|
Ірына БАГДАНОВІЧ — паэтка і літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук. Нарадзілася ў г. Ліда на Гродзеншчыне. Скончыла гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржуніверсітэта (1978) і аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы Акадэміі навук Беларусі (1983). Аўтар кніг вершаў «Чаравікі маленства» (1985), «Фрэскі» (1989), «Вялікдзень» (1993), «Сармацкі альбом» (2004), «Прыватныя рымляне» (2006), «Душа лістападу» (2012), «Залатая Горка» (2016), манаграфіі «Янка Купала і рамантызм» (1989), «Авангард і традыцыя: беларуская паэзія на хвалі нацыянальнага адраджэння» (2001), укладальнік зборнікаў «Казімір Сваяк. Выбраныя творы» (2010), «Вінцук Адважны. Выбраныя творы» (2011), «Аляксандр Надсан. Выбраныя творы» (2014) і інш. Перакладае з польскай мовы. Жыве ў Мінску.
|
|
Вера, надзея, любоў
Празрысты ранак харашуе
У кожнай лісцінцы малой.
Прабач мне, Божа, зноў прашу я,
Грахі няўдзячнасці маёй,
Што ўсё бясконца наракаю,
Ўпадаю ў роспач зноў і зноў…
А ўсё вакол Табой спявае!
Надзея, вера і любоў
Па-над усім свае ткуць промні
І працінаюць шыр і выш,
Каб жыў з нас кожны, жыў і помніў,
Хто за ўсіх нас пайшоў на Крыж,
Хто на разбэрсанасць сумненняў
Праліў сваю Святую Кроў,
Каб не баяліся мы ценяў
І апрануліся ў Любоў.
А ты, куды вядуць дарогі
Цябе — ў край родны ці чужы, —
Хрысту аддай усе знямогі
І бліжняму дапамажы.
15 жніўня 2019 г., Пенсільванія
|
Дождж у Пенсільваніі
Пустэча ў сэрцы, дождж няўпынны,
Да Бога ўсхліпвае душа:
«Навошта Ты мяне пакінуў?..»
Мая нядзельная Імша —
Малітва Небу ў горным лесе,
У чыстай велічы азёр,
А злыдзень нейкі ў думкі лезе,
Крадзе спакой, красу з іх здзёр…
Прачнуся ў страшнай адзіноце:
Няма тут больш са мной Хрыста,
Няма больш думак у палёце…
А дожджык ліцца перастаў,
А веліч дрэў тутэйшых сведчыць
Пра Творцу і Яго Любоў
І мне маю маркоту лечыць,
Вяртае Бога ў сэрца зноў…
Прачнуліся і ўсталі дзеці,
Іх позіркі і галасы
Спяшаліся мяне прывеціць,
І я адчула: Божы Сын
Вярнуўся! Але не дакорам —
Любоў пустэчу заняла,
Ў свае схаваўся злыдзень норы,
А я ў свой новы дзень пайшла.
13 жніўня 2019 г., Пенсільванія
|
Маладнякоўцам
Валерыю Маракову і ўсім пісьменнікам,
расстраляным у Курапатах
29 кастрычніка 1937 года.
Былі вы ўзнёсла-маладымі,
Спаткаўшы бурных дзён напор,
І летуценьмі залатымі
Свой высцілалі шлях да зор,
Пялёсткі сэрц купалі ў росах,
Вясне й каханню гралі гімн
І сны на залатых пакосах
Дарылі любым вы сваім,
Жылі вяршынямі жаданняў1,
А прамяністасць ззяла звыш,
Была вам творчасць — сонцараннем,
І ценем — курапацкі Крыж.
Была Айчына ў вольных марах
Краінай спраўджаных надзей,
Ды браў на ледзяных гітарах2
Акорды вецер-сцюдзявей.
І смутак сеяўся лістотай,
На летуценні клаўся ён,
І ачапляў калючым дротам
Краіну новы гегемон.
Але ў начы і ў завірусе
Дух Божы веру памнажаў
Ва ўваскрашэнне Беларусі
З-пад курапацкага Крыжа…
14 сакавіка — 29 кастрычніка 2019 г.
|
На шляху з пустэльні
Выведзі народ сляпы, хоць у яго ёсць вочы,
і глухі, хоць у яго ёсць вушы (Іс 43, 8).
Ты, Божа, даў сябе пазнаць як Тройцу,
Спаслаўшы ў Сыне Дух і супакой…
Прабач у кожным з нас свайго забойцу
З каменным сэрцам, чэрстваю душой!
Прабач нам гнеў, бясконцую сваволю,
Што прывяла ў егіпецкі палон,
Ты даў нам цуд малітвы ў роднай мове,
А мы чужынскай мове б’ем паклон.
Ты запавет з народам абумовіў,
Каб кожны годна і паважна жыў!
Прабач, што здрадзілі Тваёй Любові
І кланяемся ідалам чужым,
Ды на нядолю вечна наракаем,
І смага нас пустэльная пячэ,
А Ты вядзеш туды нас небакраем,
Дзе малако і мёд ракой цячэ,
Бо любіш нас і на шляху з пустэльні
Падтрымліваеш млявую хаду,
Нядбайных вучняў у Тваёй вучэльні
Да годных клічаш спраў і ўзнёслых дум.
Ты нас вядзеш, даеш свабоды знакі,
Развейваеш спакуслівы смурод,
Даеш пазнаць, што мы не небаракі,
Што мы — народ! Твой, Божа, мы народ!
19 снежня 2019 г.
|
Не бойся…
Не бойся, проста кроч з даверам Богу,
Ўсё будзе так, як і належыць быць,
Перажыві часовую знямогу,
Каб іншых супакоем абдарыць.
Не наракай, што цемра і бязлюддзе
Там, дзе павінны быць святло і тлум,
Што сэрца разгарачанае студзіць
Калючы вецер кепскіх спраў і дум.
Устань і кроч, ліхтар вазьмі ў дарогу,
Яго алеем веры запалі,
Адкінь свае сумненні і трывогу,
Пілігрымуй да неба — па зямлі.
А бліжнім, хто не зведаў ласкі Божай,
Яе адкінуў, трапіў у бяду,
Хто заблукаў у цемры бездарожжа,
Святла ад ліхтара не пашкадуй!
14 лістапада 2019 г. —
20 студзеня 2020 г.
|
У дзень споведзі
Калі настане Дзень Сумлення,
Сябе каля пякельных ям
Убачыш ты ў віры натхненняў
Нераспазнаных, ва ўтрапенні
Душа ўздыхне: «Зграшыла я!..»
«Зграшыла я!.. Прабач мне, Ойча!..»
Ў спрахнелых кленчу лахманах,
Адчуўшы горкі лёс сірочы,
І ў страху кары плюшчу вочы,
Але гучыць: «Адкінь свой страх!..»
«Адкінь свой страх! Даверся смела!
Цябе Я клікаў і чакаў!..»
І я адчула ў духу й целам,
Хоць, малаверная, трымцела,
Што я — любімая дачка!
І сэрца шэптам вінаватым,
З сябе выплёскваючы жах,
Адкрыла раны ўсе і страты…
Я прыхілілася да кратак,
А Ён абняў мяне з Крыжа.
13–20 студзеня 2020 г.
|
Непазнаны вандроўнік
На дарозе да раю, ў надзеях на сонечнасць маю,
Ў лістапад я прыкрочыла, ў цёмнасць пранізлівай страты.
Сіратліва душы, я далоні ў кішэнях трымаю
І тулю ў капюшон галаву, быццам дождж вінаваты,
Што з пустых маіх мараў не вырасла плёнаў калоссе,
Што ўжо восень даўно, безнадзейная восень і восень…
Ранак толькі займжыць, а ўжо вечар маркотны, пануры
Абдымае зямлю непрыветным, калючым абдымкам;
Той, каго я люблю, растварыўся ў натуры, па скуры
Прабягае дрыготкі ўспамін зледзянелым абрыўкам,
Узбянтэжыўшы ўсё, што калісьці было — не збылося,
Бо ўжо восень даўно, безнадзейная восень і восень.
Хтосьці стаў ля мяне ў лістападзе змаркочаных думак,
Падарыў таварыскі цяплом апраменены позірк.
Я хацела яму як сястра падарыць пацалунак,
Але ён гэтаксама прапаў, як і ўзнік на дарозе…
Толькі рэха шаптала між голых галін адгалоссем,
Што ўжо восень даўно, безнадзейная восень і восень.
Углядаюся ў восень і з новай надзеяй чакаю,
Можа, спыніцца ў змроку раптоўна чароўны «Ікарус»,
Хтосьці выйдзе з яго… Непазнаны вандроўнік! Спытаю:
Хто ён? — Быццам бы тыя, што йшлі па дарозе ў Эмаўс.
Ды ў адказ толькі лісцік азяблы на дрэве затросся:
Пані, восень даўно, безнадзейная восень і восень.
Але сэрца чакае і радасна б’ецца, трывожна
Напінаецца слых, бо чутно, быццам хтось прамаўляе,
Быццам побач ідзе незнаёмы пакуль падарожны:
«Што было ў Ерузалеме?» — быццам наіўна пытае.
«Што было?» — І адказ промнем сонца ўладарна разросся
На ўсю восень, на ўсю… І Адвэнту святло палілося…
19 лістапада 2019 г. — 1 снежня 2019 г.
|
- «Пялёсткі» (1926), «На залатым пакосе» (1927), «Вяршыні жаданняў» (1930) — назвы зборнікаў вершаў Валерыя Маракова.
- «На ледзяных гітарах» — паэтычны вобраз у лірыцы Тодара Кляшторнага 1920-х гадоў.
|
|