Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(92)/2020
Год Яна Паўла ІІ
Крыстына ЛЯЛЬКО
СЛУЖЭННЕ НАДЗЕІ
Спадчына

ЖЫРОВІЦЫ — ЛАСКАЎ КРЫНІЦЫ...

ШЛЯХАМ ДЗІВАЎ І ЎРАЖАННЯЎ
Проза

«...УСЕ БАЧЫЛІ НЯСТАЧУ ВІНА...»
Прэзентацыя
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Прэзентацыя
Пераклады
Проза

«ПАДЫМІ МЯНЕ Ў СВЕТЛЫ АБШАР...»
Нашы святыні
Мастацтва

КРЫВІЧЫ І ВАКОЛІЦЫ

Аркадзь ШПУНТ

КРЫВІЧЫ І ВАКОЛІЦЫ

«Культура — гэта тое, што застаецца,
калі ўсё астатняе забыта».

Эдуард Эррыа

Патэлефанаваў ксёндз Ігар Лашук і сказаў: «Слухай, Аркадзь, я табе зараз прывязу карціны. Выкідалі, а я падабраў... ажно тры. Ты ж ведаеш...»

Я — ведаю. Мы знаёмыя ўжо гадоў трыццаць. Памятаю айца Ігара хударлявым юнаком, які толькі што прыняў святарства. Сёння ўжо злёгку ссівелы, распаўнелы ксёндз, які, зрэшты, не страціў сваёй жывасці і рухавасці, знешне мала нагадвае таго юнака, аднак вока яго па-ранейшаму загараецца, калі справа датычыць старога жывапісу, калі ён спадзяецца, што яму пакажуць штосьці прыгожае. Дзесьці на гарышчах праваслаўных храмаў заваляліся ўніяцкія і каталіцкія карціны, дзесьці католікі пазбаўляюцца ад састарэлых, не прыдатных для набажэнстваў і інтэр’ера рэчаў — ксёндз Ігар тут як тут. Ён умее пераканаць, спрытна ўгаварыць, часам змусіць — і яму аддаюць. Магчыма, пазбаўляючыся ад адказнасці за захаванне, магчыма, давяраючы ксяндзу, бо ведаюць, што Лашук адрэстаўруе і захавае. І гэта яго захапленне, хобі, страсць (як ні назаві) выратавала ад знішчэння нямала твораў старога сакральнага мастацтва, а кожны ацалелы твор дае магчымасць пашырыць нашы ўяўленні аб гісторыі мастацтва Беларусі. Гісторыі, шчыра кажучы, мала даследаванай і маладакладнай, як высвятляецца з раскрыццём кожнага новага ў навуковым ужытку твора старога жывапісу.

«Прывёз, — сказаў ён. — Яны — у бусе. Пластом на падлозе... Як прынесці?»

* * *

...Кожнае палатно мы па чарзе клалі на ліст картону і паднімалі на пяты паверх у майстэрню. Добра, што дом 50-х гадоў — лесвіцы тады рабілі шырокія.

Прынеслі. Паклалі на падлозе. Гаварыць можна было толькі пра іх стан, але ніяк не пра стан захаванасці, якой па сутнасці проста не было, таму і жывапіс ацаніць таксама было немагчыма. Было штосьці ўшчэнт састарэлае, падзёртае, змятае, месцамі струхлелае. Па-варварску перамаляваныя палотны. Вялікафарматныя. Можна было толькі здзівіцца непрыхаванай «распушчанасці» колераў, якімі карціны былі паноўленыя, мяркуючы па ўсім, нядаўна. «Падумаў — зараз прывязу, зірнеш, — гаварыў, быццам выбачаўся, ксёндз, узмокшы ў сваёй чорнай сутане ў чэрвеньскай гарачыні, у клопаце аб палотнах. — Бо ўжо ж не раз з драных анучаў і смецця выходзілі ў нас добрыя карціны... Ты ж ведаеш...»

Я — ведаю. І зноў з горыччу думаю пра адсутнасць належнага ўліку нашай спадчыны ў дзяржаўным маштабе і пра «ахову помнікаў культуры», якая нічога не ахоўвае, хоць пра гэта і абвяшчаюць шыльды на старых сценах. Думаю пра клопат аб гэтым усяго аднаго чалавека, які здольны і выратаваць, і вярнуць у культурную скарбонку нацыі тое, што згінула б бясследна, калі б ён, гэты адзін чалавек, не апынуўся б у патрэбны час на патрэбным месцы...

* * *

Для працы я выбраў карціну, аснова якой падалася мне найбольш моцнаю: сшыўное палатно, нарошчаныя пругі, якія змянілі першапачатковы памер і цыркульнае завершанне, ператварыўшы яго ў прамавугольнае. Гэта было «Беззаганнае Зачацце Дзевы Марыі» («Immaculate conseption») памерам 195×1,20; алей, запіс.

Святая Марыя на гэтым палатне паказаная не кволаю Дзяўчынаю, а ў росквіце сілаў. У доўгай белай сукенцы і блакітным плашчы, Яна лунае ў промнях сонца на захадзе. Рукі разведзеныя, як на будапешцкай карціне Сурбарана (1661 г.). Пад нагамі — серп маладзіка і змей з яблыкам у пашчы. Над галавою — херубімы ў закатным ззянні нябёсаў, а каля ног — анёлкі-пуцці з кветкамі і люстэркам («Люстра справядлівасці, маліся за нас!»). Анёлкі, напісаныя ў стылі пейзажных ідылій прыдворных мастакоў ракако, здаюцца не вельмі дарэчнымі... хаця гэта, магчыма, сапраўды толькі здаецца пад аляпаватым запісам. Запісана ўсё жахліва, але па нязначных не замаляваных фрагментах цьмяна ўгадваецца пэндзаль мастака XVIII стагоддзя...

У распачатых папярэдніх даследаваннях мяне турбаваў не столькі колер як рэчыва-звязка фарбаванага слою, якое не паддавалася растваральнікам. Гэта была нейкая эмульсійная тэмпера, але, на шчасце, невысокай якасці. Тым не менш запіс месцамі быў больш трывалым, чым аўтарскі жывапіс, асабліва зроблены сіняю фарбаю, магчыма, з дапамогаю той сінькі, якую ў савецкія часы мела ў запасе кожная дбайная гаспадыня. Сінька — гэта часцей за ўсё крухмал, у які дадаецца мінеральная фарба, пераважна з ультрамарынам, анілінавымі фарбавальнікамі, індыгакармінам, парыжскай сінню і берлінскім лазуркам. Гэта парашок або спрасаваныя таблеткі для хуткага ўзмацнення колеру белай або блакітнай пасцельнай бялізны з натуральных тканінаў. Падобна, што менавіта сінькаю быў запісаны блакітны плашч Дзевы Марыі...

Пачатак рэстаўрацыйных працаў над другім палатном з Крывічоў.

...Згадваюцца словы Ю. Лотмана («Структура мастацкага тэксту»), якія пасуюць, на маю думку, да гэтага выпадку: усе віды разбурэнняў — гэта шум у канале сувязі. Усялякі канал сувязі (ад тэлефоннага проваду да шматвяковай адлегласці паміж Шэкспірам і намі) насычаны шумам, які знішчае інфармацыю. Калі аб’ём шуму роўны аб’ёму інфармацыі, паведамленне будзе роўным нулю. Трухленне на паддашках, заседжаных птушкамі, марнаванне ў падвалах зачыненых храмаў, скажэнне арыгінальнага жывапісу «сонным пэндзлем», адсутнасць знішчаных або скрадзеных твораў — гэта шум у канале сувязі, і ён не меншы, чым «заглушэнне голасу акустычнымі перашкодамі, гібель кніг ад механічнага псавання, дэфармацыя структуры аўтарскага тэксту ад умяшальніцтва цэнзара».

Вывучаючы захаванасць жывапісу, рэстаўратар па сутнасці пагружаецца ў хаос наслаенняў, правальваецца ў прарэхі разрываў палатна, блукае-губляецца ў цяснінах кракелюраў фарбаванага слою, дранцвее над струнамі адслоенага жывапісу, акунаецца ў шум перашкодаў і ўспамінае... як ручная настройка радыёпрыёмніка скрозь шыпенне і адчуванне пустога космасу выводзіла да яркай зоркі эфіру — да непаўторнага тэмбру глухаватага барытону Сяргея Даўлатава. Слухаючы «Радыё Свабода», я адрэстаўраваў не адну ікону са збору Дзяржаўнага музея БССР, але не аб гэтым цяпер гаворка... а аб тым, што аналіз вынікаў хіміка-фізічных даследаванняў, зандажы фарбаваных слаёў, стратэгічнае расчляненне і пробныя расчысткі дазваляюць ператварыць інфармацыйны шум у інфармацыю і ўрэшце прывядуць да ведаў аб тым, як змянялася карціна ад часу яе стварэння да таго моманту, калі яна, з усімі фарбаванымі слаямі, зробленымі адзін на адзін, аказалася распнутаю на рабочым падрамніку ў майстэрні рэстаўратара.

...Ужо былі ўмацаваныя фарбавыя слаі, ужо былі зроблены зандажы і пробныя расчысткі, якія дазвалялі меркаваць, што пад запісам быў жывапіс, варты ўвагі і рэстаўрацыі, але думка пра тое, што наслаенні закрываюць твор вядомага майстра, у галаву не прыходзіла: звычка бачыць у графе музейнага каталогу «аўтар — невядомы мастак» не пакідала месца надзеі.

Аднак, чым больш жывеш, тым больш пераконваешся, што ўдалыя супадзенні і выпадкі магчымыя, хоць аповеды пра іх часам здаюцца штучнымі, надуманымі. Тым не менш усё адбывалася так, што сапраўды можна было сказаць гэтак, як сказаў тады ксёндз Ігар: «Няйнакш Бог стаяў над намі і чуў нас».

...Калі ўжо было раскрыта дастаткова, каб пераканацца ў якасці жывапісу, ксёндз Ігар запытаўся ў мяне, дзе можна знайсці талковага мастацтвазнаўцу, і я параіў яму запрасіць яго з Польшчы, бо ў бліжэйшым асяродку не было знаўцаў станковага жывапісу крывіцкага касцёла. І Бог, няйнакш, зноў пачуў нас: нібы па распараджэнні аднекуль звыш з Польшчы сама сабою з’явілася мастацтвазнаўца. Гэта была Міраслава Сабчыньска-Шчэпаньска, аўтарка кнігі «Архітэктура трынітарыяў на землях даўняй Рэчы Паспалітай» (на польскай мове, вядома ж), якая апынулася ў Крывічах, таму што 5 красавіка 1770 года іх тагачасныя ўладальнікі Андрэй Укольскі, падкаморый трокскі, і яго жонка Тэрэза з роду Войнаў выдалі фундуш на будаўніцтва касцёла і кляштара манахам з ордэну трынітарыяў. Тады ў Крывічах, заснаваных у 1493 г. на беразе Сэрвачы, было 55 двароў і жыло ў іх 485 душаў абодвух полаў. У XV ст. гэта было «гняздо роду Кішкаў»; апошні з роду, Януш Кішка, ваявода полацкі, гетман ВКЛ, памёр у Крывічах у 1653 г., не пакінуўшы нашчадкаў...

Будаўніцтва касцёла пад тытулам святога Андрэя Апостала манахі завяршылі ў 1777 годзе, а ў 1796-м касцёл стаў парафіяльным і пры яго кляштары была невялікая школа.

Трэцяе палатно з Крывічоў чакае сваёй чаргі на рэстаўрацыю.

* * *

Што ўбачыла ў Крывічах пані Міраслава, якая прыехала сюды ў лютым 2020 года? Могілкі польскіх салдатаў з надпісам на абеліску: «Bohaterskim obrońcom Ojczyzny 1918–1920», габрэйскія могілкі, помнік ахвярам фашызму? Магчыма, падумала: Рэч Паспалітая, Расійская імперыя, другая Рэч Паспалітая, «крэсы всходне», Рыжская мірная дамова, «тутэйшыя»... вуліца «17 верасня», названая ў памяць пра двухтыднёвы паход Чырвонай арміі... Пасля 17 верасня 1939 года ў Заходняй Беларусі з’явілася новае летазлічэнне: «за польскім часам»...

Касцёл, пабудаваны манахамі трынітарыямі ў 1796 г., знаходзіцца якраз на вуліцы «17 верасня», і гэта на яе бруку пры саветах вернікі клаліся пад колы цяжкіх машынаў, каб не даць разбурыць сваю святыню...

Між тым усё адпавядала апісанням: аднанававая базыліка з квадратнаю апсідаю і вежаю- званіцаю над галоўным фасадам; нава, як і напісана ў «Зборы помнікаў...», перакрывае цыліндрычнае скляпенне з распалубкамі, падзеленае на тры травеі шырокімі падпружнымі аркамі. Багата ўпрыгожаны галоўны алтар і скульптурная кампазіцыя, і глыбокія нішы бакавых сценаў з шасцю алтарамі, і амбона ў залачонай разьбе, і рэліквіі Андрэя Баболі — усё на месцы. Больш за тое: жывапіс у інтэр’еры касцёла, пра які не згадваецца ні ў якіх апісаннях і спісах гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, падаўся знаёмым...

Пані Міраслава адолела не блізкі шлях з Катавіцаў у Крывічы і ўбачыла тое, пра што нікому невядома ў Беларусі: у касцёле мястэчка Крывічы Мядзельскага раёна Мінскай вобласці працу пэндзля Юзафа Прэхтля.

Справа ў тым, што пані Міраслава, займаючыся мастацтвам манахаў ордэну трынітарыяў, напісала артыкул «Malarz Józef Prechtl. Przyczynek do monografii artysty» («Мастак Юзаф Прэхтль. Дадатак да манаграфіі жывапісца»). Яна азнаёмілася з мноствам твораў майстра, але пра карціны ў Крывічах не ведала. Пробашч касцёла сказаў ёй, што не ўсе карціны на месцы. Тры ён аддаў ксяндзу Лашуку, бо састарэласць палотнаў і аляпаваты запіс далёка не ўпрыгожвалі інтэр’ер. Гэтая сітуацыя і звяла нас разам, і тады я даведаўся, што на маім рабочым стале апынуўся твор Юзафа Прэхтля — свецкага брата манахаў ордэну трынітарыяў, вядомага мастака, творчасцю якога ў 1787 г. у Браілаў спецыяльна прыязджаў палюбавацца кароль Станіслаў Аўгуст... А манахі, якія займалі двухпавярховы будынак, прылеглы да касцёла з паўднёвага ўсходу, былі выгнаныя з Крывічоў у 1832 г. па загадзе рускага цара... У іх былі белыя габіты з чырвона-сінім крыжам на грудзях... «Gloria Tibi Tritas et captivis libertas»… Аднак жа карціны захаваліся.

...Пані Міраслава гаварыла са мною па-руску без акцэнту, хіба што занадта хутка, але з чароўнай, уласцівай полькам інтанацыяй, якая змушае паверыць, што «нет на свете царицы краше польской девицы», нават калі вызначыць узрост «девицы» цяжка, бо невысокая, стройная, нібы падлетак... такі верабейка. Аднак «верабейка» дакладна надзяляла імёнамі і назвамі ўсе творы, пакуль мы сядзелі побач за маніторам ноўтбука, звяраючы яе карцінкі з раскрытымі фрагментамі на маім рабочым стале. А што можа быць мілейшым для рэстаўратара, які шукае шлях да арыгінала, пераадольваючы «шум на канале сувязі»? Той, хто дапамагае гэта рабіць...

* * *

Звесткі пра Юзафа (Ёгана) Прэхтля ёсць і ў Вікіпедыі. Нарадзіўся ён 13 лютага 1737 года ў Відэні (Вена). Памёр 17 чэрвеня 1799 года ў Браілаве. Аўстрыйскі манах трынітарый на ўкраінскіх землях Рэчы Паспалітай. Манаства прыняў у 1757 годзе ў Берастэчку. Мастак манументаліст. Працаваў у тэхніцы «secco». Яго творы вядомыя ў Браілаве, Камянцы-Падольскім, Берастэчку, Станіславове, на Валыні (палац Чапскіх)...

Кандыдат гістарычных навук І. Цыбароўская-Рымаровіч (Украіна) у даследаванні фондаў у Берастэчку піша, што сярод імёнаў вядомых дзеячаў Польскай правінцыі ордэну згадваецца «відомий художник Юзеф від св. Терези Прехтль» і падае іншыя даты яго жыцця — 1734–1799 (І. О. Ціборовська-Рімаровіч, «Бібліотека Берестецкого монастыря ордена трінотаріев: історічна доля та стан дасліженості фонду»).

Наталля Урсу, прафесар, доктар мастацтвазнаўства Камянец-Падольскага Нацыянальнага ўніверсітэта імя Івана Огіента, у артыкуле «Малярська діяльність Тринитарського ченця Йосифа від св. Терези» гаворыць, што мастак быў вядомым майстрам у свае 24 гады (N. Ursu, Artistic Activiti of Trinity Monk Josif from St. Teresa, British Journal of Sciense, Education and Culture, # 1 (5) 2014). Яна ж піша, што скупыя звесткі пра «таемнічого» мастака змешчаны ў Слоўніку польскіх мастакоў, скульптараў і графікаў (3, с. 152), выдадзеным Інстытутам мастацтваў Польскай акадэміі навук у Варшаве. Яна апавядае, што майстар здзіўляў сваім талентам, адвагаю і цярплівасцю ў цяжкай падрыхтоўчай працы, распісваючы (часам, лежачы на спіне) скляпенні агромністых касцёлаў, і шкадуе, што таямнічая асоба трынітарскага манаха Іосіфа ва Украіне да гэтага часу заставалася па-за ўвагаю мастацтвазнаўцаў і гісторыкаў.

Магчыма, Міраслава Сабчыньска-Шчэпаньска раскрые таямніцы «таемничого» мастака. Паводле яе матэрыялаў, Юзаф Прэхтль — сын скульптара. У 1749–1754 гадах ён вучыўся ў Венскай акадэміі, куды быў залічаны ў свае 12 гадоў. Яго настаўнікам быў Якаб ван Шуппен — аўстрыйскі прыдворны мастак галандскага паходжання. У манаскі ордэн Прэхтль уступіў у 17 гадоў, у 1754 годзе. З 1780 года жыў у Браілаве. У апошнія гады жыцця пакутаваў ад хваробы вачэй. Памёр у 62 гады...

На жаль, пра беларускія даследаванні мастацтвазнаўцаў на гэтую тэму гаварыць не выпадае...

* * *

Мясцовыя жыхары не здзівіліся манахам з чырвона-сінімі крыжамі на вопратцы. Іншаземныя прышэльцы не парушылі жыцця мястэчка Крывічы з яго звыклымі сялянскімі клопатамі. Зрэшты Беларусь спакон вякоў была звязаная з Еўропаю праз існаванне на яе землях розных манаскіх ордэнаў. Недалёка ад Крывічоў знаходзіцца і Будслаў — даўні прыстанак бэрнардынаў, таму мастацтва еўрапейскага ўзроўню ў якой-небудзь закінутай вёсцы не здаецца дзіўным.

Зразумела, калі гаворка ідзе пра манументальны роспіс, мы гаворым пра мастака, няхай сабе і невядомага, але які працаваў сярод гэтых сценаў і скляпенняў. Іншая справа, калі мы бачым у храмах гэтак званыя рухомыя мастацкія творы і разумеем, што іх аўтарам мог быць і чужаземец. Юзаф Прэхтль ніколі не быў у Крывічах, а яго творы, хутчэй за ўсё, былі прывезеныя сюды з Еўропы, дзе ў той час зачыняліся кляштары. Дык ці беларуская гэта гісторыя — гісторыя карцін Юзафа Прэхтля? І ўсё ж карціна мастака ляжыць на рабочым стале рэстаўратара, і яе гісторыя працягваецца, бо выдаляецца чужы запіс і раскрываецца сапраўдны аўтарскі жывапіс, і... аўтарка экскурсіі «Мае Крывічы і іх ваколіцы», вучаніца VI класа «Крывіцкага навучальна-педагагічнага комплексу сад-сярэдняя школа» Кацярына Дзевялтоўская, цяпер дапоўніць сваю экскурсію паведамленнем пра тое, што іх мясцовы касцёл можа называцца захавальнікам твораў, вартых экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, таму што іх творца — вядомы ў Еўропе мастак, свецкі брат манаскага ордэну трынітарыяў, аўстрыец Юзаф Прэхтль.

Фота Мікалая Новікава.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY