|
|
№
2(92)/2020
Год Яна Паўла ІІ
Спадчына
Проза
Прэзентацыя
Паэзія
Прэзентацыя
Мікола ГРАКАЎ
ДАНТАВА БЕАТРЫЧЭ Ў БАГДАНОВІЧАВЫМ ВЯНКУ, АБО ВАНДРОЎКА З АКСАНАЮ ДАНІЛЬЧЫК ТУДЫ, ДЗЕ СПЯВАЕ ЛЁД Пераклады
Проза
Нашы святыні
Мастацтва
|
Кс. праф. Вальдэмар ХРАСТОЎСКІ
МЕСЦА ЗАПАВЕДЗІ «ШАНУЙ БАЦЬКУ СВАЙГО І МАЦІ СВАЮ» Ў ДЭКАЛОГУБіблійнае разважанне з Янам Паўлам II
Дзесяць Божых запаведзяў — гэта мінімум, які вызначае асноўныя абавязкі хрысціяніна перад Богам, іншымі людзьмі, перад светам і самім сабою. Поспех і шчасце супольнасці, якая іх не ведае ці ўвогуле не захоўвае, немагчымыя, як немагчыма быць шчаслівым чалавекам, парушаючы запаведзі ці адкідваючы іх. Выбіраючы Дэкалог галоўнай тэмаю навучання падчас сваёй чацвёртай пілігрымкі ў Польшчу (1991 г.), Ян Павел ІІ сказаў: «Гэты маральны фундамент паходзіць ад Бога, укаранёны ў Яго стваральнай, айцоўскай мудрасці і Провідзе. У той жа час гэты маральны фундамент Запавету з Богам існуе для чалавека, дзеля яго сапраўднага дабра. Калі чалавек разбурае гэты фундамент, ён прыносіць шкоду сабе, бо разбурае лад жыцця і чалавечага суіснавання ў кожным вымярэнні, пачынаючы з найменшай супольнасці, якой з’яўляецца сям’я, і заканчваючы (не выключаючы супольнасці народу), той агульначалавечай супольнасцю, якую ўтвараюць мільярды чалавечых жыццяў» (Кашалін, 01. 06. 1991 г.). Абарона сям’і як самай маленькай ячэйкі грамадства, ад якой залежыць росквіт і дабрабыт усяго грамадства і чалавецтва, асабліва выяўляецца ў чацвёртай Божай запаведзі. Дзве версіі Дэкалогу ў Старым Запавеце Дэкалог, які з’яўляецца часткай хрысціянскай малітвы, мае свой правобраз у першым зборы Габрэйскай Бібліі — у Старым Запавеце, вядомым як Тора, дзе ён выступае ў дзвюх версіях. Першая паходзіць з Кнігі Зыходу, якая складаецца з дзвюх асноўных частак: Зых 1–18, тэма якой — уціск габрэйскіх нявольнікаў у Егіпце, іх вызваленне і запавет, заключаны з Богам на Сінаі; і Зых 19–40, дзе змешчаны Закон, аб’яўлены Майсею. Дэкалог знаходзіцца ў пачатку другой часткі (20, 2–17). Люд габрэйскіх нявольнікаў, вызваленых з Егіпта, атрымлівае дар, дзякуючы якому становіцца народам Ізраэля. Прымаючы дзесяць запаведзяў і абавязваючыся іх захоўваць, ён пераходзіць ад няволі да свабоды. Другая версія Дэкалогу знаходзіцца ў Кнізе Другазаконня, аснову якой ствараюць дзве прамовы Майсея, скіраваныя да выбранага Богам народу (Дрг 1, 1–4, 43 і 4, 44–28, 69). Дзесяць запаведзяў знаходзяцца на пачатку другой прамовы (5, 6–21), якая вызначае самыя галоўныя абавязкі, што вынікаюць з запавету Ізраэля з Богам. Калі мы супаставім і старанна параўнаем абедзве версіі Дэкалогу, то заўважым меншыя і большыя адрозненні, якіх налічваецца каля дваццаці. Вучоныя згодныя ў тым, што версія з Кнігі Зыходу больш старажытная за версію з Кнігі Другазаконня. Адрозненні паміж імі датычаць найперш абгрунтавання некалькіх запаведзяў, даўжэйшых або карацейшых, на падставе сувязі са справаю стварэння свету і чалавека або са збаўчым дзеяннем Бога ў гісторыі Ізраэля. У любым выпадку запаведзі чэрпаюць сваю моц з саміх сябе, абгрунтаванні ж павіны даваць матывацыю для іх спаўнення. Адрозненні, якія ёсць і былі прынятыя, з’яўляюцца вынікам няспыннай медытацыі біблійнага Ізраэля над запаведзямі, а таксама іх актуалізацыі, якая ўлічвае патрэбы і акалічнасці, што змяняюцца з цягам часу. Гэта натуральны і зразумелы працэс, які пацвярджае, што вера ў Бога і этычныя патрабаванні, якія ставіць Бог, пульсуюць жыццём і пастаянна патрабуюць новага асэнсавання. У абедзвюх версіях ёсць дзве агульныя істотныя рысы. Па-першае, увесь Дэкалог — гэта ападыктычны закон, г.зн., што ён мае характар распараджэнняў, якія павінны бескампрамісна выконвацца ў кожнай сітуацыі. У адрозненне ад ападыктычнага закону, казуістычны разглядае канкрэтныя выпадкі і прапануе падобныя вырашэнні ў аналагічных сітуацыях. Па-другое, запаведзі складаюцца з чатырох загадаў і з шасці забаронаў. Спачатку ідуць загады, а пасля — забароны. Такая будова мае псіхалагічнае значэнне: той, хто прывучаны захоўваць усё, што гучыць як наказ, лепш падрыхтаваны і больш плённа будзе клапаціцца пра захаванне таго, што гучыць як забарона.
Самапрэзентацыя Бога Абедзве версіі Дэкалогу распачынаюцца ідэнтычнымі словамі (Зых 20,2; Дрг 5,6), якія з’яўляюцца самапрэзентацыяй Бога. У хрысціянскай традыцыі, якая сягае Філона Александрыйскага і Юзафа Флавія, яны лічацца ўступам да Дэкалогу, а ў рабінічнай габрэйскай традыцыі пачаткам першай запаведзі. Каб зразумець гэта больш поўна, варта працытаваць іх у арыгінальным, крыху спрошчаным габрэйскім маўленні:
Заўважаем тут дзве моўныя з’явы, а менавіта рыфму і рытм, дзякуючы якім самапрэзентацыя Бога гучыць вельмі рэзанансна, яна — лёгкая для запамінання. Яе санорны характар, або звонкасць, з’яўляецца рысай вуснай традыцыі і носьбітам памяці. Гэта сведчыць аб тым, што перш чым гэтыя словы былі запісаныя ў Кнізе Зыходу і ў Кнізе Другазаконня, яны існавалі ў вуснай форме, фарміруючы і ўмацоўваючы ідэнтычнасць Ізраэля як выбранага Богам народу. Яны складалі яго Credo, г.зн. фундаментальнае вызнанне веры, з якога бяруць пачатак самыя важныя маральныя абавязкі. У перакладзе на славянскія мовы, у тым ліку і на беларускую мову, таксама чуецца рытм:
Бог, прадстаўляючы сябе, нагадвае пра тое, што Ён зрабіў для габрэйскіх нявольнікаў, якіх вызваліў з Егіпта. Зычныя YHWH — гэта самы старажытны запіс, без галосных, Божага імя Ягвэ, якое юдэі-артадоксы не вымаўляюць. Яны замяняюць яго выразам «Adōnay», што азначае «Пан». Святое імя Бога, аб’яўленае Майсею каля палаючага куста (Зых 3, 1–15), азначае «Я ЁСЦЬ». Гэта ўласнае імя Бога Ізраэля. Яно адрознівае Яго ад язычніцкіх ідалаў іншых плямёнаў і народаў. Паходзіць імя ад габрэйскага дзеяслова hāyāh — «быць» і азначае, што імем Бога з’яўляецца Яго пастаянная і дзейсная прысутнасць, якая падтрымлівае. «Хто давярае Богу, — часта паўтарае Бэнэдыкт XVI, — ніколі не будзе адзінокі!» Падчас Сусветных дзён моладзі ў Чэнстахове Ян Павел II сказаў: «Свет, які [нас] акружае, сучасная цывілізацыя, вельмі моцна прычынілася да таго, каб аддаліць ад свядомасці чалавека гэтае Божае „Я ёсць“. Яна хоча існаваць так, нібы Бога няма. Гэта яе праграма. Аднак, калі Бога няма, ці ты, чалавеча, сапраўды існуеш?» (14. 08. 1991 г.). Самапрэзентацыя Бога, таксама як і ўсе запаведзі, мае займеннік другой асобы адзіночнага ліку мужчынскага роду. Яе першым адрасатам з’яўляецца кожны дарослы ізраэльцянін, якім лічыцца хлопец пасля дасягнення 13-ці гадоў і пасля абраду bar-micwa, адказны за перадачу веры i захаванне маральных абавязкаў. Насуперак звычкам і песімістычным стэрэатыпам, якія пануюць у нашым рэгіёне Еўропы, вера і яе вызнанне, а таксама клопат пра этычныя прынцыпы — гэта ў першую чаргу справа і абавязак мужчыны. Так ёсць у юдаізме і ісламе, дзе мужчыны з’яўляюцца асноўнымі ўдзельнікамі літургіі ў сінагозе і ў мячэці, а жанчыны іх у гэтым толькі падтрымліваюць. Вызваленне з няволі не азначала толькі вызвалення ў фізічным сэнсе. У новай сітуацыі ізраэльцяне сапраўды не павінны былі ўжо гнуць карак пад ярмом егіпцянаў, аднак не менш важным было іншае вымярэнне вызвалення — духоўнае. Выходзячы з Егіпта і атрымліваючы дар запаведзяў, нявольнікі вярнулі сабе годнасць. Вызваленне з фізічнай няволі было вызваленнем, якое адкрывала гарызонты сапраўднай і поўнай свабоды. Хоць знікла пагроза знешніх прыгнятальнікаў, аднак на Сіёне, а пазней у абяцанай зямлі, надалей існавала небяспека ўнутранай няволі. Менавіта ад яе былога нявольніка павінен быў абараняць дар Дэкалогу, асцерагаючы ад блытання волі і свабоды са свавольствам. Разуменне дару свабоды як некантраляванай волі і свавольства — гэта драматычная рыса нашага часу. Прыняцце i захаванне Божых запаведзяў азначае не толькі вызваленне ад чагосьці, але таксама вызваленне дзеля чагосьці. Ізраэльцяне перасталі быць нявольнікамі, а Майсей, стоячы перад фараонам, мусіў паўтарыць яму словы Бога: «Мой сын першародны — Ізраэль» (Зых 4, 22). Веданне і захаванне запаведзяў ствараюць надзвычайную сыноўскую сувязь з Богам. Выводзячы ізраэльцянаў з Егіпта і даючы ім дар запаведзяў, Бог рэалізуе свой збаўчы намер адносна ўсяго чалавецтва. У прамове падчас Вялікага Юбілею 2000 Года каля падножжа гары Сінай, дзе Майсей атрымаў дар Дэкалогу, Ян Павел ІІ сказаў: «Дзесяць запаведзяў — гэта не выдумка Уладара-тырана, навязаная нам катэгарычна. Запаведзі былі высечаны на камені, але перш за ўсё яны былі запісаныя ў чалавечым сэрцы як універсальны маральны закон, які мае сілу ў любы час і ў кожным месцы. Сёння, як і заўсёды, Дзесяць Словаў Закону — гэта адзіны сапраўдны фундамент жыцця людзей, грамадстваў і народаў. Сёння, як і заўсёды, — гэта адзіная будучыня чалавечай сям’і. Запаведзі аберагаюць чалавека ад знішчальнай моцы эгаізму, нянавісці і фальшу. Яны выкрываюць усіх фальшывых ідалаў, якія знявольваюць чалавека: эгаізм, які адкідвае Бога; прагу ўлады і прыемнасцяў, якія знішчаюць парадак справядлівасці, прыніжаюць нашую чалавечую годнасць і годнасць нашага бліжняга. Калі мы адвернемся ад гэтых фальшывых ідалаў і пойдзем за Богам, які вызваляе свой народ і заўсёды знаходзіцца з ім, тады „мы заззяем хвалою“, апрамененыя Божым святлом, як Майсей, які вяртаўся пасля саракадзённага прабывання на гары» (26. 02. 2000 г.).
Дэкалог як вобраз крыжа Зыходным пунктам Дэкалогу ёсць тое, што ўжо адбылося: вызваленне з егіпецкай няволі. Аднак у той жа час самапрэзентацыя Бога скіраваная ў будучыню. Яна з’яўляецца прадказаннем i сімвалам кожнага вызвалення, асабліва духоўнага; вызвалення з няволі граху, сапсаванасці і зла. Яна прадказвае таксама рэчаіснасць Новага Запавету. Дзесяць запаведзяў маюць выразную структуру. Першыя тры рэгулююць нашыя адносіны з Богам:
I. Не май іншых багоў апроч Мяне. Наступныя сем запаведзяў рэгулююць адносіны паміж людзьмі:
IV. Шануй бацьку свайго і маці сваю. Адзін з самых знакамітых знаўцаў Святога Пісання, Луіз Алонза Шокель, выкладчык рымскага Папскага біблійнага інстытута, паўтараў: «Тое, што было напісана вобразна, трэба чытаць і ўспрымаць вобразна». Дэкалог можна разглядаць як падабенства да крыжа. Яго вертыкаль — гэта тры запаведзі, якія скіроўваюць позірк на Бога, а гарызанталь — запаведзі, якія скіроўваюць позірк на бліжняга. Было б добра, калі б мы, чытаючы Дэкалог, памяталі пра крыж і ўяўлялі Яго. У аповедзе пра вяртанне Майсея пасля саракадзённага прабывання на гары Сінай чытаем: «Майсей вярнуўся з гары, несучы ў руках сваіх дзве скрыжалі Сведчання, на якіх было напісана з абодвух бакоў. На адным і на другім баку было на іх напісана. А скрыжалі былі справай Бога, і пісьмёны былі пісьмёнамі Бога, высечанымі на скрыжалях» (Зых 32, 15–16). Традыцыя, якая мае шматлікія пацвярджэнні ў іканаграфіі, перадае, што на адной табліцы былі тры запаведзі, а на другой — астатнія сем. Першая запаведзь падкрэслівае праўду пра тое, што Бог не абмяжоўваецца катэгорыямі і рамкамі гэтага свету, хоць незалежна ім кіруе. Хто прызнае Бога Айцом, не пойдзе за фальшывымі i нікчэмнымі ідаламі, якія ў наш час маюць больш складаныя абліччы і формы, чым у старажытнасці. Трэба быць асцярожным у тым, што мы ўшаноўваем, бо мы становімся тым, чаму пакланяемся. Запаведзь асцерагае перад прывабнасцю язычніцтва, якое здаецца атракцыйным, але па сутнасці з’яўляецца сумнай пародыяй Бога. Згадваюцца словы св. Аўгустына: «Калі Бог знаходзіцца на першым месцы, тады ўсё знаходзіцца на сваіх месцах». Другая запаведзь асцерагае перад злоўжываннем i зневажаннем Божага імя. Ёсць у ёй слова «дарэмна», якое мае два значэнні, добра зразумелыя ў габрэйскай мове: яно асцерагае, каб не ўжываць Божае імя для ілжэсведчання, а таксама, каб не ўжываць яго ў нікчэмных справах і рэчах, а значыць у нядобрых сітуацыях і кантэкстах, бо гэта вядзе да прыўлашчвання Божага вобраза i яго скажэння. Інакш кажучы, запаведзь абавязвае паважаць і шанаваць Божае імя, не змяншаючы Яго хвалы ў свеце. Сфармуляваная, як і ўсе іншыя запаведзі, у другой асобе адзіночнага ліку, яна падкрэслівае, што кожны з нас адказны за тое, каб не было злоўжывання імем Бога, каб яно не было зняважана і апаганена. Трэцяя запаведзь у Кнізе Зыходу (20, 8) пачынаецца словам zākōr, што перакладаецца як «памятай», а ў Кнізе Другазаконня (5, 12) — словам sāmōr, якое мае значэнне «выконвай», «захоўвай». У абедзвюх версіях — гэта адна з найбольш разбудаваных запаведзяў. Кніга Зыходу лучыць яе са стварэннем свету і чалавека: «Бо за шэсць дзён учыніў Пан неба і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх, і на сёмы дзень адпачыў. Таму благаславіў Пан дзень шабату і асвяціў яго» (20, 11). У Кнізе Другазаконня гэтая запаведзь спалучана з вызваленнем з Егіпта: «Памятай, што і ты быў нявольнікам у зямлі егіпецкай і што Пан Бог твой вывеў цябе адтуль моцнаю рукою і распраўленым плячом, таму і наказаў табе Пан Бог твой святкаваць дзень шабату» (5, 15). Першая, старэйшая, матывацыя мае ўніверсальны характар; другая падкрэслівае асаблівую прысутнасць Бога ў гісторыі Ізраэля. У адной і другой у разуменні шабату дамінуюць два аспекты: адпачынак, г.зн. устрыманне ад усялякай фізічнай і інтэлектуальнай працы, а таксама святкаванне. Старазапаветны шабат, якога прытрымліваліся вызнаўцы юдаізму, хрысціянства замяніла нядзеляй як святым днём, які ўвекавечвае ўваскрасенне Езуса Хрыста. Трэцяя запаведзь з’яўляецца практычным станоўчым вынікам дзвюх папярэдніх і абавязвае аддаваць Богу тое, што найцяжэй аддаць: свой час. Увага да святога дня ўплывае на ўсё жыццё вызнаўцаў Бога. Прамаўляючы ў Любачаве, Ян Павел II сказаў: «Калі Бог кажа: „Памятай дзень святы святкаваць“, Яго слова датычыць не толькі аднаго дня тыдня. Яно датычыць усяго характару нашага жыцця. У гэтым нашым чалавечым жыцці неад’емным з’яўляецца вымярэнне святасці. Яно неабходна чалавеку для таго, каб ён больш „быў“, каб паўней рэалізаваў сваю чалавечнасць. Яно неабходна для народаў i грамадстваў» (03. 06. 1991 г.).
Чацвёртая запаведзь Запаведзь «Шануй бацьку свайго і маці сваю» пачынае другую частку Дэкалогу, якая мае гарызантальнае вымярэнне і адначасова заканчвае першую частку, якая мае вертыкальнае вымярэнне. Таму яна займае ў Дэкалогу асаблівае месца. У Пасланні да сем’яў Gratissimam sane Ян Павел II напісаў: «Гэтая запаведзь ідзе пасля трох фундаментальных запаведзяў, якія датычаць адносінаў чалавека да Бога <…>. Чацвёртая запаведзь упісваецца ў гэты кантэкст: „Шануй бацьку і маці“, бо яны для цябе нібы намеснікі Пана Бога — з’яўляюцца тымі, хто даў табе жыццё, і праз гэта ўвялі цябе ва ўсю сферу чалавечага існавання: роду, народу, культуры. Яны з’яўляюцца тваімі першымі — пасля Бога — дабрачынцамі. Калі Бог сам добры, сам з’яўляецца Дабром, то яны маюць найбольшы ўдзел у Яго найвышэйшай дабрыні. А таму шануй сваіх бацькоў! Тут ёсць пэўная аналогія з пашанай Бога» (н. 15). У габрэйскай мове няма слова «бацькі». Ёсць толькі словы «бацька» i «маці». Запаведзь вельмі выразна падкрэслівае неабходнасць пашаны іх абоіх. Дзеяслоў kabēd мае сувязь з тым, што цяжкае, важнае i ў іншых абставінах датычыць адносінаў да Бога (Суд 13, 17; Пс 22 [21], 24). Ізраэльцяне часта заклікалі Бога як Айца, a Яго любоў i міласэрнасць прадстаўлялі ў мацярынскіх катэгорыях. Шанаванне бацькі і маці вынікае з запаведзі любові да Бога і грунтуецца на прынцыпе справядлівасці, якая належыць за атрыманае намі дабро. Яна з’яўляецца не столькі законам, які трэба выканаць, каб пазбегнуць санкцый за яго невыкананне, колькі этычным пастулатам, які абавязвае быць сумленным. Пра гэтую розніцу Ян Павел II напісаў: «У сваю чаргу трэба паказваць важнасць гэтай запаведзі таксама ў сучаснай сістэме правоў чалавека. Закон прамаўляе юрыдычнай мовай, а Бог кажа: „шануй“. Таму трэба падкрэсліць, што ўсе „правы чалавека“ могуць аказацца крохкімі i безвыніковымі, калі не будзе гэтага галоўнага „шануй”. Калі не будзе „пашаны“, інакш кажучы, прыняцця чалавека толькі таму, што ён чалавек, што ён менавіта „гэты“ чалавек, тады недастаткова будзе саміх правоў» (Gratissimam sane, н. 15). У гэтай запаведзі таксама ёсць займеннік другой асобы адзіночнага ліку, бо яна патрабуе абсалютнай i выключнай пашаны да свайго бацькі і сваёй маці. Хоць яна і ахоплівае таксама іншыя групы людзей, напрыклад, старэйшых ці кіраўнікоў, але пашана да сваіх бацькоў знаходзіцца, безумоўна, на першым месцы. Зважаючы на абсалютна выключную ролю бацькоў, якія даюць нам жыццё, Філон Александрыйскі лічыў, што яны стаяць на сярэдзіне паміж смяротнасцю і несмяротнасцю. Паводле Бібліі, ёсць два найбольш цяжкія грахі, якія можа здзейсніць чалавек, — гэта праклён, або зласлоўе на Бога i праклён, або зласлоўе супраць свайго бацькі ці маці. За патрабаваннем пашаны да бацькоў стаіць аўтарытэт Бога. Змяшчэнне гэтай запаведзі пасля трох папярэдніх, якія рэгулююць адносіны з Богам, скіроўвае нашую ўвагу на Божы план, які выяўвіўся пры стварэнні. У аповедзе, які адкрывае Кнігу Быцця, чытаем: «І стварыў Бог чалавека паводле свайго вобраза, паводле Божага вобраза стварыў яго, стварыў іх мужчынам і жанчынай» (Быц 1, 27). Мы бачым, што тут моцна падкрэслена цялеснасць чалавека і яго сексуальнасць, якая — таксама як духоўная сфера — з’яўляецца вобразам бесцялеснага i нябачнага Бога. Стварэнне першай чалавечай пары, Адама і Евы, мае ўжо ў сабе патэнцыял уцелаўлення: годнасць чалавека i яго цялеснасць настолькі вялікія, што Божы Сын для нас i нашага збаўлення стаўся чалавекам і меў Маці — Марыю. Цягам стагоддзяў з’явіліся канкрэтныя ўказанні, што значыць шанаваць бацьку і маці. У першую чаргу вылучаюцца чатыры абавязкі дзяцей адносна бацькоў: 1. Падтрымка і клопат; 2. Забеспячэнне адзеннем i годным існаваннем; 3. Забеспячэнне ежай i тым, што неабходна для спакойнага жыцця; 4. Клопат пра годнае пахаванне i належнае перажыванне часу жалобы пасля смерці бацькі i маці. З гэтых прынцыпаў выводзяцца канкрэтныя i падрабязныя патрабаванні, у якіх выяўляюцца пашана, апека i паслухмянасць. Чацвёртая запаведзь, як усе іншыя, мае ападыктычны характар. Яна не вызначае ніякіх умоваў і датычыць не толькі добрых бацькоў, а значыць яна не залежыць ад нейкіх абставінаў, мае рысы наследавання Бога ў Яго дабрыні i міласэрнасці. Там, дзе недастаткова справядлівасці, што загадвала б адплаціць бацькам, якія не справіліся са сваёй роллю, выступае патрабаванне наследаваць Бога, міласэрнасць якога заўсёды большая за справядлівасць. Чацвёртая Божая запаведзь мае таксама іншы бок, пра які гаворыцца ў Пасланні св. Паўла да Эфесцаў: «І [вы], бацькі, не раздражняйце вашых дзяцей, але выхоўвайце іх праз навучанне і настаўленне Пана» (Эф 6, 4). Падобнае чытаем у Пасланні да Каласянаў: «Айцы, не раздражняйце дзяцей вашых, каб яны не падалі духам» (Клс 3, 21). Загадваючы паважаць і шанаваць бацькоў, запаведзь прадугледжвае іх адказнасць за добрае выхаванне i добрыя адносіны да сваіх дзяцей. Ян Павел II пісаў: «Калі чацвёртая запаведзь патрабуе шанавання бацькі і маці і патрабуе гэтага таксама з увагі на дабро сям’і, то адначасова, з увагі на тое ж дабро, ставіць таксама патрабаванні бацькам. Бацькі, — нібы нагадвае ім Божая запаведзь, — паступайце так, каб заслужыць павагу (i любоў) з боку вашых дзяцей! Не пакідайце Божага патрабавання пашаны да вас у „маральным вакууме“! Бо маецца на ўвазе ўрэшце пашана, якая з’яўляецца ўзаемнай. Запаведзь „шануй бацьку і маці“ апасродкавана кажа бацькам: шануйце вашых дзяцей, сыноў і дачок так, як яны гэтага заслугоўваюць. А заслугоўваюць таму, што існуюць, а таксама таму, што з’яўляюцца тымі, кім з’яўляюцца, — i гэта з першай хвіліны зачацця. Гэтая запаведзь выяўляе не толькі ўнутраныя сямейныя повязі, але паказвае таксама прынцып унутранай еднасці сям’і» (Gratissimam sane, н. 15).
Пераклад з польскай мовы
|
|
|