Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(91)/2020
Год Яна Паўла ІІ

НЕ БОЙЦЕСЯ! АДЧЫНІЦЕ ДЗВЕРЫ ХРЫСТУ!
Размова Крыстыны ЛЯЛЬКО з мастаком Сяргеем ШЭМЕТАМ OCD
ПРЫЦЯЖЭННЕ СВЯТАСЦІ
Спадчына

«ШЛЯХАМ ДЗІВАЎ І ЎРАЖАННЯЎ»
Зацемкі з падарожжа ў Рым
Юбілеі

БІБЛІЯ ЯК КРЫНІЦА ПАЭТЫЧНАГА НАТХНЕННЯ КАЗІМІРА СВАЯКА
Да 130-годдзя з дня нараджэння паэта і святара
У святле Бібліі

СТАЎЛЕННЕ ДА БАЦЬКІ І МАЦІ
Чацвёртая запаведзь у навучанні Сіраха (3, 1–16)
Адукацыя
Святыя Каталіцкага Касцёла

СЭРЦА Ў ПОПЕЛЕ
Пераклады

ВЕРШЫ
Прэзентацыя

ПАЛЁТ ЗА РАМКІ ТРАДЫЦЫЙНАГА
Паэзія

БЯЛЫНІЧЫ

НЕ БОЙСЯ...
З архіваў часу

ПАРАЗА
Пра тое, як 100 гадоў таму пачыналася эпоха свабоды сумлення без свабоды
Асобы
Мастацтва

ДАСКАНАЛЫ ДЗЮРЭР
Прэзентацыя
Культура

Ірына БАГДАНОВІЧ

БІБЛІЯ ЯК КРЫНІЦА ПАЭТЫЧНАГА НАТХНЕННЯ

Да 130-годдзя з дня нараджэння паэта і святара

Імя і творчасць святара Канстанціна Стэповіча, які выступаў на літаратурнай ніве пад псеўданімам Казімір Сваяк (19.02.1890 — 06.05.1926), ужо добра вядомыя як шырокай культурнай грамадскасці Беларусі, так і, безумоўна, чытачам «Нашай веры». Гэты слынны сын беларускай зямлі ў свой час годна выканаў сваё святарскае пакліканне, узнёсла спалучыўшы яго з пакліканнем паэтычным. У 2010 годзе, да яго 120-гадовага юбілею, быў падрыхтаваны і выдадзены ў серыі «Беларускі кнігазбор» грунтоўны том літаратурнай спадчыны Казіміра Сваяка, у якім рупліва сабраныя бадай усе раскіданыя па маладаступных на сёння перыядычных выданнях 1910–1920-х гг. (газетах «Bielarus», «[Беларуская] Крыніца» і іншых) добра вядомыя ў сваім часе яго творы паэзіі, прозы, драматургіі, публіцыстыкі і мемуарыстыкі. Тады ж у вёсцы Барані Астравецкага раёна ў роднай хаце паэта быў адчынены і ягоны музей, пра што таксама пісалася ў «Нашай веры».

Ушаноўваючы сёлета чарговую юбілейную дату — 130-годдзе з дня нараджэння Казіміра Сваяка — падкрэсліваем гэтым нязменную актуальнасць ягонай творчасці, яе неўміручасць і важнасць у справе новай евангелізацыі сённяшняга грамадства. У гэтай публікацыі хочам асабліва звярнуць увагу на Біблію як крыніцу паэтычных натхненняў Казіміра Сваяка, дзе ён знаходзіў тэмы, матывы і вобразы для сваіх літаратурных твораў, вызначыўшы сабе далёка не шэраговае месца ў гісторыі беларускай паэзіі ХХ ст.

Як вядома, ксёндз Кастусь Стэповіч быў яркай, харызматычнай асобай, ён актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю, дбаў пра нацыянальнае і духоўнае адраджэнне свайго народа. Яго дзейнасць была самаахвярнай, выніковай і памятнай для ўсіх, хто з ім сустракаўся, ён гуртаваў вакол сябе парафіяльную моладзь, якая цягнулася да свайго пробашча. Дагэтуль жыве на Астравеччыне памяць пра «Хаўрус Сваякоў» — суполку моладзі пры касцёле ў Клюшчанах, якая спявала ў хоры, ладзіла літаратурна-мастацкія імпрэзы, была жывым сведчаннем беларускага духоўнага адраджэння. У асобе К. Сваяка спалучаліся не толькі паэт і святар, але філосаф і гісторык, ён быў асветнікам у шырокім разуменні гэтага слова. У літаратурна-грамадскіх справах узорам для сябе ён лічыў Францыска Скарыну і Францішка Багушэвіча, адчуваў сваю творчую блізкасць да Янкі Купалы; кожнаму з іх прысвяціў ушанавальны верш. Уваходзіў у кагорту святароў-беларусаў, якія пашыралі беларускую ідэю на духоўнай ніве, уводзілі беларускую мову ў рэлігійнае жыццё; менавіта Казімір Сваяк падрыхтаваў і выдаў кніжку для практычнага набажэнства беларусаў-католікаў «Holas duszy», якая стала рарытэтам, аднак і сёння служыць вернікам. У яго было надзейнае кола аднадумцаў, сярод якіх найбліжэйшымі сябрамі былі святары Адам Станкевіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Язэп Германовіч, а таксама родны брат, арганіст і кампазітар Альбін Стэповіч.

Як святар Кастусь Стэповіч выконваў сваю найпершую місію абвяшчэння Евангелля для вернікаў у тых касцёлах, дзе яму выпала служыць (Камаі, Клюшчаны, Засвір і іншыя). Але яго паэзія выводзіла гэтую евангелізацыйную місію па-за межы касцёла, пашырала яе на ўсю Беларусь, бо крыніцай натхнення для паэта было Божае слова — Біблія, сюжэты і матывы розных біблійных кніг, але асабліва Псалтыр, якая «з’яўляецца кнігай паэзіі, спевам душы чалавека да Бога» [1, с. 15]. Вершы на біблійныя матывы складаюць значную частку яго творчасці; у адзіным прыжыццёвым зборніку вершаў К.Сваяка «Мая ліра» (Вільня, 1924) першы з пяці раздзелаў быў цалкам задуманы як прысвячэнне Богу. Тут ёсць некалькі глыбокіх па сваёй хрысціянскай духоўнасці рэфлексій у прозе, у якіх адчуваецца вопыт святарскага служэння («Не памёр: нарадзіўся», «Арганы жаляцца…», «З кнігі выжшых асягнень духовых»); вершаваныя парафразы псальмаў: «Песьня на псальм 130», «Песьня на псальм 62», «Ad te levavi...» (варыяцыя на тэму 24 псальма); вершы з наследаваннем евангельскай афарыстычнасці і хрысціянскай катэхезы («Шчасце», «З кнігі мудрасьці»). Аднак і ў іншых раздзелах кнігі ёсць паэтычныя творы як малітоўнага характару (вершы «Божа, зжалься» і «Пашлі мне, Божа» ў другім раздзеле, прысвечаным Айчыне), так і звязаныя з Бібліяй сваімі вобразамі або матывамі. Так, верш «Самсон і Даліля» ўзнаўляе вядомы сюжэт са Старога Запавету (Кніга Суддзяў, 16); а верш «Падарожны і яго вораг», названы аўтарам «Аповесьцю эвангелічнай», адсылае да прыпавесці пра міласэрнага самараніна (Лк 10, 30–37).

Звернем увагу на асаблівасці перастварэння псальмаў К.Сваяком. Псалтыр лічыцца адной з найбольш улюбёных паэтамі біблійных кніг, тэксты якой служылі першаўзорам для шматлікіх паэтычных варыяцый і перастварэнняў. Найбольш вядомыя паэтычныя перастварэнні Псалтыра ў стыхіях нацыянальных моў у эпоху Рэнесансу былі зроблены Янам Каханоўскім, у часе Барока — Сімяонам Полацкім, у эпоху Асветніцтва — Францішкам Карпінскім, у часе Рамантызму адметнымі ў гэтым рэчышчы сталі «Габрэйскія мелодыі» Джорджа Гордана Байрана, якія спарадзілі ў ХІХ ст. шэраг далейшых прыпадабненняў і перакладаў.

Асаблівая пашана да Псалтыра выявілася, як вядома, і ў рэнесанснай асветніцкай дзейнасці Францыска Скарыны, які пачаў сваю перакладчыцкую і выдавецкую дзейнасць менавіта з гэтай кнігі Бібліі, адзначыўшы ў прадмове яе ўніверсальнасць: «И что ест, чего в псалмох не найдешь? Нест ли там величества Божия и хвалы Его? Там ест справедливость. Там ест чистота душевная и телесная. Там ест наука всякое правды. Там мудрость и разум досконалый. Там ест милость и друголюбство без льсти; и вси иншии добрые нравы, яко бы со источника, оттоле походять» [4, с. 17–18].

Аўтограф вершаў К. Сваяка.

Калі з усёй відавочнасцю можна гаварыць пра тое, што паэтычныя перастварэнні Псалтыра, да прыкладу, Янам Каханоўскім або Францішкам Карпінскім, былі фактычна майстэрскімі перакладамі (змест псальма дакладна ўзнаўляўся, набываў пры гэтым рыфму і рытміка-інтанацыйнае адзінства, быў пазбаўлены дадатковых аўтарскіх рэфлексій), то ў эпоху Рамантызму на матывы псальмаў ствараюцца пераважна парафразы і паэтычныя інтэрпрэтацыі з мэтай узмацнення аўтарскіх ідэй і вобразаў або іх сакралізацыі. Асабліва гэта тычыцца патрыятычных тэмаў і матываў, якія развівалі аўтары ў ХІХ — пачатку ХХ ст.: напрыклад, «Жаль Ераміі. Наследаванне 136 псальма» Тадэвуша Лады-Заблоцкага (1844 г.) ці «На біблейныя матывы. З псальму 78» Янкі Купалы (1920 г.).

Паэтычныя рэфлексіі К.Сваяка на матывы псальмаў працягваюць менавіта рамантычную традыцыю і паказваюць яшчэ большую свабоду ў карыстанні кананічным тэкстам, хаця ні ў чым не змяняюць яго духу. Паэт адштурхоўваецца ад галоўнага матыву псальма і на яго аснове развівае ўласную рэфлексію, глыбока асабістую, індывідуальную. На хвалі рэлігійнай узрушанасці лірычны герой верша перажывае складаную гаму пачуццяў і дае глыбока зазірнуць у таямніцы сваёй душы, якая поўніцца і жыве шуканнямі Бога.

Так, пачатак псальма 130 малюе нам верніка, які з пакораю прымае Божую волю: «Сэрца маё, Госпадзе, не ўзвышалася, вочы мае не глядзелі пыхліва, і не ўваходзіў я ў вялікія і дзіўныя, завысокія для мяне справы» (Пс 130, 1), — піша псальміст, а мы цытуем тэкст у перакладзе а. Аляксандра Надсана, для якога крыніцай перакладу была Септуагінта [1, с. 238]. Першыя два радкі ў вершы Казіміра Сваяка амаль дакладна ўзнаўляюць пачатак гэтага псальма, аднак далей паэт паглыбляецца ва ўласны стан душы, якая перажывае пакуты і цяжар сумненняў, сутыкаючыся з недасканалай і нават варожай рэчаіснасцю:

Ня было гордым сэрца маё, Божа,
Не вынасілась пыхай маё вока...
Чом-жа нядолю сэрца мне варожа?
Чом зор у сумнівы задаўся глыбока?

Між сільных сьвету ня шукаў апекі,
Былі мне гідкі завабы ягоны...
Чаму ж сягоньня я кволы-калекі,
А дух панёсся на зломах шалёны!

[3, с. 5].

Тэкст самога псальма 130-га, як можна пераканацца, з’яўляецца ключом да тэмы, задае палемічны тон, на якім будуецца верш-разважанне К. Сваяка. Паэт уваходзіць у спавядальны стан, перамагаючы настрой смутку і роспачы, якія перажывае яго лірычны герой: «Сёньня ня маю да жыцьця ахвоты, // Перад ўсямоцнай злыбяды навалай» [3, с. 5]. У чацвёртай страфе паэт вяртаецца ізноў непасрэдна да зместу самога псальма, запазычвае там вобраз дзіцяці, адлучанага ад малака сваёй маці (Пс 130, 2), узмацняе яго ўласнымі вобразамі-параўнаннямі, каб перадаць стан пакінутасці Богам, а завяршае, зноў збліжаючыся з тэкстам псальма, матывам веры і надзеі, якімі аднаўляецца і поўніцца дух:

Як адарваны ад грудзей дзяціна,
Адкінен дух мой ад Божага ўлоньня,
Як ліст пажоўклы, сухая галіна,
Як пазабыта беднага загоньне…

Ці безнадзейны, замучаны, зьбіты
Дух мой устане? Ці зваліцца слабы!
Ніколі, Божа, Табой я нясыты:
Навет і ў пекле Цябе прызываў бы…

[3, с. 5].

Глыбока эмацыйна перадае малітоўны стан свайго лірычнага героя паэт у «Песні на псальм 62». Верш напоўнены разнастайнымі асацыяцыямі, блізкімі да ключавога матыву кананічнага тэксту, які напоўнены тугой і шуканнем Бога. Падзагаловак да псальма дае згадку месца, дзе ён быў створаны: «Псалом Давіда, калі ён быў у пустэльні Ідумейскай». Прага Бога, Яго праслаўленне, жаданне быць заўсёды з Ім, каб адчуваць сябе ў бяспецы, — гэтыя матывы псальма інтэрпрэтуюцца паэтам сугучна з уласным станам і перажываннямі, якія выклікае прабыванне ў «пустэльні» новай гістарычнай рэчаіснасці. Сістэма вобразаў верша К. Сваяка вельмі блізкая да сістэмы вобразаў першаўзору, аднак верш пры гэтым не з’яўляецца перакладам, гэта арыгінальны аўтарскі парафраз:

Ледзь толькі блысьне на небе зарніца,
Дух мой, о Божа, на Цябе чакае,
Душа жадае як дожджу травіца
І цела з стогнам да Цябе ўздыхае.

Ў сухой зямельцы бязводнай і труднай,
Залітай жагай палудняга сонца,
Цябе шукаю ў дарозе блуднай,
Да Твайго ўлоньня сумую бясконца <...>

[3, с. 6].

Параўнаем гэтыя першыя строфы верша з пачаткам 62-га псальма (у перакладзе а. А. Надсана), каб пераканацца, наколькі яны блізкія, наколькі К. Сваяк максімальна скарыстоўвае вобразную палітру біблійнага тэксту, расфарбоўваючы ёю асабісты настрой і перажыванні: «Божа, Божа мой, да Цябе досьвета малюся. Душа мая прагне Цябе: як часта тужыць па Табе цела маё ў зямлі пустой, і непраходнай, і бязводнай!» [1, с. 119].

Паэт апісвае шляхі шукання Божага Валадарства і міласэрнасці Божай чалавекам, якога ў зямной вандроўцы нязменна падсцерагаюць спакусы «блуднай дарогі», але на цярністым шляху яго выратоўвае толькі думка пра «Огляд вечны» і вера «ў духа змёртвыхстаньне». У гэтым жа вершы паэт таксама ўзносіць і маленне за Айчыну, і гэта ў параўнанні з кананічным тэкстам — істотная навацыя:

Шляхам цярністым жыцьцё агартаю,
Руку цалую Твайго змілаваньня,
Твой Огляд вечны гімнам апяваю
І веру сёньня ў духа змертвыхстаньне.

І багаслаўлю, Божа, Твае дзівы
Ў формах праявы і ў зьменах часу –
І свае рукі кволы і лянівы
Ўзнашу у неба за айчыну нашу <...>

[3, с. 6].

Глыбокае рэлігійнае пачуццё, выказанае паэтам у гэтым вершы, дапаўняецца евангельскай радасцю, калі чалавек цалкам давярае сябе Богу і чуецца пад Яго апекай. Гэта філасофія хрысціянскага аптымізму ўвасобленая ў заключных радках, напісаных у стылі малітоўнага гімна:

Радасць мне сэрца агнём запаляе,
Што не пазбыўся Тваёй я апекі:
Твой Дух прадвечны мяне атуляе,
Цябе я прагну, Божа мой, на векі

[3, с. 7].

Матывы 24-га псальма ёсць і ў вершы «Ad te levavi…», лацінская назва якога адсылае да пачатку гэтага псальма Давіда: «Да Цябе, Госпадзе, я ўзьняў душу маю». І псальм і верш К. Сваяка з’яўляюцца прыкладам малітоўнага верша, у якім у адзіным звароце да Бога зліваюцца рэлігійнае і патрыятычнае пачуццё, спадзяванне на выбаўленне з няволі граху і з палону ворагаў-чужынцаў. Асаблівым чынам у вершы паэта актуалізуюцца першая і некалькі заключных строфаў псальма: «1) Да Цябе, Госпадзе, я ўзьняў душу маю; Божа мой, на Цябе я ўсклаў надзею: хай не пасаромеюся давеку, і хай не насьміхаюцца з мяне ворагі мае; 19) Глянь на ворагаў маіх, бо яны размножыліся і лютай нянавісьцю ўзьненавідзелі мяне; 22) Выбаў, Божа, Ізраіля, ад усіх пакутаў яго» [1, с. 58–59]. У сваім вершы К. Сваяк ад асабістай малітвы ў першай страфе неўзабаве пераходзіць да гаворкі аб лёсе свайго народа. Галоўны акцэнт ён робіць на маленні за народ, які трапіў у няволю і чакае збаўлення, «змертвыхстаньня», просіць Бога аб выратаванні:

Ўзнашу я вочы у неба да Бога
І як служэбнік на Яго ўзіраю:
Ён абароніць мяне ад благога,
Бо міласэрдзя ад Яго чакаю.

О Божа — Божа, спашлі змілаваньне
Над Тваім людам, што поўны нядолі,
Бо ўжо ж ён просіць даўно змертвыхстаньня,
Каб выйсьці з крыўды, з грэху і няволі.

Чужынец люд Твой аддаў на пакусу,
Каб з яго сэрца выгнаць Цябе, Божа:
Хай кроў бязвінных, да грэху прымусы
Пабудзяць гнеў Твой на народ варожы <...>

[3, с. 8].

Прыжыццёвы зборнік
вершаў Казіміра Сваяка
«Мая ліра».

У наступных радках выказваецца малітоўная просьба аб заступніцтве за «люд Твой», пад якім, па аналогіі з абраным народам ізраэльскім, маецца на ўвазе родны беларускі народ, з глыбіняў якога паходзіў паэт. Ён просіць Бога «абагаславіць» гэты працавіты, але бяздольны народ, «як маці кволых дзетак мілаваных». Гэты верш, датаваны 1921 годам, быў упершыню апублікаваны ў калядным нумары «Беларускай крыніцы» 25 снежня 1921 г. Як вядома, беларускі народ у гэты час знаходзіўся ў эпіцэнтры вялікіх ваенных і рэвалюцыйных канфліктаў, бо Першую сусветную вайну прадоўжылі дзве рэвалюцыі і вайна грамадзянская, што скончылася падзелам тэрыторыі Беларусі, заходняя частка якой увайшла ў адноўленую Польскую дзяржаву, а ўсходняя стала савецкай Беларуссю. Непасрэдна як рэфлексію менавіта на гэты падзел можна разглядаць радкі Сваяка з гэтага верша: «Чужынец люд Твой аддаў на пакусу, // Каб з яго сэрца выгнаць Цябе, Божа», бо менавіта атэізм будзе насаджацца ў Беларусі савецкай як пануючы светапогляд, змушаючы ўвесь народ да граху бязбожнасці. Гэта прадчуваў К. Сваяк у сваім вершы і пакутаваў ад разумення непазбежнасці такой гістарычнай «перспектывы». Таму яшчэ з большай надзеяй ён кліча Бога на дапамогу і выказвае спадзяванне на Божую справядлівасць, якая абрынецца на «народ варожы» і «сакрушыць працу нячыстых»:

Устань, о Божа — зорам сваей моцы
Сакруш нячыстых працу рук паганых.
Абагаслаў свой люд бедны рабочы,
Як маці кволых дзетак мілаваных

[3, c. 8].

У творчай спадчыне К.Сваяка ёсць яшчэ два вершы на матывы псальмаў, якія не ўвайшлі ў яго прыжыццёвую кнігу «Мая ліра», але былі асобна апублікаваныя 1 студзеня і 8 лютага 1920 года ў газеце «Крыніца»: «З псальмаў Давіда (116 і 150)» і «З псальмаў Давіда (129)», першы з якіх уваходзіў таксама ў малітоўнік «Голас душы», складзены К. Сваяком.

Верш, у якім злучыліся матывы 116 і 150 псальмаў, — гэта ўрачыстае ўслаўленне Бога. Названыя псальмы вельмі блізкія паміж сабою і адны з самых лаканічных з усяго Псалтыра. 116 псальм складаецца ўсяго з дзвюх хвалебных строфаў: «Алілуя! 1) Хваліце Госпада, усе народы, слаўце Яго, усе людзі, 2) бо міласэрнасць Яго ўмацавалася над намі і праўда Гасподняя трывае давеку» [1, c. 213]. Больш разгорнуты матыў праслаўлення Бога ў 150 псальме, дзе хвалебныя акцэнты канкрэтызуюцца, а таксама пералічваюцца музычныя інструменты, на якіх варта ўслаўляць Бога: «Алілуя! Хваліце Бога ў сьвятыні Яго; хваліце Яго ў непахіснасьці сілы Яго. Хваліце Яго за магутнасьць Яго, хваліце Яго за бязьмежную веліч Яго. Хваліце Яго граньнем рога, хваліце Яго на ліры і гусьлях. Хваліце Яго гукам бубна і карагодам, хваліце Яго на струнах і жалейцы. Хваліце Яго на цымбалах мілагучных, хваліце Яго на цымбалах галасістых. Усё, што жыве, хай хваліць Госпада!» [1, c. 262]. К. Сваяк вельмі дакладна перадае настрой абодвух біблійных тэкстаў і захоўвае іх эмацыйную вобразнасць, пашыраючы іх «поле» толькі за кошт дадатковага пераліку тых, хто хваліць Бога:

Хваліце Бога ўсенькія людзі,
Усе народы ад краю да краю:
Бо аб’явіўся ў міласэрдзя цудзе,
А Яго праўда навекі трывае.
Святыя душы на небе высокім,
І вы з гаротнай і сумнай зямліцы;
Анёлкі Божы ў раі далёкім,
І ўсе сілы ў загвезднай імгліцы.
Яго ўсямоцнасць, Яго светазарнасць
Голасам трубным на свет разнясіце;
А справядлівасць, для людцоў спагаднасць,
Пры мнагаструннай ліры апяіце.
Хваліце ж Бога розным хорам-складам,
На бразгуночках, жалейках аргана,
І на цымбалах гарманійным ладам:
Дух кожды, хваль жа па век-вечны Пана

[2, c. 108].

Уключэнне К. Сваяком гэтага верша ў малітоўнік «Голас душы» дазваляе меркаваць, што ён ствараўся з мэтаю практычнага выкарыстання ў якасці духоўнага спеву альбо рэспансарыйнага псальма ў часе набажэнства.

Што датычыць перастварэння 129 псальма, то тут дасканала ўзноўлены пакутны характар твора, перададзены стан глыбокага пакаяння і жалю за грахі, пакоры, спадзявання на міласэрнасць; услед за Давідам лірычны герой прагне ачышчэння, выказвае поўны давер Богу і сваю адданасць Хрысту:

З бяздоння жальбы, з глыбіні пакоры,
У цемры сумніваў, ў безнадзейным горы
Цябе ўзываю, Божа справядлівы,
Пачуй жа голас і будзь міласцівы.

Бо еслі будзеш на грэх уважаці
І праўды сэрца людскога пытаці,
Не устаіцца ніводна стварэнне —
Кожны шукае ў Цябе ачышчэння,

І дзеля права, дзеля Тваёй волі,
Шукаў Цябе я ў крыўдах і злой долі:
Зрання да ночы душа мая чакала,
На Тваё слова надзею складала <...>

[2, c. 109].

Можна пераканацца, наколькі блізка К. Сваяк перадае малітоўна-пакаяльную сутнасць псальма, які належыць да цыклу так званых «Песняў узыходжанняў», што спяваліся вернікамі ў даўнія часы пры ўваходзе ў Ерузалем: «1) З глыбіняў клікаў я Цябе, Госпадзе: Госпадзе, пачуй голас мой! 2) Хай вушы Твае будуць уважлівыя да голасу маленьня майго. 3) Калі беззаконьні заўважаць будзеш, Госпадзе, Госпадзе, хто ўстаіць? Бо ў Цябе ачышчэньне ёсьць. 4) Дзеля імя Твайго я чакаў Цябе, Госпадзе: душа мая чакала слова Твайго, душа мая спадзявалася на Госпада» [1, с. 237].

Заключная страфа верша таксама дакладна наследуе канцоўку псальма: матыў спадзявання. Аднак ёсць і адрозненне, бо тут К.Сваяк вельмі ўдала выкарыстоўвае прыём катэхезы — пытання і адказу:

Дзе ж міласэрдзе і гдзе выбаўленне
З грэху, з нядолі, ці з паневалення?
Адно ў Бога, свету Правадаўцы,
Адно ў Хрыстусе, Спасе нашым, Збаўцы

[2, c. 109].

Такі прыём дазваляе яшчэ больш падкрэслена перадаць моц веры — веры ў збаўленне, якое прыходзіць праз Хрыста і ў Хрысце. Гэта вельмі важны момант, асабліва ў святле таго, што ў тыя часы, асабліва пасля выхаду ў 1924 г. у Вільні кнігі К. Сваяка «Мая ліра», частка заходнебеларускіх літаратараў сацыял-дэмакратычнай і пракамуністычнай скіраванасці вяла гарачую палеміку вакол яго творчасці, інтэрпрэтуючы некаторыя яго радкі як сумненні ў яго веры, прыпісваючы яму «бунт супраць Бога» і ледзь не жаданне «развітацца з сутанай» (А. Луцкевіч, П. Пестрак, В. Таўлай). У свой час водпаведзь такім вельмі суб’ектыўным выказванням даў Адам Станкевіч у аналітычным нарысе, прысвечаным К. Сваяку [5], а сёння, перачытваючы літаратурную спадчыну паэта, мы таксама яшчэ раз хочам падкрэсліць, што і ў творчасці і ў святарстве К. Сваяк быў асобай цэльнаю, яго хрысціянская вера была непахіснай, глыбокай і дасканалай, ён ні ў чым не схібіў у прыняцці і абвяшчэнні Божай волі, нават калі ў яго вершах, асабліва прысвечаных Айчыне, гучалі ноткі роспачы і сумненняў у блізкай магчымасці выйсця «з долі апляванай». Перажываючы глыбокую пакуту і параненасць сэрца ад таго, што гістарычныя шляхі не вялі яго Айчыну і народ да замацавання дэклараванага нацыянальнага і дзяржаўнага вызвалення, К. Сваяк звяртаўся найперш да хрысціянскіх вобразаў, каб перадаць усю глыбіню свайго перажывання. Вобразы Галготы, Распяцця, Крыжовай смерці, якімі ён малюе гістарычную рэальнасць Беларусі ў вершы «На гадавіны незалежнасці Беларусі», можна параўнаць па сіле паэтычнага ўздзеяння хіба з пятай сцэнаю «Візіі ксяндза Пятра» ІІІ часткі паэмы «Дзяды» Адама Міцкевіча, напісанай у 1832 г., у якой герой твора бачыў Галготу паняволенай Рэчы Паспалітай і прарочыў яе адраджэнне з прыходам Месіі, зашыфраванага лічбаю 44. Так і К. Сваяк сваю Айчыну, «пакараную судом Пілата», калі ёй абвяшчалі: «Не ўстане з мёртвых аніколі», бачыў у хрысціянскай перспектыве ўваскрашэння. Яго лірычны герой, сведка «крыжовай смерці» Айчыны, з глыбокай верай звяртаецца да міласэрнасці Божай, молячы аб адраджэнні:

Змілуйся ж, Божа, ты над ею,
Ня дай у гробе век ляжаці,
Пазволь да жыцьця ей устаці:
У гэты час, на трэці дзень

[3, с. 23].

Падсумоўваючы свае разважанні, зноў падкрэслім, што крыніцаю натхнення для Казіміра Сваяка ў яго творчай практыцы былі найперш кнігі Бібліі, іх тэматыка і вобразы, найчасцей Псалтыр, але і іншыя кнігі Старога і Новага Запаветаў. З гэтай глыбінёю спазнання біблійнай кніжнасці спалучалася і глыбіня ведання К. Сваяком народнага жыцця, бо сярод свайго парафіяльнага народа ён жыў, яму служыў, ягоны лёс сваім лёсам святара і паэта падзяляў. Гэтая сувязь лучыла яго і з усёй Беларуссю, таму Адам Станкевіч вельмі пранікліва назваў К. Сваяка «беларускім народным паэтам-філёзафам з хрысьціянскім сьветаглядам», які «кліча народ шукаць праўды сваей беларускай, апёртай на непарушным, вечным фундамэнце нябеснай хрысьціянскай Аб’явы» [5, с. 280]. Гэта глыбока праўдзівая характарыстыка развейвае ўсялякія сумненні ў тым, што святар і паэт нібыта спрачаліся ў асобе К.Сваяка, раздвойвалі яе, што сутана яму замінала. Не і яшчэ раз не! Паэт быў надзвычай цэласны ва ўсім: і як выразнік уласных настрояў, і як выразнік голасу душы народа і Айчыны, не абмінаючы балючых кропак. Ён быў пасланцам, выбраным Богам і пасланым у гэты час для служэння гэтаму народу: так хацеў Бог! І сваё пасланніцтва ксёндз Кастусь Стэповіч і паэт Казімір Сваяк у адной асобе дасканала выканаў, бо перадусім яго вяло па жыцці — і ў паэзіі, і ў святарстве — святло хрысціянскай веры, і нават у самыя крытычныя моманты яно заўсёды вяртала надзею і развейвала трывожны змрок, якім зямная рэчаіснасць захмарвае нябёсы.

Літаратура:

  1. Псалтыр / пер. са старагрэцкай а. А. Надсана. — Полацк: Грэка-каталіцкая парафія Святапакутніка Язафата ў г. Полацку, 2016.
  2. Сваяк К. Выбраныя творы / уклад., прадм., камент. І. Багдановіч. — Мінск: Кнігазбор, 2010.
  3. Сваяк К. Мая ліра. Рэпрынтнае выданне. — Мінск, 1993.
  4. Скарына Ф. Творы. Мінск: Навука і тэхніка, 1990.
  5. Станкевіч А. Казімер Сваяк. Нарысы аб ягонай ідэалёгіі // Станкевіч А. З Богам да Беларусі. Збор твораў. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2008. — С. 272–298.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY