Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(91)/2020
Год Яна Паўла ІІ

НЕ БОЙЦЕСЯ! АДЧЫНІЦЕ ДЗВЕРЫ ХРЫСТУ!
Размова Крыстыны ЛЯЛЬКО з мастаком Сяргеем ШЭМЕТАМ OCD
ПРЫЦЯЖЭННЕ СВЯТАСЦІ
Спадчына

«ШЛЯХАМ ДЗІВАЎ І ЎРАЖАННЯЎ»
Зацемкі з падарожжа ў Рым
Юбілеі

БІБЛІЯ ЯК КРЫНІЦА ПАЭТЫЧНАГА НАТХНЕННЯ КАЗІМІРА СВАЯКА
Да 130-годдзя з дня нараджэння паэта і святара
У святле Бібліі

СТАЎЛЕННЕ ДА БАЦЬКІ І МАЦІ
Чацвёртая запаведзь у навучанні Сіраха (3, 1–16)
Адукацыя
Святыя Каталіцкага Касцёла

СЭРЦА Ў ПОПЕЛЕ
Пераклады

ВЕРШЫ
Прэзентацыя

ПАЛЁТ ЗА РАМКІ ТРАДЫЦЫЙНАГА
Паэзія

БЯЛЫНІЧЫ

НЕ БОЙСЯ...
З архіваў часу

ПАРАЗА
Пра тое, як 100 гадоў таму пачыналася эпоха свабоды сумлення без свабоды
Асобы
Мастацтва

ДАСКАНАЛЫ ДЗЮРЭР
Прэзентацыя
Культура

Кс. Пётр ТАТАРЫНОВІЧ

«ШЛЯХАМ ДЗІВАЎ І ЎРАЖАННЯЎ»

Зацемкі з падарожжа ў Рым


Ксёндз Пётр Татарыновіч — каталіцкі святар, пісьменнік і перакладчык, заснавальнік Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, доктар тэалогіі (1950), прэлат (1961).

Нарадзіўся 2 чэрвеня 1896 г. у в. Гайнін у Слуцкім павеце (цяпер Ляхавіцкі р-н). У Слуцку скончыў сярэднюю школу. Паступіў у Пецярбургскую духоўную семінарыю, аднак бальшавіцкая рэвалюцыя 1917 г. не дазволіла скончыць навучанне. Працягваў вучобу ў духоўнай семінарыі ў Мінску.

12 чэрвеня 1921 г. атрымаў святарскае пасвячэнне. Працаваў у Пінску, Наваградку, Баранавічах, Дамачаве і Століне.

Падчас Другой сусветнай вайны некаторы час знаходзіўся ў Варшаве, працягваў душпастырскую, літаратурную і культурна-асветніцкую дзейнасць.

У 1944 г. у Мінску выступіў з прамоваю на Другім Усебеларускім кангрэсе.

Напрыканцы вайны выехаў за мяжу. Вучыўся ў Рыме ў Папскім інстытуце ўсходніх навук. У Вечным горадзе заснаваў беларускі каталіцкі часопіс «Źnič» і Беларускую рэдакцыю Ватыканскага радыё, якую ўзначальваў да 1970 г. Аўтар кніжак «Святы Ізідар хлебароб» (1928), «Купалле» (1930), «Шляхам дзіваў і ўражанняў» (1934). Друкаваўся таксама пад псеўданімам Пётр Задума.

Пераклаў на беларускую мову раман Генрыка Сянкевіча «Quo vadis» (1956).

Памёр 3 верасня 1978 г. Пахаваны на рымскіх могілках Cimitero Flaminio.

 

Джэймс Макінтош Патрык, «Асізі», 1934 г.

Столін, а — Рым. Шэрае, тонучае ў балоце і туманах Палессе — і вечна сонечная, іграючая чароўнымі колерамі палёў пшанічных, вінаграднікаў, красак, мастацтва і вадаліваў, з вечна бурлівым расспяваным жыццём Італія! Ці можна сабе ўявіць большы кантраст? Ці льга змясціць той вялізарны кантраст у патульнай, скромнай душы палескай?..

* * *

Нядзеля, восьмага кастрычніка 1933 г. На дварэ сумная, мокрая палеская восень. Стогнучы, цягнецца цягнік, валачэ замаркочаных шэраю мэланхоліяй падарожных. За вокнамі вагону безбярэжныя мачары, лугі ды дзікія хмызнякі.

Гутарка між спадарожнікамі ня клеіцца. Хочацца маўчаць і думаць, думаць без канца... Адзінай разрывай у нашым аддзеле — забаўны, мілы хлопчык, сынок вучыцеля з нейкай вёскі Лунінецкага павету. Цягаючы рэмень ля вакна, паганяе, шчабечучы па-беларуску, марудны цягнік. А матка скаржыцца на «няшчасце», што ня можа адвучыць яго ад «хлопскей» мовы...

Ды зноў безнадзейная цішыня...

Пінск, Берасць, Варшава мінаюць у ваччу бясследна. На другі дзень а 5-й рана паказваюцца з густых туманаў Катовіцы. Стройныя камянічкі, чыстыя, хоць сонныя йшчэ вуліцы, напамінаюць крыху ўжо Эўропу. Відзён нават па-над кучкаю старых дамоў і чатырнаццаціпаверхавы «хмарадзёр» — пэрла меснай амбіцыі. Недалёка яго ў новым стылі — новы касцёл «гарнізонавы». Сумная мэланхолія, бы на тым Палессі, агартае, калі глядзіш на гэтую простую мураваную скрыню з высокім комінам — мабыць, вежай — наверсе.

У гасцініцы — прытульнасць і незвычайная ветлівасць. На вуліцах, у крамах мова нямецкая досыць моцна йшчэ ідзе ў перагонкі з польскай. Даследжваецца на кожным кроку тут каталіцкі дух: духоўнага вітаюць прахожыя інтэлігенты і неінтэлігенты каталіцкім «пахвалёны».

У цягніку для пельгрымаў даволі выгодна, але сон не бярэ, зараз бо, зараз граніца. Б’ецца, рвецца сэрца. І што такое магічнае крые ў сабе тая заграніца! Чаму ты ўцякаеш тут перада мною, Бацькаўшчына мілая? Ці баішся, каб не прыраўняў Цябе, беднае, да загранічнай культуры? Не саромейся, мілая! Ты бо першае заняла месца на дне душы маей. Ня выжану Цябе адтуль за жадныя скарбы свету! Патраплю Цябе апраўдаць у адсталасці культуральнай: Ты ж бо горкая, даўгалетняя сіраціна, Родная мая!..

* * *

Гадзіна, дзве язды ад Катовіц.

— «Пятровіцэ!» — крычыць ужо чэскі чыгункавец. Кідаемся к вакну, але нічога нявідна — ноч. У вагоне з’яўляюцца зараз гранічныя чыны. Выгляд уніформаў іх надта ж скромны, настрой бадзёры. За мінут дваццаць усе фармальнасці кончацца. Хутка пераладжаны цягнік чмыхануў раз-другі і... пасунуў, занураючыся быстра ў непраглядную цемру начную, так, як мы ў глыбокі сон.

Гэтулькі адно чулі і бачылі мы Чэхаславаччыны.

Назаўтра будзімся каля шостае рана. Праціраем заспаныя вочы і з цікавасцю глядзім праз акно на ваколіцы. Дзе мы? — «Прадмесце Вены!» — аглашае нехта, бывалец.

Сонейка быстра разганяе раннія сонныя хмары. Цягнік ляскаціць і прэ ўсей парай. Эгэ! То не палескі «Максім». Ня даў нават і раскатурхацца.

«Вен!» — крычыць круглы бадзёры deutsch у блішчастых гузіках.

* * *

Гасцініца «Habsburg» размяшчае нас даволі марудна. Выяўляецца на ўступе нямецкі рыгарызм: аднаго з нашых пельгрымаў зрабілі «бабай»: замест Кскі — запісалі Кска і зарэзарвавалі для Кскай нумар. І як жа пасля ўпусціць у дамскі пакой мужчыну? Родзіцца спрэчка. Урэшце Кскі ня можа вытрываць і, трасучы сваю купчастую чорную бараду, падносіць голас да аддзвернага: «Mein Herr! Глядзі, лепшага дакументу, як гэты, не магу вам паказаць на пацверджанне таго, што я бабаю ніколі ня быў!» Зарагаталі ўсе, і немец наш змякчэў.

Але акром жартаў трэба сказаць, што наагул у Вене выразна кідаецца ў вочы высокая ступень таварыскага ўзгадавання, ветлівасць, услужнасць.

Вена — 2-мільёнавы горад. Чаруе ён сваею прыгожаю густоўнай архітэктурай ды чыстатою. Вуліцы роўныя, прасторныя, упрыгожаныя пекнымі прысадамі, кветнікамі. Адна з іх, Mariahilfenstrasse, цягнецца аж 6 з палавінай кіломэтраў. А ёсць бульвар і 15-кіломэтравы.

Дамы, якіх налічвае Вена каля 50-ці тысяч, — як цацкі, стылёвыя, многапаверхавыя, у сярэдзіне ўсюды вінды, хутка і далікатна ўздымаючыя гасцей уверх. Усюды лад, гармонія, хараство. Замкі нашых магнатаў проці такіх цудаў архітэктуры выглядаюць бы сялянскія хаты.

З найбольш важных асаблівасцяў Вены — гэта Stefankirche, катэдральны касцёл венскіх каталікоў. Адна з найцуднейшых святыняў свету. Здалёк цікаваму воку выдаецца з мноствам сваіх вострых вежычак ды дахаў-прыдашкаў, над якімі пануе высозная, болей 130-ці метраў, бы страла, пушчаная ў неба, галоўная вежа — здалёк — кажу — выдаецца гэна будоўля, бы куст стройных топаляў, што пнуцца ўгору. Такі спосаб будавання завецца «готыцкім стылем», бяручым пачатак з пабожнага сярэднявечча. Усё ў ім уцякае ад зямлі к небу. Стыль такі вельмі гарманізуе з духам хрысціянскім: душа, растучы ў дасканаласць, пнецца ўсё вышэй і вышэй да Бога, да Ідэалу, да вечнага свайго прызначэння.

Зблізка муры выглядаюць крыху прыстарэлымі. Але пакуль увойдзем у сярэдзіну, затрымаймася над аднэй вельмі цікавай дробяззю, сведчачай аб тым, як сярэднявечча ненавідзела грамадскія праступкі. На касцельных мурох тут жа пры вулічным ходніку, на вышыні росту чалавека, умурованы жалезны локаць (мера), кружок, велічынёю з нармальны бохан хлеба і грубы жалезны крук. Згадайце, нашто гэта? Культура грамадская, прабіваючы сабе дарогу ў дзікія гушчы народаў, цяжкую ня раз мела задачу ў змаганні з грубым іхнім сумленнем і мусіла часта ўжываць суровыя на наша паняцце кары. Перад намі вось і ёсць адзін спосаб такой кары: магістрат, беручы ў абарону наіўных тагачасных кліентаў, якіх неміласэрна абармочваў круцель крамнік, правяраў, ці праданая крамніна аскаржанага купца адпавядала справядлівай меры; калі не, то асуджаў яго на публічную ганьбу: прывязваў да ўспамянутага крука, і кожны прахожы на яго з пагардаю пляваў. Паступовая сучаснасць — ведама — пастыдаецца такое кары, цікава толькі, чаму гэта сучаснасць не стыдаецца падобных або йшчэ і горшых праступкаў?.. Аб якой гэта паступовасці сведчыць — узад ці ўперад?.. Ці ня прыдзецца зноў уцякаць нам ад такое паступовасці ў святыню хрысціянскую?..

У сярэдзіне катэдры — цуды красы, мастацтва! Каларыт абразоў, разьбяных сталляў, балюстрадаў, алтароў — цёмны. Вітрынавыя вокны ледзьве цэдзяць рожнакалёрнае святло ў абшырную панурую пространь, так што ў святыні валадарыць вечны змурок. Душа ў тым змуроку хутка неяк супакойваецца, братаецца з нябеснымі духамі, якія з асабліваю сілаю прамаўляюць тут да яе з кожнага абразу, з кожнай статуі, з кожнай нават дробязі мастацкай. Жыве тут усеўладна дух, закованы, заклаты хрысціянскім геніем у мастацкія формы матэрыі.

Ах, якая ж розніца ў параўнанні з новачаснымі будовамі! Там жывая сіла, краса, думка, паэзія разрадаванага ці размоленага чалавечага жыцця, а тут — смяротны, дзікі, нудны, з голымі сценамі кубізм без ніякага следу красы і жыццярадасці. Сапраўды абраз сучаснага, збянтэжанага матэрыялізмам, ледзь жывучага «валадара зямлі»...

Наглядным пацверджаннем гэтага ёсць так званы «Marxhaus» — дом соцыалістычны. Уявеце сабе мураванае аднапаверхавае гумно ў форме простае, затое чырвонае, пасечанае густымі квадратнымі дзюркамі, мабыць, вокнамі — скрыню, даўжынёю адзін кіломэтр — вось вам показ колектывізму, слаўны «Маркспалац».

Што за нудны шаблон, што за цесната і ўбогасць думкі! Няма дзе прыпыніцца воку. Можна сабе ўявіць, што ўжо там за будаўніцтва ў Марксавым царстве Расеі!..

З усмешкай большасць венчыкаў абмінаець гэны горкі плод марксаўскай тэорыі.

Тож і мы ўцякайма хутчэй ад гэнай пракуды. Хуткабежныя самакаты прыносяць нас на другі бераг людскіх выбрыкаў і высыпаюць на прасторным, шырокім пляцы, у глыбі якога красуецца дзяржаўны замак Schoenbrunn.

Вось тут затужанае вока мае чым нацешыцца. Стыль, сымэтрыя, гарманійная рознаякасць, пэрспэктыва, смеласць і багацтва помыслаў — адным словам, шырокі размах архітэктанічнага гэнія! У цэнтры фронту, у стройнай калюмнадзе — высокі пад’езд. Аркады брам і прасторных вокан вабяць фантастычнай арнамэнтыкай і паважна запрашаюць госця. А ў сярэдзіне! Мармур, краскі, золата, люстраны крышталь на сценах, лямпіонах ды жырандолях і падскляпеннямі калідораў і нязлічаных — кажуць 1 400 — раскошных саляў — проста крычаць: вось дзе хараство! Адна толькі саля Марыі Тарэсы ацэнена знаўцам на мільён даляраў. Манархіня гэта аўстрыяцкая ў сваім часе калаціла Эўропай. Уся гістарычная слава нябожчыцы даваеннае Аўстрыі круціцца ля яе, моў ля альфы і амэгі. Няма ані аднэй мастацкай сцэны без яе асобы цэнтральнай. Але ж то сапраўды была вялікая маці дзяржавы, важыла 10 пудоў, а манаршую сям’ю ўзбагаціла адзінаццацярмі спадкабернікамі. Дык і летняя рэзыдэнцыя была скроена пад яе мерку.

Але ўсё на свеце змяняецца. Жыццё выгнала каранаваных волатаў з тога раю. Сяння ўтрымоўваецца ён толькі як музэй, памятка мянуўшай роскашы.

Асуджаючы, аднак, пышную збыткоўнасць манархаў, не забудзьма прызнаць, што ўсё ж такі яны адзначаліся меншым шавінізмам, чым гэта ёсць сяння, у адносінах да недзяржаўных народаў. Яны, пазваляючы сваім народам карыстацца роднай мовай і культурай, шмат іх падгадавалі. Дзякуючы таму браты нашы Украінцы стаяць сяння ўжо на моцных нагах.

Многа йшчэ манумэнтальных гмахаў, як царскія замкі, музэі, парлямэнт, rathaus, опэра, запрашаюць у адведзіны, але спяшым адведаць «Венскія Катакомбы».

Толькі ж не жагнайся, дарагі чытачу, сходзячы разам са мною ў гэны разлеглы лябірынт падземных калідораў, бо не такія тут «катакомбы», якія аглядацьмем у Рыме, не крывёй тут мучаніцкай пахне, але... разнародным віном.

На ўступе — прыватны музэй гэнай слаўнай даўгалетняй фірмы: розныя старыя і новыя прылады вырабу віна, дакуманты, адзнакі, награды выставовыя і г. д.

Пасля — несканчатная галерыя дубовых бочак. Але ж бочкі там бочкі! У не аднэй з іх, каб не забойчы запах, зрабіў бы ты, браце селяніне, сабе раскошную хату. На фронтавым дне — мастацкая разьба розных сцэнаў з гісторыі віна. Удастоіліся там месца і святыя апосталы нават... У найбольшай бочцы можа змясціцца два вагоны віна. Чулі? Шчасце толькі, што большасць іх парожныя, а то б, ня тут спамінаючы, пад благую прычыну маглі б затапіць усю Вену.

Але ўступім яшчэ для поўнасці арыентацыі ў слаўную Staatsoperа. Знаходзіцца яна ў цэнтры гораду, на прыгожым пляцы. Ідзём цэлы час цэнтральнымі вуліцамі. Навокал, моў зорныя ланцугі, блішчаць з лятарняў і вакон тысячы лямпаў, то зліваючыхся ў залацістую, чароўную сымфонію гаручых красак, то поўзаючых вагністымі вужакамі па вітрынах, шыльдах, пішучы розныя чмутарскія рэклямы, то рассыпаючыхся на цёмнай асноведзі неба разнаколернымі шнурамі іскрыстых пацерак. Чары, дзівосы сучаснай аптычнай тэхнікі! Сколькі ж энэргіі электрычнай глытаюць яны! Асвяціў бы ёю ўсю нашу Беларусь.

Затрымаймася хвілінку здалёк на пляцы, каб уняць усё вокам у пэрспэктыве. Перад намі высокі рэнэсансавы гмах Опэры. На партэры і першым паверсе стройная калюмнада.

З правай стараны гмаху бачым памятнік Гётэ, а за ім царскі парк. Напроціў — Акадэмія Мастацтва, а перад ею памятнік Шылера. Тут Парнас вялікіх музыкаў і паэтаў, калыбка вялікіх натхнёных кампазытараў Бетховена, Моцарта, Шуберта, Штрауса і т.п.

Уходзім. Што такое? Цішыня смяротная. Служба глядзіць на нас з вымоўным нездаваленнем. Хутка дагадваемся, што на варонаў непунктуальных тут не чакаюць...

Цішком уціскаемся ў першае лепшае ложэ. На сцэне канчаецца першы акт «Травіаты». Але ж далечыня — без біноклю ані руш! Акустыка — шалёная: з далёкай сцэны ўважнае вуха нават шэпт можэ ўлавіць. Спяваюць нешта трагічнае: першай славы сапран і барытон. А галасы ж тыя галасы! Ну проста скрыпка жывая ці віліончэля! Што за тэхніка, што за скаля! То раскатамі грому сцены калоціць, то трэллю салаўінаю гіне ў недасяжнай вышыні... Душа плыве на хвалях тэй чароўнай мэлёдыі ў засветы раскошных, утульных, салодкіх мараў, успамінаў, у краіну забыцця і ціхіх летуценняў... Сам ня ведаеш — ці на небі ты, ці на зямлі... І ня чуеш, як чарадзейная песня тая, мякка хвалюючы, паволі слабее, замірае, а за ею моўкнуць, бы зачараваныя, каскады разгавораных струн аркестры. Скончаны першы акт. Бухнула з усіх старон электрыка. Агромністая заля крычыць краскамі ды золатам! Месцы, якіх Опэра мае 2 263, заняты ўсе. Публіка стройная, элеганцкая, спакойная, паважная, відаць, улюляная песняй. Прыцішны гоман гіне ў гіганцкім прасторы, нэрваў ня дражніць, ня плошыць думак і перажыванняў. Таварыская культура валадарыць тут у цэлай поўні свайго значэння. Прыятна, міла, душой адпачываеш, ня хочацца выходзіць.

І прыраўняй ты ўсё гэта да нашых сялянскіх вечарынаў або тэатраў, ладжаных па закураных цесных хатах, або гумнах, і то часта ўкрадкам ад паліцыі!.. І смех бярэ і плач. О, праклятая, горкая іронія долі!

Але далей, далей у свет шырокі, культуральны!

Назаўтра ад гадзіны восьмай рана зноў ляцімо экспрэсам праз Аўстрыю. Пагода зменная. Сонца пакажацца із-за хмараў ды зноў скрыецца. Аўстрыя прадстаўляецца як бы адзін, шырока раскінуты горад; уся правінцыя ўсееная белымі мураванымі дамкамі, едзем — здаецца нам — едзем і ніяк ня можам выехаць з Вены. То тут, то там дамкі гэныя згушчаюцца, творачы меншыя і большыя гарадкі. А ўсюды дымяць фабрыкі. Немцы — знача — умеюць гаспадарыць нават і ў часах крызысовых.

Дарогі ўсюды асфальтовыя з прысадамі фруктавых дрэваў.

Едзем ужо чатыры гадзіны. Курганы і прыгоркі растуць, растуць прад намі ў высокія горы. Цягнік то абягае іх далінаю ракі Mur, то пранізвае тунэлямі. Тунэлі штораз часцейшыя, даўжэйшыя. Прашыбаем вось адзін з іх паўтаракіломэтравы. І... Альпы! Альпы!.. Снежных вярхоў добра не відаць — у хмарах. Кажуць — мы ўжо на вышыні чатырох з палавінаю кіломэтраў.

Гарыстыя, з рознабарвістай ліствою лясоў, ручаёў бурлівых і шлюзаў або грозных дзікіх скал аколіцы, штораз больш маляўнічыя. На станцыях спацыруюць у цікавых нацыянальных строях месныя горцы. Народ стройны, з арліным паглядам. Там вунь ветліва кланяецца нам адзеты па-цывільнаму духоўны мяйсцовы. Край моцна каталіцкі. Няма вёскі без касцёла. Усюды на стройнай вежычцы над кучкаю дамоў пануе крыж касцельны. Каталіцкі дух рэлігійнага братання адчуваецца на кожным шагу.

Але звяшчае вось апошні «aufstang» нам ветлівы кандуктар. У цягніку — песні, пад’ём духа! Сэрца чуе нешта новае і ня мыліцца: цераз мінут дваццаць — «Tarwisio», Італьянская гранічная станцыя.

Зусім іншы ўжо свет, іншыя людзі: маленькія, чорныя, рухавыя, гаваркія, а цікавыя да чужаземцаў, як жыды. На твары малюецца вясёлая бестурботнасць. Хто тут з іх чыгункавец, хто мае абслужваць «загранічны» цягнік? Няўжо вунь той вясёлы сіньёр у чырвонай шапцы рандэлькавай, што стаіць сабе, нагнуўшыся, з жартаўлівай мінай ды забаўляе чарнамазае «bimbolo»? Але чаму ж цягнік яго менш цікавіць, як забаўнае дзіцянё?..

Паважны тон у гэну цыганскую атмасфэру ўносяць толькі чорныя, нахмураныя — ня ведаю чаму — фашысты. Чорныя рубашкі іх і «фэзы» рэзка адбіваюцца ад рознабарвістай грамады і ўдатна гармонізуюць з іхняй напалеонаўскай мінай. Цікава! Дык скарэй, скарэй ды далей — у краіну фашызму!

Цягнік, аднак, не салідарызуецца з нашым краязведчым энтузіязмам, марудзіць, уздымаецца, бо яшчэ ўсё ідзе пад пакат. Цэлую ноч блытаемся ў горах. Найпрыгажэйшыя аколіцы прыйшлося праспаць.

Дзе ж тая ўрэшце цудоўная, расслаўленая Італія, якую празвалі «Кветкай Эўропы», дзе? Ці ж гэту вось убогую даліну, на якой прачнуліся мы, парэзаную на дробненькіе ўчастачкі з межамі, аброслымі жухлаю аліўкаю ды вінаградам, назваць можна той чароўнай квяцістай Італіяй?

Не капрызь, мілы пельгрыме, гэта ж краіна вялікага гэроя ўбогасці і пакоры, гэта царства Божых кветак — цнотаў, якія зацвілі тут пад сонцам Божай ласкі на вечную славу Богу, на подзіў свету, на прыклад людзям. Ці ж ня гэтыя прадусім кветкі прыехаў ты зрываць сюды?

Уважай направа туды, дзе, адарваўшыся ад Альпаў, бяжыць, паступенна зніжаючыся, горны ланцуг. На цёмнай асноведзі карлаватых пініяў увідзіш белыя муры старога места, дамы якога, збітыя ў кучку на склонах гары, выдаюцца як бы павысяканымі з аднэй скалы. А вунь — лявей, дамы тыя зліваюцца абрывіста ў адну доўгую, высокую, стройную калюмнаду, над якой валадарыць прысечаная зверху чатырохбаковая кампанулля. Гэта сталіца Вялікага «Небаракі», святога Францішка. Асыж. Сталіца духовага, калі так можна сказаць, Муссоліні Італіі з ХІІІ веку.

Чым больш збліжаемся да яе, тым больш яна становіцца нам убогай. Нейкая Палестына, спечаная сонцам. Сям-там выгляне з-за каменных запыленых муроў разложыстая пальма або начупыраны цыпрыс. Затое муры каменныя буяюць тут над усім. І не шкадуюць жа тут у будаўніцтве таго каменя: то ён буйны, чэсаны, точаны, шліфованы, то дробны, збэтанаваны або выкладаны мозаікай.

Ідучы ад чыгункавай станцыі ў места, ніяк не абмінеш кляштару і базылікі св. Францішка, ёсць бо яна як бы меставай брамай. Тая калюмнада, якою нядаўна любаваліся мы здалёк, бярэ вось нас цяпер у абоймы і вядзе, вядзе кругом нейкімі заломамі на Piazza Inferiore (Ніжэйшы Пляц). Прылягае ён к бакавому ўходу ў базыліку. Уходзім бакавымі дзвярмі ў ніжэйшую, падземную базыліку, дзе знаходзіцца гроб св. Францішка. Ёсць гэта каменная, груба чэсаная томба, да якой прымайстраваны ўбогі, без ніякіх ухарашэнняў, алтарык. Кругом голыя, шэрыя муры сцен, скляпенняў. Дух крычачай убогасці адразу пяруном б’е цябе па галаве, сціскаючы сэрца жалем, сукрухай. Хочацца плакаць: і Ты, вялікі адрадзіцель Хрысціянскага духа і Касцёла, які б разваліўся ад сваечаснага маральнага крызысу, каб не падпёр Ты яго сваею цнотай, Ты, якога назваў св. Бонавэнтура «Другім Хрыстом», утуліўся тут пакорна, схаваўшыся ад славы ў гэным убогім куточку?! О, цудзе пакоры хрысціянскае! Выйдзі, выйдзі на шырокі свет у цэлай красе сваей і славе і размножся ў мільёнах душ!.. І крычы сяннешняму, тонучаму ў збытках капіталістычнаму свету: не ў матэрыяльных багацтвах і роскашах, а ў святасці шчасце і сіла!

Да найглыбейшага расчулення даводзяць рэліквіі св. «Небарачкі»: вяроўка, якою падперазваўся, чаравікі, з высокімі прышвамі, бо трэба было акручваць анучкамі заўсёды крывавыя стыгматы, і простая сярмяга з грубога рыззя дый тая ўся на латах — гэта законная адзежа аднаго з найбольшых святых, аднаго з найвялікшых арганізатараў, у якога шукалі рады і помачы манархі, вучоныя і Хрыстовыя Намеснікі на Пятровай Сталіцы! Бачылі вы?..

Той, каторы стварыў армію найідэальнейшых дабрадзеяў, прыадзеў і накарміў, і ўтуліў поў Эўропы — сам абарваны, убогі, высохлы ад посту! Ці быў калі гдзе, у якой рэлігіі чалавек з такою любоўю да бліжняга, якая даводзіла яго да такога шалёнага самазабыцця і пасвяты?!

Ці знае гісторыя большых адчайдухаў у змаганні з пакусай, з нізкімі сваімі похацямі? І стыд, і жаль, і страх, і нейкае радаснае разжаленне агартае чалавека, калі аглядае ўсе тыя памяткі, пацвярджаючыя веру ў святасць гэнага волата духа. І цяпер яшчэ растуць у кляшторным садку кусты тае цудоўнае ружы, у якіх шукаў святы змагар ратунку ад спакусаў. Мала было пастоў суровых ды бічаванняў — ён кідаўся адчайна ў калючыя кусты, каб раніць цела і загасіць у ім нізкія похаці. На гэтую памятку ружы цудоўнай сілай страцілі калюшкі і сяння растуць там без калюшак. Італьянская каралева прабавала перасадзіць у свой гарод, але на іншым грунце раслі з калюшкамі.

У сярэдняй і верхняй базыліках — італьянскі готык. Стыль гэты — можна сказаць — і зрадзіўся ў Францішкавых часах высокага пад’ёму духа пабожнасці, уцякаючага ад зямлі к небу. Айцом яго некаторыя ў малярстве называюць слаўнага Францішкавага іконографа Джота дзі Бандонэ, якога старыя фрэскі, прадстаўляючыя жыццё і цуды Францішка, красуюцца ўва ўсей базыліцы. Найцікавейшымі з іх з’яўляюцца алегорыі законных шлюбаў: убоства, паслушэнства і нявіннасці, прадстаўленых у асобах нявест на скляпеннях над папскім алтаром у ніжэйшай базыліцы: убоства аддае апошнюю вопратку, паслушэнства, выганяючы ўпорыстага казла, вяжа сабе рукі і ногі, а нявіннасць хаваецца ў крэпасць, якую вартуюць анёлы. Над кожнай з гэных сцэн відны Божыя айцоўскія рукі, гатовыя слабаму чалавеку памагчы датрымаць святую прысягу. Малярства гэнае не адзначаецца клясычнай дасканаласцю формы, але багатае зместам. Аддало яно вялікія ўслугі для духовага ўзгадавання ў тых часах, калі не было яшчэ асветы ды друкаванай кніжкі.

З іншых іконографаў Францішка слаўны такжа П’етра Каваліні, вельмі ўдатны ілюстратар біблійных сцэн, паказваючых, як тады хрысціяне разумелі Св. Пісанне, і розных легэндаў аб св. Францішку. Пастараемся адну з іх апісаць славамі.

Між галінкамі мігдалаў, абсыпаных ружовым цветам, дарогаю, ацененай аранжамі, ішоў св. Францішак з Асыжу ў брамы мястэчка Todi.

Сонца было ўжо на захадзе, а зямля пачынала аддыхаць бальзамічным пахам кветак і дрэў. Млела ўсё ад гарачага сонца, пражанае праз цэлы дзень. Вялі кветкі, схіляючы галоўкі. Спражаная зямля румянела, бы рассыпаная ў пыл цэгла. Цені дрэў ляўровых клаліся на мураве і выцягаліся штораз далей. Гарачы майскі дзень дабягаў да канца.

Святы Францішак памаленьку ступаў дарогаю, раскашуючыся цудоўным пахам і красою Божай прыроды. Над галавою ягонай снавала чарада крылатай разшчабятанай «браці», садзілася яму на голаў, на рукі, бяз следу трывогі. Ішоў «брат» іхні, ясны, ціхі, святы, якога стварэнне баяцца не патрабуе.

Мілагучным, як музыка, галаском кліча іх кожнага па імені ды навучае аб Айцу Стварыцелю:

— Весялецеся, як загадаў вам Айцец Нябесны. Прыгожасцю сваею весялеце вока чалавека, а шчэбетам хвалеце Бога. Не дзярэцеся за лепшае зерне, ня крыўдзіце адна другую, не раскідайце гнёздаў. Як радня родная будзьце, пташанькі мае лясныя, і ня пышнецеся адны перад другімі краснейшымі пер’ямі, бо ж яны ня вашы, а Богавы. І не хвалецеся галаском сваім звонкім, бо і ён ня ваш, а Богавы. О, сямейка, славячая Госпада! Любіся, як блізкая роўная радня, некалі бо прыдзецца здаць рахунак з тае любові.

Так гутарыў з імі, а яны, як бы разумеючы яго, трапяталі радасна крылейкамі, аціраючы дзюбкі аб шорсткую, шэрую сукню ягону. Уздымаліся ды зноў садзіліся, а ён ласкавым вокам слядзіў гэных певуноў нябесных, усміхаўся да іх чыстым смехам простым, такім, як ён сам, ды багаславіў іх святым крыжам.

Цішыня вячэрняя атуляла іх павольна фіялетавымі крыллямі.

Перад святым нашым падарожнікам зарысаваліся ў блакітнай далі між прыгоркамі муры мястэчка Todi.

Рукі схаваўшы ў рукавы ўбогае свае адзежыны, ішоў св. Францішак з размоленай душою. А сэрафіны, служкі Божыя, нявідныя летуны нябесныя, бы мары светлаімглістыя, утаравалі ціха, суладна багаславячай песні любові.

Каменні, здаецца, уступалі з дарогі, і ліхазелле, быццам ведаючы, што нічым не пагарджаў.

Над ракой серабрыстай сноўдаліся парныя туманы і падыхалі халадком аздараўляючым. Акінуў вачыма скупаны ў вячэрняй зараніцы маляўнічы краявід. Небасхіл заходні змяняўся ў безбярэжнае пажарышча і зацягаўся воалямі ружова-залацістымі з адценнямі радульных касуляў...

Ах! Як жа любіў ён гэна хараство ўсясвету! Як жа ўдзячны быў Стварыцелю, які рассыпаў шчодраю рукою цуды святыя на радасць чалавеку, якога над усё ўмілаваў!..

Вялікае магутнае «Гасанна» разыгралася ў душы святога Патрыярха ўбогіх! Як жа ўлюбіла сэрца ягона людства! Любіў душы людскія з іх своеасаблівымі жаданнямі, перажываннямі і змаганнямі, нядоляю і крыўдай, слязьмі пралітымі і ранамі, запечанымі крывёю. У распаленым любоўю да бліжняга шырокім сэрцы сваім хацеў бы змясціць, утуліць шэрыя ўбогія сярмяжныя грамады ды сагрэць, гора асаладзіць братняй ахвярнай прыязняй...

* * *

Ад меставай брамы тою ж дарогаю ідзе насустрэч простая высокая кабеціна. Ідзе, хутка ўвіхаючыся ды кідаючы кругом чорнымі, бы вуголь, неспакойнымі вачыма. На галаве тамашнім звычаем нясе накрыты хусткаю кошык. Адзежа на ёй вясковая. Тонка зарысаваныя бровы задуменна моршчацца, а на румяных вуснах іграе горкая ўсмешка. З рухаў яе відаць, што недзе трывожна спяшаецца.

Але той, якога сэрца жалілася нават над растоптаным чарвячком, як жа бы мог прапусціць бяспомачна людское гора?!

— Што нясеш? — спытаў, заступаючы ёй дарогу ды пранікаючы вачыма.

— Хусцё нясу мыць, — адказала трывожлівым тонам, спушчаючы вочы.

— Чаму лжэш? — зазвінеў, бы звон з гробуўстання, лагодны голас ягоны. Натхнёны і асвечаны духам Божага Провіду кажа проста анямелай з трывогі жанчыне.

— Не тваё тое, што нясеш, а Божае. І ты ўласнасць Божу марнаваць нясеш? Гора табе! Цудоўная разгадка гэная бы пяруном яе ўдарыла, дык да ног ягоных кідаецца з жалем і пачынае цалаваць іх. Пасля адсланяе кошык і, паказваючы двумесячнае дзіцянё, ціха спячае ў кошыку ды выціраючы слёзы, з болем скардзіцца:

— Бог адзін бачыць маё гора: зарабіць няма дзе, няма чым беднае дзіцянё выкарміць. Той, каторага над усё пакахала, кінуў мяне, здрадзіў крывадушна, а свет ня мае літасці нада мною. Шукала працы, але ніхто ня хоча мяне прыняць з дзіцем... Дык вось ішла ўтапіць шчасце маё.

Святы Францішак падняў к небу размоленыя вочы і, кладучы ёй на плячо касцістую сваю руку, ласкава кажа:

— Дык аддай мне тваё дзіцятка, я буду яму бацькам.

Няўжо праўду кажа гэны дзіўны чалавек?!

І да дрыжачых ад жалю і ўдзячнасці вуснаў моцна, моцна прыціснула край яго шэрай адзежыны.

* * *

І, узяўшы на рукі, панёс дзіцятка ў мястэчка Todi. Там, склікаўшы братоў сваіх і сёстраў, кажа ім, аддаючы дзіця:

— Вось Бог вам прысылае бяздольную дзяціну, няма каму літавацца над ёю, дык заступеце ёй родных бацькоў.

* * *

З працы рук пабожных паўстаў скора дом, дзе Францішкавы дзеці духоўныя прыгарнялі бяздомных сіротак.

Гэта быў першы тэрцыарскі сірочы прытулак.

* * *

І так нагледзеўшыся, надзівіўшыся, выходзім з гаспадарства Францішкавага з душой, да пэўнай меры падпаленай духам ягоным.

Дайце сённяшняму свету Францішкаў, і стораз горшыя крызысы ня будуць для яго страшнымі.

Мой Божа, а чаму ж той мілы цудоўнік умбрыйскі, Францішак з Асыжу, духова размножаны ўжо ў дзясяткі тысяч пабожных дзеячоў, не дапускаецца сяннешняй валадарнай палітыкай рэалізму да поўнага ўдзелу ў развязанні вялікіх праблемаў і заданняў гістарычных?!

Праўда, ня кожны можа сяння стацца законнікам, але кожны можа ў жыццё ўвясці Францішкавы прынцыпы ў кожнай сытуацыі так, як гэта рабіў сам Францішак, закладаючы для свецкіх людзей «тэрцыарскую рэгулу»; хто насіў сакрэтна пасак Францішка і паддаваўся ягонай вяжучай моцы, той ведае, як у працы на кавалак хлеба, у загадах, у жыцці сямейным, у забаве пры цэлай свабодзе ў дробязях помніў аб сваей вышэйшай вязі ідэалу, трымаючыся меры і пачуцця адказнасці. Дзе ня цэняць людзі тых вышэйшых вязяў, там творацца ўсюды спрысягі шалёных дзікіх похацяў, даводзячыя свае ахвяры да ўсякага бязглуздзя.

Працяг будзе

Гл. таксама:
КРЫСТЫНА ЛЯЛЬКО :: «ДАЙЦЕ СЁННЯШНЯМУ СВЕТУ ФРАНЦІШКАЎ...» ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY