Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(91)/2020
Год Яна Паўла ІІ

НЕ БОЙЦЕСЯ! АДЧЫНІЦЕ ДЗВЕРЫ ХРЫСТУ!
Размова Крыстыны ЛЯЛЬКО з мастаком Сяргеем ШЭМЕТАМ OCD
ПРЫЦЯЖЭННЕ СВЯТАСЦІ
Спадчына

«ШЛЯХАМ ДЗІВАЎ І ЎРАЖАННЯЎ»
Зацемкі з падарожжа ў Рым
Юбілеі

БІБЛІЯ ЯК КРЫНІЦА ПАЭТЫЧНАГА НАТХНЕННЯ КАЗІМІРА СВАЯКА
Да 130-годдзя з дня нараджэння паэта і святара
У святле Бібліі

СТАЎЛЕННЕ ДА БАЦЬКІ І МАЦІ
Чацвёртая запаведзь у навучанні Сіраха (3, 1–16)
Адукацыя
Святыя Каталіцкага Касцёла

СЭРЦА Ў ПОПЕЛЕ
Пераклады

ВЕРШЫ
Прэзентацыя

ПАЛЁТ ЗА РАМКІ ТРАДЫЦЫЙНАГА
Паэзія

БЯЛЫНІЧЫ

НЕ БОЙСЯ...
З архіваў часу

ПАРАЗА
Пра тое, як 100 гадоў таму пачыналася эпоха свабоды сумлення без свабоды
Асобы
Мастацтва

ДАСКАНАЛЫ ДЗЮРЭР
Прэзентацыя
Культура

Марына ПАШУК

СТАЎЛЕННЕ ДА БАЦЬКІ І МАЦІ

Чацвёртая запаведзь у навучанні Сіраха (3, 1–16)

«Навучанне Сіраха».
Гравюра Юліуса Шнор фон Каральсфэльда.

1Мяне, айца, паслухайце, дзеці, i так рабіце, каб вы былі збаўлены.
2Бо Пан узвысіў айца над дзецьмі, і даў маці ўладу над сынамі.
3Хто шануе айца, той чыніць уміласціўленне за грахі,
4а хто паважае маці сваю, той быццам скарбы збірае.
5Хто шануе айца, той будзе цешыцца дзецьмі, і ў дзень малітвы сваёй будзе пачуты.
6Хто шануе айца, будзе доўга жыць, а хто паслухмяны Пану, той будзе супакаеннем для сваёй маці;
7як валадарам будзе служыць тым, якія яго нарадзілі.
8Учынкам і словам шануй свайго айца, каб спачыла на табе яго благаслаўленне.
9Бо благаслаўленне айца ўмацоўвае дамы дзяцей, a праклён маці выкарчоўвае фундаменты.
10Не хваліся ганьбаю свайго айца, бо не з’яўляецца славаю для цябе няслава бацькі.
11Бо слава чалавека паходзіць з пашаны яго айца, а знявагаю для дзяцей становіцца бясслаўе маці.
12Дзіця, падтрымлівай айца свайго ў старасці і не засмучай яго ў жыцці ягоным.
13Калі нават пакіне яго розум, будзь паблажлівым, не пагарджай ім, будучы ў паўнаце сваёй сілы.
14Бо міласэрнасць да айца не будзе забыта, і замест грахоў паселіцца ў цябе.
15У дзень твайго ўціску ты будзеш прыгаданы, як лёд у цёплае надвор’е, так растопяцца твае грахі.
16Той, хто пакідае айца, нібы блюзнер, і пракляты Панам той, хто гневаецца на сваю маці (Сір 3, 1–16).

«Хто шануе айца, той чыніць уміласціўленне за грахі, а хто шануе маці сваю, той быццам скарбы збірае» (Сір 3, 3).

Сёння ў сродках масавай камунікацыі часта ствараецца не вельмі прывабны вобраз бацькоў. Бацька зазвычай вельмі далёкі ад хатніх спраў, не ведае, як і чым жывуць яго дзеці, здольны толькі браць у рукі рэмень і бясконца караць, г.зн. «выхоўваць» такім чынам непаслухмяных дзяцей. Або, наадварот, бацька прадстаўляецца як няўдачнік і «няўклюда», з якога насміхаюцца і жонка, і дзеці, і суседзі, які не спраўляецца з сітуацыямі, у якога нічога не атрымліваецца ў жыцці. Таму маці выступае тым «жалезным кулаком», які трымае на плаву ўвесь хатні карабель. Усё грамадства тады становіцца на абарону дзяцей і жонак, распрацоўваюцца законы, якія быццам бы стануць гарантыяй паспяховага сямейнага жыцця. Аднак мала хто задумваецца, што такая карыкатура на бацькоў і бацькоўства не толькі выкрывае вельмі балючыя праблемы, але становіцца таксама небяспечнай, бо прыніжае значэнне бацькоўства. Бацькі жадаюць жыць сваім жыццём, не хочуць разумець сваёй адказнасці перад дзецьмі, а дзеці, будучыя бацькі, не маюць прыкладаў і прыгожых узораў бацькоўства.

Зусім іншую карціну таго, як дзеці павінны ставіцца да сваіх бацькоў, і на чым або кім бацькі павінны будаваць свой аўтарытэт, каб быць пачутымі, паказваюць тэксты Старога Запавету.

Згадаем хоць бы гісторыі патрыярхаў: Абрагама, Ісаака, Якуба, Юзафа, якія стаялі на чале вялікіх сямейных кланаў і дбалі пра іх не толькі матэрыяльнае, але і духоўнае жыццё.

Згадаем таксама праведнага Ноя (габр. noaḥ — суцяшэнне, адпачынак, спакой), апошняга патрыярха да патопу, паходжанне якога выводзілася з прамой лініі ад Адама. Бог пажадаў уратаваць Ноя разам з яго сям’ёй, бо «Ной быў чалавекам справядлівым, беззаганным сярод свайго пакалення», які «прагульваўся» з Богам, нібы з сябрам (Быц 6, 9). Ён, — як піша Кніга Быцця, — апрацоўваў зямлю і першым пачаў вырошчаваць вінаград (Быц 9, 20). Калі яго малодшы сын, Хам, праявіў непавагу да бацькі і дазволіў сабе паглядзець на яго нагату, калі той быў п’яны (9, 22), заслужыў бацькоўскі праклён: «Няхай будзе ён слугою для сваіх братоў», — сказаў бацька. Сэма ж і Яфэта, якія прыкрылі сорам бацькі, Ной адорвае сваім бацькоўскім благаслаўленнем (9, 26–27).

Адну з прыгожых гісторый пра адносіны бацькі і сына расказвае таксама Кніга Тобія.

Захаванне IV1 запаведзі ізраэльцянамі было надзейным шляхам перадачы веры, рэлігійных традыцый і жыццёвага вопыту аднаго пакалення другому. Запаведзь мела таксама грамадскае значэнне, бо гарантавала бацькам апеку ў старасці з боку іх ужо дарослых дзяцей.

Тора вельмі моцна падкрэслівае абавязак захавання Дэкалогу, а ў IV запаведзі абараняе аўтарытэт бацькоў аж да пакарання смерцю: «Кожны, хто зласловіць на бацьку ці маці, будзе пакараны смерцю; паколькі ён зласловіў на свайго бацьку і на сваю маці, яго кроў на ім» (Лев 20, 9).

Усім вядомая катэхетычная форма IV запаведзі: «Шануй бацьку свайго і маці сваю», узятая з Пяцікніжжа Майсея, мае ў біблійным тэксце працяг, аднак не пералік абставінаў і ўмоваў, пры якіх можна не выконваць гэтую запаведзь, але прыгожыя абяцанні доўгага і паспяховага жыцця: «Шануй бацьку свайго і маці сваю, каб доўга жыць на зямлі, якую Пан Бог твой дасць табе» (Зых 20, 12).

«Шануй бацьку свайго і маці сваю, як наказаў табе Пан Бог твой, каб жыць табе доўгі час і каб добра табе было на зямлі, якую Пан Бог твой дасць табе» (Дрг 5, 16).

Выкананне ўсіх запаведзяў было гарантыяй Божага благаслаўлення, але ў IV запаведзі Божае абяцанне благаслаўлення змешчана непасрэдна ў яе тэксце.

Правільныя адносіны да бацькі і маці, поўныя павагі і любові, былі праяўленнем справялівасці, таму св. Павел у Пасланні да Эфесцаў, разважаючы аб прынцыпах сямейнага жыцця, пра бацькоў і дзяцей падсумуе: «Дзеці, слухайцеся ў Пану сваіх бацькоў, бо гэта справядліва. Шануй бацьку свайго і маці — гэта першая запаведзь у абяцанні, каб добра было табе і каб доўга жыў ты на зямлі» (Эф 6, 1–3).

Запаведзь Дэкалогу і сапенцыяльная традыцыя

Тэма IV запаведзі стала таксама зместам настаўленняў у сапенцыяльных кнігах Старога Запавету (гл. Прып 1, 8; 4; 1). Кніга Прыпавесцяў, напр., падкрэслівае яе актуальнасць і надае ёй нібы новае гучанне:

«Сыне, захоўвай наказы свайго айца
і не адкідай настаўленняў сваёй маці.
Прывяжы іх назаўсёды да свайго сэрца,
Павесь іх на сваёй шыі»
(Прып 6, 20–22).

Сапенцыяльная традыцыя, разважаючы пра IV запаведзь, працягвае традыцыю Пяцікніжжа (Зых 20, 12; Дрг 5, 16), але разглядае запаведзь з перспектывы мудрасці Старажытнага Ізраэля (Сір 6, 18; 7, 27).

Для людзей Бібліі мудрасць заключалася не ў аб’ёме пазнанай інфармацыі, здабытых ведаў. Мудрасць вызначала спосаб паводзінаў, стыль жыцця, прыктычнай дзейнасці чалавека. Гэта была практычная мудрасць, якая давала прыгожы плён у жыцці. У этычным, маральным кантэксце, яна азначала справядлівае, маральна добрае жыццё. Мудрасць павінна была навучыць чалавека быць шляхетным і добрым у адносінах з іншымі, а таксама ўнікаць зла, каб пазбегнуць дрэнных наступстваў. Сутнасцю мудрасці з’яўлялася боязь Божая, але ў біблійнай традыцыі яна не была звязана з панічным страхам перад Богам. Боязь Божая азначала пашану, рэспект да Бога, была праяўленнем паслухмянасці і пакоры перад Стварыцелем, сведчаннем вернасці і пабожнасці.

Сірах і запаведзь шанавання бацькоў

Даволі позні старазапаветны сапенцыяльны тэкст2 — Кніга Сіраха — падае аснову біблійнага разумення мудрасці: як жыць згодна з Божай воляй, як ісці шляхам мудрасці, а не шляхам глупства. Разважанні Бэн Сіраха вельмі выразна падкрэсліваюць, што сапраўдную мудрасць змяшчае Тора (з усімі яе наказамі і загадамі), а выяўляецца мудрасць у паставе чалавека, які мае боязь Божую і выконвае патрабаванні Торы.

Для Сіраха боязь Божая становіцца гарантам правільных адносінаў з Богам, а значыць і з чалавекам3. Ён нібы падагульняе выказванне Эклезіяста: «Бойся Бога і выконвай Яго запаведзі, бо ў гэтым увесь чалавек» (12, 13).

Боязь Божая дапамагае чалавеку пазнаваць праўду пра сябе, зразумець мэту свайго існаваня і вызваліцца ад таго, што не з’яўляецца Богам, што меншае за Яго і слабейшае, ад таго, што разбурае гармонію і лад у грамадстве і ў самім чалавеку4. Гэта своеасаблівы шлях здабыцця сапраўднай мудрасці, якая паходзіць ад Бога, а не з’яўляецца вынікам чалавечых разважанняў, разумовых здольнасцяў, назіранняў, досведу і адчуванняў. Таму Сірах распачынае сваю Кнігу словамі, якія з’яўляюцца яе галоўным пасланнем: «Уся мудрасць паходзіць ад Пана і прабывае з Ім навекі» (1, 1).

Толькі той, хто знаходзіцца ў цеснай лучнасці з Богам і выконвае Яго наказы, можа быць мудрым. Такое тэалагічнае разуменне мудрасці Сірахам становіцца дарогаю да веры. Гэтая мудрасць дае плён не толькі ў штодзённым жыцці, але вядзе да будавання правільных адносінаў з Богам.

У гэтым святле Бэн Сірах каментуе і шырэй разглядае ранейшыя законы Торы. У трэцім раздзеле яго Кнігі (Сір 3, 2–6. 12–14) знаходзіцца найбольшы ва ўсім Святым Пісанні тэкст, прысвечаны гэтай запаведзі. Натхнёны аўтар не толькі дае практычныя парады, але прадстаўляе сваё разуменне яе зместу і пераносіць запаведзь на новы ўзровень. Наказ шанавання бацькі і маці з’яўляецца важным для мудрага, маральнага жыцця, якое прыносіць хвалу Богу, а чалавеку — духоўную карысць.

Тэма абяцанняў у тэксце Сіраха

Бэн Сірах услед за Кнігай Зыходу і Кнігай Другазаконня нагадвае пра Божае абяцанне, звязанае з запаведдзю: «Хто шануе айца, будзе доўга жыць» (3, 1. 6). Аднак ён не спыняецца на гэтым, але яшчэ больш дапаўняе гэтыя абяцанні (Сір 3, 3. 5. 14):

«Хто шануе айца, той чыніць уміласціўленне за грахі» (3, 3).

«Хто шануе айца, той будзе цешыцца дзецьмі,
і ў дзень малітвы сваёй будзе пачуты
» (3, 5).

«Бо міласэрнасць да айца не будзе забыта,
і замест грахоў паселіцца ў цябе
» (3, 14).

«У дзень твайго ўціску ты будзеш прыгаданы;
як лёд у цёплае надвор’е, так растопяцца твае грахі
» (3, 15).

Зместам Божых абяцанняў у Кнізе Сіраха з’яўляецца міласэрнасць (гр. έλεημοσύνη [’eleēmosunē] — добры ўчынак, дабрачыннасць, даванне міласціны, міласціна). Бог абяцае дар сваёй міласэрнасці, прабачэнне грахоў таму, хто праяўляе міласэрнасць да сваіх бацькоў.

У габрэйскім тэксце гэтага фрагмента з Кнігі Сіраха, знойдзеным у Кумране, у значэнні «добры ўчынак» ужыты выраз צִדְקַת [ṣidəqaṯ] (залежная форма), утвораны ад cлова צֶדֶק [ṣedeq] — «справядлівасць»5: «бо cправядлівасць да айца не будзе забыта» (в. 14).

Справядлівасць у Бібліі заключаецца ў выкананні Божага закону, а менавіта ў спаўненні рэлігійных наказаў, у праведным жыцці, у сумленным выкананні сваіх абавязкаў, у тым ліку перад бацькамі. Быць справядлівым адносна бацькоў — значыць аддаць ім належнае за іх клопаты6:

«Памятай, што яны нарадзілі цябе,
а ты што аддасі ім за тое, што яны далі табе?
» (Сір 7, 27–28).

Для Бэн Сіраха справядлівасць — гэта стан духу, маральна добрае жыццё ў выніку адпаведных адносінаў. Рэлігійнае значэнне справядлівасці заключаецца ў тым, што яна можа знішчыць грэх (гр. ἁμαρτία [‛amartía]).

Дабрыню да бацькі Бог не забудзе, і гэта будзе залічана як кампенсацыя за грахі, бо пашана і дабрыня да бацькоў, нягледзячы на тое, якія яны былі, ураўнаважыць шалі аб’ектыўнага парадку і прывядзе да гармоніі і спакою.

Бацькі заслугоўваюць павагі ад сваіх дзяцей, бо яны далі ім жыццё. У залежнасці ад абставінаў гэтая павага можа выяўляцца па-рознаму. Павага і пашана да пажылога, нямоглага бацькі адрозніваецца ад павагі і пашаны да маладога, здаровага бацькі. Пашана (гр. τιμάω [timáō]) да бацькі з боку дзіцяці адрозніваецца ад пашаны дарослага сына. Гэта ўжо не проста сляпая дзіцячая паслухмянасць, але павага, пашана і любоў, поўная разважлівасці і адказнасці дарослага сына за свае ўчынкі, словы, выбар, адказнасці за сябе і за сваіх бацькоў. Для абгрунтавання такіх адносінаў Бэн Сірах кажа, што сам Бог «узвысіў айца над дзецьмі» (Сір 3, 2), а значыць надзяліў яго аўтарытэтам.

Паслухмянасць і пакора супраць ганарлівасці і граху

Бог, — як кажа Сірах, — уклаў у сэрца чалавека сваё вока, каб той быў здольны распазнаваць мудрасць Божых спраў і наказаў (гл. Сір 17, 8) і паслухмяна ісці за імі, перамагаючы сваю пыху, якая нараджае грэх. Бэн Сірах паказвае духоўную сувязь, якую кожны мае з Богам. Аднак чалавек мае вольную волю і можа выбіраць, таму мудрэц піша:

«Калі захочаш, выканаеш запаведзі,
а захаванне вернасці — Яго добрая воля.
Ён паклаў перад табою агонь і ваду,
да чаго захочаш выцягнеш сваю руку.
Перад чалавекам жыццё і смерць,
і што яму толькі спадабаецца,
тое будзе дадзена яму
» (15, 15–17).

Кожнаму стварэнню Бог вызначыў заданні і даў для гэтага здольнасці. Чалавек, як вянец гэтага стварэння, адначасова і вялікі, і слабы. Слабы, бо ў яго жыцці прысутнічае грэх, а вялікі, бо з’яўляецца вобразам Бога і атрымаў ад Яго паўнату годнасці ў адрозненне ад іншых стварэнняў (гл. Быц 1, 26). Каб захаваць гэтую веліч і годнасць, чалавек павінен здабыць мудрасць, а ўся мудрасць, як кажа Сірах, у выкананні прадпісанняў Закону/Торы. Той, хто захоўвае Божыя запаведзі, знаходзіцца на шляху да мудрасці. Да Сіраха ніхто не спалучаў гэтыя паняцці.

Першым крокам да выканання запаведзяў з’яўляецца глыбокая вера і пакора перад Богам, якую можна чэрпаць з вечнага жывога Божага слова, таму Сірах заклікае:

«Сыне, рабі свае справы ў пакоры,
і будзе любіць цябе чалавек богаўгодны.
Чым больш ты вялікі,
тым больш пакорным станавіся,
і тады знойдзеш ласку ў вачах Пана,
бо вялікая магутнасць Пана і праз пакорных
праслаўляецца Ён
» (3, 17–18).

Ад ганарыстага Бог адыходзіць (гл. Ёў 22, 29), а слава Пана — у чалавеку пакорным (гл. Сір 3, 20).

Вузкі шлях, які вядзе да Божай мудрасці, немагчыма знайсці, трымаючыся зацята свайго «я». Упэўненасць у тым, што можна быць шчаслівым і мудрым дзякуючы сваім намаганням, без Божай дапамогі — гэта цяжкі грэх. У сувязі з гэтым св. Павел пазней скажа: «Што ж маеш ты, чаго б не атрымаў? А калі атрымаў, то чаму хвалішся, нібыта не атрымаў?» (1 Кар 4, 7). Таму Сірах заклікае да паслухмянасці і пакоры перад Богам і іншым чалавекам, а менавіта перад айцом і маці, асабліва ў іх старасці і хваробе:

«Сыне, падтрымлівай айца свайго ў старасці
і не засмучай яго ў жыцці ягоным.
Калі нават пакіне яго розум, будзь паблажлівым,
не пагарджай ім, будучы ў паўнаце сваёй сілы
» (3, 12–13).

Шанаванне бацькі, — кажа Сірах, — прыносіць «уміласціўленне за грахі» (3, 3), а міласэрнасць\справядлівасць да айца «замест грахоў паселіцца ў табе» (3, 14). Мудрэц хоча паказаць, што шляхам да паяднання з Богам і магчымасцю цешыцца дабротамі не толькі вечнага шчасця, але і суцяшэннем у зямным жыцці з’яўляюцца бацькі — айцец і маці. Нават у дзень уціску, няшчасця і ліха такі чалавек спазнае суцяшэнне, а яго грахі знікнуць, як лёд у цёплае надвор’е.

Кожны ўціск (гр. θλῖψις [thlípsis] — бяда, няшчасце, гора, пакуты, смутак) бярэ пачатак з граху і з’яўляецца вынікам упадку стварэння. Усе катаклізмы, бедствы ўспрымаюцца чалавекам як Божая кара, як сродак для навяртання чалавека. Асабісты горкі досвед, прычынай якога маглі быць таксама іншыя людзі, таксама спрыяе пэўнаму перагляду свайго жыцця, але Бог пануе над усімі гэтымі выпрабаваннямі і нясе сваё суцяшэнне.

Усё падпарадкавана Богу, у Божай моцы знаходзіцца і адпушчэнне грахоў, якія перад Богам, Яго міласэрнасцю, спагадай і прыхільнасцю растаюць і знікаюць, нібы лёд у цёплых промнях сонца7. Сірах хоча пераканаць у гэтым, каб словы яго настаўлення не былі пустымі, але набылі сілу і заахвоцілі да глыбокіх разважанняў і канкрэтных справядлівых чынаў у адносінах з айцом і маці.

Бог — найлепшы Айцец

Не заўсёды ў жыцці можна бачыць ідэальны вобраз бацькі, абсалютна беззаганны і правільны. Нават натхнёныя аўтары на старонках Старога Запавету падаюць нямала такіх прыкладаў, як і сам Сірах:

«Не хваліся няславаю свайго айца,
бо не з’яўляецца славаю для цябе яго ганьба.
Бо слава чалавека паходзіць з пашаны яго айца,
а знявагаю для дзяцей становіцца няслава маці
» (3, 10–11).

Аднак у іх свядомасці моцна трывае разуменне прамой узаемазалежнасці: шанаванне бацькі — гэта паш ана Бога, знявага бацькі — гэта знявага Бога. Таму Сірах, працягваючы разважанне на тэму запаведзі, кажа:

«Той, хто пакідае бацьку, нібы блюзнер,
і пракляты Панам той, хто выклікае гнеў сваёй маці
» (3, 16).

Дзеепрыметнік, ужыты ў грэцкім тэксце βλάσφημος [blásphēmos] (гр. ὡς βλάσφημος — як той, хто гаворыць крыўду, праклінае, блюзнерыць; утвораны праз спалучэнне βλάβη — крыўда, шкода і φημί — гаварыць, сцвярджаць) блізкі па значэнні і па ўтварэнні з назоўнікам βλάσφημία [blásphēmía] — «блюзнерства, праклён, знявага», які ў Бібліі датычыць перадусім неадпаведных, няправільных адносінаў чалавека да Бога, датычыць крыўды або знявагі таго, што звязана з Богам. Выкарыстанне гэтага слова адносна чалавека, бацькі, нібы падкрэслівае паралель: той, хто зневажае, пакідае без апекі бацьку, блюзнерыць/зневажае таксама Бога.

Некаторае раз’ясненне падае Кніга Мудрасці (Мдр 2, 1–21). У ёй гаворыцца, што прычынай непавагі да старых з’яўляецца няведанне Бога і Яго адкідванне, а таксама празмерная чалавечая самаўпэўненасць. Правільныя адносіны да бацькоў — гэта адлюстраванне правільных адносінаў да Бога (Сір 3, 2). Гэтае разуменне падкрэслівае сам тэкст Сіраха. Калі Пан адпускае грахі, выслухоўвае малітвы і адорвае доўгім жыццём і багаццем, то робіць гэта, між іншым, за праяўленую пашану і міласэрнасць да бацькоў (3, 3. 5. 6). Ад таго, наколькі добра і адпаведна адносяцца дзеці да тых, хто іх нарадзіў, залежыць не толькі тое, ці яны самі будуць у будучыні адораныя дзецьмі праз Пана, але таксама, ці будуць мець з іх радасць (3, 5)8. І ад таго, ці шануе хтосьці маці, залежыць, ці адорыць іх Пан розным багаццем, ці не:

«Хто паважае маці сваю, той быццам скарбы збірае» (3, 4).

Ідучы за логікай Святога Пісання, парушэнне IV запаведзі непасрэдна звязана з аддаленнем ад Бога, з парушэннем адносін з Ім, а гэта ў сваю чаргу з’яўляецца вынікам няправільнага разумення Бога, скажэннем Яго вобраза, перанясеннем на Яго рысаў неідэальнага бацькоўства. Бог у вачах такіх людзей становіцца дэспатам, глухім, які іх не чуе і абыякавы да іх лёсу, што гэта моц, якая іх прыгнятае, знявольвае і не разумее іхніх патрэбаў. Аднак сам Бог пратэстуе супраць такога скажэння свайго вобраза і дае адказ на старонках Бібліі:

«Ці забудзе жанчына пра сваё немаўля,
хіба не пашкадуе сына ўлоння свайго?
Але калі нават і забудзе, Я не забуду пра цябе
» (Іс 49, 15).

«Я не адступлюся ад цябе і не пакіну цябе» (Нав 1, 5).

«Бо горы знікнуць,
і пагоркі захістаюцца,
але міласэрнасць Мая не адступіць ад цябе
» (Іс 54, 10).

«Цемру ператвару перад імі ў святло,
а няроўныя месцы — у раўніну.
Я зраблю гэта для іх
і не пакіну іх
» (Іс 42, 16).

І як рэха гучыць вызнанне псальміста:

«Калі б нават бацька і маці пакінулі мяне,
то Пан мяне прыме
» (Пс 27 [26], 10).

Ідэальным айцом, паводле Бібліі, з’яўляецца Бог, які і стварыў чалавека на свой вобраз і падабенства. Зямны айцец нібы яго далёкае адлюстраванне — як прадаўжальнік зямнога роду, галава сям’і (Эф 5, 22), як той, хто складае ахвяру Богу і ўзносіць за яе малітвы. Гэта той, хто сочыць за выхаваннем дзяцей, хто клапоціцца пра іх лёс, думае пра іх жаніцьбу і замужжа, хто клапоціцца пра гонар, дабрабыт і будучыню сям’і, пакаленняў. Ён айцец не толькі ў сэнсе перадачы фізічнага жыцця, але і той, хто выконвае святарскія функцыі і з’яўляецца маральным аўтарэтэтам. Паколькі Бог — самы дасканалы наш Айцец, то Яму належыць абсалютная паслухмянасць.

* * *

У біблійных тэкстах заўважаецца пэўная іерархія адносінаў, якая павінна стаць гарантам шчасця і спакою ў сям’і: Бог — бацька/бацькі — дзеці. З гэтай узаемазалежнасці нельга кагосьці выключыць ці змяніць іх іерархічны парадак, таму што будзе парушана раўнавага, і шалі сямейных адносінаў будуць разгойдвацца, адкрываючы дарогу граху. Хто пакідае бацьку, пакідае Бога, а калі даводзіць да гневу маці, то заслугоўвае праклёну ад Бога. Сірах паказвае, што існуе цесная сувязь паміж Богам, бацькамі і дзецьмі. Невыпадкова фрагмент Сір 3, 2–6. 12–14, які закранае тэму шанавання бацькоў, чытаецца падчас Імшы ў свята Святой Сям’і: Езуса, Марыі і Юзафа, якая з’яўляецца ўзорам правільных сямейных адносінаў.

Падсумоўваючы біблійныя разважанні Сіраха, можна сказаць, што бацька і маці з’яўляюцца для дзяцей шляхам да Бога. Менавіта таму Сірах распачынае сваё настаўленне як той, ад каго залежыць будучы лёс яго дзяцей:

«Мяне, айца, паслухайце, дзеці,
i так рабіце, каб вы былі збаўленыя
» (3, 1).

Выраз «каб былі збаўленыя» і дзеяслоў «збаўляць» (гр. σῴζω [sṓdzō]) можна разумець у сэнсе «быць вызваленым, уратаваным, выбаўленым, захаваным» ад усялякага ліха і зла, або «атрымаць дапамогу» ад кагосьці. Выбаўленне і дапамога могуць прыйсці не толькі непасрэдна ад Бога, але таксама ад Бога праз чалавека — айца і маці9.

Вартасць нашага жыцця, — як казаў св. Тамаш Аквінскі, — вымяраецца не доўгім жыццём, але тым, чым яно напоўнена10, а менавіта нашымі ўчынкамі і штодзённымі адносінамі, у першую чаргу да бацькоў, якія перадалі нам ад Бога дар жыцця і навучылі нас жыць Евангеллем. І пра гэта нагадвае нам запаведзь Дэкалогу, першага кодэксу законаў выбранага народу, у якім замацаваны не толькі філасофскія і тэалагічныя канцэпцыі, але таксама прынцыпы чалавечнасці і маральна- этычныя нормы, якія нясуць спакой і гармонію ў жыццё чалавека.


  1. У талмудычнай і рабіністычнай літаратуры ёсць розныя погляды адносна падзелу запаведзяў на дзесяць словаў. Паводле прынятай габрэйскай традыцыі, гэтая запаведзь была пятай. Такі погляд адстойвае таксама Майманід.
  2. Габрэйскі тэкст кнігі быў напісаны ў 180 г. да нараджэння Хрыста на тэрыторыі Палестыны, незадоўга да паўстання Макабэяў, калі панавала прымусовая элінізацыя. Яе пераклад на грэцкую мову быў зроблены ў дыяспары на тэрыторыі Егіпта недзе каля 135 г. да нараджэння Хрыста.
  3. Пар. W. Popielewski OMI, Między kruchością a wielkością człowieka. Refleksja Syracha nad tajęmnicą ludzkiego istnienia, «Verbum Vitae», 15 (2009), с. 62.
  4. Пар. тамсама, с. 63.
  5. Пар. I. Balla, Ben Sira on Family, Gender, and Sexuality [у:] Deuterocanonical and Cognate Literature Studies (ed. Friedrich V. Reiterer, Beate Ego, Tobias Nicklas), v. 8, De Gruyter 2011, с. 12, 21.
  6. Пар. J. Kułaczkowski, Skutki miłosierdzia okazywanego ojcu wobec synа w ujęciu Syr 3, 14–15, «Rocznik teologii katolickiej», t. VII, rok 2008, с. 103.
  7. Пар. J. Kułaczkowski, Skutki miłosierdzia okazywanego ojcu wobec synа w ujęciu Syr 3, 14–15, «Rocznik teologii katolickiej», t. VII, rok 2008, с. 108.
  8. Пар. J. Turkiel, Cześć Ojcu, szacunek matce w księdze Syracha 3, 1–16, «Słupskie Prace Filologiczne. Seria Filologia Polska 2», 2004, с. 7.
  9. Пар. I. Balla, Ben Sira on Family, Gender, and Sexuality [у:] Deuterocanonical and Cognate Literature Studies (ed. Friedrich V. Reiterer, Beate Ego, Tobias Nicklas), v. 8, De Gruyter 2011, с. 14.
  10. Пар. Sancti Thomae de Aquino, Collationes in decem praeceptis, articuli 6: De quarto praecepto [online] http://www.corpusthomisticum.org/cac.html (доступ: 30. 09. 2019).


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY