|
|
|
№
1(59)/2012
Дакументы Апостальскай Сталіцы
Пасланне Святога Айца Бэнэдыкта XVI на Сусветны дзень міру
ВЫХАВАННЕ МОЛАДЗІ ДЛЯ СПРАВЯДЛІВАСЦІ І МІРУ На кніжнай паліцы
БЭНЭДЫКТ XVI. СВЯТЛО СВЕТУ: ПАПА, КАСЦЁЛ І ЗНАКІ ЧАСУ
Размова з Петэрам Зэевальдам Пераклады
Ad Fontes
Вера & Socium
Галерэя
На шляху веры
Постаці
Хрысціянская думка
Спадчына
У святле Бібліі
На кніжнай паліцы
Паэзія
Проза
In memoriam
Пра вечнае...
|
Семантыка біблейскай топікі ў творах Васіля Быкава неаднойчы прыцягвала ўвагу літаратуразнаўцаў. Сапраўды, Кніга кніг вельмі істотна паўплывала на яго творчасць. Біблейскімі алюзіямі і сімваламі, роздумамі над адвечнымі праблемамі веры і бязвер’я, узаемадачыненняў чалавека з Богам прасякнуты шматлікія публіцыстычныя і літаратурна-крытычныя артыкулы пісьменніка, гутаркі і інтэрв’ю, асабліва 1980–1990-х гадоў. «Хлусяць не багі, а людзі, крывадушнічаюць не багі», — менавіта гэтыя радкі вылучыў В. Быкаў з мастацкай спадчыны П. Панчанкі ў прысвечаным яму артыкуле «Паэзія дабрыні і мужнасці» (1981). Не абмінуў ён увагай філасофска-эстэтычнай прысутнасці Кнігі кніг і ў творах многіх іншых беларускіх паэтаў і празаікаў. Так, пісьменнік высока ацаніў раман Уладзіміра Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», убачыўшы асноўную вартасць гэтай «прыгодніцка-рамантычнай гісторыі Хрыста» найперш «у яе выразных гуманістычных і выкрывальніцкіх тэндэнцыях, асабліва ў адносінах да ўсяго, што датычыцца “власть предержащих”, якія ў сваёй сквапнасці да ўлады не спыняюцца ні перад крывёю і зладзейскім падманам, ні перад фальшам высокіх слоў. Бог, вера, хрысціянская мараль — толькі шырма ў іх эгаістычным імкненні да ўлады над чэрню». Найбольшае ўражанне на В. Быкава зрабіў узнёсла-патэтычны фінал рамана, самым непасрэдным чынам звязаны з біблейскаю сімволікаю: «Неапалімыя купіны дрэў стаялі на ўзгорках. Сумавала вакол капліцы шыпшына. А сейбіты падымаліся на вяршыню круглага пагорка, як на вяршыню зямнога шара. І першым ішоў насустрач нізкаму сонцу Хрыстос, мерна размахваючы рукамі. І, гатовае да новага жыцця, падала зерне ў цёплую мяккую зямлю. Выйшаў сейбіт сеяць на нівы свая» («Яркае і самабытнае дараванне», 1980; 1, 410–411). Сярод пісьменнікаў, чыя творчасць насычана хрысціянскімі матывамі, В. Быкаў вылучаў таксама Рыгора Барадуліна («Народная паэзія», 1992). Шматкроць узгадвае В. Быкаў Хрыста і яго паплечнікаў, праецыруючы іх лёс на трагічную беларускую і сусветную гісторыю. У 1985 г. у прамове на пленуме СП БССР ён гаварыў: «Але, мабыць, так ужо заведзена на белым свеце, што да сапраўдных апосталаў дабра і справядлівасці лёс заўжды ставіцца няўдзячна: перш іх распінае, каб затым узвысіць…» (1, 448). Да такіх «апосталаў дабра і справядлівасці» В. Быкаў адносіў Янку Купалу, Уладзіміра Караткевіча і іншых творцаў. Біблейскай сімволікай ад пачатку да канца прасякнута яго публікацыя «З цемры — да святла» (1992), прысвечаная Янку Купалу — «найбольшаму, галоўнаму апосталу» ў «даўгім, калі не бясконцым радзе». Па словах В. Быкава, Я. Купала «стаў сынам нацыі, абаронцам яе памкненняў. Менавіта гэтая акалічнасць і павяла яго на крыжаванне, асудзіўшы нацыю на сіроцтва… сваёй ахвярнай пагібеллю ён нязмерна ўзвысіўся ў часе і стаў недасяжны. Цяпер мы ведаем: ён не прыняў зло. Ён не мог адолець яго, але не мог і скарыцца яму… Падобна, Купала зрабіў свой выбар — самы жахлівы, але з часоў Ісуса Хрыста і самы чалавечны выбар» (1, 520). Васіль Быкаў не стамляўся нагадваць, што «…мы — народ. Вялікі ці малы, цывілізаваны ці не надта, але выразны і цэльны, створаны Богам на гэтай боскай зямлі» (1, 521). Нават лёс беларускай мовы — «мовы-ахвяры і мовы-героя адначасна» — ён прыпадабняў да лёсу Хрыста («Нацыянальная еднасць — інстынкт выжывання», 1992). Красамоўную назву дае В. Быкаў аднаму са сваіх артыкулаў, напісанаму за дзесяцігоддзе да смерці, — «Божа, дай нам волі і мудрасці…» (1992). Не абмінулі ўвагай даследчыкі (Алесь Адамовіч, Іван Афанасьеў, Пятро Васючэнка і інш.) філасофска-эстэтычную прысутнасць біблейскіх матываў і вобразаў у мастацкіх творах самога Васіля Быкава; прысутнасць гэтая — важкая, сэнсаўтваральная — дае аб сабе знаць пастаянна, ад самых ранніх аповесцяў да пасмяротна апублікаваных прыпавесцяў. Разглядалася ў гэтым ракурсе і аповесць «Сотнікаў» (1970). Яе асэнсаванню ў святле біблейскай сімволікі надзвычай паспрыяла экранізацыя, здзейсненая Ларысай Шапіцька, з яе выразным імкненнем данесці да гледача агульначалавечую, хрысціянскую сутнасць твора, вытокі якой палягаюць у Новым Запавеце і найперш — у аповедах евангелістаў. У сувязі з гэтым, паводле мемуараў В. Быкава, былі вялікія праблемы са здачай ужо знятай кінастужкі. «Пільныя наглядчыкі з розных органаў згледзелі ў ёй празмернасць хрысціянска-рэлігійных матываў» (2, 361). Першапачаткова рэжысёр мела намер даць фільму і характэрную назву — «Узнясенне»; назва ж «Узыходжанне» (блізкая па сэнсе, але не тоесная) сталася кампраміснай. Менавіта праз прызму новазапаветнай сімволікі і аналізуюць літаратуразнаўцы аповесць «Сотнікаў» — тыя з іх, вядома, якія прызнаюць удзел біблейскага матэрыялу ў стварэнні мастацкага свету В. Быкава ўвогуле і названага твора ў прыватнасці. Між тым, на мой погляд, ёсць падставы для аналізу аповесці «Сотнікаў» праз прызму сімволікі і нават сюжэтыкі не толькі новазапаветнай, але і старазапаветнай. Калісьці М. В. Гогаль зазначыў: «Адкрый кнігу Старога Запавету, ты знойдзеш там кожную з сённяшніх падзей, ясней за дзень убачыш, у чым яе правіна перад Богам…» (3, 245). Яскравае гэтаму пацверджанне — аповесць «Сотнікаў», якая асацыіруецца з прытчай пра Абэля і Каіна з Кнігі Быцця — адным з самых запатрабаваных сусветнай культурай і мастацтвам біблейскіх міфаў. Ён мае (магчыма, не ў апошнюю чаргу з-за сваёй сэнсавай складанасці і загадкавасці) устойліва-працяглую традыцыю філасофскага вытлумачэння і мастацкай інтэрпрэтацыі. Бадай, мэтазгодна працытаваць гэтую прытчу: «Адам пазнаў Еву, жонку сваю, і яна зачала, і нарадзіла Каіна, і сказала: Я нарадзіла мужчыну з дапамогаю Пана. А потым нарадзіла яна брата ягонага Абэля. Абэль быў пастухом авечак, а Каін — земляробам. І сталася праз пэўны час, што Каін прынёс Пану ахвяру з пладоў зямлі. Абэль таксама прыносіў ахвяру з першынцаў статку свайго і з тлушчу іхняга. І Пан паглядзеў на Абэля і на ахвяру ягоную, а на Каіна і ягоную ахвяру не паглядзеў. Тады Каін моцна раззлаваўся, і спахмурнеў ягоны твар. І сказаў Пан Каіну: Чаму засмуціўся ты, і чаму спахмурнеў твар твой? Калі ты робіш добра, ці не павінна быць узнята аблічча тваё? А калі не робіш добра, грэх затойваецца пры дзвярах. Ён цягне цябе да сябе, але ты можаш панаваць над ім. І Каін сказаў Абэлю: Хадзем ў поле. А калі яны былі ў полі, Каін паўстаў на свайго брата Абэля і забіў яго. Тады Пан сказаў Каіну: Дзе Абэль, брат твой? Той адказаў: Не ведаю. Хіба я вартаўнік брата свайго? І сказаў Пан: Што зрабіў ты? Голас крыві твайго брата ўсклікае да Мяне з зямлі. Цяпер ты пракляты на зямлі, якая раскрыла свае вусны і прыняла кроў твайго брата ад рукі тваёй. Калі будзеш апрацоўваць яе, больш не будзе даваць табе пладоў сваіх. Выгнаннікам і бяздомным будзеш на зямлі. Тады сказаў Каін Пану: Маё пакаранне занадта вялікае, каб вытрываць яго. Вось сёння Ты праганяеш мяне з паверхні зямлі, і я павінен хавацца ад аблічча Твайго і быць выгнаннікам і бяздомным на зямлі. Так кожны, хто спаткае мяне, можа забіць мяне. Але Пан сказаў: Не, калі нехта заб’е Каіна, таму адпомшчана будзе ўсямёра. І паставіў Пан знак на Каіна, каб кожны, хто сустрэне яго, не забіў яго. І пайшоў Каін ад аблічча Пана і пасяліўся ў зямлі Нод, на ўсход ад Эдэма…» (Быц 4, 1–17) (4). Сюжэт пра Каіна і Абэля скарыстаны ў аздабленні шэрагу еўрапейскіх касцёлаў, ён натхніў на стварэнне жывапісных палотнаў Антоніо Алегры да Карэджа, Тыцыяна, Якопа Тынтарэта, Альбрэхта Дзюрэра, Пітэра Паўэла Рубенса, Рэмбрандта і інш. Ён паслужыў магутным сюжэтным падмуркам для многіх літаратурных твораў, у тым ліку «трамелагедыі» італьянскага пісьменніка, заснавальніка нацыянальнай трагедыі класіцызму Вітторыо Альф’еры «Абэль», прысвечанай Вальтэру Скоту драматычнай містэрыі вялікага англійскага рамантыка Джорджа Гордана Байрана «Каін», верша агульнапрызнанага папярэдніка еўрапейскага сімвалізму, французскага паэта Шарля Бадлера «Абэль і Каін» (верш увайшоў у адзіны прыжыццёвы зборнік Бадлера «Кветкі зла»), верша вядомага нямецкага экспрэсіяніста Готфрыда Бена «Душа ў адзнаках тлену…». У той ці іншай ступені адгукнулася гэтая старазапаветная гісторыя ў многіх іншых творах сусветнай літаратуры — Фёдара Дастаеўскага, Томаса Мана, Уільяма Фолкнера, Хорхе Луіса Борхеса… Так, у рамане Ф. Дастаеўскага «Браты Карамазавы» матыў гэтай прытчы не толькі асацыятыўна распазнавальны ў сюжэце, але і гучыць самым непасрэдным чынам. На пытанне занепакоенага Алёшы пра брата Смердзякоў адказвае: «Чаму ж бы я мог ведаць пра Дзмітрыя Фёдаравіча; іншая справа, каб я пры іх вартаўніком быў…» (5, 254). Яшчэ бліжэй да адпаведнага месца ў прытчы словы Івана. «Ды я тут што? Вартаўнік я, ці што, майму брату Дзмітрыю? — раздражнёна адрэзаў было Іван, але раптам неяк горка ўсміхнуўся. — Каінаў адказ Богу пра забітага брата, а?..» (5, 260). У беларускай літаратуры старазапаветная гісторыя пра Каіна і Абэля пазнаецца ў вершах Уладзіміра Караткевіча «Патоп (Старажытны беларускі апокрыф)», «Прыватная гісторыя» і іншых творах, у незавершаным рамане Кузьмы Чорнага «Вялікі дзень» (маецца на ўвазе забойства Адамам Блецькам зводнага брата Антона з-за зямлі), вершы Рыгора Барадуліна «Кайнасць» (увайшоў у кнігу «Ксты»), паэме Алеся Разанава «Жалеза» («Двое братоў / Выпраўляюцца ў поле, / А з імі — / Жалеза…»; 6, 77), у п’есе Андрэя Курэйчыка «Страчаны рай» і інш. Нарэшце — у самога Васіля Быкава, у яго прысвечанай памяці У. Караткевіча і пасмяротна апублікаванай прыпавесці «Мурашкі» («Адамавы дзеці ўдаліся зусім не ў памяркоўнага Адама, а хто ведае ў каго яны ўдаліся. Яшчэ змалку пачалі дурэць і сварыцца…»; 7, 4). Лёс першага ў гісторыі чалавецтва братазабойцы інтэрпрэтуе ў сваім вершы «Шлях Каіна» беларускі рускамоўны паэт Канстанцін Міхееў:
Ці не ўсе выразы з прытчы сталі крылатымі, а імёны братоў — свайго роду кодамі, цалкам пэўнымі знакамі, носьбіты ж гэтых імёнаў, Каін і Абэль, успрымаюцца культурнай свядомасцю чалавецтва як архетыпы — у шэрагу самых значных вобразаў, што ўзыходзяць да біблейскіх тэкстаў. Многія фразы з прытчы былі выкарыстаны ў якасці назваў вядомых твораў выяўленчага мастацтва, кінематографа (напрыклад, вядомая і беларускаму гледачу амерыканская кінастужка «Вартаўнік брату майму»), літаратуры (узгадаю толькі раманы грузінскага пісьменніка Атара Чыладзэ «І кожны, хто сустрэнецца са мною…» і беларускага празаіка Вячаслава Адамчыка «Голас крыві брата твайго»). Да асэнсавання прытчы пра Абэля і Каіна неаднаразова звярталіся слынныя філосафы, як правіла, экстрапалюючы яе змест на крызісныя, трагічныя падзеі гісторыі і сучаснасці. Апошняя акалічнасць цалкам заканамерная; дастаткова нагадаць, што адпаведныя перыяды ў гісторыі розных краін часта знаходзяць адмысловыя характарыстыкі ў адной і той жа эмблематычнай вербальнай выяве «І пайшоў брат на брата…». Цяжка перажываючы драматычныя падзеі ў Расіі пачатку ХХ ст., Васіль Розанаў гаварыў: «Зямля ёсць Каінава і зямля ёсць Абэлева. І твая, рускі, зямля ёсць Каінава. Ты пракляў сваю зямлю і зямля пракляла цябе» (9). Вячаслаў Іванаў узводзіў паказаную ў лёсах Каіна і Абэля трагедыю чалавецтва да індывідуалізму, адно з гранічна яскравых увасабленняў якога бачыў у багаборніцтве байранаўскага Каіна («Крызіс індывідуалізму»). Варыяцыі гэтай жа тэмы знаходзім у яго працах «Ідэя непрымання свету», «Пра рускую ідэю», «Твар і маскі Расіі: Да даследавання ідэалогіі Дастаеўскага», у якіх ён апелюе да вобраза ўсё таго ж Каіна. Так, сцвярджаючы, што непрыманне свету, «багаборніцкае вар’яцтва», можа быць справядлівым і несправядлівым, прыклад першага В. Іванаў знаходзіў у лёсе Ёва («Ёў апраўданы»), а прыклад другога — у лёсе Каіна, які разам са сваімі нашчадкамі апынуўся сярод «нізрынутых», што, падобна да Люцыпара, не вытрымалі выпрабавання ў сутыкненні з цёмнымі сіламі. Выдатны мысліцель, аўтар рэлігійна-філасофскіх і этычных працаў (дарэчы, нараджэнец Віцебскай губерні) М.А. Лоскі, спрабуючы вытлумачыць «усе недасканаласці» чалавека і прыроды, высветліць прычынна-выніковыя сувязі падзей у свеце, цытуе ў сваёй кнізе «Бог і сусветнае зло» словы з працы М. Бярдзяева «Аб прызначэнні чалавека: Досвед парадаксальнай этыкі»: «Маральная свядомасць пачалася з пытання Бога: Каін, дзе брат твой Абэль? Яна скончыцца іншым пытаннем Бога: Абэль, дзе брат твой Каін?» (11, 378). Паспрабуем жа высветліць, якім чынам засвойвае старазапаветную прытчу Васіль Быкаў у аповесці «Сотнікаў» — толькі ў агульнавядомым этычным стрыжні ці больш дэталёва, як адбіваецца яе прысутнасць на мастацкай сістэме твора ў цэлым, якія эстэтычныя функцыі выконваюць у ім алюзіі на змест, канфлікт, сімволіку біблейскага тэксту. Спынімся найперш на семантыцы мірных заняткаў біблейскіх і быкаўскіх герояў. Каін, паводле прытчы, — земляроб, яго брат Абэль — пастух. Рыбак, літаратурны нашчадак Каіна, — таксама земляроб, селянін. Сотнікаў, відавочным пратыпам якога ёсць Абэль, скончыў, як вядома, двухгадовы настаўніцкі інстытут і паспеў папрацаваць настаўнікам. Залішне нагадваць, што пастухоўства, пастырства традыцыйна асацыіруецца (і найперш у самой Бібліі) з выхавальніцтвам, настаўніцтвам. Такім чынам, старадаўняй антыноміі «Абэль — Каін» цалкам адпавядае антыномія «Сотнікаў — Рыбак»; абедзве ўтвараюць антытэзу «духоўнае — матэрыяльнае», якая семантычна нібы перарастае сябе і абяртаецца апазіцыямі «дабро — зло», «адданасць — здрадніцтва», «святло — цемра», «высокае — нізкае», «боскае — д’ябальскае» і да т. п. Антытэза «духоўнае — матэрыяльнае» самым непасрэдным чынам падмацоўваецца (ці замацоўваецца) семантыкай імёнаў як біблейскіх, так і быкаўскіх персанажаў. Згодна з лінгвістычнымі росшукамі, імя «Каін» месціць у сабе агульнасеміцкі корань са значэннем «каваць», «каваль» — заняткам, паводле паданняў, магічным і пагрозлівым для іншых людзей. Апрача таго, Б. І. Берман бачыць этымалагічную сувязь імя «Каін» са старажытнаяўрэйскім дзеясловам «кана» («каніці») — «набываць уласнасць, рабіць сваім» (12, 95). У сваю чаргу, расійскі знаўца Бібліі Дз. У. Шчадравіцкі таксама заўважае, што імя «Кайін», «Каін» ёсць вытворным ад дзеяслова «кана» («набываць уласнасць»); апрача таго, паводле Дз. У. Шчадравіцкага, слова «кайін» «азначае медную або жалезную дзіду: гэта чалавек, які нібы са зброяй у руках ахоўвае сваю ўласнасць і імкнецца да яе прымнажэння» (13, 63). Такім чынам, імя «Каін» не толькі стасуецца са сферай матэрыяльнай, але ёсць і адэкватам натуры яго носьбіта — зайздроснай, раўнівай, жорсткай. У святле ж нашай тэмы семантычна значным уяўляецца нават разыходжанне паміж сапраўдным заняткам Каіна (земляроб) і закладзеным у яго імені (каваль), бо адпаведная супярэчнасць дае аб сабе знаць і ў выпадку з яго быкаўскім двайніком (земляроб паводле занятку — рыбак паводле прозвішча). Што да імя «Абэль» (або «Гэвель»), то даследчыкі лічаць, што яно паходзіць ад дзеяслова «гавбль» — «дзьмуць», «дыхаць». «Я пераклаў бы гэтае імя, — піша Б. І. Берман, — словам «тленнасць» (руск. «бренность». — Е. Л.). Гэвель — гэта той, чыё існаванне абрываецца, не абавязкова гвалтоўна, але па самой сваёй прыродзе…марнасць, тленнасць, тое, што рассейваецца, нібы пара» (12, 96). У процілегласць Каіну, вытворцу матэрыяльных каштоўнасцяў, чалавеку прыземленаму, цалкам звернутаму вонкі, які ўсё разумее «рэальна» і «канкрэтна», Абэль — «чалавек духу, чалавек «паветранай лёгкасці», не прывязаны да зямлі, пастух» (13, 63). Гэткі і яго двайнік Сотнікаў, у якога — у адрозненне ад Рыбака з яго пяццю класамі, з маленства цяжкай фізічнай працай, спадзевам выключна на свае фізічныя сілы, на кемлівасць і спрытнасць, — была «іншая ступень свабоды», больш магчымасцяў, прычынаў і нагодаў для працы сузіральна-пазнавальнай, для роздуму, падрыхтоўвання сябе да маральнага выбару і духоўнага подзвігу, што прывёў яго на шыбеніцу і — узняў, узнёс над смерцю і часам. Памятаючы пра суадносіны паняццяў «пастухоўства», «пастырства», «настаўніцтва», зноў прыслухаемся да меркавання знаўцы Святога Пісання Б. І. Бермана: «Вядома, задача чалавека — рабіць на зямлі (не ператвараючыся, аднак, у раба зямлі, аб чым Усявышні асабліва клапоціцца ў многіх месцах Бібліі), але духоўных вышыняў хутчэй за ўсё можна дасягнуць, будучы пастухом…усе прабацькі — пастухі» (12, 96). Сотнікаў — увасабленне стаіцызму, што не можа сфармавацца сам па сабе і не даецца чалавеку адпачаткава, без папярэдняй маральна-інтэлектуальнай працы, ён заўсёды — плён духоўнасці, што набываецца ў выніку паслядоўных намаганняў, плён духоўнай мужнасці, маральнага светабачання, усвядомленай, выхаванай у сабе ахвярнасці. Плён, кажучы словамі самога В. Быкава, «катаржна-жыватворнай працы душы» («Мужнасць»; 1, 452). Дастаткова прасачыць за экзістэнцыяльнымі роздумамі Сотнікава (якія часам сапраўды збліжаюцца з экзістэнцыялісцкімі), за паслядоўнасцю яго прыярытэтаў — у залежнасці ад зменлівых абставінаў. Калісьці ён баяўся загінуць, бо ўласны ваенны досвед пастаянна пераконваў яго ў неабвержнасці думкі, «што адзіная рэальная каштоўнасць у чалавека на свеце — яго жыццё. Калі-небудзь у дасканалым людскім грамадстве яно стане катэгорыяй-абсалютам, мерай і цаною ўсяго» (14, 57). Выходзячы жывым з чарговага бою, ён прытоена радаваўся, «што куля абмінула яго», — пры тым што і на фронце, і цягам пяці партызанскіх месяцаў ён рабіў усё «для свайго абавязку грамадзяніна, байца і камуніста». І вось цяпер, апынуўшыся на «сваім галоўным рубяжы», у памежнай (паводле вызначэння ўсё тых жа экзістэнцыялістаў) сітуацыі, калі чалавек «пераставаў быць чалавекам і ператвараўся ў часова жывую істоту, пазбаўленую права і цалкам аддадзеную ва ўладу гэтае банды наймітаў», калі пра звычайную салдацкую смерць нават і марыць не выпадала, Сотнікаў знаходзіць у сабе новыя магчымасці і якасці. Адмёўшы ўсякія ілюзіі адносна ўласнай будучыні, ён — у становішчы смяротніка — умацоўваецца ў сваёй незалежнасці ад ворага, непадуладнасці яму, у сваёй «перавазе над іншымі і над сабой ранейшым таксама». Апошняй і неаспрэчнай — «перавазе смяротніка», «галоўнай і ўжо напэўна апошняй рэальнай каштоўнасці ў яго жыцці». «І Сотнікаў проста і лёгка, як штосьці элементарнае і зусім лагічнае ў яго становішчы, прыняў апошняе цяпер рашэнне: узяць усё на сябе», ахвяраваць сабой дзеля паратунку астатніх, праз смерць сцвердзіць, «здзейсніць тое, што не паспела здзейсніць жыццё» (14, 122). А іменна — надаць сэнс апошняму, абвергнуць яго выпадковасць і абсурднасць, як зрабіў гэта стары палкоўнік, міжвольным і нябачным сведкам перадсмяротнага лёсу якога стаўся Сотнікаў: пакалечаны немцамі ў час допытаў, з перабітымі кісцямі рук, затым расстраляны, палкоўнік за тыя некалькі хвілін перад расстрэлам перажыў сапраўдны трыумф, здзейсніў подзвіг не меншы, чым той, якім ёсць смерць байца на полі бою. Мусіць, не толькі прыклад бацькі, героя грамадзянскай вайны, але і гэты выпадак з палкоўнікам таксама адыграў сваю выхаваўчую, настаўніцкую ролю ў духоўным станаўленні Сотнікава, у яго «ўзыходжанні». Зноўку ўзгадаем: В. Быкава, паводле яго ўласных прызнанняў, заўсёды прыцягвалі маральныя аспекты чалавечых паводзінаў, глыбока цікавіла прырода найперш «подзвігаў духу». «З часоў Ісуса Хрыста і першых хрысьціянаў, — скажа пісьменнік у «Доўгай дарозе дадому» ў сувязі з іншым сваім творам пра «подзвіг духу», аповесцю «Абеліск», галоўны герой якой таксама настаўнік, таксама «пастыр», — дух стаў немалаважным фактарам у барацьбе за выжываньне нацый ці этнасаў, — ня меней важным за фізычную сілу, якая ў старажытнасьці вырашала ўсё. Ды і ў самой літаратуры ўсё большую прыцягальнасьць набывалі, так бы мовіць, подзьвігі інтэлігенцкія, а не толькі салдацкія. Апошнія былі як бы трывіяльнай справай, тым больш на вайне. Калі ж подзьвіг зьдзяйсняе той, хто прызначаны зусім для іншае, мірнай справы, тое ўжо ёсьць штось выключнае і набывае асаблівае значэньне» (2, 338–339). Значэнне, дададзім, не практычна-прагматычнае, а экзістэнцыяльна-існаснае. Сотнікаў здзяйсняе менавіта такога кшталту подзвіг. Яго сэнс — у сцвярджэнні маральнага выбару, моцы чалавечага духу, у наданні мужнасці тым, хто разам з ім ідзе на шыбеніцу, і тым, хто застаецца. Многа гэта ці мала? Ф. М. Дастаеўскі ў працэсе падрыхтоўкі да напісання рамана «Ідыёт», маючы на ўвазе князя Мышкіна, занатаваў: «Бяссілле дапамагчы. Ланцуг і надзея. Зрабіць няшмат» (15, 24). З гэткіх «звенняў» у «ланцугу» — і подзвіг Сотнікава. Зноў жа, у сувязі з вышэйсказаным і па аналогіі з прозвішчам Рыбака і імем Каіна, звяртае на сябе ўвагу разыходжанне паміж мірнай (настаўніцкай) прафесіяй Сотнікава і этымалогіяй яго прозвішча. Апошняе, відавочна, паходзіць ад слова «сотнік», усе значэнні якога звязаны з вайсковай справай: «начальнік сотні воінаў у старажытнай Русі», «камандзір сотні ў стралецкім войску Расійскай дзяржавы ХVI–ХVII стст.», «ваенны чын у казацкім войску дарэвалюцыйнай Расіі» (16, 211). Застаецца, дарэчы, толькі падзівіцца быкаўскаму майстэрству аповеду, логіка якога — нават на такім глыбінным, сімвалічным узроўні — паслядоўна вядзе чытача да ўсведамлення несправядлівасці і жорсткасці ваеннай рэчаіснасці, што прымушала чалавека адмовіцца ад свайго сапраўднага прызначэння і рыхтавала яму зусім іншы лёс. Нельга абмінуць увагай і такую, безумоўна, невыпадковую дэталь: імя Рыбака (Коля) у рэшце рэшт чытач даведваецца з успамінаў персанажа пра сваё вясковае дзяцінства, калі ён, як і цяпер, апынуўся перад «пагрозлівай круцізной абрыву» (14, 120), толькі тады ён не разгубіўся, не спалохаўся, знайшоў годнае выйсце; а вось імя Сотнікава так ні разу і не прагучыць у аповесці. Цалкам магчыма, што такім спосабам (у шэрагу іншых, у тым ліку з алюзіямі на Біблію, мастацкіх прыёмаў) аўтар дэкларуе сімвалічна-філасофскую абагульненасць гэтага вобраза. Кожная дэталь увогуле вельмі істотная ў быкаўскай паэтыцы, у тым ліку ў абраным намі ракурсе. Да прыкладу, у святле старазапаветнай прытчы (і, зразумела, Бібліі ў цэлым) з яе найістотнейшым, сюжэта-, канфлікта- і сэнсастваральным матывам ахвярапрынашэння не падлягае сумневу невыпадковасць зааморфнага кода ў быкаўскай аповесці — вобраза авечкі. Агульнавядома, што вобраз авечкі, ягняці ў сусветнай культурнай традыцыі — у працяг яго біблейскага зместу — па сёння прачытваецца як сімвал нявіннай ахвяры, Agnus Dei. Параўнаем, напрыклад: «Цяжка прыгнечаны, ён скарыўся і не адкрываў вуснаў сваіх. Маўчаў, як ягнё, якое вядуць на зарэз, як авечка перад тымі, хто стрыжэ яе. Не адкрыў вуснаў сваіх» (Іс 53, 7). Або згадваем эпізод смерці Сотнікава: паставіць апошнюю кропку — выбіць цурбан з-пад яго ног — павінен «нядаўні сябар» Рыбак, які збянтэжана курчыцца ўнізе, «баючыся і, мабыць, не могучы наважыцца на апошнюю і самую страшную цяпер справу». А калі Сотнікаў, апярэджваючы непазбежнае, пазбавіў Рыбака ад гэтага апошняга грэху, той так і «не адважыўся зірнуць на яго твар» і «бачыў перад сабой толькі жахліва выпрастаныя ў паветры ногі» шыбеніка. Вернемся да аднаго з месцаў прытчы пра Каіна і Абэля: «І сказаў Пан Каіну: Чаму засмуціўся ты, і чаму спахмурнеў твар твой? Калі ты робіш добра, ці не павінна быць узнята аблічча тваё?» (Быц 4, 6–7). Знітаваным са старазапаветнай прытчай бачыцца і фінал «Сотнікава». Успомнім словы Бога, звернутыя да Каіна: «Што зрабіў ты? Голас крыві твайго брата ўсклікае да Мяне з зямлі. Цяпер ты пракляты на зямлі, якая раскрыла свае вусны і прыняла кроў твайго брата ад рукі тваёй... Выгнаннікам і бяздомным будзеш на зямлі... паставіў Пан знак на Каіна, каб кожны, хто сустрэне яго, не забіў яго» (Быц 4, 10–15). Адсюль, як вядома, пайшоў выраз «Каінава пячатка»; нагнала, насцігла гэтае нязмыўнае ганебнае кляймо і здрадніка Рыбака, цяпер таксама, умоўна кажучы, «выгнанніка і блуканца», для ўсіх чужаніцу з чужаніцаў, які нават ужо дабрахоць пайсці з жыцця не можа і нязменнымі спадарожнымі якога ёсць і будуць цяпер страх і згрызоты сумлення. Ці не ўсё таму ж, у сімвалічна-біблейскім сэнсе, што сама зямля не жадае прыняць яго апаганенай, панішчальна-атрутнай крыві? Вядомы англійскі этнограф і гісторык рэлігіі Дж. Дж. Фрэзер параўнаў матыў «Каінавай пячаткі» са звычаямі, якіх прытрымліваюцца народы ў самых розных кутках зямлі. Аказваецца, многімі плямёнамі і абшчынамі забойца (тым больш забойца кроўнага сваяка) успрымаўся і ўспрымаецца як крыніца патэнцыяльнай пагрозы для людзей і самой зямлі і падлягае выгнанню або ізаляцыі. «Забойца, — піша даследчык у кнізе «Фальклор у Старым Запавеце», — чалавек зачумлены, аточаны атрутнай атмасферай, заражаны дыханнем смерці; адзін толькі дотык ягоны нішчыць зямлю» (17, 50). Прынцыпова важна, што як у біблейскім паданні, так і ў быкаўскай аповесці размова ідзе пра стасункі з зямлёй менавіта земляроба. Пракляты і выгнаны, «пайшоў Каін ад аблічча Пана і пасяліўся ў зямлі Нод, на ўсход ад Эдэма» (Быц 4, 16). Будучыня Каіна незайздросная: заўсёднае адчуванне небяспекі, страх, адчужанасць і непрыкаянасць, існаванне са страхам перад іншымі, перад сабой і ўнутры сябе, з усведамленнем уласнай смерці, бо сакральна, «містычна, — па словах Дз. Шчадравіцкага, — усе людзі ёсць нібы адзін чалавек…той, хто губіць блізкага свайго, губіць самога сябе» (13, 67). Гэта добра паказана ў байранаўскай містэрыі «Каін». На пытанне братазабойцы:
Але дакладна гэткі ж незайздросны і далейшы лёс Каіна-Рыбака (пры ўсёй сэнсавай нятоеснасці з байранаўскай інтэрпрэтацыяй): ён яшчэ гоніць ад сябе думку пра ўласнае дачыненне да расправы над Сотнікавым, яшчэ спрабуе перакласці віну «на час, на абставіны», на вайну, немцаў, паліцыю, але — запозна, ён ужо ў зграі «пераможцаў», і з гэтага строю звароту назад няма. Усё больш выразна Рыбак усведамляе, што «гэтаю ліквідацыяй яго скруцілі лепш, чым учора супоняй. І хоць пакінулі жывога, але нейкім чынам таксама ліквідавалі», знішчылі «назусім, і самым неспадзяваным чынам». «Цяпер ён скрозь вораг. Усім. І, пэўна, самому сабе таксама… І на чорта яму цяпер тое жыццё? Каб служыць немцам?» (14, 144). І вось ужо няма «нават магчымасці выканаць сваю апошнюю волю» (14, 145) — звесці рахункі з жыццём, якое абярталася «неадольнай роспаччу», «катастрофай». Брудная прыбіральня і тая адмаўляе яму ў апошнім прыстанку. Cапраўды, «што зроблена, таго назад не вернеш…». Так абрынаецца тое, што Фёдар Дастаеўскі называў «арыфметычным гуманізмам», Джордж Оруэл пазней — «здаровым арыфметычным сэнсам», а сам Васіль Быкаў — «прымітыўным прагматызмам». Але ці не самае галоўнае, што лучыць твор беларускага пісьменніка са старазапаветнай гісторыяй (і рознымі яе літаратурнымі інтэрпрэтацыямі), — гэта адвечная праблема асабістага выбару. Бог упершыню ўзаемадзейнічае з Каінам не як з чалавекам наогул, а як з канкрэтнай асобай; «з Каіна, — заўважае Б. І. Берман, — пачаліся асабістыя стасункі чалавека і Усявышняга». Больш за тое, я б сказала, гэта асабістыя стасункі з кожным будучым чалавекам, калі б ён ні нарадзіўся, якая б часавая дыстанцыя ні аддзяляла яго ад першай у гісторыі чалавецтва магілы. Той жа Б.І. Берман цалкам слушна мяркуе, што ў разуменні адказу Каіна «не ведаю, ці ж я вартаўнік брату майму?» многае залежыць ад таго, на якое слова будзе пастаўлены націск (а значыць, ад таго, хто прамаўляе, асэнсоўвае словы Каіна). Ці ж я — вартаўнік? Або: ці ж я — вартаўнік? Ці ж не Ты, Божа, вадзіў маёю рукой, ці не Ты ўклаў камень у яе, бо Ты ж ёсць вартаўнік усіх, Твая на ўсё воля? А можна змадэляваць і іншую акцэнтавую пазіцыю — на першыя словы: «не ведаю». Бо й насамрэч, ці мог ведаць Каін, якая цяжкая гэтая ноша — забойства, як невыносна з ёю існаваць; ці мог ён ведаць, што не забіваць ён мусіў брата, а ахоўваць яго? Паводле вырашэння праблемы выбару, усе мы без выключэння падзяляемся на нашчадкаў Абэля і нашчадкаў Каіна. Выбар, мажлівасць якога закладзена ў сюжэце біблейскай гісторыі, робіцца і персанажамі В. Быкава. І намі. Дзеля гэтага, па вялікім рахунку, напісаны твор. Ці не супярэчыць прачытанне аповесці В. Быкава ў старазапаветным кантэксце кантэксту новазапаветнаму? На мой погляд, ніколькі. Найперш спашлюся на аўтарскае выказванне, не ўлічыць якое было б проста недаравальна. У «Доўгай дарозе дадому» В. Быкаў цалкам недвухсэнсава — і, падкрэслю, менавіта ў сувязі з «Сотнікавым», яго задумай і сутнасцю, — адсылае нас якраз да гісторыі першага братазабойства: «Аповесьць “Сотнікаў”… нарадзілася ня так “з галавы”, як з пачуцьцяў, што былі натхнёныя хутчэй не вайной, а нашай сучаснасьцю. Вядома, можна сказаць, што сюжэт біблейскай прыпавесьці пра Абэля і яго брата Каіна жыве ў чалавецтве даўно і праяўляецца рэгулярна, у вайну тым болей. Але калі ў іншы час брат забіваў брата дзеля карысьці — спадчыны ці багацьця, дык у вайну — дзеля элемэнтарнае, біялягічнае мэты выжыць. Тое быццам апраўдвала або, прынамсі, давала штось зразумець у шэрагу тагачасных матываў і наступстваў» (2, 310) (далей пісьменнік распаўсюджвае змест прытчы на пасляваенную, найперш літаратурную, далёка не мірную ў пэўным сэнсе рэчаіснасць). Але справа не толькі ў гэтым аўтарскім сведчанні. На мой погляд, алюзіўны патэнцыял аповесці В. Быкава ёсць арганічным сінтэзам кампанентаў Старога і Новага Запавету — можа, нават незалежна ад намераў пісьменніка, але, без сумневу, дзякуючы яго непераўзыдзенаму таленту.
Літаратура
|
|
|
|