|
|
№
2(92)/2020
Год Яна Паўла ІІ
Спадчына
Проза
Прэзентацыя
Паэзія
Прэзентацыя
Мікола ГРАКАЎ
ДАНТАВА БЕАТРЫЧЭ Ў БАГДАНОВІЧАВЫМ ВЯНКУ, АБО ВАНДРОЎКА З АКСАНАЮ ДАНІЛЬЧЫК ТУДЫ, ДЗЕ СПЯВАЕ ЛЁД Пераклады
Проза
Нашы святыні
Мастацтва
|
Летнім вечарам 1164 года залатых спраў майстар Рогер з Хельмарсхаўзэна едзе вярхом у напрамку Браўншвайга. Ён вядзе за сабою на прывязі наўючанага каня. Жывёліна вязе дзве скрыні, якія вісяць у яе па абодвух баках. Груз замацаваны прывязнымі рамянямі на жываце і на спіне каня. Усё ясней вырысоўваюцца ў вячэрнім святле муры і вежы Браўншвайга. Мост праз раку Окер перад Высокаю брамаю не падняты, але гарадскія вароты ўжо зачыненыя. Жабракі-дзеці бадзяюцца перад горадам, бягуць услед за коннікам. Каб адчапіцца ад іх, ён кідае ў гурт акраец хлеба. Грукат капытаў па мосце будзіць вартавых. Адзін з іх глядзіць праз люк і пытаецца, чаго хоча коннік. Залатых спраў майстар высока ўзнімае ахоўную грамату. У цемры хоць і нельга разгледзець почырк, але ясна відаць пячатку герцага Генрыха Льва. Вароты са скрыпам адчыняюцца, але толькі крыху, роўна настолькі, каб праз шчыліну, чапляючыся, змог прайсці наўючаны конь. Горад мае двайную ахову: зноў вядзе мост праз глыбокія водныя равы да другой надбрамнай вежы — круглага каменнага будынка з зубцамі. Цяпер конніка суправаджае стражнік, які ідзе па мосце проста перад ім з ліхтаром са свечкаю, грукае дзвярным кольцам у закратаваныя вароты. Бразгаюць ланцугі. Падаючыя вароты адчыняюцца толькі на рост каня, так што коннік злазіць з яго. Зноў паказвае Рогер пячатку герцага. Стражнікі стаяць навыцяжку. Чацвёра з іх замацоўваюць свае мячы на паясах і суправаджаюць наведвальніка ў горад. Рогер вядзе свайго скакуна пад аброць. Наўючаны конь дробненька перабірае нагамі за ім. Цяпер у прыцемках праносяцца туды-сюды кажаны. З касцёла святога Міхала даносяцца малітоўныя спевы. Уюцца вулачкі старога горада. Дарога вядзе праз вузкія завулкі. Там, у хацінах, сцяна да сцяны туляцца людзі. Грукат малаткоў лудзільшчыкаў змешваецца з лаянкай.
Адзін са стражнікаў пракладвае Рогеру дарогу. Ён адсоўвае каляскі гандляроў, абыходзіць кучы нечыстотаў, пераскоквае праз лужыны, адпужвае пацукоў і час ад часу б’е вулічных дзевак. Ад касцёла святой Ульрыкі вядзе вуліца ў раён пад назвай Зак. Перад вачыма разгортваецца свабодная прастора. Адсюль дарога брукаваная; яна вядзе проста да тэрыторыі замка. У цэнтры горада зноў цячэ па рове рака Окер. Роў высокімі мурамі агароджвае рэзідэнцыю герцага. Вароты замка зачыненыя. На крык залатых спраў майстра ўпускаюць. Ён заходзіць у замкавы двор і бачыць шэраг шыкоўных будынкаў: вежы саборнага касцёла ўзвышаюцца над двухпавярховай капліцаю святых Георгія і Гертруды. У святле поўні цені надаюць гэтай карціне магічнае хараство. У дадатак да ўсяго перад яго вачыма паўстае замак Данквардэродэ з вялізнаю ахоўнаю вежаю; а фасад, які асвятляецца факеламі, выглядае, нібы імператарскі палац. Два збраяносцы знімаюць груз з наўючанага каня, кладуць скрыні на плечы і вядуць Рогера ў замак. У параднай зале, у акружэнні рыцараў і збраяносцаў, на ўпрыгожаным мядзведжымі шкурамі крэсле сядзіць герцаг Генрых Леў. Ён з асалодай назірае, як танцуюць з вэлюмам захутаныя ў лёгкія тканіны дзяўчаты з Усходу. Калі Вэльф1 бачыць залатых спраў майстра, ён пляскае ў далоні і праганяе танцоўшчыцаў. Ігра на арфе абрываецца. Герцаг і залатых спраў майстар ведаюць адзін аднаго на працягу многіх гадоў. Ужо ў час паходаў Генрыха ў Італію Рогер быў яго суправаджальнікам. У Рыме яны абодва хадзілі па касцёлах і палацах, дзівіліся на каменныя фігуры і бронзавых звяроў на плошчах. Асабліва ўразіла герцага ваўчыца каля Латэранскага палаца, якая корміць Ромула і Рэма, а таксама фігура Марка Аўрэлія на кані на Капіталійскім узгорку. Яшчэ ў Рыме герцаг Саксоніі вырашае: у Браўншвайгу перад замкам таксама павінна стаяць статуя — бронзавы леў. Залатых спраў майстру Рогеру загадваецца спачатку вырабіць мадэлі. Сёння ён паказвае вынік: ён дастае са скрыняў тры фігуры. Гэта зробленыя з воску ільвы: першы леў сядзіць, выцягнуўшы лапы наперад. Другі стаіць на задніх лапах, цягне тулава і галаву ўгору. Трэці стаіць на ўсіх чатырох лапах, поўны сілаў, падобны да драпежнага звера, з выцягнутым тулавам, нібы гатовы да скачка: вушы натапыраныя, грыва пышная, пашча раззяўленая гэтак, што бачныя зубы, нібы зараз пачуецца рык. А хвост з выцягнутым пэндзлікам выглядае, як сапраўдны. Генрых Леў ускоквае, пры гэтым вышытая золатам накідка саслізгвае з яго плячэй. Герцаг паказвае на мадэль і крычыць: «Гэта павінен быць гэты леў! Ён будзе сведчыць пра маю ўладу!» Манах Госвін, які стаіць за Генрыхам, мармыча ў бараду: «Сапраўды, Вэльф ведае, што такая статуя мае большы ўплыў, чым тысяча слоў». Залатых спраў майстар Рогер атрымлівае даручэнне: вырабіць гэтага — і толькі гэтага — льва з бронзы. Рогер ведае праблемы, якія пацягне адліўка. Пройдуць гады, перш чым работа будзе закончана. Ды і вопыту не хапае, бо на поўнач ад Альпаў няма такой статуі пад адкрытым небам. Але Рогер збірае звесткі, ездзіць паўсюль, прыязджае ў Магдэбург. Там ён спрабуе ўгаварыць звонавага майстра Вайсмута, які нядаўна адліў бронзавую пліту для магілы арцыбіскупа Фрыдрыха фон Веціна. Але Вайсмут адмаўляецца ўдзельнічаць у адліўцы бронзавага ільва ў Браўншвайгу. Нарэшце Рогер знаходзіць дапаможцу ў Хільдэсхайме. Звонавы майстар Раймбольд прапаноўвае свае паслугі. Тым часам Генрых Леў даў залатых спраў майстру Рогеру шмат правоў: яму не трэба кожны раз пытацца ў герцага, які часта падарожнічае і вядзе войны, дазволу вырубаць цэлыя лясы, здабываць руду, забіраць сабе зямлю і дамы. Яму таксама дазваляецца прыводзіць сялянаў з палёў, а ў выпадку непаслушэнства нават закоўваць іх у ланцугі.
На ўсход ад замкавага вострава ў гарадскім раёне Хаген, недалёка ад вадзянога млына, Рогер знаходзіць месца для ліцейнай майстэрні. Там будуюць склад для дроваў, брусаў, бэлькаў, кавальскіх мяхоў, пячной цэглы, пад’ёмных блокаў, драўляных рычагоў, кадзяў, тыгеляў, чанаў, медных зліткаў, волава і ўсяго, што яшчэ патрэбна. Ушчыльную каля яго выкопваюць яму для адліву і пячэй. Над ёю робяць дах з бакавымі сценамі, каб у час абпальвання і адліву ўсё заставалася сухім. З рудніка ў гары Рамэльсберг у Гарцы Рогер загадвае прывезці медзь. У Гослары ён знаходзіць вопытных печнікоў для выплаўкі. Звонавы майстар Раймбольд знайшоў у яме каля дарогі Больвег гліну, якую ён змешвае з каровіным гноем і пакідае выспяваць на працягу тыдняў. Тым часам ён у яме будуе для ільва каркас з жалезных распорак, наносіць на жалезны шкілет сумесь з гліны і каровінага гною і чакае, пакуль усё гэта высахне, как потым абпаліць. Гэты грубы касцяк залатых спраў майстар Рогер пакрывае слоем воску і лепіць з яго ільва: з пашчаю і грываю, з тулавам і лапамі і з усім, што мае быць. Яны працуюць рука ў руку: пасля зацвярдзення звонавы майстар Раймбольд наносіць на воск слой гліны — больш чым у чатыры пальцы таўшчынёю. Гліну зноў абпальваюць, пры гэтым воск плавіцца і выцякае з цела, і ў форме застаецца полая прастора. Цяпер прыйшоў час для адлівання. Дзве плавільныя печы стаяць над ямаю. У іх з дапамогаю кавальскіх мяхоў раздзімаюць пякельны агонь, пакуль бронза не пачынае кіпець. Адліванне хавае ў сабе небяспеку. Не кожная адліўка ўдаецца. Таму абат з касцёла святога Эгідзія чытае малітву, а потым узнімае рукі. Па яго благаслаўленні адчыняюць печы. Бронза цячэ ўніз у форму. Праз некалькі дзён, пасля таго як маса застыла і зацвярдзела, звонавы майстар Раймбольд знімае вонкавы слой гліны. Паступова, кавалак за кавалкам, становіцца бачным бронзавы леў. І вось ён, дасканалы па форме, стаіць на сваіх лапах — большы за быка. З краю ямы пазіраюць памочнікі, яны лікуюць і падкідваюць свае шапкі ўгору. Пасля ачысткі шчоткамі і паліроўкі фігуру пакрываюць золатам. Рогер загадвае пракапаць з ямы ўгору апарэль. Па гэтай нахіленай плоскасці фігуру на бярвёнах выцягваюць наверх. Па баках павозкі ідуць памочнікі. Яны падтрымліваюць статую, каб не дапусціць яе коўзання ці тым больш перакульвання. Цесляры ўмацоўваюць парэнчы на ўсходнім мосце праз замкавы роў, каб леў пры пераездзе не ўпаў у ваду. Чарапашым крокам павозка ўязджае ў замкавы двор. Неспадзявана вецер праганяе аблокі, і залаты леў адбівае сонечнае святло. На плошчы раптам запаноўвае зіхатлівы бляск. Тут устанавілі манумент з камяня, п’едэстал якога звужваецца ўверсе. На гэтым збудаванні, на вышыні дома, будзе стаяць леў: моцны, пільны і гатовы да скачка.
* * * Паводле запісаў храніста Альберта фон Штадэ (сярэдзіна XIII ст.), Генрых Леў загадаў зрабіць помнік ільву ў 1166 годзе. Адносна гэтай даты вядуцца спрэчкі. Магчымыя разыходжанні ў некалькі гадоў. Гербавая фігура Вэльфаў стала сімвалам Браўншвайга і яго гарадскім цэнтрам. Помнік вядомы ва ўсім свеце і прываблівае турыстаў. У 1943 годзе бронзавага ільва змясцілі ў гары Рамэльсберг, каб захаваць яго ад бомбаў. З 1980 года на плошчы Бургплац стаіць яго копія. Арыгінал захоўваецца ў замку Данквардэродэ.
Пераклад з нямецкай мовы Літаратура:
|
|
|