Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(92)/2020
Год Яна Паўла ІІ
Крыстына ЛЯЛЬКО
СЛУЖЭННЕ НАДЗЕІ
Спадчына

ЖЫРОВІЦЫ — ЛАСКАЎ КРЫНІЦЫ...

ШЛЯХАМ ДЗІВАЎ І ЎРАЖАННЯЎ
Проза

«...УСЕ БАЧЫЛІ НЯСТАЧУ ВІНА...»
Прэзентацыя
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Прэзентацыя
Пераклады
Проза

«ПАДЫМІ МЯНЕ Ў СВЕТЛЫ АБШАР...»
Нашы святыні
Мастацтва

КРЫВІЧЫ І ВАКОЛІЦЫ

Уладзімір СІЎЧЫКАЎ

«ПАДЫМІ МЯНЕ Ў СВЕТЛЫ АБШАР...»

Ву-унь там маё лецішча! Фота Алесі Сіўчыкавай.

Не раз бывала, што на лецішчы за працаю ці за шашлыкамі чуў нязвыклыя гукі, што даносіліся аднекуль зверху. Падымаў угару свае вочы і бачыў, што высока над вершалінамі дрэў на Лысае гары павольна плыве паветраны шар, а гукі тыя — ад газавай гарэлкі, якая раз-пораз папаўняе гіганцкі балон гарачым паветрам. У голаў тады мімаволі прыходзіла мелодыя гурта «NRM — Народная Рэспубліка Мроя», і словы прыпеву з кампазіцыі «Паветраны шар»:

Падымi мяне па-над зямлёю,
Падымi мяне ў светлы абшар!
Падымi мяне над мiтуснёю.
Падымi мяне, паветраны шар!

Крыху зайздросцілася тым, хто быў у вялікім плеценым лазовым кошыку і думалася-марылася: «Вось бы і мне паляцець калі-небудзь на такім шары!»

Тую даўнюю мару дапамагла здзейсніць старэйшая дачушка Алеся. Мажліва, на думку пра палёт навяло падоранае мною да яе круглае даты палатно Ігара Рымашэўскага «Акадэмічна-паветраны фэст». На ім была намаляваная частка нашага галоўнага праспекта з мясцінамі, якія для мяне здавён намоленыя, якія даўно абжыў, у якіх вучыўся і працаваў, дзе жыву і цяпер са сваёй сям’ёю вось ужо дваццаць гадоў. Гэта «акадэмічнае» перакрыжаванне праспекта з колішняй вуліцай Друкарскай — Дом друку, каланада Нацыянальнай акадэміі навук, Беларуская акадэмія мастацтваў і дом, у якім месціцца «Акадэмкніга». На ажыўленым перакрыжаванні мінакі назіраюць за надзвычайным відовішчам — фестывалем паветраных шароў. Па-над горадам плывуць стракатыя шматколерныя лятальныя апараты, а да іх, у высокае блакітнае неба, скіраваныя здзіўлена-радасныя, зачараваныя позіркі мінчукоў.

Так ці інакш, але замовілі палёт і легкавік Peugeot фірмы «Аэратур Балунс» адвёз нас, чацвёрку будучых адважных паветраплаўцаў, на паляну непадалёк ад вёскі Ганалес, да канала Вілейска-мінскай воднай сістэмы, што працягнуўся паміж Мінскім морам і Заслаўем. Адвёз цёплым надвячоркам, бо паветраныя шары лётаюць толькі ў першыя дзве-тры гадзіны пасля світанка і перад захадам сонца. Лічыцца, што тым часам летняе неба самае прыхільнае: вецер дзьме роўна і стабільна.

Проста ў нас на вачах за нейкія чвэрць гадзіны наземная каманда з пяці чалавек нібыта гіганцкі парашут раскатала на траве блакітна-белы паветраны шар EW-428 SL, з дапамогаю вялізнага вентылятара нагнала ў яго вечаровага цёплага, а з дапамогаю газавых гарэлак і гарачага паветра злучыла карабінамі тросы абалонкі з рамай гарэлак і каркасам кошыка.

Пасля кароткага інструктажу нам, паветраплаўцам-неафітам, давялося спрытна ўскараскацца ў вялізны плецены кошык з газавымі балонамі, дзе ўжо прычэкваў нас пілот Дзмітрый, які, аказваецца, напярэдадні падаў заяўку ў мясцовы орган кіравання паветраным рухам, а за 20 хвілін да палёту пацвердзіў яго паведамленнем па УКХ-радыёстанцыі з авіяцыйным дыяпазонам частот. Аэрастат, патлумачыў ён, аснашчаны таксама бараметрычным высатамерам, лічбавым індыкатарам тэмпературы з датчыкам, які знаходзіцца ў сярэдзіне абалонкі, варыёметрам для вымярэння вертыкальнай хуткасці пад’ёму і спуску, індыкатарам ціску прапана ў балонах, на ўваходзе ў фітыль і ў асноўную гарэлку. За гадзіну палёту шар спажывае да 70-ці літраў газу, а важыць разам з абсталяваннем і палівам амаль паўтоны!

Дзмітрыевы калегі-наземнікі адпусцілі лейцы, і шар наш пад сцягам горада Мінска даволі мякка тузануўся, узняўся ў паветра, стаў набіраць вышыню, бо Дзмітрый раз-пораз націскаў рычажкі гарэлак. Старт дый сам палёт падаўся куды больш лагодным і «гуманным» у сэнсе фізічных нагрузак, чым на самалёце, але ўсё роўна адчувалася лёгкае хваляванне: мы ўсё вышэй падымаліся ў неба — бліжэй да Бога, да аблокаў і да зор!

Неўзабаве мы змаглі пабачыць сваё адлюстраванне ў люстэркавай гладзі вяслярнага канала, а потым і знаёмыя абрысы слаўнага і старажытнага Заслаўя з яго галоўнымі архітэктурнымі акцэнтамі — касцёлам Нараджэння Дзевы Марыі і колішнім кальвінскім зборам — Спаса-Праабражэнскай царквою.

Пад намі — слаўнае Заслаўе! Фота Уладзіміра Сіўчыкава.

На жаль, вецер панёс нас не на захад, па-над горадам, і не на паўднёвы захад, у бок знакамітае Лысае гары і майго лецішча, не на паўночны захад у кірунку Радашкавічаў, а акурат у паўночным напрамку. І ўсё роўна дужа цікава было пабачыць з вышыні Заслаўскае вадасховішча — Мінскае мора, а на ўсходнім даляглядзе — бялюткія ўскраіны нашае сталіцы. Пад намі заставаліся рэчка Свіслач, азёрцы і сажалкі, палеткі з дзівоснай геаметрыяй ад сельскагаспадарчай тэхнікі і дачныя пасёлкі — так званыя садовыя таварыствы, у якіх можна было агледзець пабудовы, двары, грады, а дзе-нідзе нават надзіманыя басейны. Было чуваць, як брэшуць сабакі, як адзін з бульбакапальнікаў чамусьці галёкаў нам «Мафія бессмяротная!» і «Ils ne passeront pas!»«¡No pasarán!», відаць, як прасёлкавымі дарогамі праязджаюць легкавікі, а дачнікі прывітальна махаюць нам. Гэтаксама прыязна, падалося нам, памахаў крыламі лёгкі самалёцік, які абляцеў вакол нас і ўзяў курс на Мінск.

Хваляваліся, што ў вышыні можа быць прахалодна, але дарэмна: час ад часу было нават горача ад полымя прапанавых гарэлак. І вецер зусім не адчуваўся — шар перамяшчаўся, мякка плыў у паветры разам з плынямі паветраных мас.

Час ад часу пілот Дзмітрый звязваўся па рацыі з наземнымі службамі, якія кантралявалі паветраную абстаноўку, узгадняў з імі, карэкціраваў рэжым палёту, а таксама перамаўляўся з наземнай камандай, што рухалася на аўтамабілях следам за намі. Казаў Дзмітрый, што ў тутэйшых лясах і пералесках вядзецца шмат казуляў і лісіцаў, але пад густымі шатамі нам не ўдалося ўгледзець іх.

Гадзіна палёту ды актыўнай фотасесіі праляцелі незаўважна. Мы сталі зніжацца дый з асцярогаю паглядалі на лініі электраперадачы, сажалкі дый кукурузныя палі. Але пілот наш спакойна і ўпэўнена выруліў да ўзлеску, а на паляне пры прасёлачнай дарозе карзіну пераняла наземная каманда, што пад’ехала да месца прызямлення на дзвюх машынах. Потым яна дзелавіта стала здзімаць шар і згортваць абсталяванне, а Дзмітрый спрытна расставіў раскладныя зэдлікі, а таксама столік, на які выставіў бутэльку шампанскага з французістым назовам «Avenue De Paris» ды распавёў сваю версію гісторыі паветраплавання.

Адважныя паветраплаўцы.
Фота Алесі Сіўчыкавай.

У французскім гарадку Аноне жылі браты Жазэф і Эцьен Мангальф’е (Montgolfier). Яны мелі паперню, былі заможнымі і паважанымі месцічамі. Акрамя таго, браты былі разумнымі і практычнымі, вывучалі хімію і фізіку, а атрыманыя веды скарыстоўвалі на практыцы. У апошняй чвэрці XVIII стагоддзя лічылася, што чалавеку не дадзена падняцца ў паветра, але браты настойліва праводзілі вопыты ў гэтым кірунку. Аднойчы ўвечары, калі яны смакавалі дыжэстыў пасля вячэры, Жазэф заўважыў, што, калі яго жонка праходзіць пры каміне, дык яе спадніца калышыцца ад гарачага паветра. Гэтае назіранне падштурхнула да думкі напаўняць іх шар не гарачай парай, а гарачым дымам.

5 чэрвеня 1783 года браты прадэманстравалі здзіваваным землякам першы палёт паветранага шара з матэрыі, праклеенай паперай. Чуткі пра шар-лятун, які ў гонар вынаходнікаў ахрысцілі мангальф’ерам, імгненна распаўсюдзіліся і дайшлі нават да караля Людовіка XVI. Той хутка змікіціў, што можа стацца і каралём усяе паветранай прасторы, і загадаў запрасіць вынаходнікаў у Парыж.

19 верасня пры Версальскім палацы ў прысутнасці самога манарха, ягонай світы, замежных дыпламатаў і вучоных-акадэмікаў браты напоўнілі свой удасканалены апарат гарачым паветрам, а ў кабіну-гандолу пасадзілі качку, пеўня і барана, бо не ведалі, ці змогуць дыхаць у вышыні людзі. Шар праляцеў каля чатырох кіламетраў, а калі сеў, дык аказалася, што жывёлы-выпрабавальнікі пачуваліся выдатна.

Кароль, хоць і надаў Мангальф’ерам графскія тытулы, зусім не адразу дазволіў паляцець нават самім вынаходнікам. Але яго ўдалося ўгаварыць, і 21 лістапада 1783 года ў паветра над Парыжам падняліся фізік і хімік Пілатр дэ Раз’е (Pilаtre de Rozier) і зацяты спартовец маркіз д’Арланд, якія праляцелі на цеплавым аэрастаце каля васьмі кіламетраў. Іх імёны гэтаксама ўвайшлі ў гісторыю паветраплавання.

Амаль адначасна, а менавіта 1 снежня 1783 года, адбыўся першы палёт шарл’ера — больш дасканалага тыпу аэрастата, абалонка якога напаўнялася вадародам. Вынаходнік яго, французскі прафесар Жак Аляксандр Сезар Шарль (Jacques Alexandre César Charles), падчас другога палёту падняўся на вышыню да трох кіламетраў.

Другімі пасля французаў сталі штурмаваць нябесныя абшары грамадзяне Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага. Прынамсі, хросным бацькам нашага паветраплавання стаўся кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі (Stanisław August Poniatowski), беларус з нараджэння: ён прыйшоў у свет у Воўчыне, што на Камянеччыне. 17 студзеня 1784 года ў Кракаве ў яго прысутнасці з ініцыятывы групы вучоных, сярод якіх вёў рэй астраном і матэматык Ян Снядэцкі (Jan Śniadecki), ураджэнец Гнезна, што на Ваўкавышчыне, будучы рэктар Віленскага ўніверсітэта, быў запушчаны паветраны шар. Бласлаўляў кароль і першы пілатаваны палёт француза Яна П’ера Бланшара (Jean Pierre Blanchard) у Варшаве 10 траўня 1789 года. Праз чатыры дні адважны гал падняўся ў неба ўжо з пасажырам, падарожнікам і пісьменнікам Янам Патоцкім (Jan Potocki), вядомым праз раман «Рукапіс, знойдзены ў Сарагосе».

26 студзеня 1885 года ў расійскім войску была створана першая паветраплавальная каманда, якая неўзабаве ўзяла ўдзел у манеўрах пад тагачасным Брэст-Літоўскам.

Палёт праходзіць выдатна!
Фота Алесі Сіўчыкавай.

Вялікае ўражанне на менскую публіку зрабіла 26 верасня 1891 года шоу ўраджэнцаў Астравеччыны братоў Станіслава і Юзафа Драўніцкіх. Старэйшы з іх не толькі падняўся з Губернатарскага саду, цяперашняга дзіцячага парку імя Горкага, на паветраным шары, але і скочыў з яго з парашутам, прызямліўся на дах будынка на вуліцы Хрышчэнскай (цяперашняй Інтэрнацыянальнай).

Больш падрабязныя звесткі пра першыя паветраныя шары ў Беларусі і пра першых беларусаў-паветраплаўцаў параіў Дзмітрый шукаць на інтэрнэт-сайтах, а таксама звярнуцца ў Авіяцыйны музей у Баравой блізу нашае сталіцы.

У свой час кароль Людовік XVI быў настолькі натхнёны, што выдаў указ: кожны, хто падняўся ў неба на паветраным шары, атрымае графскі тытул. Таму, згодна традыцыі, з подпісам пілота нашага цеплавога аэрастата атрымаў і я дакумант з тэкстам — «Грамата першага палёта, выдадзеная Сіўчыкаву Уладзіміру пра тое, што 2 верасня 2019 года ён упершыню здзейсніў палёт на паветраным шары працягласцю ў 1 гадзіну з пад’ёмам на вышыню да 720 метраў. З гэтае нагоды яму надаецца ганаровае званне паветраплаўцы, а таксама дваранскі тытул — граф Лабэншчынскі». З гэтае нагоды я самаіранічна рэзюміраваў: «Ну, не прынц, не герцаг і не маркіз, але ўсё роўна гучыць ніштавата — не якісьці там віконт ці барон!»

Мы прызямліліся блізу вёсак Боўблі і Лабэншчына, пры якой, аказваецца, захавалася гарадзішча культуры позняй штрыхавой керамікі канца першага тысячагоддзя да нашай эры. Таму абраны варыянт свежаатрыманага тытула падаўся мне куды больш гістарычна важкім і куды больш мілагучным, чымся імаверны «граф Баўблянскі».

Дзмітрый урачыста абвясціў, што маем права валодаць усімі землямі, над якімі праляцелі, але… толькі тады, калі знаходзімся ў паветры, па-над імі!

Наапошку зрабілі памятныя фотаздымкі разам з нашым пілотам, пажадалі яму шматлікіх удалых палётаў. А Дзмітрый нечакана прызнаўся, што неўзабаве разам са сваёй камандай выпраўляецца ў амерыканскі штат Нью-Мексіка. У тамтэйшым штогадовым міжнародным знакамітым фестывалі, які праводзіцца паміж гарадамі Альбукерке і Санта-Фэ, удзельнічае больш за 2000 паветраных шароў-мангальф’ераў! Кастрычніцкае феерычнае шоу цягам амаль паўстагоддзя не спыняецца нават уначы, калі падсвечаныя шары плывуць над горным хрыбтом Сандзія і ракой Рыа-Грандэ.

Прыемна было думаць, што над легендарным Альбукерке пад мелодыю «Паветранага шара» сярод іншых лунацьме наш бел-чырвона-белы сцяг!

Падзяка па-над аблокамі

Бывала, думаў: «Сацыяльныя сеткі зацягваюць інтэрнаўтаў як у прорву. Але сёння зайду толькі на хвілінку, толькі гляну ў Фэйсбуку, што новага ў свеце!». А пасля спахопліваўся — выдаткаваў, а то і змарнаваў гадзіну ці дзве! Дакараў сябе, што ўстурбаваўся, калі дазнаўся пра чарговыя агрэсіўныя захады ўсходніх суседзяў, што падпсаваў настрой, калі прачытаў у стужцы пра чыноўніцкія злачынныя свавольствы, што засмуціўся, калі дазнаўся пра сыход у іншы свет нават малазнаных асобаў, што мімаволі «наглытаўся» непатрэбнай рэкламы і навязлівых сэлфі. Але ж і скарыстоўваў мажлівасць павіншаваць сяброў і знаёмцаў з харошымі датамі і падзеямі, даведваўся пра знакавыя і цікавыя выставы, прэзентацыі ды імпрэзы, прачытваў пра не вядомыя раней факты, падзеі і адкрыцці. А бывала, што сустракаў у стужцы навінаў і надзвычай гуманныя, чуллівыя посты.

... Днямі пабачыў кранальны відэаролік, адзняты на турэцкіх авіялініях перад шараговым палётам «Дрымлайнера» (Dreamliner). Напачатку прайшла панарама салона, дзе пасажыры ўладкоўваюцца ў сваіх крэслах, а то і спрабуюць задрамаць, бесклапотна пазіраюць у ілюмінатары, адзвоньваюцца родным і блізкім па айфонах…

На наступным плане ў пілоцкай кабіне камандзір паветранага судна прадстаўляе свой экіпаж, робіць звыклыя абвесткі пра рэйс — час у паветры, вышыню палёту, адлегласць да аэрапорта прызначэння. Але наастатку ён нечакана абвяшчае, што на борце сярод іншых пасажыраў знаходзіцца ягоны школьны настаўнік, якому ён хацеў бы выказаць сваю бясконцую ўдзячнасць і невымерную павагу. Камера ў салоне выхоплівае буйным планам расчуленага сямідзесяцігадовага інтэлігентнага выгляду мужчыну ў кардыгане і пры гальштуку. На твары ягоным прачытваецца скрайняе ўзрушэнне, на вачах наварочваюцца слёзы, якія ён намагаецца змахнуць хусцінкай… Па праходзе паміж крэслаў да яго прастуюць з агромністым букетам кармазінавых ружаў дзве красуні-сцюардэсы, а следам за імі — два малойцы-сцюарды. Яны дораць кветкі, па чарзе цалуюць настаўніку-ветэрану руку, потым дакранаюцца да яе ілбом на знак пашаны, а тады яшчэ цалуюць настаўніка ў шчаку.

Напачатку знямелыя, а потым здзіўленыя і ўзрушаныя пасажыры наладжваюць авацыю, а калі з кабіны выходзіць камандзір карабля, ужо ён цалуе і абдымае свайго колішняга настаўніка і зноў дзякуе яму, і многія з жанчын ужо не могуць прыхаваць свае слёзы…

Сюжэт выйшаў вельмі кранальны і паказаў выключную павагу да настаўнікаў, якія ў многім фармуюць жыцці і лёсы.

Мусіў бы прызнацца, што хоць сам нібыта і не дужа сентыментальны, але кожнага разу, як праглядаў гэты ролік, дык да горла падступаў камяк, а рука мімаволі намацвала насоўку! Нават калі гэты сюжэт пастановачны, зрэжысіраваны, дык зроблены бліскуча і дасягае пастаўленай мэты!


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY