|
|
№
1(91)/2020
Год Яна Паўла ІІ
Спадчына
Юбілеі
Ірына БАГДАНОВІЧ
БІБЛІЯ ЯК КРЫНІЦА ПАЭТЫЧНАГА НАТХНЕННЯ КАЗІМІРА СВАЯКА Да 130-годдзя з дня нараджэння паэта і святара У святле Бібліі
Адукацыя
Святыя Каталіцкага Касцёла
Пераклады
Прэзентацыя
Паэзія
З архіваў часу
Асобы
Мастацтва
Прэзентацыя
Культура
|
У красавіку мінулага года на Беларусі зноў чакалі прыезду вядомага археолага і спецыяліста ў галіне біблейскай гісторыі, доктара Скота Кэрала, кіраўніка «Групы даследаванняў рукапісаў», які ў верасні 2018 года быў адным з арганізатараў выставы «Беларусь і Біблія». «На жаль, доктар Скот не зможа цяпер прыехаць, — напісала яго жонка Дэніз. — Ён знаходзіцца ў падарожжы ў Папуа-Новую Гвінею, дзе цяпер разгорнута наша выстава. Восенню і зімой яна экспанавалася ў Пецярбургу і Маскве. Доктар Скот ляціць з ЗША ў Японію, затым — у Аўстралію, а пасля — у Папуа-Новую Гвінею. 36 гадзін палёту — нялёгкае выпрабаванне. Але перад гэтым мы мелі радасць пабачыць трох нашых унукаў! Яны вельмі кемлівыя і крэатыўныя. Малодшай, Афеліі, споўнілася дзевяць месяцаў. З любоўю ў Хрысце, Дэніз Кэрал, Гранд Хэйвэн. Штат Мічыган, ЗША». Доктар Скот Кэрал нарадзіўся ў штаце Вісконсін у 1959 годзе і вучыўся ва Універсітэце ў Вірджыніі. Яго бацькі — Чарльз і Барб Кэрал, зацікавілі сына наведваннем музеяў, чытаннем, вывучэннем гісторыі. Чарльз Кэрал мае ступень доктара ў хіміі паперы. Адукацыя Скота Кэрала ўключае ў сябе і ступень магістра гісторыі Царквы Троіцкай евангелічнай багаслоўскай школы, доктарскую ступень у галіне старажытных даследаванняў ва Універсітэце Маямі, штата Агайа, і постдактарантуру па старажытных мовах у габрэйскім каледжы. Яго даследаванні, скіраваныя на вывучэнне старажытных і сярэднявечных рукапісаў, зрабілі Кэрала адным з вядомых экспертаў у свеце па біблейскіх тэкстах. Кіруючы раскопкамі аднаго са старэйшых кляштараў у свеце, Скот Кэрал стварыў анлайн-праграму, якая ў рэжыме рэальнага часу звязала тысячы студэнтаў з 35-ці краінаў з яго раскопкамі. Праграма была сярод пяці лепшых у свеце інтэрнэт-адукацыйных сайтаў і застаецца пастаяннай экспазіцыяй у Смітсанаўскім музеі, адлюстроўваючы выкарыстанне тэхналогій у адукацыі. Доктар Скот Кэрал за сваю 30-гадовую кар’еру выкладаў у шэрагу ўстановаў, у тым ліку ва Універсітэце Бэйлара ў ЗША. Цяпер ён займае акадэмічную пасаду ва Універсітэце Джос у Нігерыі. На працягу апошніх 8-мі гадоў уплывовы навуковец чытаў лекцыі для Азіяцкай біблейскай багаслоўскай семінарыі. Скот Кэрал падрыхтаваў больш за 30 студэнтаў, якія атрымалі доктарскія ступені і цяпер выкладаюць ва ўніверсітэтах. У якасці прафесара-даследчыка ён выхоўвае навукоўцаў і выкладчыкаў рукапісных даследаванняў і біблейскай традыцыі, курыруе спецыяльныя даследчыя праграмы па старажытных дакументах, кіруе даследаваннямі і публікацыямі па археалогіі, старажытных рукапісах, гісторыі Бібліі. Дзякуючы свайму досведу ў старажытных мовах, гісторыі, археалогіі і рэлігіі вядомы археолаг меў гонар арганізаваць дзве найбуйнейшыя прыватныя калекцыі біблейскіх матэрыялаў у свеце. За 16 месяцаў ён дапамог стварыць адну з буйных сучасных калекцый рэдкіх біблейскіх тэкстаў і артэфактаў у свеце — Зялёную калекцыю.
«Бог навярнуў мяне да сябе сваёю ласкаю, абмыў мой розум і даў мне магчымасць вывучаць старажытныя манускрыпты, каб я мог сведчыць пра відавочнасць слова Божага і праўдзівасць Бібліі, — кажа доктар Скот. — Праз тысячагоддзі Бог захаваў сваё Слова нязменным, яго вельмі старанна капіравалі, перапісвалі, захоўваючы шмат правілаў. На матэрыялах выставы мне важна прадэманстраваць, як стваралася, перапісвалася і друкавалася Біблія». Мне давялося пагутарыць з доктарам Скотам у кастрычніку 2018 года. Найперш я запытала пра яго захапленне старажытнасцю:
— Доктар Скот, скажыце, калі ласка, Вы цікавіліся археалогіяй з юнацтва? — Не. У маладосці мае паводзіны былі не самымі лепшымі. Маім захапленнем быў спорт. Я займаўся барацьбой і быў членам нацыянальнай зборнай ЗША. Калі я паступіў вучыцца ва ўніверсітэт, то пасябраваў з хрысціянамі і зацікавіўся археалагічнымі раскопкамі, якія пралівалі святло на гісторыю Старога і Новага Запаветаў.
— Хто паўплываў на Ваша ўзрастанне ў веры? — Мае сябры ў каледжы падзяліліся са мною вераю ў Хрыста. Мяне натхнілі людзі з царквы і мая жонка Дэніз. Наша царква Bridge Bible Church — невялічкая, у ёй каля 50-ці чалавек. Гэта вельмі дарагія нам людзі, якія ўдзельнічаюць у місійнай працы па ўсім свеце.
— З якімі дысцыплінамі Вам давялося мець справу перад тым як Вы перайшлі да вывучэння старажытных манускрыптаў? — Я паглыбляўся ў старажытныя мовы, тэалогію, класічную літаратуру, філасофію. Валодаю 13-цю мовамі.
— Вы прысвяцілі археалогіі шмат навуковых публікацый? — Я з’яўляюся аўтарам сямі кніг. Над доктарскай дысертацыяй я працаваў 12 гадоў.
— Студэнтам вельмі цікава слухаць Вашы аповеды! — Я даю заданні сваім студэнтам перапісваць манускрыпты, каб у іх абудзілася прага да іх вывучэння, і прымушаю перапісваць, калі яны робяць памылкі.
— Дзе Вы праводзілі раскопкі і якая знаходка для Вас самая каштоўная? — Мне давялося працаваць у Егіпце, Ізраілі і Турцыі. На папірусе я знайшоў кавалак тэксту з Іліяды Гамера, апісаў і падрыхтаваў знаходку для выдання. Гэта самы старажытны тэкст гэтай часткі Іліяды ў свеце. На папірусе з маскі муміі мы знайшлі тэкст на грэчаскай мове з 1-й Кнігі Валадарстваў. Сярод экспанатаў на выставе ёсць папірус на грэчаскай мове, знойдзены ў Егіпце, які датуецца 125–140 гадамі і захоўвае ўрыўкі з Евангелля паводле Яна.
— Калі быў створаны Музей Бібліі ў Вашынгтоне, які Вы ўзначальвалі? — Музей пачаў дзейнасць у лістападзе 2017 года. Мы шмат працавалі, каб яго стварыць. Гэта прыватны музей, калекцыя якога налічвае 55000 экспанатаў. Мы пачалі збіраць каштоўныя асобнікі ў 2005 годзе. Сям’я міліярдэра ахвяравала свае сродкі на бясцэнную калекцыю. Музей мае Раду кансультантаў і працуе з каталіцкімі, пратэстанцкімі, габрэйскімі і іншымі рэлігійнымі і свецкімі ўстановамі. На кожным з шасці паверхаў музея ёсць асобны экспанат, які падкрэслівае розныя аспекты біблейскай гісторыі ці яе ўплыву. На першым паверсе змешчаны старажытныя артэфакты з сучаснымі тэхналогіямі, закліканымі пагрузіць удзельніка ў свет Бібліі. Парадны ўваход на 4-й вуліцы мае 40 футаў (12 метраў) у вышыню, бронзавыя ўваходныя дзверы з вітражамі на, на якіх змешчаны рэльеф з Кнігі Быцця. Другі паверх прысвечаны ўплыву Бібліі на сусветную культуру — навуку, юрыспрудэнцыю, на справядлівасць і свабоду. На трэцім паверсе прадстаўлена агульнае апавяданне Бібліі ад Абрагама праз стварэнне Ізраэля да служэння Езуса і ранняга Касцёла, а таксама раздзел габрэйскай Бібліі. На чацвёртым паверсе паказана біблейская гісторыя і археалогія, на пятым — тэатр выканальніцкіх мастацтваў з амфітэатрам на 500 чалавек. Музей плануе спансіраваць навуковыя лекцыі, а таксама мультымедыйныя ўяўленні, звязаныя з Бібліяй. На пятым паверсе ёсць асобная выставачная прастора для экспанатаў, прадстаўленых ізраільскім Упраўленнем старажытнасцяў. Шосты паверх складаецца з назіральных пляцовак на даху з выглядам на Нацыянальны гандлёвы цэнтр і Капітолій ЗША, вітражных экспанатаў і бальнай залы на 1000 месцаў. Навукова-даследчы цэнтр артэфактаў і даведачная бібліятэка музея размешчаны ў аднапавярховым будынку на даху суседняга офіснага комплексу. Цырымонія асвячэння музея атрымала афіцыйнае папскае благаслаўленне ад папы Францішка, на ёй прысутнічалі кардынал Дональд Вуэрл, музыкант Сісі Вінанс, капелан Сената ЗША Бары Блэк, мэр Вашынгтона Мюрыэль Боузер і амбасадар Ізраіля ў ЗША Рон Дэрмер. Мы супрацоўнічаем з музеямі і з Нацыянальнымі бібліятэкамі па ўсім свеце, каб даць магчымасць людзям ва ўсім свеце пазнаёміцца з рознымі выданнямі Бібліі і прывезці гэтыя асобнікі да іх. — Што натхняе Вас арганізоўваць выставы па ўсім свеце і выступаць з лекцыямі ў розных краінах? — Не ўсе людзі могуць наведаць наш Музей Бібліі, таму мы вырашылі знаёміць іх з каштоўнымі асобнікамі непасрэдна ў іх краінах.
— За час Вашых падарожжаў Вы, напэўна, сустракаліся з вялікімі асобамі ва ўсім свеце. — Да нас прыходзілі тысячы людзей, сярод іх былі вядомыя навукоўцы, палітыкі, рэлігійныя лідары.
— Вы бываеце таксама ў Афрыцы... — Два разы на год я выступаю з лекцыямі ў Нігерыі і Кеніі ў хрысціянскіх асяродках. Я даю магчымасць студэнтам, якія вывучаюць гісторыю Бібліі, дакрануцца да старажытных манускрыптаў.
— Дзе Вы знайшлі Ваш галоўны скарб? — Гэта мая жонка Дэніз. Мы пазнаёміліся ў Вышэйшай школе ў штаце Агаё, і мы разам ужо сорак гадоў. Яна — хрысціянка з 18-ці гадоў. У яе цудоўнае сапрана, і яна час ад часу спявае ў тэатры. Наш дом вельмі просты, ён знаходзіцца на беразе возера Мічыган, блізка каля вады, побач — пясчанае ўзбярэжжа. Летам да нас прыязджаюць адпачываць людзі з усяго свету. Наш горад Гранд Хэйвен — невялікі, у ім жыве каля 20 000 чалавек.
— Як дамапожнік беларускім дзецям Вы склалі асобную кнігу, якая дапамагала пазнаёміцца з выставаю «Беларусь і Біблія». — Па-англійску яна называецца “The Great Book Mistery”, а па-беларуску «Прыгоды Вялікай Кнігі». Вялікая кніга — гэта Біблія. Мне было прыемна сустрэцца з маленькімі чытачамі, якія прыйшлі на прэзентацыю кнігі, арганізаваную ў межах «Клуба кніжных прафесараў» у Нацыянальнай бібліятэцы. Яны задалі мне шмат пытанняў пра мае ўлюбёныя кнігі.
|
|
|