|
|
№
2(92)/2020
Год Яна Паўла ІІ
Спадчына
Проза
Прэзентацыя
Паэзія
Прэзентацыя
Мікола ГРАКАЎ
ДАНТАВА БЕАТРЫЧЭ Ў БАГДАНОВІЧАВЫМ ВЯНКУ, АБО ВАНДРОЎКА З АКСАНАЮ ДАНІЛЬЧЫК ТУДЫ, ДЗЕ СПЯВАЕ ЛЁД Пераклады
Проза
Нашы святыні
Мастацтва
|
Караль ВАЙТЫЛА
ЯН ПАВЕЛ ІІ
«НІШТО НАС НЕ ПАВІННА ПАЛОХАЦЬ...»З асабістых нататак «Я ўвесь у руках Божых»
Рэкалекцыі 31.VIII–3.IX.1964
1.ІХ. Біскуп удзельнічае ва ўладзе Хрыста. Важна тое, як гэтаю ўладаю карыстацца. Існуе спосаб, які сам Настаўнік вызначае як адпаведны для «валадароў гэтага свету»: валадарыць так, каб падданыя адчувалі іх уладу і яшчэ мусілі лічыць іх дабрадзеямі. «Але вы не так», — кажа Хрыстус. Адпаведны стыль улады у Касцёле павінен быць душпастырскі, што вельмі выразна падкрэсліваў Ян ХХІІІ. «Caritatem facientes in veritate» («Чынячы любоў у праўдзе»). Паміж праўдаю і любоўю павінна быць цесная повязь, як паміж Асобамі Найсвяцейшай Тройцы: veritas praecedit (праўда апярэджвае). Пра важнасць праўды ў жыцці і дзейнасці біскупа. Праўда моўленага слова, праўда меркавання пра іншых: audiatur et altera pars (трэба выслухаць таксама іншы бок). Праблема дарадчыкаў. (Вельмі цікавая думка: атэізм спараджае саўдзельнікаў; Божая любоў шукае братэрства.) На тэму любові: яна павінна быць паўсюднай, не можа быць месніцкай і не можа ствараць падзелаў. Далей: яна павінна быць службовай; службовасць, бадай, найбольш вызначае любоў. Урэшце: яна павінна быць прабачальнаю. Усяму гэтаму трэба вучыцца каля Сэрца Езуса праз Сэрца Марыі. <...>
2.ІХ. Пра святасць і любоў у кантэксце паклікання і жыцця св. Яна Евангеліста. Экзэгеза некаторых месцаў у яго Евангеллі, асабліва запэўніванне Збаўцы (любоў адкрываецца і гэтаю адкрытасцю запальвае іншых). Менавіта гэты агонь, гэты апостальскі запал найбольш важны. Ці запаліў я кагосьці? Шмат на тэму адносінаў да Эўхарыстыі: берагчы Яе з найвялікшым клопатам <...>, але таксама рабіць як мага больш даступнай. Любоў запальваецца каля Сэрца Пана Езуса і да Яго прыводзіць сябе і іншых. Святасць адкрытага сэрца. <...> 10. Цяпер у кантэксце св. Пятра, які быў недасканалы і лічыў сябе такім, «бо я чалавек грэшны». Кожны з нас таксама грэшны чалавек <...>. Пазбыцца «acceptatio personae propriae» («адабрэння ўласнай асобы») і так стаць перад Хрыстом Панам. Паколькі мы (біскупы) пакліканыя да большай любові, таму і грэх для нас з’яўляецца яшчэ большым цяжарам, бо найперш ён можа яшчэ больш «правальваць» увесь Касцёл, асабліва ўласную дыяцэзію. Таму тут абавязковая odium peccati (нянавісць да граху). Гэта таксама агонь: і тут трэба называць дабро дабром, а зло злом. Калі справа датычыць барацьбы з грахом у сабе і ў іншых, недастаткова толькі ганіць і знішчаць, але заўсёды трэба мець пазітыўныя ідэалы. Пытанне: якую маем карысць з нашай уласнай споведзі? Выбар адпаведнага спаведніка, неабавязкова аднаго, які ёсць нашым прабачаючым Хрыстом. Апроч таго, цаніць тых, хто нам робіць заўвагі. Прэч гнаць лісліўцаў. І не адчайвацца перад пераследамі, бо праз гэта ўваходзіць грэх. Пазбягаць нагодаў для граху. Не ўздымаць «шатанскіх» праблемаў (спакушэнне Пана Езуса: apage satanas — ідзі прэч, сатана). Дыскусія з шатанам магчымая тады, калі мы вельмі цесна з’яднаныя з Хрыстом і Маці Божай. А кожная перамога над шатанам павінна быць штуршком да тым большай пакоры і чуйнасці. Адносіны біскупа да грэшніка: адкрытае сэрца, прымаць прыніжэнні нават з вуснаў грэшнікаў, а калі будзе час — fortiter agere (дзейнічаць рашуча). І ўрэшце — верыць у перамогу Ласкі над грахом (ubi abundavit delictum, superabundavit gratia — дзе ўзмацніўся грэх, там яшчэ больш павялічылася ласка). Наша заданне: прывесці Ласку. Не здавацца ні перад якім грахом (delictum). Misericordia = summa christianitatis (міласэрнасць = сутнасць хрысціянства). <...>
3.ІХ. Вера. П. Езус жадае веры ў сябе, у сваю асобу (in Me veritas — ува Мне праўда), жадае моцнай веры (стойкай і пераможнай), без пярэчанняў — modicae fidei (малой веры). Вера паходзіць ад Айца (Pater revelavit — Айцец аб’явіў), яна — Божае святло і Божая праўда, прывітая ў нашым розуме. Прыклад веры: звеставанне Захарыю contra звеставанне Найсвяцейшай Марыі Панне (вельмі прыгожае разважанне). Колькі «цела і крыві» ёсць яшчэ ў нашай тэалагічнай цноце веры? Прыклад веры Маці Найсвяцейшай. Св. Грыньён дэ Манфор кажа: вера Маці Найсвяцейшай складзена ў св. Касцёле. Удзел у веры Марыі — гэта адзіны шлях перад небяспекаю, якая пагражае веры. Вера карыстаецца і павінна карыстацца паслугамі розуму, «разважаць і захоўваць Божую праўду ў сваім сэрцы». Гэта функцыя глыбіні: «ancilla» («слуга»). Прыгажосць веры Марыі на працягу ўсяго Яе жыцця (30 гадоў, Кальварыя, спасланне Духа Св.). Апосталы жывіліся гэтаю вераю Марыі. Таму і мы — каб у сваю чаргу жывіць іншых. З гэтаю мэтаю мы павінны быць «douloi» («нявольнікамі»). Ці ўсё ўва мне «жыве з веры»? Трэба верыць па-біскупску. Прыклад Св. Айца Паўла VI: як узнёсла ён гаворыць пра Маці Найсвяцейшую! Будаваць Касцёл дзякуючы ўніверсальнай веры і разам з тым з нашым, айчынным унёскам.
16. Канферэнцыя Св. Павел як узор хрысціянскай надзеі, але ж ён быў рымскім грамадзянінам. Інакш «Ancilla» (Virgo Marіa — Дзева Марыя), ніякіх людскіх сувязяў, ніякіх людскіх пунктаў апоры. І таму Яе надзея — самая цудоўная. На ўсіх этапах Яе жыцця. Пад крыжам і асабліва пазней: гэтаю сваёю надзеяй трымала Касцёл на самым пачатку. І гэта Яе надзея складзена ў св. Касцёле. У якой ступені мы ўдзельнічаем у надзеі Марыі? Касцёл у Польшчы знаходзіцца ў сітуацыі «ancilla», гэта значыць нявольніцы. Пан Бог дапускае гэта, каб праз гэта ўмацаваць нашу надзею. Stabat Mater — stabat episcopus sub Cruce Christi (Стаяла Маці — стаяў біскуп пад Крыжам Хрыста.) Ці жывем мы надзеяй? Ці абапіраемся, прынцыпова і выключна, на Божую ласку? У якім настроі вяртаюцца людзі пасля сустрэчы з намі? Калі стаяць, заражаныя аптымізмам біскупа, то мы выканалі служэнне надзеі. «Удзялі мне, Маці, сваю надзею, дазволь прасякнуць маё сэрца Тваёй надзеяй» (nostra conversatio in coelis est — наша прабыванне ў небе). Нішто нас не павінна палохаць: ані шатан, ані свет, ані грэх, калі ў нас ёсць моц Хрыста, гэтак, як у Марыі... А Божую любоў паводле ўзору Марыі сам Дух Св. разліваў у нашых сэрцах падчас гэтых рэкалекцый.
18–20.[VIII]1965, Тынец
19. VIII. <...> Сама надзея — гэта вельмі багатая і складаная цнота. Немагчыма ў гэту хвіліну рашыцца на яе ўсебаковы аналіз. Толькі некаторыя моманты. У надзеі ёсць штосьці ад веры і штосьці ад любові. У прынцыпе, яна з’яўляецца жаданнем таго, што нам прапануе Бог у Аб’яўленні і што мы разумова прымаем праз веру. Такім чынам, надзея — гэта жаданне, выбар самога Бога і цэлага свету звышнатуральных багаццяў. У гэтым ёсць пэўны персаналісцкі момант, надзея паварочвае нас да Бога як да мэты, надзея — гэта жаданне і нават прагненне «адвечных вышыняў». Але менавіта тут адкрываецца яе другі момант, які можна было б назваць «момантам сілы»: Ці спраўлюся? Адбываецца пэўная ацэнка ўласных сілаў з увагі на мэту. А пасля гэтай ацэнкі — давер: Бог сам дасць мне для гэтага сілы. «Deus adiuvabit» («Бог дапаможа»). Такім чынам, адносіны асобы да Асобы ў надзеі маюць як бы два моманты: па-першае, гатоўнасць хацець таго, чаго хоча сам Бог (праз гэты момант надзея вызваляе нас ад безыдэйнасці і бяссэнсіцы жыцця); па-другое, давер (праз гэты момант надзея вызваляе нас ад роспачы). Першы момант узнікае дзякуючы другому, але і vice versa. Праз цноту надзеі ў гэтых абодвух вызначальных момантах рэалізоўваецца якісьці істотны і неабходны элемент апраўдання чалавека перад Богам. Надзея — гэта такая пазіцыя чалавека адносна Бога (асобы адносна Асобы), у якой ён «справядлівы», г. зн. правільна настроены адносна таго, кім ёсць Бог. Гэта пазіцыя вынікае з Ласкі і разам з тым схіляе да яе. <...>
Цнота надзеі звернута да вечнага жыцця і адначасова да зямнога. Важна тое, што Бог, дапамагаючы нам асягнуць вечнасць у часовасці, разам з тым дапамагае нам рэалізоўваць у зямным жыцці свой план, скіраваны ў вечнасць. Сэнс толькі ў тым, каб гэты Ягоны план стаўся нашым. Надзея не прымае ані фікцыі, ані «заменаў», але затое яна пранікае ў розныя нашы часовыя заданні, за якія мы бярэмся па Божай волі. Без надзеі — без даверу Яму і веры, што Ён дапаможа, — гэта было б абсалютна немагчыма.
Рэкалекцыі епіскапату <...> 2. Канферэнцыя. Episcopus — imago Patris (Біскуп — вобраз Айца). Якім чынам рэалізоўваць гэты «вобраз»? Paura (боязь), prudenza (разважлівасць), pazienza (цярплівасць). Не прымаць рашэння без малітвы. Адпаведны сэнс дыялогу са святарамі. Дабрыня і рашучасць. Рэфлексія на палях: канфрантацыя айцоўства як каштоўнасці, якая прыходзіць звыш, ад Айца, з сучаснаю канцэпцыяй грамадскага жыцця, у якой як бы няма месца айцу. Гарачая малітва, каб насуперак гэтым абставінам рэалізоўваць айцоўства ў Касцёле, хоць, як сказаў рэкалекцыяніст, «святарства (а значыць і біскупства) будзе ўсё цяжэйшае» (Мальро).
3. Канферэнцыя. <...> Размовы са святарамі, якія ступілі на дарогу без выйсця — фармацыйныя размовы, скіраваныя на аднаўленне прэзбітэрату ў асобных святарах. Клопат пра святароў і іх душпастырства. Біскуп ведае, што пагражае сучасным святарам (неамадэрнізм, песімізм; «зямное жыццё не з’яўляецца найвышэйшаю каштоўнасцю» — словы а. Кольбэ). Недахоп малітвы, руціна, недахоп любові да вучобы — біскуп ведае, што святарам патрэбна еднасць, узаемная любоў, адкрытасць на свет (Ecclesia semper reformanda — Касцёл, які пастаянна рэфармуецца). <...>
4. Канферэнцыя. Episcopus — homo doloris (Біскуп — чалавек цярпення). Туга па небе, думкі пра смерць і вечнасць / не боймася смерці, але боймася адказнасці за жыццё / адказнасць «за сваіх авечак» /. Цярпенні біскупскага жыцця: falsi fratres (фальшывыя браты) і іншыя — неабходнасць у іх глыбокага даверу да Хрыста, цярпенне мае знак асаблівай кансэкрацыі, адсюль — вочы ўгору, «па-над перакладзінаю крыжа». Філасофію цярпення разумееш тады, калі прыходзіць усведамленне крохкасці жыцця і пакора. Трэба рыхтавацца да цярпення, не трапляючы ў цярпенне. Быць хрысціянінам і не хацець цярпець — гэта блюзнерства (Тэртуліян). Цярпенне набліжае [нас] да Бога больш поўна, больш хутка і больш рашуча. Яно — умова духоўнай сталасці. Просьба да Маці Касцёла, каб стаяць у цярпенні (Stabat Mater), а не падаць і захаваць «Magnificat».
3.ІХ. <...> 6. Канферэнцыя. Episcopus — vir orationis (Біскуп — чалавек малітвы). Св. Францішак Сальскі. Збаўленне бліжняга — гэта таксама частка твайго збаўлення. Найлепшы сродак дасягнуць дасканаласці — абвяшчаць Евангелле. Delectatio contemplationis (Радасць ад сузірання) [Евангелля] павінна ісці поруч з пастырскаю руплівасцю.
Эўхарыстычная і Марыйная пабожнасць. Трывалая і верная пабожнасць, нягледзячы на розныя заняткі і стомленасць. <...> Адчуванне блізкасці Пана Бога. Трэба вылучаць малітву праслаўлення і падзякі. Аддаваць усё на малітве. «Малітва — гэта дыялог з Богам, хоць мы часта ператвараем яе ў маналог. К’еркегор: маліцца азначае слухаць; чым больш малітва становіцца ўнутранаю справаю, тым менш у мяне словаў. Маці Касцёла, аддайма наша ўменне маліцца Той, якая трывала на малітве з Апосталамі ў Вячэрніку. <...>
4.ІХ. <...> 9. Канферэнцыя. (Пра імкненне да шчасця.) Закон гармоніі. Закон барацьбы. Закон развіцця. Гэтыя тры законы кіруюць імкненнем да шчасця. І тут трэба пастаянна разлічваць на Божую міласэрнасць, каб Божая ласка не была ўва мне марнаю. Феррары (італьянскі матэматык): «Хрысціянства можна лепш зразумець на каленях». Руплівасць і вялікі давер да Маці Божай. Даверыцца, асабліва ў хвіліны смутку і прыгнечанасці. Няма і не можа быць біскупа абсалютна спакойнага. Mihi vivere Xristos est et mori lucrum (Для мяне жыць — гэта Хрыстус, а памерці — гэта набытак.) На ўсіх гэтых шляхах, якія былі тут пазначаныя, біскуп выкоўвае сабе збаўленне. Ён ідзе да яго, ведучы да яго іншых. Радасцю, якая можа перапаўняць душу чалавека, з’яўляецца толькі Бог. Solus Deus (Толькі Бог). Адсюль таксама прыклад Марыі. <...> У гэты апошні дзень мне спадарожнічала асаблівае ўсведамленне Бога ў Яго асабістай трансцэндэнтнасці адносна створанага свету: усведамленне Створцы і Айца, які ёсць адным Богам з Сынам і Духам Святым. Разам з тым усведамленне незвычайнай іманентнасці гэтага Бога ў свеце, найперш у людскасці моцаю Адкуплення, здзейсненага Сынам, адкуль сыходзіць асвячэнне ў Духу Святым. Усведамленне Бога, які трымае гэты свет і пранікае яго. Марыя асаблівым чынам прысутная ў гэтай Таямніцы, надзвычай цесна з’яднаная з Адкупленнем і Асвячэннем, а праз гэта — з Касцёлам.
Пераклад з польскай мовы Крыстыны Лялько.
Гл. таксама:
|
|
|