Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(91)/2020
Год Яна Паўла ІІ

НЕ БОЙЦЕСЯ! АДЧЫНІЦЕ ДЗВЕРЫ ХРЫСТУ!
Размова Крыстыны ЛЯЛЬКО з мастаком Сяргеем ШЭМЕТАМ OCD
ПРЫЦЯЖЭННЕ СВЯТАСЦІ
Спадчына

«ШЛЯХАМ ДЗІВАЎ І ЎРАЖАННЯЎ»
Зацемкі з падарожжа ў Рым
Юбілеі

БІБЛІЯ ЯК КРЫНІЦА ПАЭТЫЧНАГА НАТХНЕННЯ КАЗІМІРА СВАЯКА
Да 130-годдзя з дня нараджэння паэта і святара
У святле Бібліі

СТАЎЛЕННЕ ДА БАЦЬКІ І МАЦІ
Чацвёртая запаведзь у навучанні Сіраха (3, 1–16)
Адукацыя
Святыя Каталіцкага Касцёла

СЭРЦА Ў ПОПЕЛЕ
Пераклады

ВЕРШЫ
Прэзентацыя

ПАЛЁТ ЗА РАМКІ ТРАДЫЦЫЙНАГА
Паэзія

БЯЛЫНІЧЫ

НЕ БОЙСЯ...
З архіваў часу

ПАРАЗА
Пра тое, як 100 гадоў таму пачыналася эпоха свабоды сумлення без свабоды
Асобы
Мастацтва

ДАСКАНАЛЫ ДЗЮРЭР
Прэзентацыя
Культура

Эла ДЗВІНСКАЯ

ДОЙЛІД, ЯКІ ПРЫСВЯЦІЎ СВОЙ ТАЛЕНТ САКРАЛЬНЫМ ЗАБУДОВАМ

А. Базевіч і яго праекты.

«Нас клічуць святыні —
Душы — Супакой і Надзея,
Дарогу ў вечнасць яны дапамогуць знайсці.
Дабром і спагадай
Напоўняцца нашыя сэрцы
І з Божаю ласкай пакрочым далей па жыцці!»

Не часта ў штодзённым жыцці даводзіцца сустракаць чалавека, які запраектаваў і давёў да завяршэння будаўніцтва 27 касцёлаў, 14 цэркваў, сацыяльных і грамадскіх аб’eктаў на Беларусі і ў Расіі, змяніў ландшафт на прыгожы і гарманічны, дапамог напоўніць душы людзей верай і прыгажосцю. Такая прыемная магчымасць выпала мне падчас правядзення персанальнай выставы Аляксандра Францавіча Базевіча ў белай зале Чырвонага касцёла ў лістападзе 2019 года.

На выставе былі прадстаўлены праекты касцёлаў, якія ўпрыгожылі Беларусь у апошнія дзесяцігоддзі: касцёл св. Казіміра ў Стоўбцах, касцёл св. Яна ў Волме, каталіцкі цэнтр св. Арханёла Міхала ў Смаргоні, касцёл св. Яна ў Клецку, касцёл Маці Божай Ружанцовай у Мінску. Самы буйны і складаны яго аб’ект — Хрысціянскі цэнтр імя св. Яна Боскі ў Смаргоні, які выконвае адукацыйную, выхаваўчую і камунікатыўную функцыю. Майстар атрымаў дыплом Беларускага саюзу архітэктараў на Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе архітэктурных твораў. Таксама спадар Аляксандр выканаў праект касцёла у гонар св. айца Піо ў горадзе Ульянаўску ў Расіі.

Аляксандр Францавіч Базевіч, архітэктар, дырэктар творчай майстэрні, ганаровы грамадзянін Смаргоні, не толькі падзяліўся са мною сваім досведам і пачуццямі, але і запрасіў дадому, пазнаёміў з сям’ёй. Ва ўтульным хатнім пакоі, дзе мэбля, паліцы, драўляная скульптура выраблены яго рукамі, мы пагутарылі з яго 86-гадовай матуляй Аленай Іванаўнай.

40 гадоў працавала Алена Іванаўна настаўніцай пачатковых класаў у Жодзішках. Сярод яе выхаванцаў ёсць прадстаўнікі ўсіх прафесій: настаўнікі, лекары, будаўнікі. «Назбіраю трыццаць маленькіх «грачанятак», а праз 1,5–2 месяцы яны ў мяне ўжо буквар чытаюць!» — узгадвае яна. Яе муж Франц Вікенцьевіч Базевіч спачатку працаваў на МТС, а потым доўгі час кіраваў машынай хуткай дапамогі. Алена Іванаўна — праваслаўная, а Франц Вікенцьевіч быў католікам. Яго бацька Вікенцій Андрэевіч паходзіў з Гервятаў. Першым у сужэнцаў нарадзіўся Міхаіл, малодшы Аляксандр прыйшоў на свет у 1962 годзе.

На маляўнічым беразе Віліі ў Жодзішках узвышаецца старажытны касцёл, пабудаваны Еранімам Комарам і адчынены яго сынам Крыштафам у 1612 годзе. Святыня зведала цяжкія часы разбурэння і спусташэння: у гады Першай сусветнай вайны у ёй быў шпіталь, а потым — абутковае прадпрыемства. У 1937 годзе ўнутраная частка касцёла была ўпрыгожана фрэскамі Пятра Сергіевіча. Тут служыў ксёндз В. Гадлеўскі, які вёў службу па-беларуску.

Аляксандр Францавіч з мамаю Аленай Іванаўнай і сабакам Голдзі.

У 60-я гады ХХ стагоддзя ахрысціць сына школьнай настаўніцы было няпроста, бо за гэта пагражала вымова і больш сур’ёзныя спагнанні. «Калі я везла вазок з сынам, прыйшлося схавацца за статак кароў, якія вярталіся з поля. Муж і хросныя ішлі ваколіцай з іншага боку. У касцёле ўжо чакаў святар», — успамінае Алена Іванаўна.

Аляксандр быў з дзяцінства гаспадарлівым, працавітым: дапамагаў бацьку будаваць дом, любіў маляваць. На яго дзіцячае ўражанне моцна ўплываў будынак езуіцкага калегіума, што стаяў за 300 метраў ад касцёла, і вадзяны млын у лашчыне, падмурак якога быў зроблены з вялікіх камянёў. Гэтыя забудовы выклікалі цікавасць, якая паступова стала прафесійнай.

У 1978 годзе Аляксандр паступіў у Мінскі архітэктурны тэхнікум, дзе пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Марыяй, якая скончыла тэхнікум з чырвоным дыпломам. Аляксандр шмат увагі ўдзяляў фізічнай падрыхтоўцы, займаўся боксам і каратэ, служыў у войску ў Карэліі і ў Ленінградзе.

Пасля службы сям’я з дзвюма дачушкамі жыла ў пакоі інтэрната. Аляксандр працаваў каменшчыкам, выконваў абавязкі майстра і старшага майстра, быў начальнікам ПТА і вучыўся на вячэрнім аддзяленні ў БНТУ ў Мінску. З 1990 года ён працаваў у інстытуце «БелНДІгіпрасельбуд». Ягоны першы праект па рэканструкцыі грамадскага цэнтра ў Жодзішках атрымаў дыплом першай ступені Саюзу архітэктараў СССР у 1991 годзе.

«90-я гады былі выпрабаваннем: спецыялісты розных галінаў цяжка перажывалі развал Савецкага Саюза. Паўставала шмат пытанняў, бо многія заказчыкі зніклі, трэба было вызначыць, што праектаваць і будаваць, як жыць далей, — успамінае доктар архітэктуры, прафесар Сяргей Аляксеевич Сергачоў. — Аляксандр Базевіч не здрадзіў прафесіі: працягваў праектаваць катэджы, школы, грамадскія будынкі, але сэрца паклікала яго да стварэння культавых аб’ектаў. Трэба сказаць, што тады яшчэ не было распрацаванай нарматыўнай дакументацыі на такія сучасныя забудовы, тэма была новай. Аб’екты рэлігійнага прызначэння ў яго выкананнні атрымалі высокае гучанне, у іх праявіліся рысы беларускай архітэктуры».

На выставе ў Чырвоным касцёле: кс. Кірыл Бардонаў,
Марыя Іванаўна і Аляксандр Францавіч Базевічы.

Першым такім аб’ектам была невялікая капліца ў Залессі, а першы касцёл па яго праекце быў пабудаваны ў Крэве ў 1993 годзе. У 2002 годзе Аляксандр Базевіч займаўся рэканструкцыяй гарадскога пасёлка Мір, значна ўпрыгожыў і аднавіў яго. Аляксандр Базевіч таксама выканаў праекты каталіцкіх святыняў у Любчы, Стоўбцах, Негарэлым, Волме, Фаніпалі, на Каменнай Горцы ў Мінску, праваслаўных цэркваў у Смаргоні і Барысаве. Сакрэт яго поспехаў — у велізарнай працаздольнасці, трывалай цікавасці да творчага працэсу і да жыцця. 25 аб’ектаў запраектаваў дойлід толькі ў Смаргоні, дзе праходзіла яго персанальная выстава. У ёй удзельнічаў кс. Здзіслаў з каталіцкага цэнтра і мэр Смаргоні, якія сардэчна падзякавалі архітэктару за яго нястомную працу.

Шмат разоў Аляксандру Францавічу даводзілася выязджаць на месцы будоўлі, назіраць за тым, як узводзіцца храм, быць патрабавальным да будаўнікоў і настойлівым, уносіць свае карэкціроўкі на месцы, каб аб’ект адпавядаў першапачатковай задуме.

Паспяховым рашэннем спадар Аляксандр лічыць праект і будаўніцтва Богаяўленскай царквы ў Барысаве (2005), побач з якой усталяваны масіўны крыж. Яго руплівасцю паўстаў храм св. Канстанціна і Алены ў Жодзішках (2003).

Аляксандр Францавіч неаднаразова атрымліваў дыпломы Саюзу архітэктараў СССР, Беларускага саюзу архітэктараў, быў дыпламантам Міжнароднага конкурсу «Леанарда-2005», удзельнікам выставы «Экспа-2010» ў Пекіне, фестывалю Грамадскай і паркавай архітэктуры 2013 года, фестывалю архітэктуры 2015 года. Ён выкладаў на архітэктурным факультэце БДПА, друкаваў артыкулы па праблемах беларускай архітэктуры.

Добра ўдаюцца майстру праекты грамадскага прызначэння, такія як бізнес-цэнтр «Падол» у Гродне (1994–1995), цэнтр фірмы «Грэйп» у Салігорску, гандлёвы цэнтр «Сафія» ў Бабруйску (2008), шэраг аб’ектаў агратурызму: сямейны турыстычны комплекс у Заслаўі, турыстычная база на Браслаўскіх азёрах, экасядзіба «Налібоцкая пушча», комплекс Крэўскага маёнтка на трасе Мінск — Вільня, фальварак «Вяча» ў в. Дафарэнцыя Мінскага раёна і іншыя. Праектаваў майстар і ўтульныя катэджы для сваіх сяброў.

На выставе ў Чырвоным касцёле: спявае хор «Сantus Cordis».

Аляксандр Базевіч неаднаразова наведваў Германію, Францыю, Швейцарыю, дзе бачыў мноства старажытных сабораў і помнікаў архітэктуры, але са смуткам заўважаў, што вядомыя еўрапейскія святыні стаяць амаль пустыя, затое невялічкія беларускія касцёлы і такія цэнтры, як у Смаргоні, напоўнены сапраўдным жыццём: гучыць музыка, спевы, ладзяцца тэатральныя пастаноўкі, салезіянская моладзь развівае сваю творчасць. І гэта радуе і абнадзейвае.

У працы над праектамі і чарцяжамі яму дапамагаюць архітэктар Дзяніс Патапенка і жонка Марыя Іванаўна. У Аляксандра Францавіча і Марыі Іванаўны дзве дачкі — Яна і Алёна, дзве ўнучкі і ўнук. Дарослыя дачушкі жывуць з сем’ямі за мяжой.

«Нявестачка Марыя ў мяне — як золата, незаменная, душэўны чалавек!» — кажа маці Алена Іванаўна. Марыя Іванаўна піша ўзнёслыя вершы на беларускай мове. Яна падтрымлівае свайго мужа справай і словам, натхняе і акрыляе яго, бо верыць, што талент дапамагае крочыць наперад, пераадольваць нягоды, ажыццяўляць мары. Да ўсяго — яна добрая гаспадыня. У іх кватэры жывуць верныя калматыя сябры: сабака і котка, у акварыуме плаваюць чарапахі. Спакой і трываласць стварае драўляная мэбля, зробленая самім гаспадаром…

«Мне як святару асабліва прыемна ўсведамляць, што праекты Аляксандра Базевіча сталі не проста працай высокакваліфікаванага спецыяліста, — сказаў кс. Францішак Рудзь пасля выставы твораў майстра ў касцёле Маці Божай Будслаўскай на Каменнай Горцы ў Мінску. — Яны прасякнутыя любоўю да Беларусі і яе традыцый. Вельмі часта вернікі захапляюцца прыгажосцю храма, але не задумваюцца аб тым, хто першы ўбачыў яго ў сваіх думках і марах».

Эла Дзвінская.
Фота аўтара.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY