Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(91)/2020
Год Яна Паўла ІІ

НЕ БОЙЦЕСЯ! АДЧЫНІЦЕ ДЗВЕРЫ ХРЫСТУ!
Размова Крыстыны ЛЯЛЬКО з мастаком Сяргеем ШЭМЕТАМ OCD
ПРЫЦЯЖЭННЕ СВЯТАСЦІ
Спадчына

«ШЛЯХАМ ДЗІВАЎ І ЎРАЖАННЯЎ»
Зацемкі з падарожжа ў Рым
Юбілеі

БІБЛІЯ ЯК КРЫНІЦА ПАЭТЫЧНАГА НАТХНЕННЯ КАЗІМІРА СВАЯКА
Да 130-годдзя з дня нараджэння паэта і святара
У святле Бібліі

СТАЎЛЕННЕ ДА БАЦЬКІ І МАЦІ
Чацвёртая запаведзь у навучанні Сіраха (3, 1–16)
Адукацыя
Святыя Каталіцкага Касцёла

СЭРЦА Ў ПОПЕЛЕ
Пераклады

ВЕРШЫ
Прэзентацыя

ПАЛЁТ ЗА РАМКІ ТРАДЫЦЫЙНАГА
Паэзія

БЯЛЫНІЧЫ

НЕ БОЙСЯ...
З архіваў часу

ПАРАЗА
Пра тое, як 100 гадоў таму пачыналася эпоха свабоды сумлення без свабоды
Асобы
Мастацтва

ДАСКАНАЛЫ ДЗЮРЭР
Прэзентацыя
Культура

Яраслаў ЧАПЛЯ

ПАРАЗА

Пра тое, як 100 гадоў таму
пачыналася эпоха свабоды сумлення без свабоды

Ужо праз тры месяцы пасля кастрычніцкіх падзей 1917 года новая ўлада прыняла дэкрэт «Аб свабодзе сумлення, царкоўных і рэлігійных таварыствах», які неўзабаве атрымаў больш прывычную для нас назву — «Аб аддзяленні Царквы ад дзяржавы і школы ад Царквы».

І адразу ж спярша чэкісты, а пасля іх наступнікі з АДПУ і НКВД пачалі «набіваць руку» ў барацьбе з рэлігіяй. Сярод метадаў у гэтай барацьбе былі як прымітыўна-банальныя, характэрныя для ўсіх дыктатарскіх рэжымаў, — абмежаванне свабодаў, зняволенні і забойствы, так і выдасканаленыя, скіраваныя на разбурэнне законаў маралі і падаўленне волі асобы. Можна сказаць, што «арсенал» гэтых метадаў быў напрацаваны ў 1920-я гады. Пазней, зыходзячы з канкрэтнай сітуацыі, з яго бралася тое ці іншае, але ні партыйныя, ні рэпрэсіўныя органы нічога новага прыдумаць ужо не здолелі. Дык чым жа маглі ганарыцца першапраходцы-змагары з верай і ці далі іх высілкі плён?

Узгаданы дэкрэт пазбавіў Царкву статуса юрыдычнай установы і права валодання маёмасцю. Таму з пункту гледжання дзяржавы канфіскацыя з рэлігійных будынкаў прадметаў культу з каштоўных металаў і з наяўнасцю каштоўных камянёў адбывалася на законных падставах. Ды святары і вернікі ўсіх канфесій гэту кампанію, разгорнутую ў 1921 годзе, і такую «законнасць» лічылі рабаваннем. Галава Рускай Праваслаўнай Царквы патрыярх Ціхан апублікаваў пасланне, якое адразу назвалі анафемай бязбожнікам. Біскуп Ян Цепляк забараніў ксяндзам удзельнічаць у камісіях па канфіскацыі касцёльнай маёмасці і аддаваць яе бальшавікам. Духоўныя і свецкія асобы, якія рабілі спробы абараніць свае святыні ад рабаўніцтва, ішлі пад суд.

Але рэквізіцыя каштоўнай, а неўзабаве і ўсялякай маёмасці храмаў, саміх сакральных будынкаў, адлюстроўвала, так бы мовіць, фінансавы бок барацьбы дзяржавы з Царквой. Быў і больш важны — ідэалагічны, скіраваны на поўнае вынішчэнне рэлігіі са свядомасці жыхароў былой Расійскай імперыі.

Бальшавіцкай уладзе так карцела знішчыць «опіум для народа» — «увесь і адразу», — што прынцып «чым большы шок, тым хутчэйшы вынік» павінен быў рэзка павысіць «эфектыўнасць» антырэлігійнай прапаганды. Для гэтага атэісты вырашылі супрацьпаставіць матэрыяльнае духоўнаму, што, на іх думку, адназначна даказвала б адсутнасць Найвышэйшай Сілы ў жыцці чалавека. Першай такой акцыяй стала выдаленне з храмаў рэліквій святых.

Пастанову аб арганізаваным ускрыцці рэліквій па ўсёй краіне народны камісарыят юстыцыі РСФСР выдаў у лютым 1919 года. З мэтай яе рэалізацыі спецыяльныя камісіі пачалі прыходзіць у хрысціянскія святыні, дзе захоўваліся рэліквіі святых, апаганьвалі іх, пераносілі ў музеі ці ўвогуле знішчалі. Не абышло гэтае блюзнерства і Полацк: тут у касцёле святога Дамініка захоўваліся рэліквіі Апостала Палесся святога Андрэя Баболі, а ў Спаса-Праабражэнскім манастырскім храме — святой Еўфрасінні Полацкай .

Па распараджэнні ўладаў рэліквіі святой Еўфрасінні Полацкай былі апаганеныя «на агульных падставах» ў красавіку 1920 года. Неўзабаве дзяржава рэквізавала сярэбраную рáку, у якой яны знаходзіліся, а самі рэліквіі ў маі 1922 года былі перавезены ў Віцебскі гісторыка-археалагічны музей, дзе іх выставілі для агляду побач з калекцыямі манет, веераў ды сталовага посуду.

У 1919 г. полацкія ўлады планавалі дастаць з рáкі рэліквіі святога Андрэя Баболі і паслалі ў Петрагарад «архіепіскапу мітрапаліту каталіцкаму» тэлеграму з прапановай прадстаўніку Каталіцкага Касцёла ўдзельнічаць у гэтым блюзнерстве, на што біскуп Ян Цепляк, які кіраваў Магілёўскай мітраполіяй у адсутнасць арцыбіскупа Эдварда Ропа, адрэагаваў рэзкай тэлеграмай у Крэмль: «Лічу неабходным самым катэгарычным чынам пратэставаць супраць прапанаванага акту, які зневажае рэлігійныя пачуцці католікаў. Рэліквіі святых, якія ўшаноўваюцца Каталіцкім Касцёлам, з’яўляюцца дарагімі святынямі для католікаў… Католікі, ушаноўваючы рэліквіі святых, даручаюць сябе іх апецы перад Усявышнім, не прыпісваючы гэтым святым нятленнасць іх рэліквій, як пра гэта ілжыва распаўсюджваюць інфармацыю мясцовыя газеты… Не справа грамадзянскай улады аглядаць рэліквіі святых, бо вера не патрабуе фармальнага яе пацвярджэння»1.

Тады ў выніку шматлікіх пратэстаў блюзнерства не адбылося, але 23 чэрвеня 1922 года касцёл святога Дамініка быў акружаны салдатамі, камуністычныя актывісты ўскрылі рáку і, зняўшы з цела вопратку, кінулі яго на падлогу.

Савецкая ўлада свае нялюдскія справы часта прыкрывала быццам бы патрабаваннем народа. Так яна зрабіла і ў Полацку. У Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі я знайшоў ліст пад грыфам «сакрэтна», скіраваны ў верасні 1922 года старшынёй Віцебскага губернскага выканкама ў Маскву. У гэтым дакуменце паведамляецца, што ўскрыццё рэліквій Андрэя Баболі сталася вынікам «настойлівых патрабаванняў, якія адбываліся ў розны час у Полацку на рабочых, чырвонаармейскіх і сялянскіх канферэнцыях. Патрабаванні аб ускрыцці мошчаў Баболі яшчэ больш узмацніліся пасля ўскрыцця і адпраўкі ў Віцебск для размяшчэння ў музеі парэшткаў княжны Еўфрасінні Полацкай»2.

Некалькімі тыднямі раней на той жа адрас пайшло данясенне чэкістаў, у якім было напісана: «Ускрыццё „мошчаў“ было выканана па жаданні рабочых і чырвонармейцаў г. Полацка з захаваннем усіх фармальнасцей як з этычнага боку, так і навукова-гістарычнага і медыцынскага, пры гэтым жаданне рабочых і чырвонаармейцаў вызваліць народ ад падману апраўдалася характэрнымі вынікамі ўскрыцця»3.

Так гнеўныя патрабаванні ўжо арцыбіскупа Яна Цепляка не дапусціць вандалаў да труны святога4 былі праігнараваныя, ну а на двух ксяндзоў полацкага касцёла — пробашча Юзафа Дзямяна і вікарыя Юзафа Лук’яніна — за тое, што яны адмовіліся прысутнічаць пры ўскрыцці труны, чэкістамі была заведзена крымінальная справа. Цікава, што пасля акту блюзнерства ў касцёле святога Дамініка тэлеграмы з пратэстамі пайшлі ў Крэмль не толькі ад біскупа Я. Цепляка, іерархаў Каталіцкага Касцёла і палітыкаў з-за мяжы, а і ад католікаў з Расонаў, Росіцы і вёскі Валынцава Горацкага раёна5. А праз месяц рэліквіі святога павезлі ў Маскву, у музей Наркамата аховы здароўя.

Чаго-чаго, а такога здзеку з іх рэлігійных пачуццяў вернікі ад народнай улады ніяк не чакалі. Яны смела выказваліся пра гэта на атэістычных сходах, якія ладзіліся партыйнымі і камсамольскімі арганізацыямі, каб даказаць марнасць веры ў Бога, а пасля канфіскацый царкоўнай маёмасці, якая суправаджалася адкрытым супрацьстаяннем людзей з міліцыяй, партыйныя органы вырашылі пакуль не дабівацца ў атэістычнай рабоце вынікаў любым коштам, правакуючы бунты вернікаў, і не прыцягвалі да гэтага рэпрэсіўныя органы.

Ды АДПУ без справы, зразумела, не сядзела. Святары, асабліва каталіцкія, пастаянна знаходзіліся пад яго пільнай «увагай»: у 1920-я гады былі арыштаваныя 44 ксяндзы, некалькі з іх не па адным разе. 15 з іх выехалі за мяжу, бо іх абмянялі на палітвязняў з Польшчы, Літвы, Латвіі. 15 ксяндзоў прыгаварылі да 3–5 гадоў зняволення ў лагерах ці да высылкі. Смяротнае пакаранне было не частай з’яваю. З 1917 па 1929 год расстралялі 9 каталіцкіх святароў, прычым 7 з іх — у першыя пяць гадоў савецкай улады. І гэтыя лічбы не ідуць ні ў якое параўнанне з тымі, якія зафіксаваны ў 1930-я гады.

Што датычыць свецкіх, то іх да 1929 года асабліва не чапалі. З 1923 па 1927 год быў арыштаваны толькі адзін чалавек — касцёльны вартаўнік у Віцебску. Рэпрэсіі супраць звычайных парафіянаў пачаліся ў 1928 годзе6.

Перыяд адноснага зацішша ў барацьбе з рэлігіяй не азначаў, што партыйныя органы «спалі ў шапку». У канцы 1922 года пачала выходзіць газета «Безбожник». На яе атэісты ўскладвалі вялікія надзеі. Камуністаў і камсамольцаў прымушалі на яе падпісвацца і чытаць «несвядомым», якія не хацелі парваць з рэлігіяй.

Ну а АДПУ дзейнічала ў іншым накірунку. Па ўсім відаць, што быў распрацаваны спецыяльны план па дыскрэдытацыі каталіцкіх святароў, іх прыцягнення да супрацоўніцтва з НКУС, а задача-максімум — дабіцца, каб як мага больш ксяндзоў публічна выраклася веры. На гэтым напрамку дзейнасці карнага органа хочацца спыніцца больш падрабязна, бо, па задумцы чэкістаў, адрачэнне ксяндзоў ад сану было б у барацьбе з рэлігіяй вельмі дзейснай мерай, і нельга сказаць, што НКУС у гэтым нічога не дасягнуў.

З 1915 г. на працягу пяці гадоў у барысаўскай парафіі працаваў ксёндз Юзаф Жамойтук. На яго святарскую долю ў Барысаве выпаў час дзвюх рэвалюцый 1917 г., лютаўскай і кастрычніцкай, першыя гады апантанай барацьбы бальшавікоў з рэлігіяй. Потым яго перавялі адміністратарам у касцёл у Юркавічы. ДПУ не давала святару спакою. Нам невядомыя метады, якімі чэкісты на яго ўздзейнічалі, але іх намаганні далі пажаданы для іх вынік: у верасні 1929 г. ксёндз, які меў за плячыма 20 гадоў святарскага служэння, у касцёле публічна выракся святарства. Пра гэта паведаміла газета «Orka» («Ворыва»), орган ЦК КПБ(б), якая выдавалася на польскай мове з 1926 па 1937 г. З амбоны Ю. Жамойтук сказаў: «У савецкай дзяржаве працоўныя здольныя да творчай працы без дапамогі рэлігіі. Я знайшоў адказ на пытанне, каму служу я і рэлігія: толькі багатым, якія абіраюць просты народ, і тым, хто зычыць згубы савецкай уладзе, а таксама імперыялістычным намерам фашысцкай Польшчы і контррэвалюцыі»7.

Улада спяшалася выкарыстаць былога святара з максімальнай карысцю для атэістычнай прапаганды. Ужо праз два тыдні ў Мінску ў Польскім клубе працоўных адбыўся антырэлігійны сход, на якім выступіў «былы ксёндз, грамадзянін Жамойтук».

Ды гэтая гісторыя мела працяг. Праз два тыдні пасля адрачэння Жамойтукам ад свайго духоўнага стану ў юркавіцкі касцёл прыехаў ксёндз Юзаф Лук’янін — той самы, які ў Полацку адмовіўся прысутнічаць пры ўскрыцці труны Андрэя Баболі. Ён прасіў парафіянаў «не праклінаць Жамойтука, бо ён не вінаваты ў сваім граху, бо зняў сутану не па сваёй волі і перакананні, а яго змусілі да гэтага ворагі Бога. Пераследаванне каталіцкай веры, католікаў і нас, ксяндзоў, — вось што прымусіла адысці ад нас Жамойтука»8.

Звяртаючыся да парафіянаў, Лук’янін сказаў: «Вы павінны верыць у Бога ўсюды — калі вас арыштуюць і вышлюць у Сібір ці куды-небудзь; калі не будзе касцёла ці нас, ксяндзоў, вы не падайце духам. Не будзе касцёла — маліцеся дома. Збірайцеся два-тры чалавекі — і з вамі Бог».

Казанне святара было настолькі эмацыянальным і натхнёным, што пасля звароту да вернікаў: «Пасля таго як кінуў вас духоўны пастыр, ці верыце вы?», людзі двойчы абвясцілі ў адзін голас: «Верым!»9.

Такога «народная» ўлада святару не даравала: пасля пераводу з лагера ў лагер Юзафа Лук’яніна расстралялі недалёка ад карэльскага горада Мядзведжагорска ў пачатку лістапада 1937 г.

Што ж да Жамойтука, то, відаць, у АДПУ ведалі: католікі не надта вераць, што ён адышоў ад веры «па ўласным жаданні». Таму, каб іх аперацыя не прайшла дарэмна, падрыхтавалі і за подпісам былога ксяндза надрукавалі ў газеце адкрыты ліст, у якім аўтар пераконваў чытачоў, што ягоны ўчынак — выключна добраахвотны, што ніякага ціску на яго не было, што ён «не мог застацца на абочыне вялікага сацыялістычнага будаўніцтва ў Савецкім Саюзе», і што як свядомы працаўнік хоча быць «у вірлівым патоку новага жыцця»10.

Той восенню газета яшчэ двойчы паведамляла пра каталіцкіх святароў, якія адмовіліся ад духоўнага сану. У кастрычніку героем артыкула стаў Баляслаў Валынец, які служыў ксяндзом 20 гадоў, восем з іх — пробашчам парафіяльнага касцёла ў вёсцы Люшаў Буда-Кашалёўскага раёна. Праз месяц адышоў ад Касцёла пробашч з Хойнікаў Аляксандр Сак. І калі пра далейшы лёс Ю. Жамойтука і Б. Валынца мне нічога даведацца не ўдалося, то вядома, што А. Сака АДПУ не пакідала ў спакоі: пасля некалькіх арыштаў і ссылак ён быў расстраляны ў 1937 годзе.

Лёс чатырох святароў (быў яшчэ адзін ксёндз, які адышоў ад Касцёла) вельмі трагічны. І ад гэтага шчыміць сэрца нават амаль праз стагоддзе. Няма ніякага сумнення ў тым, што яны сталі ахвярамі моцнага псіхалагічнага, а мо і фізічнага ўздзеяння «спецыялістаў» АДПУ, бо калі чытаеш тэксты іх выступленняў, немагчыма не бачыць, як адтуль вытыркаецца савецкі прапагандыст — з лексікай, характэрнай для партыйных газет, выступленняў камуністычных кіраўнікоў ды звычайных бальшавіцкіх гарлапанаў. Усе чацвёра, як пад капірку, агучвалі аднолькавыя пастулаты, характэрныя для дзяржаўнай ідэалогіі тых гадоў. Ды бальшавіцкім ідэолагам, якія рыхтавалі атэістычныя «казанні», не ўдалося схавацца за святарскімі сутанамі. Людзі, жывучы ва ўмовах рэлігійнага ўціску, іх распазнавалі, а ў святарах, змушаных адысці ад веры, бачылі менавіта ахвяраў атэістычнага рэжыму.

Уладзе здавалася, што каб адбіць людзей ад веры ў Бога, трэба арыштаваць святароў і выслаць іх у лагеры або знішчыць маральна ці фізічна. Маўляў, няма пастыра — разбрыдуцца і авечкі. Аднак вернікі лічылі рэпрэсаваных духоўных асобаў мучанікамі. У іх пакутах нават лаяльныя да бальшавікоў вінавацілі, зразумела, савецкую ўладу. Словам, змагаліся з рэлігіяй, а атрымлівалі новых дысідэнтаў.

Рэвалюцыянеры ў кабінетах чакалі, што ў выніку блюзнерства над рэліквіямі святых вернікі натоўпамі пойдуць аглядаць іх у музеі і адмовяцца ад сваёй веры, але Андрэй Баболя для католікаў усё роўна застаўся святым і шанаваць яго сталі яшчэ больш.

Напрыканцы 1920-х бальшавіцкая ўлада ўрэшце ўсвядоміла, што не мае інтэлектуальных рэсурсаў для перамогі над верай. Ад бяссілля засталося адно — рэпрэсіі, а яшчэ — вайна са святынямі.

Калі б у пачатку 1990-х камуністычныя ідэолагі вырашылі паглядзець на свае дасягненні ў барацьбе з рэлігіяй, то яны, напэўна, былі б здзіўленыя, колькі людзей, жывучы 70 гадоў без волі, нягледзячы на ўсе страты, захавалі свабоду сумлення.

А на свой рахунак у гэтай барацьбе камуністычная дзяржава магла запісаць некалькі слоў: тэрор, ахвяры, блюзнерства. І прызнацца ў выніку, які характарызуецца коратка: параза.


  1. Дзяржаўны архіў Расійскай Федэрацыі (ДА РФ), ф. 130, воп. 3, сп. 707, с. 336.
  2. ДА РФ, ф. 130, в. 6, сп. 1130, с. 252.
  3. Тамсама, с. 251.
  4. ДА РФ, ф. 130, в. 3, сп. 707, с. 336, 348.
  5. Архивы Кремля. В 2-х кн. / Кн. 1. Политбюро и Церковь. — 1922–1925 гг. — Москва — Новосибирск, «Российская политическая энциклопедия» (РОССПЭН), «Сибирский хронограф», 1997, с. 259–260.
  6. Лебедев, А. Д. Политика советской власти по отношению к Римско-католической церкви в БССР (1919–1929 гг.) /Минск : РИВШ, 2013. — 196 с., с. 55–57.
  7. Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь (НБ РБ), «Orka», №78, 03.10.1929 г.
  8. Тамсама, №78, 3.10.1929 г.
  9. Книга памяти. Мартиролог Католической Церкви в СССР. — Москва, Серебряные нити, 2000 — С. 109, 226.
  10. НБ РБ, «Orka», № 78, 03.10.1929 г.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY