Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(91)/2020
Год Яна Паўла ІІ

НЕ БОЙЦЕСЯ! АДЧЫНІЦЕ ДЗВЕРЫ ХРЫСТУ!
Размова Крыстыны ЛЯЛЬКО з мастаком Сяргеем ШЭМЕТАМ OCD
ПРЫЦЯЖЭННЕ СВЯТАСЦІ
Спадчына

«ШЛЯХАМ ДЗІВАЎ І ЎРАЖАННЯЎ»
Зацемкі з падарожжа ў Рым
Юбілеі

БІБЛІЯ ЯК КРЫНІЦА ПАЭТЫЧНАГА НАТХНЕННЯ КАЗІМІРА СВАЯКА
Да 130-годдзя з дня нараджэння паэта і святара
У святле Бібліі

СТАЎЛЕННЕ ДА БАЦЬКІ І МАЦІ
Чацвёртая запаведзь у навучанні Сіраха (3, 1–16)
Адукацыя
Святыя Каталіцкага Касцёла

СЭРЦА Ў ПОПЕЛЕ
Пераклады

ВЕРШЫ
Прэзентацыя

ПАЛЁТ ЗА РАМКІ ТРАДЫЦЫЙНАГА
Паэзія

БЯЛЫНІЧЫ

НЕ БОЙСЯ...
З архіваў часу

ПАРАЗА
Пра тое, як 100 гадоў таму пачыналася эпоха свабоды сумлення без свабоды
Асобы
Мастацтва

ДАСКАНАЛЫ ДЗЮРЭР
Прэзентацыя
Культура

Анатоль БРУСЕВІЧ

ПАЛЁТ ЗА РАМКІ ТРАДЫЦЫЙНАГА

Першая прэзентацыя чарговай кнігі Дануты Бічэль-Загнетавай з цёплай, не зімовай назвай «Гускі вяртаюцца» адбылася ў сімвалічную і для паэткі, і для яе гарадзенскіх чытачоў дату — на сто дваццаць восьмы дзень нараджэння нашага заўжды дваццаціпяцігадовага класіка і ўсяго праз няпоўны тыдзень пасля дня народзінаў самой аўтаркі. Зрэшты, пра амаль сакральную повязь паміж Максімам Багдановічам і стваральніцай яго музея ў Гародні ведаюць не толькі гарадзенцы, але значна большае кола пашаноўнікаў паэтычнага таленту абодвух пісьменнікаў. Нездарма ж аднойчы Анатоль Сыс абвясціў на ўвесь беларускі свет: «Данута Бічэль-Загнетава — якая паэтка айчынная!». Бо для сапраўдных творцаў — і для аўтара неўміручага «Вянка», і для пісьменніцы з благаслаўлёнай Краіны Неманіны, менавіта Айчына становіцца цэнтральным матывам мастацкай сістэмы, вырастаючы паступова да канцэпту зямной і нябеснай Радзімы:

Радзіма! На мапе нябёсаў
адбітак Божай далонькі.
Цень ад далонькі Божай
на мапе зямелькі босай...

Гэтыя радкі любові (дарэчы, верш, адкуль яны ўзяты, так і называецца — «Радкі любові») адны з апошніх у кнізе «Гускі вяртаюцца», хаця маглі б з лёгкасцю ачоліць зборнік. Але такі падыход быў бы занадта рацыянальным для спадкаемніцы рамантычных і мадэрнісцкіх тэндэнцый прыгожага пісьменства. І таму ўсё, што кідаецца тут першым у вочы, насамрэч з’яўляецца другасным, іманентным. Найбольш істотнае, трансцэндэнтнае паэтка хавае ад вока варожага. Такая гульня ў свое­асаблівыя хованкі пачынаецца ўжо з рамачнага тэксту, то бок, з вокладкі кнігі, на якой красуецца размашыстае імя аўтара: Данута Бічэль-Загнетава. Апошні раз пісьменніца так падпісвалася ў далёкім 1993 годзе пад зборнікам вершаў для дзяцей «Гараднічанка». Усе наступныя кнігі, у тым ліку «Выбраныя творы», што выйшлі ў знакамітай серыі «Кнігазбору», падпісаныя іменем Данута Бічэль. А адбылося наступнае: мастак Аляксандр Сільвановіч, які афармляў апошні зборнік, спантанна змясціў на вокладцы імя аўтаркі ў той колішняй версіі, да якой здаўна прызвычаіўся. А паэтка ўзяла і ўзаконіла выпадковасць, тым самым узмацніўшы пазіцыю па сутнасці другаснага матыву вяртання, які фігуруе там жа — на тытульным лісце кнігі, у яе назве.

Такім чынам, у кнізе «Гускі вяртаюцца» няма ніякага вяртання. Ёсць рух. Няхай сабе не заўсёды прамы, часам, можа, і хаатычны, але чытача ён кіруе ўсё ж такі наперад, у будучыню. Нават калі за аснову сваіх твораў бяруцца колішнія ўспаміны — з дзяцінства, з маладосці, з другіх далёкіх і блізкіх куткоў памяці (вершы «Па Гаўі на дзіравым чоўне…», «Дарога з Кракава да Беластока», «Ноччу, пасля паўночы», «Светлай памяці Алеся Зайкі», «Як з Гародні суполка Максіма да айца Уладзіслава Чарняўскага ў Вішнева ў пілігрымку хадзіла» і некаторыя іншыя), у іх цяжка заўважыць бездапаможную настальгію, характэрную для тэкстаў, дзе матыў вяртання сапраўды з’яўляецца дамінантным. Данута Бічэль не вяртаецца да забытых канстантаў, але запускае складаны працэс абнаўлення вядомых вобразаў і сімвалаў, выводзячы іх зменлівасць па-за каардынаты часу, асабліва мінулага:

...збіраюцца ў крузе наўсцяж —
на здаровых ножках Ніна Мацяш,
малады Багдановіч Максім
і Венанцы Бутрым,
набраўшы вершаў на дрэве старым,
і Кастусь Тарасаў —
разам, у душы, па-за часам,
у вобразе-слове,
адмоленым нібы да глянца,
у таямніцах Ружанца...
І Міцкевічы Адам і Кастусь!
Мая містычная Беларусь...

Вядома, кожны верш, змешчаны ў зборніку «Гускі вяртаюцца», мае за плячыма цэлую гісторыю, зразумелую (і тое, хутчэй за ўсё, часткова) толькі вузкаму колу блізкіх сяброў паэткі і недасяжную для выпадковага чытача. Аднак на гэтым і палягае сутнасць вербальнага мастацтва — напаўняць сонныя душы людзей (знаёмых і незнаёмых) таямніцай слова, каб у абуджанай свядомасці змаглі нарадзіцца выключна тыя карціны, якія ён альбо яна здольныя ўбачыць. Гэта як са словамі вядомых малітваў: кожны, іх прамаўляючы, мае ўрэшце свой канкрэтны вынік альбо сваю заслужаную безвыніковасць. Дарэчы, у новай кнізе Дануты Бічэль ёсць шмат вершаў («Прытулі і благаславі», «Дай мне Духа Спакою», «Уваскрэслы Хрыстос, благаславі нас з нябёс!», «Малітва за дзяцей», «Малітва ад злога духа», «Благаславі нас, Божа»), напісаных у форме менавіта малітвы, што надае і так вельмі шчыраму зборніку яшчэ большай адухоўленасці і багавейнасці перад Зямным Светам і яго Нябесным Творцам:

Благаславі нас, паднебных,
не толькі прыручаных,
але і бяздомных, бясхлебных,
жывуноў, плывуноў, паўзучых,
хатніх і дзікіх звяркоў,
завоблачных летакоў!

Яшчэ адна цікавая адметнасць кнігі, якая яўна адсылае да эстэтыкі сюррэалізму — выкарыстанне яе аўтаркай так званага «аўтаматычнага пісьма» (запісу слоў, вобразаў, іншых фрагментаў маўлення, што ўзнікаюць у выніку выпадковых асацыяцый). Адсюль і ўсе тыя «жывуны», «плывуны» і «завоблачныя летакі», і неверагодныя пераўвасабленні «малой аплаткі зямлі» ў «планетарны тытанік Ноя», і дзіўнае спалучэнне гукаў з нечаканымі кантэкстамі: «Вуркатала навокала, скрыпела, // стракатала, цёхкала, млела, // клекатала нашымі продкамі, // якія збіраліся ў вырай». Адсюль і варыянтнасць асобных твораў: напрыклад, «Усмешкі» і «Калі я расплюшчвала вейкі» з’яўляюцца паводле задумы аўтара «першым варыянтам верша» і «другім варыянтам таго самага верша». Прынцып некантралюемай творчасці, які дае магчымасць адначасовага існавання аднаго і таго ж тэксту ў розных формах, таксама спрацоўвае і ў вершы «Усяслаў Чарадзей» (першы яго варыянт быў змешчаны ў кнізе «А на Палессі», 1990 г.), і нават у перакладзе знакамітага санета Адама Міцкевіча «Да Нёмана» (хіба самы ўлюбёны беларускімі перакладчыкамі верш, бо мае каля двух дзясяткаў варыянтаў перакладу).

Для стылю зборніка «Гускі вяртаюцца» характэрны і свайго роду візуальны падман — падмена рэальнага ўяўным і наадварот. У выніку адбываюцца пэўныя дэфармацыі мастацкай прасторы і яна пачынае нагадваць сон, мрою, то бок, прывідную, несапраўдную рэальнасць, але ўрэшце становіцца той адзінай, сапраўднай звышрэальнасцю, спасціжэнне якой некалі дакляравалі ў сваіх маніфестах сюррэалісты. Адзін з найбольш цікавых прыкладаў падобнай дэфармацыі знаходзім у вершы «Сон»:

Я на Пажарнай вежы сачу залатыя манеты.
Ясная ноч. Галаву прасвятляе паветра.
Васіль і Надзея Быкавы вяртаюцца з таго свету
дамоў на Вялікдзень па Траецкай Вялікай...

Увогуле, сюррэалістычнай настраёвасцю, у якой змешваюцца сон і ява, святло і цені, рэальнае і тагасветнае, поўняцца многія вершы Дануты Бічэль, выбудоўваючы адмысловыя масты паміж аўтарам і «гарызонтамі чакання» самых розных чытачоў — прафесійных літаратараў і вясковых настаўнікаў, строгіх вернікаў і наіўных летуценнікаў, паважных людзей сталага веку і хуліганістых маладзёнаў. Бо іх усіх, нас усіх, яднае Беларусь, яднае Нёман каля Каложы, яднаюць Жыровіцкая Маці Божая, Маці Божая Бялыніцкая, яднаюць знакамітыя землякі — такія як Усяслаў Чарадзей, Адам Міцкевіч, Кастусь Каліноўскі, Максім Багдановіч, Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў і крыху меней знаныя «Зміцер Кісель, Васіль Бязмен // і Едрусь Мазько, у той час невядомы паэт». Яднаюць слаўныя перамогі над ворагам (верш «Перамога над войскам Хаванскага ў Лагішыне і на Палонцы, 28 чэрвеня ў 1660»), але яднаюць і крывавыя трагедыі, адгалоскі якіх не змаўкаюць і да сённяшніх дзён (верш «Курапаты — дарога смерці»).

Калі ж раптам камусьці не падабаюцца масты, то для іх спецыяльна паэтка падрыхтавала лесвіцу з дзесяццю прыступкамі, што спускаюцца ад «Нябёсаў Каложы» (першы раздзел кнігі) у тую ж Беларусь, рэальную і містычную, у чароўны Край на раздарожжы культур. Ён і хатні, утульны, і неабсяжны ў адначассі, бо раскінуты на ўвесь свет, Край, дзе спрадвеку «сунічкамі спелі балады Адама», дзе «як Магелан у Амерыку, // так Нёман плыве да берагу», дзе «праз шчылінку месячык з неба // цалуе вуснамі таты».

Падагульняючы сказанае, можна зрабіць выснову, што новая кніга «Гускі вяртаюцца» вельмі няпростая, якой, магчыма, яна не падаецца на першы погляд. Бо каб зразумець, альбо прынамсі адчуць усю складанасць, шматзначнасць, часам парадаксальнасць творчасці Дануты Бічэль, чытач мусіць разам з тымі гускамі: андалузкамі, // эльбрускамі ды французкамі, // індускамі ды тунгускамі, // этрускамі...// беларускамі... здзейсніць палёт за рамкі традыцыйнага, навязанага яшчэ савецкай школай успрымання мастацкага метаду гарадзенскай паэткі. Зрэшты, і сама яна кажа якраз пра гэта:

А звычайныя простыя словы
не народзяць ні народу, ні мовы,
не разбудзяць людзей праменных...
Марны клопат, дарэмны.

Цяпер застаецца дачакацца, калі ўзнёслае слова айчыннай паэткі, у чыіх жылах плыве блакітная кроў Гаўі, Нёмана і тысячы іншых беларускіх рэк, крыніц і азёр, разбудзіўшы праменнасць у душы чарговага чытача, разам з гускамі, што «яднаюць невідочны і відочны сусвет», вернецца пад вокладкай наступнай паэтычнай кнігі.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY