|
|
|
№
1(59)/2012
Дакументы Апостальскай Сталіцы
Пасланне Святога Айца Бэнэдыкта XVI на Сусветны дзень міру
ВЫХАВАННЕ МОЛАДЗІ ДЛЯ СПРАВЯДЛІВАСЦІ І МІРУ На кніжнай паліцы
БЭНЭДЫКТ XVI. СВЯТЛО СВЕТУ: ПАПА, КАСЦЁЛ І ЗНАКІ ЧАСУ
Размова з Петэрам Зэевальдам Пераклады
Ad Fontes
Вера & Socium
Галерэя
На шляху веры
Постаці
Хрысціянская думка
Спадчына
У святле Бібліі
На кніжнай паліцы
Паэзія
Проза
In memoriam
Пра вечнае...
|
Мы жывём у свеце, які радыкальна зменшыўся (адлегласці перасталі мець значэнне) і радыкальна стаў больш хуткім (час перастаў мець значэнне). Тэхніка і рынак паўплывалі на тое, што зніклі дыстанцыя і адлегласць паміж людзьмі, але ўсё ж яны не сталі блізкімі, хоць, як гавораць, усе людзі «плывуць у адной лодцы». Мы жывём побач, але жывём ізалявана. Чалавек не хоча ўскладаць на сябе цяжар другога. Салідарнасць становіцца дыфіцытным таварам. Ці ж не з’яўляецца гэты недахоп, які так моцна кідаецца ў вочы, своеасаблівым лейтматывам сацыяльнага вучэння Бэнэдыкта ХVI?
Тры асновы Горкі вобраз сучаснага свету пачатку ХХІ стагоддзя, які выразна прачытваецца ў папскіх тэкстах, нягледзячы на значныя адкрыцці медыцыны, тэхнікі і гучныя дабрачынныя акцыі, вынікае з разыходжання шляхоў праўды і любові. У перспектыве Бэнэдыкта ХVI асноўным прынцыпам у спасціжэнні свету, у тым ліку і некасцёльнага, з’яўляецца любоў (caritas) і праўда (veritas). Любоў разумецца не толькі ў тэалагічным сэнсе як адна з трох асноўных цнотаў (апрача веры і надзеі), а таксама як прынцып, паводле якога будуецца грамадскае жыццё. Папа сцвяржае, што «любоў — гэта галоўны шлях сацыяльнага вучэння Касцёла». Другою цнотаю з’яўляецца праўда. Вядома, размова ідзе не аб праўдзе адпаведнасці рэчы і думкі і не аб праўдзе, якая разумецца як супадзенне веры з учынкам. Што гэта значыць? Тое, што сцвярджае св. Якуб: «Вера без учынкаў мёртвая». Папа піша, што «без праўды любоў заканчваецца сентыментальнасцю. Любоў становіцца пустою абалонкаю, якую можна адвольна напоўніць. У культуры без праўды існуе рызыка сказіць любоў». Цытата з гэтага сацыяльнага евангелля Бэнэдыкта ХVІ магла б гучаць наступным чынам: «Любоў без праўды — сляпая, а праўда без любові — пустая». Безумоўна, любоў і праўда — гэта тэалагічныя фундаменты, на якія абапіраецца сацыяльнае вучэнне Папы. Аднак трэба паглядзець, як яны праяўляюцца ў рэаліях грамадскага жыцця, як суадносяцца з нашым штодзённым змаганнем з цяжкасцямі. Ці стаіць за гэтымі старымі хрысціянскімі катэгорыямі інтрыгуючы дыягназ нашай зменлівай сучаснасці і нашага разрозненага грамадства, якое крочыць да сваёй мэты праз «халодныя стасункі», г. зн. праз такія, дзе паміж людзьмі няма месца абавязацельствам, бо кожная праява адказнасці за іншага чалавека ўспрымаецца як прывязванне каменю на шыю? Сярод тэкстаў, якія Бэнэдыкт XVI прысвяціў тлумачэнню шляхоў сацыяльнага Евангелля Езуса, тры з’яўляюцца ключавымі. Гэта ўжо сімвалы цяперашняга Пантыфікату. Па-першае, гэта другая частка энцыклікі Deus caritas est (2005), і асабліва раздзелы, прысвечаныя суадносінам паміж любоўю і справядлівасцю. Другім элементам гэтай сацыяльнай мазаікі з’яўляецца энцыкліка Caritas et veritate (2009). Лёс распарадзіўся такім чынам, што ў 2008 годзе Папа павінен быў лічыцца ў ёй з сусветным эканамічным крызісам амерыканскага банка Lehman Brothers.
Аўтарытэт церпячых «Трываюць вера, надзея і любоў», — вучыць св. Павел, — «гэтыя тры, але найбольшая з іх любоў». У сваю чаргу св. Ян дадае, што не баіцца толькі той, хто ўдасканаліўся ў любові. Не здзіўляе, што ў сваёй першай энцыкліцы Deus caritas est Папа піша пра тое, што «любоў з’яўляецца служэннем, якое выконвае Касцёл, каб няспынна выходзіць насустрач цярпенням і патрэбам людзей, у тым ліку матэрыяльным». Менавіта ў гэтым аспекце на першы план выходзіць церпячы чалавек. У такога чалавека няма нацыянальнасці, няма колеру скуры, няма палітычных поглядаў, няма сексуальнай арыентацыі, г. зн., што ўсё пералічанае ён мае, але яно адыходзіць на другі план з-за крыку яго болю, на які нам трэба адрэагаваць. А калі так, то Касцёл, які бачыць церпячых і ўбогіх, не можа маўчаць. Ён не можа дазволіць сабе бяздзейнічаць. Менавіта таму Касцёл далучаецца да справаў міласэрнасці (напр., дзейнасць «Caritas»). Тым больш Папа сцвярджае: «любоў бескарыслівая». Яна не выкарыстоўваецца для дасягнення іншых мэтаў. Таму праявы дабрыні, жаданне аказваць дапамогу сапраўды з’яўляюцца выпрабоўваннем нашай чалавечнасці, выпрабоўваннем нашага хрысціянства. Папа мае рацыю, калі гаворыць, што няма такога грамадскага ладу, які сцвердзіў бы, што любоў і дабрачыннасць не патрэбны, што можна стварыць такі свет, дзе «ўчынак самараніна» будзе цалкам не патрэбным. Убогіх і церпячых, на жаль, заўсёды можна бачыць сярод нас. І яны заўсёды будуць тэстам на нашу міласэрнасць. З іншага боку, удзел у дабрачыннай дзейнасці не можа замяніць імкнення да сацыяльнай справядлівасці, да будавання дзяржаваю такога грамадскага і палітычнага ладу, які зможа ліквідаваць сацыяльную няроўнасць і будзе змагацца з дыскрымінацыяй і нецярпімасцю. Гэта, безумоўна, тая кропка, дзе палітыка сутыкаецца з вераю. Аднак Касцёл не хоча і не можа замяняць дзяржаву ў стварэнні справядлівай грамадскай сістэмы. Бэнэдыкт ХVI выразна гаворыць, што роля сацыяльнага каталіцкага вучэння садзейнічае фармаванню чалавечага сумлення такім чынам, каб, убачыўшы несправядлівасць, чалавек «не паварочваўся да яе спінаю». Калі ён бачыць несправядлівасць і не рэагуе, ён паказвае не толькі сваю абыякавасць, а сам становіцца яе саўдзельнікам. Папа сцвярджае тое самае, калі піша, што Касцёл «хоча служыць фармаванню сумлення ў палітыцы і ўплываць на павелічэнне сапраўдных патрабаванняў справядлівасці і адначасова на гатоўнасць рэагаваць, абапіраючыся на яе, нават калі гэта пярэчыць асабістым інтарэсам». Сумленне можа быць дрэнна сфармаванае, у такім выпадку чалавек можа знішчыць у сабе тое, што з’яўляецца асноваю яго чалавечнасці.
Хачу, таму існую? Фундаментальным тэкстам у каталозе выказванняў Бэнэдыкта ХVI, які закранае сацыяльныя пытанні, з’яўляецца энцыкліка Caritas et veritate. Найперш таму, што Папа пісаў яе ў пік гаспадарчага крызісу, з-за якога людзі кожны дзень страчвалі працу і жыллё, банкі ліквідаваліся хутчэй за розныя недзеяздольныя фірмы, а краіны — напрыклад, Ісландыя — апыналіся на шляху банкруцтва. Больш за тое, крызіс не ўдалося пераадолець цалкам, пра што сведчаць сённяшнія праблемы Грэцыі, якая праз «крэатыўную бухгалтэрыю» сваіх кіраўнікоў становіцца хворым «чалавекам Еўрасаюзу». На колькі грэцкі вірус заразны, мы хутка пераканаемся на ўласнай скуры. Усё ж пачалася вялікая паніка, бо прыхільнікі догмату TINA (There is no alternative), або таго, што для неаліберальнай ідэалогіі няма альтэрнатывы, а капіталізм — гэта найлепшая сістэма з магчымых, у задуменні паціскаюць плячыма, бо гэты догмат перастае дзейнічаць так, як ім хацелася б, а нябачная рука рынку стала сапраўды нябачнаю, яна перастала штосьці рэгуляваць, а сквапнасць, якая да гэтага часу ўхвалялася і ў колах фінансавых акулаў лічылася цнотаю — зрэшты, як і некаторымі каталіцкімі тэолагамі — прывяла сусветную гаспадарку да бездані. Таму ці трэба здзіўляцца, што ў такой сітуацыі спадзяванні, згодна з энцыклікай Бэнэдыкта ХVI, раслі паступова, хоць крызіс паглыбляўся, а паніка сярод людзей толькі павялічвалася. І сапраўды, многія вядомыя каментатары, напрыклад, у Польшчы айцец дамініканін Мацей Земба, чакалі ад Папы канкрэтных падказак, парадаў, як выйсці з крызісу, што зрабіць, каб «наш супольны дом не пайшоў на дно». Тым часам дамініканін пераконвае ў тым, што папская энцыкліка з’яўляецца не вырашэннем праблемы, а хутчэй за ўсё зборам пасланняў, якія набліжаюць нас да мэты або да таго, што трэба рабіць, каб у свеце было больш любові, каб грамадства было больш чалавечным і каб «чалавечая экалогія» стала лепшай. Айцец М. Земба — рэаліст, таму ён гаворыць, што «эканоміка павінна быць эканомнаю. Калі ёю пачынаюць кіраваць, абмінаючы этычныя прынцыпы па якіх-небудзь знешніх прынцыпах, то яна непазбежна будзе страчваць эфектыўнасць». Цяперашні крызіс, і гэта ўжо паўтараюць нават зацятыя ідэолагі неалібералізму, з’яўляецца менавіта эфектам антырэгуляцыі — адсутнасці кантролю. У выніку спушчаны з-пад кантролю дзяржавы дзікі капіталізм прывёў да банкавых спекуляцый, а тыя, у сваю чаргу, выклікалі глабальны рэгрэс. Калі пагадзіцца з тым, што «эканоміка павінна быць эканомнай», то implicite значыць, што з эканомікай і асабліва з яе неаліберальнай версіяй, не дыскутуюць. Сапраўды, няма шанцаў, што цяперашні крызіс падзейнічае на нас так, як халодны душ на соннага чалавека. З гэтай перспектывы Папа, безумоўна, паўстаў перад намі як апошні з магіканаў. Мэта рынку — прыбытак, а не чалавек. Гэта вельмі супярэчліва для Папы, бо для яго «першы капітал, які трэба захаваць і цаніць, — гэта чалавек, асоба ў яе інтэгральнасці». У сітуацыі, калі чалавек з’яўляецца для рынку толькі сродкам дасягнення мэты, сферы сацыяльнай бяспекі падпарадкоўваюцца рэдукцыі з пункту гледжання «пошуку большай карысці». Рынак знішчае «сістэму грамадскай бяспекі», што выклікае ў людзей страх і няўпэўненасць. Ён імкнецца да абмежавання ролі прафсаюзаў, садзейнічае росту няроўнасці і б’е па грамадскай справядлівасці. Для рынку — не для Касцёла — бедныя з’яўляюцца балансам, якога трэба пазбыцца. Рынак, хоць і не павінен, сам па сабе становіцца «месцам перамогі моцнага над слабым», знішчаючы такі важны для кожнай грамадскай супольнасці капітал як давер. Таму Папа гаворыць, што «недастаткова толькі эканамічнага і тэхнічнага прагрэсу». На шчасце, у гэтай сур’ёзнай ацэнцы сённяшняй сітуацыі ў грамадстве і, напэўна, у гэтых своеасаблівых нараканнях, Бэнэдыкт XVI не адзін. Напрыклад, на дапамогу яму прыходзіць, хоць і з іншай пазіцыі, левы палітолаг Бенджамін Барбер. У сваім выдатным эсэ «Спажывальнікі. Як рынак псуе дзяцей, інфантылізуе дарослых і праглынае ўсіх грамадзянаў» (2008) («How Markets Corrupt Children, Infantilize Adults, and Swallow Citizens Whole») Барбер адзначае, што пратэстанцкі этас, які быў асноваю маральнага ладу Амерыкі і прывёў да яе дабрабыту, цяпер заменены інфантылізмам, які абмежаваў увесь свет Захаду. Галоўным адказным за руйнаванне нашага індывідуальнага і грамадскага жыцця з’яўляецца рынак. Гэта ён сёння стаў адзіным выхавацелем, настаўнікам і фармавальнікам густаў не толькі ў дарослых, але таксама і ў дзяцей. Сучасны капіталізм хоча, каб сучасныя дзеці ніколі не станавіліся дарослымі, а сучасныя дарослыя зноў сталі дзецьмі. Мы жывём у эпоху, калі абавязковым стаў культ дзяцінення. Але «пераасэнсаванне каштоўнасцяў» адбылося на яшчэ больш глыбокім узроўні. Змянілася антрапалагічная парадыгма, якой на працягу стагоддзяў акрэслівалася жыццё чалавека і супольнасці. Мы скінулі з трону мысленне, ухваляючы жаданне, якое ў сваю чаргу кіруе рынкам і яго вернымі салдатамі — маркетолагамі. Яны не супакояцца, пакуль не пераканаюць нас у тым, што мы павінны купіць чарговы непатрэбны мабільны тэлефон, бо менавіта ён з’явіўся ў новым колеры, або новы ноутбук, бо ён на 10 г лягчэйшы і на 5 міліметраў меншы за той, якім мы карыстаемся. Ці яшчэ горш: мы павінны ўлезці ў чарговы крэдыт, хоць яшчэ не выплацілі папярэдні. Маркетолагі ўводзяць у вушы таксама і тое, што ад набыцця новых «наваротаў» залежыць наша будучыня. Свае тэхнікі яны выпрабоўваюць ужо на дзецях, а бацькам падміргваюць. Барбер, напрыклад, піша, што на прамысловым рынку ТВ прыстаўка «V-Smile» прызнаная лепшаю цацкаю 2005 года. Яе рэкламны дэвіз гучаў так: «Калі ты не гуляеш у відэагульні, то не паступіш у ВНУ». Аказваецца, каб быць студэнтам ВНУ, табе не трэба ўжо ведаць ні табліцы множання, ні гісторыі. Дастаткова гуляць 24 гадзіны ў суткі. Такім чынам, падкрэслівае Бенжамін Барбер, на нашых вачах капіталізм знішчае рэшткі этасу, якім Амерыка абавязана пратэстанцкаму духу добрасумленнасці, стараннай працы і клопату пра супольнае дабро. Калі найважнейшым становіцца ненасытнае жаданне мець «навінкі», то адкрыццё Р. Дэкарта (думаю, значыць існую. — Заўв. рэд.) павінна апынуцца на сметніку гісторыі. На яго месца трыумфальна прыходзіць зусім новы прынцып: «Хачу, таму існую!». Ці ж не здзіўляе, што падобнае песімістычнае бачанне сучаснага свету маюць Папа і левы інтэлектуал? Барбер, сочачы за навучаннем Папы, адзначае, што «Бэнэдыкт XVI не толькі выступіў з абвінавачваннем вынікаў этасу інфантыльнасці, а паказаў таксама дакладны вобраз яго адхіленняў. Нельга сцвярджаць, што ён выказаў уласны старамодны і тэндэнцыйны погляд на мараль». І Бэнэдыкту XVI, і Барберу можна выказаць дакор, які фармулюе айцец Земба: адсутнасць «рэцэптаў» паводзінаў у сённяшнім крызісе і інфантыльнай культуры. А інакш: што рабіць? І сапраўды, сёння мы жывём у культуры, якая прымушае «штосьці рабіць», хоць часам не вядома, навошта гэта робім і з якою мэтаю. «Большасць, — зазначае брытанскі філосаф Джон Грэй, — гэта не бяздзейсныя летуценнікі, а практычныя мужчыны і жанчыны, якія ўцякаюць ад рэчаіснасці; у актыўнасці яны шукаюць прыстанішча ад нікчэмнасці іх быцця». Прымус дзейнічаць і ўяўнае змаганне з гаспадарчым крызісам становяцца своеасаблівым відам агнямёту, якім спрабуюць патушыць палаючы стог сена. Гэта знак таго, што найгоршае нас абмінула. Таму пагаджаюся з Бэнэдыктам XVI, які ўслед за Паўлам VI гаворыць: «Свет пакутуе з-за адсутнасці думкі». Ці, інакш кажучы, у вочы кідаецца бяздумнасць свету. Тое, што сёння нам трэба, каб пераадолець крызіс, і перадусім змяніць аснову спажывецкай капіталістычнай культуры — гэта не бяздумная і панічная дзейнасць, а грунтоўнае і спакойнае пераасэнсаванне таго, як мы павінны жыць разам на гэтай агульнай планеце.
«Злезем з дрэва» Апошні аспект, які трэба закрануць у сувязі з суб’ектыўным аглядам сацыяльнага навучання Бэнэдыкта XVI, датычыць «экалагічнага крызісу», пра які гаварыў ужо Ян Павел ІІ. У сваім пасланні Бэнэдыкт XVI рытарычна піша: «Ці можам мы абыякава глядзець на праблемы, звязаныя з такімі з’явамі, як кліматычныя змены, спусташэнне, дэградацыя і зніжэнне прадуктыўнасці аддаленых сельскагаспадарчых земляў, засмечванне рэк і ваданоснага слою, выміранне біялагічнай разнастайнасці, павелічэнне колькасці прыродных катастрофаў, знішчэнне экватарыяльных і трапічных рэгіёнаў?». Звяртаючы ўвагу на «экалогію чалавека», ці можам мы забыцца пра павелічэнне колькасці г. зв. экалагічных бежанцаў — людзей, якія ў выніку знішчэння іх асяроддзя павінны яго пакінуць і часам з усімі пажыткамі ісці ў невядомае, падвяргаючы сябе небяспецы, звязанай з прымусовым перасяленнем? Ці можам мы не рэагаваць на канфлікты, якія ўжо вядуцца, і на патэнцыйныя, звязаныя з доступам да карысных выкапняў? Усе гэтыя праблемы маюць глыбокі ўплыў на магчымасць выкарыстання правоў чалавека, такіх, напрыклад, як права на жыццё, права на харчаванне, права на здароўе, права на развіццё». Аднак цяжка пагадзіцца, што заатэалогія і экалогія стаяць на другім плане касцёльнага навучання. Нягледзячы на гэтыя драматычныя словы Папы, мы пастаянна ўмацоўваем нашае перакананне ў тым, што паколькі чалавек з’яўляцца «каронаю стварэння», ён можа «падпарадкоўваць» сабе зямлю. Часцей за ўсё мы разумеем гэты біблійны наказ як абсалютнае права на знішчэнне маці-зямлі, на прычыненне ёй балючых ранаў або крадзяжу прыродных багаццяў. Падобным чынам чалавек успрымае наказ «панаваць над жывёламі». Нашы «браты меншыя» пастаянна служаць нам для задавальнення садысцкіх патрэбаў. Каб не быць галаслоўнымі, можна прывесці два прыклады, якія аднойчы згадваліся па тэлебачанні: аператары аднаго з тэлевізійных каналаў завіталі ў канюшню, дзе «гаспадар» коней (а хутчэй кат!) трымаў іх у стойле па калена ў гноі. Частка коней стаяла ў збруі, якая паўрастала ў цела на некалькі сантыметраў. Іншая трагедыя: сям’я, прыехаўшы ў спякотны дзень у гіпермаркет, прыпаркавала машыну, пакінуўшы ў ёй сабаку. На працягу некалькіх гадзінаў гэтыя людзі без спешкі займаліся задавальненнем сваіх патрэбаў, а жывёла ў пакутах канала ў зачыненай машыне. Прыклады можна працягваць... Ці сумняваецца хтосьці ў тым, што жорсткасць, у якой мы практыкуемся на жывёлах, пачынае набываць усё больш паўсюдны характар? А таму, ці не будзе наіўным меркаванне біскупаў пра тое, што калі хтосьці можа так жорстка абыходзіцца з чацвераногімі, ён не будзе мець ніякага сумлення, калі аналагічным чынам паставіцца да іншага чалавека — у тым ліку і ненароджанага? Ці мы, людзі, не заўважаем, што тое, як мы абыходзімся з жывёламі, нічога не гаворыць пра нашых «братоў меншых», але затое гаворыць пра нас — людзей? Так, чалавек можа ганарыцца сваімі дасягненнямі: права чалавека на паўсюднае карыстанне медыцынскімі паслугамі або тэхнікаю, якая можа рабіць цуды. Разам з тым, ці павінны мы саромецца таго, што ў прынцыпе нашы адносіны да жывёлаў не змяніліся з таго моманту, калі мы «злезлі з дрэва»? Ці не выкліча з’едлівай усмешкі ў вельмі культурных людзей размова пра пачуццёвае жыццё жывёлаў? Вядома, жывёлы не могуць мець пачуццяў. «Чалавек дазволіў, — піша Папа, — каб ім авалодаў эгаізм, каб ён згубіў сэнс Божага наказу і, жадаючы мець абсалютнае панаванне над стварэннем, у адносінах да яго паводзіць сябе як эксплуататар. Аднак сапраўдным сэнсам першаснага Божага наказу, які выразна акрэслены ў Кнізе Быцця, было не проста надзяленне ўладаю, а хутчэй заклік да адказнасці». Іншымі словамі, і зямля, і жывёлы, якія яе насяляюць, дадзеныя чалавеку, а не падпарадкаваныя!
Не страціць міласэрнасць Калі Бэнэдыкту XVI трэба было б звесці сваё сацыяльнае навучанне ў адзін сказ, то ён мог бы сказаць, што будучыня любові залежыць ад нас, ад цябе і ад мяне. Калі Бог — гэта любоў, а мы ў гэта верым, то — мы, людзі, хрысціяне, — павінны быць тымі, хто рэалізуе гэтую любоў у жыцці. Святы Аўгустын гаварыў: «Калі любіш — можаш рабіць, што хочаш». Папа, вялікі прыхільнік аўтара «Споведзі», гаворыць тое самае, але крыху іншымі словамі. Бо любоў, калі яна гаспадарыць у нашым прыватным і грамадскім жыцці, ніколі не дазволіць даць іншаму чалавеку камень, калі той просіць хлеба. Прыклад? Год назад Луіджы Акатолі, вядомы і шанаваны ватыканіст, адказваючы на маё пытанне пра характэрную рысу навучання Папы з Нямеччыны, не раздумваючы, усклікнуў: «Любоў!». Ён аргументаваў гэта прыкладам з 9-гадоваю бразільскаю дзяўчынкаю, якую згвалціў яе айчым, у выніку чаго быў зроблены аборт. Арцыбіскуп Хосэ Кардоса Сабрыньё ўсклаў на яе, яе маці і на ўсіх урачоў, якія мелі дачыненне да аборту, экскамуніку. Тады на гэты ўчынак адрэагаваў арцыбіскуп Рыно Фісічэлла, старшыня Папскай акадэміі ў абарону жыцця, які ў штотыднёвіку «L’Osservatore Romano» сказаў, што з-за такога бяздушнага рашэння іерарха пацярпела аўтэнтычнасць Касцёла, бо многім людзям навучанне Касцёла здаецца бяздушным і неміласэрным. Арцыбіскуп Фісічэлла не мог напісаць такія словы па ўласнай ініцыятыве. Ён павінен быў атрымаць на гэта папскую згоду. На думку Акатолі, гэты прыклад сведчыць пра тое, што Бэнэдыкт XVI глыбока разумее цярплівасць, міласэрнасць і любоў, з якою трэба ўспрымаць ахвяраў насілля. Хто бачыць толькі караючае права, можа страціць міласэрнасць. Ці ж не мае рацыі гэты пажылы і сівы Папа, калі гаворыць, што будучыня любові знаходзіцца ў нашых руках, што яна залежыць ад таго, якой будзе твая рэакцыя, калі на тваім шляху з’явіцца церпячы чалавек.
Падрыхтавала Іна Ламака.
|
|
|
|