Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(59)/2012
Дакументы Апостальскай Сталіцы
Пасланне Святога Айца Бэнэдыкта XVI на Сусветны дзень міру
ВЫХАВАННЕ МОЛАДЗІ ДЛЯ СПРАВЯДЛІВАСЦІ І МІРУ
На кніжнай паліцы
Пераклады
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Вера & Socium

ВЫХОДЗЬМА СА СВАІХ МАГІЛАЎ!
Галерэя
На шляху веры

ШТО Ў ПАДМУРКУ?
Постаці

КС. АДАМ СТАНКЕВІЧ
Хрысціянская думка

ЗАНЯПАД ГЛАБАЛЬНАЙ ВЁСКІ
Спадчына
У святле Бібліі
На кніжнай паліцы

ЗБУДАВАЦЬ СВОЙ КАЎЧЭГ
Паэзія

ВЕРШЫ
Проза
In memoriam
Пра вечнае...

Генрых ДАЛІДОВІЧ

НЕЧАКАНЫ ПРЫЕЗД

Урывак з рамана «Рурыкавічы і Рагвалодавічы»

Першы ўсходнеславянскі летапісец Нестар зазначыў: у наўгародскага, потым вялікага князя кіеўскага Уладзіміра і полацкай князёўны, затым вялікай княгіні кіеўскай Гарыславы-Рагнеды і ўрэшце манахіні Анастасіі было шасцёра дзяцей. Чатыры сыны і дзве дачкі. Рускі гісторык XVIII ст. В. Тацішчаў тлумачыў: своеасаблівае вяселле вышэйназваных асобаў адбылося ў 975 ці 976 годзе. Адпаведна, маладыя людзі за 12 ці 13, як тады казалі, летаў ці сонцаваротаў сапраўды маглі мець столькі нашчадкаў.

Заканчваю твор, прысвечаны лёсу тых шасцярых унукаў Святаслава і Рагвалода. У іх, як і ў дзядоў, таксама ў асноўным калі не трагічная, то драматычная доля. Запрашаю чытача разам са мной паспрабаваць зазірнуць у... 996 год. Уладзімір спешна пакідае Кіеў, каб у Ноўгарадзе набраць сілу для адпору хуткаму ўварванню печанегаў. Па дарозе ён мог заехаць ў Полацк, да сына Ізяслава, каб у яго пакінуць у бяспецы сваю сям’ю. Яго сыны ў гэты час ужо княжылі ў выдзеленых ім удзелах, то з ім прыехалі дзве яго дачкі з Рагнедаю, новая жонка, хрысціянка Ганна, і малыя дзеці з ёю...

Аўтар

 

1

Сюды, у княскую трапезную, пакаёвая прывяла дзве маладыя жаночыя асобы. Сясцёр. Ужо дарослую дзяўчыну і падлетка — Прадславу і Праміславу. Абедзве, як і іхні бацька для чужога вока, не ў княскім убранні, а кожная ў незвычайным — не зусім святочным персідскім зялёным, з чырвонымі вышыўкамі сарафане паверсе ліловай паддзеўкі, у зялёна-чырвоных скіндачках. А вось на валасы і твар яны былі даволі розныя. Старэйшая сястра — русявая, з глыбокім блакітам вачэй, ужо з расквітнелай жаночай грацыяй і красой — праўда, «выкапаная маці». Толькі з юначай гібкасцю, свежасцю яркіх вуснаў і поўненькіх шчок, жвавасцю позірку, яснасцю лоба, хораша ўзнятых грудзей і акругленых клубоў. І вельмі харашыў яе твар якраз падабраны да яго маці-прыродай роўны прадаўгаваты нос. Вядома, зусім не выпадкова ляшскі Баляслаў закахаўся ў Прадславу і занудзіўся, затаіў глыбокую злосць, калі Уладзімір не выдаў замуж яе за яго. Малодшая сястра, як і трэба для свайго ўзросту, была гонкая, тоненькая, з чарнявымі валасамі, каса якіх пачала ўжо апускацца за шыю, як і ў бацькі, з круглымі вачыма, але без хітрага прыжмурку, з тонкімі губамі, з крыху выцягнутым падбародкам. Як кідалася ў вочы, яна поўнілася цікаўнасцю да незнаёмага ёй старэйшага брата па адных бацьку і маці. Як пазней увазнае Ізяслаў, ведала, што ў розных мясцінах ёсць браты Яраслаў, Мсціслаў і Усевалад, але да Прадславінага пасвячэння лічыла: іх і яе маці — Ганна, як і Барыса, Глеба, Станіслава.

— Сястрычкі! — ад хвалявання і радасці ў Ізяслава зайшлося сэрца: быў вельмі чуллівы па маці.

— Брацік! Кревнік! — першая рушыла насустрач Прадслава. — Яка давноочікувана зустріч! Які ты взрослый вже! Бравій! Чоловік!

Прыпалі адно да аднаго. Шчака да шчакі. Спрытна пакатыя Прадславіны плечы ўздрыгнулі, і яго шчаку абвільготнелі яе хуткія слёзы. Яна была ўжо здольная глыбока ўсвядоміць, перажываць за іхні такі цяжкі лёс, за ростань з маці, за іхняе цяперашняе. Але знайшла сілы, усміхнулася сястры:

— Праміслаўка, падыдзі, абдымі нашага старэйшага браціка.

Тая зрушылася і ішла так, як змалку вучаць хадзіць юных княжнаў, з высока паднятаю галавой, лёгка, дробненька перабіраючы нагамі. Ізяслаў пяшчотна прытуліў яе:

— Маленькая наша!.. Па ўсіх вас, адлучаных, гаравала і гаруе маці, а па табе, меншанькай, — найбольш... — Новы прыліў чуллівасці ў Ізяслава.

Гэтак жа сталася і з прысутнай тут Соф’яй — Прадслава, амаль яе аднагодка, ашчыравала яе абдымкам і пацалункамі («Рада бачыць цябе, братавая!»), а Праміслава толькі прытулілася, а Соф’я першая пацалавала яе, як дзяўчынку.

Як было бачна, Соф’я (яе, нявестку, цёпла блаславіла іхняя маці) сёння зноў была ўражаная — раней ад жаночай вялікаснасці Рагнеды, а цяпер ад стройнасці і красы яе старэйшай дачкі, палюбаванай, асвечанай нябесным і зямным дарам. У Рагнеды і Прадславы абвысакародзілася кроў паўночных конунгаў і полацкіх князёў. У іх хораша спалучыліся жаночая прастата і зграбнасць.

— Прашу падсілкавацца, — запрасіў Ізяслаў сясцёр, паказваючы на доўгі стол з рознай ежай, дзе былі тушаная капуста з гускай, маладыя баравічкі, ржаны хлеб і пшанічная булка з макам, смятана, малако, мёд, кісель і сыта да яго, журавінавы напітак, ачышчаныя арэхі, засушаны вінаград .

— Мы не галодныя, брацік, — адказала Прадслава, — а рваліся сюды найперш дзеля таго, каб пабачыцца. Пагаварыць. Мы ж — адна кроў! Каб ты ведаў, як я радая нават зірнуць на цябе!

— І я, сястрычкі мае. Тады давайце хоць прысядзем.

— Як яна, мама наша? — калі селі, нецярпелася ўведаць Прадславе.

— У смутку глыбокім, у малітвах. Адна яе радасць, што ўсе мы жывыя і здаровыя. Ад таго і яна моцная целам ды духам.

— У Палацеск «Ён», — Прадслава хітравата ўсміхнулася (значыць, дайшло да Кіева, што ён, Ізяслаў, і маці так называюць Уладзіміра), — мяне не пускае... А вось у Растове ў Яраслава, у Цьмутаракані ў Мсціслава, ва Уладзіміры ва Усевалада і ў Тураве ў Святаполка была.

Не сказаць, каб Ізяслаў зусім нічога не ведаў пра сваіх далёкіх ад яго братоў і сясцёр, пра тое-сёе дачуваўся ад розных гасцей і сваіх віжоў ды зусім іншае — не чужы пераказ, а сястрын аповед.

— У старэйшага з вас, Вышаслава з Ноўгарада, не была, дык нічога пра яго не магу сказаць. Малодшыя твае браты маюць розныя характары, — расказвала тая. — Яраслаў — не па гадах сур’ёзны, смелы, нават дзёрзкі і прагны да ўлады. Перахоплівае ўжо яе ў пестуна Будага, змушае сагнуцца перад ім растоўскую знаць. — Усміхнулася: — Не дарэмна кажуць, што рыжыя і кульгавыя злыя, а то і ліхія...

— Ён моцна кульгае? — спачувальна запытаў Ізяслаў.

— Даволі.

— Дзякуй Богу, што хоць ходзіць. Як помню, ён жа да трох гадоў не мог сам стаць на ногі. Мама гаравала, што будзе лежань, а значыць можа быць князь-ізгой. Ускочыў і пабег, калі... — І не дагаварыў.

— Мне ўпотай расказалі пра тое... — Прадслава дала знак, што разумее яго. — Яраслаў крыху помніць маму і цябе. Цябе — тады, калі ты засланіў сабой маці... Яго гэта вельмі ўразіла... Ён пра вас многа распытваў. Адказала, што ведала.

І ён заплакаў... А Мсціслаў кажа, што нібы ў густым тумане бачыць вас. Цяпер, як мо і ведаеш, чатырнаццаць яму, на чатыры менш, чым Яраславу, яшчэ толькі прабіваюцца вусікі, але ўжо раславаты, моцны, старэйшых отракаў і грыдняў валяе, калі схопяцца дужацца накрыжкі. Кемны. Бярэцца ў рожкі з цьмутараканскімі вяльможамі. Дык і ён, як і ты, Яраслаў, будзе спраўны князь. — Уздыхнула. — Хоць яму мо будзе сама цяжэй з усіх вас: абкружаны морам і ворагамі. Адным словам, «Ён» (без усмешкі ўжо) задаволены вамі: «Па мне пайшлі». Праўда, калі хтосьці з баяраў асмеліцца падаць голас, што ён дарэмна падзяліў дзяржаву паміж сынамі, сам сабе зменшыў «единовластие», бывае, і зморшчыць лоб: « Хоць... Папраўдзе, хто ведае, як потым маладыя арлы будуць паводзіцца са старым, аслаблым арлом... А як пасля смерці маёй паміж сабой?.. Не пераб’юцца ці не разарвуць сабраную прадзедамі і мной славянскую імперыю?..». А што да Усевалада нашага... — Сумна захітала галавою. — Маленькае княства яго, і ён... Падлетак ужо, павінен інтарэс свой мець, а ён гуляе ў дзіцячыя забавы і з меншымі за сябе. А баярам гэта толькі і трэба. Зусім не гадуюць у ім княскі дух, карыстаюцца і будуць карыстацца яго слабавольнасцю.

«Разумная Прадслаўка, — пацешыўся Ізяслаў, — і душу вялікую ды глыбокую мае».

— Я, сястрычка, — прамовіў уголас, — ні супраць бацькі, ні супраць братоў ніколі не пайду.

— Многія кажуць, што ты — «мірны князь, будаўнік». Хоць, брацік, ёсць і незадаволеныя, што бацька (і яна цяпер пазбегла слова «Ён») адасобіў вас ад славянскай імерыі, аднавіў палацескае вольнае княства. Ды ўгледжваюць у табе дзеда Рагвалода хітра задуманы далёкі намер... Якраз праз вашу мірнасць...

— Як і бацьку, табе таксама скажу: мяне асцерагацца не трэба. Самы вялікі мой намер зусім адкрыты: паставіць на ногі Дзедаўшчыну. Каб люд яе не жыў у норах і не хадзіў у звярыных скурах, каб ён быў такі, як і люд у Кіеве, Ноўгарадзе. Каб многаму навучыўся і ад Візантыі, і ад заходніх земляў. Каб усе пабачылі: мы нічым не горшыя за іншых, многае і нам па сіле нашай, па розуме і ўмельстве!

— Цяжкая, прыкрая была мая паездка ў Тураў да Святаполка, — вяла далей свой расказ Прадслава. — Яго маці гудзе і яму, і тураўцам у вушы: яе сын — Яраполкаў, дык не Вышаслаў з Ноўгарада, а якраз ён па даўнім праве некалі павінен быць на велікакняскім кіеўскім пасадзе. А цяпер павінен быць, як і ты, асобна ад Кіева... Не падуладжваецца яму Рагвалодаў Палацеск, дык такое права мае і град брата Рагвалода Тура... Усіх вас, «малодшых, Уладзіміравых сыноў», люта ненавідзіць, жадае вам зла вялікага. Шэпчацца з ляхамі, мае намер ажаніцца з іхняй князёўнай. Я не магла не перасцерагчы бацьку пра гэта. Хоць Святаполкавы мары могуць быць і марныя. «Яна» (Ганна) нашэптвае нашаму бацьку, каб запераемнічаў не былы язычнік, а іхні, «хрысціянскі» першы сын. Барыс. І яго змалку навучае на вялікага князя.

Ізяслаў чуў і пра апошняе сказанае Прадславай.

— «Яна» будзе рвацца пагаварыць з табой, — дадала да сказанага, узяла яго за рукі. — Асцерагайся. Яна зусім не тая, за каго сябе падае. Нібы за маці нам, малодшым, але была б радая, каб мы ўсе разам пазгіналі і каб засталіся ды ўзвысіліся яе сыны. Горш за горкую рэдзьку мне яе «любоў». Яна і цяпер раўнуе бацьку да нашай маці, бо ён...

Не паспела дагаварыць зразумелую яму, Ізяславу, сапраўдную рэч і перасцярогу адданая як маці, так і яму сястра: пачуўся постук у дзверы. Пасля Ізяславага дазволу на ўваход сюды зайшоў яго верны грыдзь:

— Княжа, цябе кліча да сябе вялікая княгіня кіеўская...

Прадслава, Ізяслаў тут жа перазірнуліся: пачалося! Але Ізяслаў быў спакойны. Раней, калі з маці выкідвалі яго, хлапчука, з Кіева, ён і ў тым узросце моцна ўзненавідзеў новую бацькаву жонку-хрысціянку — разбуральніцу, як тады ён, малеча, лічыў, іхняга сямейнага шчасця. А пасля яны прыглушылі свае крыўду і боль, аспакайнелі: што ж, «Ён» мусіў пайсці якраз на такое, каб сюды хрысціянства прыйшло па яго закліку. Каб сама адукаваная і культурная Візантыя ўшанавала яго! І не абы-кім, а сястрой базілеўсаў! Ды і ўсё ва ўсіх шасцярых Рагнедзіных дзяцей уладзілася. Усе жывыя, здаровыя, дагледжаныя. За гэта чалавечую і мацярынскую вялікую плату трэба плаціць ёй. У паўзямлянцы-келлі!

Той міг, пакуль Ізяслаў міжволі перавёў свае думкі пра Ганну, Прадслава пільна назірала за ім і, вядома ж, з уцехай бачыла: ён засяродзіўся, ніяк не выяўляе пачуццяў. У гэтым, палічыла, да яго падобны юны Мсціслаў. Не рэзкай выяўнасцю, а ўпэўненай стрыманасцю і душэўнай моцай. Міргнула яму: ідзі і будзь якраз вось такі, самастойны і годны.

— Соф’я, — паказваючы рукой на стол, папрасіў Ізяслаў, — будзь гаспадыняй, частуй братавых.

————————————————————————

Першы зірк на незнаёмага чалавека бывае розны. Як праўдзівы, так і падманлівы. «Яна», візантыйка, была зусім не падобная на іконы святых жанчын, якіх малявалі ў Візантыі — звычайна з цёмнымі валасамі і вялікімі смутнымі, безжыццёвымі вачыма, з доўгім тонкім носам і амаль зведзеным у нітачку ротам, з вузкім падбародкам і часта з гэтакім жа амаль не зямным дзіцем на руках. Ганна была сярэдняга росту, чорнавалосая і чарнавокая, смуглявая, з выразнымі цёмнымі вусікамі над верхняй адагнутай губой, а ў выпуклаватых вачах жывілася жаночая гуллівасць. Маршчыны каля вачэй былі шчодра замазаныя, мазь была і на худых шчоках. Але хараства гэта ёй не дадавала: яго псаваў падоўжаны нос з завысокім пераноссем. Таўсматая ў шырокім сарафане: зноў была цяжарная.

«Як кажуць, гонару, пыхі шмат, але красы жаночай мала. І старэйшая за нашу маці».

Не падданы, то не ўкленчыў, толькі прыклаў руку да грудзіны, схіліў галаву ў паклоне і сказаў па-грэчаску:

— Вітаю цябе, вялікая княгіня кіеўская, дачка і сястра вялікіх базілеўсаў візантыйскіх.

«Яна» таксама пільна агледзела яго. Як былая гулюня (дзеля плоцевых уцехаў жыцця доўга не хацела асямейвацца і, як хадзілі чуткі, жыла зусім не па рэлігійных запаведзях). Казалі, Святое Пісанне толькі слухала ў пераказе пісьменнага пры ёй слугі, як і апісанне жыцій святых са збору Метафраста, з «Іліяды» асобныя ўрыўкі, больш — з «Адысеі». Тым, што шмат пісалі манахі, а таксама рознымі хронікамі, багаслоўнымі спрэчкамі, літургічнымі вершамі, не цікавілася. Больш да спадобы ёй былі жывыя эпіграмы. Любіла даўнія і новыя застольна велічальныя песні, сама ў вольны ад баляў час чытала тое-сёе з выбранага гістарычных твораў (асабліва пра розныя любоўныя паданні пра Далілу і Самсона, царыцу Саўскую і Саламона, Клеапатру і Цэзара, пра Пандору і інш.). Найчасцей гартала два выданні: «Мірыябібліён» (мноства кніг) Фоція, дзе былі расказы пра свецкія (літаратурныя, гістарычныя, медыцынскія) і царкоўныя кнігі грэчаскіх і візантыйскіх аўтараў ды «Суду» — тлумачальны слоўнік з 30-ці тысяч нататак па пракаветнай і новай літаратуры, пра вядомых і забытых аўтараў, а таксама былі ўрыўкі са знойдзеных твораў. Хто ведаў гэтыя дзве кнігі, лічыўся высокаадукаваным чалавекам. Паколькі Уладзімір мала цікавіўся гэтым, то яна тут, у Кіеве, дабілася, каб ён у вольныя часіны хоць слухаў трактат «Пра ўпраўленне імперыяй» яе бацькі Канстанціна Багранароднага ў вусным перакладзе знаўцы грэчаскай мовы (названы базілеўс-пісьменнік памёр у 959 годзе — значыць, Ганна нарадзілася раней за гэты час і, сапраўды, у цяперашнім сане маладой жонкі была старэйшая за Рагнеду, маці шасцярых дзяцей). Дык вось як былая гулёна не стрымалася, пагарэзавала:

— Які прыўкрасны малады мужчына! Але давай гаварыць па-славянску. Я хачу пачуць і вашу гаворку.

Ён зусім не сумеўся.

— Як спалася, вялікая княгіня ў нашым Палацеску? — спакойна запытаў і тут жа падумаў, што яна ў яго слове «нашым» можа адчуць дваякі сэнс — тое, што яго маці з Полацка і што цяпер ён тут княжыць, і тое, што князь ён вольны.

— Дзякуй, — тым не менш таксама спакойна прамовіла госця. — Здарожылася, дык сон быў моцны. Дзеці і яшчэ спяць.

— Як скажаш пра сняданак-абед? Падаць яго сюды?

— Пазней. А цяпер, калі можна, пачастуй напоем з журавінаў. Ён у вас вельмі смачны.

Затым, калі сядзелі і яна пацягвала з іншаземнага прыгожага шклянога келіха ўпадабанае кіславата-салодкае пітво, хітравата ўсміхнулася:

— Прызнайся: маці і ты ненавідзіце мяне?

— Не, — шчыра адказаў ён.

— Але ненавідзелі?

— Было, — зноў зашчыраваў. — Але час залячыў рану: дзеля хрысціянства, новага аблічча нашых славян патрэбен быў твой і бацькаў шлюб.

«Яна» зірнула на яго з непрыхаваным здзіўленнем.

— І яшчэ паспрыяла тое, што нас пакінулі жывымі, а мне далі вольнае княжанне. Ды было да душы тое, што ты не стала злой мачыхай, а ўзяла пад апеку матчыных малодшых сыноў і дачок. Дзякуй табе за гэта. Канечне, тваю жаночую міласэрнасць запаважаюць далёка за межамі Кіева і Палацеска.

— Прызнаюся, — прыклала руку да грудзей, — я не чакала такога ад цябе. Думала: будзеш глядзець на мяне маладым пакрыўджаным воўкам. І маці твая такой жа думкі пра мяне?

— Такой.

— І ні кроплі злосці?

— Ні кроплі.

— А на «Яго?» — пацвелілася. — Я не такая ўжо вінаватая перад вамі, мусіла паслухацца братоў, а вось ён... Як муж і бацька...

— Маці і я жадаем вялікаму князю кіеўскаму доўгіх летаў жыцця і шчаслівага княжання. Калі бацька, Кіеў будуць моцныя, то ніхто з нашых суседзяў не асмеліцца напасці на Палацеск, — адказаў, у думках даўшы слова, што больш не будзе ўжываць найменні «Ён» і «Яна».

Ганна асачыла ягоныя вочы асабліва ўважліва, вывучаючы не словы, а думкі:

— Але ж ты зусім не хілішся да бацькі, да Кіева. У цябе дух найперш дзеда Рагвалода з яго вольніцай.

— Я не хачу надакучаць рознымі просьбамі. Самі спаўняем свае вялікія і малыя турботы.

— Бацька ганарыцца табой. Хоча, каб такія, як ты, былі і ўсе яго сыны. Скажу табе нават больш: ён зайздросціць, што ўмееш не толькі чытаць па-славянску, па-грэчаску, але і пісаць. Ды абдумана, ясна, як, можа, ні адзін цяпер князь на Русі. Дык я вельмі хацела пабачыцца, пагаварыць з табой. З уладаром Палацескай зямлі і, як многія кажуць, шчырым хрысціянінам, кніжнікам, асветнікам. Ты тут, сярод, як кажаш, вашых славян, пачынаеш ладзіць новую эпоху...

— Рад чуць такое, вялікая княгіня, — сказаў ён, усведамлючы, што былая, нібыта бесклапотная гулёна на самай справе зусім не такая, а дасведчаная і разважлівая. Зусім не выпадкова трапіла ў язычніцкі Кіеў. Але дадаў тое, што мог агаласіць: — Хоць і перабольшаныя мае спробы пісьменствам, асветніцтвам перанесці да нас усё тое высокае, чаго ўжо даўно дасягнула Візантыя ў навуцы гістарычнай, у пісьменстве красным, у мелодыях і спевах, у градабудоўлі, помніках розных. У нас усё гэта яшчэ далёка наперадзе, — нявесела хітнуў галавою. — Ды калі ты хацела пабачыцца са мной, не пустынным, а палацескім «отшельником», то дазволь выказаць табе маю просьбу. Адну, але запаветную.

— Слухаю цябе, князь. Рада буду зрабіць для цябе тое, што мне па сіле.

— Паспрыяй хоць на кароткі міг сустрэцца маёй маці з дочкамі. Бацька ўхіліўся ад такога дазволу. — І свядома паліслівіў: — А на твой, глыбока чалавечны, вядома, не зазлуе. Зразумее: маці зразумела маці.

— Просьба твая не цяжкая. Праўда, мне, маці, зразумелы матчыныя боль і жаданне, — Ганна гаварыла і ўсцешвала ягонае сэрца. — Я таксама хачу сустрэцца з ёю. Ды, бачыш, чаму асцерагаюся зноў выправіцца ў некароткую дарогу. Па маёй просьбе бацька твой ужо даў згоду, каб ваша маці прыехала ў Палацеск. Сёння ж пагавару пра гэта і з вашым строгім епіскапам.

Такі Ганнін ход быў даволі нечаканы для Ізяслава, хоць і даволі зразумелы: той, вядома ж, хацелася спадабацца Полацку яшчэ больш пасля таго, калі ўзяла апеку над Рагнедзінымі малодшымі дзецьмі.

— А яшчэ якія просьбы ёсць?

— Іншая мая просьба пра кнігі, — сказаў Ізяслаў. — Я нямала маю іх на грэцкай мове. Але вось «Мірыябібліён» Фоція ў мяне няпоўны. А так хацелася б прачытаць яго ўсяго.

— А «Пра ўпраўленне імперыяй» майго бацькі маеш?

— Прывезлі госці. Хоць гэтая навука больш для бацькі з яго вялізнымі ўладаннямі.

— Ён — не вялікі любіцель кніг, лічыць, што мудрасці ў яго і так хапае. А сам напісаць можа толькі самае простае.

— Калі можаш, памажы мне набыць твайго бацькі і «Пра цырымоніі», а таксама жыццяпіс Васілія І.

— Бачу я: ты — рэдкасць сярод князёў славянскіх і баяраў. Разумнік! Кніжнік!

...Епіскап — хмурны, незадаволены — пасля доўгіх угавораў нарэшце згадзіўся, каб Рагнеда пабыла ў Полацку. Але настойваў, каб яна прыехала не адкрыта, удзень, а ўночы...

Малюнак Уладзіміра Вішнеўскага

Ізяслаў, само па сабе зразумела, тут жа паслаў у Ізяслаўль свой уцеплены санны вазок (праўда, без уквечанння і без шаламкоў на дузе ды з простай збруяй на цёмнай масці конях: сама маці паўшчувала б за залішняе для яе манаскага сану) і насуперак епіскапу пастараўся, каб шырока апавясціць полацкі люд пра хуткі прыезд Гарыславы-Рагнеды-Анастасіі. А яе папрасіў прыехаць не раней, але і не пазней апоўдня.

І вось настаў студзень — дзень, калі нядаўна нізкае, мала бачнае неба ўдосталь насыпала снегу, калі выскачыла і пагарэзавала ад радасці мяцеліца, а раз’ятраны мароз набраў сілу, ядрыўся і пёк агнём асабліва падчас ачырванелых досвіткаў, а ўдзень хаваўся ў цень. Паколькі не было цяжкіх абвіслых хмараў, то неба вышэла, насочвалася яркасцю ды блакітам і пад суцэльным сонечным святлом снег аблегваўся і ад белізны зіхацеў. Ажно адбірала вочы. І вось у гэты дзень, перад апоўднем ужо, за драўляную агароджу полацкага пасада, вакольнага горада, высыпаў, як пазней скажуць, «стар и млад, даже незрячие и неходячие». Наперадзе ўсіх — полацкі ўладар, Ізяслаў у святочным выдрыным, абцягнутым цёмна-чырвоным аксамітам футры і ў бабровай шапцы. Справа яго — Соф’я, Прадслава, злева — Праміслава. У сабаліных футрах, нагалоўніках бела-цёмнага колеру і ў абцягнутых саф’янам белых, з чырвонымі ўзорамі боціках. За імі — палацеская знаць, таксама ў шыкоўных футрах, каптанах, у многіх пакрытых парчой ці, як тут казалі, золатам ці срэбратканкай. За ёю, абапал выезджанага санямі і вытаптанага шляху ў горад, дружыннікі стрымлівалі рамесны і просты люд — апошні больш у звычайных тут авечых, але аблямаваных вышыўкай (а ў таго-сяго нават і з шоўку) кажухах і кажушках, суконных цёмных і шэрых світках і сярмягах. Хто ў ботах, а хто і ў новых лапцях. Сёння і яму, Ізяславу, было прыемна, што палачане хочуць паказаць: ёсць што апрануць, абуць і з’есці пасля не такога ўжо і даўняга ліхалецця, калі амаль кожны ацалелы ў Полацку лічыўся больш чым пагарэльцам. Сярод амаль усіх, хто высыпаў за горад, не было аднаго з важных у Полацку: епіскапа. Перадалі: ён занядужаў. Шапнулі й іншае: той сёння не дазволіў у царкве ні званіць, ні «возжечь свечи», ні выйсці разам з вернікамі іншым святаслужнікам ( у гэты час ён быў у палацях Ганны і асцярожна — усё ж вялікая княгіня кіеўская, сястра візантыйскіх базілеўсаў, добра знаёмая патрыярха! — выгаворваў той пра яе абмылку, спасылаючыся на тое, што князь полацкі дазволіў сабе больш, чым дазволілі Уладзімір і яна яму. Маўляў, сённяшняе здарэнне зусім непажаданае: яно ўваскрашае былы полацкі гонар і мацуе цяперашні, бо і звычайныя разявакі сустракаюць госцю найперш як Гарыславу-Рагнеду, маці Ізяслававу, дачку Рагвалодаву! І заадно чарніў Ізяслава: бачыш, вялікая княгіня, які гэты «ціхамірны кніжнік і будаўнік патайны, хітры, як нават на гэтым зручным эпізодзіку гуртуе вакол сябе люд насуперак вялікаму князю кіеўскаму. Ён паводзіць сябе не як Рурыкавіч, а як Рагвалодавіч! Тое, што «па кудзелі», ставіць вышэй за тое, што «па мячы!»

І вось нарэшце ў яркай далечыні паказалася тройка коней, а хутка — і павозка, а за ёй — ахова з адборнай Ізяслававай дружыны. Вознік асадзіў разгарачаных бегам пародзістых маладых бегуноў. Са свайго каня саскочыў старэйшына аховы, адчыніў дзверцы павозкі, падаў руку — і тысячы люду, намагаючыся вышэй задраць галовы за плечы першых перад імі, «лицезрели», як з вазка па адкінутай лесвічцы саступае высакаватая, стройная жанчына ў чорнай доўгай апратцы (кажух пакінула на сядзенні) і, як адчувалася, лёгкая на хаду. А з першых шэрагаў убачылі: яна белатварая, строга прыгожая, з «иконным ликом». Спакойна стала на дол, стрымана, толькі на міг, зірнула на іх, дзяцей, згледзеўшы, якія цяпер яе дочкі (адзін Бог ведае, што было ў яе душы!), і тут жа пачала пільна акідваць позіркам велізарны людскі натоўп. Упівалася вачыма доўга, нібы не спяшалася падысці з дзясятак крокаў і кінуцца да дзяцей.

«Якая сіла волі!» — зноў і зноў не мог не здзівіцца Ізяслаў, хоць, як ніхто, ведаў матчын душэўны, мяккі і ў той жа час цвёрды характар. Моц ягоную загартавалі бяда і гора.

Яна ўсё гэтак жа ўпэўнена ўзняла руку і асяніла хрысціянскім знакам дарагіх яе сэрцу палачан. Ізяслаў першы, а за імі і ўсе астатнія мужчыны паздымалі розных формаў і колераў вушанкі, апусціліся на калені. Маці рушыла да іх. Перахрысціла яго, Соф’ю, а потым — Прадславу і Праміславу, нізка пакланілася, а тады паказала ім стаць на ногі. Ізяслаў цешыўся матчынаю простасцю і велічнасцю, радасна ўсміхнуўся; не толькі Праміслава, але і старэйшая Прадслава зачаравалася. Яны і іх маці некалькі хвілін сузіралі адно аднаго кожны па-свойму хвалюючым позіркам — маці не працягнула да іх рук, але вось з яе нібы незямных, толькі цяпер замутнелых вачэй выплылі і пакаціліся ўздоўж зграбнага, як і ў Прадславы, носа буйныя слязіны.

«Адна па Праміславе, другая па Прадславе», — падумалася Ізяславу, а ў гэты час маці, жвавеючы, нават без усмешкі асвячаючыся непаўторным мацярынскім шчасцем, не стрымала рук для даўножаданага абдымку дачок.

Сёстры адчулі гэтую чалавечую змену, прыпалі да маці. Прыгарнуўшы, яна пацалавала ў шчаку кожную і без звычайнага ў такіх выпадках жаночага галашэння ацяпліла іх выдыхам усёй душы:

— Жывенькія! Здаровенькія! Харошанькія! Самыя красныя, дарагія на свеце! Сёння я самая шчаслівая жанчына, маці на зямлі вялікай нашай!..

Прадслава, прыпаўшы, бясслоўна, але, мабыць, на ўсю моц маладой дзявочай душы заплакала, арасіўшы матчыную шчаку (абедзве былі амаль аднаго росту):

— Мама! Мамачка любая наша! І мы, дочкі твае, цяпер самыя шчаслівыя на свеце вялікім! Мы можам пабачыць цябе, прытуліцца! Адчуць рукі твае! Пачуць голас твой! Тое, што дагэтуль толькі снілася...

— Ёсць, ёсць Ён, Усявышні, дзеці, — супакоіла, пагладзіла дачок Рагнеда. — Бачыце, звёў нас. Ды тут, у Палацеску. Я прасіла і буду прасіць у Яго для вас шчаслівай долі.

А тады Праміславе:

— Маленькая мая! Як ты сёння супакоіла маё мацярынскае сэрца!.. Як яно цяпер жыва, хораша б’ецца! Бачачы гэта, бадай усе ўкленчаныя заплакалі: як знатныя, так і простыя бабулі і дзяды, бацькі дый маладыя адчувалі, што гэта значыць — сустрэча змусам разлучаных маці і дзяцей (плакалі жанчыны і ў Ізяслаўі, лічачы, што яе, іхнюю заступніцу і дарадніцу, забіраюць ад іх).

— Пайшлі, мама, — ціха падаў голас Ізяслаў ды не сказаў, што накіруюцца не ў царкву, дзе яе ніхто не чакае.

— Пайшлі, сын мой, — радасна прамовіла яна і побач з ім, статная, з высока паднятай галавой і замілаванасцю ў вачах, павяла дачок за рукі.

Маўклівы, глыбока ўражаны натоўп ускінуў рукі, загуў на розныя галасы, што і не проста было разабраць асобнае слова ў гэтым вітальным хоры:

— Гарыслава!

— Гарыслаўка!

— Рагнедзька!

— Княгіня наша!

— Заступніца!

Цяжка было дружыннікам стрымаць падхоплены з каленяў і паімкнуты на дарогу люд: ён пад выцягнутымі і скіраванымі на яго рукамі дружыннікаў то неахвотна адступаў, то зноў імкнуўся наперад, каб бліжэй убачыць Рагнеду і хоць пальцам дакрануцца да яе. Ізяслаў падняў руку — усе застылі на месцы.

— Прапусціце наперад калек, сіротаў, удоваў, — загадаў. Пра нястачных не напомніў: заўсёды сачыў, каб ім была помач як ад заможнікаў, так і ад яго ды царкоўнай казны.

Паслухаліся. А нямоглыя, няшчасныя з абодвух бакоў папаўзлі — Рагнеда, адпусціўшы доччыныя рукі, запатрабавальна махнула рукой уверх: падыміцеся, вы і без каленасхілення заслужылі спагаду. Усталі найперш аднаногія, дзеці, састарэлыя. І ўжо яны:

— Маці наша!

— Блаславі!

— Памажы!

Перад шляхам усе зноў упалі на калені — Рагнеда пачала блаславіць сляпых, нямых, глухіх, кульгавых, аднарукіх, аднаногіх, гарбатых, дзяцей і яшчэ маладых жанчын, тых, хто не мог хадзіць і каго іншыя прынеслі на руках. Усе прасілі яе дакрануцца да іх (пазней пайшлі пагалоскі, што некаторыя з блаславёных Рагнедаю пачалі бачыць, чуць, гаварыць, сталі на ногі). А пасля, калі яна мінула іх, і здаровыя кінуліся за ёю, каб першымі дакрануцца да яе слядоў.

Царква была зачыненая...


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY