Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(59)/2012
Дакументы Апостальскай Сталіцы
Пасланне Святога Айца Бэнэдыкта XVI на Сусветны дзень міру
ВЫХАВАННЕ МОЛАДЗІ ДЛЯ СПРАВЯДЛІВАСЦІ І МІРУ
На кніжнай паліцы
Пераклады
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Вера & Socium

ВЫХОДЗЬМА СА СВАІХ МАГІЛАЎ!
Галерэя
На шляху веры

ШТО Ў ПАДМУРКУ?
Постаці

КС. АДАМ СТАНКЕВІЧ
Хрысціянская думка

ЗАНЯПАД ГЛАБАЛЬНАЙ ВЁСКІ
Спадчына
У святле Бібліі
На кніжнай паліцы

ЗБУДАВАЦЬ СВОЙ КАЎЧЭГ
Паэзія

ВЕРШЫ
Проза
In memoriam
Пра вечнае...

Ірына БАГДАНОВІЧ

КСЁНДЗ АДАМ СТАНКЕВІЧ —
ЗНАНЫ І НЯЗНАНЫ

Да 120-годдзя з дня нараджэння

Партрэт кс. Адама Станкевіча.
Мастак Пётра Сергіевіч.
Вільня, 1939 г.

Беларусі ніколі не бракавала падзвіжнікаў. Можна сказаць, што ўся гісторыя і культура Беларусі — гэта гісторыя самаахвярнага падзвіжніцтва. У нас чынна дзейнічалі і складалі галовы асветнікі і змагары, а таксама асветнікі-змагары ў адной асобе. Міжваенны перыяд ХХ ст. для Беларусі быў акурат часам асветнікаў-змагароў, сярод якіх ці не найпершае месца належыць каталіцкаму святару Адаму Станкевічу, якога можна назваць чалавекам, які рэальна здзяйсняў прароцтва аб адраджэнні беларусаў, прамоўленае ў ХІХ ст. Францішкам Багушэвічам. Сёння ж кожны, хто хоць крыху абазнаны ў даваенным беларускім хрысціянскім і культурна-грамадскім руху, несумненна, пагодзіцца з тым, што постаць ксяндза Адама была бадай цэнтральнай і ўплывовай у ім. Віленскія беларусы з любоўю і павагаю называлі яго «вялікім філантропам», айцом Адамам, хоць ён і не быў законным манахам. Пакінутая ім творчая спадчына — манаграфіі, брашуры, артыкулы па гісторыі беларускай культуры, літаратуры, вызваленчага руху, хрысціянскага і палітычнага жыцця Беларусі — уражваюць шырынёй і глыбінёй падачы матэрыялу, яго дасканалай апрацоўкай, даходлівасцю думкі. Плённая асветніцкая культурна-грамадская дзейнасць ксяндза Адама лучылася са змагарным чынам, бо праца дзеля Беларусі, адраджэння яе мовы ў святынях, наладжвання працы грамадскіх арганізацый, а таксама палітычная сеймавая дзейнасць вымагалі гранічных высілкаў і часта менавіта барацьбы. Адам Станкевіч мужна нёс на сабе гэты нялёгкі пакутніцкі беларускі крыж, пішучы кнігі, дзейнічаючы ў шматлікіх грамадскіх арганізацыях, адстойваючы правы свайго народа і роднай мовы на самастойнасць і годнае развіццё, а таксама выконваючы свае непасрэдныя душпастырскія абавязкі. Склаў ён сваё жыццё на алтары служэння Бацькаўшчыне як ахвяра сталінскіх рэпрэсій: арыштаваны ў Вільні і асуджаны ў жніўні 1949 г. на 25 гадоў зняволення ў лагеры, ён ужо у лістападзе таго ж года загінуў у Тайшэтлагу пры загадкавых акалічнасцях. Сапраўды, жыццё, адданае за бліжняга, за беларуса і яго долю, чыстае ўвасабленне Любові, дасканалы шлях святасці…

Атэстат аб заканчэнні
кс. Адамам Станкевічам
Духоўнай акадэміі ў Петраградзе.
1918 г.

На шчасце, спадчына ксяндза-асветніка захавалася, не страцілася для нашчадкаў. Найперш, дзякуючы таму, што віленская друкарня імя Францішка Скарыны даваеннага часу, якую і заснаваў тады ж Адам Станкевіч дзеля пашырэння беларускага слова, друкавала ягоныя кнігі і кнігі іншых беларускіх святароў-пісьменнікаў, якія рыхтаваў да публікацый сам ксёндз Адам — у якасці рэдактара. На пачатку 1930-х гадоў ён надрукаваў з рукапісу дзённік Казіміра Сваяка (на той час ужо нябожчыка ксяндза Кастуся Стэповіча) «Дзея маёй мыслі, сэрца і волі», а таксама грунтоўны нарыс аб яго творчасці; другое, дапоўненае, выданне вершаў Андрэя Зязюлі (ужо таксама нябожчыка ксяндза Аляксандра Астрамовіча) «З роднага загону»; першую кнігу вершаў Вінцука Адважнага (ксяндза і айца марыяніна Язэпа Германовіча) «Беларускія цымбалы» са сваёй прадмовай — характарыстыкай усёй вядомай на той час творчасці пісьменніка-святара, ды іншыя выданні. На шчасце, прайшоў і той час, калі з грунтоўнымі кнігамі самога ксяндза Адама, такімі як «Беларускі хрысціянскі рух» (1939), «Хрысціянства і беларускі народ» (1940), ягонымі брашурамі «Доктар Францішак Скарына — першы друкар беларускі» (1925), «Беларуская мова ў школах Беларусі ХVІ і ХVІІ ст.» (1928), «Родная мова ў святынях» (1929), «Франціш Багушэвіч: яго жыццё і творчасць» (1930), «Кастусь Каліноўскі, “Мужыцкая праўда” і ідэя незалежнасці Беларусі» (1933) ды іншымі, можна было пазнаёміцца толькі ў бібліятэчных фондах спецыяльнага захоўвання (як калісьці давялося гэта рабіць і мне). Але за радкамі кніг ксяндза Адама адкрывалася Беларусь — сапраўдная, высакародная, высокакультурная, інтэлектуальная, змагарная, пакутніцкая…

У сучаснасці творчая спадчына Адама Станкевіча знайшла сваю годную эдыцыю ў двух гожых выданнях. Гэта найперш «Выбраныя творы» ў пачэснай серыі «Беларускі кнігазбор»: «зялёны» томік быў з любоўю ўкладзены незабыўным Уладзімірам Міхайлавічам Конанам — даследчыкам, якога можна таксама, без перабольшання, назваць падзвіжнікам сучаснага беларускага адраджэння, заснавальнікам новай беларускай эстэтыкі і культуралогіі. Ён жа, Уладзімір Конан, і аўтар грунтоўнай манаграфіі «Ксёндз Адам Станкевіч і каталіцкае адраджэнне ў Беларусі» (Мінск: выд-ва «Про Хрысто», 2003), якая паклала годны пачатак навуковым даследаванням велізарнай энцыклапедычнай спадчыны пісьменніка-святара. Другое, найбольш поўнае, выданне спадчыны ксяндза Адама Станкевіча «З Богам да Беларусі: Збор твораў», якое налічвае больш за тысячу старонак, было здзейснена Інстытутам беларусістыкі ў Вільні (2008). Шаноўныя ўкладальнікі — Алесь Пашкевіч і Андрэй Вашкевіч — уключылі ў выданне не толькі ўсе вядомыя друкаваныя працы ксяндза-асветніка, але і тое, што не знайшлося ў свой час друкам, а гэта і праца па гісторыі Беларусі ад старажытных часоў, а таксама святарскія казанні на цэлы літургічны год «Касцёльная навука: Божае Слова: лекцыі, Эванэліі і прамовы на нядзелі і сьвяты», што мае таксама надзвычай актуальнае значэнне менавіта як практычная духоўная спадчына беларускага святара-пісьменніка. Так, на першую нядзелю па Вялікадні ксёндз Адам, па прачытанні адпаведных старонак Евангелля ад Яна, прамаўляў: «Вера нам патрэбная, каб знайсьці Праўду Найвышэйшую, каб знайсьці Бога. Сярод многіх жыцьцёвых загадак і тайніцаў адна толькі вера мае паказаць праўдзівую дарогу і як ясны сьветач сьвеціць нам у нашай жыцьцёвай падарожы. Людзкая навука і культура — гэта толькі як бы ранішняе сьвітаньне. Праўда, ані адкідаць іх, ані імі гардзіць мы ня можам, ані цалком здаволіцца імі мы такжа ня можам. Усё земскае, хоць бы было няведама як высокае, праўдзівае і стройнае, ня зможа здаволіць цалком душы нашай, бо поўнае яе здаволеньне ў Богу. Душа наша тут на замлі — гэта як бы птушка, што пачынае сваё шчабятаньне на сьвітаньні, маючы пачуцьцё поўнай дзённай яснасьці і красы, што прыйдзе пасьля сьвітаньня: «Багаслаўлены, што ня бачылі і ўверылі»1.

 
 
Касцёл у вёсцы Быстрыца. Фота А. Яроменкі.

На шчасце, таксама досыць добра захаваўся архіў Адама Станкевіча, у якім шмат матэрыялаў біяграфічнага і творчага характару, перапіска, дакументы, звязаныя з дзейнасцю розных беларускіх арганізацый у міжваеннай Вільні, асобамі, з якімі судачыняўся ксёндз Адам. Маю ўвагу як даследчыка калісьці, яшчэ падчас працы над акадэмічным артыкулам пра Адама Станкевіча для біябібліяграфічнага слоўніка «Беларускія пісьменнікі», прывабіў адзін красамоўны аркуш паперы без даты, які, аднак, шмат сведчыў пра ксяндза-асветніка. На адным баку аркуша быў нашкрабаны алоўкам спіс рэчаў: «Клей, дарожка, усьцілкі, фрэнч, хатнюю сутану, грубай паперы на стол, кнопкі, гадзіннік, пёры гусіныя, шкарпэткі цёплыя…». Відавочна, у нейкую дарогу выпраўляўся ксёндз Адам і занатоўваў важныя рэчы, каб не забыцца. Мабыць, зважаючы на пералік, гэта не была яшчэ лагерная дарога… А на другім баку аркуша быў, магчыма, мяркуючы па змесце, урывак з касцёльнага казання і малітвы да Божай Маці і Езуса Хрыста. Жывое пастырскае слова нібыта звернута да нас — сённяшніх людзей Беларусі. Падамо гэтыя высокія і святыя словы-наказы і малітвы ксяндза Адама так, як яны захаваліся ў рукапісе: «…Ці ж мы толькі вечна будзем гнуцца і плакаць, і наракаць німаведама на каго, што нам дрэнна, што нас усе крыўдзяць? З гэтага сну і адрантвення прабудзіцца нам трэба. З большай сілай мы возьмемся працаваць на сваёй апушчанай беларускай ніве! Нічога дарма нікому не даецца. І лепшыя часы для нашага народу без нашай працы і нашых ахвяр да нас … не прыйдуць. Мы самі гэта ўсё для сябе прыгатаваць павінны! Як Бог чалавеку даў розум і чалавек, дзякуючы розуму, дае сам сабе ў жыцці раду, таксама ёсць і з нашым лепшым заўтрам. Гэта выкуць для сябе мы павінны самі! Але пакуль што ды гэна будзе, нам цяпер яшчэ паплакаць можна над сабой і над усім народам беларускім!.. «Ойча наш» і «Прывітана будзь…».

   
Старонкі рукапіснага буквара для беларускіх школ,
падрыхтаванага кс. Адамам Станкевічам.

Далей ішлі малітвы ксяндза Адама: «О, Балесная Марыя, перамяні Ты мае вочы ў крыніцу слёз, з якой бы плылі без устанку гарачыя слёзы жалю і слёзы сардэчнага спачуцця ў Тваіх болесьцях, слёзы найгарачэйшай міласці і ўдзячнасці! Такіх слёз выпрасі мне, грэшнаму, у Свайго Сына праз гэныя горкія Свае слёзы, што вылівала Ты, ідучы за Ім балеснай дарогай Крыжа і стоячы пад крыжом Ягоным. Амэн. Збаўца наш Езус Хрыстус! Пакорна мы Цябе просім, каб Твая найбалеснейшая Маці Марыя цяпер і ў часіну нашай смерці за намі да міласэрдзія Твайго ўступалася, Тая, Каторай сэрца разам з Тваім было мячом болесьці прабітае! Амэн»2.

Адам Станкевіч быў таксама руплівым збіральнікам і захавальнікам творчай спадчыны сваіх сяброў — святароў-пісьменнікаў. Гэта і рукапісы Казіміра Сваяка, і творы Андрэя Зязюлі, і вялікая перапіска. На жаль, лісты самога Адама Станкевіча амаль не захаваліся, ва ўсялякім разе іх няма ў прагледжаных мною архіўных фондах і яны не змешчаны ў згаданых вышэй выданнях. Затое збераглося нямала лістоў да самога ксяндза Адама, якія, на нашу думку, вельмі яскрава сведчаць пра свой час, дазваляюць убачыць асобу святара ў яго штодзённых духоўных і грамадска-культурных клопатах, праліваюць святло на кола яго знаёмстваў, дачыненні ў розных сферах дзейнасці з пісьменнікамі, палітыкамі і грамадскімі дзеячамі, іншымі святарамі і прыватнымі асобамі.

Бацькоўская хата кс. Адама Станкевіча ў в. Арляняты.
Мастак Язэп Драздовіч, 1939 г.

У нашай публікацыі падаюцца тры лісты да Адама Станкевіча ад 1933 і 1936 гадоў3. У двух — ад вядомага святара, айца марыяніна Андрэя Цікоты з Рыма, абмяркоўваюцца справы бягучага рэлігійнага жыцця: у першым лісце гаворка ідзе пра працу над перакладам і падрыхтоўкай да друку касцёльнай Канстытуцыі, у другім — пра ўдзел у грамадскіх справах айца марыяніна Язэпа Германовіча (пісьменніка Вінцука Адважнага), які тады толькі што вярнуўся ў Вільню пасля місійнай працы на Далёкім Усходзе — у Харбіне. Таксама цікавым, на нашу думку, ёсць ліст Міхася Машары да Адама Станкевіча, з якога бачна, што паміж пісьменнікам і святаром былі добрасардэчныя стасункі. Магчыма, ксёндз Адам быў і яго духоўным айцом, што непасрэдна вынікае са звароту да адрасата. У кожным разе прыведзеныя лісты яшчэ раз сведчаць, што Адам Станкевіч быў духоўным цэнтрам заходнебеларускага жыцця практычна ва ўсіх сферах дзейнасці, быў сейбітам святла і чалавечнасці, апосталам беларускага асветніцтва і адраджэння.

Ірына Багдановіч

Ілюстрацыйныя матэрыялы з фондаў ЦНБ ім. Я. Коласа
Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Гл. таксама:
ЛІСТЫ ДА КС. АДАМА СТАНКЕВІЧА ::
Данута БІЧЭЛЬ :: КС. АДАМ СТАНКЕВІЧ ::


  1. Станкевіч А. З Богам да Беларусі: Збор твораў. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2008. — С. 607.
  2. Аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я.Коласа НАН Беларусі. Ф. 4, воп. 1. Адз. зах. 45. — Арк. 95.
  3. Лісты захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Ф. 3, воп. 1. Адз. зах. 279. — Арк. 8, 44 — 45, 47.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY