|
|
№
2(88)/2019
Вялікія містыкі
Тэалагічныя рэфлексіі
Інтэрв’ю
Пераклады
Культура
Постаці
Асобы
Мастацтва
Проза
In memoriam
Паэзія
На кніжнай паліцы
Проза
Архітэктура
|
Уся гісторыя архітэктуры сведчыць, што вышынная дамінанта ў збудаванні ці ансамблі з’яўляецца не толькі сімвалам развіцця і творчага пачатку, але і трансцэндэнтнага дыялогу з найвышэйшымі сферамі. Архітэктурна-мастацкія формы і параметры вышынных дамінантаў звычайна былі абумоўлены магчымасцямі будаўнічага рамяства і традыцыямі пэўнага рэгіёна, а таксама сацыяльным заказам, які вызначаў іх сакральную семантыку. На працягу стагоддзяў пры будаўніцтве драўляных храмаў выяўляліся розныя стылёвыя характарыстыкі, канфесійныя прыярытэты і рэгіянальныя адметнасці. Мастацтвазнаўчы аналіз архітэктурна-кампазіцыйных характарыстык вялікай колькасці традыцыйных драўляных храмаў Беларусі XVI–XVIII стст. дазваляе вылучыць у іх класіфікацыі своеадметны тып — з вежаю над бабінцам. Бабінцам у драўляным храмабудаўніцтве ўсходніх славянаў завецца ўваходны аб’ём, прызначаны для агалошаных (з грэчаскага — нартэкс). Агульная архітэктоніка святыняў гэтага тыпу можа мець розныя варыянты кампаноўкі яго кананічных рытуальных частак: нартэкса, кафалікона і алтара, што паслядоўна месцяцца з захаду на ўсход. Гэта могуць быць адна-, двух- і трохзрубавыя клецевыя пабудовы комплекснай альбо базылікальнай канцэпцыі (г. зн. з рознай альбо аднолькавай вышынёю зрубаў-клецяў), базылікі і псеўдабазылікі, з папярочнай навай-трансептам ці без яго. Да азначанага тыпу мы адносім храмы, у кампазіцыі якіх дамінуе чацверыковая каркасная вежа, завершаная традыцыйным шатром-«каўпаком» (чатырохграннай роўнабаковай пірамідай — найбольш старажытнай прасторавай архітэктурнай формай) альбо «баней» (фігурным васьмігранным купалам), альбо іх спалучэннем. Архітэктурны тэрмін «баня» паходзіць ад лацінскага слова baneum, што азначае посуд для амавення, які мае пуката- ўвагнутую грушападобную форму з вузкім «гарлачыкам». У кантэксце этнічных будаўнічых традыцый усходніх славянаў наяўнасць высокай каркаснай вежы пры ўваходзе ў храм у найбольшай ступені характэрна для шырока вядомых у гісторыі архітэктуры цэркваў так званага лемкаўскага тыпу. Лемкі — этнічная група заходніх украінцаў. Лемкаўская школа драўлянага дойлідства лакалізуецца ў горных рэгіёнах Карпатаў на мяжы Польшчы, Украіны і Славакіі. Драўляныя храмы лемкаўскага тыпу маюць выразна акрэсленыя агульныя эстэтычныя характарыстыкі. Гэта трохзрубавыя цэрквы комплекснай канцэпцыі з рознаю вышынёю зрубаў і вежай-дамінантай з заходняга боку. Усе зрубы маюць самастойныя шатровыя дахі, завершаныя шмат’яруснымі грушападобнымі вежачкамі-«банькамі». Агульная кампазіцыя падпарадкавана пэўнаму прагрэсіўнаму рытму, што дынамічна ўзрастае ад больш нізкага алтарнага зруба да вежы над уваходам. Нягледзячы на кананічнасць традыцыйных прыёмаў у архітэктуры гэтых помнікаў, кожны з іх мае непаўторнае аблічча і надзвычай выразны маляўнічы сілуэт. Большасць храмаў гэтага тыпу датуецца XVIIІ — пачаткам ХІХ ст. Лемкаўскія храмы вывучалі даследчыкі народнага мастацтва паўднёва-ўсходняй Польшчы — К. Маклоўскі, З. Глогер, Р. Брыкоўскі, а таксама ўкраінскія гісторыкі архітэктуры — Г. Паўлуцкі, Д. Шчарбакіўскі, М. Драган і інш. Характэрна, што розныя даcледчыкі вызначаюць лемкаўскія цэрквы альбо як гатычныя, альбо як барочныя. У драўляным сакральным дойлідстве Беларусі адметны ад лемкаўскага тып храма з вежай над бабінцам вядомы з пачатку XVII ст. Яго паходжанне звязана, на нашу думку, з перайманнем узораў мясцовага мураванага каталіцкага храмабудаўніцтва готыка-рэнесанснага перыяду, якія мелі заходнееўрапейскі генезіс, напрыклад, як старажытныя касцёлы ХVI–ХVII стст. у Новым Свержані і Дзераўной (Стаўбцоўскі р-н), Міры (Карэліцкі р-н), Ружанах (Пружанскі р-н), бэнэдыктынак у Нясвіжы, бэрнардынаў у Слоніме і інш. У гэтых збудаваннях дынаміка кампазіцыі нарастала ад стромкіх схілаў даха над апсідай прэзбітэрыя да магутнай вежы-вестверка на галоўным фасадзе — характэрнага элемента нямецкай готыкі. Характэрна, што падобную архітэктоніку мелі таксама вядомыя паводле інвентароў драўляныя касцёлы ў Давыд-Гарадку (Столінскі р-н), Мядзведзічах (Ляхавіцкі р-н), Мікалаеве (Іўеўскі р-н), Вялікім Корані (Лагойскі р-н) і іншыя, пабудаваныя ў першай палове XVII ст. На чарцяжы Віцебска 1664 г. бачна, што двух’ярусныя вежы над бабінцам з фігурнымі «банямі» завяршалі ў той час фасады былога касцёла езуітаў і праваслаўнай Спаса-Праабражэнскай царквы. У XVIIІ ст. у беларускім драўляным храмабудаўніцтве атрымалі пашырэнне храмы з вежай над бабінцам, але базылікальнай канцэпцыі (г.зн. з аднолькавай вышынёй усіх кананічных частак), што прынцыпова адрознівае іх ад цэркваў лемкаўскага тыпу і стварае адметны мастацкі вобраз. Разгледзім у храналагічнай паслядоўнасці архітэктурна-рэлігійную гісторыю шэрагу беларускіх драўляных святыняў з вежаю над бабінцам. Каталіцкая парафія ў в. Давыд-Гарадок (Столінскі р-н) была заснаваная ў 1623 г. ардынатам клецкім Янам Альбрыхтам Радзівілам. Драўляны касцёл Божага Цела ордэну бэнэдыктынаў быў пабудаваны тут у 1649 г. па фундацыі ваяводы трокскага Хрыстафора Радзівіла. Храм быў, верагодна, азначанага готыка-рэнесанснага тыпу. Паводле інвентара 1712 г.: «Касцёл драўляны стары, ужо нахілены, гонтамі дах пакрыты, месцамі дзіравы, кратаў жалезных 2, вокнаў 10, у волаў робленых. Хор вельмі стары з балясінамі... Алтар вялікі сніцарскай работы, сам чорны, штукі і аздобы малярскім золатам і срэбрам зроблены. Пры алтары цыборыюм сніцарскай работы, месцамі залачоны срэбрам і золатам малярскім. Вакол алтара аблокі сярэбраныя, уверсе сонца, пад ім карона невялікая сярэбраная. Два бакавыя алтары сніцарскай работы. Невялікая амбона фарбамі малявана». Храм быў знішчаны пажарам у 1848 г., адноўлены за кошт ксяндза Якуба Гарбацэвіча, але зноў згарэў у 1890 г.
Драўляны касцёл святых Пятра і Паўла ў в. Мядзведзічы (Ляхавіцкі р-н), фундаваны ў 1645 г. біскупам віленскім Юрыем Радзівілам, быў спалены татарамі ў канцы XVII ст. На яго месцы ў пачатку XVIII ст. быў пабудаваны новы трохзрубавы храм готыка-рэнесанснага тыпу, з вежаю над бабінцам. Захавалася візіта касцёла 1796 г. Прамавугольны асноўны і пяцісценны алтарныя зрубы былі аб’яднаныя двухсхільным дахам з падоўжаным вільчыкам, вальмамі над алтаром і трохвугольнымі навісямі ў месцы злучэння зрубаў. Зруб бабінца з вежаю (чацвярык на чацверыку) завяршаўся пакатым шатром і фігурнай 8-кантовай галоўкаю на васьмерыковым барабане. Па баках алтарнага зруба змяшчаліся невысокія сіметрычныя сакрыстыі, накрытыя вальмавымі дахамі з дыяганальнымі вільчыкамі. Сцены былі ашаляваныя вертыкальна дошкамі з нашчыльнікамі і рытмічна ўмацаваныя сцяжкамі-«лісіцамі». У 1908 г. на гэтым месцы быў пабудаваны вялізны мураваны касцёл у стылі неабарока. Драўляны касцёл св. Юрыя ў в. Мікалаева (б. Наваградскі павет, цяпер Іўеўскі р-н) быў пабудаваны ў 1652 г. па фундацыі Аляксандра Людвіка Радзівіла, маршалка вялікага літоўскага. Паводле інвентара 1796 г., храм быў аднавежавы, з купалком і званіцай у вежы, пакрыты гонтаю, меў 2 сакрыстыі па баках прэзбітэрыя, вышынёю роўныя касцёлу, унутры былі хоры на слупах. У гэтым жа населеным пункце існавала драўляная Пакроўская царква «рэлігіі грэцкай», пабудаваная ў 1629 г. па фундацыі мсціслаўскага ваяводы Мікалая Кішкі. Новая драўляная царква была пабудаваная тут у 1923–1926 гг.
Першы драўляны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў в. Вялікі Корань (Лагойскі р-н) быў пабудаваны ў 1575 г., перабудаваны ў 1605 г. на сродкі шляхціца Чудоўскага, але спалены ў сярэдзіне XVII ст. Новы касцёл быў пабудаваны ў 1730-я гг. (вядомы паводле фотаздымка пачатку ХХ ст.). Адзін з найбольш маляўнічых трохзрубавых храмаў з вежаю над бабінцам складаўся з прамавугольнага і пяціграннага алтарнага зрубаў, накрытых агульным гонтавым вальмавым дахам. Квадратны ў плане зруб бабінца завяршаўся трох’яруснаю, накрытаю пірамідальным шатром з прагібам вежаю, якая дамінавала ў кампазіцыі збудавання. Сіметрычныя сакрыстыі па баках прэзбітэрыя мелі крутыя вальмавыя дахі з дыяганальнымі вільчыкамі. Сцены былі ашаляваныя вертыкальна, з нашчыльнікамі і сцяжкамі. Над збегам вальмаў даха мясцілася вежачка-сігнатурка. У ХІХ ст. да ўвахода быў прыбудаваны 2-калонны порцік-ганак.
Парафіяльны драўляны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі ў в. Сэрвеч (Вілейскі р-н) быў пабудаваны ў 1617 г. па фундацыі Яна Бжастоўскага і Рафала Сулістроўскага. На яго месцы ў 1852 г. узвялі драўляны касцёл па фундацыі Яна Напалеона Козела-Паклеўскага. Новы будынак меў традыцыйныя формы клецевага храма готыка-рэнесанснага тыпу. Складаўся з квадратнага асноўнага і пяцісценнага алтарнага зруба, накрытага агульным гонтавым дахам, і бабінца з вежаю на ім, накрытага шатром-«каўпаком». З паўднёвага боку да алтара прылягала нізкая сакрыстыя з вальмавым дахам. Вуглы алтарнай апсіды былі аформлены акруглымі паўкалонамі — прыкмета позняга класіцызму. Выява касцёла вядомая па фотаздымку 1930-х гг.
Драўляны парафіяльны касцёл Святой Тройцы ў мястэчку Свіслач (цяпер гарадскі пасёлак Гродзенскага р-на) быў пабудаваны ў 1668 г. Геранімам Крыштофам Кірштэнштэйнам, падскарбіем Вялікага Княства Літоўскага, перабудаваны ў 1772 г. па фундацыі Тэрэзы Тышкевіч. У 1705–1782 гг. пры ім існаваў кляштар францішканаў. Выява храма вядомая паводле малюнка Напалеона Орды. Складаўся з асноўнага зруба з трохграннай алтарнай часткай пад вальмавым дахам і прыбудаванага пазней квадратнага ў плане бабінца з трох’яруснай вежай-званіцай. У кампазіцыі вянчаючых масаў дамінавала шатровая вежа, што прарэзвала вільчык даха над заходнім фасадам асноўнага аб’ёма. Будынак меў вертыкальную шалёўку з нашчыльнікамі, гонтавы дах з сігнатуркай над алтарнай часткай і вялікія прамавугольныя вокны.
Парафіяльны драўляны касцёл св. Міхала Арханёла ў в. Ілля (Вілейскі р-н) быў пабудаваны ў 1726 г. па фундацыі лоўчага Вялікага Княства Літоўскага Міхала Савіцкага, адбудаваны нанава ў 1772 г. на сродкі Брыгіты Салагуб (з Радзівілаў). Пасля паўстання 1863–1864 гг. касцёл прыстасавалі пад праваслаўную царкву. Вядомы паводле здымка пачатку ХХ ст. Будынак касцёла складаўся з роўнавышынных прамавугольнага асноўнага зруба і пяціграннай алтарнай апсіды, накрытых агульным гонтавым дахам з трохвугольным франтонам. У кампазіцыі дамінавала трох’ярусная чацверыковая вежа над уваходам, накрытая шатром-«каўпаком» з фігурнай «банькай». Над унутраным бабінцам знаходзіліся хоры з арганамі на 8 галосоў. Новы касцёл быў змураваны ў 1907–1909 гг. (арх. А. Клейн) пасля царскага маніфеста аб свабоде сумлення (1905 г.).
Уплыў узораў каталіцкага храмабудаўніцтва садзейнічаў пашырэнню ўніяцкіх храмаў з вежай над бабінцам. Царква Нараджэння Багародзіцы ў в. Дарапеевічы (Маларыцкі р-н) была пабудаваная ў 1671 г. як уніяцкая. Першапачаткова складалася з выцягнутага прамавугольнага асноўнага зруба, накрытага вальмавым дахам з невялікай купальнай вежачкай у сярэдзіне вільчыка, і роўнага з ім па вышыні прамавугольнага бабінца, завершанага чацверыком вежы з шатровым дахам і галоўкай. Над уваходам размешчаныя хоры. У 1902 г. з усходняга боку быў прыбудаваны прамавугольны алтарны зруб, больш нізкі і вузкі за асноўны, зроблена гарызантальная шалёўка.
Грэка-каталіцкая Спаса-Праабражэнская царква ў Дзятлаве была пабудаваная ў 1672 г. на мясцовых могілках. Адназрубавы храм з вальмавым гонтавым дахам і чацверыковай вежай над уваходам, накрытай чатырохсхільным шатром-«каўпаком». Сцены ашаляваныя вертыкальна дошкамі з нашчыльнікамі. Нізкі прытвор прыбудавалі ў канцы ХІХ ст. Па восі ўвахода пастаўлена каркасная званіца-брама «аб чатырох слупах». Выгляд храма вядомы па фотаздымку Я. Балзункевіча пачатку ХХ ст.
Мікалаеўская царква ў вёсцы Вялікія Сяхновічы (Жабінкаўскі р-н) была пабудаваная ў 1727 г. як уніяцкая. Пасля скасавання ўніі перададзена праваслаўным і ў 1867 г. перабудаваная. У аснове храм двухзрубавы, клецевага тыпу, базылікальнай канцэпцыі. Прамавугольны ў плане асноўны зруб накрыты высокім дахам з вальмамі і барочнай «банькай» над алтаром. Незвычайна вырашана алтарная частка храма: у ніжнім ярусе яна прамавугольная, з укампанаванымі невысокімі сіметрычнымі аб’ёмамі рызніцаў, а вышэй зруб зроблены трохгранным, што надае пабудове прасторавую пластычнасць і абцякальнасць. Вытанчаная гульня святла і ценю дадаткова ўзмоцнена рытмам ярусаў гонтавых дахаў і вертыкальнай шалёўкай з нашчыльнікамі. Вокны маюць характэрныя для помнікаў стылю барока лучковыя завяршэнні і прафіляваныя ліштвы. Унутры прапорцыі малітоўнай залы блізкія да квадрата. Інтэр’ер падзелены чатырма слупамі на тры нефы і перакрыты плоскай столлю (рыса мясцовай цяслярскай арцелі). Над уваходам на чатырох круглых слупках з падкосамі, што імітуюць арачную галерэю, размешчаны музычныя хоры. У пачатку ХІХ ст. прыбудаваны прамавугольны зруб бабінца, па вышыні роўны з асноўным і вырашаны з ім у агульным стылістычным ключы, што дазволіла ў цэлым захаваць гармонію архітэктурных формаў храма.
Дабравешчанская царква ў вёсцы Жытомля (Гродзенскі р-н) была пабудаваная як уніяцкая ў 1743 г. Належыць да тыпу псеўдабазылікі з вежай над бабінцам. Будынак храма складаецца з трох зрубаў рознай вышыні, якія ствараюць маляўнічую дынамічную кампазіцыю, што нарастае ад алтара да галоўнага фасада. Вялікі прамавугольны асноўны зруб накрыты высокім двухсхільным дахам, унутры падзелены шасцю слупамі на тры нефы, якія імітуюць базыліку. Арыгінальна трансфармаваны алтарны зруб, які звонку вырашаны квадратным аб’ёмам, накрытым чатырохсхільным шатром з галоўкаю, а ўнутры з дапамогаю ўбудаваных у асноўны аб’ём сакрыстый ператвораны ў выцягнуты прэзбітэрый. У гэтай трансфармацыі выяўлена кампрамісная сутнасць уніяцтва. Квадратны ў плане бабінец, больш высокі за аб’ём кафалікона, увянчаны вежаю (чацвярык са зрэзанымі вугламі), накрытай шатром-«каўпаком». Пасля перадачы праваслаўным у 1864 г. царква была перабудаваная, змененая форма галовак, тып шалёўкі, пакрыццё даха.
Грэка-каталіцкая Троіцкая царква ў вёсцы Дабраслаўка (Пінскі р-н) была пабудаваная ў 1758 г. Першапачаткова была тыповым двухзрубавым храмам базылікальнай канцэпцыі з вытанчанымі прапорцыямі позняга барока. Выцягнуты прамавугольны асноўны зруб уключаў унутраны бабінец і сіметрычныя рызніцы абапал пяціграннай алтарнай апсіды. Усе часткі храма аднолькавай вышыні, накрытыя агульным двухсхільным дахам з вальмамі над алтаром. Вільчык над іканастасам прарэзаны двух’ярусным васьмігранным барабанам, накрытым пакатым шатром. Пазней, верагодна, у пачатку ХІХ ст., да галоўнага фасада быў прыбудаваны вялікі экзанартэкс, больш высокі за асноўны зруб, а над ім пастаўлена двух’ярусная чацверыковая вежа, таксама накрытая шатром-«каўпаком». У выніку аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя храма набыла трохзрубавую аднавежавую структуру «тэрэзіянскага» тыпу. Мае традыцыйную вертыкальную шалёўку з нашчыльнікамі і сцяжкамі-«лісіцамі», высока размешчаныя вокны. Царква Нараджэння Багародзіцы (Прачысценская) у в. Стары Свержань (Стаўбцоўскі р-н) была пабудаваная ў 1770 г. як уніяцкая на сродкі святара Сымона Янкоўскага. Цяпер не існуе, на яе месцы ў 1990-я гг. была змураваная праваслаўная царква эклектычнай псеўдарускай архітэктуры. Драўляная царква складалася з трох зрубаў роўнай вышыні: прамавугольнага асноўнага, пяціграннага алтарнага, аб’яднаных агульным вальмавым дахам, і прамавугольнага бабінца, над якім узвышалася чацверыковая вежа, накрытая шатром-«каўпаком». Гонтавы дах меў вялікі вынас карніза і трохвугольныя застрэшкі ў месцы злучэння зрубаў. Па баках алтарнай апсіды мясціліся невысокія прырубы рызніцаў з аднасхільнымі дахамі.
Троіцкая царква ў в. Княгінін (Мядзельскі р-н) была пабудаваная ў 1772 г. як уніяцкая на месцы папярэдняга храма 1713 г. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя храма складаецца з трох прамавугольных зрубаў аднолькавай вышыні, аб’яднаных агульным карнізам з разьбяным арачным падзорам. Асноўны і алтарны зрубы накрыты шматсхільным дахам з агульным падоўжным вільчыкам. Дах над бабінцам і часткова над асноўным зрубам прарэзаны масіўным чацверыком вежы, завершанай высокім шатром з цыбулістай галоўкай на нізкім васьмігранным барабане. Падобная галоўка акцэнтуе збег схілаў даха над алтаром. У ХІХ ст. быў храм перададзены праваслаўным, да ўвахода прыбудаваны невысокі прытвор з двухсхільным дахам; капітальна адноўлены ў пачатку XXI ст., зменена пакрыццё дахаў, сцены абшыты сайдзінгам. Грэка-каталіцкая Юр’еўская царква ў в. Сітцы (Докшыцкі р-н) была пабудаваная ў 1774 г. Будынак храма складаўся з роўнавышынных прамавугольных зрубаў кафалікона, алтара і бабінца, аб’яднаных агульным прафіляваным карнізам. Асноўны і алтарны зрубы былі накрыты высокім гонтавым дахам з вальмай над алтаром. Чацвярык бабінца завяршаўся двух’яруснай вежай (чацвярык на чацверыку), накрытай васьмігранным стажковым купалам. Сцены мелі вертыкальную шалёўку з нашчылькамі. На месцы драўлянай у 1913 г. была змураваная новая царква ў псеўдарускім стылі.
Уніяцкая царква Яна Хрысціцеля ў в. Вялікая Каўпеніца (Баранавіцкі р-н) была пабудаваная ў 1781 г. Даследавалася пры падрыхтоўцы «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» ў 1970-я гг.; знішчаная пажарам. Храм складаўся з трох квадратных у плане зрубаў роўнай вышыні. Алтарны зруб і бабінец былі таксама аднолькавай шырыні. Усе зрубы былі накрыты агульным вальмавым дахам з трохвугольнымі застрэшкамі ў месцы злучэння, што надавала кампазіцыі збудавання маналітнасць. Над бабінцам узвышалася чацверыковая вежа, фасадная грань якой працягвала плоскаць франтона. Чацвярык вежы быў накрыты пакатым шатром з галоўкай на васьмігранным барабане, яшчэ адна галоўка ўвенчвала алтарную частку храма. Уніяцкая Ільінская царква ў вёсцы Дастоева Іванаўскага р-на, адкуль паходзіць род і прозвішча вялікага рускага пісьменніка Ф. М. Дастаеўскага, была пабудаваная ў 1798 г. на сродкі шляхціца Гедройца. Стан помніка на 1905 г. зафіксаваны на малюнку польскага даследчыка драўлянага дойлідства З. Глогера. Будынак храма даследаваны і абмераны намі пры падрыхтоўцы «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» 8 ліпеня 1970 г., але праз два тыдні пасля гэтага знішчаны па ініцыятыве мясцовага сельскага выканаўчага камітэта. Гэты акт вандалізму ўзрушыў акадэміка Д. С. Ліхачова, па ініцыятыве якога матэрыялы пра каштоўны помнік беларускага драўлянага дойлідства былі апублікаваныя ва ўсесаюзным навуковым выданні. Верагодна, першапачаткова храм уяўляў адназрубавы будынак з трохграннай алтарнай часткай, арыентаванай на поўдзень, накрыты высокім вальмавым дахам. Даволі масіўны аб’ём бабінца са званіцаю наверсе і невялікая рызніца з заходняга боку былі прыбудаваныя ў ХІХ ст., але пры гэтым архітэктурны вобраз збудавання не страціў гарманічнага адзінства. Паводле інвентара 1870 г., царква была «с двумя глухими куполами, гонтовою крышею, одною входною дверью… снаружи не окрашена. Внутренняя площадь имеет вместимости около 25 сажен, потолок подшит досками, пол деревянный, стены не покрашены». Асноўны прамавугольны зруб з трохграннай алтарнай сцяной быў накрыты высокім вальмавым дахам і ўвянчаны над уваходам вытанчанай вежавай кампазіцыяй. Значнае звужэнне ўгору чацверыка і васьмерыка ў аснове галоўкі з крыжам стварала эфект узнёсласці вярхоў храма. Уваходны зруб быў выкананы з брусоў больш тонкіх за асноўны, а званіца і рызніца зробленыя каркаснымі і абшытыя дошкамі. Вежа-званіца над бабінцам была накрытая высокім чатырохсхільным дахам у выглядзе усечанай піраміды з пастаўленай на яе пукатай галоўкай. Траістая кампазіцыя вянчальных масаў храма дынамічна ўзрастала ад сігнатуркі над збегам вальмаў над алтарнай часткай да вежы над бабінцам. Тут мясцовымі дойлідамі ўжыты прыём аптычнай карэкціроўкі архітэктурных формаў, што характэрна для стылістыкі позняга барока. Пластыку будынка ўзмацняла гонтавае пакрыцце вярхоў па прынцыпе «кажухавання», характэрнага для палескага рэгіёна. Тым жа мэтам служыў канструкцыйна-дэкаратыўны прыём вертыкальнай ашалёўкі сценаў дошкамі з нашчыльнікамі. На месцы зруйнаванага помніка ў 2000-я гады пастаўлена сучасная манументальная мураваная царква ў псеўдарускім стылі.
Унікальнай самабытнай архітэктонікай вылучаецца Успенская царква ў в. Лаўрышава (Наваградскі р-н), пабудаваная ў 1798 г. як уніяцкая, а ў 1842 г. перададзеная праваслаўным. Гэтая мясцовасць шырока вядомая праваслаўным манастыром, які існаваў тут з 1265 г. і звязаны з імем князя Войшалка, сына Міндоўга (у манастве Лаўрыш). У манастыры быў створаны славуты помнік беларускага летапісання «Лаўрышаўскае Евангелле»). У 1596–1836 гг. манастыр быў уніяцкім, пры ім існавалі семінарыя, бібліятэка, архіў (не захаваліся). Успенская царква — гэта двухзрубавы храм базылікальнай канцэпцыі, з прамавугольнага асноўнага і выцягнутага пяціграннага алтарнага зрубаў, накрытых агульным шматсхільным дахам з невялікімі трохвугольнымі застрэшкамі ў месцы злучэння. Па баках да асноўнага зруба прылягаюць невялікія сіметрычныя прыбудовы, накрытыя папярочнымі двухсхільнымі дахамі, больш нізкімі за асноўны, якія нагадваюць «рудыменты» трансепта і надаюць плану збудавання форму лацінскага крыжа. Абапал алтарнай апсіды размешчаны невысокія прыбудовы рызніцаў з вальмавымі дахамі. Чацвярык вежы на галоўным фасадзе канструкцыйна звязаны з унутраным бабінцам, вылучаным у кафаліконе двума апорнымі слупамі і музычнымі хорамі над ім. У ХІХ ст. да галоўнага фасада быў прыбудаваны нізкі прытвор, надбудаваны верхні васьмярык вежы, увянчаны высокім шатром з галоўкай, зменены тып шалёўкі: з вертыкальнай на гарызантальную. Для рытуальных апавяшчэнняў замест званоў каля царквы пастаўлена канструкцыя для біла.
|
|
|