|
|
|
№
1(59)/2012
Дакументы Апостальскай Сталіцы
Пасланне Святога Айца Бэнэдыкта XVI на Сусветны дзень міру
ВЫХАВАННЕ МОЛАДЗІ ДЛЯ СПРАВЯДЛІВАСЦІ І МІРУ На кніжнай паліцы
БЭНЭДЫКТ XVI. СВЯТЛО СВЕТУ: ПАПА, КАСЦЁЛ І ЗНАКІ ЧАСУ
Размова з Петэрам Зэевальдам Пераклады
Ad Fontes
Вера & Socium
Галерэя
На шляху веры
Постаці
Хрысціянская думка
Спадчына
У святле Бібліі
На кніжнай паліцы
Паэзія
Проза
In memoriam
Пра вечнае...
|
Аляксандра Андрэевіча Іванава (1806—1858) часам называюць «мастаком адной карціны». Ён стварыў шэраг палотнаў, але сапраўды заняў выключнае месца ў рускім мастацтве (і ў хрысталагічнай тэме сусветнай культуры) дзякуючы сваёй карціне «З’яўленне Хрыста народу». Калі «Вайну і мір» Льва Талстога называюць раманам-эпапеяй, то гэтае вызначэнне, на наш погляд, таксама адэкватна адлюстроўвае веліч створанага Іванавым у жывапісе. Два гэтыя творы ёсць найвышэйшым дасягненнем рускай культуры. Аляксандр Іванаў нарадзіўся ў Санкт-Пецярбурзе ў сям’і выдатнага жывапісца, акадэміка Акадэміі мастацтваў Андрэя Іванава. Ужо ў адзінаццацігадовым узросце ён пачаў навучанне ў Акадэміі мастацтваў у якасці «пабочнага навучэнца». Юнак выдатна засвоіў традыцыі акадэмічнай школы, спазнаў усе творчыя таямніцы класіцызму, атрымаў за свае карціны акадэмічныя ўзнагароды. Аднак у яго ранніх творах яшчэ зусім не раскрыўся магутны талент першаадкрывальніка і філосафа ў жывапісе. Для рускага мастака пачаткам творчай рэвалюцыі была сустрэча з Італіяй, куды ён быў накіраваны ў 1830 г. на сродкі Таварыства заахвочвання мастакоў. У светлую краіну мастацтва накіроўваліся тады тысячы творцаў з усяе Еўропы. Лічылася, што без Італіі, без яе краявідаў, фарбаў, без яе класікі нельга быць паўнавартасным мастаком. І вось жа цуд! Ужо ў 1833 г. мастак выканаў першыя эскізы для палатна, якое стала галоўным у яго жыцці. Аляксандр Іванаў шмат падарожнічаў па Італіі, якая стала яму другой радзімай. Найбольш яго захаплялі рэнесансавыя мастакі венецыянскай школы, бліскучыя каларысты, а таксама творы Леанарда да Вінчы. На наш погляд, Рым быў сапраўды родным горадам для Іванава. Ён прыехаў сюды маладым чалавекам і фактычна пражыў тут усё сваё сталае жыццё. Калі ў наш час у розныя поры дня і года блукаеш па вуліцах і плошчах Вечнага горада, то абазкова сустракаеш краявіды, знаёмыя паводле вытанчаных і трапяткіх акварэляў мастака: пініі на фоне Калізея, сонца залівае антычныя руіны… Але была не толькі радасць сустрэчы з прыўкрасным. Была тытанічная праца над вялікім палатном «З’яўленне ў свет Месіі» (гэтак мастак назваў сваю новую работу ў лісце ў Пецярбург ад 28 снежня 1835 года). Іванаў не шкадаваў сябе, жыў сваёй карцінай. З часам у яго ўзніклі сур’ёзныя праблемы са зрокам, ён вымушаны быў выязджаць у Вену на лячэнне. Іванаў стаў сведкам драматычных падзеяў Вясны народаў 1848 года, калі ў Рыме была абвешчана рэспубліка і адбыліся лютыя баі з французскімі войскамі. Безумоўна, мастак падчас народнай драмы хваляваўся не столькі за сябе, як за свой твор. Аляксандр Іванаў вярнуўся ў Расію толькі ў 1858 годзе. Яго ўразіла задушлівая атмасфера дэспатычнага Пецярбурга. «Палова кланяюцца, палова ўва фрунт…» — паскардзіўся ён сябрам. Лепш было б яму не пакідаць горад, дзе лунала шчасце творчасці... У хуткім часе Аляксандр Іванаў памёр падчас эпідэміі халеры ў Пецярбурзе. Праца над палатном з самага пачатку мела выразна праграмны характар. Мастак паслядоўна прадумаў будучую карціну, у ягоных лістах і паперах захавалася некалькі «тлумачэнняў» (як ён гэта называў), дзякуючы якім мы маем ключ для разумення твора. Вызваленне народа, адкрыццё новай ісціны, далучэнне да Хрыстовай праўды — вось ідэя вялікай карціны геніяльнага мастака. Інтэлектуальныя пошукі Аляксандра Іванава — гэта шлях мысляра дэмакратычных перакананняў, глыбока веруючага чалавека. Ён быў адным з перадавых людзей свайго часу, зблізіўся з Мікалаем Гогалем, які таксама жыў у Рыме, паехаў у Лондан, каб сустрэцца і паразмаўляць з Аляксандрам Герцэнам, галоўным дысідэнтам тагачаснай Расіі. «Карціна была наватарскай і значнай не толькі па ідэйным змесце, але па знойдзеных для яго ўвасаблення жывапісна-пластычных сродках. Іванаў хацеў стварыць манументальны твор, спалучыць лепшыя традыцыі класічнага мастацтва з апошнімі дасягненнямі рэалізму», — напісаў пра карціну пецярбургскі мастацтвазнаўца Аляксей Савінаў1. Той, хто хаця б раз убачыў твор Іванава ў зале Траццякоўкі, на ўсё жыццё запомніць гэтую сустрэчу. Уражваюць, безумоўна, маштабы — мастак стварыў цэлы свет на каласальным (для станковай карціны) палатне. У музейнай зале вакол карціны размешчаны цэлы шэраг эскізаў, выкананых Іванавым на падрыхтоўчых этапах працы: краявіды, партрэтныя выявы, фігурныя кампазіцыі. Многія з іх не толькі ёсць цікавым матэрыялам аб паступовым нараджэнні і крышталізацыі канчатковага варыянту, але і маюць вялікую эстэтычную самакаштоўнасць. На беразе Ярдана Ян Хрысціцель звяртаецца з казаннем да народу. Некаторыя хрысціліся ў гэты дзень. Неафіты надзяваюць вопратку, каля левага краю кампазіцыі мы бачым хлопчыка і лядашчага старога, якія яшчэ не пакінулі раку. І вось Ян разварочваецца, узнімае левую руку з тонкім драўляным крыжам, а правай паказвае ў далячынь. Гучаць ягоныя словы: «Ідзе за мною Мацнейшы за мяне, якому я не варты, нахіліўшыся, развязаць раменьчык на Яго сандалях. Я хрысціў вас вадою, а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым» (Мк 1, 7–8). Фігура Яна — магутны цэнтр кампазіцыі першага плану. Цела прарока накрытае белым плашчом і калматай скурай; у яго вачах гарыць агонь веры. Ян нагадвае тытанаў Мікеланджэла. Зварот Яна выклікае жывую рэакцыю людзей, сярод якіх не застаецца раўнадушных. Будучыя апосталы (юны Ян і стары Андрэй), што за плячыма Яна Хрысціцеля, усхвалявана жэстыкулююць і ўглядаюцца ў далечыню. Ім дадзена адразу зразумець сэнс таго, што адбываецца. Людзі, якія збіліся ў групу (у сярэдіне кампазіцыі), нібыта абудзіліся ад сну і таксама абярнуліся назад. Найбольш выразным тут ёсць патрэт раба, схіленага над шатамі, што ляжаць на зямлі. Яго грубы твар асвятліла ўсмешка радасці ад добрай весткі. У Хрысце і з Хрыстом яны ўсе цяпер роўныя. Фігурная кампазіцыя ў правай частцы палатна працягваецца ўглыб — там сабраліся фарысеі і садукеі. Яны ўстрывожаныя словамі Яна Хрысціцеля, адзін з іх — у цёмнай вопратцы, — адвярнуўшыся плячыма, рэзкім жэстам рукі звяртае ўвагу старога фарысея на Месію. Непрыхаваная варожасць святошаў існуе ў кантрасце з радасцю далучаных да Боскай праўды. Завяршаюць гэтую групу фігуры некалькіх разгубленых людзей, сярод якіх выразна чытаецца постаць у карычневым плашчы — партрэтная выява Мікалая Гогаля, рэлігійныя шуканні якога ўразілі мастака. І замыкаюць усю кампазіцыю фігуры рымскіх легіянераў, акупантаў Палестыны, носьбітаў, здавалася б, непераможнай імперскай моцы. А на фоне даліны і далёкіх горных храбтоў ідзе да людзей Збаўца. Самотная фігура не мае німба, ніякім чынам не падкрэслена традыцыйнымі мастацкімі спосабамі. Але ўсё ў карціне факусіруецца на Ім. Гэта і ёсць цэнтр сусвету. Карціна напаўняецца веліччу евангельскай падзеі, якая змяніла лёс чалавецтва. У сваёй галоўнай карціне Аляксандр Іванаў пераўзышоў усё, створанае ім раней. Папярэднія работы — гэта ўзоры прафесійнага жывапіснага майстэрства, гладкай акадэмічнай формы, умоўнага каларыту і сцэнічных эфектаў святла. У «З’яўленні Хрыста народу» масы лакальных колераў спалучыліся з жывым, яркім святлом, якое мастак мог убачыць толькі ў Італіі. Трапяткая паверхня вады, свежасць лістоты, аскетычнасць скальнай пароды — усё гэта дэманструе адкрыцці выдатнага і чулага каларыста. З эцюдаў Панційскіх балотаў, выкананых пад Рымам, нарадзіўся пейзажны фон твора — вытанчаная, знітаваная святлом і празрыстай дымкай карціна Святой Зямлі. Прывезенае мастаком у Пецярбург і выстаўленае ў Акадэміі, палатно выклікала амаль адзінадушную адмоўную рэакцыю публікі. Імперыя «самадзяржаўя, праваслаўя і народнасці» не прыняла геніяльны твор, прысвечаны Хрысту і народу. Не трэба здзіўляцца, бо той жа афіцыёз абвясціў анафему Льву Талстому. Але гісторыя ўсё расставіла на свае месцы —сапраўднае мастацтва засталося ў вечнасці. Валеры Буйвал
|
|
|
|