Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(92)/2020
Год Яна Паўла ІІ
Крыстына ЛЯЛЬКО
СЛУЖЭННЕ НАДЗЕІ
Спадчына

ЖЫРОВІЦЫ — ЛАСКАЎ КРЫНІЦЫ...

ШЛЯХАМ ДЗІВАЎ І ЎРАЖАННЯЎ
Проза

«...УСЕ БАЧЫЛІ НЯСТАЧУ ВІНА...»
Прэзентацыя
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Прэзентацыя
Пераклады
Проза

«ПАДЫМІ МЯНЕ Ў СВЕТЛЫ АБШАР...»
Нашы святыні
Мастацтва

КРЫВІЧЫ І ВАКОЛІЦЫ

Кс. Пётр ТАТАРЫНОВІЧ

ШЛЯХАМ ДЗІВАЎ І ЎРАЖАННЯЎ

Зацемкі з падарожжа ў Рым

Працяг. Пачатак у №1.

Рома, Рома! Гэта валадарнае слова разлягалася калісь праз цэлыя вякі сярод паганскага свету, трымаючы яго ў жалезным рэжыме.

А калі тая светаўладная Рома паганская дасягнула верху магутнасці, але і верху гнілля маральнага, прыходзіць Хрысціянства з надпрыроднымі ідэаламі, з духам сталовым, з сілаю цноты і на развалінах тае адрузлелае дзяржавы паганскае закладае вечную сталіцу Дзяржавы Божай на зямлі, дзяржавы, аснованай на духова-моральных вартасцях чалавека, а не на чыста толькі тэхнічных матэрыяльных.

І вось (пасля чатырохгадзіннае язды з Асыжу) збліжаемся ўрэшце да вечнае сталіцы тае дзяржавы. З слязьмі ўдзячнасці і пабожнага захаплення вітаем магутную капулу св. Пётры, пануючую над усім местам. Першыя крокі свае кіруем на месца найдаражэйшае, якому Рым заўдзячвае сваю вялікасць, да Архібазылікі св. Пётры, дзе знаходзіцца гроб гэнага святога Старшыні Апосталаў.

З невыразнай мінай перапалоханага дзіцяці, выкінутага трамваем у нязнаны свет, стаімо вось на разлеглым чысцюсенькім прыгожым пляцы, могучым змясціць больш 300 тысяч народу. У цэнтры пляцу высіцца вялізарны абеліск, увенчаны рэліквіямі св. Хрыстовага Крыжа. Абеліск гэны калісь прад 39 г. п. Хр. перавёз яго адтуль і паставіў у Цырку Нэрона, а Папеж Сыкстус V умясціў яго тут на пляцы, каб сведчыў аб вечным трыумфе Хрысціянства над паганствам. Наабапал абеліску б’юць уверх шумныя фантаны. З правай і левай стараны сымэтрычна агібае пляц чатырохрадная, з 284-ма стройнымі вагромністымі калюмнамі, калюмнада. Слаўная гэна калюмнада ёсць творам слаўнага архітэкта Ляўрэнта Бэрніні. У цэласці прадстаўляе быццам разгорнутыя працягнутыя рукі Апостала, жадаючага ўвесь свет прыгарнуць да свайго айцоўскага сэрца...

З нецярплівасцяй звяртаем крок і вочы да таго сэрца, да самай Архібазылікі, аб якой столькі ўжо чыталі і чулі мы ад рожных людзей, якую няраз прадстаўлялі мо сабе ў тужнай уяве ды марах... Прызнаюся, што няраз я не давяраў расказам ці малюнкам. І якое ж громаўдарнае захапленне агарнула мяне, калі праканаўся, што ў натуры дужа важней і прыгажэй усё гэта выглядае!

Гэта на першы пагляд. А краніся ж толькі з месца ўперад праз пляц, а пляц гэны, скрываючы перад далёкім вокам шыр сваю ў штучнай лагчынцы пад абеліскам, шырыцца і доўжыцца без канца, а перад табою паволі ўстае і расце, расце гігантычная белакаменная, злітая ў мастацкія формы гара трохпаверхавай, падпёртай магутнымі калюмнамі ды пілястрамі, а завершанай трыма раманскімі капуламі, будыніны. Эх, што за веліч! Здаецца чуеш, як зямля стогне пад тым цяжарным каменным масывам! Што за стройнасць! Што за ідэальная прапорцыя і гармонія! Ды што за дзіўнае геніяльнае развязанне архітэктанічнай гармоніі і пэрспэктывы! Пераступіш парог святыні, кінеш кругом вокам, а не адчэпішся ад наіўнай думкі: «Дзе ж падзелася тая веліч, якая так моцна дзівіла вока звонку?», і адразу ня надта цябе парывацьме ані хараство, ані каласальнасць размераў; але і добра, што не адразу, бо рассадзіла б табе сэрца раптоўнае вульканічнае захапленне, каб адразу тыя ўсе дзівы-цуды магутнага мастацкага хараства ды смелага геніяльнага розмаху ўдарылі тваю і так ужо змучаную ўяву. Так усё ўмела скрыта ў пэрспэктыве і незраўнанай гармоніі, што адразу выдаецца дужа скрамнейшым і меншым, але разгледзь усё бліжэй, перамер шагамі, супастаў, параўняй, а тады вачам тваім засвеціць, закрычыць надземнай прыгожасцю, чыстатою ды гармоніяй красак, лініяў і формаў клясычных непадзельна пануючы тут натхнёны мастацкі гэній. І няма ведама, што тут перш аглядаць, на чым больш затрымацца, бо ўсё вабіць вока, усё цікавае, усё памятнае, гістарычнае!..

Але трымаймася парадку. Зачнем ад кароценькай гісторыі. Цела св. Пётры пасля яго мучаніцкай смерці пахавалі першыя хрысціяне ў падзямеллі Ватыканскага ўзгорку, на якім стаяў цырк Нэрона. Анаклет папеж у 90 г. хрысціянскай эры збудаваў тайна ў тых падзямеллях капліцу. У 324 г. цэзар Канстантын, пасля прыняцця Хрысціянства, залажыў уласнаручна фундамэнты пад святыню св. Пётры, якая пратрывала дванаццаць вякоў. Пры закладзінах Канстантын сам капаў і насіў зямлю і перанёс яе — кажуць — на памятку дванаццаці Апосталаў — 12 кашоў. Папеж Юліуш ІІ у пятнаццатым стагоддзі паручыў Браманту прыгатаваць на месца старое развальваўшайся святыні пляны на новую. Пры трох наступных папежах будова ня надта краналася ўперад. Аж урэшце Міхал Анёл Буанароці падрадзіўся дарма, з чыста толькі з любові к Богу, Матцы Найсвяцейшай ды Найстаршаму з Апосталаў, выканаць новы плян будоўлі, якую выконываў пад панаваннем пяці папежаў. Уміраючы пакінуў гэны плян да камплетнага выканчэння. К. Мадэрна, аднак, за дазволам Паўла V плян гэты крыху выкрывіў. Будова трывала каля 200 гадоў і каштавала каля 500 міліёнаў лір.

Агульны плян Архібазылікі прадстаўляе лацінскі крыж, на скрыжаванні якога магутна разселася капула, уносячая з гары святло ў самы цэнтр.

Фасада ў 45 м вышынёю закончваецца стройнай балюстрадай з 13 сямімэтравымі статуямі Хрыста і 12 Апосталаў. Пяць абшырных незачыненых брам вядзе ў праддзверра, над якім знаходзіцца так званая лёжа, скуль Айцец Святы ўдзяляе апостальскага багаславенства urbi et orbi (месту і свету). У праддзверры гэным магла б бяз мала змясціцца наша віленская базыліка. Адсюль ідзе таксама пяць бронзавых брам у самую Архібазыліку. Апошнія дзверы направа, над якімі відна мазаіка св. Пётры, называецца Porta Santa — святая брама, у гэтым годзе 1900-летняга юбілею адкрыта. Пішучы гэтыя словы, меў шчасце першы раз пераступіць парог Базылікі праз гэныя ўласьне святыя дзверы. Адкрывае іх сам толькі Папеж.

Калі ўвойдзем праз галоўную браму, адразу кінецца ў вочы нам абшырны прастор, зіяючы золатам, серабром і радульнымі тонамі мазаікавых ды мармуровых красак. Калясальная шыр гэтая замкнёна ўверсі дваццаціпяцімэтравай шырыні скляпеннем; унізу — узорыстай мазаікавай падлогаю; а па старанах — гіне гдзесь між філярамі ў навах і капліцах. Капліцаў тых ёсць аж 9. Кожная з іх, то як наш сярэдніх размераў касцёлак. Але ня пойдзем у кожную з іх, бо згубімся ў моры дзіваў і ня скончым нашага расказу.

Паспяшэмо аддаць чэсць Найсвяцейшаму ды скіруймася адразу ў цэнтр, так цудна апраменены радульнымі касулямі нябеснага святла, падаючага з капулы.

У цэнтры пад капулай знаходзіцца гроб святога Пётры, над ім узносіцца алтар, т. зв. Канфесія, на якім толькі сам Айцец Святы адпраўляе Імшу святую. Балдахін над алтаром гэным увесь чыста з бронзу. Кругом гробу гарыць дзень і ноч 89 залочаных лямпаў, на чэсць рэліквіяў святых, тут пахованых. Да гробу вядуць двайныя сходы па 17 ступеняў. Унізу між сходаў стаіць на каленях статуя Пія VI, адаруючая гроб, першага Божага Ключніка. Выканаў статую слаўны разьбяр Канова. Папеж — зусім як жывы, вачам здаецца: вусны яго шэпчуць малітву. Перад статуяй Пія — залочаная брама, за якой відзен алтарык, пад каторым пахаваны Апостал.

Аддаўшы разам з пабожным Піям чэсць святым рэліквіям, падымем вочы ўверх, а над намі адкрыецца залітая святлом і красою чароўнай абшырная раскошная капула. Гэта цудатворства Міхала Анёла. Ёсць яна як бы сымболем апрамененае Божай ласкай душы людзкое, што ўздымаецца к небу. Што за гармонія, краса! А шыр! А вышыня: 117 мэтраў! Бязсільнае тут вока людзкое ды ўява, ня дойдзеш сапраўднасці, хіба праз параўнанне: вунь на аднэй з галерыяў поўзаюць нейкія чорныя запалачкі, няўжо гэта людзі? Так, наглядчыкі, як і я, снуюць там штодзень. Запытаймо іх, як адтуль выглядае будова, а адкажуць нам, што калі і мы не падымемся ды не абгледзім святыні з гары — ня мецьмем належнага паняцця аб яе велічы. У верхняй галцы пад крыжам, выглядаючай з зямлі бы чалавеча галава, можа змясціцца 8 чалавек. Адзін з чатырох эванэлістаў, прадстаўлены ў цуднай мазаіцы між аркадаў капулы, трымае ў руцэ пяро; звычайнаму воку выдаецца яно велічынёю ня больш 15 см, а ў сутнасці яно паўтара мэтра даўжынёю. Уфундована капула на чатырох каласальных філярах, грубінёю 72 мэтры ў абхваце, так што ня трудна было б змясціць у кожным з іх не адзін з нашых вясковых касцёлкаў. Пры кожным з філяраў стаіць з белага мармуру знатных мастакоў статуя: св. Лёнгіна, св. Гэлены, Веранікі і св. Андрэя. Над чатырма эванэлістамі ў сямімэтравых мазаіках і над аркадамі відна напіс: «Tu es Petrus et super hanc Petram aedificabo Ecclesiam meam, et tibi dabo claves regni coelorum». Над гэным напісам бяжыць кругом тая балюстрада жалезная, дзе мы бачылі нядаўна людзей. На скляпенні капулы ёсць рожныя абразы мазаіковыя. Зблізка выглядаюць яны бы страшыдлы, а з падлогі выглядаюць, як цацкі.

Па нішах скрозь у два рады ніжэй і выжэй стаяць з белага мрамару статуі першарадных артыстаў.

Адходзячы ад Канфесіі, не прамінем найцаннейшае памяткі. З левай стараны пры першым філяры, падтрымоўваючым капулу, сядзіць на троне бронзавая статуя св. Пётры. Блізу паўтары тысячы ўжо лет — як падае нам гісторыя — усе пільгрымы, кардыналы, біскупы, духоўнікі цалуюць ногу тае статуі, адведваючы святыню. Ад тых цалункаў правая нага блізу да палавіны ўжо сцёрлася. Сколькі ж тых цалункаў мусіла там быць!..

За Канфесіяй у вялікім алтары, на канцы Архібазылікі, высіцца так званая катэдра св. Пётры, падтрымоўваная чатырма статуямі св. Доктараў Касцёла: Амброжага, Аўгустына, Апанаса, Яна Залатавуснага. Угары Дух Святы запэўняе неабмыльнасць аглашаных праз Папежа з гэнай катэдры догматаў.

Выходзячы з Архібазылікі, забяжэм яшчэ на мамэнцік да капліцы П’ета, каб не ўраніць з увагі, крый Божа, найцаннейшага бадай мастацкага дзіва 24-летняга Міхала Анёла, якое было экзаменам ягонай гэніяльнасці. На каленях сумнае, зраненае болем Маці Божай, несмяротна маладое, ляжыць памёршы Хрыстус, казаў бы ў глыбокім сне. Рысы Дзевы Прачыстай гласяць суровасць. Нявымоўная мэланхолія атуляе абедзве мармуровыя асобы. Гэній у цэлай поўні дасканальных сваіх форм! Хоць мала яшчэ аглядалі мы твораў Міхала Анёла, але напрашаецца тут пад пяро асоба гэнага вялікага мастака.

Радзіўся ў 1475 г. Быў сынам суровай скаліста-лясістай Апэнінскай мясціны Капрэз, недалёка гары Альвэрнія, дзе Укрыжаваны дараваў раны свае Францішку. А знача, быў сынам зямлі Флярэнцкай.

Хто ня верыць у сілу гэнія, хто не разумее сутнасці ягонай — хай заінтарасуецца асобай Анёла. Ні ў кога бо хіба так выразна не відаць тае надлюдзкае сілы іскры Божае, як у яго. Глянуўшы на непазорны выгляд ягоны, фізычны і псыхічны, а з другога боку на яго гігантычнае творства, нельга паверыць, што стварыў іх крывы, брыдкі, нядошлы і слабавольны гэны флярэнчык. Логіка дашукваецца тут укрытай сілы выжэйшай, дзеячай у гэнай слабай істоце. Распірала яго тая шалёная творчая гарачка, ніколі не давала яму супакою, дрэнчыла яго, прыгнятала. Меў нешта падобнае ў трагізме свае долі, як наш Шымон Музыка. Быў мучанікам свае гэніяльнае, незразумелае для другіх, фантазіі, якой ня суспевалі служыць рукі ды абставіны. Многа твораў пачынаў зараз гвалтоўна, а ня кончыў. У парыве творчага шалу нават цэлыя горы праектаваў ператварыць у мастацкія прыгожыя формы. Большасць твораў сваіх выконываў у парыве закатнай заўзятасці або мэлянхоліі. Слаўны «Судны Дзень» у капліцы Сыкстынскай творыць праз сем месяцаў, замкнуўшыся наглуха, нікога — нават самога Папежа — не ўпушчаючы, ядучы і сплючы пры працы. Быў пад той час страшна раздражнены суадносінамі і абставінамі. Адбілася ўсё гэта ў тым несмяротнае славы страшным творы, дзе віхрам валадарным пераваліваецца магутнасць жыцця, дзе ўсё перапоўнена Духам Усёмагутнага, які творыць і нічтожыць, падносіць або кідае ў процьму — Духам, усёўладна пануючым над жыццём. Валасы ўстаюць, гледзячы на ўсё гэта, і «мурашка за скуру лазе…»

Сколькі ж сіл творчых згарэла пры гэнай шалёнай працы! Тым больш, што памоцнікаў Анёл страшэнна не любіў, ніхто бо ня здолеў згадаць, унаравіць ды дараўняць шалёнай фантазіі ягонай. А яшчэ горш ня зносіў дамарослых крытыкаў, кпіў з іх няміласэрна, а нават мсціўся. Падабізну аднаго пралата, выразіўшага нездаваленне з крычачай нагасці — у Сыкстыне няліцуючай быццам з святыняй, памясціў на «Страшным Судзе» — у пеклі. А на самахвальную крытыку П’ера Садэрыні, якому па заказу рабіў «Давіда», знашоў спосаб ня менш злосны. Набраўшы ў жменю мармуровага пылу ды ўзлезшы на рыштаванне, пачаў, цярушачы пыл, нібыта стругаць разцом нос, які выдаваўся капрызнаму «знатаку» быццам грубым, а якога мастак сапраўды нават і не крануў разцом.

— А цяпер як? — пытае.

— О, цяпер ужо зусім што іншае, цяпер прыдаў яму вашэць многа жыцця.

А той вашэць маўклівай пагардай смяецца сабе ў вус, сышоўшы з рыштавання.

Тую пагарду можна адчытаць у слаўным «Давідзе». Гэта навальнічная моц-граза, заклятая ў мармур. Яго распірае мэлянхалійная гордасць. Мармуровая цуднай красы постаць гэная быццам душыцца ў мурах музэю, просіцца пад сонца на прастор.

У тым іменна гігантычным размаху ды вібрацыі жыцця духа і заключаецца перавага гэнія Міхала Анёла над іншымі.

Мала меў прыяцеляў, бо многа меў зайздросных. Найлепш апекаваліся ягонай асобай і талентам ды патрапілі выкарыстаць, запрагчы ў службу высокім ідэям хрысціянскім, папежы, асабліва слаўны і гэніяльны гуманіст Юліуш ІІ. Цэлае жыццё, можна сказаць, быў на ўслугах папежаў, якіх надта любіў і паважаў, паміма частых непаразуменняў. А Юліушу ІІ выканаў прыгожы цэнны помнік, у якім галоўнай фігурай з’яўляецца слаўны «Майсей» у касцеле св. Пётры ў Аковах. Суровая граза і павага Старога Закону б’е з гэнага гіганта!

Паміма надлюдзкай натужнай працы, нэрвовых перажыванняў і згрызотаў, з’ядаючых яго і так слабыя сілы, дажыў глыбокай старасці. Будучы сямідзесяцілетнім старцам, узяў на сябе цяжар будовы Архібазылікі і вёў яе колькінаццаць лет. «Многія ў то вераць, — веру і я, — што на гэтае становішча паклікаў мяне Сам Бог, — пісаў тады — паміма вялікай старасці — святога дзела гэнага ня кіну, спаўняю бо службу для Бога, на якога маю надзею».

Пад старасць, дый цэлае жыццё, Міхал Анёл быў вельмі пабожны. Жыў, як аскет. А праца яго была малітвай.

«Добрае малярства, — казаў, — збліжаецца да Бога і лучыцца з Ім… Ёсць яно толькі копіяй яго дасканальнасці, ценем Яго пэндзля, Яго музыкі, Яго мэлёдыі… Мала быць вялікім мастаком. Мастак павінен адзначацца ў меру магчымасці чыстым святым жыццём, каб Дух Святы кіраваў ягонымі творчымі думкамі…»

Гасцініца наша аж на другім беразі гораду, на via Columbia, хоць не належыць да люксусовых, аднак — чатырохпаверхавая, прыгожая; у сярэдзіне — чыстата, фрэскі, бронз, мармур, найусялякшыя выхады. Перапоўнена яна так, як і ўсе іншыя гасцініцы ў Рыме. Расказваюць, што ад пачатку юбілейнага году да кастрычніка ўжо перавярнулася 1 міліён 700 тысяч пільгрымаў.

Рым — цікавы горад. Архітэктанічна змяшчае ў сабе тысячалецці, а этнаграфічна — увесь свет, усе расы і нацыі зямныя. Тут, апрача самых гаспадароў італьянцаў ды ўсякага роду эўрапейцаў, спаткаеш і чырвонага індыйца, і чорнага з белымі бліскаючымі, моў маланка, зекрамі, губатага — адным словам: мурашнік усёсветны, або пчольнік, які бесперастанку гудзе і раіцца каля цэнтру хрысціянскага, бы рой ля маткі.

Але змучаная ўява ня можа ўжо рахаваць на ўсё гэта. Бы тыя пчолы, напіўшыся нэктару раскошных уражанняў, а закусіўшы макаронамі ды смакавітым Chianti, кідаемся ў абняцці салодкага спачыну.

Раскопкі на Рымскім Форуме. 1931.

* * *

Раніца, чароўная, пламеністая, пагодная раніца ў Рыме! Няма слоў на апісанне яе! Горад яшчэ сонны, спакойны. Паветра яшчэ не затручана аўтавым газам, здаровае, празрыстае. Скарэй, скарэй спяшэмо на капулу св. Пётры, каб пакуль падымецца ды аслепіць вочы сонца, налюбавацца слаўнай вечнай Ромай, скупанай у румяных касулях зараніцы.

І вось зноў ляцімо, бы тыя пчолы ў поле, жадныя нэктару свежых уражанняў — праз пляц Esedry, кругом цудоўнай, байковых колераў, фантанны, каля Тэрмаў — на Via Nazionale — на пляц Вэнэцкі. З левай стараны мігае, гіпнатызуючы вока, цудоўнай красы беласнежная калюмнада помніка Віктора Эммануэля, з даху якое рвуцца на нас залочаныя, раз’яраныя квадрыгі і шыбаюць анёлы з выносных стройных калюмнаў, ледзь-ледзь здаецца датыкаючыя пастаментаў сваіх адным толькі пальчыкам. З-за помніка чуць прамігнуў стары адкапаны Рым, Капітоль, Калізей і г. д. Аставім агледзіны ўсяго гэтага напасля. Далей агібаем вугол Palazzo Venezia, дзе працуе Мусаліні і па Corso Wittorio Emmanuele, звярнуўшы направа праз мост транстыбранскі ды паўз магутную ратунду замку Міхала Анёла — урэшце на piazza di S. Pietro.

Шостая гадзіна раніцы, толькі разсвітала, а тут ужо мурашнік людзей. Бяром у архібазылікавай закрыстыі білет. Уходзім дзвярмі ў левай сцяне базылікі. Уход так выгодны, што хоць ты параконнай каламашкай каці ўверх.

На касцеле няма так, як у нас, даху, а шырокая, бы пляц, плошча. Пасярэдзіні яе нават фантанна. Ось тут аграмаднасць капулы даецца настаяшча пазнаць: як асобная аграмадная святыня! Праз дзверы ў падставе ейнай уваходзім у сярэдзіну на галерыю, над напісам: «Tu es Petrus» і г. д. Сцяна грубая, як бы двайная, у сярэдзіне можна ісці сходамі аж на самы верх да так званае лятарні на вышыню 117 мэтраў ад зямлі. Тут цікаўся куды хочаш: глядзі ў сярэдзіну касцёла, калі маеш моцнае сэрца, або з надворнай галерыі любуйся краявідам чароўным Рыму, Кампанскай раўніны, гор Сабінскіх ці Міжземнага мора. Па вузкай драбіні можна яшчэ выжэй узабрацца, аж у самую галку пад крыжам, але не палезем, і так ужо духі спірае, дый нельга адарваць захопленага вока ад чароўнай панарамы. Пусцем жа ўрэшце тое прагавітае вока свабодна пагуляць па гэных цудоўных прасторах.

Абярнемся к пляцу. Пад намі над франтонам архібазылікі дванаццаць Апосталаў, пасярод якіх з крыжам Хрыстус, гледзячы ў тым самым кірунку, што і мы, жагнае заліты чырванню ўсходзячага сонца горад і… свет. Далей калюмнада, атуляючая пляц. Як цудоўна яна адсюль выглядае! Далей — мора пышных рожнаякіх стылёвых брамаў, калюмнадаў, палацаў, портыкаў, святыняў, камяніц, зліваючыхся ў далі ў адну стушованую ружовую масу. На першым пляне па простай лініі над самым берагам Тыбру гарыць у сонцы магутная крэпасць Міхала Анёла. Ружова-серабрыстай зыгзагаватай стужкай перасякае нам гарызонт з многімі прыгожымі сваімі мастамі Тыбр. За Тыбрам найбольшая галоўная частка гораду. Трудна ўсё разрожніць. Крыху правей на Вэнэцкім пляцы мігаціць у ваччу байкова зарумянены памятнік Віктора Эммануэля, злева страляе ўверх калюмна Траяна, а правей красуецца Forum Romanum, Kapitol, Koloseum… Але прыгледзімся да Citta del Vaticana.

Што гэта такое?

Citta знача горад Ватыканскі, аддзелены ад рэшты Рыму высокім мурам. Ёсць ён незалежнай апостальскай Дзяржавай абшарам 5 кв. кіломэтраў, а насельніцтвам 711 чалавек: 582 італьянцаў, 110 швайцараў, 8 французаў, 3 гішпанцаў, 2 галанцаў, 1 паляк, 1 немец, 1 бэльг, 1 аўстрыяк, 1 чэх, 1 норвэг, а беларуса ніводнага.

Цікава гэтая Дзяржава: як байковая з’ява на зямлі. Найпазнейшая яна, а адначасна — найстарэйшая, як старое само Хрысціянства.

Ня мае падаткаў, банкаў, фабрык і абшарнікаў, а лічыцца найбагацейшай, перавышаючай вартасцю сваёю ўсякую зямную цану; няма там ані гармат, ані газаў, ані танкаў, ані мільённага войска, а кожны ейны грамадзянін верыць бяз ценю сумніваў, што «сілы пякельныя не перамогуць яе».

На мейсцы тут будзе падаць змест мае гутаркі з адным з выдатных італьянцаў-каталікоў аб тым, якія матывы меў, падпісваючы канкардат, з аднэй стараны Мусаліні, адрадзіцель тэндэнцыяў палітычных старадаўнага Рыму з ягоным культам дзяржавы і цэзара, а з другое стараны — Папеж, які культ гэны зганіў, называючы паганскім.

Паводле інфармацыяў з сфэраў дэцыдуючых абодвых старон — казаў мой субяседнік-карэспандэнт — матывы гэныя ў агульных лініях наступныя:

З боку Мусаліні:

1. Інтарэсы палітыкі замежнай. Бо ж каталіцызм ёсць Касцёлам усясветным, а Рым — сталіца гэнага Касцёла. То ж зракацца магчымых карысцяў палітычных, звязаных з гэным фактам, было б вялікім бязглуздзем. З гэным вяжуцца так жа інтарэсы эканамічныя. Пры сёлетнім юбілеі, напрыклад, было ўжо ў Рыме 1 мільён 700 тысяч пільгрымаў, а з усяго відаць, што да канца году перацягне і 2 мільёны. Рахуючы на кожнага больш-менш 1 000 ліраў (500 зл.), атрымаем больш двух мільярдаў даходу з гэнай прычыны. Хто ж бы ўзгардзіў такою ўспамогай! Апрача таго — цікавая дробязь: хто хоча атрымаць 70-працэнтовую паваротную зніжку чыгункавую, павінен білет свой аштэмпаваць на… фашыстоўскай выстаўцы… Дык хто ж бы той выстаўкі ня зведаў?..

2. Інтарэсы палітыкі ўнутранай. Бо ж каталіцызм у Італіі — гэта магутная сіла. Змаганне з ім глынула б што найменш тры чэцверці фашыстоўскіх сіл, і то пры няпэўных выніках. Дык ці ня лепш было яго абмінуць?

3. Інтарэсы народна маральныя. Бо ж Мусаліні жадае адрадзіць магутную веліч Італіі. Для гэнай мэты імкнецца адрадзіць падставы маральныя і сілы многалікасці масы народнай. У абодвых кірунках знайдзе ў Касцеле Каталіцкім найпаважнейшага ды найпэўнейшага саюзніка.

З боку Ватыкану матывы падпісання канкардату наступныя:

1. Меркаванні чыста рэлігійнага характэру. Бо калі між фашызмам і каталіцызмам існуе змаганне за душы, то пераможа ў гэным змаганні бязсумніўна каталіцызм, бо фашызм ёсць творам людзкім, а каталіцызм — Божым, трываючым вечна. Тым часам Касцёл у канкардаце атрымаў прызнанне калі ня ўсіх, то прынамсі некаторых сваіх правоў, адваяваў належнае сабе мейсца ў школе, ва ўрадзе. Рэшту пакінуць трэба будучыні.

2. Мяркаванні палітычныя. Касцёл перасцерагаў каталікоў аб заганах фашызму, але мусіў лічыцца з фактам Мусалінавага дыктатарства, яго дзяржаўным главарствам. Канкардат падпісаны з Мусаліні не як з шэфам партыі, а як з шэфам італьянскага ўраду. А палітыка Папежа ёсць палітыкай канкардатаў, гэта значыць магчымага паразумення з усімі ўрадамі дзеля загварантавання поўных правоў рэлігіі каталіцкай у данай дзяржаве. Хто жадае вытварыць пагляд на палітыку Ватыкану, той павінен ведаць, што ня ёсць яна палітыкай сэзонавых концэпцыяў і гвалтоўнасцяў. Верная векавым традыцыям, яна разрахована на цэлыя вякі.

Мой Божа! Які ж — думаю — я шчаслівы, што на зары новых дзеяў ня толькі з’яўляюся сынам Найяснейшае Галавы тае выжэйшае палітыкі, але ось знаходжуся нават на шчыце ягонай магутнай «кароны» (на капуле Архібазылікі)… Як жа рвецца душа да таго айцоўскага сэрца, у якое Бог злажыў скарбы свае справядлівасці і любові і якое адзінае толькі сяння разумее і прыгартае духоўных дзяцей, учуваецца ў скаргі іхнія і бяздолле. Як хочацца скарэй паказаць балячкі свае і Бацькаўшчыны, выплакацца перад Ім, прасіць салодкае патолі для беднае, пакрыўджанае роднае старонкі!

Але трэба многа — аж тры дні — яшчэ чакаць на выклапатаную з трудом сваю чаргу аўдыэнцыі!.. Што ж, Ён — адзін, а — нас тысячы!..

Працяг будзе


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY