Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(59)/2012
Дакументы Апостальскай Сталіцы
Пасланне Святога Айца Бэнэдыкта XVI на Сусветны дзень міру
ВЫХАВАННЕ МОЛАДЗІ ДЛЯ СПРАВЯДЛІВАСЦІ І МІРУ
На кніжнай паліцы
Пераклады
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Вера & Socium

ВЫХОДЗЬМА СА СВАІХ МАГІЛАЎ!
Галерэя
На шляху веры

ШТО Ў ПАДМУРКУ?
Постаці

КС. АДАМ СТАНКЕВІЧ
Хрысціянская думка

ЗАНЯПАД ГЛАБАЛЬНАЙ ВЁСКІ
Спадчына
У святле Бібліі
На кніжнай паліцы

ЗБУДАВАЦЬ СВОЙ КАЎЧЭГ
Паэзія

ВЕРШЫ
Проза
In memoriam
Пра вечнае...

Стэфан СВЯЖАЎСКІ

СВЯТЫ ТАМАШ, ПРАЧЫТАНЫ НАНАВА

Працяг. Пачатак у № 3(57)/2011.

IV. ВЕДА ПРЫРОДНАЯ — ВЕДА ЯК ЛАСКА

Звычайна кажуць, што веда і вера, альбо розум і вера, гэта супярэчнасці. Аднак жа веду дае вера — яна і ёсць ведаю. Пры ўсёй сваёй слабасці і няпэўнасці яна адначасна — крыніца найглыбейшай веды. Вось жа ёсць два віды веды, прыродная (філасофская, навуковая) і надпрыродная (праз веру, якая ёсць ласкаю).

Часта гэтае пытанне спрошчваюць, сцвярджаючы, што дастаткова Евангелля! Хрыстус прыйшоў, даў нам найважнейшыя праўды, а таму навошта далей вучыцца, чытаць штосьці, апрача Святога Пісання, думаць, чэрпаць веды аднекуль яшчэ, калі мы маем у распараджэнні гэткую крыніцу ведаў? Больш за тое, часта кажуць, што філасофія і навука толькі заблытваюць розум, ускладняюць, уносяць сумненні, таму нашмат лепш замкнуць усе закуткі розуму на замок, слепа верыць і добра жыць. Часта спасылаюцца і на аўтарытэт св. Паўла, які выразна сказаў: «Хай не зводзіць вас філасофія» (пар. Клс 2, 8). Часам магло б з’явіцца жаданне сказаць: ды хопіць ужо філосафаў, яны нам непатрэбныя. І сапраўды, у гісторыі хрысціянскай думкі такое антыфіласофскае стаўленне ўзнікала неаднойчы. Гэткія тэндэнцыі мы акрэсліваем назваю «фідэізм» (ад слова fides — вера). Яны маюць на ўвазе тое, што вера павінна развівацца за кошт розуму альбо па меры свайго развіцця адсоўваць убок розум і яго правы. Крайняй формулай, пры дапамозе якой можна было б выказаць сутнасць фідэізму, было б выказванне, прыпісанае Тэртуліяну1 , аўтару, які жыў на пераломе ІІ і ІІІ стагоддзяў: credo ąuia absurdum — веру ў штосьці, бо яно абсурднае. У гэтым выслоўі выказана прынцыповая нязгода, супярэчнасць паміж тым, у што я слепа веру, і тым, што кажа мне розум. Былі такія часы ў гісторыі еўрапейскай думкі, калі фідэістычная арыентацыя нагэтулькі ўзмацнілася, што нават чытанне Бібліі лічылася непатрэбным. Не трэба ўвогуле чытаць — абвяшчаюць прыхільнікі фідэізму — не трэба вывучаць, бо ўсё гэта не патрэбна: трэба добра жыць, рабіць добрыя ўчынкі, а ўсё, апрача гэтага, уласна кажучы, — трата часу і скажэнне сапраўднага хрысціянскага жыцця.

Аднак справа нашмат больш складаная, чым нам падаецца. Перадусім — не ўсе з’яўляюцца хрысціянамі, не ўсе — вернікі; ёсць шмат вызнаўцаў рэлігіяў, адрозных ад хрысціянства, шмат людзей увогуле нерэлігійных.

Памятайма таксама, што сёння мы, людзі белай расы, калі казаць пра рэлігійныя перакананні, — у нашмат горшай сітуацыі, чым расы іншыя. Мы больш спаганеныя, няглядзячы на нашае хрысціянства. Уласна кажучы, дамінуючая рыса белай расы ў наш час — неапаганства. Узнікаюць таксама розныя цяжкасці і ў людзей веруючых. І таму «палітыка страуса», які хавае галаву ў пясок і не хоча бачыць праблемаў, у сваёй аснове, відаць, нядобрая. Развіццё веры насуперак інтэлекту, насуперак розуму гэтаксама памылковае, як і клопат пра надпрыроднае, пра надпрыроднасць праз пагарду да прыроды. Мы абавязаныя пастаянна рабіць выбар, выбіраць большае дабро за кошт меншага, але пры гэтым мы павінны не пагарджаць дабром ніжэйшым, а прызнаваць яго вартасць. Гэтак жа, калі я бачу вышэйшасць веры за разумовую веду, я не маю права пры гэтым недаацэньваць розуму, ганіць прыроджаную інтэлектуальную сферу.

Філасофія, як школа прыроднага сузірання, з’яўляецца істотным элементам поўнага развіцця чалавечай прыроды, а вера, якая прышчапляецца на чалавечай прыродзе, не развітай напоўніцу, заўсёды будзе крыху выкрыўленай, будзе развівацца, але негарманічна, няпоўна, не закараняючыся цалкам у той глебе, на якую павінна абапірацца. Тут мы апынаемся перад асноўным пытаннем. Хацеў бы падкрэсліць яго важнасць, бо гэта сапраўды — галоўная справа для чалавечай культуры, ці чалавек без дапамогі Аб’яўлення, без дапамогі праўдаў веры, можа прыйсці да пазнання Бога і Божых справаў. Ці дзеля таго, каб пазнаць Бога, трэба прыняць Аб’яўленне, ці таксама мы можам без Аб’яўлення, незалежна ад яго, прыйсці да асноўных праўдаў? Менавіта гэтая праблема найбольш хвалявала св. Тамаша, калі ён зноў і зноў вяртаўся да пытання: што ёсць Бог?

Заўважма, што гэта тая справа, якая з’яўляецца адной з найважнейшых «стрэлак у вагах» сучаснай культуры. Гаворка ідзе пра тое, ці гэтыя праўды, якія неабходныя чалавеку для збаўлення, праўды прынцыповыя, самыя асноўныя, ці яны даступныя толькі праз Аб’яўленне, ці прынамсі да некаторых з іх можна таксама прыйсці і разумовым шляхам. Той жа св. Павел, які шмат у чым меў рацыю, кажучы: «Глядзіце, каб хто не звёў вас філасофіяй» (бо тут ён меў на ўвазе неаплатонаўскі гіперспірытуалізм, з аднаго боку, а з другога — матэрыялістычныя тэндэнцыі), у Лісце да Рымлянаў выразна сцвярджае, што праз прыроднае назіранне свету можна прыйсці да пазнання Бога (пар. Рым 1, 20).

Ды й св. Тамаш у сваёй «меншай» «суме», у Summa contra gentiles, кажа, што абмяркоўвае ў ёй пытанні: secundum ąuod ad cognitionem divinarum naturalis ratio per creaturas pervenire potest (IV, 1) г. зн., што разглядае ўсе пытанні з таго гледзішча, ці naturalis ratio, альбо прыродны розум, наша прыродная пазнавальная здольнасць, не прасветленая вераю — per creaturas, праз сузіранне стварэнняў, праз назіранне за светам, праз сузіранне свету, праз кантэмпляцыю (гэта ўсё змяшчаецца ў адным выразе per creaturas) — можа прыйсці ad cognitionem divinarum, да пазнання Божых рэчаў, Боскіх справаў? Ці наш інтэлект абмежаваны толькі пазнаваннем з аднаго боку рэчаіснасці, нагэтулькі вузкай, як свет матэматыкі альбо фізікі, а з другога — справаў нагэтулькі выпадковых, як факты досведу, гістарычныя ці прыродныя, — а ўсё іншае належыць да Аб’яўлення? Ці таксама сам інтэлект, сам чалавек здольны прыйсці прынамсі з нейкага боку і ў нейкай ступені да гэтых асноўных рэчаў, да гэтага «ўсяго іншага». Св. Тамаш разглядае гэтае пытанне і кажа так: Бог аб’явіў гэтыя асноўныя праўды, а аб’явіў таму, што чалавеку цяжка дайсці да іх уласнымі сіламі, яму цяжка сцвердзіць з усёй пэўнасцю, што Бог ёсць, што Ён адзін, што Ён дух, асоба і г.д. Мы сутыкаемся тут з праблемамі выключна цяжкімі. Мы ведаем, што вельмі лёгка, калі ўжо ёсць нейкае паняцце пра Абсалют, упасці ў Яго неакрэсленасць, у шматбожжа, у неасабовасць, у недуховасць, як лёгка можна перайсці, напрыклад ад культу Бога да культу сонца, ведаем — а гісторыя нам усё гэта пацвярджае — як незаўважна можна саслізнуць да пантэістычнай канцэпцыі Бога, гэта значыць да атаясамлення Бога са светам.

Такім чынам, сярод праўдаў веры, сярод праўдаў, патрэбных для збаўлення, — кажа св. Тамаш як тэолаг, — ёсць такія, да якіх можна прыйсці ўласнымі прыроджанымі сіламі, і дадае: але добра, што апрача таго яны былі аб’яўленыя. І гэтыя праўды Тамаш акрэслівае лацінскім тэрмінам, які цяжка перакласці на польскую мову: revelabilia (ад revelareаб’яўляць, бел. аб’яўляльныя. — A. Ж.). Гэта праўды, якія могуць (але не абавязкова) павінны быць аб’яўленымі. Апрача таго, — кажа св. Тамаш — сярод праўдаў веры, патрэбных для збаўлення, ёсць такія, да якіх нельга прыйсці без Аб’яўлення: Уцелаўленне, Найсвяцейшая Тройца і шэраг іншых. Гэта так званыя revelata (бел. аб’яўленыя. — А. Ж.) праўды, якія павінны быць аб’яўленыя, бо інакш прыйсці да іх немагчыма. Разрозненне паміж revelabilia і revelata — рэч важная. Вось жа, сярод праўдаў веры ёсць такія, якія не мусяць быць аб’яўленымі, але добра, што яны былі аб’яўленыя, і такія, якія мусяць быць аб’яўленымі, бо ў адваротным выпадку ніякім іншым чынам да іх нельга было б дайсці. І менавіта навуку, што займаецца тымі праўдамі веры, да якіх можа пры вялікім высілку, дысцыпліне і падрыхтоўцы дайсці чалавечы інтэлект уласнымі сіламі, св. Тамаш называе натуральнай альбо прыроднай тэалогіяй, якая ёсць чымсьці іншым, чым тэалогія, заснаваная на Аб’яўленні ці тэалогія надпрыродная. Другое важнае разрозненне датычыць тэалогіі натуральнай, ці прыроднай, і тэалогіі наднатуральнай, аб’яўленай, ці надпрыроднай. Першая грунтуецца на філасофскіх падставах, другая — на аб’яўленых праўдах.

Натуральная тэалогія, веда, датычная Божых справаў, якая грунтуецца на філасофскай, прыроджанай у чалавека рэфлексіі, з’яўляецца інтэгральнай, найважнейшаю часткаю галоўнай філасофскай дысцыпліны, якую мы здавён называем філасофіяй існавання. Прадмет гэтага раздзелу філасофіі — тое, што ёсць, што існуе, усё роўна, ці гэта магнітафон, ці чалавек, ці планета зямля, кветка, ці атам. Калі штосьці існуе, то, паколькі яно існуе і ёсьць чымсьці, яно будзе прадметам адпаведнай навукі: бо магнітафон будзе прадметам тэхнікі як магнітафон, зямля будзе прадметам астраноміі альбо геаграфіі як зямля, а чалавек можа быць прадметам антрапалогіі ці іншых навукаў, як напрыклад, медыцыны. Але, калі мы разглядаем кожны з названых прадметаў з таго гледзішча, ці ёсць ён чымсьці існуючым, чымсьці, што ёсць, то тады мы займаемся філасофіяй існавання, ці філасофіяй бытаў, гэта значыць той цудоўнай, цяжкай, спрэчнай навукаю, якою з’яўляецца метафізіка. Назва «метафізіка» з’явілася з прычынаў чыста бібліятэкарскіх і азначае тое, што выходзіць за межы фізічнай праблематыкі, ахопленай асобнымі навукамі (meta па-грэцку «па-за»). Натуральная тэалогія складае ядро, галоўную частку метафізікі. Таму сапраўднае метафізічнае мысленне ў аснове — тэалагічнае. Сапраўдны метафізік у нейкім сэнсе — тэолаг, бо, аналізуючы кожную рэч з таго гледзішча, што яна ёсць, што існуе, з неабходнасцю сягае да першапачатковай асновы гэтага існавання, ці да Бога.

Тут мы закранаем тое, што складае квінтэсэнцыю філасофскай думкі, і асабліва думкі св. Тамаша. Філасофія развілася гэтак, што ахоплівае цэлы шэраг дысцыплінаў, такіх як этыка, эстэтыка, філасофія чалавека і г.д. Іх коранем, крыніцаю, найважнейшым зыходным і канцовым пунктам ёсць філасофія існавання, ці метафізіка. У сувязі з гэтым паўстае праблема хрысціянскай філасофіі. Дакладней кажучы, няма філасофіі хрысціянскай, і гэта таму, што філасофія ёсць справаю пазаканфесійнаю і перадканфесійнаю. Тут няма ні веруючага ні няверуючага, ні хрысціяніна ні мусульманіна — ёсць чалавек, які філасафуе. Але з’яўляецца гістарычным фактам тое, што ёсць філасофія, якой займаюцца хрысціяне; тады філасофская рэфлексія робіцца хрысціянскаю філасофіяй. Гэта, аднак, «хрысціянскасць» іншага тыпу. Калі філасофія мае быць філасофіяй, то ў ёй не можа быць ніякіх перадпасылак, ніякіх перадумоваў, якія былі б праўдамі веры. Часта паслядоўнікам Тамаша даводзяць, што Тамаш грунтуе сваю філасофію на Аб’яўленні. Нічога падобнага: ніводная філасофская тэза св. Тамаша не вынікае з Аб’яўлення. Яна можа з’явіцца пад імпульсам праблематыкі, якая крыецца ў праўдах веры, але гэта зусім іншая справа. Напрыклад, філасофскае пытанне існавання мае сваю прычыну ў тэалагічных разважаннях на тэму Бога-Створцы; яно, можа, увогуле не з’явілася б, калі б не было матыву стварэння з нічога; матыву чыста рэлігійнага. Але гэта зусім не значыць, што ў філасофіі мы грунтуемся на перадумовах веры, ці на перадпасылках, узятых з Аб’яўлення.

Св. Тамаш да бясконцасці паўтарае, што auctoritas (аўтарытэт Аб’яўлення, Святога Пісання ці нейкага мудраца) ніколі не можа быць аргументам у філасофіі; толькі інтэлектуальныя, разумовыя падставы могуць брацца пад увагу. У цудоўным трактаце De veritate Тамаш ясна кажа impossibile est ąuod de eodem sit fides et scientia (De verit. q.l4 a.9) — немагчыма (трэба дадаць: адначасна) мець веду і веру адносна таго ж самага прадмету. Альбо мы ведаем, што А існуе, альбо, што А ёсць Б, альбо мы ў гэта верым; адно выключае другое. Ёсць моманты, калі чалавек з поўным перакананнем кажа: я ведаю, што Бог ёсць, але ёсць і іншыя моманты, калі ягоная інтэлектуальная пабудова пачынае хістацца і тады ён толькі верыць: Credo in unum Deum. Тая ж самая праўда выяўляецца адзін раз як праўда веры, другі раз як праўда веды; яна не можа адначасна быць прадметам веды і веры. З гэтым пытаннем звязаная праблема слабасці і дасканаласці пазнання. Вера — найслабейшае пазнанне, калі казаць пра яго надзейнасць; найслабейшае ў адносінах, напр., да пазнання матэматычнага. Матэматыка найбольш надзейная. Але адначасна, у іншым аспекце, самая надзейная вера, бо ў тую хвіліну, калі я прымаю веру, я прызнаю, што ў аснове палягае аўтарытэт Бога. Тады, пры ўсёй крохкасці пазнання, выяўляецца моц перададзенай праз веру праўды, якая аказваецца (і гэта дзівосны парадокс!) нашмат глыбейшай, хоць і падмацаванай інакш, чым праўда матэматычная. Калі хто хацеў бы прачытаць цудоўнае разважанне на тэму ўбоства і дасканаласці метафізікі, раю звярнуцца да аднаго з раздзелаў кнігі Марытэна Grandeur et misére de la métaphysique2 («Веліч і ўбоства метафізікі»), кнігі, дагэтуль, на жаль, не перакладзенай. Св. Тамаш падкрэслівае, што ў практычным жыцці вера неабходная, што на свеце было б цёмна і сумна, калі б мы не мелі Аб’яўлення. Бо да метафізікі, да метафізічнай веды пра Бога даходзяць толькі вельмі нямногія.

Нават калі мы возьмем пад увагу пераднавуковае, агульнае, даступнае ўсім людзям філасафаванне, то відавочна, што ў аснове ўсіх гэтых філасафуючых разважанняў заўсёды знаходзіцца нейкае ўсведамленне Абсалюту. Аднак, каб мець такую пэўнасць наконт існавання Бога, каб можна было сказаць: я ведаю, што Бог ёсць, неабходнае цалкам свядомае і абгрунтаванае метафізічнае пазнанне, якое вымагае як прастаты духа, гэтак і інтэлектуальнай сталасці. Да гэтага, кажа Тамаш, даходзяць толькі нямногія і праз доўгі час: est a paucis et per longum tempus (S.th. I q.l a.l c.3 ). Гэтыя праўды цяжкія; малады розум не здольны дайсці да іх, за выняткам матэматыкаў, якія ў маладым веку бываюць геніяльнымі. Але чаму з метафізікай справа выглядае інакш, чым з матэматыкай? Для метафізікі патрэбны вялікі досвед, недастаткова геніяльных камбінатарыйных здольнасцяў, неабходных для матэматыкі, патрэбны яшчэ доўгатрывалы досвед. Св. Тамаш кажа яшчэ больш: ёсць такія, што проста не здольныя да метафізічных разважанняў, да іх гэта даходзіць вельмі цяжка. Нарэшце, змаганне за існаванне часта нагэтулькі заглушае ўсё, што калі б не было Аб’яўлення, то людзі проста не знайшлі б патрэбнага otium — вольнага часу на рэфлексію, што неабходна для пазнання такога роду.

Тут мы прыходзім да яшчэ адной важнай рэчы: хрысціянства цалкам супрацьлеглае гнозе. Гноза і гностыкі (пра гэта яшчэ будзе гаворка) — гэта была і ёсць яшчэ да сённяшняга дня найбольш небяспечная хрысціянская ерась. Вялікі св. Ірэнэй, біскуп Ліёна (ІІ ст.), змагаўся пераважна з гностыкамі. Адной з падставаў гнозы было перакананне, што людзі ад пачатку падзяляюцца на людзей цялесных і людзей духовых, пнеўматыкаў і саматыкаў (ад грэцкіх словаў pneumaдух, somaцела). Толькі пнеўматыкі здольныя пазнаваць найвышэйшыя рэчы, а рэшта, велізарная большасць, гэта звычайныя хлебаеды, спажыўцы, і ім не варта нават казаць пра такія рэчы. Хрысціянства ж заўсёды трымалася іншай пазіцыі, і св. Тамаш абвяшчае, што ўсе людзі маюць права на пазнанне найвялікшых метафізічных праўдаў; нельга ні ад каго хаваць гэтыя праўды, асабліва, калі гаворка ідзе пра праўды веры, якія таксама з’яўляюцца праўдамі метафізікі. І менавіта таму Аб’яўленне дадзенае ўсім, бо ўсе, нават самыя нікчэмныя, павінны мець доступ да гэтых найвышэйшых праўдаў. Такі прынцып заўсёды падкрэсліваўся мыслярамі, якія ішлі шляхам артадаксальнай хрысціянскай думкі.

Не трэба таксама забывацца на тое, што для сцвярджэння існавання Бога недастаткова прыродазнаўчых навукаў, нават найвыдатнейшых. Прыродазнаўчыя навукі павінны весці да сінтэзу, які, несумненна, адкрывае перспектыву найбольш глыбокіх рэлігійных справаў і тэалагічных праблемаў, але сапраўднай лініяй, сапраўдным шляхам, які вядзе да прыроднага пазнання Бога, ёсць выключна метафізіка. Толькі метафізіка, філасофія існавання, дазваляе нам належна ацаніць усё, што існуе, а ў гэтай сферы ўсялякая памылка мае фундаментальнае значэнне. У так званай Філасофскай суме св. Тамаш піша: nam error circa creaturas redundat in falsam de Deo scientiam et hominum mentes a Deo abducit — «памылка наконт стварэнняў выліваецца ў памылковую веду пра Бога і адварочвае розумы людзей ад Бога» (Summa contra gentiles II, 3,1). Гэта падаецца вельмі істотным, і не маюць рацыі людзі, якія сцвярджаюць, што філасофія не патрэбна. Яна дае такую веду пра стварэнні, якой не могуць забяспечыць прыродазнаўчыя навукі, і прыводзіць нас да адвечнай асновы ўсіх бытаў, да Бога.

Пераклад з польскай мовы
Алеся Жлуткі.

Паводле: Świeżawski Stefan. Święty Tomasz
na nowo odczytany. — Poznan, 1995.

Працяг будзе.


  1. Квінт Сэптымій Флорэнс Тэртуліян (каля 155 — каля 220 г.) — раннехрысціянскі пісьменнік і тэолаг. Ад яго багатай творчай спадчыны захавалася 30 працаў у галіне дагматыкі і апалагетыкі. Каштоўным набыткам з’яўляюцца таксама фрагменты страчаных твораў іншых хрысціянскіх аўтараў, якія дайшлі да нас дзякуючы творчасці Тэртуліяна. — А. Ж.
  2. Maritain Jacques. Distinguer pour unir ou les degrées du savoir. Desclée de Brouwer. — Paris, 1946.
  3. У перакладзе на рускую мову з гэтаю працаю можна пазнаёміцца ў выданні: Маритен Жак. Избранное: Величие и нищета метафизики. — Москва, 2004.
  4. Скарот «c.», які часам будзе сустракацца пры спасылках на Summa Theologiae, азначае corpus articuli (respondeo).


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY