Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(91)/2020
Год Яна Паўла ІІ

НЕ БОЙЦЕСЯ! АДЧЫНІЦЕ ДЗВЕРЫ ХРЫСТУ!
Размова Крыстыны ЛЯЛЬКО з мастаком Сяргеем ШЭМЕТАМ OCD
ПРЫЦЯЖЭННЕ СВЯТАСЦІ
Спадчына

«ШЛЯХАМ ДЗІВАЎ І ЎРАЖАННЯЎ»
Зацемкі з падарожжа ў Рым
Юбілеі

БІБЛІЯ ЯК КРЫНІЦА ПАЭТЫЧНАГА НАТХНЕННЯ КАЗІМІРА СВАЯКА
Да 130-годдзя з дня нараджэння паэта і святара
У святле Бібліі

СТАЎЛЕННЕ ДА БАЦЬКІ І МАЦІ
Чацвёртая запаведзь у навучанні Сіраха (3, 1–16)
Адукацыя
Святыя Каталіцкага Касцёла

СЭРЦА Ў ПОПЕЛЕ
Пераклады

ВЕРШЫ
Прэзентацыя

ПАЛЁТ ЗА РАМКІ ТРАДЫЦЫЙНАГА
Паэзія

БЯЛЫНІЧЫ

НЕ БОЙСЯ...
З архіваў часу

ПАРАЗА
Пра тое, як 100 гадоў таму пачыналася эпоха свабоды сумлення без свабоды
Асобы
Мастацтва

ДАСКАНАЛЫ ДЗЮРЭР
Прэзентацыя
Культура

Ігар СУРМАЧЭЎСКІ

ЛЁС ПРЫВАТНЫХ КАЛЕКЦЫЙ НА БЕЛАРУСI Ў XVI–XX стст.

Веранэзэ. «Пакланенне Каралёў».
Эрмітаж. Санкт-Пецярбург.
Былая ўласнасць Сапегаў.

На сусветных антыкварных аўкцыёнах дагэтуль можна сустрэць рэшткі нашай некалі багатай, а цяпер страчанай спадчыны. Былая веліч нашай дзяржавы, як дыяменты, раскіданыя па музеях і прыватных зборах па ўсім свеце. Гэта маленькая частка таго, што было сабрана ў шматлікіх шляхетных прыватных зборах Беларусі. Некалі кожны паважаючы сябе ўладар нават невялікага маёнтка меў тое-сёе са старасветчыны, каб паказаць сябрам, што яго род сягае ў сівую даўніну.

Калекцыя Радзівілаў магла стаць асноваю нашага беларускага нацыянальнага збору, які не саступаў бы Эрмітажу, але, на вялікі жаль, яна ў большасці страчаная для Беларусі. Нясвіжская калекцыя збіралася на працягу XVI–XX стст. Пачатак ёй даў Мікалай Радзівіл Сіротка (1549–1616), які заснаваў калекцыю партрэтаў у Нясвіжскім замку. Уражвае колькасць культурных каштоўнасцяў, што ўваходзілі ў гэтую вялізную калекцыю: 984 карціны (сярод якіх быў нават Рэмбрант), каштоўныя скульптуры, шпалеры, залататканыя слуцкія паясы, зброя, сфрагістыка, бібліятэка ў 20 000 тамоў (дарэчы, яна была вывезеная яшчэ ў 1772 г. генералам Бібікавым у Санкт-Пецярбург). У Нясвіжскім архіве зберагаліся найкаштоўнейшыя дакументы Вялікага Княства Літоўскага. Сам кароль Жыгімонт ІІ Аўгуст дае прывілей Мікалаю Радзівілу Чорнаму на заснаванне дзяржаўнага архіва, каб там зберагаліся галоўныя прывілеі і граматы ВКЛ. Адных пергаментаў там зберагалася 1 246 адзінак, а ўсяго ў архіве было 589 206 дакументаў.

Гіcтарычныя катаклізмы трагічна адбіліся на лёсе нясвіжскай калекцыі. Апошнім нясвіжскім уладаром па прамой лініі быў князь Дамінік Радзівіл, які змагаўся ў вайне 1812 года на баку напалеонаўскай арміі з мараю адрадзіць незалежнасць Радзімы — Рэчы Паспалітай. Таму не дзіва, што расейскія войскі пад кіраўніцтвам П. Чычагава, заняўшы Нясвіж, разрабавалі палац — у Пецярбург было вывезена 13 падводаў нясвіжскіх каштоўнасцяў. Рарытэты трапілі ў Эрмітаж, частка дасталася Успенскаму сабору ў Маскве. Найбольш каштоўныя рэчы трапілі ў Аружэйную палату Крамля. Збор медалёў і манетаў быў перададзены Харкаўскаму ўніверсітэту, дзе пазней на яго аснове адчынілі музей.

Прадоўжылі рабаванне каштоўнасцяў бальшавікі, якія так неахайна адносіліся да архіва Радзівілаў, што калі ён «зберагаўся» ў будынку АН Беларусі, «документы потерпели ущерб от разных посторонних лиц, искавших … бумагу для сигарет и даже бумагу для растопки печей»! Каштоўная зброя была перададзена на кінастудыю. У 1950 г. у Польшчу з нясвiжскай калекцыi было падаравана 89 экспанатаў. Так многія рарытэты трапілі за мяжу, і калекцыяй зброі мы можам цяпер любавацца ў Варшаве, Нью-Ёрку, Аружэйнай палаце Крамля, а «Польскім вершнікам» Рэмбранта ў музеi Метраполітэн.

Па прыкладзе Радзівілаў стаў камплектаваць сваю калекцыю знакаміты ў ВКЛ магнацкі род Сапегаў — гэта так званы Сапежанскі збор. Пачатак калекцыі быў пакладзены ў беларускім Парфеноне — Ружанах. Дбаннем Льва Сапегі там ствараецца калекцыя сапраўды еўрапейскага ўзроўню. У карціннай галерэі змяшчаліся працы мясцовых і заходнееўрапейскіх майстроў, была створана галерэя партрэтаў роду Сапегаў, пачынаючы з канцлера Льва Сапегі (1557–1633), сабраная калекцыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, гравюры, ружанскія шпалеры, слуцкія паясы, абразы, залатарства.

Ружанскі палац быў разбураны ў час канфедэрацыі 1698 года, калі Сапега выступіў на баку шведаў супраць хаўруснікаў Пятра І. У пачатку XVIII ст. палац перабудоўваецца і адначасова пачынаецца ўзвядзенне новай рэзідэнцыі ў Дзярэчыне, дзе Сапежанскі збор яшчэ больш абнаўляецца і ўзбагачаецца. Але лёс Сапежынскага збору такі ж трагічны, як і лёс нясвіжскай калекцыі Радзівілаў. Яўстахій Сапега прыняў актыўны ўдзел у паўстанні 1830–1831 гг. супраць Расеі. На яго маёмасць, у тым ліку і на Сапежынскі збор, быў накладзены сэквестр. Пасля задушэння паўстання, як вядома, быў скасаваны Статут ВКЛ, які юрыдычна яшчэ дзейнічаў на тэрыторыі былога Княства, быў зачынены Віленскі ўніверсітэт. Усе каштоўнасці з палаца ў Дзярэчыне былі перавезеныя ў Пецярбург — сам Мікалай І пажадаў уласнаручна перабраць нарабаванае дабро. Першая партыя з 26-ці вялікіх скрыняў прыбыла на пільны агляд цара, які «высочайше повелеть соизволил», што пакінуць у Эрмітажы, а што накіраваць у Акадэмію мастацтваў, у Імператарскую Тэатральную дырэкцыю або адвезці на парцалянавы завод. Каштоўная бібліятэка і архіў таксама былі разрабаваныя — кнігазбор амаль цалкам быў вывезены ў Пецярбург (з нашай спадчынай мы можам пазнаёміцца ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Пецярбургу); архіў Сапегаў трапіў у Мастацкую акадэмію ў Кракаве, у Публічную бібліятэку Польшчы, у Вільню. Асноўная частка архіва цяпер знаходзіцца ў Цэнтральнай бібліятэцы Акадэміі навук Літвы. Архівы, сабраныя намаганнямі 15-ці пакаленняў сапегаўскага роду, разляцеліся па ўсім свеце, і толькі на Беларусі не збераглося аніводнага аркуша.

Нагалоўнік каня.
З даспехаў Мікалая Радзівіла Чорнага.
Майстар Конрад Лохнер Нюрнберг.
XVI ст. Метраполітэн Музей. Нью-Ёрк.

Але вернемся ў 1834 год. У Пецярбург тады прыбыла новая, ужо другая, партыя нарабаваных каштоўнасцяў. Цар, агледзеўшы размешчаныя ў Іспанскай зале Эрмітажа карціны, партрэты, медалі і іншыя рэчы (усяго 37 скрыняў) «высочайше соизволил сделать оным различные назначения, а некоторые повелел уничтожить». Можна здагадацца, якія карціны найперш спалілі — тыя, што сведчылі пра былую веліч Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.

Антыкварную зброю адвезлі ў Анічкаў палац. Увогуле ж з Дзярэчына было вывезена 303 пуды 25 фунтаў карцінаў і каштоўных упрыгожванняў (сярод іх знакаміты кубак «Іван»). Вопіс гэтых рэчаў складае 124 старонкі дробным канцылярскім шрыфтам. Адну з найкаштоўнейшых рэчаў з гэтага вопісу можна і сёння пабачыць у Эрмітажы — гэта «Пакланенне Трох Каралёў» П. Веранэзэ, але многія беларусы, аглядаючы гэты манументальны твор, і не здагадваюцца, адкуль ён з’явіўся ў Пецярбургу...

Адна з найбуйнейшых бібліятэк Беларусі ў XVIII ст. знаходзілася ва ўладаннях Храптовічаў у Шчорсах. Пасада канцлера ВКЛ садзейнічала таму, што Яўхім Храптовіч меў магчымасць збіраць важныя граматы і дакументы. Ён набываў усе кнігі, энцыклапедычныя выданні, выпісваў перыёдыку Рэчы Паспалітай, Расіі і еўрапейскіх краінаў. Яго кнігазбор налічваў у 1812 годзе 15 000 тамоў. У пачатку 1920-х гадоў калекцыя Храптовічаў была нацыяналізаваная, збор старажытнасцяў і творы мастацтва былі вывезеныя ў Маскву, а кнігі і архіў — у Пецярбург.

Уладальнікі Лагойска Тышкевічы таксама вызначыліся на глебе калекцыянерства. У 1814–1819 гадах Тышкевічы будуюць новы палац, адметны хараством архітэктуры і раскошаю інтэр’ераў. Лагойск становіцца вядомы як месца, адкуль пачалася айчынная археалогія, а першымі прафесійнымі археолагамі былі браты Канстанцін і Яўстахій Тышкевічы. Яны сабралі вялікую каштоўную калекцыю старажытнасцяў: егіпецкія муміі, здабыткі культуры Старажытнай Грэцыі і Рыма. У 1856 годзе Тышкевічы адчынілі ў Вільні музей матэрыяльнай культуры старажытнай Беларусі, дзе быў унікальны збор беларускіх кальчугаў, пячатак з Супральскай Лаўры і Куцейніцкага манастыра. У 1864 годзе па загадзе генерал-губернатара Мураўёва, які назваў музей «гнездом польской интриги», каштоўныя экспанаты былі прызнаныя шкоднымі і адпраўленыя ў маскоўскія музеі, а Віленскі музей быў прыстасаваны для дэманстрацыі «живых свидетельств, искони присущей здешнему краю русской жизни». Значная частка збору Тышкевічаў цяпер знаходзіцца ў Варшаве, у Нацыянальным музеі. Так, у аддзеле антычнага свету подпісы пад многімі экспанатамі зроблены з пазнакаю «Са збору Тышкевічаў у Лагойску».

У сваім захапленні калекцыянаваннем Радзівілы, Сапегі і Тышкевічы былі не адзінокія. Трапіўшы ў кожную з беларускіх сядзібаў ХІХ ст., мы былі б уражаныя калекцыяй, якую клапатліва збіралі некалькі пакаленняў шляхецкага роду — калекцыя старажытных гадзіннікаў і падсвечнікаў Незабытоўскіх у Бацэвічах; знакаміты нумізматычны збор Эмерыка Чапскага ў Станькаве; калекцыя сякераў каменнага веку ў сядзібе Анелін роду Выкоўскіх; багатая галерэя карцін з партрэтамі вялікіх князёў літоўскіх і польскіх каралёў змяшчалася ў сядзібе Пуслоўскіх у Альберціне, а магнаты Горваты ў сядзібе Барбараў каля Мазыра маглі пахваліцца арыгіналамі пэндзля Рэмбранта і Рубенса. Касакоўскія з Вялікай Бераставіцы здзіўлялі гасцей творамі самаго Альбрэхта Дзюрэра. На жаль, усё гэта засталося для беларусаў у былым і цяпер цешыць позірк у чужых музеях, бібліятэках i зборах.

Келіх. XIX ст.
Дар графа Міхала Тышкевіча.
Келіх. Срэбра, XVI ст.
Дар Віленскага біскупа
Юрыя Радзівіла.
Манстранцыя. Срэбра. XVIII ст.
Дар Вінцэнта Гасеўскага,
гетмана ВКЛ.

Нам не шкодзіла б павучыцца ў захаванні сваёй спадчыны ў суседзяў. Узгадаем гісторыю пра знакаміты «Віленскі скарб», кошт якога перавышае скарб усяго Цэнтрабанка Літвы. Каштоўнасці былі выпадкова знойдзены пры мантажы сістэмы кандыцыянавання паветра для карцін у сутарэннях катэдральнага касцёла (на той час гэта была карцінная галэрэя). Мы, студэнты БТМІ, вандруючы на практыку ці проста на «прадвінутыя» мастацкія выставы ў савецкі час, неаднаразова наведвалі віленскую катэдру, каб падзівіцца на жывапіс Ваньковіча, Дамеля і Рушчыца. Хто з нас ведаў тады, які найвялікшы скарб схаваны ў нас пад нагамі!..

На той час аб кожнай мастацкай знаходцы трэба было паведаміць у Маскву — даведацца, як распарадзіцца багаццем «старэйшая сястра». Вядома, што ўвесь скарб пры гэтым папоўніў бы экспазіцыю музеяў Расіі. «Віленскі скарб» уразіў літоўцаў сваім багаццем і прыгажосцю: тут былі залатыя і сярэбраныя келіхі, манстранцыі, падсвечнікі, упрыгожаныя брыльянтамі, індыйскімі сапфірамі, ізумрудамі, афрыканскімі рубінамі — усё гэта было ахвяраванне беларускіх магнатаў Радзівілаў, Сапегаў, Тышкевічаў віленскім святыням у XVI–XIX стcт. Музейныя і партыйныя чыноўнікі, міністры і сакратары ЦК Кампартыі Літвы вырашылі маўчаць, каб здабытак дзяржавы не быў вывезены ў Расію. «Віленскі скарб» быў ізноў замураваны, і ніхто з відавочцаў не прагаварыўся пра яго існаванне.

Калі савецкія войскі ў 1991 годзе спрабавалі ўзяць штурмам Вільнюскі тэлецэнтр, сам дырэктар мастацкай галерэі мясіў раствор у сутарэннях былой ратушы, каб скрыні з каштоўнасцямі яшчэ раз перазахаваць глыбей, у доўгія, цёмныя падземныя казематы. І цяпер незалежная Літва ганарыцца сваімі скарбамі (у большасці зробленымі беларускімі майстрамі)...

А колькі каштоўнасцяў Беларусь страціла ў ліхалецці Айчыннай вайны! І сваю нацыянальную святыню — крыж Еўфрасінні Полацкай, і залаты ключ Магілёва, дадзены гораду паводле магдэбурскага права, і сярэбраную булаву Жыгімонта ІІІ, і сярэбраную мітру Георгія Каніскага, і абраз Бялыніцкай Божай Маці, упрыгожаны сярэбранай шатай з каштоўнымі камянямі... Як пералічыць усе нашыя страты?

У той час, калі гісторыю ВКЛ ледзь не шэптам вывучалі ў савецкіх школах, у Літве была створана камісія па вяртанні спадчыны ВКЛ, і нашы суседзі на гэтай хвалі нават намагаліся вывезці надмагілле Сапегаў з Гальшанскага францішканскага касцёла, але мясцовая інтэлігенцыя не дала здзейсніцца гэтаму злачынству...

У той жа Расіі знаходзяцца патрыёты, якія не шкадуюць сродкаў, каб вяртаць на Радзіму творы Фабержэ ці іканастас XVI ст. з Салавецкага манастыра, якія па волі гістарычных абставінаў апынуліся ў Еўропе. Ёсць рускія калекцыянеры — В. Бандарэнка, А. Ліпніцкі, В. Мамот і інш., якія маюць іконы XV–XIX стст., і яны няблага глядзяцца побач з шэдэўрамі Траццякоўкі і Музея імя Андрэя Рублёва. А дзе ж тыя патрыёты-калекцыянеры ў нас? Калі апошні раз была выстава старажытнага беларускага мастацтва з прыватных збораў?

Адноўленыя замкі ў Нясвіжы і Міры далі штуршок беларусам больш цікавіцца сваёй гісторыяй і культурай, усвядоміць сябе часткаю еўрапейскай культурнай спадчыны, якой былі спрадвеку. Можа, гэта нарэшце абудзіць беларусаў зрабіць першыя крокі да вяртання сваіх каштоўнасцяў з-за мяжы. Ужо ёсць і першыя прыклады — вяртанне ў магілёўскі музей Статута ВКЛ, выдадзенага ў друкарні Мамонічаў; выстава беларусаў-мастакоў з Парыжскай школы першай паловы ХХ стагоддзя; выстава старадаўніх мапаў ВКЛ з прыватных калекцый і іншыя, годныя наследавання, прыклады. Гэта дае надзею на тое, што высакародная справа зрушылася з месца і калекцыі музеяў і мецэнатаў парадуюць нас у бліжэйшы час вернутымі скарбамі нашай спадчыны. Можа, і дачакаемся мы вяртання крыжа Еўфрасінні Полацкай...


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY