|
|
№
2(92)/2020
Год Яна Паўла ІІ
Спадчына
Проза
Прэзентацыя
Паэзія
Прэзентацыя
Мікола ГРАКАЎ
ДАНТАВА БЕАТРЫЧЭ Ў БАГДАНОВІЧАВЫМ ВЯНКУ, АБО ВАНДРОЎКА З АКСАНАЮ ДАНІЛЬЧЫК ТУДЫ, ДЗЕ СПЯВАЕ ЛЁД Пераклады
Проза
Нашы святыні
Мастацтва
|
Шчыра прысвячаю свой твор
1. Прымірыць Візантыю з Рымам Пясняр Янка Купала6 ў вершы «Жняя» параўнаў працавітую дзяўчыну з сонцам, а святар Адам Станкевіч у манаграфіі «Хрысціянства і беларускі народ»7 з сонцам параўнаў Хрыстову навуку. І тут святар выступіў як пясняр — пясняр хрысціянства, якое, на яго думку, дапамагло нам стаць беларусамі, стварыла нашу інтэлігенцыю, дало нацыянальнаму пачуццю сілу, родную мову зрабіла мовай рэлігіі і наогул «...запаліла небасяжныя зоры ідэалу разьвіцьця над беларускім народам...»8 Прадстаўнік лацінскага каталіцтва ксёндз Адам Станкевіч быў прыхільнікам аб’яднання каталікоў і праваслаўных — тобок, стаяў за Унію царкоўную, без якое (так цвёрда лічыў!) наш народ не выжыў бы. Дарэчы кажучы, у 1930-х гадах польскамоўныя віленскія публіцысты іншы раз падкрэслівалі: хрысціянства само па сабе больш важнае, чым падзел на каталікоў і праваслаўных9. З’яўляючыся адэптам рэлігійнага адзінства, Адам Станкевіч, вядома, згаджаўся з такой пазіцыяй віленскіх публіцыстаў, аднак марыў пра самастойную беларускую Царкву, якая была б, як ён сам пісаў, незалежнай ад «расейскага Рыма» і «Рыма польскага», і прызнавала б духоўную ўладу адной толькі Апостальскай Сталіцы — то бок, сапраўднага Рыма. Тут лёгка ўбачыць ягоную еўрапейскую (заходнюю) накіраванасць, але трэба ведаць: славянскія малітвы ўсё ж расчульвалі яго больш, чым лацінскія. «Рускую» веру і «польскую» веру трактаваў як падман хрысціянства і сцвярджаў: расійскі імперыялізм з папамі-русіфікатарамі і польскі нацыяналізм з ксяндзамі-паланізатарамі робяць Беларусі вялікую шкоду; усходні цэнтралізм і заходні месіянізм вядуць да згубы... Ці шукаў з гэтае пасткі выйсце? Шукаў, бачыў ратунак у аб’яднанні рэлігійных і нацыянальных асноў і ў адстойванні свайго ўласнага хрысціянства. Дарэчы, шмат хто з нашых дзеячаў марыў пра нацыянальную Царкву! Антон Луцкевіч10 высноўваў: «...ідэя стварэньня беларускае нацыянальнае Царквы ў пастаці Уніі <...> лунала ў галовах беларускіх адраджэнцаў...»11 Пра сваю родную рэлігійную арганізацыю дбаў і паэт Казімір Сваяк12 — ён жа ксёндз Кастусь Стаповіч. У аднаўленні Уніі, да якой з Варшавы чулася абыякавая хітрасць, а з Масквы дзейсная нянавісць, Казімір Сваяк бачыў аднаўленне нашай нацыянальнай сутнасці, — аб’яднанне ж усходняга крыжа з крыжам заходнім называў Беларускім Уніянізмам. І, безумоўна, зусім невыпадкова тое, што грэчаскае слова сінтэз (аб’яднанне, злучэнне) — любімае паняцце ў творчай практыцы сяброў Адама Станкевіча і Казіміра Сваяка; паплечнікі па адной працы, яны йшлі па адной дарозе, маючы адну мэту, але розныя страхі — над Адамам Станкевічам навісаў страх то польскай, то савецкай дзяржавы (апошняя загнала ў магілу), а над Казімірам Сваяком — страх невылечнай хваробы... У траўні 1926 года паэт памёр (так рана спачыў!), і, праводзячы па ім у віленскім касцёле святога Мікалая хаўтурнае набажэнства, Адам Станкевіч прысвяціў дарагому сябру прачулую малітву-клятву, галоўная думка якой — трэба й далей працаваць над рэлігійным аб’яднаннем вернікаў. Ад гэтага святога клопату не адмовіўся і ў апошні свой дзень. Займаючыся пастырскай дзейнасцю, даючы людзям спакой і аддаляючы іх ад спакусы, усё жыццё імкнуўся ў душах парафіян прымірыць Візантыю з Рымам. Думаю, для яго гэтыя вобразы мелі не толькі рэлігійны, але і палітычны сэнс, гэтак жа, як, скажам, для адваката Казіміра Петрусевіча13. Абараняючы «Грамаду»14 на «Працэсе 56-ці», К. Петрусевіч гаварыў пра Візантыю і Рым як пра сілы Усходу і Захаду, якія змагаюцца за Беларусь15. Жорстка змагаюцца, і ў іхнім змаганні, каб жа ўцалелі нашы мяккія душы, якія, кажучы па-сялянску, ні клямкай, ні зашчапкай не бразнуць! Адам Станкевіч, цкаваны воўк, усведамляў: рэчаіснасць заўсёды мацнейшая за мару, аднак жа песціў надзею на прымірэнне і вельмі хацеў, каб уніяты, праваслаўныя і каталікі адчувалі сябе перш за ўсё хрысціянамі, а не раскіданымі па канфесіях сіратлівымі вернікамі. Трэба думаць, за такую лагодную філасофію яго шанавалі памяркоўныя парафіяне, а ў непамяркоўных, вядома, была іншая пазіцыя... Рэлігійныя пытанні хвалявалі не самі па сабе, а ў звязку з нацыянальнымі клопатамі, і Адам Станкевіч прагнуў адасобіць закаснелы Касцёл ад дзяржавы, бо такі Касцёл існаваў як застыглы маналіт, і ў ім, акрамя польскай мовы для прамаўлення павучанняў, іншай мове не было месца... Касцёл незалежны ад дзяржавы?! Польскамоўным віленскім публіцыстам гэта не падабалася; яны лічылі: беларускі нацыяналізм спрыяе камунізму, каталікі з партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД; хадэкі), да якой належаў Адам Станкевіч — людзі даволі дзіўныя, бо імкнуцца аддзяліць святое ад святога, а менавіта: Касцёл ад дзяржавы16. Дарэчы, да таго ж імкнулася і «Грамада». У наступным раздзеле адзначана: і хадэкі, і сам Адам Станкевіч непрыхільна ставіліся да «Грамады», аднак іншы раз іхнія пазіцыі супадалі, і яны станавіліся амаль саюзнікамі. І варта памятаць: мара Адама Станкевіча пра Беларусь была блізкай імкненню грамадоўцаў, але кожны йшоў да агульнай мары сваёй дарогай. Айцец А. Станкевіч бачыў Беларусь у саюзе з Коўнам; компас жа Грамады, як вядома, паказваў на Менск, дзе панавала шалёная дактрына класавай барацьбы. Такога нялюдскага вучэння прыняць не мог, бо лічыў: наш народ не мае класавых супярэчнасцяў, і не проста лічыў, моўчкі разважаючы — гаварыў пра гэта! Магчыма, дажыў бы да старасці, каб шанаваў правіла: «Мой голас – маўчанне...», аднак жа не дажыў, бо не маўчаў... «...Дух мой рвецца і ляціць...» – прамаўляў Якуб Колас17, і ўслед за любым творцам гэтак жа прамаўляў і Адам Станкевіч, бо і ягоны дух таксама ляцеў і рваўся... Святар пісаў малітоўнікі і сустракаўся з камуністамі, мог рызыкаваць і прымаць небяспечныя для сябе прапановы; быў рашучы, не млеў перад вышэйшым клірам, таму царкоўная іерархія сваёй велічнай незгаворлівасцю не адбірала ў яго волю і жадання змагацца. Шануючы іерархію, не баяўся яе — не палохаўся тых, хто стаяў над ім, таму, напрыклад, годна гаварыў пра рэлігійныя патрэбы народа Апостальскаму нунцыю. Дарэчы, і самі людзі, вядома ж, натхнёныя сваім духоўным правадыром і ягонымі паплечнікамі, пісалі ў Варшаву Апостальскаму нунцыю, прасілі службы ў касцёлах па-беларуску18. Упэўнены, што родная мова ўзбагачае дадатковае набажэнства, і, прагнучы, каб яна гучала з амбону, летам 1918 года айцец А. Станкевіч прапаведаваў па-беларуску ў Дзісенскім павеце; за гэта касцельная ўлада пакарала — восенню таго ж года паслала з берагоў Заходняй Дзвіны служыць на берагі Заходняга Буга (далёка за межы цэнтральнай Беларусі!) у мястэчка Драгічын, і там, на чужыне, разважаў сябе не толькі малітвамі, але і вершамі Якуба Коласа. Быў з характарам, упарты ў сваіх дамаганнях, таму не зважаў на незадаволенасць царкоўных уладароў і свецкіх цэзараў і ўсё рабіў дзеля таго, каб у Касцёле жыла беларушчына. Паводле ўласнага прызнання, гадаваўся ў атачэнні польскага каталіцызму, быў беларусам-каталіком польскае культуры, аднак гэта не закрыла яму родны свет. У іншым сваім творы19 сцвярджаў: «...Праслаўляць Бога і лепш пазнаваць, маліцца да Яго, жыць жыццём сапраўды Божым, апавяшчаць Бога другім — можна толькі карыстаючыся роднай зразумелай мовай...»20 Думка відавочна адрасавана ўладарам і цэзарам, і яна празрыстая, яна пра тое, што беларусы маюць сваю мову... Францішак Аляхновіч21 даваў такую ацэнку Адаму Станкевічу: «...неўтаміма працуе над распалячаньнем каталіцкага касцёла на Беларусі... Нягледзячы на ўсю злосьць польскіх ксяндзоў, пачаў гаварыць у касьцёле казаньні па-беларуску...»22 Ф. Аляхновіч, мусіць, першы ўвёў у нашу мову гэтае адметнае паняцце — «распалячанне», а ў той час распалячваць Касцёл значыла — адправіўшы Імшу па-лацінску, казаць для вернікаў павучанні па-беларуску. Клопат небяспечны... 25 сакавіка 1921 года ў віленскім касцёле баніфратраў Адам Станкевіч правёў святочную беларускую службу, і такім чынам адбылася вельмі важная падзея — святыня баніфратраў упершыню з вуснаў святара пачула нашу мову! Як і трэ было чакаць, тут жа выбухнула злосць польскіх шавіністаў (як толькі не лопнулі яны?!): Касцёл — гэта й ёсць Польшча, у Касцёле не павінна гучаць нейкая там тутэйшая гвара23! Што дадаць да гэтага, каб не пакрыўдзіць далікатную варшаўскую душу? Апроч таго, што хай яна не крыўдзіцца, бо ці варта тут крыўдзіцца, — нічога й не дадасі. Нашы заходнія суседзі зазвычай не любяць такіх непрыемных напамінаў, а мы ў пераважнай большасці сваёй саромеемся аб тым напамінаць. Дык не трэба нам саромецца... Лёгка здагадацца, як польскія шавіністы ўспрынялі кнігу «Хрысціянства і беларускі народ»; вельмі верагодна тое, што тут іхні імпэт супаў з імпэтам супрацоўнікаў Міністэрства дзяржаўнай бяспекі Літоўскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (МДБ ЛССР). Спадзяюся, мая здагадка не перабольшаная. У Вільні, у літоўскім асобым архіве24, захоўваюцца дзве следчыя, дзве назіральныя і адна маёмасная справы — бальшавіцкая фабрыкацыя на Адама Станкевіча; праца «Хрысціянства і беларускі народ», вядома ж, згадваецца ў той фабрыкацыі. Калі ў красавіку 1949 года айца А. Станкевіча другі раз арыштавалі, то праз два з паловай месяцы 30 чэрвеня ў ягонай кватэры адбыўся дадатковы ператрус, і згаданую кнігу першай упісалі ў пратакол канфіскаваных выданняў25. У манаграфіі дастаткова крытыкі чырвонага рэжыму; мяркую, сталіністы адразу ж падкрэслілі месца, дзе гаворыцца, што камунізм асуджаны Апостальскай Сталіцай, аднак жа для следчай справы пераклалі два фрагменты з першага раздзела «Веліч і значэнне Хрысціянства»: «...дачакаліся беларусы вялікага юбілею — 950-годдзя свайго хрышчэння. Святкуем мы гэты вялікі26 юбілей, на жаль, толькі тут, па гэтай старане савецка-польскай граніцы, бо там, у БССР, святкаваць гэтага юбілею няможна, так як няможна вызнаваць, верыць і служыць Хрысту, няможна там усяго гэтага, бо там — о, іронія! — «найбольшая на свеце свабода, бо там найідэальнейшая на свеце дэмакратыя...»27 І другі перакладзены ўрывак: «...Сяньня для нас найвялікшыя ворагі — гэта бязбожны камунізм, які ёсьць запярэчаньнем усякай свабоды і праўдзівай культуры, а такжа запярэчаньнем усякай нацыянальнасьці. Ня меншым зьяўляецца для нас ворагам і ўсякі зьвярыны нацыяналізм (расізм, фашызм і скрайні нацыяналізм), якія такжа не прызнаюць над сьветам Бога, не прызнаюць правоў адзінкі і правоў слабейшым нацыям на іх свабоднае існаваньне, а прызнаюць толькі фізычную сілу — дзяржаву, якой павінна служыць і падпарадкоўвацца ўсё...»28 Подпіс перакладчыка не ясны, але, здаецца, пераклала жанчына (старшы лейтэнант29), бо нечытэльныя разгоністыя кручкі пастаўлены пасля ўдрукаванага на машынцы дзеяслова жаночага роду — «перевела».
Гл. таксама:
|
|
|