|
|
№
2(92)/2020
Год Яна Паўла ІІ
Спадчына
Проза
Прэзентацыя
Паэзія
Прэзентацыя
Мікола ГРАКАЎ
ДАНТАВА БЕАТРЫЧЭ Ў БАГДАНОВІЧАВЫМ ВЯНКУ, АБО ВАНДРОЎКА З АКСАНАЮ ДАНІЛЬЧЫК ТУДЫ, ДЗЕ СПЯВАЕ ЛЁД Пераклады
Проза
Нашы святыні
Мастацтва
|
У багатай і часта драматычнай рэлігійнай гісторыі Беларусі захавалася нямала старонак, якія сведчаць пра імкненне да духоўнай еднасці нашага народа — еднасці, пры захаванні адрознасцяў, якая спрыяла фарміраванню і ўмацаванню нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў яшчэ ў далёкія часы, садзейнічала стварэнню культурных набыткаў нашымі продкамі, якія будавалі годны падмурак для нашчадкаў. У вірах і віхурах еўрапейскай гісторыі, амаль у цэнтры якіх заўсёды была Беларусь (называючыся па-рознаму ў тыя даўнія і нядаўнія вякі), шмат што з тых набыткаў было згублена, знішчана войнамі, зацярушана пылам забыцця. Аднавіць памяць, стрэсці гістарычны пыл з прыгожай старонкі мінулага Беларусі дапамагае краязнаўчае эсэ Валяр’яна Харкевіча «Жыровіцы — ласкаў крыніцы», напісанае на польскай мове і апублікаванае ў Слоніме ў 1930 годзе. Сёлета бачыцца асабліва актуальным гэта зрабіць, каб далучыцца такім чынам да святкавання разам з братамі праваслаўнымі велічнай юбілейнай даты: 550-годдзя аб’яўлення цудоўнага абраза Маці Божай Жыровіцкай, што адбылося, паводле легенды, у 1470 годзе, калі гэтыя мясціны належалі земскаму падскарбію Вялікага Княства Літоўскага Аляксандру Солтану. Яшчэ адна юбілейная дата кліча нас далучыцца да гэтага святкавання — сёлета таксама спаўняецца 290 гадоў з часу каранацыі абраза Маці Божай Жыровіцкай папскімі каронамі (1730 г.). Цяпер Жыровіцкі Успенскі манастыр з вялікім комплексам царкоўных будынкаў з’яўляецца адным з найвядомейшых праваслаўных санктуарыяў Беларусі, аднак у больш шырокім сэнсе ён з’яўляецца агульнанацыянальнай рэлігійнай і культурнай каштоўнасцю дзякуючы найперш цудоўнаму абразу Маці Божай Жыровіцкай (тыпу Замілавання), які ўшаноўваецца не толькі праваслаўнымі вернікамі Беларусі. У энцыклапедыі «Вялікае Княства Літоўскае» вядомы даследчык беларускіх абразоў, светлай памяці мастацтвазнаўца Аляксандр Ярашэвіч, напісаў, што жыровіцкі абраз Маці Божай, адна з хрысціянскіх святынь на Беларусі, ушаноўваецца Праваслаўнай і Грэка-каталіцкай цэрквамі як цудатворны1. Аб гэтым жа напісана таксама ў «Католической энциклопедии»2. Дзень памяці абраза Маці Божай Жыровіцкай — 7 мая. Для католікаў Беларусі абраз Маці Божай Жыровіцкай таксама дарагі: ён годна ўшаноўваўся, асабліва ў гістарычным мінулым, вернікамі абодвух, грэка-каталіцкага і рыма-каталіцкага абрадаў, прадстаўнікамі розных слаёў насельніцтва, у тым ліку каралямі і найбуйнейшымі магнатамі Краю, служылай шляхтай, сялянамі. У якім абрадзе ад пачатку ўшаноўваўся абраз, калі была пабудаваная першая драўляная, а потым, пасля пажару, каменная святыня, сёння цяжка сцвярджаць адназначна. Так, напрыклад, кампетэнтны даследчык рэлігійнага мастацтва, згаданы ўжо Аляксандр Ярашэвіч, сцвярджаў, што на месцы з’яўлення абраза «ўласнік Жыровіч падскарбі ВКЛ А. Солтан пабудаваў правасл.[аўную] царкву (драўляную)»3. Аднак у даступных сёння крыніцах мы не знайшлі дакладных сведчанняў аб веравызнанні Аляксандра Солтана: у энцыклапедыі «Вялікае Княства Літоўскае» яго веравызнанне аўтарам не ўказана, але згадваюцца факты, якія выклікаюць сумнеў у тым, што Солтан быў праваслаўным. Так, аўтар артыкула піша пра шматлікія вандроўкі літоўскага падскарбія па Еўропе, наведванне ім імператарскіх двароў (напрыклад, караля Неапаля і Сіцыліі Фердынанда І, партугальскага караля Альфонса V ды іншых), а таксама згадвае, што Солтан ад Рымскага Папы Паўла ІІ атрымаў ліст для паездкі ў Ерузалем4. Сведчыць гэта хутчэй пра тое, што Солтан захоўваў лучнасць з Рымам, будучы або католікам, або вернікам усходняга абраду, нягледзячы на царкоўны раскол у хрысціянстве, быў прыхільнікам рэлігійнай уніі. Да таго ж амаль за сто гадоў перад з’яўленнем у Жыровіцах цудоўнага абраза, у 1386 годзе, як вядома, была заключана палітычная унія Беларусі і Літвы з Польшчай, пачалася эпоха дынастыі Ягелонаў, а падскарбій літоўскі Аляксандр Солтан якраз ад Казіміра Ягелончыка атрымаў абшырную частку каралеўскіх зямельных уладанняў, куды ўваходзілі і Жыровіцы.
Як бы там ні было, але, паводле ўсіх і даўніх, і сучасных крыніцаў, асаблівы росквіт Жыровіцаў і культ абраза, услаўленага шматлікімі цудамі аздараўленняў, пачынаецца з першых дзесяцігоддзяў ХVІІ стагоддзя, калі ў святыню былі запрошаныя манахі базыліяне. Цудадзейныя Божыя ласкі ў Жыровіцах зрабілі святыню цэнтрам рэлігійнага жыцця нашага Краю, куды сцякаліся пілігрымы абодвух каталіцкіх абрадаў, а культ Маці Божай Жыровіцкай дасягнуў свайго апагею ў 1730 годзе, калі адбылася ўрачыстая каранацыя абраза прывезенымі з Рыма каронамі. З гэтага часу ролю Жыровіцаў для Беларусі параўноўваюць з роляю Чэнстаховы для Польшчы. Аднак часы мяняліся. Тэрыторыя Беларусі ўваходзіла ў склад розных дзяржаўных утварэнняў, перажывала войны і паўстанні, у тым ліку розныя падыходы ўладароў да святыняў. Можна сказаць, што лёс святыняў падзяляў лёс народа і Краю, перажываў заняпад і шукаў шляхоў адраджэння. Адметная ў гэтым сэнсе гісторыя Жыровіцаў і цудоўнага абраза Маці Божай Жыровіцкай, якая сёння сведчыць пра тое, як важна, захоўваючы адрознасць, ісці па шляху хрысціянскай еднасці. Жыровіцы былі прыкладам такой еднасці ў мінулым, што служыла развіццю нацыянальнай самасвядомасці і культуры, а са стратаю гэтай еднасці абумовіла іх запаволенасць і нават заняпад. Гэта вельмі важна ўсведамляць нам сёння, бо ў тыя даўнія часы рэлігійнае жыццё Беларусі было інтэгравана ў евангелізацыйны кантэкст Еўропы. Варта згадаць тут глыбокую думку, якую ў кнізе «Памяць і самасвядомасць» выказаў Святы Айцец Ян Павел ІІ: «У працэсе евангелізацыі Еўропы, які служыў пэўнай культурнай еднасці лацінскага свету на Захадзе, а візантыйскага — на Усходзе, Касцёл дзейнічаў так, каб захаваць крытэрыі, адпаведныя таму, што сёння мы называем інкультурацыяй, бо служыў развіццю айчыннай і нацыянальнай культураў. Таму добра, што ён абвясціў перш святога Бэнэдыкта, а пасля таксама святых Кірыла і Мятода апекунамі Еўропы. Касцёл звярнуў тым самым увагу ўсіх на вялікі працэс інкультурацыі, які адбыўся на працягу вякоў, і адначасова напомніў, што ён сам на еўрапейскім кантыненце павінен дыхаць „двума лёгкімі“. Зразумела, гэта метафара, але метафара шматзначная. Так, як здароваму арганізму патрэбны два лёгкія, каб правільна дыхаць, так таксама і Касцёлу, як духоўнаму арганізму, патрэбныя гэтыя дзве традыцыі, каб магчы ўсё больш поўна чэрпаць з багацця Аб’яўлення»5. Якая трапная метафара Святога Айца! І як жа дасканала гэтымі «двума лёгкімі» дыхала Беларусь у часы базыліянскага росквіту Жыровіцаў, арганічна спалучаючы ў сабе дзве традыцыі, спрыяючы працэсу інкультурацыі, фарміраванню нацыянальна-рэгіянальнай адметнасці Беларусі ў кантэксце еўрапейскай супольнасці!
Ярка і маляўніча, узнаўляючы шматлікія падрабязнасці, распавядае пра аб’яўленне цудоўнага абраза Маці Божай Жыровіцкай і пашырэнне яго культу ў сваім бліскучым гісторыка-краязнаўчым эсэ Валяр’ян Харкевіч (1890–1950). Паводле звестак, якія ўдалося знайсці, у тым ліку ў Вікіпедыі, гэта быў досыць вядомы ў міжваенным часе публіцыст, гісторык, паэт. Ён скончыў універсітэт імя Стэфана Баторыя ў Вільні, абараніўшы ў 1928 годзе дысертацыю па філасофіі. Глыбока зацікавіўся гісторыяй Вільні і Вялікага Княства Літоўскага, асабліва рэлігійным жыццём, гісторыяй і ўзаемадачыненнямі розных канфесій. Шмат увагі надаваў вывучэнню гісторыі уніі на Беларусі. У верасні 1939 года ўдзельнічаў у ваенных баталіях, быў узяты ў палон чырвонаармейцамі, знаходзіўся ў лагерах НКУС СССР у Казельску і Гразаўцы пад Волагдай. З восені 1941 года — у арміі генерала Андэрса. Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны жыў у Вялікабрытаніі. Памёр у Лондане. Несумненна, сярод яго працаў для беларускага чытача маюць значэнне публікацыі, прысвечаныя гісторыі уніі, Жыровіцам, такім асобам, як Канстанцін Астрожскі, Барбара Радзівіл, Андрэй Баболя, Плацыд Янкоўскі. Эсэ, прысвечанае Жыровіцам, дазваляе меркаваць, што Валяр’ян Харкевіч глядзеў на гісторыю Беларусі з польскіх пазіцый, быў польскім патрыётам. Аднак пры гэтым ён быў кампетэнтным гісторыкам і прытрымліваўся фактаў, таму яго кнігі важныя для нас, сённяшніх беларускіх чытачоў, і мы мусім быць удзячнымі аўтару за дасканалае веданне і майстэрскае апісанне рэалій, якія праліваюць святло на наша гістарычнае мінулае, на гісторыю рэлігійнага жыцця нашага Краю і ў пэўнай ступені дапамагаюць лепей зразумець сучасныя працэсы і праблемы інкультурацыі ў Беларусі. Адзначым таксама, што невыпадкова брашура была напісана і выдадзена ў 1930 годзе: гэта быў якраз 200-гадовы юбілей каранацыі Жыровіцкага абраза, слава якога на той час ужо прыцярушылася рознымі неспрыяльнымі абставінамі, і ўспомніць пра яе была добрая нагода. Валодаючы літаратурным талентам, гістарычным досведам і журналісцкімі навыкамі, Валяр’ян Харкевіч здолеў эмацыйна і вобразна, грунтуючыся на фактах, узнавіць слаўныя старонкі мінулага, падкрэсліўшы кантраст з той рэчаіснасцю, сведкам якой ён быў у міжваенным часе. Друкуючы на старонках «Нашай веры» эсэ Валяр’яна Харкевіча, спадзяемся, што чытач знойдзе ў ім шмат цікавых фактаў пра гісторыю аб’яўлення Жыровіцкага цудадзейнага абраза Маці Божай і пашырэння яго культу, пра рэлігійнае жыццё ў нашым Краі ў тыя далёкія стагоддзі, адчуе рэха бітваў нашых мужных продкаў, моц іх веры і годнасць, уласцівую ўсім — ад каралёў да сялянаў, адчуе адзінства і салідарнасць народа, дух веры, які яднаў народ і гартаваў у змаганнях. Магчыма, хтосьці задасць сабе і сёння пытанні, якія задаваў у 1930 годзе Валяр’ян Харкевіч, слухаючы, аб чым шумяць жыровіцкія дрэвы над маляўнічай Шчарай. Дадамо, што аўтар далучыў да асноўнага зместу брашуры тэксты практычнага характару: акты, якія прамаўляліся вернікамі падчас кантэмпляцыі, малітвы, дзве папулярныя ў тыя часы песні з нотамі («Песня аб Найсвяцейшай Панне Жыровіцкай» і «Песня аб камені Найсвяцейшай Панны Марыі Жыровіцкай»), пералік «некаторых цудаў, што адбыліся ў Жыровіцах з невычэрпнай ласкі Найсвяцейшай Марыі Панны» (паводле запісаў кс. Тэадора Баравіка ў 1580–1628 гг.; паводле запісаў Язафата Дубянецкага ў 1651–1652 гг.; паводле запісаў кс. Тэафіля Янткевіча ў 1730 г.). Падсумоўваючы апісанні цудаў, аўтар падкрэслівае: «Падаючы прыклады цудаў, якія ў розны час адбыліся ў Жыровіцах, мусім зазначыць, што агульная колькасць цудаў, пацверджаных і зафіксаваных запісамі кс. Баравіка, Дубянецкага і Янткевіча, складае 384 выпадкі; найбольш цудаў адбывалася ў 1651 г., а менавіта — 87. Зафіксаваныя запісамі цуды мелі месца толькі ў 1580–1628 гг., у 1651–1652 гг., а таксама ў часе каранацыйнай актавы, але гэта толькі малая частка цудаў, якія фактычна адбыліся. У расійскіх крыніцах з ХІХ ст. згадваецца, што ў архіве Жыровіцкага кляштара захоўваліся чатыры вялізныя тамы, у якіх былі пацверджаныя сведкамі апісанні ўсіх цудаў, што адбыліся ў Жыровіцах у базыліянскія часы. Ці існуюць цяпер гэтыя кнігі, невядома, паколькі архіў кляштара недаступны для асобаў пастаронніх. У ХІХ ст. і ў апошні час ніякіх цудаў у Жыровіцах не было, ва ўсялякім разе няма аб гэтым ані сведчанняў, ані пэўнай вуснай традыцыі»6. Завяршае працу Валяр’яна Харкевіча «Жыровіцкая бібліяграфія», якая ўключае шматлікія крыніцы на розных мовах і сведчыць пра грунтоўнае веданне прадмета гаворкі аўтарам. Бібліяграфія ўражвае багаццем і паўнатою: на лацінскай мове пададзена 11 крыніцаў, на польскай мове — 28, на італьянскай мове — 7, на ўкраінскай — 5, на расійскай — 13 крыніцаў. Такім чынам, дасведчанасць аўтара ў прадмеце гаворкі не выклікае сумненняў. Выправімся ж і мы ў гістарычнае падарожжа ў Жыровіцы да цудатворнага абраза Найсвяцейшай Панны Марыі, даверыўшыся кампетэнтнаму правадніку — аўтару брашуры, якую мы палічылі вартай увагі чытачоў «Нашай веры» і якую прадстаўляем у перакладзе на беларускую мову, зробленым з асобніка, што належаў кс. Адаму Станкевічу, аб чым сведчыць штамп на тытуле кніжкі (цяпер яна захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі).
Выказваем падзяку шаноўнаму даследчыку Сяргею Чыгрыну за дапамогу ў пошуку біяграфічных звестак пра Валяр’яна Харкевіча.
Гл. таксама:
|
|
|