|
Гісторыя кожнага чалавека, а праз чалавека гісторыя ўсіх народаў, нясе ў сабе асаблівы эсхаталагічны знак… Народы фіксуюць сваю гісторыю ў навуковых працах, перадаюць у разнастайных формах дакументаў, дзякуючы якім ствараюць уласную культуру. Галоўнаю прыладаю гэтага паслядоўнага стварэння з’яўляецца мова1.
Ян Павел ІІ
І.
Закавана гісторыя краю ў ланцуг сфальшаваны,
Занядбаная моц мовіць кожнага замку руінай,
Памяць дрэмле пісьмом нечытэльным,
а мо — нечытаным?
То пярлінай зірне, то прыцісне ад муру цаглінай…
«Волю трэба ўвесь час здабываць,
нельга мець яе толькі…»2—
Словы папы Вайтылы, нібыта пра нас і сягоння.
Колькі ж мы як народ Табе, Божа наш,
здраджвалі! Колькі
Занядбалі дароў, што Ты слаў нам
са шчодрых далоняў!
Не з надзьмутага пылу зрабіў нас народам —
з крышталю
Нёмна водаў магутных і Віліі чыстых струменяў,
З хваляў Прыпяці вольнай,
з Дзвіны шэравокае сталі
І з дняпроўскіх віроў браў ваду тут
на хрост пакаленняў.
|
ІІ.
Радавод наш пачаўся і слаўны, і рупны, і гожы,
З Божым словам з’яднаны,
Бог даў нам Скарыну як цуд:
Перакладзена Біблія моваю роднай, вяльможны
Неўзабаве паўстаў і законаў дзяржавы Статут.
Так мы Богу служылі любоўю, надзеяй і верай,
Шанавалі дары Яго — мову, свабоду, сям’ю;
Натавалі жыццё летапісцы пяром на паперы,
Мужны рыцар з мячом вартаваў ад нашэсцяў зямлю.
Як далей бераглі свае скарбы нашчадкі й трымалі,
Нам раскажуць паўстанцкая зброя, касцёлаў званы…
«Ўсім сабою ты плаціш за волю…»
— «Адвеку мы спалі…» —
Ці сплацілі за волю сваю Беларусі сыны?
|
ІІІ.
Пагаджаліся з горам-бядою, былі мы слабымі
І даліся чужынцам у «братняй» аблуды ярмо,
Не чувалі гадзіны сваёй, Боскай славы гадзіны,
І таму жмых няроднае мовы ямо і ямо.
Толькі Хрыстус нам дасць адрадзіцца для новай надзеі,
Давядзе да зямлі абяцанай свой згублены люд,
Бо Ён хоча народам адкупленым мець нас. Ідзем і
Дарагую Айчыну ў любоў захінем ад пакут!
Урачыста складзем роднай моваю псальм навяртання,
Ў Эўхарыстыі свету пачэсны свой возьмем удзел,
Паяднаемся з Богам у чыне свайго пакаяння,
Каб абмыцца нам ласкай Яго ў нашых рэчак вадзе.
|
Ірына Багдановіч
12–13.04.2020 г.
- Ян Павел ІІ. Памяць і самасвядомасць. — Мінск, «Про Хрысто», 2006. С. 84–85.
- Тут і далей у вершы курсівам пададзены цытаты з твора Яна Паўла ІІ «Калі думаю пра Айчыну».
|
|