Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(91)/2020
Год Яна Паўла ІІ

НЕ БОЙЦЕСЯ! АДЧЫНІЦЕ ДЗВЕРЫ ХРЫСТУ!
Размова Крыстыны ЛЯЛЬКО з мастаком Сяргеем ШЭМЕТАМ OCD
ПРЫЦЯЖЭННЕ СВЯТАСЦІ
Спадчына

«ШЛЯХАМ ДЗІВАЎ І ЎРАЖАННЯЎ»
Зацемкі з падарожжа ў Рым
Юбілеі

БІБЛІЯ ЯК КРЫНІЦА ПАЭТЫЧНАГА НАТХНЕННЯ КАЗІМІРА СВАЯКА
Да 130-годдзя з дня нараджэння паэта і святара
У святле Бібліі

СТАЎЛЕННЕ ДА БАЦЬКІ І МАЦІ
Чацвёртая запаведзь у навучанні Сіраха (3, 1–16)
Адукацыя
Святыя Каталіцкага Касцёла

СЭРЦА Ў ПОПЕЛЕ
Пераклады

ВЕРШЫ
Прэзентацыя

ПАЛЁТ ЗА РАМКІ ТРАДЫЦЫЙНАГА
Паэзія

БЯЛЫНІЧЫ

НЕ БОЙСЯ...
З архіваў часу

ПАРАЗА
Пра тое, як 100 гадоў таму пачыналася эпоха свабоды сумлення без свабоды
Асобы
Мастацтва

ДАСКАНАЛЫ ДЗЮРЭР
Прэзентацыя
Культура

Данута БІЧЭЛЬ

БЯЛЫНІЧЫ

Абраз Бялыніцкай Маці Божай
у Новай Мышы.

Пагорак Марыі

Спавіла Маці Божая Сына,
распаліла пагорак, як печ.
Сарока-варона дзецям кашку варыла,
цяпельца — цудоўная рэч…

Белыя дымы з-пад зямлі,
белыя аблокі плылі.
Над далінай, над ціхаю Дрысай-ракой
даіўся туман малаком.

Ад малітваў Маці Божай сляза
бляскам засвяцілася ў вачах,
уздымалася ў нябёсы залатая краса…
Людзі навучыліся маўчаць.

Як без вогнішча пагорак гарыць?
Дождж ці бура, ды агонь не пагас.
Маці Божае Бялыніцкай цудоўны абраз
вучыць Пана Бога любіць.

Гэты Край, без меж-берагоў,
многа перажыў усяго…
Пабяліў зямлю сівую за ноч белы снег,
дамавік ад нас на ўсход перабег.

Бялынічы, белая ніч.
Тут агонь называецца Зніч.
Маці Божая з бялыніцкіх белых капліц
выйшла Беларусь бараніць.

19 верасня 2019 г.

Бялыніцкая Маці Божая

Пераблытаўся ў памяці простага люду,
як выглядаў той Анёл-багамаз,
хто бялыніцкім кармэлітам абутым
намаляваў Маці Божай абраз…

Ноччу пастукаў хлопец здарожаны…
Анёльскім выглядам яго заварожаныя,
Літанію спеўную да Маці Божай
запелі хорам, ды так прыгожа!

На дошцы ўзніклі за тыя хвілінкі
Адзігітрыі з Сынам… далікатныя Лікі…
Постаць абвёў лёгкім рухам алоўка…
Вяночкі не ўсклаў на святыя галоўкі.

Кармэліты здзівіліся:
— Чаму ў іх адзення няма?
Багамаз адказаў:
— Маці Божая знойдзе сама.

Так… Крыштаф Сангушка зафундуе ім шаты.
Леў Сапега аздобіць абраз камянямі.
Так пакаюцца Богу людзі багатыя,
што вінаватыя перад беднымі, намі.

Маці з Божых Бялынічаў, з беднай зямлі,
багатай на слёзы, хваробы, напасці,
каб цэлым народам у цемры не ўпасці,
Беларусь у малітвах Тваіх асвятлі!

18 верасня 2019 г.

Ружанец

Бялыніцкая Божая Маці,
у завоблачным Унебаўзяцці,
перад Табой на пацёрках драўляных
з малітвамі шчырымі… соллю на раны…

— Вітай, Марыя, поўная ласкі, Пан з Табою! —
ды мы не маем ад злога д’ябла адбою.
Няхай Маці Божая з белых Бялыніч
малітву пачуе, а д’ябла запыніць.

Як на полі салому, змалаціўшы ад збожжа,
качаюць у залатыя качулкі,
так укладаюцца нашы чыстыя думкі
ў малітвы чыстыя да Маці Божай.

— Вітай, Марыя, поўная ласкі, Пан з Табою…
Малітоўныя стогны на святыя далоні
ускладаюць Аліны, Крыстыны, Антоні…
Так цуды вымольвае люд малітоўны.

Спяшае ў Рым няўрымслівы біскуп,
з апрабацыяй цудаў, з дакументамі спіскаў,
каб Папа Рымскі Бялыніцкай Божай Маці
дазволіў кароны на скроні святыя ўскласці.

Святы Ружанец, святую Літанію
моліцца спевам дзяцінства і маладосць.
Што Маці з Бялыніч Беларусь паяднае —
у беларусаў надзея такая ёсць.

18 верасня 2019 г.

Перамога над войскам Хаванскага
ў Лагішыне і на Палонцы
28 чэрвеня 1660 года

Каб не патрапіў цудоўны абраз да маскоўскіх ваякаў,
везлі яго кармэліты з Бялыніч у Кракаў.
Магчыма, ад стомы, ад прадчування пагоні,
сталі пад крыжам — і з месца не рушацца коні.

Быў месяц квецень, у самым квецені вішань
ззяў і свяціўся палескі горад Лагішын…
Міхал Юдзіцкі насустрач вершнікам выйшаў.
Бялыніцкай Маці абраз малітоўна прыняў,
паслоў са срэбрам і златам у Кракаў паслаў…

Хаванскі з войскам пачаў штурмаваць фартэцыю.
Руйнуе з гармат, морыць аблогай тры месяцы.
Ды Маці Божая вясёлку да зорак выткала,
абняла з-пад аблокаў Лагішын залатою накідкаю.

Маскоўскае войска д’яблава аблогу Лагішына згортвае.
Хаванскі Боскай ясноты моцна спалохаўся.
Ды Чарнецкі з Сапегам Паўлам пагоняю лёгкаю
войска Хаванскага перамаглі пад Палонкаю.

Лагішын, люду ўсяму на святое здзіўленне,
да Маці Божай маліўся, стоячы на каленях.
Цудоўны абраз Бялыніцкай Божай Маці
вызваліў Княства Вялікае ад Хаванскага раці.

У Польшчы і ў Княстве люд паспаліты ведаў:
Чорная Мадонна ратуе Кракаў ад шведаў.
Бялыніцкая Маці Божая засвяціла, як сонца,
Беларусь уратавала перамогаю на Палонцы.

17 верасня 2019 г.

Прыйшлі, падпалілі

Прыйшлі, спалілі, як дровы, віленскае барока…
Крыжы, абразы дратавалі, знішчалі ўсё навакол…
Цяпер наіўная зорка на папялішчы пагорка
«удовін грошык» жабруе, каб збудаваць касцёл.

21 верасня 2019 г.

Беларуская Княгіня, Марыя

Ты Бялыніцкая Дзева, Марыя!
Беларусі Каралева, Марыя!
Ясны дзень Тваіх Бялыніч
прывядзе нас да святыні,
Божы Сын нас не пакіне…
Марыя.

Ад маскоўскае навалы, Марыя,
Ты Лагішын ратавала, Марыя!
Ад Лагішына да Вільні
наша мова не загіне!
Беларуская Княгіня, Марыя!

Ад Усвятаў да Гародні, Марыя,
на хвалу Айчыне роднай, Марыя!
Памажы нам аб’яднацца,
Богу вернымі застацца
у святынях, у палацах, Марыя!

Калі свет жывы пакінем, Марыя,
без апекі не спачынем, Марыя…
Маці Божая з Бялыніч
месца знойдзе нам пры Сыне,
Беларуская Княгіня —
Марыя.

20 верасня 2019 г.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY