Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(59)/2012
Дакументы Апостальскай Сталіцы
Пасланне Святога Айца Бэнэдыкта XVI на Сусветны дзень міру
ВЫХАВАННЕ МОЛАДЗІ ДЛЯ СПРАВЯДЛІВАСЦІ І МІРУ
На кніжнай паліцы
Пераклады
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Вера & Socium

ВЫХОДЗЬМА СА СВАІХ МАГІЛАЎ!
Галерэя
На шляху веры

ШТО Ў ПАДМУРКУ?
Постаці

КС. АДАМ СТАНКЕВІЧ
Хрысціянская думка

ЗАНЯПАД ГЛАБАЛЬНАЙ ВЁСКІ
Спадчына
У святле Бібліі
На кніжнай паліцы

ЗБУДАВАЦЬ СВОЙ КАЎЧЭГ
Паэзія

ВЕРШЫ
Проза
In memoriam
Пра вечнае...

Аркадзь ШПУНТ

РОЗДУМ НА ЛУЗЕ
(З НАТАТКАЎ РЭСТАЎРАТАРА)

У 1812 годзе ў Мінску жыло 11 200 чалавек,
а ў канцы 1812-га — 3 840...

...Жывёлы і птушкі атрымалі свае імёны, калі Пан Бог прывёў іх да чалавека, «каб убачыць, як ён назаве іх». І чалавек пад наглядам Бога здзейсніў гэтую «інвентарызацыю» не з цікавасці да словатворчасці, а галоўным чынам у «пошуках памочніка, да сябе падобнага», як напісана ў Кнізе.

Зразумела, што сярод жывёлаў і гадаў чалавек не знайшоў падобных да сябе, і таму Пану Богу давялося, падпраўляючы створаны Ім свет, зрабіць жанчыну «з рабра, узятага з Адама» (пад агульным наркозам), хоць Ён мог зрабіць Еву, як і Адама, з гліны... У Бога і з першага разу выходзілі дасканалыя стварэнні, але атрымліваецца, што жанчына стала творам ужо дасведчанага Майстра і, напэўна ж, самым дасканалым...

Аднак у клопатах першых дзён Стварэння ні Богу, ні чалавеку не было ніякай справы да раслінаў. Нават Сам Усемагутны не змог бы «прывесці» расліны, бо хоць і стварыў Ён іх жывымі, але ж нерухомымі. У раі «трава, што рассявае насенне паводле гатунку свайго», напэўна, гэтак і красуецца безыменнаю. Не тое што на Зямлі...

Выгнаныя з Эдэмскага саду, харчуючыся ад зямлі цернямі, ваўчкамі і польнымі злакамі, людзі навучыліся адрозніваць расліны для таго, каб палепшыць сваё сілкаванне і мець зёлкі, якія ацаляюць ад хваробаў. Але з біблійных часоў тут не было пэўнай вызначанасці: і «лячэнне», і «трава» доўга называліся аднолькава, ва ўсялякім разе на акадска-вавілонскай мове да няўдалай спробы ўзвесці вежу, каб «зрабіць сабе знак», перш чым рассеяцца па абліччы зямлі.

І нарэшце зусім нядаўна вучоны швед Карл Ліннэй прыдумаў назву кожнай былінцы. І для таго, каб назаўсёды выгнаць з навукі паэтычны фальклор і назаўсёды пазбавіць сваю сістэму ад магчымых моўных скажэнняў, ён пазначыў «мёртваю» моваю ўсё жывое — усё, што расце.

Смеласць у найменнях Божых стварэнняў і пашану да латыні Карл Ліннэй успадкаваў ад бацькі, які гэтак любіў расліны, што нават змяніў сваё сумленнае шведскае прозвішча на лаціназаванае Ліннэўс — паводле наймення гіганцкай ліпы. І той, каму лёсам было прызначана заставацца ўсяго толькі Інгермансонам, застаўся ў гісторыі батанікі вялікім майстрам Ліннэем. Але праз скамянелую латынь і бінарную наменклатуру нястрымна прарасталі і прарастаюць назвы на жывых мовах. Людзі самымі рознымі найменнямі пазначаюць яркасць фарбаў, пах, лекавыя ўласцівасці, месца распаўсюджання, смак каранёў, сцябла і лісцяў, падабенства з хвосцікамі і вушамі жывёлаў — да гэтай пары трываюць «анюціны вочкі», «божыя слёзкі», «венерын чаравічак», «царскія кудзеркі» і шмат чаго яшчэ... Бо ўсё падобнае да ўсяго... Нараджаецца ў мове, паўтараецца, жыве з раслінаю ў лузе, у засушаным букеце знахаркі, у прабірках фармацэўта і парфумера.

Чым карысней трава, тым больш ёй надаецца ўвагі, тым больш у яе назваў. І часам нават думаеш: гэта ж колькі трэба перажыць з травою (напрыклад, з лебядою, хімічны склад якой не вывучаны да гэтага часу), каб шляхам спробаў і памылак канчаткова ўведаць, што непрыкметнае пустазелле — той самы лек, які суцішвае і боль галавы, і хваробы вачэй, скуры, горла, страўніка, і пазбаўляе не толькі ад перхаці, але і ад гемарою, дыярэі, істэрыі... і нават можа паслужыць ежаю ў вялікі голад. Ці не за мноства гэтых добрых якасцяў Карл Ліннэй назваў лебяду «мар добрага Генрыха»?

Абагаўляючы латынь, Ліннэй, пэўна ж, не ведаў, што слова «мар» гучыць па-беларуску як «мара». Генрых IV марыў, каб кожны працаўнік у яго дзяржаве ў нядзельны дзень мог з’есці курыцу. Але — хвала лебядзе, бо яе хапала, каб народ хоць нешта еў і ў будні, і ў час рэлігійных непамыслотоў, і ў час войнаў, прыдуманых каралямі і ў Францыі, і ў Беларусі, калі нас прагна дзялілі драпежныя суседзі.

...А ў палацах заўсёды было што з’есці. Праўда, кончыкі сталовых нажоў на ўсялякі выпадак рабілі закруглёнымі, каб імпульсіўныя рыцары не выкарыстоўвалі іх падчас гасціны як магчымую зброю. Кароль вучыў дваранаў карыстацца нажом і відэльцам і марыў накарміць народ... насуперак трываламу перакананню ў тым, што сыты галоднага не разумее. Таму, відаць, у ліхі час яго празвалі Добрым, хоць мара пра штонядзельную курыцу ў гаршку селяніна так і не ажыццявілася...

На лузе, дзе да Парыжа як да неба, на ўзбочыне, парослай лебядою, недарэчна ўспомніш, што «Парыж варты месы», бо проста каля ног у дымцы-марыве амаль перлавага пылу расце бела-сівая «мар добрага Генрыха».

Усе назвы даўно запісаныя ў энцыклапедыі, каб аднойчы ў дзяцінстве можна было моцна здзівіцца, што ўжо ўсё названае! Ды яшчэ як!

Здзіўляюся да сённяшняга дня. Перабіраю гербарый словаў, задыхаюся ад раскошы моўнага багацця, ад невычэрпнасці яго смаку... З асалодаю з галавою патанаю ў вечназялёным духмяным сене назваў... Раскідваючы рукі сярод траваў, спінаю адчуваю пукатасць зямнога шару... Гляджу, як у небе плывуць аблокі, а ў гэты час драпежнік Pisaurinamira з засады падсцерагае прыгожую ўладальніцу чырвоных сцёгнаў — кабылку Melanplus — у зарасніках Poa Pratensis (мятліка), змушаючы яе ў жаху бегчы да Solidagorugosa (па-руску — залатарніка, а па-беларуску — сумніка!)

Ну чым не аснова для сюжэта якога-небудзь бясконцага серыялу... тым больш, што ёсць яшчэ і іншы павук — Паскакунчык. Павук Вандроўны — засадны драпежнік, а Паскакунчык — агрэсіўны паляўнічы. Абодва любяць Кабылку. А Кабылка любіць Мятлік. Дакладней, усе яны любяць адзін аднаго... паесці. Толькі сціплы Мятлік, які нарадзіўся на свет травою, нікога не можа з’есці, але і не можа ўцячы, каб не з’елі яго. Дый куды ўцякаць са свайго лугу? Мятлік залежыць ад таго, які з павукоў з’ядае кабылку і чым, у звязку з гэтым, харчуецца сама кабылка. А яна вымушаная пакінуць такі смачны мятлік і з неахвотаю аддаць перавагу зморшчанаму сумніку, таму што вандроўнаму забойцу складаней падсцерагаць яе на сумніку, чым на іншых травах... Пагадзіцеся, што жыць, абедаючы без апетыту, усё ж значна лепш, чым пазбавіцца жыцця, у якім гэтак прыцягальна-спакусліва, рухаючы сцёгнамі па адной з жылак надкрылляў, сакочуць самцы.

Засадны павук змушае кабылку з’ядаць сумнік і такім чынам спрыяе стрымліванню яго згубнага для іншых траваў разрастання. Актыўны паляўнічы пакідае ёй мала шанцаў для выжывання: паскакунчык не лянуецца здабываць яе і на сумніку — і гэтак ратуе яго.

І сумнік Solidagorugosa без перашкодаў, з усёю сваёю нястрымна-буйнаю сілаю пустазелля выцясняе іншыя травы. Магутныя рыхлыя кусты пераможна цвітуць увосень, залоцячы луг, быццам сонца, нават у пахмурны дзень...

Луг, які страціў сваё разнатраўе... Міжволі думаеш пра гісторыю роднай Беларусі, што бачыцца сярод гісторыяў іншых краінаў і народаў разнатраўным лугам, на якім з веку ў век цаною кожнага чацвёртага жыцця вырашаліся чужыя інтарэсы і чужыя адносіны... І хто пры гэтым думаў пра траву пад нагамі?..

Але травы, знікаючы ў бясконцасці, нараджаюцца зноў. З веку ў век...


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY