|
|
№
1(91)/2020
Год Яна Паўла ІІ
Спадчына
Юбілеі
Ірына БАГДАНОВІЧ
БІБЛІЯ ЯК КРЫНІЦА ПАЭТЫЧНАГА НАТХНЕННЯ КАЗІМІРА СВАЯКА Да 130-годдзя з дня нараджэння паэта і святара У святле Бібліі
Адукацыя
Святыя Каталіцкага Касцёла
Пераклады
Прэзентацыя
Паэзія
З архіваў часу
Асобы
Мастацтва
Прэзентацыя
Культура
|
Пра мастака Сяргея Шэмета мы пісалі зусім нядаўна, у другім нумары нашага часопіса за мінулы год. На гэты раз прапануем вам, шаноўныя чытачы, размову з мастаком у сувязі са 100-годдзем святога Яна Паўла ІІ: Сяргей Шэмет напісаў каля дзясятка партрэтаў Вялікага Папы. Адзін з гэтых партрэтаў упрыгожвае вокладку нашага першага нумара. Пра тое, як ішла праца над партрэтамі святога Папы — наша размова з мастаком Сяргеем Шэметам. — Сяргей, найперш раскажыце, калі ласка, пра вучобу ў Кракаўскай акадэміі мастацтваў імя Яна Матэйкі, дзе Вы абаранілі доктарскую дысертацыю, прысвечаную цікавай і складанай тэме «Пошук святла ў мастацкай інтэрпрэтацыі біблейскага сюжэта». Увогуле, як адбыўся выбар Кракава ў Вашым жыцці? У Вас жа ўжо была добрая адукацыя, якую Вы атрымалі ў Мінску... — Так, я адвучыўся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у Мінску, аднак мне здалося, што гэтага замала, і я хацеў паступіць у асістэнтуру, але набор у яе быў не кожны год, таму асістэнтам я стаў праз год. Гэта быў пачатак 2000-х гадоў. Некаторыя з маіх знаёмых праходзілі 3-гадовую стажыроўку ў Міхаіла Андрэевіча Савіцкага. Спачатку я думаў, што, можа, мне дастаткова ведаў, якія я здабыў, а пасля вырашыў: «А чаму б не паразмаўляць лішні раз з прафесарам, не ўзяць яшчэ больш інфармацыі для сваёй прафесіі». Так я пайшоў займацца да народнага мастака Савіцкага і не пашкадаваў. Калі я пачаў самастойна працаваць, за плячыма ў мяне ўжо была асістэнтура і 3-гадовая стажыроўка ў Міхаіла Савіцкага. Акурат тады ад сваіх знаёмых я даведаўся, што ёсць стыпендыяльная праграма Міністэрства культуры Польшчы «Gaude Polonia». Я сабраў усе свае творчыя працы і прынёс іх у Польскі інстытут, які пасля ўвесь матэрыял перадаў у Польшчу. У выніку я выйграў грант на стыпендыю. Мне трэба было выбраць горад, у якім я хацеў бы вучыцца. Я не ведаў нікога з польскіх прафесараў, таму ў мяне было адзінае жаданне — паехаць у Кракаў. Да гэтага часу я ўжо пабываў у некаторых польскіх гарадах, але Кракаў быў для мяне таямніцаю. Я гартаў альбом Яна Матэйкі, і ў мяне ўзнікала адчуванне казачнасці, даўніны і таямніцы. Калі я атрымаў ліст, што мяне прынялі ва ўніверсітэт, я быў вельмі шчаслівы. А калі прыехаў у Кракаў, з першага ж моманту закахаўся ў гэты горад, і да гэтай пары Кракаў для мяне родны — нібы другія Ашмяны. У Кракаўскай акадэміі мастацтваў імя Яна Матэйкі прафесарам і маім куратарам быў мастак Лешэк Місяк. Разам нам працавалася вельмі добра. Яшчэ падчас маёй вучобы ў Мінску я зацікавіўся тэмаю інтэрпрэтацыі біблейскіх сюжэтаў... — І так распачаўся Ваш пошук святла? — Так, мне было цікава займацца гэтай тэмай. Біблейскіх сюжэтаў вельмі шмат, але не хацелася проста рабіць да іх ілюстрацыі і проста расказваць праз карціну тое, што сказана ў тэксце Святога Пісання. Мне хацелася капнуць глыбей, каб у працах было больш сэнсу, а не знешняга апісання таго, у што былі апранутыя персанажы і як яны выглядалі. Самае галоўнае для мяне было ўхапіць сэнс біблейскіх сюжэтаў. Некаторыя напрацоўкі на гэтую тэму ў мяне ўжо былі, і я аддаваў іх на здымках і дысках разам са сваімі дакументамі ў Польшчу. Таму мне адмыслова прызначылі прафесара Лешэка Місяка, які таксама выкарыстоўваў гэтыя матывы ў сваёй творчасці. — У той час Вы ўжо ведалі, што Кракаў — гэта горад Караля Вайтылы, горад яго юнацтва, у якім ён вучыўся, служыў святаром, біскупам і Кракаўскім Мітрапалітам? — Да гэтага часу я яшчэ амаль нічога не ведаў пра Яна Паўла ІІ. Маё першае знаёмства з гэтаю вялікаю асобаю адбылося ў 1991 годзе, калі я паехаў у Чэнстахову на сустрэчу з Папам. Гэта была мая першая паездка ў Польшчу і першая сустрэча з Янам Паў- лам ІІ. У паездку мяне запісала мама праз парафію ў Ашмянах. Тады я нават добра не разумеў, што гэта за паездка, і кім насамрэч быў Ян Павел ІІ, я ведаў вельмі павярхоўна: у савецкі час інфармацыі пра гэта было вельмі мала. — Вы паходзіце з веруючай сям’і? — Так, мая мама — каталічка польскага паходжання, а тата — беларус, праваслаўны, але ў царкву ён пачаў хадзіць пасля перабудовы, бо ў савецкі час быў членам партыі. Бацькі павянчаліся патаемна. У дзяцінстве мама вадзіла нас з сястрою ў касцёл таксама ўпотай, на ўсялякі выпадак. У той час я трохі саромеўся гэтага, не хацеў, каб мама расказвала, што я хаджу ў касцёл, маім сябрам, бо гэтыя рэчы ўспрымаліся па-савецку — з крытыкай і насмешкамі. Сёння, канешне, усё змянілася: тыя з маіх сяброў, хто калісьці насміхаўся з рэлігіі, цяпер кожную нядзелю самі ходзяць у царкву... А мне нават сорамна прызнацца, што падчас тае свае першай пілігрымкі на сустрэчу з Янам Паўлам ІІ я не вельмі добра разумеў, хто ён такі... — Для гэтага Вам трэба было трапіць у Кракаў... — Напэўна, так. Я вучыўся, працаваў у акадэмічнай майстэрні імя Яна Матэйкі, пісаў працы, у тым ліку і на біблейскія сюжэты. За гэты час назбіралася пэўная колькасць працаў, якімі я хацеў падвесці вынік сваёй вучобы ў Кракаве. Я запытаўся ў свайго прафесара, якім чынам можна гэта арганізаваць. Ён прапанаваў найперш паказаць мае працы на семестравым аглядзе разам з працамі іншых студэнтаў. Мне вылучылі частку сцяны, дзе я і павесіў свае карціны. Пасля час стажыроўкі скончыўся, але ў мяне не было магчымасці арганізаваць персанальную выставу, каб паказаць свае працы. Прафесар падказаў мне, што ў лістападзе з’явіцца такая магчымасць. У гэты час у Кракаве акурат праходзілі Дні Яна Паўла ІІ. Гэта быў 2007 год. Я згадзіўся з прапановаю прафесара, які паказаў мае працы рэктару ўніверсітэта. Тады ў мяне было ўжо шмат біблейскіх сюжэтаў, а тэмаю Дзён Яна Паўла ІІ у тым годзе была тэма дабра. Я вельмі ўсцешыўся і з натхненнем пачаў дапісваць яшчэ некаторыя працы. На Дні Яна Паўла ІІ кожная навучальная ўстанова рыхтавала сваё мерапрыемства: тэатральная акадэмія — спектакль пра Вялікага Папу або на тэму дабра, музычная акадэмія — канцэрт. Цікава атрымалася, што Кракаўскую акадэмію мастацтваў на Днях Яна Паўла ІІ прадстаўлялі мае працы, хоць я і не паляк. Выставу мы арганізавалі ў галерэі Вышэйшай тэатральнай школы. Адкрыццё выставы адбылося якраз пасля спектакля, які таксама быў прысвечаны Яну Паўлу ІІ, таму ўсе гледачы апынуліся на выставе. Людзі глядзелі, задавалі пытанні, многіх зацікавілі мае працы... У мяне брала інтэрв’ю польскае студэнцкае радыё. На той час у мяне яшчэ не было добрай моўнай практыкі, каб свабодна і прыгожа выказваць свае думкі па-польску, але штосьці сказаць я ўжо змог. Мне задалі пытанне: «Кім для Вас з’яўляецца Ян Павел ІІ і якое ён мае значэнне для Вас асабіста?». Я крыху разгубіўся, бо на той момант мне не было чаго расказаць пра гэта, не было нагоды, каб наблізіцца да асобы Яна Паўла ІІ. Я коратка расказаў пра яго адносіны з моладдзю, пра тое, як шмат ён зрабіў, каб аб’яднаць маладых людзей, бо сам любіў быць з імі і, як сам казаў, у такія моманты нават адчуваў сябе маладзейшым. Адным з гледачоў на той выставе быў ксёндз Тадэвуш Дзідэк, прарэктар Папскай тэалагічнай акадэміі, сёння гэта Папскі ўніверсітэт у Кракаве. Ён уважліва ўглядаўся ў мае працы, аднак нешта пытаўся не ў мяне, а ў прафесараў Акадэміі мастацтваў. Да сённяшняга дня я вельмі ўдзячны ксяндзу Тадэвушу, бо калі б не яго ініцыятыва, то невядома, як далей склаўся б мой лёс у Кракаве. Прафесар Дзідэк распавёў мне, што ў Тэалагічнай акадэміі адкрыўся факультэт выяўленчага мастацтва, і прапанаваў мне там выкладаць. Аднак для гэтага неабходна было скончыць дактарантуру. Мяне заўсёды прываблівала штосьці новае, таму прыкладна праз месяц я патэлефанаваў яму і згадзіўся на гэтую прапанову. Я запоўніў усе дакументы і мяне залічылі на дактаранцкія курсы ў Тэалагічную акадэмію, дзе я адвучыўся 4 гады. Адначасова я рабіў дактарат у Акадэміі мастацтваў. — А як жа Ваша творчасць? — Я ўвесь час творча працаваў: у інтэрнаце ў мяне быў пакойчык, дзе я мог пісаць карціны. Днём я хадзіў на лекцыі, а пасля лекцый працаваў. У выніку вясною 2008 года, праз год пасля пачатку дактарантуры ў Тэалагічнай акадэміі, я прадставіў альбом са сваімі працамі ў Акадэмію мастацтваў і распачаў працу над тэмай «Пошук святла ў сучаснай інтэрпрэтацыі біблейскіх сюжэтаў». У 2010 годзе я абараніў дактарат у Акадэміі мастацтваў, а паралельна хадзіў на лекцыі, здаваў экзамены ў Тэалагічнай акадэміі і выкладаў. У мяне былі дзве групы студэнтаў, для якіх я праводзіў заняткі па выяўленчым мастацтве: жывапіс і малюнак. Праграма ў нас была падобная да праграмы ў Акадэміі мастацтваў, быў і нацюрморт, і партрэт, і фігура. Пасля па нейкіх прычынах было прынята рашэнне закрыць практычныя заняткі на факультэце выяўленчага мастацтва і пакінуць толькі тэарэтычныя — лекцыі па гісторыі мастацтва і агульную тэорыю. На жаль, гэты факультэт ліквідавалі, аднак я моцна не засмуціўся, у мяне былі свае планы і іншыя заняткі. У 2011 годзе, калі я яшчэ выкладаў у акадэміі, я запланаваў сваю персанальную выставу ў архідыяцэзіяльным музеі Яна Паўла ІІ у Кракаве. Дэкан параіў мне паразмаўляць наконт выставы з дырэктарам музея, ксяндзом Анджэем Навабільскім. Мы паразмаўлялі і запланавалі выставу на люты 2011 года. Гэта была ўжо другая мая персанальная выстава ў Кракаве. Пасля абароны дактарату, у 2010 годзе, я прыехаў у Ашмяны, каб крыху адпачыць. Прыехала таксама і мая сястра з Польшчы, якая ўжо даўно жыве там са сваёй сям’ёю. Мы пайшлі ў горад з бацькамі, а адно з улюбёных намі месцаў у Ашмянах — гэта краязнаўчы музей. Мы зайшлі, і супрацоўніцы музея, якія добра мяне ведалі, пачалі пытацца пра маё жыццё, запыталіся таксама, ці планую я жаніцца. Я адказаў, што планую, але тут жа немагчыма штосьці загадваць наперад, на што жанчыны сказалі мне, што ў іх з’явілася новая супрацоўніца — Вераніка. Дзяўчына выйшла толькі на некалькі хвілін, бо засаромелася. Вераніка адразу мне спадабалася. Напрыканцы жніўня я ізноў паехаў у Кракаў, бо ў нас была запланаваная навукова-творчая паездка ў Іспанію і Партугалію. Перад пачаткам заняткаў я яшчэ раз прыехаў у Ашмяны, і мы з Веранікаю падалі заяву ў ЗАГС, а 22 студзеня мы ўжо распісаліся і ў лютым паехалі на адкрыццё маёй выставы ў Кракаў... — Сярод Вашых працаў на той выставе ўжо былі звязаныя з папам Янам Паўлам ІІ? — У большасці там былі біблейскія сюжэты. Дакладна нават не памятаю, ці была там праца, на якой Ян Павел ІІ намаляваны каля мінскага касцёла святога Роха... — Такі своеасаблівы віртуальны візіт Яна Паўла ІІ у Мінск. Цікава, як узнікла гэта ідэя? — Адзін час я хадзіў на святыя Імшы менавіта ў касцёл на Залатой Горцы, ён здаваўся мне вельмі сімвалічным: у гэтага касцёла ёсць вельмі маляўнічы акцэнт, можа, таму што ён стаіць на горцы. На жаль, Ян Павел ІІ так і не змог пабываць у Беларусі, таму мне хацелася спалучыць яго партрэт і касцёл на Залатой Горцы, зрабіць сапраўды віртуальны візіт у нашу краіну. — Гэта была адна з першых Вашых працаў, прысвечаных Папу? — Так, гэта праца была напісана ў 2008 годзе падчас пленэру... — У нас у рэдакцыі, дарэчы, ёсць графічная праца Уладзіміра Вішнеўскага, на якой таксама адлюстраваны віртуальны візіт Яна Паўла ІІ у Беларусь, у сядзібу Рэйтанаў у Грушаўку, што пад Ляхавічамі. — Цікава. Гэта яшчэ адна прычына, па якой мне падабаецца жывапіс, бо можна рабіць тое, што ў рэальнасці немагчыма, можна ўявіць і намаляваць на карціне тое, чаго хацелася б... — Сапраўды цудоўна! Мне вельмі падабаецца гэта Ваша праца. А як адбылося Ваша знаёмства з асабістым сакратаром Яна Паўла ІІ кардыналам Станіславам Дзівішам, які якраз у той час, у 2005–2016 гадах, быў Кракаўскім Мітрапалітам? — Кардынал Дзівіш быў таксама апекуном музея Яна Паўла ІІ, і таму менавіта ён адкрываў нашу выставу. На адкрыцці дырэктар сказаў, што некалькі тыдняў таму я ажаніўся, і кардынал удзяліў нам з жонкаю благаслаўленне. У альбоме захаваліся фотаздымкі з той выставы, калі мы разам з ім хадзілі і я распавядаў пра свае працы. Мае карціны маюць сімвалічны характар, і трэба было дапамагчы гледачам, растлумачыць, што я хацеў паказаць. Гэта быў вельмі прыемны момант, і ў мяне засталіся цёплыя ўспаміны. — Сяргей, Вы напісалі партрэт Яна Паўла ІІ для Палаца арцыбіскупаў у Кракаве. Вобразна кажучы, Вы вярнулі Яна Паўла ІІ на вуліцу Францішкаскую 3, туды, дзе ён спачатку быў як Кракаўскі Мітрапаліт, а пасля як Папа спыняўся, калі прыязджаў у Польшчу і вечарамі меў звычку размаўляць з акна з кракавянамі, якія традыцыйна пад гэтым акном збіраліся. Як адбылося гэтае «вяртанне»? Партрэт Папы замовіў кардынал Станіслаў Дзівіш? — Так, гэты беатыфікацыйны партрэт замаўляў кардынал Дзівіш праз дырэктара музея. — Для сваёй капліцы? — Так. Вось тут Ян Павел ІІ маліўся, гэта яго кленчнік і крыху далей — алтар. Гэта праца была напісаная па просьбе кардынала Станіслава Дзівіша. Мне было цікава ведаць яго меркаванне. Ён прыняў маю працу як годную памяці Яна Павла II. Манахіні, якія працавалі з Папам і добра яго ведалі, таксама высока ацанілі працу. — А вось гэты партрэт, які мы плануем змясціць на першай вокладцы часопіса? — Гэты партрэт замовіла ў 2017 годзе Курыя Кракаўскай архідыяцэзіі таксама праз музей. У той час былы дырэктар музея пайшоў на пенсію, а новым дырэктарам стаў ксёндз Анджэй Вітка, з якім мы калісьці разам працавалі ў Тэалагічнай акадэміі. — Дзе змешчаны гэты партрэт? — Гэты партрэт змешчаны ў акне ў пакоі Палаца Кракаўскіх арцыбіскупаў. На вонкавы бок акна Курыя замовіла польскай мастачцы мазаіку, якая была ўрачыста адкрыта год таму, 16 кастрычніка, у 30-ю гадавіну абрання Караля Вайтылы Папам... — Калі Вы пісалі партрэты Яна Паўла ІІ, Вы карысталіся фотаздымкамі? — Я ўвесь час глядзеў фотаздымкі і выбіраў тое, што мне падабалася. З фотаздымкаў я браў толькі рысы твару і выбіраў, з якога ракурсу і пры якім святле лепш за ўсё паказаць Папу. — Гэта не тое самае, што зрабіць з фотаздымка копію? — Зрабіць з фотаздымка копію, зразумела, прасцей. Можна паўтарыць фотаздымак, але гэта не будзе жывапісам. Мае творчыя працы ў асноўным напісаныя ў сімвалічным стылі, але гэта карціна дастаткова рэалістычная. — Сяргей, мне здаецца, што Вам удалося перадаць не толькі знешняе падабенства, але і ўнутраную сутнасць Яна Паўла ІІ, святасць, якую ён выпраменьваў, і высокую годнасць пастыра. Раскажыце, калі ласка, як Вам працавалася. — Разам з ксяндзом Віткам мы думалі, які фон даць да партрэта Яна Паўла ІІ. — Прабачце, Вы маеце на ўвазе партрэт Папы, змешчаны ў акне Палаца арцыбіскупаў, які мы друкуем на вокладцы? — Так, менавіта. Ксёндз Анджэй прапаноўваў паказаць Папу на фоне магілы святой Ядвігі ў Вавельскім замку, але гэта не найлепшы варыянт, таму што кампазіцыя гарызантальная, а сам фармат павінен быць вертыкальны, і рэшту прасторы таксама трэба было б чымсьці запоўніць. Былі варыянты і некаторых фотаздымкаў, але яны мне таксама не падабаліся. А пасля раптам нам прыйшла думка намаляваць Яна Паўла ІІ на фоне месца, дзе ён любіў маліцца, — каля алтара ў катэдры Вавельскага замка, за галоўным алтаром. Мне неабходна было там пабываць, зрабіць фота і эскізы. Дырэктар музея дамовіўся з пробашчам Вавельскай катэдры, каб мне далі гадзіну на фотаздымкі, таму мне дазволілі прыйсці а 9-й гадзіне, пакуль там яшчэ нікога не было, і я спакойна зрабіў добрыя фотаздымкі алтара з усіх бакоў, якімі я пасля карыстаўся. — Колькі часу Вы пісалі гэты партрэт? — Я пачынаў пісаць і нават скончыў картон яшчэ ў Мінску, а далейшую працу працягваў у Польшчы. Увесь працэс заняў прыкладна паўтара месяца, а можа, і крыху больш. Месца для працы мне вылучылі ў духоўнай семінарыі, у той час акурат былі выкацыі і навучэнцаў не было. У семінарыі якраз была перастаноўка, таму я мог выбіраць любое памяшканне ў будынку. Я, канешне, выбраў пакой на самым версе, дзе было найбольш святла. У гэтым жа будынку ў пакоі для гасцей я жыў. Мне было зручна, я мог працаваць вельмі позна, а часам, калі праца ішла добра і я не адчуваў стомы, мог працаваць нават да другой гадзіны ночы. У будынку была спартзала, таму часам я хадзіў туды размінацца. Калі б я пісаў дома, то бытавая мітусня перашкаджала б творчасці, а тут была засяроджанасць. І нават калі я рабіў перапынкі, то ўсё роўна заставаўся ў гэтай атмасферы: я выходзіў на галоўную плошчу Старога горада, зноў вяртаўся і браўся за працу з новымі сіламі. Гэта проста казка!.. — Так, у Старым горадзе ў Кракаве можна зайсці, напрыклад, у Марыяцкі касцёл і там натхняцца працамі Віта Ствоша... — Так, і не толькі ў гэты. Па дарозе можна зайсці ў касцёл дванаццаці Апосталаў. Часта там праходзілі канцэрты, на якіх можна было паслухаць духоўную музыку. Увесь Кракаў — як музей! Для мяне гэты горад — нібы свой дом... — Адным словам, з Кракавам Вы супалі. Для таго, каб горад стаў тваім, з ім трэба яшчэ супасці. У Вас якраз і адбылося гэта шчаслівае супадзенне, што для мастака, напэўна, асабліва важна... — Нават цяпер, калі я працую дома, Кракаў дапамагае мне ў творчасці. Для натхнення мне дастаткова паглядзець фільм, звязаны з жыццём Яна Паўла ІІ або з Кракавам. І хоць я ўжо шмат разоў пераглядаў гэтыя фільмы, кожны раз для мяне — гэта новы эмацыйны штуршок. — Я адчуваю, што Ян Павел ІІ увайшоў у душу і сэрца мастака Шэмета і цалкам яго захапіў... — І не толькі мяне, а таксама маю жонку. Я часта кажу ёй, што калі на сэрцы цяжка і няма настрою, то можна паглядзець фільм пра Яна Паўла ІІ, на што жонка адказвае: «Я б з задавальненнем, але ж я ізноў буду плакаць». Мая Вераніка паходзіць з пасёлка Наваполле, што каля Дудутак, там цяпер жывуць яе бацькі. Хоць Вераніка ў дзяцінстве была ахрышчаная ў царкве, але бацькі не вадзілі яе ў царкву на набажэнствы, бо яе бацька, як і мой, быў членам партыі ды й побач не было царквы. Аднак Вераніка вельмі праніклася маёй любоўю да Яна Паўла ІІ і вельмі яго паважае... Можа, крыху рана пра гэта гаварыць, але цяпер я пішу партрэт кардынала Станіслава Дзівіша для францішканскай галерэі, дзе захоўваюцца партрэты ўсіх польскіх кардыналаў, пачынаючы, калі не памыляюся, з XVI стагоддзя. — Для мастака вялікі гонар трапіць у гэтую галерэю. Сяргей, а астатнія партрэты Яна Паўла ІІ хтосьці замаўляў ці гэта была Ваша ўласная ініцыятыва? — Гэта была толькі мая ініцыятыва. Я проста хацеў зрабіць серыю працаў, якія былі б зразумелыя звычайным людзям. Гэта больш рэалістычныя партрэты для Цэнтра Яна Паўла ІІ у Кракаве і для яго Кракаўскага музея. У мяне ўжо даўно няма гэтых працаў, усе яны знаходзяцца ў Польшчы. — «Віртуальны візіт Папы ў Беларусь» таксама знаходзіцца ў Польшчы? — Я ўжо дакладна не памятаю, дзе ён знаходзіцца: у Польшчы ці ў Вільні. — Шкада, што не ў Беларусі. — Так, на жаль. Калі я пісаў гэтую працу, то прыдумваў дадатковыя вобразы і сімвалы: так на карціне можна ўбачыць важны сімвал — човен Пятра. У працэсе працы мне часта прыходзяць новыя ідэі. Калі я пачынаў пісаць гэтую карціну, я яшчэ не ведаў, як скончыць яе, таму разважаў і шукаў кампазіцыйныя лініі. Мне хацелася дадаць нейкі сімвал, а пасля — гляджу на палатно і заўважаю, што ў гэтай абстрактнай сістэме ўжо ёсць пляма, якую я бачу як човен. Засталося толькі крыху падкрэсліць. Я чыркануў і атрымаўся човен, на якім плыве наш Касцёл, а Ян Павел ІІ побач з ім, вельмі блізка... — А партрэт Папы з Маці Божай Чэнстахоўскай? — Тут ужо няма таямніцаў: на карціне Папа, больш сталага веку, падчас малітвы. Я ведаю, што Чэнстахоўскі абраз Маці Божай з’яўляецца сімвалам для Польшчы, як для нас — абраз Маці Божай Будслаўскай. — А на гэтым партрэце Папа ўсмешлівы, нават вясёлы... — Мне хацелася паказаць Папу такім, якім ён бываў на сустрэчах з моладдзю. Я адмыслова падмаляваў фон, каб ён атрымаўся больш плоскім і крыху аплікацыйным. На карціне шмат блакітнага, неба я паказаў абстрактным... Ян Павел ІІ добра ўспрымаў сучаснае мастацтва, таму мне заўсёды здавалася, што калі б яму паказаць творы сучаснага жывапісу, ён не назваў бы іх «мазнёй», успрыняў бы нармальна. ... Калі ўспамінамі яшчэ вярнуцца ў Кракаў, можна адзначыць, як шмат там усяго, звязанага з духоўнасцю і са святымі людзьмі, напрыклад, сястра Фаўстына, брат Альберт, святы Станіслаў... Палякі знялі добрыя фільмы пра гэта, напрыклад, Кшыштаф Зануссі — «Брат нашага Бога» («Brat naszego Boga»), Дарыюш Рэгуцкі — «Бог у Кракаве» («Bog w Krakowie»), які выйшаў у пракат у 2016 годзе. Сюжэт гэтага апошняга фільма крыху сюррэалістычны, а гісторыі герояў звязаныя з Кракавам. ... Яшчэ ў мяне ёсць некалькі невялікіх працаў, прысвечаных Яну Паўлу ІІ. Скажам, малады вобраз Папы я «запазычыў»: ён ёсць на яго фотаздымках. А на іншай карціне я ўжо проста паказаў Кракаў з яго двума сімваламі — Марыяцкім касцёлам і Вавельскім замкам. Тут задуменны Ян Павел ІІ, які, можа, працуючы ў Ватыкане, успамінае свой любімы Кракаў і марыць... — Можа, яшчэ што цікавае прыгадаеце з гісторыі стварэння партрэтаў Яна Паўла ІІ? — Мне згадваецца адзін момант. Аднойчы, калі я ішоў у дэканат, мяне паклікаў дэкан і падказаў, што ксёндз пробашч новага кракаўскага касцёла святога Юзафа хоча змясціць менавіта беатыфікацыйны партрэт Яна Паўла ІІ (якраз у той год адбылася беатыфікацыя), у адной з капліцаў святыні. Праз некалькі дзён я паехаў паглядзець капліцу. З ксяндзом Адамам мы дамовіліся, што я напішу гэтую працу. Я запытаў яго, як лепш паказаць Папу, бо гэта была адна з першых маіх працаў, звязаных з Янам Паўлам ІІ. Ксёндз пробашч сказаў, што я магу рабіць усё на свой густ, галоўнае, каб было падабенства з беатыфікацыйным вобразам Папы. Мне не хацелася ўжываць вельмі яркія колеры і ствараць блакітны фон, які робіць вобраз ненатуральным і нават саладжавым. Я заўсёды стараюся акуратна абыходзіцца з фарбамі. Акцэнт павінен быць адзін! Я зрабіў больш колеравы акцэнт на чырвоным, а не на блакітным. Я камбінаваў, ускладняў карціну абстрактнымі плямамі, бо хацелася зрабіць моладзевы варыянт партрэта. У мяне былі пэўныя сумненні, што крыху згубілася падабенства, характар твару. Але ж тут партрэт для капліцы, і на яго будуць глядзець не мастацтвазнаўцы, а звычайныя людзі, якія будуць прыходзіць у капліцу і захочуць пазнаць свайго Папу. Гатовая праца нейкі час знаходзілася ў капліцы, але пасля я ўсё ж забраў яе, каб дапрацаваць твар, зрабіць яго больш падобным да таго, што на фотаздымку. Усе сказалі, што атрымалася добра. Сёння гэты партрэт цешыць людзей у Кракаве ў капліцы касцёла святога Юзафа ў Новай Гуце. — Сяргей, падагульняючы нашую размову, як бы Вы акрэслілі, кім асабіста для Вас з’яўляецца святы Ян Павел ІІ? — Я ўспрымаю яго як жывога, блізкага мне чалавек і думаю, што ён нас чуе. Для мяне Ян Павел ІІ — гэта настаўнік, да якога можна звяртацца ў кожную хвіліну, у асабліва цяжкія, складаныя моманты жыцця — ён заўсёды выслухае і падкажа мудрае выйсце са складанай сітуацыі... Так, яго няма сярод нас, але ён працягвае дапамагаць. Як я ўжо казаў, мне дастаткова толькі паглядзець відэа, і праблема, якая палохала, выглядае інакш: яна не такая ўжо вялікая, і яе можна вырашыць. Я вельмі люблю слухаць яго казанні. Ян Павел ІІ ніколі не асуджае чалавека, ён гаворыць так, як, магчыма, сказаў бы сам Езус: мудра, з усмешкаю на твары, як добры настаўнік, які павучае вучня, што стараецца выправіцца, але ізноў памыляецца. Таму я заўсёды ўяўляю Папу з усмешкаю на твары і з добрым айцоўскім сэрцам. Для мяне ён сапраўды вельмі блізкі, і я часта да яго звяртаюся ў малітвах і думках, тым больш што ў маёй майстэрні ёсць кнігі Яна Паўла ІІ і яго фотаздымкі. Я магу проста глядзець на гэтыя здымкі і натхняцца для працы. Мяне шмат што звязвае з Янам Паўлам ІІ, і ў мяне такое адчуванне, што ён — мой блізкі чалавек або хтосьці з маёй радні. Увогуле, мне часам здаецца, што мой пошук святла найбольш поўна ўвасобіўся менавіта ў партрэтах святога Яна Паўла ІІ, нашага сучасніка, які сапраўды выпраменьваў гэтае незвычайнае святло святасці і чалавечнасці. — Сяргей, дзякуй Вам за шчырую размову і за Ваш талент.
Размаўляла
|
|
|