Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(59)/2012
Дакументы Апостальскай Сталіцы
Пасланне Святога Айца Бэнэдыкта XVI на Сусветны дзень міру
ВЫХАВАННЕ МОЛАДЗІ ДЛЯ СПРАВЯДЛІВАСЦІ І МІРУ
На кніжнай паліцы
Пераклады
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Вера & Socium

ВЫХОДЗЬМА СА СВАІХ МАГІЛАЎ!
Галерэя
На шляху веры

ШТО Ў ПАДМУРКУ?
Постаці

КС. АДАМ СТАНКЕВІЧ
Хрысціянская думка

ЗАНЯПАД ГЛАБАЛЬНАЙ ВЁСКІ
Спадчына
У святле Бібліі
На кніжнай паліцы

ЗБУДАВАЦЬ СВОЙ КАЎЧЭГ
Паэзія

ВЕРШЫ
Проза
In memoriam
Пра вечнае...

а. Пётр РУДКОЎСКІ OP

ВЫХОДЗЬМА СА СВАІХ МАГІЛАЎ!

«Чарнобыльская П’ета», 1995 г.,
афорт Уладзіміра Вішнеўскага.

«Вярніся да Мяне, бо Я адкупіў цябе», — кажа Бог свайму народу (пар. Іс 44, 22). Вяртанне прадугледжвае навяртанне — змену свайго сэрца і ментальнасці, ачышчэнне спагляду і вызваленне голасу для патрэбаў праўды.

Крыжовы шлях можа быць месцам вось такога вызвалення. Варта яго прайсці, плачучы не над Езусам, «а над сабой плачучы і над сынамі сваімі» (пар. Лк 23, 28). Прайсці гэты Шлях, прыгадаўшы сотні і тысячы беларускіх пакутнікаў — вядомых і невядомых, — чыя асабістая ахвяра да гэтага часу не выкарыстаная. Кс. Язэп Германовіч, кс. Адам Станкевіч, Ларыса Геніюш, бацюшка Мікалай Мядзведскі... Іх вельмі шмат! (На)вяртанне беларусаў немагчымае без сплаты доўгу сваім суайчыннікам-пакутнікам і без працягвання — у больш спрыяльных умовах — той місіі, якую яны выконвалі ў намнога менш спрыяльных умовах.

Пасля ачышчэння спагляду мы, хутчэй за ўсё, пабачым, што і сёння, тут і цяпер, зусім побач з намі, ёсць так многа людзей, якія нясуць беларускі крыж. Калі мы пабачым гэта, можа быць, здарыцца ў нас вызваленне голасу і мы станем тут і цяпер сведкамі праўды. Але спачатку трэба ступіць на Крыжовы шлях.

Прыпынак першы

Езус асуджаны на смерць

«Зруйнуйце святыню гэтую, і Я за тры дні ўзвяду яе» (Ян 2, 19). «Мы чулі, як Ён казаў: “Я зруйную гэтую рукатворную святыню і за тры дні адбудую іншую, нерукатворную”» (Мк 14, 58). Маніпуляцыя словам. Невялічкае перайначанне словаў Езуса — і выйшла, што Езус замахваецца на самае, што ні ёсць святое ў Ізраэлі: Ерузалемскую святыню, за якую слаўныя Макабэі пралілі столькі крыві... Колькі ў нашым жыцці — сямейным, грамадскім, палітычным — такога тыпу маніпуляцый?

Адкуль бярэцца гэта вусцішнае абвінавачанне: Ён (Езус) — вораг святыні? Што ж, не так даўно Ён прыбыў у Ерузалем, «у святыню, і прагнаў усіх, хто гандляваў і купляў у святыні, а сталы мянялаў і лаўкі гандляроў галубамі папераварочваў. Ён сказаў ім: «Напісана: “Дом Мой назавецца домам малітвы”, а вы зрабілі з яго пячору разбойнікаў» (Мц 21, 12–13). Вось яна, сутнасць справы: Езус — «няпрошаны» абаронца святыні. Дык няхай атрымае за сваё: зробім з Яго ворага святыні. Такім чынам, перад юдэйскім начальствам Яго абвінавацілі ў антыюдаізме («хоча знішчыць Ерузалемскую святыню»), а перад Пілатам абвінавацілі ў антырымскай дзейнасці («сам сябе чыніць каралём Юдэі»).

Колькі адданых дзеячаў Беларусі было абвінавачана ў антыбеларускай дзейнасці?

Прыпынак чацвёрты

Маці сустракае Сына на Крыжовым шляху

«А праз Тваю душу пройдзе меч» (Лк 2, 35). Гэта нешта іншае і большае, чым фізічны боль. Меч прашывае не цела, не цялеснае сэрца, ён прабівае духоўныя тканкі і кранае звышадчувальнае, звышуразлівае месца, тое патаемнае месца ў мацярынскай душы, дзе сканцэнтравана ўсведамленне перададзенага жыцця.

Крыжовы шлях беларускага народа пазначаны мноствам такіх сустрэч. Сузіраючы спатканне Марыі з Езусам, варта ўявіць мноства сэрцаў маці-беларусак, прабітых падобным мячом.

Прыпынак восьмы

Жанчыны плачуць над Езусам

«Дочкі ерузалемскія, не плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых» (Лк 23, 28). Зварот «дочкі ерузалемскія» ўжо знаёмы. У Кнізе Плачу Ераміі словазлучэнне — праўда, у адзіночным ліку — «Дачка ерузалемская», або «Дачка сіёнская» выкарыстоўвацца для абазначэння знішчанай Юдэі. «Як цябе суцешыць? Параўнаць з чым? О, Дачка Ерузалема! З чым параўнаць жа цябе, каб суцешыць цябе? О дзеўна, о Дачка Сіёна! Бо знішчэнне тваё, як мора, вялікае. Хто ж цябе вылечыць?» (пар. Пл 2, 13).

Плачучыя жанчыны — «дочкі ерузалемскія» — увасабляюць тую ж знішчаную Юдэю, якую аплакваў прарок Ерамія. З іх улоння выходзяць дзеці, якія змалку напітваюцца атмасферай нянавісці і помсты. А тыя, што захоўваюць у сабе добры дух, становяцца аб’ектам цкавання і пераследу: «Ерузалем, Ерузалем, ты забіваеш прарокаў і камянуеш пасланых да цябе...» (Мц 23, 37).

«Ні адзін народ так не прыніжаў сваіх паэтаў, сваіх жанчын», — пісала з горыччу Ларыса Геніюш. Так, ёсць над кім плакаць...

Прыпынак адзінаццаты

Езус памірае на крыжы

«Адзін з павешаных злачынцаў зневажаў Яго, кажучы: «Ці ты не Хрыстус? Уратуй сябе і нас!» Але другі папракнуў яго, кажучы: «Нават Бога ты не баішся, хоць маеш тую самую кару? Мы асуджаны справядліва, бо атрымліваем належнае за ўчынкі нашыя. Ён жа нічога дрэннага не зрабіў». І сказаў: «Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства». І сказаў яму Езус: «Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі» (Лк 23, 39–42). Што значыць апынуцца сярод «зэкаў»? Быць зачыненым у следчым ізалятары, пасаджаным у турму, высланым на прымусовыя работы — без віны? Гэта значыць — даць шанец рэальным злачынцам для навяртання.

Прыпынак пятнаццаты

Змёртвыхпаўстанне

«На месцы, дзе Ён быў укрыжаваны, быў сад, а ў садзе — новая магіла, у якую яшчэ нікога не клалі. Там з прычыны Прыгатавання Юдэйскага паклалі Езуса, бо магіла была блізка» (Ян 19, 41–42). Праз крыж, смерць, пахаванне ў магіле Езус апынаецца ў садзе... Сад — сімвалічнае месца. Менавіта ў садзе былі змешчаны першыя людзі — Адам і Ева, у садзе адбылося і першае грэхападзенне. У выніку грэхападзення адбылося «выгнанне з Эдэму», хоць пад гэтым «выгнаннем» трэба разумець не столькі перамяшчэнне з пункту А ў пункт Б, колькі перамяненне А ў Б. Праз грэх Эдэмскі сад ператвараецца ў «даліну слёзаў», зямля напітваецца грахамі і становіцца тэрыторыяй цярпення і смерці.

І вось, Езус — другі Адам — апынаецца ў садзе, дзе была «новая магіла, у якой яшчэ нікога не клалі». Новая магіла сімвалізуе новую, перамененую зямлю, якая неўзабаве станецца тэрыторыяй змёртвыхпаўстання.

Ці верым мы, што Беларусь, набрынялая крывёю і слязьмі столькіх нявінных ахвяраў, таксама стане — а мо лепш сказаць: становіцца — тэрыторыяй змёртвыхпаўстання?

* * *

«Вось Я адкрыю магілы вашыя і выведу вас, народ Мой, з магілаў вашых» (Эзх 37, 12). Гэта таксама дзеецца тут і цяпер. Кожны раз, калі мы перамагаем страх, гаворым праўду, выказваем салідарнасць з «церпячымі дзеля справядлівасці», лопаюцца магілы і народ пачынае ажываць і варушыцца. Курапаты або Хатынь ужо не маўчаць. Яны — хай сабе пакуль што ціха — прамаўляюць, клічуць, павучаюць і — нягледзячы на сваю «магільнасць» — уздымаюць дух. Фальш губляе сваю сілу, калі яго паслядоўна і без страху называць пайменна.

Настаў час выходзіць з магілаў страху, абыякавасці, нянавісці, роспачы. Наш Збаўца тут, разам з намі. Ён сышоў у нашу адхлань, каб вывесці да святла тых, хто гатовы прыняць гэта святло. Выходзьма са сваіх магілаў!


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY