  |   
 
	
	 
	
Юльян Тувім — выдатны 
польскі паэт, празаік і перакладчык. Нарадзіўся 13 верасня 1894 г. 
у Лодзі, дзе закончыў 
Рускую гімназію; 
у 1916–1918 гг. вывучаў 
філасофію і юрыспрудэнцыю 
ў Варшаўскім універсітэце. 
Напісаў шмат кніг паэзіі, 
у тым ліку і для дзяцей.
Імя Юльяна Тувіма носяць вуліцы 
ў многіх гарадах Польшчы.
Памёр 27 снежня 1953 г. у Закапанэ. Пахаваны ў Варшаве.
  
	
 |  
|  
	
 |  
 
 
| 
 
 Ветрык 
Над вадою шум трывожны — 
Ветрык веее, 
Над вадою ціш адвечна — 
Заміраю. 
Зноў прыціхну, зноў не знаю, 
Што тут спее, 
Нерухомы і здзіўлёны,  
Я трываю.  
 
Штосьці стане над вадою, 
Моц слабее. 
Так было ўжо — перад светлым 
Першым днём. 
На глыбінях твар святлее, 
Ветрык вее. 
Прыйдзе вечнасць недаснёным  
Сном. 
Я не знаў, як пачалося, зараз — знаю: 
Бог — кругом.
  |   
 
| 
 
 Свет 
Тут блізенька — штось зашумела, 
А ў далечы — заружавела. 
Не ведаю, што, бо не свіст і не мова, 
Птушына на чэцверць, на чэцверць ружова. 
 
Прабеглася там па чароце 
І шэпчацца ціха ў лістоце. 
Разнеслася, залапатала,   
Над ставам агнём загучала. 
  |   
 
| 
 
 Хрыстос 
Не скарджуся, мой Ойча, не скарджуся, мой Пане, 
Што даў майму Ты сэрцу самотна мілаванне.
 
Не скарджуся, мой Ойча, што я хаджу ў трывозе, 
Што моцна я знудзіўся на гэтай вось дарозе.
 
Абходжу хаты з весткай: «Сыходзіць ласка з неба», 
А людзі кажуць: «З Богам...» Даюць скарынку хлеба.
 
Няўжо мае тут словы здаюцца ім махлярствам? 
Не бачаць, што ўжо блізка Тваё святое Царства.
 
Не бачаць, што нябёсы раскрыліся ўжо людзям, 
Не вераць, хоць тлумачу ім з радасцю, што будзе...
 
Не скарджуся, мой Пане, што так хаджу ў знямозе, 
Што я канца не бачу цярністай той дарозе.
 
Тут лісы маюць норы і маюць гнёзды птушкі, 
А Сын жа чалавечы — ні даху, ні падушкі.
 
Ды то не скарга, Божа... З’явіся ў блізкім цудзе, 
Мяне каб зразумелі ўсе добрыя тут людзі.
  |   
 
| 
 
 Просьба аб пустыні 
Я з зямлі ужо неба не бачу, 
Нават зоркі мне болей не свецяць, 
Ты адпраў мяне, Божа, на ўдачу, 
У пустыню, дзе моліцца вецер.
 
Каб у краі халодным, забытым 
Жыў з надзеяй, не падаў я долу, 
Каб я бачыў праз космас раскрыты 
Вечну праўду святога Касцёла.
 
І каб ноччу са мной побач селі 
Пабрацімы мае тут — шакалы, 
І каб словы мае разумелі, 
І дыханнем сваім сагравалі. 
 
Я ж — пустэльнік шчаслівы ў зацішку, 
Каб душу прывясці мне да ладу, 
Раскрываю забытую кніжку, 
Дзе Сын гіне за Бацькаву праўду.
 
Ноччу чыстай, што раны мне гоіць, 
Я па людскасці выць буду з жалем, 
Зразумеюць мяне — і запомняць, 
Пабрацімы мае тут — шакалы.
 
Вочы ўздымуць і глянуць агніста, 
І паглядам пранікнуць да сэрца. 
І з той ночы пустыннай і чыстай 
Зорка зрынецца — і не ўзарвецца.
  |   
 
| 
 
 Штодзённае жыццё 
Патаемнелі рэчы, і ўсё фантастычней тут думкі, 
І штодня гаварыць нам цяжэй, і маўчаць нам балюча, 
Абрастаюць зноў шэптамі сцены, сталы і малюнкі, 
Нават крэсла да ночы шаптаць штосьці будзе скрыпуча. 
 
А штодзённае слова становіцца больш ваяўнічым, 
У якім з дзён біблейскіх схаваная першапрычына. 
Прыхінуся да мэблі — і чую я шум таямнічы: 
Гэта скардзяцца дрэвы і плачуць яны па айчыне.
  |   
 
| 
 
 Цёмная ноч 
О, чалавек, ты не спяшайся, 
Прысядзь са мною. 
Мы пасядзім, мы памаўчым 
Парой начною.
 
Ты скінь з сябе 
Свой куфар цяжкі, 
Свой груз сірочы. 
У цёмну ноч мы ўлепім разам 
Людскія вочы.
 
Бяседа трудна, ноша цяжка, 
Наш хлеб штодзённы. 
Аб чым казаць? Два камяні 
У ночы цёмнай.
  |   
 
| 
 
 Уздых 
Мой час тут сыдзе Шляхам Млечным! 
Душу, што плакала й шукала 
Ўсяго адна чакае вечнасць… 
Як мала!
  |   
 
| 
 
 *  *  * 
Нахмурыць бровы, сціснуць зубы, 
Глядзець разгневана на свет. 
І супраць ветру йсці, хай след 
Засыпле град, што б’е у свет, 
Бы бунтароў грымяць зноў бубны.
 
А то самотных просты шлях: 
І навальнічны гук гняўлівы, 
І Бог на небе справядлівы, 
І бура ў хмарах — людзям Божы страх.
 
І я, і Ён тут церпім мукі, 
Любоўю свет, як бомбай рвём, 
І ў неба б’юць маланкі-рукі, 
І зрок Яго гарыць агнём.
 
Калі ж то гром — то гэта Ён 
На дол абрынуўся сурова! 
Калі ж то крык — то гэта я: 
Людскога бунту Божа слова!
  |   
Пераклаў з польскай мовы 
Сцяпан Сяргей
 
	
  
  | 
  |