Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(91)/2020
Год Яна Паўла ІІ

НЕ БОЙЦЕСЯ! АДЧЫНІЦЕ ДЗВЕРЫ ХРЫСТУ!
Размова Крыстыны ЛЯЛЬКО з мастаком Сяргеем ШЭМЕТАМ OCD
ПРЫЦЯЖЭННЕ СВЯТАСЦІ
Спадчына

«ШЛЯХАМ ДЗІВАЎ І ЎРАЖАННЯЎ»
Зацемкі з падарожжа ў Рым
Юбілеі

БІБЛІЯ ЯК КРЫНІЦА ПАЭТЫЧНАГА НАТХНЕННЯ КАЗІМІРА СВАЯКА
Да 130-годдзя з дня нараджэння паэта і святара
У святле Бібліі

СТАЎЛЕННЕ ДА БАЦЬКІ І МАЦІ
Чацвёртая запаведзь у навучанні Сіраха (3, 1–16)
Адукацыя
Святыя Каталіцкага Касцёла

СЭРЦА Ў ПОПЕЛЕ
Пераклады

ВЕРШЫ
Прэзентацыя

ПАЛЁТ ЗА РАМКІ ТРАДЫЦЫЙНАГА
Паэзія

БЯЛЫНІЧЫ

НЕ БОЙСЯ...
З архіваў часу

ПАРАЗА
Пра тое, як 100 гадоў таму пачыналася эпоха свабоды сумлення без свабоды
Асобы
Мастацтва

ДАСКАНАЛЫ ДЗЮРЭР
Прэзентацыя
Культура

Мацей МЮЛЛЕР

СЭРЦА Ў ПОПЕЛЕ

Інтэрв’ю з гісторыкам Касцёла Тамашам Галушкам ОР

Жан-Жак Шэрэр.
«Уваход Жанны д’Арк
у Арлеан», 1887.

Вогнішча палае. Жанна глядзіць на крыж, на Езуса і крычыць так страшна, што тыя, хто асудзіў яе, уцякаюць у жаху. Тады адзін з жаўнераў гаворыць: «Згарае святая».

— Святая містычка, дзева, якая ўратавала Францыю, пакутніца, спаленая на вогнішчы, гераіня мастацкіх фільмаў і папулярных песняў, якая натхняла пісьменнікаў і мастакаў, сярод якіх, напрыклад, Шэкспір і Матэйка. Няшмат асобаў выклікае столькі эмоцый, як Жанна д’Арк.

Яна — не толькі знакамітая гістарычная постаць найважнейшай падзеі XV стагоддзя, Стогадовай вайны. У ёй мы сустракаемся з таямніцаю, з нечым, што супярэчыць здароваму розуму. Я б сказаў, што Жанна жыла ў прасторы надпрыроднага. Яна жыла ў поўным адданні Божай ласцы, і тая не нішчыла натуру Жанны, а ўдасканальвала яе. Не зразумеўшы гэтага, мы не зразумеем і саму Жанну. Святы Францішак меў стыгматы Хрыста, носячы знакі Ягоных пакутаў на сваіх далонях, стопах і боку, а Жанна д’Арк пайшла ў гэтым далей — усё яе жыццё стала знакам Хрыста.

— Ці не занадта моцная метафара?

— Не. Да таго ж, я не сумняюся, што ўчынкі Жанны д’Арк можна зразумець толькі праз прызму жыцця Хрыста. Этапы яе жыцця падобныя да Хрыстовага: найперш укрытае жыццё Жанны ў Домрэмі, гэтак жа, як у Езуса ў Назарэце; пазней — кароткі перыяд яе публічнай дзейнасці (1429–1430), а пасля — пакуты (1430–1431). У Жанны былі свае Юда, Каяфа і Пілат. Яна нават памірае ў падобных абставінах: усімі пакінутая, і адчувае (па сведчанні старонняга назіральніка) поўную паразу. Гэтак жа людзі глядзелі і на ўкрыжаванага Хрыста. Жанна аддала ўсю сябе Хрысту. Толькі праз прызму гэтага можна зразумець яе жыццё.

— Бог нібыта аб’явіў ёй, што Карл VII Валуа стане сапраўдным каралём Францыі. Як атрымалася, што каралеўскі двор паверыў простай дванаццацігадовай дзяўчынцы і даверыў ёй весці войска?

— У 1429 годзе Францыя апынулася ў безнадзейнай сітуацыі. Ужо сто гадоў доўжылася вайна, і паволі англічане пачыналі перамагаць. Маральны дух войска падаў. Карл нават думаў уцячы на Іберыйскі паўвостраў. Да таго ж у аблогу быў узяты Арлеан, адзін з апошніх бастыёнаў французскага супраціву. У гэты час, у сакавіку 1429 года, пры каралеўскім двары ў Шыноне з’явілася Жанна і сказала, што яе прыслаў Бог. Яна аб’явіла Карлу, што Арлеан будзе вызвалены, ён сам — каранаваны, а англічане — выгнаныя. Ніхто не паверыў у тое, што гаварыла Жанна.

— А як вясковую дзяўчыну пусцілі да караля?

— Спачатку Жанна хацела, каб яе прадставіў каралю кіраўнік войска з Вакулёра — горада, паблізу якога знаходзілася яе родная вёска. У рэшце рэшт да кіраўніка выклікалі бацькоў дзяўчыны, а яе саму пабілі. Аднак Жанна ўпарта дамагалася свайго, яе заўзятасць уразіла рыцараў, і яны саступілі просьбам. Спачатку Жанну правярала ў Пуацье спецыяльна скліканая камісія, каб упэўніцца, што яна не псіхічна хворая. Праз 11 дзён камісія зрабіла выснову, што Жанна гаворыць разважліва і згодна з вераю, а таксама пацвердзіла яе дзявоцтва, бо сама яна называла сябе «дзявіцаю, якая павінна вызваліць Францыю».

— Рабілі такую праверку?

— Так, рабілі гінекалагічны агляд.

— Якое гэта мела значэнне?

— У XV стагоддзі былі частымі абвінавачванні ў чараўніцтве, а дзявоцтва было сімвалам нявіннасці і асаблівай Божай апекі. Жанна была візіянеркаю і сцвярджала, што ёй аб’яўляліся святыя.

— Яна тлумачыла, што бачыць?

— У вёсцы, адкуль паходзіла Жанна, жыло менш за сто чалавек. Яна не ўмела ні чытаць, ні пісаць. Першыя аб’яўленні дзяўчынка мела ў 12–13 гадоў. Яна не ў стане была апісаць тое, што бачыла, і падкрэслівала, што гэта ўсё яе асабістыя адносіны з Панам Богам. Аднак і тады існавалі спосабы даследаванняў падобных з’яваў, распрацаваныя прафесарам Жанам Жэрсонам, які апісваў, як распазнаваць аб’яўленні. Ён апісаў усе крытэрыі распазнання: ад маральнасці візіянера да яго, як бы сказалі цяпер, псіхічнага здароўя. Камісія карысталася падручнікам Жэрсона і прызнала, што Жанна — псіхічна здаровая асоба.

Пасля вердыкту камісіі Жанне дазволілі з’явіцца пры каралеўскім двары. Яна выправілася да караля ў чырвонай сукенцы і з распушчанымі валасамі. Ёй гаварылі, што гэта ўбранне не для падарожжа, і тады Жанна адказала: «Тады дайце мне зброю і мужчынскае адзенне». Усе здзівіліся, але ўрэшце паслухалі дзяўчыну, апранулі яе па-мужчынску і абрэзалі валасы, як каралеўскаму пажу. Гэтак яна і паехала.

— І што зрабіў кароль?

— Ён пажадаў праверыць, ці яна не падманшчыца. Сціпла апрануты, ён стаў між сваіх падданых, а на трон пасадзіў слугу, апранутага па-каралеўску. Жанна прайшла міма вяльможаў, якія стаялі вакол трона, падышла да Карла і ветліва пакланілася яму. Пачуўшы ад яго: «Ты пераблытала, кароль вунь там!», Жанна адказала: «Не, валадару, ты будзеш сядзець на французскім троне, ты —мой кароль». Пасля Карл нахіліўся, а Жанна нешта сказала яму на вуха, мы не ведаем, што. Прысутныя толькі сведчылі, што твар караля вельмі змяніўся. Зламаны духам, расчараваны чалавек раптам акрыяў.

— Кароль паверыў Жанне?

— Усё пра гэта сведчыць, бо ён дазволіў дзяўчыне прымаць удзел у вайсковых нарадах і ўвогуле пачаў дзейнічаць. Напрыканцы красавіка Жанна вырушыла на Арлеан. Яна ўжо не насіла адзенне пажа. У дзяўчыны былі белыя даспехі і белы конь. Для яе зрабілі белую харугву, на якой быў накрэслены знак «IHS», імя Марыі і абраз Бога, які трыумфуе ў коле анёлаў.

— А для чаго знак «IHS»?

— Гэта скарачэнне выраза «Iesus Hominum Salvator» — «Езус — Збаўца людзей». Лозунг прыдумаў тагачасны папулярны прапаведнік, рэфарматар ордэну францішканаў Бэрнардын Сіенскі. Сам ён насіў з сабою шыльдачку з гэтай хрыстаграмай і падымаў яе падчас казанняў, а слухачы адгукаліся на гэта: «Езус, Езус, Езус».

— Што адбывалася з Жаннай далей?

— З войскам яна стала пад Арлеанам 29 красавіка і за некалькі дзён зняла англійскую аблогу. Пасля яны пачалі вызваляць наступныя гарады. Жанна заўжды ехала на чале войска. Усім было зразумела, што яна — незвычайная асоба, тым больш, што яна была не толькі містычкаю і не толькі натхняла людзей, але і паказала сваю смеласць у бітве. Параненая ў шыю, яна адпачыла пару дзён і вярнулася да войска. Жаўнеры не ўспрымалі яе як жанчыну, усе бачылі ў Жанне прарока, святую.

— Перамога дала французам сілы ваяваць далей?

— Гэта ўзмацніла іх. У запале пачуццяў Жанна сказала: «Нічога не можа мне перашкодзіць прывесці цябе, Карл, у Рэймс і каранаваць там, дзе карануюць усіх каралёў. І ты станеш каралём». Разам з войскам яна пачала прабіваць шлях да Рэймса. Жанна зрабіла апошні этап Стогадовай вайны святою вайною, вайною, якая вялася ў Божае Імя.

17 ліпеня 1429 года выканалася яе прароцтва: Карл VII быў каранаваны і стаў каралём Францыі. Аднак падчас каранацыі ў цэнтры падзеяў была Жанна, на яе ўсе сабраныя глядзелі як на пераможцу. Калі праз год дзяўчыну пасадзілі ў вязніцу, Карл не заступіўся за яе.

— Пазайздросціў?

— На яго паўплывала палітыка. Жанна не магла зразумець, чаму энтузіязм кіраўнікоў слабне, а не расце, пакуль яна перамагае, чаму кароль і военачальнікі не ідуць наперад. Падобнае адбылося і з Езусам: пасля Яго трыумфальнага ўезду ў Ерузалем Яму здраджвае Юда, а астатнія вучні проста разбягаюцца.

— Значыць, вайсковая кампанія спынілася?

— Праз год пасля прарыву аблогі пад Арлеанам Жанна ўзялася абараняць Камп’ень. Гэта шкодзіла Карлу, бо ён дамовіўся з князем Бургундыі Філіпам ІІІ Добрым, што некаторыя французскія гарады, сярод якіх і Камп’ень, будуць пад яго ўладаю. Жанна самастойна паехала ў разведку, і калі яна аб’язджала горад, бургундцы атакавалі яе і схапілі.

— А чаму яна была адна?

— Ёсць меркаванне, што яе прысутнасць стала нязручнаю, і таму ад яе хацелі пазбавіцца. Гэтак жа было і з Хрыстом, Ён многім назаляў: для габрэяў такі прарок быў нязручны, рымлянам быў не патрэбны чарговы Месія… А вучні не разумелі Ягонай навукі.

Жанну прывезлі ў замак бургундцаў. Яе сустрэча з Філіпам ІІІ Добрым нагадвае сустрэчу Езуса з Ірадам. Філіп, як і іншыя, хацеў пазнаёміцца з ёю і ўразіць яе. Але Жанна паводзіла сябе вельмі стрымана і расчаравала яго. Да таго ж, яна ўпарта насіла мужчынскае адзенне, а паколькі гаворка не йшла пра конную язду, мне здаецца, што гэткім чынам яна імкнулася абараніць сябе ад гвалтоўных дзеянняў.

— Некаторыя гісторыкі гавораць, што яна была транссексуалкаю.

— Жанна д’Арк называла сябе Дзеваю (La Pucelle), яна відавочна сцвярджала, што з’яўляецца асобаю жаночага полу. Дзіўныя сучасныя здагадкі на гэты конт толькі адмоўна сведчаць пра тых, хто іх выказвае.

— Жанна спрабавала збегчы ад бургундцаў.

— Яна хацела злезці з вежы вышынёю ў 21 метр, але ўпала. На шчасце, не разбілася, але гэтая спроба пабегу дала магчымасць абвінаваціць Жанну ў самазабойчых схільнасцях. Гэта з’явіцца і ў матэрыялах судовага працэсу. Памятайма, што самазабойцаў лічылі згубленымі душамі. У снежні 1430 года Жанну прадалі англічанам, з гэтага часу пачаліся спробы пачаць супраць яе афіцыйную судовую справу.

— Чаму яе проста не пакаралі смерцю?

— Гэта было б занадта проста. Англічане лічылі сапраўдным каралём Францыі Генрыха VI. Можна было б выставіць Жанну як здрадніцу каралю, але тады ў французаў была б свая пакутніца. Таму стала зразумела, што працэс супраць Жанны, якая дзейнічае ў прасторы рэлігійнай веры, павінен быць не звычайным судовым працэсам, а мусіць праводзіцца з удзелам касцёльнай інквізіцыі in causa fidei. Англічане хацелі ўпаляваць двух зайцаў: пазбавіцца ад жанчыны, якая іх перамагла і, завяршыўшы судовы працэс абвінавачваннем у ерасі, дабіцца пацвярджэння таго, што каранацыя Карла VII была несапраўднаю, бо праходзіла з удзелам ерэтычкі. У працэс уключыўся адзін з найбольш уплывовых хаўруснікаў Англіі — П’ер Кашон, біскуп Бавэ.

— Французскі біскуп быў на баку англічанаў?

— Так! Ён як біскуп мог выконваць функцыі інквізітара, але жадаў, каб у працэсе прынялі ўдзел афіцыйныя папскія інквізітары. Галоўны інквізітар Францыі, дарэчы, дамініканін, спрабаваў гэтага пазбегнуць, прызначыўшы віцэ-інквізітара, даводзіў, што гэтая справа не ў ягонай юрысдыкцыі. Але калі да справы далучылася група прафесараў з Парыжа, у яго не заставалася выйсця. Аднак роль галоўнага інквізітара ў працэсе заключалася толькі ў слуханні і абвяшчэнні прысуду. Кажучы пра тагачасных дамініканаў, памятайма, што прынамсі адзін з іх, Марцін Ладвеню з Руана, ставіўся да Жанны вельмі прыязна і перад смерцю выслухаў яе споведзь і ўдзяліў ёй Камунію. Брата Ісамбарда дэ ла П’ер Жанна папрасіла падчас пакарання трымаць перад ёю крыж, каб яна магла глядзець на Езуса.

— Адкуль вядомыя падрабязнасці судовага працэсу?

— Гэта адна з найлепш задакументаваных судовых справаў сярэднявечнай Еўропы. Нібыта Пан Бог пажадаў, каб мы дакладна ведалі, як Жанна памірала. Працэс распачаўся ў лютым 1431 года. Жанна адказвала на пытанні бліскуча, паказаўшы сябе вельмі мудраю асобаю, што зноў засведчыла яе псіхічнае здароўе. Дзяўчына мела геніяльную інтуіцыю ў пытаннях веры. Напрыклад, у яе запыталі, ці лічыць яна, што прабывае ў стане асвячальнай ласкі. Гэта была пастка: калі б Жанна чытала творы святога Тамаша Аквінскага, яна б ведала, што гэтага нельга распазнаць. Даўшы станоўчы адказ на пытанне, яна б дала сведчанне ўласнай пыхі, і гэта палічылі б ерассю, а за адмоўны адказ суддзі назвалі б яе вядзьмаркаю. Але Жанна адказала: «Калі я не прабываю ў стане асвячальнай ласкі, то няхай Пан Бог мне яе ўдзеліць, а калі прабываю, то няхай Пан Бог захоўвае мяне ў ёй». Гэтыя яе словы нават цытуюцца ў сучасным Катэхізісе Каталіцкага Касцёла.

— Але адказы Жанны не пераканалі следчых?

— Усё адбылося вельмі цікава. Біскупу Кашону было неабходна, каб працэс быў гучным і завяршыўся грандыёзным фіналам. Ён нават выклікаў з Парыжа Жана Лаг’ера, аднаго з найвыбітнейшых юрыстаў таго часу, спадзеючыся, што той пацвердзіць віну Жанны. Юрыст жа знайшоў шмат працэсуальных памылак і сказаў, што ўсе дакументы трэба паслаць у Рым да Папы. Гэта здзівіла біскупа. Дакументы сабралі, але замест Рыма паслалі іх у Парыжскі ўніверсітэт. Там падрыхтавалі абвінавачванне, якое спачатку складалася з 70-ці пунктаў, а пазней было скарочанае да 12-ці, і ўніверсітэцкія прафесары сцвярджалі, што судовы працэс правамоцны.

— Такім чынам, абвінавачвання не было перад распачаццем судовага працэсу?

— Абвінаваціць Жанну, артадаксальную каталічку, было няпроста. Да таго ж, у чарговы раз была пацверджаная яе дзявоцкасць, і нельга было абвінаваціць яе ў чараўніцтве. Яе спрабавалі злавіць на сцвярджэнні, што Бог ненавідзіць англічанаў, але яна лёгка гэтага пазбегла. Парушэнняў працэсу было значна больш: адмовілі ў падачы апеляцыі, у праве на адваката, Жанну трымалі ў мужчынскай турме.

— Але суддзі мусілі за нешта зачапіцца?

— Яны вырашылі, што Жанна прыпісвае сабе ўладу, лічыць сябе лепшаю за іншых. Яе абвінавацілі ў парушэнні звычаяў: у тым, што яна носіць даспехі і адзенне, нявартае жанчыны, і гэтым зневажае законы прыроды і паказвае сваю пыху.

— Як да Жанны ставіліся ў турме?

— Жаўнеры ставіліся да яе гэтак, як да Езуса ў прэторыі. Дзяўчыну не білі, але катавалі псіхічна. Закутай у кайданы Жанне пагражалі гвалтам, і тады яна адразу пойдзе ў пекла. Напэўна, яна была ў поўным жаху.

Апошні трагічны этап працэсу прыпаў на 24 траўня. У суддзяў не было падставаў зрабіць прысуд, таму яны пастанавілі «зламаць» Жанну. Працэс адбываўся на могілках у Руане. Падрыхтавалі сапраўдны спектакль: паставілі трыбуну, ксёндз прачытаў акт абвінавачвання, у якім гаварылася, што Жанну чакае пекла. Пачалі складаць вогнішча. І Жанна зламалася: падпісала дакументы, згаджаючыся з 12-цю пунктамі абвінавачвання. Пазней гаварылі, што адзін з натарыусаў вадзіў яе рукой па паперы: захаваліся тры дакументы, крыва падпісаныя іменем «Жанна». Суддзі перадусім чакалі, што яна прызнаецца ў ерасі. Яны абвясцілі, што дзяўчыну чакае катаванне і пажыццёвая вязніца.

— Узнікае асацыяцыя з судовымі працэсамі ў часы сталінізму, калі такія «дабравольныя» прызнанні лічыліся галоўным доказам віны.

— Гэтыя працэсуальныя маніпуляцыі сапраўды былі жудасныя. Некаторыя спрабуюць абараняць суддзяў і біскупа Кашона, кажучы, што яны знаходзіліся пад ціскам герцага Бедфарда, якому надакучыў занадта доўгі судовы працэс і мноства даследаванняў розных экспертаў. Таму быў разыграны спектакль на могілках.

Жанна зразумела, што яе падманулі, і на наступны дзень адмовілася ад усяго, што было ў падпісаных дакументах. Але тады яе абвясцілі рэцыдывісткаю і ўпартаю ў ерасі. Паводле закону, рэцыдывістаў судзілі свецкім судом.

— А гэта, як вядома, азначала спаленне на вогнішчы.

— Вогнішча зрабілі 30 траўня. Жанна папрасіла магчымасці паспавядацца і прыняць Камунію. Яе прывялі на рынак і прымусілі выслухаць казанне, поўнае абвінавачванняў. Пазней ксёндз, які прамаўляў яго, памёр ад праказы. Што цікава, шмат суддзяў, якія прымалі ўдзел у працэсе, загінулі ў незвычайных абставінах.

Жанну прывязалі да слупа, які стаяў пасярод вогнішча, а нейкі жаўнер даў ёй у рукі драўляны крыжык, які яна пацалавала і паклала пад кашулю. Праз імгненне запалілі вогнішча. Звычайна злачынцаў не палілі жыўцом, іх спачатку душылі, але англічане хацелі, каб Жанна пакутавала. Шэсць разоў яна ўсклікнула: «Езус!». Кара была такою страшнаю, што суддзі паўцякалі. Сведкі зразумелі, што адбываецца нешта жудаснае, як на Галгоце. Адзін з жаўнераў сказаў: «Згарае святая».

У апісаннях кары, якія агучылі праз 20 гадоў, узгадвалася, што пасля таго, як вогнішча згарэла, у попеле знайшлі непашкоджанае сэрца, якое яшчэ крывавіла. Яго спалілі яшчэ раз, а попел выкінулі ў Сену. Англічане не жадалі, каб хоць нешта засталося ад Арлеанскай Дзевы.

Жанна памерла з імем Езуса на вуснах, забітая людзьмі Касцёла, якія не верылі, што Бог можа дзейнічаць так наўпрост.

— Пасля ўсяго, што здарылася, французскага караля не турбавалі згрызоты сумлення?

— Пачалі турбаваць праз 20 гадоў. Ён узгадаў пра Жанну і распачаў рэабілітацыйны працэс. Праз гэта ён рэабілітаваў і сябе самога пэўным чынам. Суд над Жаннаю д’Арк — адзіны ў свеце ануляваны інквізіцыйны працэс.

— Я не разумею ў гэтай гісторыі аднаго: дзеля чаго Богу трэба было праганяць англічанаў з Францыі?

— Бог чуе голас тых, хто пакутуе і церпіць несправядлівасць, Ён становіцца на бок тых, хто ва ўціску. Мэтаю ўсёй дзейнасці Жанны было жаданне вызваліць народ з-пад акупацыі, а не перамагчы Англію. У лістах да англічанаў яна пісала: «Як хрысціянскія народы мы павінны шукаць паразумення, у імя Хрыста кажу вам: ідзіце адсюль, гэта не вашая зямля».

Бог не згаджаецца на зло. Яго адказ, Яго гнеў — гэта сам Яго Сын, які памірае з любові да чалавека. Толькі любоў — сіла, якая можа знішчыць зло. Святая Жанна д’Арк не перастае здзіўляць мяне. Я не ведаю, чым найбольш — адвагаю ці вераю. Жанна дзівіць, таму што Бог умее здзівіць.

Размаўляў Мацей Мюллер.

Пераклад з польскай мовы
Юліі Шэдзько.

Паводле: «W drodze», №4, 2018.


Тамаш Галушка ОР — дамініканін, доктар гістарычных навук, нарадзіўся ў 1978 годзе. Дырэктар Дамініканскага інстытута гісторыі, віцэ-дырэктар Гістарычнага інстытута пры Папскім універсітэце імя Яна Паўла ІІ у Кракаве. Аўтар кніг і навуковых публікацый.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY