Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(92)/2020
Год Яна Паўла ІІ
Крыстына ЛЯЛЬКО
СЛУЖЭННЕ НАДЗЕІ
Спадчына

ЖЫРОВІЦЫ — ЛАСКАЎ КРЫНІЦЫ...

ШЛЯХАМ ДЗІВАЎ І ЎРАЖАННЯЎ
Проза

«...УСЕ БАЧЫЛІ НЯСТАЧУ ВІНА...»
Прэзентацыя
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Прэзентацыя
Пераклады
Проза

«ПАДЫМІ МЯНЕ Ў СВЕТЛЫ АБШАР...»
Нашы святыні
Мастацтва

КРЫВІЧЫ І ВАКОЛІЦЫ

Ян ЧЫКВІН

ВЕРШЫ

У Бельску

Маці Божая раніцай нябёснай,
Светла ўсхваляванай, нечым устрывожанай,
Выйшла з царквы Святое Пакровы
І безыменнай сцежкай над ровам,
Калдобістай і яшчэ бязлюднай, роснай,
Ішла ў касцёл Міласэрнасці Божай,
Каб там паслухаць малітвы тварэнне
Ды зноў у свой дом ісці па карэннях,
Якое паспела на слядах Святое Дзевы
Прарасці жывымі парасткамі дрэваў.

І дасюль вандруе Маці Божая з Пакровам
Між святой царквою і блізкім касцёлам.

* * *

А недзе далёка за лесам,
дзе спіць неасвоены Камень,
у шчасным сабе Дараганаве
трава паўсюль заблакітнела,
і людзі не адрозніваюць
нябёсных высяў ад зямелькі.

У сваёй штодзённай вандроўцы
па спаконных сцяжынах
заходзяць яны за аблокі
і там шукаюць ўсё тое адзінае,
чаго не мелі, чаго не згубілі.

Ды ўсё ідучы па сініх высях,
няўпэнены, дзе ж іхняе поле,
сыходзяць неспадзявана дадому
з другога боку ўваходу
ў сваю вечную долю.

Напасля

А гаварыць і не было ужо аб чым...
Скасілі траву, ссушылі ахвярна —
Каб дзень не прапаў ім намарна,
Яшчэ напіліся крынічнай вады,
Цялеснасць абмылі ды ўсякую парнасць...
А што казаць, калі зноў толькі боль і шчым.

Ішлі па шасцівых сваіх аблогах
Мужчыны, а з боку, ў іх ценю, жанчына —
З вялікага жалю й прадоння вачыма,
Нядрэмнай красы, даражэй дарагога —
Глядзелі ўдаль, дзе таксама йшлі трое…
Маўчалі, бо што сказаць ім пра тое?!

Ішлі па залатым сячэнні дня
Адтуль, дзе сонца ўжо хавалася ў мурогі.
Ніякіх сцежак, нават следу ад дарогі
Туды, дзе харашынь плыла, якой вачыма не абняць...
Яна — у ценю іх уся. Як напасля...
Але сказаць так не сказалі анічога.

* * *

— Чаму я жыццю не рады?
— Чаму я такі нешчаслівы? —
Пытаю бліжэйшае Праўды.

А яна, як заўжды, баязліва
Суне цукерку ды разам фігу —
Вось і ўся яе мудрая кніга.

«Слодыч жыцця, а ці кукіш —
Сам выбраў...», — не мовячы кажа.
Калі ж ужо выбраў,
Праўду сказаць той Праўды не змусіш:

Маўчыць, як бы зубы ёй выбіў!
Або ўкінуў у рот кошык рыбы.

* * *

Я прыйшоў ў гэты свет невядома якою дарогай,
З нязнаным мне планам жыцця, бы сляпы і глухі,
Без меры ўчынкаў сваіх і без вагі —
А ці напэўна такі быў замысел Бога?

Канчаюцца беды мае і трывогі.
Памылкі ўсе сталіся нечаканым лёсам маім.
І нічога нельга паправіць ні ўверсе, ні на зямлі —
А ці напэўна так было тое задумана Богам?

Мне дадзена бачыць няшмат, але многа
Красы чалавечай, іхніх шчадротаў душы.
Хоць самотны я быў — множыў дабро,
Прыгажосць... і, мабыць, грашыў —
Бо такія маглі быць намеры Бога?!

* * *

Даўнія беды ноч перабірае на пальцах
то правай, то левай рукі
ды, перабраўшы, ізноў адпачатку
цягнецца той яе перагук-
пералік, і мне ізноў не раз здаецца,
што ноч паўтарае закляцце,
каб Хрыста зняць з распяцця...

А я побач маўклівы, без рук
і, бы стражнік які, стаю даастатку,
а між намі праходзяць вякі...

Ноч-ноч, адпусці мяне,
свайго вінавайцу!

Нашае жыццё

О, як незваротна яно!
Ды ўсё незваротней!

Куды мы бяжым
І ад чаго тыя ўцёкі?

З якіх ападаем вышыняў,
Да якіх імкнемся аблокаў?

Часцей і часцей немагчыма
Вярнуцца назад ні выйсці паперад.

І кожны дзень на белы свет
Глядзім апошнімі вачыма.

Якую крохкасць мы
Ў сабе саміх калышам?!.
І што ў нас — жыццё, Яно?..

Як бы з разбітага начыння
пад ногі выліваецца віно...

* * *

Вы зусім маладыя, яшчэ як дзеці,
Ды адно да другога вас цягне штосьці
Неўсвядомленае, і вы к сабе ідзеце —
У імя Дабра, Праўды і Прыгажосці.

Вы ўдваіх у спелым жыце ляжыце,
Вам паўната дадзена шчасця гэтага.
І краса ваша стаіць у зеніце —
У імя Сонца, Вады і Паветра.

За вамі слаўная гісторыя народа,
І будучыня глядзіць вашымі вачыма.
І вы трымаеце яе ў сваіх далонях —
У імя Мовы-народа і Маці-Айчыны.

Тое стаецца не для святочных дзеяў,
Не напаказ, а для дарагой і дарагога,
Якія жывуць Даверам і Любоўю-Надзеяй —
У імя Айца і Сына, і Духа Святога!

* * *

Вясну прадаюць жанчыны —
ні то цёплых кветаў букеты,
ні то сланечнікі твараў сваіх.
Яны жыва-моўчкі спяваюць вачыма
і пахучыя ткуць андрамеды малітв.

У халадку праставатым сонца нямее,
свежа-цёплая благадаць ад зямлі...
А яны прадаюць і п’янеюць,
робяць тое, што ад маленства ўмеюць, —
дораць сваю дабрыню, прыгажосць і мазалі.
І сум нятленны вісіць павуціннем над светам.

Чаго я чакаю, калі ўсё вядома:
і тут найвыразней гавораць без мовы...

Скверам п’яніцаў гурт, бы сівых аблокаў,
згубіўшы назвы паспалітых рэчаў,
плыве эскадрыляй да сівенькіх мадоннаў.
І бязвокія вокны вачэй іх глядзяць
       у сустрэтыя вокны,
дзе яшчэ цепліцца іхняя вечнасць.

І ў кожным тут жыццё нейкае б’ецца,
нешта святое ідзе адусюль наверх,
такія даверліва-чыстыя душы тыя і сэрцы —
каб не той, згорнуты ў жаль, нейкім рэхам
аднекуль нясецца
ні то плач, ні то смех.

Надслоўе

баліць бязвокая начніца,
і дзень згарэлы ўжо баліць,

баляць бальніцы, эпікрызы,
свае баляць і чужаніцы,

баліць мінулае і далягляды,

баляць календары і даты,
і ўспаміны ўжо баляць,

зіма баліць, баліць і лета,
і незвычайны боль баліць, як ліха,
баляць пачуцці, думкі й ўздыхі —
нашто, за што баліць вось гэтак?

баліць і графаманія наблістаў,
баляць апладысменты ім і свісты,

баляць раскладзеныя карты
і гарады ў вёсках, крыкі малпаў,

баляць няспоўненыя планы,
баліць дарэмны гнеў на кіраўнікоў дзяржавы,

пра лёс шчаслівы свой баляць трызненні
і шчырасць хлапчаня вясковага балюча,
усё мацней баляць цяпер і веды, і няўменні,
і гэты боль нічогаму не вучыць,

баляць псальмы і оды, і малітвы
да крохкае Радзімы, да Беларусі-Літвы

стаю адкрыты перад светам і святымі —
ачысце мя Словамі і Знакамі сваімі,
каб мог зысці я, рушыць з таго месца,
дзе боль баліць болем ўсё балесней.

Рэдакцыя часопіса «Наша вера» сардэчна віншуе
шаноўнагаі заўсёды чаканага Аўтара з юбілеем
і зычыць моцнага здароўя ды шчодрай Божай ласкі
на доўгія шчаслівыя гады натхнёнай
і плённай творчай працы.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY