Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(92)/2020
Год Яна Паўла ІІ
Крыстына ЛЯЛЬКО
СЛУЖЭННЕ НАДЗЕІ
Спадчына

ЖЫРОВІЦЫ — ЛАСКАЎ КРЫНІЦЫ...

ШЛЯХАМ ДЗІВАЎ І ЎРАЖАННЯЎ
Проза

«...УСЕ БАЧЫЛІ НЯСТАЧУ ВІНА...»
Прэзентацыя
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Прэзентацыя
Пераклады
Проза

«ПАДЫМІ МЯНЕ Ў СВЕТЛЫ АБШАР...»
Нашы святыні
Мастацтва

КРЫВІЧЫ І ВАКОЛІЦЫ

Валяр’ян ХАРКЕВІЧ

ЖЫРОВІЦЫ — ЛАСКАЎ КРЫНІЦЫ...

Жыровіцы ласкаў крыніцы
На свет увесь пралілі,
Калі Марыю, як лілею,
На грушцы аб’явілі!..

Першыя словы пабожнай песні, якія далі назву гэтай брашурцы, хутчэй за ўсё, не адгукнуцца моцным рэхам у сэрцы выпадковага чытача; наадварот, могуць выклікаць толькі здзіўленне і шэраг пытанняў. Што гэта за песня? Дзе гэтыя Жыровіцы? Адкуль узяліся ганарыстыя і зухаватыя словы аб ласках, якія Жыровіцы пралілі на ўвесь свет?

Цяпер рэдка хто ўсведамляе, якую вялікую ролю адыгрывалі некалі Жыровіцы ў жыцці нашага краю, бадай ніхто дакладна не ведае мінулага і ўсёй велічы забытай сёння, але слаўнай на працягу вякоў малой мясціны, дзе ёсць стары базыліянскі кляштар з цудоўным абразом Маці Божай, урачыста ўкаранаваным 200 гадоў назад. Зрэшты, хто ж будзе цяпер шукаць на нашых землях законнікаў ордэну святога Васіля Вялікага (Ordinis S. Basilii Magni); хто ж не памятае, што кожны базыліянскі кляштар ужо амаль сотню гадоў мае ў сваёй назве прыстаўку «па», а на касцёльных крыжах прымацаваную наўскос перакладзінку.

Слава Жыровіцаў зіхацела поўным бляскам уласна тады, калі паміж заходнім Касцёлам і ўсходняй Царквою не было жудаснага падзелу, які пазней старанна паглыбляў захопніцкі расійскі ўрад, калі праваслаўных на нашых тэрыторыях амаль зусім не было, а мільённыя масы народу, насяляўшага землі, што распасціраліся далёка за Днепр і Дзвіну, вызнавалі грэка-каталіцкую веру, якую культываў і рэпрэзентаваў усходні Касцёл, захоўваючы унію з Касцёлам рымскім.

У той час Жыровіцы былі адной з найвялікшых і найвыдатнейшых цвярдыняў каталіцкай веры ў Рэчы Паспалітай Польскай, цудоўны ж абраз Маці Божай Жыровіцкай збіраў вялізныя натоўпы вернікаў з усёй Літвы, а таксама з Кароны.

Адзін храніст так распачынае сваё апавяданне пра гісторыю цудоўнага Жыровіцкага абраза: «Прадвечная мудрасць Божая, распаляючы ў каталіцкіх сэрцах прагу набажэнства да Найсвяцейшай Маці свайго Сына, шмат Яе абразоў па ўсім хрысціянскім свеце ўславіла і славіць цудамі. Аднак у нашай Кароне Польскай і Вялікім Княстве Літоўскім толькі асаблівыя, лічаныя абразы той жа Маці Божай, славяцца цудамі і фаворамі Боскімі. Але як у Кароне Польскай ёсць найдаўнейшы і найслаўнейшы абраз Чэнстахоўскі, так у Літве — абраз Жыровіцкі, з даўніх гадоў цудоўна аб’яўлены і ўслаўлены вялікімі цудамі ад Пана Бога...»

Чэнстахова і... Жыровіцы!..

Хто ж такі дзёрзкі асмеліўся параўнаць два паняцці, напоўненыя сёння такім адрозным зместам, хто ж такі неразважлівы ў панегірычным запале ўзняў нікому сёння не вядомыя Жыровіцы на такія ж вышыні, з якіх праменіць асляпляльны бляск Ясная Гара — адвечны аплот каталіцкай веры і найшляхетнейшага, найчысцейшага польскага патрыятызму?!

Аднак храніст не памыліўся: яго словы адпавядалі рэчаіснасці, бо цэлы шэраг пакаленняў калісьці глядзеў на Жыровіцы як на сталіцу Найсвяцейшай Панны Марыі Літоўскай, якая ў Кароне мела сваю сталіцу ў Чэнстахове... Жыровіцы належалі да найслаўнейшых у Рэчы Паспалітай мясцінаў, а славу сваю займелі дзякуючы моцы цудоўнага абраза Маці Божай. Не шмат месцаў у гэтым сэнсе маглі параўнацца з Жыровіцамі: Васпазіян Кахоўскі, славуты паэт ХVІІ стагоддзя, у вершы «Студзіанна» («Studzianna») налічвае ва ўсёй Рэчы Паспалітай толькі 19 мясцінаў, якія маюць у сваіх святынях цудоўныя абразы Маці Божай... Гэта найслыннейшыя мясціны тых часоў, вядомыя кожнаму... У тым пераліку цвярдыня Марыі Жыровіцкай займае адно з першых месцаў.

Чэнстахова і Жыровіцы...

Як жа дзіўна гучаць гэтыя назвы цяпер, пасля доўгай, пакутнай ночы разбораў і нацыянальнай жалобы, у выніку якіх святыня на Яснай Гары поўнілася штораз большым бляскам, яднаючы, як у часе патопу, увесь народ, а ў далёкай Літве западала ў няпамяць жыровіцкая святыня, што ляжала ў даліне, сярод невысокіх пагоркаў...

Занепадала ж моц Жыровіцаў, насамрэч, не з людскіх высілкаў... Калі паўтара стагоддзя назад навіслі над нашай Айчынай цёмныя хмары, што звеставалі знішчальніцу-буру, калі трэба было збіраць усе сілы, каб падрыхтавацца да доўгай і ўпартай абарончай барацьбы, словам, калі трэба было знайсці на Літве крэпасць, падобную да крэпасці Чэнстахоўскай, — нібы сама Каралева Нябёсаў і Кароны Польскай перанесла сваю літоўскую сталіцу з пагодных Жыровіцаў у абарончую і выпрабаваную ў бітвах Вострую Браму — у Вільню...

Штосьці зламалася ў Жыровіцах. Змяншаліся, а пазней цалкам спыніліся цуды, якія калісьці адбываліся так часта, у Касцёле ўніяцкім пачаўся прыкры разлад; Жыровіцы сталі пляцоўкай непамыснага змагання свецкага ўніяцкага кліра з законнікамі-базыліянамі; пастыры ў Жыровіцах з дапамогай расійскага ўраду дамагліся першай перамогі над базыліянамі; у Жыровіцах канчаткова была пахавана Унія...

Слава Жыровіцаў загінула, а разам з ёю іх вялікая роля ў справе братэрскага з’яднання народаў, станаў, абрадаў... Вялікі бляск заструменіў з Вострай Брамы, апраменіў усе хрысціянскія сэрцы ў Польшчы, азалаціў натхнёныя рыфмы вешчуноў і азарыў далёкага ўкраінскага паэта, Платона Кастэцкага, які так выгукнуў:

У імя Айца і Сына —
Гэта наша малітва:
Як Тройца, так адзіная
Польшча, Русь і Літва!..

Адна ў Бога Каралева
Моліцца за намі
З Чэнстаховы, Пачаева
І з-над Вострай Брамы!..

Роля Жыровіцаў была перакрэсленая. У ціхім забытым куточку Слонімшчыны (Жыровіцы знаходзяцца за 10 км ад Слоніма) блукаюць зараз толькі ўспаміны — дзівосныя, незвычайныя... І ёсць прадчуванне велізарнай моцы, закладзенай у кожным узгорку старой зямлі, у кожным лісціку, якімі лагодна і пяшчотна шумяць дрэвы... І ёсць яшчэ чаканне нечага — вялікага, радаснага, што павінна адбыцца... І ёсць туга па мінулым...

Адхінем шлячок гэтага мінулага...

Назва «Жыровіцы» паходзіць ад слова «жыр», або «жэр», што даўней азначала «тлушч», «ежа» або «корм». У старапольскай мове часта ўжываліся прыметнікі «жырны», «жэрны», «жыроўны», «жэроўны» ў значэнні «сыты», «багаты» (выган, паша)1. Насамрэч, Жыровіцы здаўна славіліся багатымі пашамі. Схаваныя між узгоркаў, зарослых лясамі, Жыровіцы маюць адкрытую прастору толькі ў бок ракі Шчары і ўяўляюць выключна маляўнічую мясцовасць, багатую буйнымі лугамі і пышнай расліннасцю. У эпоху першых Ягелонаў жыровіцкія землі належалі да каралеўскай маёмасці, а ў прыватныя рукі трапілі ў часы Казіміра Ягелончыка, які перадаў вялікі абшар зямлі падскарбію літоўскаму Аляксандру Солтану. На месцы Жыровіцаў была тады з трох бакоў пушча, а з чацвёртага — разлеглыя лугі. Аднак у хуткім часе гэтая бязлюдная мясціна прывабіла да сябе паўсюдную ўвагу, калі ў 1470 годзе адбыўся цуд. Пастушкі, якія пасвілі ў лесе статак, заўважылі аднойчы на дзікай грушцы нейкі прадмет, што зіхацеў бліскучымі промнямі. Зацікаўленыя пастушкі выбралі сярод сябе найсмялейшага, Пятра, ён адважна ўзлез на дрэва і знайшоў там малы абразок, які яшчэ доўга свяціўся нязвычным бляскам. Паволі святло згасла. Хлопцы забралі цудоўны абразок, занеслі да свайго пана і расказалі, як яго знайшлі. Солтан быў усхваляваны аповедам пастушкоў, старанна загарнуў абраз у палатно і схаваў у шкатулку. Назаўтра ў прысутнасці гасцей Солтан расказаў пра знойдзены ў лесе дзіўны абразок, аднак, калі хацеў яго паказаць, пераканаўся, што, хаця шкатулка была зачыненая, а палатно некранутае і захавала адбітак абраза, самога абраза не было... Солтан быў здзіўлены.

— Не людская гэта, па ўсім відаць, справа, — сказаў ён, падумаўшы, — але Боская. Пан Бог штосьці незвычайнае хоча гэтым давесці!..

Ён быў разгублены, калі зноў прыйшлі да яго пастушкі і зноў прынеслі абраз, як і папярэдні, знойдзены на грушцы... Усхваляваны цудам, Солтан узяў абраз, сеў на каня і паскакаў у пушчу, дзе стаўся цуд. Лес быў густы, дык ён мусіў злезці з каня і ісці пешшу. Ішоў досыць доўга, пакуль не спыніўся каля лясной грушкі і ўпаў у глыбокі роздум, трываючы так некалькі гадзінаў, а калі апрытомнеў, сказаў шукаўшым яго людзям, што ён пачуў голас Божы, які наказваў яму збудаваць на гэтым месцы, у пушчы, святыню. Ён загадаў высечы лес вакол грушкі, узнёс драўляную святыню і змясціў у ёй цудоўны абраз...

Жыровіцы, агорнутыя клапатлівай апекай Аляксандра Солтана і яго найбліжэйшых нашчадкаў, пачалі развівацца, бо слава цудоўнага абраза прываблівала вялікую колькасць вернікаў.

Праз некалькі дзясяткаў гадоў пасля з’яўлення цудоўнага абраза адбыўся ў Жыровіцах новы цуд як сведчанне бясконцай моцы Божай. Аднойчы ўначы малая драўляная святыня на вачах уражаных жыхароў Жыровіцаў раптам згарэла. Не магло быць і гаворкі аб уратаванні абраза. У апошні момант, калі рухнулі скляпенні над алтаром, з’явіўся вачам роспачных сведкаў абраз, атачоны вотамі, і пазней знік у агні.... Пошукі не далі ніякага выніку... Здавалася ўсім, што Жыровіцы засталіся без свайго найвялікшага скарбу, аднак не было гэтак. Неяк школьная дзятва, бавячыся каля пажарышча, заўважыла, што зводдаль на камені сядзіць незвычайнай прыгажосці Панна, уся ў ясных промнях. Напалоханыя гэтым відовішчам, хлопцы пабеглі да капеланаў, апавядаючы пра тое, што бачылі. Не давяраючы словам дзяцей, пайшлі капеланы на ўказанае месца, але прамяністай Панны там не знайшлі. Яны ўбачылі, аднак, што на камені стаяў абраз, перад якім гарэла свечка... З радасцю і трыумфам цудоўна знойдзены абраз быў перанесены ў драўляную каплічку.

Шырока разыходзілася слава Жыровіцаў. Але насталі часы рэлігійнага замяшання, якое з асаблівай сілай праявілася ў другой палове ХVІ ст. Спадкаемцы Солтанаў былі вызнаўцамі схізмы, або рэфармацыі, яны занядбалі культ Багародзіцы і захоўвалі святыню толькі таму, што яна была для іх крыніцаю даходу. Ахвяры вернікаў часта скарыстоўваліся на мэты нешляхетныя, а распачатая маршалкам Янам Солтанам будова мураванай святыні была на доўгія гады перапыненая і не рухалася наперад.

Такое становішча доўжылася аж да 1613 года. Уладальнікам Жыровіцаў тады быў кашталян смаленскі Ян Мялешка, жанаты з Ганнай Турсоўнай, а старостам слонімскім — знакаміты гетман і канцлер Леў Сапега. Мялешка, шчыры католік, які прагнуў спрычыніцца да аб’яднання ўсходняга і заходняга Касцёлаў, узнёс у Жыровіцах прыгожую мураваную святыню, збудаваў кляштар і запрасіў у Жыровіцы закон св. Базыля Вялікага.

Леў Сапега ахвяраваў значныя землі, забяспечваючы тым самым узнікненне мястэчка; апрача таго, зрабіў вялікія ахвяраванні на касцёл.

З гэтага года распачынаецца, уласна, гісторыя Жыровіцаў, здабываючых сабе небывалую да таго славу, да якой спрычынілася ў значнай ступені ахвярная праца базыліянаў. Не кагосьці там прызначылі базыліяне на ролю першага настаяцеля кляштара, які арганізаваў працу і надаў ёй патрэбны кірунак. Тым першым прыёрам быў св. Язафат Кунцэвіч, пазнейшы мучанік арцыбіскуп полацкі.

Святы Язафат і яго наступнікі свядома дбалі аб стварэнні ў Жыровіцах асяродка ўніяцкага руху. Жыровіцкая святыня знаходзілася ў вясковым зацішку, была ізаляванаю ад руху, неспакою, а таксама ад брутальных рэлігійных войнаў, якія перашкаджалі спакойнай працы ў вялікіх гарадах. Размешчаныя амаль на паграніччы Літвы, Русі і Кароны, Жыровіцы маглі плённа выпраменьваць святло на шырокія абсягі, яднаючы пабожных шанавальнікаў Марыі і гуртуючы вызнаўцаў розных абрадаў у адну вялікую каталіцкую сям’ю.

Пабожная праца законнікаў сустрэла прыхільнасць шырокіх масаў люду і шляхты і выклікала вялікую ахвярнасць магнатаў. Цудоўныя аздараўленні невылечна хворых, вяртанне да жыцця памерлых і іншыя незвычайныя цуды, дакументальна пацверджаныя ў Жыровіцах, прываблівалі ў святую мясціну тысячныя натоўпы і гучным рэхам каціліся па ўсёй Рэчы Паспалітай. Таму нічога дзіўнага, што ў 1644 г. у Жыровіцы завітаў кароль Уладзіслаў ІV з жонкай Цэцыліяй Рэнатай у атачэнні найвялікшых дзяржаўных саноўнікаў, світы і вялікай колькасці шляхты. Гэта была першая каралеўская пілігрымка ў Жыровіцы. З таго часу ўсе польскія каралі, за выключэннем аднаго толькі Міхала Карыбута-Вішнявецкага, якому перашкодзіла хвароба, пойдуць дарогаю, праторанай Уладзіславам... У 1651 г. маліўся ў жыровіцкай святыні кароль Ян Казімір, у 1684 г. — Ян Сабескі з каралевічам Якубам, у 1744 — Аўгуст ІІІ, у 1784 — Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. У якім годзе быў у Жыровіцах Аўгуст ІІ, пакуль не ўдалося высветліць, аднак пэўна, што ён быў, бо ў жыровіцкай «Песні» пра гэта выразна гаворыцца:

Аўгуст Другі ўбачыць муры
Сюды з Сасамі прыходзіць.
Схіляе галаву, войска здаровае
З Жыровіцаў адразу выводзіць...

Каралеўскія пілігрымкі, натхнёныя рэлігійнымі памкненнямі, без дамешку якіх-небудзь палітычных поглядаў (бо Жыровіцы не адыгрывалі ніякай палітычнай ролі, не ляжалі нават на шляху з Варшавы ў Вільню), мелі велізарнае значэнне як для кляштара і мястэчка, якія карысталіся з розных дабрадзействаў, так і для Каталіцкага Касцёла. Вера грэка-каталіцкая, якая мела ў Жыровіцах сваю духоўную крэпасць, вера, якую часам (асабліва ў Кароне) не адрознівалі нават ад схізмы і аб якой неаднойчы пагардліва казалі: graeca fides — nulla fides, — гэтая вера набывала вялікі бляск і павагу. Каралі і прадстаўнікі найзнакаміцейшых родаў: Пацеяў, Сапегаў, Радзівілаў, Вішнявецкіх, Палубінскіх, Асалінскіх, Апалінскіх, Казановаў і іншых, імёны якіх з удзячнасцю захоўваюць старыя хронікі, у Жыровіцах, у грэка-каталіцкай святыні, пакорна згіналі калені, молячы Каралеву Нябёсаў аб ласцы і благаслаўленні... А побач з імі — каралямі, вяльможамі і магнатамі — кленчыў шэры натоўп сялянаў, вызнаўцаў «хлопскай», «рускай» веры...

У гісторыі Уніі не было хіба больш красамоўных і ўзрушлівых сцэнаў праўдзівага братэрства вызнаўцаў грэцкага і рымскага абрадаў, чым тыя, якія аглядалі, а хутчэй стваралі Жыровіцы...

У 1652 г. Жыровіцы атрымалі ад караля Яна Казіміра магдэбургскае права. Гэта гарантавала мястэчку годнае развіццё і самастойнасць, хоць час быў такі неспакойны і цяжкі, што аб нармальнай працы не было як і думаць.

З усходу насоўвалася бура. Цар Аляксей, маючы з сабою стотысячную армію, у тым ліку дваццаць тысячаў казакаў страшнага Залатарэнкі, пасоўваўся ў глыб краю. Крывёю залілася змучаная зямля. Маскоўцы дапускалі нечуванае варварства, забівалі жанчынаў і дзяцей, здзекаваліся з духоўных асобаў, нішчылі і палілі вёскі і гарады... Жыровіцы падзялілі лёс многіх гарадоў. У 1655 г. былі занятыя варварскім войскам маскоўцаў; амаль усе жыхары былі перабітыя, мястэчка спаленае... Базыліяне, якія выклікалі асаблівую нянавісць маскоўцаў, былі часткова перабітыя, часткова мусілі ўцякаць з Жыровіцаў, ратуючы свае жыцці. У Жыровіцы прыйшлі і ўзялі пад апеку зруйнаваны і абрабаваны касцёл слонімскія францішкане, паўсюдна званыя бэрнардынамі.

Распачаліся найцяжэйшыя часы не толькі для Жыровіцаў, але і для ўсёй Польшчы2. Быў то перыяд «патопу»... Шведы магутнай хваляй залілі ўсю краіну, змушаючы караля пакінуць дзяржаву; на паўднёвых рубяжах Рэчы Паспалітай крывёю ахвяраў чырваніў зямлю Хмяльніцкі, якога падтрымлівалі туркі і татары; на паўночным усходзе гаспадарамі сітуацыі былі маскоўцы...

Цуд Яснай Гары ўстрасянуў Польшчу, адрадзіў веру і сілу. Завязаліся ўпартыя бойкі з пераўзыходзячымі сіламі ворагаў на ўсіх межах Рэчы Паспалітай; міналі гады; рыцарства польскае не ведала адпачынку: паўсюль грукаталі бітвы...

Толькі ў 1660 г. зноў заяснела перад Жыровіцамі лепшая будучыня: тады адбылася вырашальная і пераможная бітва на тых абшарах, дзе знаходзіліся і Жыровіцы.

Масква выслала ў гэтым годзе дзве магутныя арміі з мэтаю скончыць справу заваёвы Літвы і Украіны. Хаванскі, пераможца гетмана Гасеўскага, вёў у глыб Літвы 30 000 войска, а за ім ішлі 40 000 пад кіраўніцтвам Даўгарукава і 30 000 казакаў Залатарэнкі. Супраць гэтых агромністых сілаў палякі маглі выставіць толькі 6000 войска на чале з гетманам вялікім літоўскім Паўлам Сапегам, а таксама 5000 пад кіраўніцтвам славутага Стэфана Чарнецкага, але гэта быў цвет рыцарства, загартаваны ў баях і апрамянёны глыбокай верай.

Царква і кляштар у Жыровіцах. Гравюра па малюнку Напалеона Орды.

Сапега злучыўся з Чарнецкім пад Слонімам. Камандзіры накіраваліся ў Жыровіцы і там разам з усім войскам аддаліся ў апеку Найсвяцейшай Панны Жыровіцкай, пасля чаго распачалі марш на ўсход. Хаванскі, які ўзяў у аблогу Ляхавічы і меў дакладныя звесткі наконт слабых сілаў палякаў, зняў аблогу і пайшоў насустрач суперніку, да якога ставіўся пагардліва, не бачачы ў ім сур’ёзнага праціўніка. Авангард маскоўскага войска, які ўзначальваў Нашчолкін, сутыкнуўся з войскам Сапегі і быў разгромлены. 27 чэрвеня 1660 года галоўныя польскія і маскоўскія сілы сышліся ў бітве паміж мястэчкам Палонка і Ляхавічамі.

Тая слаўная бітва, якую так маляўніча апісаў вяльможны пан Пасек, вядомая ўсім: польская кавалерыя з нечуваным імпэтам ударыла па конніцы непрыяцеля і разбіла яе ўшчэнт, а потым кінулася на пяхоту і вынішчыла яе пад корань. Нягледзячы на энергічнае супраціўленне лепшых маскоўскіх ваяроў, што біліся да апошняга, параза маскоўцаў была агромністая.

Польскае рыцарства не сумнявалася, што перамога ў бітве над маскоўцамі дасталася дзякуючы дапамозе Маці Божай Жыровіцкай; таму таксама гэтую перамогу пачалі лічыць цудам, які сведчыў пра асаблівую ласку Каралевы Кароны Польскай. Бітва пад Палонкаю намалявана на знакамітым абразку ў шэрагу іншых малюнкаў, якія адлюстроўваюць цудоўную гісторыю абраза, а ў жыровіцкай «Песні» ёй прысвечаны такія словы:

І ў Палонцы там б’ючыся,
Войска Масквы прайграла,
Хоць у бітве з нашай Літвай
Па-кавалерску ваявала!..

Ласка, якую спазнала польскае рыцарства ў змаганні з варварскай Масквой, новым бляскам апраменіла цудоўны Жыровіцкі абраз. Культ яго яшчэ болей узмацніўся.

У Жыровіцы зноў вярнуліся базыліяне, якім бэрнардыны доўгі час не хацелі саступіць месца. Зноў распачалася напружаная праца.

У 1688 г.3 пілігрымку ў Жыровіцы здзейсніў кароль Ян ІІІ з сынам Якубам. Побыт героя, які здабыў перамогу над туркамі, ва ўсіх дэталях захаваўся ў памяці нашчадкаў. Кароль Ян ІІІ паклаў на алтар Найсвяцейшай Панны сваю шаблю, з якой выступіў пад Вену, аддана маліўся і пазнаў тую цудоўную асаблівасць абраза, пра якую ведалі толькі людзі цнатлівыя і пабожныя: абраз, пры набліжэнні да яго, пачаў водарыць дзівосным прыемным пахам, нібыта ён быў намашчаны святымі алеямі. Бо святы абраз мае такія незвычайныя ўласцівасці, што людзям шляхетным і добрым католікам, асабліва па св. Камуніі, ён паказваецца ясным, прамяністым і вясёлым, часам жа, як гэта здарылася з каралём Янам ІІІ, бывае пахучым; калі ж да абраза падыйдзе католік у стане смяротнага граху, або схізматык ці таксама ерэтык, абраз пакрываецца імглою і не дае сябе добра разгледзець, тым больш выява на абразе наогул вельмі невыразная.

Трэба памятаць, што абраз быў выбіты на яшме колеру старой бронзы, памер абраза: дзве цалі4 ўшыр і дзве з паловай удаўжыню, форма авальная. (На рэпрадукцыі абраз пададзены ў натуральную велічыню.) На працягу доўгага часу абраз нічым не прыкрываўся, таму, а таксама як вынік цалавання, выява крыху зацёрлася; пазней, каб захаваць абраз ад знішчэння, была зроблена шкляная шыбка. Незвычайная моц прыпісвалася не толькі святому абразу, але і грушцы, на якой ён аб’явіўся, крыніцы, якая біла з-пад той грушкі, а таксама каменю, які захоўваў сляды рукі Найсвяцейшай Панны. Акрушыны той грушкі і акрушыны каменя лічыліся таксама дзейснымі лекамі пры любой хваробе, таму іх расхоплівалі так, што ад грушкі той не засталося і следу, а камень, выгладжаны працяглым выскробваннем, быў умураваны ў алтар. Паданне кажа, што адзін кальвін, Крыштаф Галенда, кпіў з гэтай веры люду, але, калі дакрануўся да каменя, рука яго адзервянела і ён адчуў моцны боль; здароўе вярнулася да блюзнера толькі тады, калі ён, прысягнуўшы стаць католікам, выканаў абяцанне.

Выпадак з блюзнерам кальвінам належыць да першых дзесяцігоддзяў ХVІІ ст., калі рэлігійныя войны былі яшчэ жорсткія і праціўнікі каталіцкай веры часта былі не пераборлівыя ў сродках. Пазней Жыровіцы ўжо не ведалі ніякіх непаразуменняў і нянавісці на глебе веравызнання. Тут панавала каталіцкая вера, яднаючы вернікаў двух розных абрадаў; хрысціянаў іншых абрадаў паблізу зусім не было, з нехрысціянаў каля Жыровіцаў найбольшую аседласць мелі татары, якія заўсёды лаяльна і годна ставіліся да польскай дзяржаўнасці і шанавалі рэлігію католікаў; а таксама па гарадах і мястэчках былі раскіданыя габрэі.

У адносінах да габрэяў жыравіцяне не былі надта ласкавымі і ветлівымі, яны забаранілі ім жыць у горадзе, відаць, з той прычыны, што не жадалі, каб жыровіцкую цішу парушаў гармідар габрэйскіх гандляроў, не заўсёды этычных у сваіх учынках.

З дапамогаю каралеўскіх прывілеяў, выдадзеных Янам Казімірам і Янам Сабескім, жыровіцкія жыхары былі захаваныя ад дамешкаў чужога элементу ў горадзе. Габрэям не дазволена было не толькі жыць у Жыровіцах, але нават затрымлівацца на начлег; калі ж габрэй мусіў прайсці праз мястэчка, ён павінен быў, мінаючы касцёл, зняць шапку і боты і ісці басанож з непакрытай галавой.

Такі суровы закон меў, аднак, сваё значэнне для побыту, замацоўваючы статус Жыровіцаў як цалкам каталіцкага мястэчка, якое мае ўсе ўмовы з асаблівай павагай і любоўю дбаць пра свой найвялікшы скарб — цудоўны абраз Маці Божай — і здольнае ствараць здаровую атмасферу, дабратворны ўплыў якой адчуваў кожны, нават выпадковы, жыровіцкі госць.

У 1701 г. базыліяне заснавалі пры сваім кляштары свецкую школу, у якую прымалі хлопцаў абодвух каталіцкіх абрадаў. Жыровіцы, такім чынам, сталі не толькі буйным рэлігійным асяродкам, але і досыць значным пунктам адукацыі, што яшчэ больш спрыяла развіццю мястэчка і ўзнімала яго аўтарытэт.

Слава Жыровіцаў шырока разыходзілася па ўсёй Рэчы Паспалітай, аж перасягнула граніцы Польшчы і дайшла да Рыма!..

Жыровіцкі абраз — адзін з нямногіх св. абразоў у Польшчы, культ якіх пашыраны і за межамі нашага краю, але гэта хіба адзіны абраз, які цудоўна аб’явіўся ўдалечыні ад краю!..

Пра гэта падрабязна распавядае канонік Ізыдар Нардзі, італьянец, сведка цуду, які адбыўся.

У Рыме з даўніх часоў існавала цэнтральная сядзіба закону базыліянаў. Касцёл імя святых Сергія і Бакха (pod wezwanem ŚŚ. Sergjusza i Bakcha), пабудаваны на месцы даўняй паганскай святыні Цэрэры, на працягу доўгага часу быў уласнасцю кардыналаў-дыяканаў, пазней папа Грыгорый ХІІІ аддаў яго закону св. Францішка дэ Пауло (św. Franciszka de Paulo) і ўрэшце па просьбе караля Жыгімогта ІІІ у 1641 г. ён быў перададзены папам Урбанам VІІІ базыліянам. Базыліяне мелі пры касцёле невялікі кляштар, які быў сядзібаю генеральных пракуратараў, што выбіраліся амаль выключна з асяроддзя законнікаў Літоўскай правінцыі.

У 1718 г. рэктар Бэнэдыкт Турлевіч загадаў зрабіць у кляштары рамонт. Муляр Сымон Кіоцці (Szymon Ciotti) распачаў тынкаванне сценаў у калідоры паміж кухняй і сакрыстыяй, але, калі для выроўнівання паверхні ён адбіў старую тынкоўку, яго асляпіў прамень святла, што біў з вачэй Хрыста, выява якога была пад тынкам. Пры далейшым зняцці тынку адкрылася таксама выява Божай Маці і было ўстаноўлена, што гэта дакладная копія абраза Маці Божай Жыровіцкай, значна, як было зразумела, павялічаная. Вывучэнне сведчанняў і старых касцёльных хронік не магло даць адказу, калі і кім быў той абраз намаляваны, адно не выклікала сумненняў, што гэты абраз вельмі старажытны і па аб’яўленні патрабуе рэстаўрацыі. Запрошаны законнікамі мастак Ваўжынец Граміцыа (Wawrzyniec Gramiccia), вучань Ламберта да Карпі (Lambertego da Carpi), спачатку адмовіўся ад працы і тады ж раптам захварэў. Пазней ён папрасіў занесці яго пад абраз, адразу ж выздаравеў, прыступіў да працы і закончыў яе 15 жніўня, або, як піша храніст, «менавіта ў той дзень, калі ў Жыровіцах цэлебруецца ўрачысты фэст у базыліцы Успенія Маці Божай Унебаўзятай» («...w Bazylice pod tytułem Zaśnienia Matki Bożej erygowanej»).

Пачалі адбывацца цуды. Трынаццаць сялянаў з вёскі Аффога Л’ясіна (Affoga L’asino), церпячых на розныя хваробы, сталі раптам аздароўленымі перад абразом Мадонны дэль Пасколо (Madonny del Paskolo) (так італьянцы ператлумачылі выраз «жыр[овіцы]»), дзясяткі асобаў спазналі розныя ласкі. Перад невялікім сціплым базыліянскім касцёлікам пачалі збірацца натоўпы. Узраслі ахвяраванні. Прадстаўнікі знакамітых італьянскіх сем’яў спяшаліся з дарамі. Кн. Цэзарыні (Ks. Cezarini), пляменніца Інакенція ХІІІ, кн. ді Піамбіна (ks. di Piombino), кн. ді Русполі (ks. di Ruspoli), кн. ді Качэрта (ks. di Cacerta), гр.гр Пічыні, Тасхіні, Балагнэцці, ді Саломэ (hr. hr. Piccini, Toschini, Bolognetti, di Salome) і шмат іншых асобаў спрычыніліся да ўзвышэння касцёла, у якім змяшчаўся цудоўны абраз. Пад уплывам гучных цудаў і ўзрастаючага культу св. абраза папа Клімэнт ХІ загадаў 7 верасня 1719 года выразаць частку муру з абразом і занесці ў касцёл, паставіўшы абраз у бочным алтары насупраць алтара св. Язафата.

На месцы выдаленага муру была ўстаўлена мармуровая пліта з адпаведным надпісам.

Жыровіцы злучыліся з Рымам непарыўнаю духоўнаю повяззю. Трэба было толькі ўмацаваць гэтую лучнасць і надаць выключнае значэнне Жыровіцкаму абразу шляхам урачыстай каранацыі. Распачатыя ў гэтым кірунку ў Апостальскай Сталіцы захады цалкам паспяхова завяршыліся, калі 15 красавіка 1726 г. папа Бэнэдыкт ХІІІ падпісаў брэве і надаў каранацыйныя прывілеі. Аднак урачыстая каранацыя адбылася толькі ў 1730 годзе.

Жыровіцкі абраз быў шостым па ліку цудоўным абразом Маці Божай, каранаваным у Польшчы. Першым быў Чэнстахоўскі абраз (8.ІХ.1717), другім — Троцкі (Trocki, 4.ІХ.1718), трэцім — Кадэньскі (Kodenski, 15.VІІІ.1723), чацвёртым — Сакальскі (Sokalski, 8.ІХ.1724), пятым — Падкаменьскі (Podkamienski, 15.VІІІ.1727). Займаючы шостае месца па чарговасці каранацыйных урачыстасцяў, Жыровіцы неўзабаве выходзяць на другое месца па пышнасці святкавання і запалу рэлігійных пачуццяў. Упісанае ў традыцыйныя рамкі актавы, якая доўжылася з 19.ІХ.1730 г. па 26.ІХ, жыровіцкае свята сабрала такую вялікую колькасць паломнікаў і выклікала такі глыбокі рэлігійны настрой, што можа быць пастаўлена побач з чэнстахоўскім.

Ніхто не займаўся статыстыкаю вернікаў, але і не мог таго зрабіць; людзей лічылі на вока, прыблізна, і таму колькасць удзельнікаў каранацыі ў Чэнстахове акрэсліваюць як болей-меней 200 000, у Жыровіцах, кажуць, сабралася болей як 40 000. Такая прапорцыя выглядае натуральнаю, аднак не адпавядае рэчаіснасці, калі кіравацца дакладнымі дадзенымі, датычнымі колькасці асобаў, якія на працягу актавы прыступілі да св. Камуніі. У Чэнстахове гэтая колькасць склала 148 300, а ў Жыровіцах у тым жа перыядзе — 140 352.

Айцы базыліяне рабілі дакладны падлік асобаў, якія прыступілі да Стала Панскага, і зафіксаваныя імі дадзеныя, якія дайшлі да нас, з’яўляюцца такімі цікавымі, што заслугоўваюць таго, каб прывесці іх тут у якасці найкрасамоўнейшага доказу моцы цудоўнага Жыровіцкага абраза, які яднаў католікаў абодвух абрадаў.

Да святой Камуніі прыступіла католікаў:
рымскіх     грэцкіх    
Аўторак 19.ІХ.1730 г. 13 060 25 003
Серада 20.ІХ.1730 г. 15 008 14 032
Чацвер 21.ІХ.1730 г. 8 340 1 976
Пятніца 22.ІХ.1730 г. 8 989 1 606
Субота 23.ІХ.1730 г. 1 766 698
Нядзеля 24.ІХ.1730 г. 5 065 9 658
Панядзелак 25.ІХ.1730 г. 7 009 506
Аўторак 26.ІХ.1730 г. 10 600 17 036
______________________
Разам 69 837 70 515

Ці патрэбны каментар да такіх красамоўных лічбаў? Ці трэба тлумачыць, якім скарбам для мясцовага люду і ўсяго каталіцкага свету былі Жыровіцы на працягу двух стагоддзяў? Ці трэба дзівіцца бравурным у сваёй наіўнай прастаце словам «Песні» жыровіцкай: «Жыровіцы ласкаў крыніцы на свет увесь пралілі...»?

Не многія святыя абразы спарадзілі такі ўсеагульны культ, не многія святыні адыгрывалі такую значную ролю. У Жыровіцах Усход злучаўся з Захадам, вера грэцкая — з рымскай, Літва — з Каронаю, сяляне — са шляхтаю...

Усіх і ўсё злучаў узнёслы культ Мадонны дэль Пасколо, Багародзіцы-Жывіцелькі...

З каралеўскай пышнасцю была праведзена каранацыя. На дарозе ад Слоніма былі збудаваныя шэсць трыумфальных брамаў: першую ўзвяла слонімская павятовая шляхта разам з законам базыліянаў, другую — мітрапаліт Атаназы Шаптыцкі, які каранаваў абраз, трэцюю — Пацеі, чацвёртую — Радзівілы, пятую — Вішнявецкія, шостую — Сапегі. Не шкадавалі грошай на пабудову гэтых брамаў: спаборнічалі адзін перад адным у найгустоўнейшай перадачы сваіх пачуццяў і думак, у напышлівай дэманстрацыі уласнай моцы і багацця.

Брамы ўпрыгожвалі алегарычнымі вобразамі і рознымі сентэнцыямі, ставілі скульптуры, аздаблялі золатам і срэбрам, адлівалі фігуры з чыстага срэбра. Касцёл быў убраны з небывалай раскошаю і сапраўды магнацкай шчодрасцю, бо так хацела кн. Ганна з Сангушкаў Радзівілава, якая пакрывала выдаткі і адначасова ахвяравала залатыя кароны, па-майстэрску вырабленыя ў Рыме і ўпрыгожаныя каштоўнымі камянямі. На памяць аб незвычайных урачыстасцях у Рыме быў таксама выбіты медаль.

Натоўпы, дагэтуль не бачаныя ў Жыровіцах, запоўнілі ўсе дарогі, залюднілі ўсе лугі ўздоўж берагоў Шчары, ажывілі далёкія прасторы старых жыровіцкіх лясоў. У Жыровіцы прыйшлі тры велізарныя пілігрымкі: з Вільні, з Мінска і з Міра.

На чале мірскай пілігрымкі ішлі Радзівілы — Геранім і Мікалай, ваявода наваградскі, у атачэнні сваіх дваранаў, шляхты і аддзелаў паліцыі, сярод якой увагу ўсіх звяртаў аддзел янычараў з уласным аркестрам. Вялікі канцлер ВКЛ Міхал-Сэрвазы кн. Вішнявецкі прыбыў у Жыровіцы ў коле найзнакаміцейшага рыцарства. З немалым рыцарскім атрадам прыйшоў ваявода віленскі Людвік Пацей. Людзі ішлі ў Жыровіцы ў пакутніцкім аддзенні, каб вымаліць ласкі за вялікія грахі, ішлі ў шлюбных строях, каб праслаўляць моц Каралевы Нябёсаў і Кароны Польскай, ішлі натоўпы жанчынаў, дзяцей, сялянаў — людзей, якія не ведалі рыцарскага рамяства, — сцягвалася і шляхта, часам узброеная, як на ваенную выправу, маючы з сабою нават гарматы, з якіх потым на «віват» бесперапынна рабіліся залпы...

На чале вялікага мноства святароў двух абрадаў стаяў Мітрапаліт Кіеўскі Атаназы Шаптыцкі і два біскупы: Уладзімерскі і Брэсцкі Тэафіль дэ Гадзенба-Гадэбскі (Teofil de Godzięba-Godebski), а таксама Пінскі і Тураўскі Ежы Булгак (Jerzy Bułgak).

Без перапынку адпраўляліся набажэнствы, каля канфесіяналаў стаялі даўжэзныя чэргі... Адбываліся цуды... Сем цудоўных выпадкаў, як доказ невычэрпнай ласкі Божай, занатавалі айцы базыліяне на працягу каранацыйнай актавы...

Мінула сто гадоў... Як жа змяніліся абставіны!.. У Жыровіцах яшчэ знаходзіліся базыліяне, але яны былі выцесненыя свецкім уніяцкім клірам, які імкнуўся да ўлады і матэрыяльнага дабрабыту. Жыровіцкая базыліянская школа была зачыненая, на яе месцы адкрылася духоўная семінарыя, рэктарам якой стаў Антоні Зубко, чалавек пасрэдных здольнасцяў і нікчэмнага характару. Употай, асцярожна ўжо праводзіў сваю страшную работу Юзаф Сямашка, галоўны ліквідатар Уніі... Уніяцкі Касцёл дагараў, разбураны зверху людзьмі, якія не мелі сумлення і не шанавалі сумлення іншых...

У 1839 г. грэка-каталіцкі Касцёл фармальна перастаў існаваць... Біскупы і прэлаты, якія калісьці называліся католікамі, сталі ў адзін момант архіерэямі і протаіерэямі — адпаведна называнымі... Людзі без веры не знайшлі для сябе новай веры, але сотні тысячаў душаў былі сваёй веры пазбаўленыя...

Жыровіцы паволі, роспачна каналі...

Адзін з адступнікаў, Плацыд Янкоўскі, які добра памятаў базыліянскія часы, канстатаваў раптоўны упадак Жыровіцаў як мястэчка і як месца велічнага рэлігійнага культу.

Уражаны, ён пісаў аб гэтым наступным чынам:

«Мястэчка [Жыровіцы] выразна збяднела і стала панурым. Не кажучы ўжо пра пэўныя варункі, якія некалі спрыялі ягонаму развіццю, як, напрыклад, прысутнасць шматлікіх прадстаўнікоў вышэйшай улады, што стымулявала пастаянны наплыў новых людзей, досыць сказаць, што раней у кожную нядзелю і свята столькі можна было спаткаць людзей пабожных, колькі цяпер ледзьве збіраецца ў паасобныя, найбольш урачыстыя, дні.

Але ж тады непараўнанымі майстрамі ў вынаходніцтве шляхоў абуджэння рэлігійных пачуццяў і ўмацавання сваіх уплываў былі пачцівыя айцы базыліяне!..

Што значаць, напрыклад, званы, хоць Пан Бог і ведае, колькі пудоў яны важаць з іх манатонным стогнам? Дык што? У Жыровіцах, бывала, не толькі ў нядзелі і святы, але нават і напярэдадні іх на балюстрадзе званіцы ўладкоўваўся цэлы аркестр і на працягу 2-3 гадзінаў граў розныя духоўныя і свецкія мелодыі!..

Кожнае адкрыццё і закрыццё цудоўнага абраза суправаджалася гукам трубаў, біццём у літаўры і разнастайнымі фіарытурамі магутных арганаў.

Нейкая дрыготка міжвольна апаноўвала ў такія хвіліны наведвальніка, а людзі, асабліва жанчыны, чуліся па-за зямным светам...

Ціхія чытанні Імшы адбываліся перад бочнымі алтарамі і ўвесь час змяняліся, так што кожны, хто прыходзіў, у любы час меў мажлівасць выслухаць набажэнства; усе тыя Імшы супадалі з нямоўкнучым спевам таксама чарговых Імшаў, якія спяваліся ў суправаджэнні арганаў, хору і аркестра...

Расстаўленыя па ўсіх кутах і нішах канфесіяналы, з кратамі і без (каб быць нябачным для свайго спаведніка), ад самага ранку аж да вечара былі ў аблозе людскога натоўпу і браліся, што называецца, з бою...»

Так было яшчэ сто гадоў таму... Сёння... нават памяць пра тое загінула... Няіснымі ценямі расплыліся ў імгле натоўпы, якія некалі, «што называецца, з бою» здабывалі канфесіяналы... Не гучаць у Жыровіцах песні жыровіцкія — аб Найсвяцейшай Панне і аб камені, на якім Яна з’явілася... Не чуваць шэпту жыровіцкіх малітваў, складзеных у Польшчы і ў Італіі, святыя абліччы Панны Марыі і Хрыста ўжо не аздабляюць каштоўныя кароны, зробленыя ў Рыме, асвечаныя папам Бэнэдыктам ХІІІ і прывезеныя з Рыма ў Польшчу Геранімам Радзівілам, папскім дэлегатам...

У прах рассыпаліся ў Жыровіцах камяні, аб якія звінеў падковай конь караля Яна Сабескага... Травой зараслі жыровіцкія сцежкі, па якіх хадзіў святы Язафат...

Ці асмеліцца хтосьці цяпер марыць аб жыровіцкіх цудах?..

Ды, аднак, трэба не толькі марыць, але і верыць! Тое, што адбывалася ў Жыровіцах на працягу двух вякоў, не было ані сном, ані байкай... Існавала ў Жыровіцах велізарная моц, якая аб’ядноўвала людзей і распаўсюджвала яснае святло шырокімі промнямі далёка-далёка...

Тая моц не згінула, не магла згінуць, бо не людзьмі яна была створаная...

Узараная срэбным плугам ціхай Шчары, задумалася жыровіцкая зямля... Схіліліся старыя дрэвы над спадзістым берагам і слухаюць шэпты хваляў, якія не ведаюць людскіх плацінаў і межаў і прастуюць шлях ад мора аж да мора...

Аб чым шумяць ціхія хвалі, якія крывёй людскою не раз чырванелі, слязьмі людскімі слодыч сваіх водаў атручвалі, а цяпер плывуць ясна, спакойна?..

Можа, аб тым, што ўсё ў жыцці сплывае і прамінае, — усё, за выключэннем толькі той моцы, якую так добра ведае старая жыровіцкая зямля...

На гадзінніку гісторыі мінае другая эпоха: заканчваецца другі век ад часу найбольшага жыровіцкага трыумфу...

Хто ведае, ці не надыходзіць момант, калі ў Жыровіцах ізноў заструменіць адроджаная крыніца веры і паплыве шырокай хваляй кудысьці ад мора і да мора, змываючы ўсялякія людскія плаціны і злучаючы пасвараных і падзеленых...

І ці зноў, як вякі назад, не загучыць радасная жыровіцкая «Песня», абвяшчаючы трыумф Марыі:

Ты, Слоніме, і ты, Рыме,
Песню Марыі спявайце;
Яе сталіцу, Жыровіцу,
Сардэчна праслаўляйце!..

Пераклад з польскай мовы
Ірыны Багдановіч
паводле: Charkiewicz, Walerjan. Żyrowice –
łask krynice... – Słonim, 1930. – 48 s.

Гл. таксама:
ІРЫНА БАГДАНОВІЧ :: СТАРОНКА РЭЛІГІЙНАЙ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ ::


  1. У беларускай мове таксама ўжывальнае слова «жыраваць» — у значэнні «карміцца», «быць сытым», і вытворныя ад яго «жыр», «жыраванне». (Тут і далей — заўвагі перакладчыка).
  2. Відавочна, што з Польшчай тут і ў іншых месцах працы аўтар атаясамлівае ўсю тагачасную Рэч Паспалітую.
  3. Аўтар тут, відавочна, памыліўся, паколькі раней ён указаў датай пілігрымкі караля Яна Сабескага ў Жыровіцы 1684 год, што выглядае найбольш праўдападобна, паколькі пераможная бітва пад Венай адбылася ў 1683 г. Некаторыя сучасныя крыніцы называюць датай гэтай пілігрымкі 1683 г., сцвярджаючы, што кароль Ян ІІІ маліўся перад Жыровіцкім абразом напярэдадні бітвы пад Венай (гл.напр.: Вялікае Княства Літоўскае. Энцыклапедыя ў 2-х т. Т.1. – Мінск: БелЭН, 2005. – С. 632).
  4. Цаля — мера даўжыні, роўная 2.54 см.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY