Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(59)/2012
Дакументы Апостальскай Сталіцы
Пасланне Святога Айца Бэнэдыкта XVI на Сусветны дзень міру
ВЫХАВАННЕ МОЛАДЗІ ДЛЯ СПРАВЯДЛІВАСЦІ І МІРУ
На кніжнай паліцы
Пераклады
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Вера & Socium

ВЫХОДЗЬМА СА СВАІХ МАГІЛАЎ!
Галерэя
На шляху веры

ШТО Ў ПАДМУРКУ?
Постаці

КС. АДАМ СТАНКЕВІЧ
Хрысціянская думка

ЗАНЯПАД ГЛАБАЛЬНАЙ ВЁСКІ
Спадчына
У святле Бібліі
На кніжнай паліцы

ЗБУДАВАЦЬ СВОЙ КАЎЧЭГ
Паэзія

ВЕРШЫ
Проза
In memoriam
Пра вечнае...

Уладзімір СОДАЛЬ

СЯМЕЙНЫЯ РЭЛІКВІЯРЫІ ФРАНЦІШКА БАГУШЭВІЧА

Раскладныя медальёны з выявамі і імёнамі святых.

У Францішка Багушэвіча (Мацея Бурачка), як і ва ўсіх Божых людзей, было нямала крэўных. Былі ў яго, натуральна, і ўнукі. Але толькі двое з іх — Зыгмунт Абрамовіч і Янка Тарчэўскі — ганарыліся сваім слынным дзядулем, яго творчай спадчынай. З Янкам Тарчэўскім мне воляй лёсу пашчасціла блізка спазнацца. Былі ў мяне і сустрэчы з ім. Было ліставанне. Дзядзьку Янку як чалавека, адданага роднай старонцы, цікавіла ўсё, што рабілася на Беларусі. Рэлігійнае жыццё — таксама. Сам ён, як і ўсе Багушэвічы, католік. І таму найперш цікавіўся, на якой мове ў беларускіх касцёлах ладзіцца служба. Яму не адзін раз даводзілася чуць па радыё «Свабода» арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. З гэтай нагоды ён пісаў мне:

 

«Шчыра дзякую табе за тое, што стараешся заспакоіць маю цікавасць да справаў рэлігійных у Беларусі, бо, сапраўды, вельмі ж многа маглі б зрабіць у адраджэнскім руху як Царква, так і Касцёл, каб толькі іх слугі захацелі загаварыць у святынях па-беларуску, але хіба нам гэтага не дачакаць... На пацверджанне тваёй весткі пра набажэнствы ў Ашмянскім касцёле польскае тэлебачанне паказала Ашмяну, абдзертую царкоўку і зганьбаваны касцёл, у якім адну наву выкарыстоўваюць вернікі для набажэнстваў. Прасіў бы цябе, калі зможаш, хоць крыху апісаць, што дзеецца ў Менску і ў Беларусі».

 

Янка Тарчэўскі,
унук Францішка Багушэвіча.

«Даражэнькі Уладзімір! Сардэчна дзякую табе за памяць і за ліст, а таксама за выразкі з газет. Вельмі ж усё там цікавае, асабліва для мяне, самотніка, закінутага на край свету. Як жа мне хацелася б быць бліжэй да тых падзей, якія адбываюцца цяпер у маёй роднай Беларусі. Але што ж? Лёсу не зменіш, застаецца толькі вачыма душы ўдзельнічаць у юбілейных святкаваннях, як Багушэвічавых, так і Грунвальдскіх, слухаць прамовы мінскіх дзеячаў, маліцца да Бога з біскупам Кандрусевічам па-беларуску ў Кальварыйскім касцёле, у Чырвоным — з кс. Матусевічам, якога я бачыў на здымку, шчыльна акружанага вернікамі, быццам яны не хацелі яго адпускаць, прасілі: „Заставайся з намі!“ Трэба таксама цешыцца, што Чырвоны касцёл ужо аддалі вернікам. Я вельмі хацеў і марыў пабываць яшчэ ў роднай старонцы, чакаў гэтага запрашэння, і чым больш набліжаўся дзень юбілею, тым слабейшаю станавілася мая надзея. Урэшце, запрашэнне прыйшло, але за тры дні да юбілею, хоць і «на русском языке». Усё ж такі з гэтым запрашэннем мяне, хутчэй за ўсё, на мяжы не прапусцілі б. Нефармальнае! Нехта з „Нівы“ прысутнічаў на юбілеі і больш-менш апісаў у „Ніве“ ўсю ўрачыстасць ускладання вянкоў на магіле, запальванне свечак, а таксама распавёў крыху пра дом-музей. На здымачках, хоць і невыразных, паказаныя між іншым і сваячкі Ф. Б. пры яго магіле. А вось цябе ніяк не змог я прыкмеціць. Ну, што ж, прайшло-мінула — і абышлося без мяне, і так па праўдзе, то навошта я там і патрэбны быў. Ведаеш, братка, я ў душы сваёй ганаруся тым, што вось з усіх блізкіх і далёкіх з роду нашага Мацея Бурачка ніколі не цураўся я мовы беларускай, чаго няможна сказаць пра яго найбліжэйшых, якім усё, што беларускае, было хамскае, а яны ўсё ж такі паходжанне сваё выводзілі з паноў, з шляхты панскай, дык пра долю беларусаў не варта было і гаварыць. Вось толькі чамусь тая гаротная доля, тая крыўда простых людзей закранула сэрца і дзеда Францішка» (нявысланы ліст з ліпеня 1990 г.).

Кс. Уладзіслаў Завальнюк і У. Содаль
з сямейнымі рэліквіярыямі Францішка Багушэвіча.

...Адзін раз дзядзька Янка паведаміў мне, што ў яго, у Хошчне (Польшча), захоўваюцца — што б вы думалі? — святыя рэліквіярыі ягонай бабулі Ганны, роднай сястры Францішка Багушэвіча. Сярод іх — шкаплер, раскладныя медальёны з рэліквіямі і імёнамі святых... Аднаго разу ён прыслаў фотаздымкі гэтых рэліквіярыяў, а пасля пры нагодзе прывёз іх. Гэта была вялікая падзея для Беларусі. Я падзяліўся гэтаю навіною найперш з пробашчам мінскага касцёла святых Сымона і Алены ксяндзом Уладзіславам Завальнюком. Чаму менавіта з ім? Для мяне кс. Уладзіслаў Завальнюк з’яўляецца ўвасабленнем чалавека гарманічна духоўнага. У ім усё гарманічна спалучаецца: і рухі, і жэсты, і міміка, і само слова. Таму я без асаблівага роздуму і ваганняў перадаў Багушэвічавы сямейныя рэліквіярыі Чырвонаму касцёлу.

...Больш за дзесяць гадоў яны былі пад аховай касцёла, але ў 2009 годзе дырэктару музея гісторыі беларускай літаратуры падумалася, што выдатна было б і натуральна, калі б гэтыя святыя памяткі былі перададзены літаратурнаму музею. Неўзабаве гэтак і сталася. Музей атрымаў у падарунак шкаплер і медалікі роднай сястры Францішка Багушэвіча.

Шкаплер, які належаў сястры Францішка Багушэвіча Ганне.

Што ж такое шкаплерык? У вядомым Багушэвічавым творы «Балада» чытаем:

Ануфры з жалю расхлістаў грудзі.
Зняў крыжык, скінуў шкаплеры.
«Глядзіце, — кажа, — добрыя людзі.
Вот скарб мой — знак маёй веры».

Шкаплер — гэта два маленькія кавалачкі сукна, на якіх адлюстраваны рэлігійныя выявы або тэксты і якія злучаныя паміж сабою стужкамі. Шкаплер носіцца пад адзеннем (на грудзях і на плячах) і з’яўляецца знакам асаблівага шанавання Маці Божай.

Футаралы для рэліквіярыяў.

Францішак Багушэвіч называе шкаплер сваім скарбам. Шкаплеры некалі насілі і Багушэвічы, прынамсі, паэтава сястра Ганна. Нягледзячы на тое, што з тае пары мінула ўжо шмат часу, яе шкаплер дайшоў да нас. Вось ён перад намі: цалюсенькі, як новы, нібыта ўчора зроблены, выштукаваны. Гэта дзве падушачкі з сукна, на якіх бісерам вышытыя манаграмы. Адна з іх азначае «Езус Хрыстус — Збаўца», другая — «Марыя». Такія манаграмы можна ўбачыць таксама на арнатах, алтарах, харугвах. Падушачкі злучаныя між сабою спосабам выцінанкі, і гэтая выцінанка надае шкаплеру завершанасць, цэласнасць, суладнасць, прывабнасць. Сам шкаплерык невялікі, але важкі дзякуючы бісеру, якім ён расшыты. Некаторыя мяркуюць, што падшыўка шкаплера набітая попелам. «Попел б’е ў грудзі!» Але гэта толькі здагадкі. Усе, каму я паказваў гэты кушлянскі шкаплер, былі ад яго ў захапленні. Асабліва жанчыны. Некаторыя з іх нюхалі яго. Казалі: пахне свечачкай.

На вялікім раскладным медальёне Ганны Багушэвіч у авале знаходзяцца цікавыя сімвалы, якіх адразу і не заўважыш. І толькі добра падсвяціўшы медальён, убачыш на ім абрысы слова «ягня». Гэтыя літары можна распазнаць і навобмацак, таму што медальён барэльефны.

Пэўную цікавасць і каштоўнасць маюць для нас таксама футаралчыкі з-пад рэліквіярыяў. Два з іх — з тканіны ў клетку. На большым футарале ўзор выбраны так, што выразна відаць крыж з дзвюма папярэчкамі. Трэці футарал — з-пад самаробнага рэліквіярыя, ён увесь расшыты дробным бісерам.

Згадаю, што ўсе гэтыя святыя памяткі сям’і Багушэвічаў з’яўляюцца сведкамі падзей 1863 года на нашых землях, нагадваюць нам пра нашых слаўных продкаў, распавядаюць пра іх думкі, настроі, малітвы.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY