|
|
№
2(92)/2020
Год Яна Паўла ІІ
Спадчына
Проза
Прэзентацыя
Паэзія
Прэзентацыя
Мікола ГРАКАЎ
ДАНТАВА БЕАТРЫЧЭ Ў БАГДАНОВІЧАВЫМ ВЯНКУ, АБО ВАНДРОЎКА З АКСАНАЮ ДАНІЛЬЧЫК ТУДЫ, ДЗЕ СПЯВАЕ ЛЁД Пераклады
Проза
Нашы святыні
Мастацтва
|
Аўтар кнігі меў магчымасць азнаёміцца з дакументамі віленскіх архіваў, а менавіта з дакументамі тагачаснай савецкай службы бяспекі — гэта ордэры на арышты святара і вобыскі яго жылля, пратаколы допытаў, пастановы аб прысудах і інш. Да таго ж аўтар, вядомы беларускі паэт, з-пад пяра якога выйшла таксама не так даўно яшчэ адна біяграфічная кніга — «архіўная аповесць» пра Максіма Танка «…Натуральны, як лінія небасхілу» (2017), з’яўляецца добрым знаўцам беларускага літаратурна-грамадскага руху 1920-30-х гг., шматлікай палемічнай перыёдыкі таго часу (беларускай і польскай), знаўцам Вільні (сучаснага Вільнюса) як горада, дзе захавалася безліч памятак беларускага гістарычнага і культурнага мінулага і дзе на Полацкай вуліцы ў доме № 9 на стромым схіле рачулкі Вялейкі прытулілася былая кватэра айца Адама, а брукаванкі Вільні яшчэ памятаюць яго хаду. Віленскія ж касцёлы — святога Мікалая, святой Тэрэзы, святога Міхала, святой Ганны ды іншыя — дагэтуль поўняцца рэхам словаў яго беларускіх казанняў, захоўваюць памяць аб яго пастырскім служэнні. Усе гэтыя назапашаныя веды, вывучаныя дакументы ды сам выбітны паэтычны талент аўтара спрычыніліся да таго, што яму ўдалося стварыць амаль захапляльнае падарожжа ў лёс свайго героя — святара, грамадскага дзеяча на ніве беларускага адраджэння, палітыка, асветніка скарынаўскага фармату. Кажу амаль захапляльнае, бо трагізм лёсу, абумоўлены той гістарычнай сітуацыяй, у якой апынуліся Беларусь і яе народ у часе таталітарызму, дадае горычы ў гэтае захапленне — захапленне мужнасцю святара, яго трываласцю, вернасцю свайму пакліканню і служэнню з Богам для Беларусі. Лёс Адама Станкевіча ўвабраў у сябе, можна сказаць, усе фарбы і адценні тагачаснага беларускага жыцця, быў знітаваны з многімі працэсамі, што адбываліся тады, больш за тое, ён — асоба духоўная — быў у гушчы гістарычных падзей, творачы на справе светлы гмах адраджэння свайго народа — адраджэння рэлігійнага, культурнага, адукацыйнага, дзяржаўна-палітычнага. Пачынае свой расповед пра святара аўтар кнігі з уласнага верша, які ўспрымаецца як эпіграф, або, хутчэй, як пралог да ўсяго твора. У вершы, нібыта з нябёсаў, у духу, Адам Станкевіч бачыць лю́бую Вільню, вуліцы Полацкую і Зарэчную, якімі найчасцей хадзіў, вежы касцёлаў, дзе служыў, і гэты відарыс цешыць яго душу. Але ўплятае сюды паэт і трывожныя ноткі: яго герой бачыць у духу і «філёраў», што сочаць за ім адусюль, і «…Вільню ўсю ў чырвоным адгалоссі, // І ў чырвань гвалтам гнаную душу». Так у вершы сімвалічна аглядаецца ўвесь лёс героя кнігі, што здзейсніцца ў паўнаце прынятых цярпенняў і прынесенай ахвяры, як тое і будзе апісана далей, старонка за старонкай, у 27-мі асобных невялікіх, пазначаных фабульнай дынамікай і насычаных фактамі раздзелах аповесці, якія трымаюць у неаслабным напружанні ўвагу чытача. Пры ўсёй далейшай эпічна-драматычнай выяўленчай разгорнутасці аповеду, у якім рэалістычная канкрэтыка падзей сплятаецца з пэўнай лірыка-публіцыстычнай рэфлексійнасцю аўтара над імі, твор пабудаваны ў цэлым як адна метафара — метафара лёсу беларускага святара, а з ім разам і беларускага народа, якому ён служыў у акрэсленую гістарычную эпоху. Сутнасць жа гэтай метафары закладзеная ў самой назве кнігі «…Усе бачылі нястачу віна…». Назва, як можна заўважыць, з’яўляецца алюзіяй на цытату з Евангелля, якая адсылае да цуду, які ўчыніў Хрыстус на вяселлі ў Кане Галілейскай, калі на просьбу сваёй Найсвяцейшай Маці, заўважыўшай брак віна на стале бяседнікаў, ператварыў ваду ў віно (Ян 2, 1-11). На апошніх старонках кнігі, у пасляслоўі, аўтар дае расшыфроўку сваёй метафары, звязанай з усім зместам кнігі, выкарыстоўваючы прыём параўнання: «Ісус Хрыстос ваду ператварыў у віно — зрабіў немагчымае. Тое ж немагчымае рабіў і ён, Адам Станкевіч, бо таксама ж бачыў нястачу віна, — брак Беларусі ў Беларусі, — і да апошняга (як мог і як умеў!) ператвараў буднае — у святочнае. І аддаў жыццё, бо толькі жыццё — плата за высокую мэту!» (с. 156). Так заканчвае аўтар сваю аповесць пра Адама Станкевіча, дарэчна праводзячы аналогію і выкарыстоўваючы біблійную цытату, якая становіцца метафарычным увасабленнем сакральнасці той справы, якой служыў святар, складаючы ахвяру свайго апостальства на Беларусі і для беларусаў. Бо ў сваім святарскім пакліканні ён быў «з гэтага люду ўзяты і для гэтага люду пастаўлены», змагаючыся з усімі выпрабаваннямі і перашкодамі, якія выстаўляла на яго шляху ў тыя часы рэчаіснасць.
Уласна аб гэтым кніга Леаніда Дранько-Майсюка, заснаваная на шматлікіх новых дакументальных матэрыялах і сведчаннях. У гэтым бачыцца яе неаспрэчная каштоўнасць, цікавасць і запатрабаванасць у культурна і духоўна падрыхтаванай чытацкай аўдыторыі. Аўтар праводзіць нас старонкамі шматлікіх дакументаў, робячы рэканструкцыю раней мала вядомых старонак біяграфіі Адама Станкевіча. Гэта не кананічная біяграфія ў энцыклапедычным даведніку і не створаная фантазіяй мастацкая белетрызацыя вобраза знанай гістарычнай асобы, хоць рысы абодвух жанраў прысутнічаюць у стылістыцы твора. Зрэшты, у дакументальнай аповесці навуковая дакладнасць, выверанасць канкрэтных фактаў можа суседнічаць з адвольнай іх інтэрпрэтацыяй, суб’ектыўна-аўтарскімі ацэнкамі і разважаннямі. Пры гэтым мера праўдзівасці вобраза дасягаецца мэтазгоднасцю і гарманічнасцю спалучэння абодвух падыходаў. Крыху пра дакументальны бок кнігі. Вонкава аўтар робіць усё мажлівае, каб яго твор выглядаў ледзь не як дысертацыя, уводзячы ў яго не толькі дакументы, але і дадаючы безліч спасылак каментатарскага характару, частка якіх, відавочна, неабходная і дарэчная, але частка проста перагружае і абцяжарвае ўспрыманне асноўнага тэксту (напрыклад, звесткі пра збольшага добра вядомых колу патэнцыйных чытачоў гэтай кнігі беларускіх дзеячаў таго часу: Я. Купалу, Б. Тарашкевіча, М. Танка ды іншых). Што датычыцца шматлікіх чальцоў літоўскай савецкай службы бяспекі, якія складалі пратаколы, рабілі арышты, ператрусы і іншыя прадугледжаныя іх службай віды працы, і якія шчодра пайменна прадстаўлены ў кнізе, то тут, на маю думку, ёсць два контраверсійныя моманты. З аднаго боку, на працягу кнігі ўзнікае недаўменне, навошта аўтару спатрэбілася цягнуць сюды ўсіх гэтых безаблічных Івановых-Міхайлавых, начальнікаў і не начальнікаў розных спецаддзелаў, якія выконвалі свае ганебныя функцыі, чынячы гвалт і прымус тварам краіны, якая даручала ім гэтыя заданні? З другога ж боку, пры такім падыходзе аўтара становіцца бачным, што таталітарная сістэма была не безаблічнай машынай зла, якая нішчыла лёсы асобных людзей і цэлых народаў, бо яе складалі «жаўнеры пекла» з канкрэтнымі імёнамі і прозвішчамі. Аўтар палічыў мэтазгодным назваць гэтыя імёны цемры, дакументальна выкрываючы аблічча зла чырвонай імперыі. Што ж, ён меў на гэта права, спалучаючы ў сабе і даследчыка, і мастака слова. Магчыма, зрабіў так, каб яшчэ больш прамяністай, светлай і годнай бачылася постаць беларускага святара, нязломнага духам, што годна супрацьстаяў гэтай брутальнай цемры, дзейнічаў і тварыў новую Беларусь, выконваў сваю высокую місію паклікання і ў гэтых нялюдскіх умовах, узышоў на сваю Галготу, прыняўшы крыж пакутаў і пайшоўшы ў гэтым да канца, наследуючы Таго, Хто яго паклікаў на гэты апостальскі, місійны шлях. Мушу адзначыць, што, на маю думку, наймацнейшы бок кнігі менавіта ў яе дакументальнай аснове, у паказе твару эпохі не прыблізна, не размытым фонам, не ўвогуле як нешта ўжо даўно вядомае і вывучанае гісторыкамі. У кнізе эпоха загаварыла галасамі і замільгацела тварамі тых, хто лічыў сябе яе гаспадарамі, але не здолеў сваёй татальнай цемрай знішчыць тое святло, якое выпраменьваў нават адзін чалавек, і чалавек той быў — святар Адам Станкевіч, які выконваў евангелізацыйную місію, даручаную самім Хрыстом. Але, можа, якраз найбольш супярэчлівым у аўтара атрымаўся менавіта сам вобраз святара. І гэта не папрок аўтару, бо ён прарабіў сапраўды вялікую працу, сабраўшы і асэнсаваўшы найбагацейшы дакументальны матэрыял, паказаўшы праз люстра дакументаў праўдзівы твар той балючай эпохі, якая, перафразуючы словы самога паэта, «у чырвань гвалтам гнала душы». У чым жа мне бачыцца супярэчлівасць? Адразу зазначу: выдатна і шматбакова паказана ў кнізе постаць Адама Станкевіча як нястомнага дзеяча нацыянальнага адраджэння, як палітыка, лідара Беларускай хрысціянскай дэмакратыі 1920-х гадоў, пасла ў Польскім сейме, ініцыятара стварэння і актывіста шматлікіх беларускіх нацыянальных арганізацый міжваеннага і ваеннага часу, змагара за беларускія школы, беларускую дзяржаўнасць і асабліва за паслядоўную беларусізацыю Касцёла, што на той час сустракала моцны супраціў і абарочвалася для святара шматлікімі непрыемнасцямі, выпрабаваннямі, вымагала ахвярных высілкаў. Але ён быў паслядоўны і цярплівы ў сваёй пазіцыі, разумеючы, што мусіць дбаць, каб яго служэнне вяло беларускі народ да Бога на роднай мове, а ў будучыні гэта, несумненна, дапамагло б умацаваць Беларусь і яе дзяржаўнасць. Можа, ён на той час, насамрэч, быў у гэтым «летуценнікам і нацыянальным фантазёрам» (с. 112), як называе яго часам на старонках сваёй кнігі аўтар. Пры гэтым няма сумненняў, што аўтар улюбёны ў свайго героя, ён глыбока зацікаўлены яго лёсам, крочыць ягонымі сцежкамі жыцця і змагання, поўнячыся то замілаванасцю, то болем, вядзе нас гэтымі сцежкамі, дзелячыся сваім досведам. Ужо хутчэй як літаратар, як мастак слова, а не гісторык-дакументаліст, аўтар імкнецца зазірнуць і ва ўнутраны свет свайго героя, прасякнуцца ягонымі думкамі і адчуваннямі. І вось тут, на мой погляд, выявіўся слабы момант у інтэрпрэтацыі асобы святара. Мы ўжо падкрэслілі, што аўтару ўдалося паказаць свайго героя ў коле яго шматграннай грамадска-палітычнай дзейнасці, паказаць як мэтанакіраванага змагара за нацыянальную будучыню беларусаў ва ўсіх кантэкстах: рэлігійным, асветніцкім, палітычным, аднак нібыта на перыферыі лёсу застаецца тое, што айцец Адам быў перадусім святаром, а потым ужо мысляром, дзеячам, змагаром! І справа не ў тым, што трэба было б апісваць, як ён цэлебруе святую Імшу, спавядае, хрысціць або вянчае сваіх вернікаў, хаця ў кнізе прыводзіцца некалькі вельмі важных дакументальных сведчанняў заступніцтва святара за людзей, не блізкіх яму па поглядах, прыхільнікаў камуністычных ідэй, калі яны аказваліся перад тварам смяротнай небяспекі за так званым «польскім часам» і пад нямецкай акупацыяй (у часе ж савецкага «вызвалення» ў смяротнай небяспецы быў ужо сам святар). Праз такія ўчынкі рэалізавалася ў лёсе святара не толькі хрысціянская любоў да бліжняга, але і давалася сведчанне хрысціянскай любові да непрыяцеляў, прадстаўнікоў варожага кола, што заўсёды, мабыць, самае цяжкае для разумення і, асабліва, для выканання, паводле хрысціянскай этыкі. Прычынай супярэчлівасці створанага ў кнізе вобраза святара бачыцца нам перадусім тое, што аўтар не вельмі разумее сутнасць сакрамэнту святарства і дазваляе сабе адвольна рэфлексаваць над паводзінамі святара, даваць сваю інтэрпрэтацыю таго, што мог думаць ці перажываць у той ці іншы канкрэтны момант святар. Але тыя думкі і адчуванні, якія аўтар прыпісвае святару, насамрэч, ніякім чынам з яго асобай не стасуюцца. Бо, як вядома, святар — гэта Alter Christus (другі Хрыстус), і ў сваіх паводзінах павінен наследаваць Хрыста, а таму абсалютна непрымальна выглядае кампраміс з д’яблам, які аўтар прыпісвае кс. Адаму Станкевічу ў апавяданні «Дох» і ў некаторых іншых раздзелах кнігі. Як вядома, у Евангеллі ёсць сцэна спакушэння Хрыста ў пустэльні, дзе мы бачым, як паводзіць сябе Хрыстус, адганяючы сатану, які абяцае Яму ўсе валадарствы свету, каб толькі той пакланіўся яму, д’яблу. «Дох» у кнізе Леаніда Дранько-Майсюка — зборны персанаж, той жа д’ябал, якога аўтар так назваў, выкарыстаўшы дыялектнае найменне, што ўжываецца ў народных гаворках яго роднай мясцовасці. У гэтым вобразе пісьменнік аб’яднаў усіх высокіх чыноў службы бяспекі, якія падступна дапытвалі святара, выпрабоўвалі яго, каб схіліць да супрацоўніцтва, спакушалі магчымасцю нібыта здзейсніць «яго мару»: гэта значыць стварыць Каталіцкі Касцёл у Беларусі, які будзе беларускім, а ксёндз Станкевіч стане яго біскупам; у якасці ўмовы патрабавалася адно толькі згода ксяндза, што гэты Касцёл будзе падпарадкаваны не Апостальскай Сталіцы, а Маскве. «Пану Богу твайму пакланяйся і Яму аднаму служы», — адказвае Езус у пустэльні на прапанаваныя д’яблам спакусы, і той адыходзіць (Мц 4, 8–11). Так і Адам Станкевіч у прыведзенай вышэй сцэне спакусы яго Дохам катэгарычна адмаўляецца ад прапановы, якая магла, магчыма, яму зберагчы жыццё, але пярэчыла сутнасці існавання Каталіцкага Касцёла, створанага самім Хрыстом і падначаленага сталіцы Святога Пятра. Для святара не магло быць у прынцыпе ніякіх дамоваў з д’яблам, таму цалкам непраўдзіва выглядаюць прыпісаныя аўтарам святару наступныя думкі: «А сіл амаль нестае, і сатана ж ніколі не спіць, таму, каб не сесці макам, хочаш не хочаш, а неабходна патрапіць пад густ» (с. 112). Або, на той жа старонцы, «застаецца пакуль адно, калі трапіў у кіпцюры, — будзь хітрэйшы за саму хітрасць». Наўрад ці менавіта так думаў святар у моманты небяспекі, наўрад ці праклінаў сваіх мучыцеляў: «Каб ты спрах, старанны дзеяч Лубянкі!» (с. 114) або ўпадаў у роспач аж да намеру развітацца з жыццём. Гэта ўсё аўтарскія фантазіі, якія маюць мала агульнага з праўдзівым вобразам святара. Больш верагодна, што ў падобныя моманты ён аглядаў у духу крыжовы шлях Хрыста, які неаднойчы сам здзяйсняў на Кальварыі. А думкай яго магла быць хутчэй малітва, кшталту малітвы Езуса ў Гетсіманіі: «Ойча…, калі гэта магчыма, няхай абміне гэты келіх Мяне. Аднак, не як Я хачу, але як Ты» (Мц 26, 39). На нашу думку, ні паводле дакументаў, прыведзеных у кнізе Леаніда Дранько-Майсюка, ні паводле дзённіка самога Адама Станкевіча, напісанага ў тыя поўныя драматызму гады жыцця паміж арыштамі, — нідзе няма момантаў, якія можна было б трактаваць такім чынам, што святар стараўся «патрапіць пад густ» сваіх мучыцеляў, каб выгандляваць сабе жыццё ці хаця б часовае вызваленне. Наадварот, ён ва ўсім наследаваў Хрыста, да апошняй хвіліны сваёй Галготы, і не выключана, што, хутчэй за ўсё, нават маліўся за сваіх катаў, як маліўся Хрыстус. Тое, што кс. Адам Станкевіч разумеў, з кім мае справу, вынікае наўпрост з яго дзённіка, на які спасылаецца і аўтар кнігі. У сваіх запісах святар называе тых, да каго мусіў хадзіць на «гутаркі», рознымі скарочанымі варыянтамі ад слова Мефістофель: «Візыта мая ў Меф-іст», «быў у меф.», «візыт у м-сто», «у м-ста» і да т.п. Такіх згадак з кароткімі каментарамі да іх шмат у дзённіку за 1945–1948 гг. І нідзе няма сведчання, што святар аб нечым глыбока задумаўся ці меў намер гандлявацца. Наадварот, выказваў непахіснасць і цвёрдаць духу, нягледзячы на тое, што адчуваў пагрозу жыццю. Вось, напрыклад, кароткі запіс гутаркі з Дохам, або Меф-істам, паводле запісаў самога кс. Станкевіча: «Візыт у м-сто. Прыязны і сталы. Гутарка аб стварэнні Бел[арускага] кат[аліцкага] біскупства ці, прынамсі, кіраўніцтва /…./ я ім нічога не дапамог, і яны ня маюць да мяне даверу. Кіраўнік бел[арускім] Касьцёлам мусіць быць агентам НКГБ. Так недвузначна і выходзіла зь яго гутаркі. Мой адказ: біскупства і паліцыйная агентура выключаюцца, і няма што аб гэтым гаварыць» (Станкевіч, Адам. З Богам да Беларусі. Збор твораў. — Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2008. — С. 856). У гэтым кантэксце асаблівую нязгоду з аўтарам кнігі выклікае яго разважанне аб тым, што святар дапусціў магчымасць «змовы з д’яблам» дзеля свайго вызвалення з астрогу ў пачатку 1945 года і даў згоду на супрацоўніцтва, якога, аднак, у далейшым не прытрымліваўся, паказаўшы сябе «с отрицательной стороны», паводле службовай даведкі нейкага чарговага «лейтэнанта Міхеева». Аўтар кнігі піша: «Але, аказваецца, можна «змовіцца» з д’яблам і захаваць душу, застацца чалавекам, не прадаць ні людзей, ні ўласных ідэй, каб урэшце супакоена прамовіць: анічуць я ім не пасадзейнічаў, анічым я ім не паспрыяў!» (с. 126). Прыпісваючы Адаму Станкевічу такія думкі, аўтар, як нам здаецца, пераходзіць мяжу дапушчальнай белетрызацыі вобраза, якая ў дадзеным выпадку фальшыва малюе вобраз святара. Гэта цалкам відавочна, бо ў безлічы архіўных дакументаў, па сведчанні самога ж аўтара, не знайшлося ніводнага подпісу святара, ніводнай яго ўласнаручнай паперкі, якія сведчылі б пра такую «змову». А пісаніна розных «лейтэнантаў Міхеевых» і іншых «дохаў» сведчыць толькі пра «творчыя» магчымасці таго ведамства хлусні, якому яны старанна служылі. Да праўды пра святара, які адважна прайшоў Хрыстовым шляхам да апошняга моманту сваёй пакуты ў тайшэцкім лагеры смерці, гэта ўсё мае толькі тое дачыненне, што дадаткова сведчыць: ніякай магчымасці «змовы» з д’яблам ён не шукаў і не думаў аб гэтым! Не мог нават дапускаць такой думкі, бо ён — Alter Christus! Таму не варта было б прыпісваць святару падобныя рэчы, створаныя аўтарскай фантазіяй. Святар у тых выпрабаваннях, якія выпалі на яго долю, паводзіў сябе дакладна так, як Хрыстус у пустэльні, нездарма ж ён і назваў свайго суразмоўцу (многіх у адной асобе) Мефістофелем, бо ведаў, з кім мае справу, і ведаў, якую лінію паводзінаў трэба абраць, маючы за ўзор Хрыста. Яго дзённікавыя запісы выдатна пра гэта сведчаць. Так, незадоўга перад апошнім арыштам, 8 чэрвеня 1948 года, Адам Станкевіч запіша: «М-сто сказаў выразна: «Нет с вас никакой пользы». Як жа гэта мяне радуе. Мой адказ быў: «Не забывайте, что у меня есть совесть». Чым гэта ўсё скончыцца — адзін Бог ведае. Sacratissimum cor Jesu, miserere mei» (Станкевіч…, с. 864). Чым гэта скончылася, мы добра ведаем, у тым ліку і дзякуючы аўтару гэтай кнігі, які праілюстраваў дакументальна ўвесь крыжовы шлях святара і яго Галготу. Ёсць у кнізе і іншыя, яўна дыскусійныя, моманты, на якіх асабліва няма магчымасці засяроджвацца ў кароткай рэцэнзіі. Толькі коратка зазначым, што аўтар, як падаецца, усё ж перабірае меру, апісваючы ў раздзеле «Аднабокі кірунак» палітычную палеміку паміж Адамам Станкевічам і Антонам Луцкевічам, іх нібыта змаганне за лідарства ў беларускім нацыянальным руху, выстаўляючы святара часам таксама, як мне здаецца, у непраўдзівым святле. Аўтар выдае тут, так бы мовіць, жаданае за рэчаіснае, сваё бачанне асобы святара за тое, якой была гэтая асоба на самай справе. Неабачліва выказваецца, на нашу думку, аўтар і ў пасляслоўі наконт «празелітызму», спачатку абвінавачваючы Ягайлу ў тым, што «здаў край заходнім суседзям і гэтак навязаў нашым людзям каталіцтва менавіта як веру польскую» (с. 154), а потым сцвярджаючы, што «Ягайлаў празелітызм, калі так можна сказаць, расцягнуўся ці не да нашых дзён, Ватыкан спрыяў такому напрамку, і толькі сённяшні Папа Францішак абвясціў: нельга гвалтам абарачаць у сваю веру іншых» (с. 155). Хочацца давесці шаноўнаму аўтару, што яго абвінавачванні не маюць нічога супольнага ані з мэтамі Ягайлы, ані з пазіцыяй сучаснага Ватыкана, і што падобныя закіды не да месца ў сур’ёзнай кнізе, бо толькі зніжаюць яе вартасць... Тут да месца працытаваць словы Святога Айца Яна Паўла ІІ пра місію Касцёла з адпаведнага раздзела ў яго кнізе «Памяць і самасвядомасць»: «У гэтай місіі, якую Касцёл атрымаў ад Хрыста, ён павінен быць нястомны. Павінен быць пакорным і мужным, як сам Хрыстус, і такім, як яго апосталы. Нават калі натыкаецца на пратэсты, калі бывае рознымі спосабамі абвінавачаны, напрыклад, у празелітызме або ва ўяўных спробах клерыкалізацыі грамадскага жыцця, Касцёл не павінен расчароўвацца. Найперш жа ён не можа перастаць абвяшчаць Евангелле» (Ян Павел ІІ. Памяць і самасвядомасць / пераклад з польскай мовы К. Лялько. — Мінск: Про Хрысто, 2006. — С. 127). На завяршэнне падкрэслім, што архіўна-дакументальную аповесць пра ксяндза Адама Станкевіча, «…Усе бачылі нястачу віна…», цікава і таленавіта напісаную паэтам Леанідам Дранько-Майсюком, безумоўна, варта чытаць, пашыраючы свае веды і ўяўленні як пра самога героя кнігі, беларускага святара-адраджэнца, так і пра эпоху, у якую ён жыў. З гэтага гледзішча, кніга, бясспрэчна, ёсць значным унёскам у дакументальна-біяграфічны жанр беларускай літаратуры. Самому ж аўтару пры гэтым мы б параілі не крыўдаваць, калі чытачы не заўсёды будуць падзяляць яго думкі і згаджацца з яго аўтарскай інтэрпрэтацыяй вобраза ксяндза Адама Станкевіча. Спадзяемся, што, магчыма, аўтар палічыць мэтазгодным пры падрыхтоўцы новага выдання сваёй кнігі ўлічыць некаторыя заўвагі, якія з усёй добразычлівасцю і павагай да праробленай ім архіўнай працы і створанай на яе аснове кнігі мы выказалі ў нашым водгуку. Ірына Багдановіч
Гл. таксама:
|
|
|