожнае захопленасьці, але каб аднолькава стрываў ты ў ёй і прыняўшы ўжо Найсьв. Сакрамэнт. Ня меншая патрэбная піль­насьць астацца пабожным па Камуніі, як падгатаўляючыся да яе.

Бо чуйнасьць над сабой па Камуніі — самае лепшае падгатаўленьне, каб штораз вялікшаю ласкаю карыстацца.

Найбольш праз тое людзі робяцца няздатнымі прымаць Найсьв. Сакрамэнт, што надта хутка і ахвотна кідаюцца да вонкавых радасьцяў.

Сьцеражыся гутарлівасьці, зачыніся сам у сабе ды весяліся з Бога свайго, бо маеш таго, каго ня здолее забраць у цябе на’т і ўсенькі сьвет.

Я той, катораму ўсяго сябе аддаць ты павінен, ды каб ужо не ў сабе, а ўва Мне жыў ты бяз ніякіх клопатаў.

З лацінскай мовы пераклаў
д-р Ст. Грынкевіч

Працяг будзе


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY