Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(91)/2020
Год Яна Паўла ІІ

НЕ БОЙЦЕСЯ! АДЧЫНІЦЕ ДЗВЕРЫ ХРЫСТУ!
Размова Крыстыны ЛЯЛЬКО з мастаком Сяргеем ШЭМЕТАМ OCD
ПРЫЦЯЖЭННЕ СВЯТАСЦІ
Спадчына

«ШЛЯХАМ ДЗІВАЎ І ЎРАЖАННЯЎ»
Зацемкі з падарожжа ў Рым
Юбілеі

БІБЛІЯ ЯК КРЫНІЦА ПАЭТЫЧНАГА НАТХНЕННЯ КАЗІМІРА СВАЯКА
Да 130-годдзя з дня нараджэння паэта і святара
У святле Бібліі

СТАЎЛЕННЕ ДА БАЦЬКІ І МАЦІ
Чацвёртая запаведзь у навучанні Сіраха (3, 1–16)
Адукацыя
Святыя Каталіцкага Касцёла

СЭРЦА Ў ПОПЕЛЕ
Пераклады

ВЕРШЫ
Прэзентацыя

ПАЛЁТ ЗА РАМКІ ТРАДЫЦЫЙНАГА
Паэзія

БЯЛЫНІЧЫ

НЕ БОЙСЯ...
З архіваў часу

ПАРАЗА
Пра тое, як 100 гадоў таму пачыналася эпоха свабоды сумлення без свабоды
Асобы
Мастацтва

ДАСКАНАЛЫ ДЗЮРЭР
Прэзентацыя
Культура

Крыстына ЛЯЛЬКО

«ДАЙЦЕ СЁННЯШНЯМУ СВЕТУ ФРАНЦІШКАЎ...»

Шаноўныя чытачы, прапануем вашай увазе пачатак публікацыі зацемкаў з падарожжа ў Рым кс. Пятра Татарыновіча, якія аўтар назваў «Шляхам дзіваў і ўражанняў». Гэтую невялічкую кніжыцу, выдадзеную лацінкаю ў Вільні ў 1934 г. выдавецтвам «Хрысціянскай думкі», прапанавала нашай рэдакцыі вядомая беларуская фалькларыстка Лія Мацееўна Салавей, за што мы ёй шчыра ўдзячныя.

Асоба кс. П. Татарыновіча добра вядомая ўсім, хто цікавіцца гісторыяй духоўнага і рэлігійнага жыцця нашага Краю, а таксама гісторыяй беларускай літаратуры, бо ксёндз Татарыновіч быў таксама пісьменнікам, перакладчыкам і журналістам.

Менавіта ён распачаў вяшчанне беларускай праграмы Ватыканскага радыё і больш за 20 гадоў яе ўзначальваў, перакладаючы на родную мову пасланні, дакументы і навіны Апостальскай Сталіцы.

У перакладзе кс. Пятра Татарыновіча на беларускую мову выйшаў выдатны твор Генрыка Сянкевіча «Quo vadis», бестселер каталіцкай літаратуры, які і цяпер гучыць на хвалях Беларускай праграмы Ватыканскага радыё ў таленавітым чытанні дыктара і актора Алега Вінярскага.

Зацемкі з падарожжа ў Рым кс. Татарыновіч напісаў на пачатку 30-х гадоў, калі служыў душпастырам на Палессі, у Століне. Чым жа прыцягальныя гэтыя падарожныя нататкі маладога святара, чым яны цікавыя і дарагія нам, сённяшнім чытачам? Думаецца, найперш тым зарадам вялікай сыноўняй любові, з якою піша аўтар пра сваю родную старонку, параўноўваючы яе сціплую, някідкую красу з прыгажосцю Італіі ды іншых краінаў, якія ён бачыў па дарозе ў Рым. Іх прыгажосць выклікала яго захапленне, але сэрца ягонае і ягоныя думкі пастаянна былі скіраваныя да бацькоўскага Краю: «Чаму ты ўцякаеш тут перада мною, Бацькаўшчына мілая? Ці баішся, каб не прыраўняў Цябе, беднае, да загранічнай культуры? Не саромейся, мілая! Ты бо першае заняла месца на дне душы маёй. Ня выжану Цябе адтуль за жадныя скарбы свету!..»

Асобнае ўвагі заслугоўвае мова Татарыновічавых зацемак. Яны былі напісаныя і надрукаваныя лацінкаю. Мы (для зручнасці чытання) друкуем іх кірыліцаю, захоўваючы, па магчымасці, адметнасць аўтарскага стылю, правапісу і аўтарскай лексікі — жывой, ёмкай, вобразнай і такой арыгінальнай, такой спаконвечнай...

Колькі ж выдатных асобаў ва ўсім свеце пісалі свае творы пра падарожжа ў Рым і ў Італію! Згадайма хоць бы некаторых з найбольш вядомых ды знакамітых: французскі святар а. Луі Бовэн, французскія пісьменнікі Франсуа Шатабрыян і Стэндаль, класікі сусветнай літаратуры англійскі пісьменнік Чарльз Дзікенс і немец Ёган Вольфганг Гётэ, які напісаў «Падарожжа ў Італію» і знакамітыя «Рымскія элегіі», а таксама нашы сучаснікі Іосіф Бродскі з ягонымі «Рымскімі элегіямі» і а. Георгій Чысцякоў, які назву сваіх «Римских заметок» прадубліраваў па-італьянску: All’ombra di Roma, даўшы дадатковую нагоду для роздуму над этымалогіяй слова «зацемкі», бо ombra з італьянскай мовы перакладаецца як цень...

І як жа прыемна было адкрыць для сябе выдадзеныя амаль 90 гадоў таму зацемкі з падарожжа ў Рым беларускага святара Пятра Татарыновіча, якія так натуральна ўпісваюцца ў шэраг рымскіх падарожных твораў сусветнай літаратуры...

Вандруючы па Італіі «шляхам дзіваў і ўражанняў», пасля наведвання базылікі вялікага самотніка і паэта св. Францішка Асізскага, кс. Пётр Татарыновіч напісаў у сваіх зацемках: «Дайце сённяшняму свету Францішкаў, і стораз горшыя крызісы ня будуць для яго страшнымі».

Залатыя словы! І якія ж актуальныя таксама і ў наш час!

Няхай жа гэтая публікацыя, прымеркаваная да 70-годдзя Беларускай праграмы Ватыканскага радыё, будзе данінаю павагі да яе заснавальніка і да яе сённяшніх супрацоўнікаў на чале з дырэктарам кс. Аляксандрам Амяльчэнем, якія годна працягваюць гэтую высакародную справу.

Крыстына Лялько

Гл. таксама:
КС. ПЁТР ТАТАРЫНОВІЧ :: «ШЛЯХАМ ДЗІВАЎ І ЎРАЖАННЯЎ» ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY